№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Мойшэ Кульбак

Дуда (א דודע)

Песня-жальба з старой Беларусі

Пераклад з ідыша Сяргей Шупа
Ду-ду-ду-ду
ду-ду
ду-ду-ду-ду
ду-ду
 
1
Доля
 
Гэй, зайграю я бедную долю маю на дудзе,
ду-ду-ду...
застагну разам з стогнам савіным з бурага лесу
і ўздыхну разам з уздыхам,
як буслоў чарада, што ляціць да зялёнага мора…
Ой, якія карчы не ветры вырвалі буйныя?
— Зубы ў роце маім.
А што зрабілася белым нябеленае?
— Мае кудлатыя валасы.
А якая доўгая рыба засталася без рэчкі?
— Я, дудар беларускі…
Ду-ду-ду-ду.
 
 
2
Крумкач
 
На ўскрайку лесу мне сустрэўся крумкач — белы, як снег.
Чаго стаяў ён на ўскрайку і глядзеў на мяне?
Ці ён збялеў ад пакутаў, той змрочны крумкач,
ці ён пасланы выведваць, мо пакінулі нас багі?
Ты ўслухайся… услухайся…
Чаго так кліча зязюля шэрая ў лесе?!
О, Міхайла, Міхайла…
Не кліча яна, шэранькая, а прадказвае яна:
— Загіне род стары беларусаў: не застанецца ад іх ні чалавечка,
ні каменя з хаты, ні ў полі карча…
ду-ду-ду-ду.
 
 
3
Вялля
 
Я ляжаў ля Вяллі. Яна, матуля, піла месячнае святло.
Я выглянуў і спытаўся ў яе:
Ці не будзе Бялун гневацца на нас?..
Ой, ужо не сядзіць сярод зораў Бялун
і не плыве ўжо ў нябёсах,
як шчупак серабрысты, як лін залаты…
Ду — дык з чым жа мы засталіся? — ду-ду-ду.
Мы засталіся з вядром, што няможна ім чэрпаць,
з лапатаю, што няможна капаць,
з вадой, якую не перайсці…
Гэй, ду-ду-ду-ду.
 
 
4
Бароды
 
Езус казаў абстрыгчы кудлатыя каркі,
ду-ду-ду-ду.
Езус казаў падстрыгчы даўгія бароды,
а я, ой бяда, ледзь выпеставаў пад губой
трынаццаць слабых валасін,
бо чалавек з барадой выглядае мудрэйшым…
А вы, беларусы старыя, вы, самавітыя,
вы, абадраныя пеўні, скошаныя палі,
прыгледзьцеся да багоў.
Вось, Бялун прыкрыўся святлістаю барадой,
і нават сам Езус носіць бародку бялявую…
Ду-ду-ду-ду.
 
 
5
Панцялей, Амяллян і Ціт…
 
Чаму маўчыць на сходзе Панцялей з Крывічоў?
Ён грэе за печчу даўгую рудую сваю бараду …
А чаму маўчыць Амяллян цыбаты з Кабыльніка?
Стаяць поўныя да краёў круглыя борці ягоныя,
і козы прыносяць яму прыплод сем разоў сем…
А ты, Ціт з Лугавой, ты, гуляка,
што з цяжкога вядра п’еш на вяселлях гарэлку
а дуда твая вые, вые, як воўк
— Ой, хай абвесцяць у краі — Бялун адышоў,
з торбаю на плячах
і з бярозавым кіем у руцэ…
Ду-ду-ду-ду.
 
 
6
Ператварэнне
 
На палях жаляцца курганы, на гарах — магілы князёў,
у альховых лясочках аплакваюць лёс Беларусі
згорбленыя цені продкаў…
Ду-ду-ду-ду.
Ой, сам сабе я выкапаю магілу ля Вяллі
і гляк з гарэлкай пакладу сабе пад галаву;
касу — з правага боку,
дуду — з левага боку,
і, як мужык, што зрабіўся буслом,
і Алеська, што стала савой,
я таксама хачу абярнуцца ў шэры камень.
Гэй, ду-ду-ду-ду.
 
 
7
Езус
 
Ён хадзіў паўз палі, бог ерусалімскі.
Мы выйшлі сустрэць яго з хлебам і соллю.
Ду-ду-ду-ду.
І спытаўся ў нас новы Бог:
— Хто бацька ваш?
Хто вашая маці, хто — вашы браты?
Ой, наш бацька — лес яловы,
наша маці — Вялля ў шаўковых уборах,
а браточкі — змрочны крумкач і сава…
І ён паказаў нам доўгім пальцам на неба,
толькі мы нічога там не пабачылі…
Ду-ду-ду-ду.
 
 
8
Панцялей, Амяллян і Ціт…
 
Ой, вы выходзіце з хат, каб аплакваць наш род,
ты, Панцялей з Крывічоў,
і ты, Амяллян з Кабыльніка, і ты, Ціт з Лугавой.
Ду-ду-ду-ду…
Не перакуліць Бялун залачоны свой кубак,
каб напаіць палі зялёным віном…
А ўжо хутка, хутка…
Заплюшчацца нашыя вочы,
бо ўжо жаліцца дуб,
асіна сплыла крывёй пад карою
і бусел жалезнаю дзюбай дзяўбе мяне ў сэрца.
Міхайла! Міхайла!
Ду-ду-ду-ду
ду-ду
ду-ду-ду-ду
ду-ду
Пераклад з ідыша – Сяргей Шупа © 2018

Чытайце таксама

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі

Вульф Сосенскі

Вульф Сосенскі

Збіральнік габрэйскага беларускага фальклору.

Роберт Вальзэр

Роберт Вальзэр

Швейцарскі паэт і празаік, пісаў на нямецкай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае яго біяграфія

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

982