№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Ўістан Х’ю Одэн

Чытанне (Reading)

Эсэ

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
Кніга — гэта люстэрка:
калі ў яго зазірае асёл,
не трэба думаць, што выгляне апостал.

К. Г. Ліхтэнбэрг

 

Чалавек добра чытае толькі тое,
што чытае з пэўнай прыватнаю мэтай.
Напрыклад, каб набрацца сілаў. Ці з нянавісці да аўтара.

Поль Валеры

 

Інтарэсы пісьменніка з інтарэсамі яго чытачоў заўжды розняцца, і калі часам ім здараецца супасці, лічы гэта шчаслівым выпадкам.

У дачыненні да аўтара большасць чытачоў трымаюцца палітыкі двайнога стандарту: яны могуць здраджваць пісьменніку, калі захочуць, а ён жа ніколі, ніколі не павінен ім здраджваць.

Чытаць — значыць перакладаць, бо няма двух чалавек з аднолькавым жыццёвым досведам. Кепскі чытач як кепскі перакладчык: літаральна перакладае там, дзе трэба пераказаць сваімі словамі, і пераказвае сваімі словамі тое, што патрабуе літаральнага перакладу. Каб навучыцца добра чытаць, адукацыя, каштоўная сама па сабе, усё ж значыць менш, чым прыроднае пачуццё: некаторыя вялікія вучоныя былі бяздарнымі перакладчыкамі.

Ад кнігі мы часцяком бяром нашмат больш, калі чытаем яе зусім не так, як бачылася аўтару, але (калі дзяцінства ўжо мінула) толькі пры ўмове ўсведамлення гэтага.

У ролі чытача многія з нас паводзяцца ў нейкай ступені як вісусы, што падмалёўваюць вусы дзяўчатам у рэкламных абвестках.

Адной з прыкметаў літаратурнай каштоўнасці твора ёсць магчымасць прачытваць яго па-рознаму. І наадварот, доказам таго, што парнаграфія не мае і найменшай літаратурнай вартасці, ёсць тое, што, як толькі нам заманецца прачытаць парнаграфію не як стымулятар сэксуальнага жадання, а, напрыклад, як псіхалагічны анамнез эратычных фантазій аўтара, то знудзімся да слёз.

І хаця літаратурны твор можна чытаць некалькімі спосабамі, іх колькасць абмежаваная і ўтварае пэўную іерархію: некаторыя прачытанні больш “праўдзівыя” за іншыя, некаторыя больш спрэчныя, некаторыя відавочна памылковыя, а бываюць такія, як, напрыклад, чытанне рамана з канца ў пачатак, што аказваюцца зусім недарэчнымі. Вось таму на бязлюдны востраў нашмат лепш узяць з сабой добры слоўнік, чым які заўгодна літаратурны шэдэўр, бо ў стасунках з чытачом слоўнік абсалютна пасіўны і дапускае прачытанне бясконцай колькасцю спосабаў.

Мы не можам чытаць першую кнігу нейкага аўтара гэтаксама, як апошнюю кнігу аўтара ўжо вядомага. У творы новага пісьменніка мы бачым ці толькі моцныя, ці толькі слабыя бакі, а калі нават заўважаем абодва, то адчуць узаемасувязь між імі не ўдаецца. У выпадку ж з выбітным аўтарам, калі мы наогул яшчэ можам яго чытаць, мы ведаем, што насалоджвацца моцнымі, з нашага гледзішча, праявамі яго таленту немагчыма, не прыняўшы праяваў слабых. Больш за тое, нашая ацэнка вядомага творцы ніколі не абмяжоўваецца адно эстэтычным чыннікам. У дадатак да літаратурнай вартасці новай кнігі, яна ўяўляе для нас яшчэ і гістарычны інтарэс — як вынік дзейнасці чалавека, якім мы доўгі час цікавімся. Ён для нас не проста паэт ці празаік, ён герой нашай біяграфіі.

Паэт, чытаючы паэта, і празаік, чытаючы іншага празаіка, заўсёды параўноўваюць яго творы са сваімі. Іх ацэнкі падчас чытання выглядаюць так: “Мой Бог! Мой прадзед! Мой дзядзька! Мой вораг! Мой брат! Мой брат-дэбіл!”

Вульгарнасці ў літаратуры заўжды аддаюць перавагу перад нікчэмнасцю, гэтаксама як партвейну перад дыстыляванай вадой.

Добры густ мае больш агульнага з пераборлівасцю, чым з адрынаннем, і калі ён вымушаны нешта адрынуць, то робіць гэта з жалем, а зусім не з асалодай.

Безумоўна, асалода — вельмі памылковы арыентыр для крытыка, але пры гэтым памылковы ў найменшай ступені.

Чытаючы, дзіця кіруецца задавальненнем, але гэтае пачуццё непадзельнае, дзіця не падзяляе задавальненне, напрыклад, на эстэтычнае і задавальненне ад пазнання ці мараў. У юнацтве мы ўжо ведаем пра існаванне розных задавальненняў і што некаторыя з іх нельга адчуваць адначасова, але каб іх адрозніць, нам патрэбная дапамога іншых. Фармуючы свой кулінарны густ або густ літаратурны, юнак усё роўна шукае аўтарытэт, якому ён можа давяраць. Ён есць ці чытае тое, што рэкамэндуе яму аўтарытэт, і часам непазбежна здраджвае сабе, калі даводзіцца рабіць выгляд, што аліўкі ці “Вайна і мір” падабаюцца яму крыху больш, чым насамрэч. Ва ўзросце ад дваццаці да сарака мы перажываем працэс пазнання таго, кім мы ёсць, і ён правакуе на спасціжэнне розніцы паміж часовым абмежаваннем, якое мы абавязаныя перарасці, і неабходным абмежаваннем нашай прыроды, пераадолець якое немагчыма беспакарана. Толькі некаторым з нас удаецца спасцігнуць гэтую розніцу, не нарабіўшы памылак, не спрабуючы стаць крыху больш развітым чалавекам, чым дазволена. Менавіта ў гэты час пісьменніка можа збіць з дарогі іншы пісьменьнік ці іншы светапогляд. Калі нехта ва ўзросце ад дваццаці да сарака кажа пра твор мастацтва: “Я ведаю, мне гэта падабаецца”, — насамрэч ён кажа: “У мяне няма свайго густу, я прытрымліваюся густу свайго культурнага асяродку”, — таму што ва ўзросце між дваццацю і сарака найбольш дакладнай прыкметай сапраўднага асабістага густу ёсць няўпэўненасць у ім. Пасля сарака, калі мы яшчэ не зусім страцілі сваё сапраўднае “я”, задавальненне зноўку робіцца тым, чым было ў дзяцінстве — найлепшым чыннікам у выбары кніг для сябе.

Хаця задавальненне ад твора мастацтва нельга блытаць з іншымі задавальненнямі, яно з імі непасрэдна звязанае, бо атрымліваем яго менавіта мы, а не хтосьці яшчэ. Усе нашыя меркаванні эстэтычнага ці маральнага кшталту, як бы аб’ектыўна мы ні спрабавалі іх сфармаваць, усё роўна, з аднаго боку, уяўляюць сабой вытлумачэнне, а з другога — утаймаванне нашых суб’ектыўных жаданняў. Калі чалавек піша вершы ці прозу, Эдэм яго мары — яго прыватная справа, але як толькі ён бярэцца за крытычны артыкул, сумленне патрабуе апісаць чытачам Эдэм такім чынам, каб яны змаглі абмеркаваць яго меркаванне. Такім чынам, я мушу зараз даць свае адказы на некалі створаную мной анкету па пунктах, якія я хацеў бы бачыць у артыкулах іншых крытыкаў.

Эдэм 

Ландшафт

Горы вапняковай пароды, падобныя да Пенінскіх, з невялікім участкам агнявой пароды і прынамсі адным патухлым вулканам. Стромкае і няроўнае марское ўзбярэжжа.

Клімат

Брытанскі.

Этнічны склад жыхароў

Надзвычай разнастайны, як у ЗША, але з невялікай перавагай нардычнага тыпу.

Мова

Шмат пазычанняў, як у ангельскай, але з вялікай колькасцю флексій.

Меры даўжыні і вагі

Нестандартызаваныя і заблытаныя. Дзесятковая сістэма адсутнічае.

Рэлігія

Паводле рыма-каталіцкага абраду, але палегчаны міжземнаморскі варыянт. Мноства мясцовых святых.

Памеры сталіцы

Ідэальная лічба паводле Платона — 5004, якраз тое, што трэба.

Дзяржаўны лад

Абсалютная манархія, манарх абіраецца на ўсё жыццё лёсаваннем.

Крыніцы прыроднай энергіі

Вецер, вада, торф, вугаль. Ніякай нафты.

Галіны прамысловасці і сельскай гападаркі

Здабыванне свінцу, вугалю, хімічная і папяровая прамысловасць, авечкагадоўля, раслінаводства, парніковае гародніцтва.

Віды транспарту

Коні і запрэжаныя коньмі фурманкі, вузкакалейная чыгунка, баржы, паветраныя шары. Ніякіх аўтамабіляў і аэрапланаў.

Архітэктура

Парадная: барока. Царкоўная: раманскі ці візантыйскі стыль.

Побытавая: брытанскі XVIII стагоддзя ці амерыканскі каланіяльны.

Хатняя мэбля і абсталяванне

Віктарыянскі стыль за выняткам кухні і ваннага пакоя, абсталяваных як мага больш сучасна.

Афіцыйная вопратка

Па парыжскай модзе 1830—1840-х гг.

Крыніцы інфармавання грамадскасці

Чуткі. Тэхнічныя і навуковыя перыядычныя выданні, а таксама газеты адсутнічаюць.

Грамадская іерархія

Абмежаваная спісам вядомых спачылых кулінараў.

Грамадскія забавы

Рэлігійныя працэсіі, ансамблі духавых інструментаў, опера, класічны балет. Ніякага кіно, радыё і тэлебачання.

Калі б мне давялося напісаць імёны ўсіх паэтаў і празаікаў, якім я бязмежна ўдзячны за іх творы — бо калі б не яны, маё жыццё было б бяднейшым, — гэты спіс налічваў бы старонкі. Але калі я пачынаю разважаць пра ўсіх крытыкаў, якім я напраўду ўдзячны, то іх колькасць абмяжоўваецца трыццацю чатырма імёнамі. Дванаццаць з іх немцы і толькі два — французы. Ці сведчыць гэта пра свядомую перадузятасць? Безумоўна.

Калі добрых літаратурных крытыкаў нашмат менш за добрых паэтаў ці празаікаў, дык адна з прычынаў гэтай з’явы — прыродны эгаізм. Паэту ці празаіку варта навучыцца скарацца перад абліччам сваёй галоўнай тэмы — жыцця як такога. Але галоўная тэма крытыка, перад якой ён мусіць умець скарыцца, складаецца з аўтараў, так бы мовіць, чалавечых істотаў — прыняць самапрыніжэнне такога кшталту цяжэй. Значна прасцей заявіць: “Жыццё важнейшае за тое, што я магу пра яго сказаць”, — чым прамовіць: “Кніга містэра А важнейшая за тое, што я магу пра яе сказаць”.

Ёсць людзі занадта разумныя, каб быць пісьменнікамі, але яны не ідуць у крытыкі.

Бачыць Бог, пісьменнікі часам бываюць даволі дурныя, але яны не заўсёды дурныя настолькі, як пра іх думаюць пэўныя крытыкі. Я маю на ўвазе крытыкаў, якім ніколі не прыходзіць да галавы, што калі яны ганяць нейкую кнігу ці ўрывак з яе, то аўтар ужо прадбачыў, што яны збіраліся сказаць.

Якая ж функцыя крытыка? На маю думку, крытык для мяне асабіста можа зрабіць наступнае:

1. Пазнаёміць мяне з аўтарамі ці творамі, пра якія я раней не чуў.

2. Пераканаць мяне, што я недаацаніў пэўнага аўтара ці твор, бо чытаў яго недастаткова ўважліва.

3. Прадэманстраваць мне сувязі паміж творамі розных эпохаў і культураў, якія б я не заўважыў самастойна, бо не маю і ніколі не буду мець дастатковыя для гэтага веды.

4. Прапанаваць мне “прачытанне” кнігі, якое б дапамагло яе лепш зразумець.

5. Растлумачыць працэс “стварэння” мастацкага твора.

6. Растлумачыць сувязі мастацтва з жыццём, навукай, эканомікай, этыкай, рэлігіяй і гэтак далей.

Першыя тры пункты патрабуюць адукаванасці. Але вучоны — гэта не проста той, хто мае шмат ведаў: яго веды мусяць мець каштоўнасць для іншых. Нельга ж назваць вучоным чалавека, які ведае на памяць тэлефонны даведнік Манхэтэна, бо абсалютна немагчыма ўявіць, чаму ён можа некага навучыць. Такім чынам, адукаванасць — з’ява часовая, бо прадугледжвае сувязь таго, хто ведае больш, з тым, хто ведае менш, і ў дачыненні да грамадства кожны крытык часова робіцца вучоным, таму што ён ужо прачытаў кнігу, якую крытыкуе, а грамадства — яшчэ не. І хаця веды вучонага мусяць мець патэнцыйную каштоўнасць, сам ён гэтую каштоўнасць можа не ўсведамляць. Вельмі імаверна, што вучань, якому вучоны перадае іх, ацэніць веды лепш. Наогул, чытаючы вучонага крытыка, мы атрымліваем больш карысці ад прыведзеных цытатаў, чым ад яго каментароў.

Апошнія ж тры пункты вымагаюць не выдатных ведаў, а выдатнай празорлівасці. Крытык тады дэманструе сваю празорлівасць, калі пытанні, якія ён падымае, вылучаюцца важнасцю і актуальнасцю, хаця пры гэтым многія чытачы могуць не пагадзіцца з прапанаванымі на іх адказамі. Напэўна, толькі некаторыя могуць прыняць высновы Талстога ў трактаце “Што такое мастацтва?”, але прачытаўшы гэтую кнігу, ужо немагчыма ігнараваць пытанні, пастаўленыя Талстым.

Адзіная рэч, якую я заклікаю крытыкаў не рабіць, — гэта казаць мне, што я павінен ухваліць, а што — зганіць. Я зусім не супраць, каб ён падзяліўся са мной сваімі меркаваннямі наконт любімых і нелюбімых аўтараў і твораў; дый напраўду ведаць іх надзвычай карысна, бо, супаставіўшы тое, што ён лічыць за найлепшае, са сваімі ацэнкамі тых жа кніг, я буду ведаць, наколькі яго характарыстыка твора, які я не чытаў, можа супасці з маёй. Але нельга дазваляць крытыку распаўсюджваць на мяне свае законы. Адказнасць за тое, што чытаць, ляжыць цалкам на мне, і ніхто не можа за мяне гэта зрабіць.

Да крытычных меркаванняў пісьменнікаў варта заўжды ставіцца скептычна, бо ў большасці сваёй яны — праява яго ўнутраных спрэчак з нагоды таго, куды варта рухацца далей і чаго пазбегнуць. Больш за тое, у адрозненне ад вучонага, пісьменнік нават менш абазнаны ў тым, чым займаюцца яго калегі, чым у грамадскіх працэсах. Паэт за трыццаць можа ўсё яшчэ быць прагным чытачом, але наўрад ці большасць з таго, што ён чытае, — сучасная паэзія.

Практычна ніхто з нас не можа з упэўненасцю пахваліцца, што ніколі ў жыцці не зганіў кнігу ці нават аўтара адно па чутках, і пры гэтым шмат хто з нас ні разу не пахваліў кнігу, якую не чытаў.

Запавет “Не супраціўляйся злу, а пераадольвай яго дабром” у многіх сферах жыцця выканаць немагчыма, але у сферы культуры гэта ўсё ж цвярозая думка. Кепскае мастацтва заўжды побач, але любы твор мастацтва бывае кепскім толькі часова, і заганы, якія ён увасабляе, згінуць, даўшы дарогу заганам іншым. Але зусім неабавязкова іх выкрываць, бо яны ўсё роўна згінуць. Калі б Макалэй не напісаў сваю разгромную рэцэнзію на паэзію Роберта Мантгомэры, мы б цяпер не былі ў палоне ілюзіі, што Мантгомеры — вялікі паэт. Самым разумным для крытыка будзе маўчаць пра кнігі, якія ён лічыць кепскімі, і ў той жа час усяляк рашуча прасоўваць творы, якія ён лічыць добрымі, асабліва калі яны недаацэненыя або застаюцца па-за ўвагай грамадскасці.

Некаторыя кнігі незаслужана забытыя, але ніводнай не памятаюць незаслужана.

Часам крытыкі даводзяць, што выкрываць заганы аўтара — іх маральны абавязак, бо калі яны гэтага не зробяць, той можа дрэнна паўплываць на іншых пісьменнікаў. Без сумневу, маладога пісьменніка можа збіць з дарогі, звесці з так званага сапраўднага шляху старэйшы пісьменнік. Але ўсё ж больш імаверна, што ён паддасца спакусе добрага пісьменніка, чым кепскага. Чым больш аўтар моцны і арыгінальны, тым ён небяспечнейшы для слабейшых талентаў, якія толькі шукаюць сябе. З іншага боку, творы, нікчэмныя самі па сабе, даволі часта будзілі ўяўленне іншых і ўскосным чынам спрычыняліся да нараджэння вартых кніг.

Нельга выхаваць у чалавеку добры гастранамічны густ, сцвярджаючы, што яго звычайная ежа, вадзяністая перавараная капуста, да прыкладу, — гэта штосьці агіднае. Нашмат лепш яго пераканаць, пачаставаўшы як след прыгатаванай гароднінай. З некаторымі людзьмі, што праўда, вы хутчэй дасягняце жаданага выніку, калі скажаце ім: “Толькі цёмныя людзі любяць перавараную капусту; найлепшыя ж аддаюць перавагу капусце па-кітайску”. Толькі эфект наўрад ці будзе працяглым.

Калі крытык, якому я давяраю, ганіць нейкую кнігу і я адчуваю палёгку, то гэта толькі таму, што кніжак друкуецца зашмат, і суцяшэнне думаць: “Ну вось, нарэшце, хоць гэтую мне чытаць не трэба”. Але калі б ён не напісаў нічога, вынік быў бы той самы.

Нападкі на кепскія кнігі не толькі марнуюць час, але і псуюць характар. Калі кніга падаецца мне напраўду кепскай, адзіная цікаўнасць, якая падштурхне мяне да яе рэцэнзавання, будзе хавацца ўва мне самім — жаданне прадэманстраваць уласны розум, дасціпнасць і зласлівасць, на якую я здольны. Нельга крытыкаваць кепскую кнігу, не красуючыся.

Адзінае зло ў літаратуры, якое дараваць нельга, якое вартае выкрыцця з усёй суворасцю, — гэта псаванне мовы, бо пісьменьнікі не могуць вынайсці сваю асабістую мову, яны грунтуюцца на мове, якую атрымалі ў спадчыну, і таму, калі псуецца мова, сапсаваныя і пісьменнікі. Але крытык, якога хвалюе гэтае зло, мусіць выкрываць яго ля самых вытокаў, то бок не ў літаратурных творах, а ў няправільным ужыванні словаў у асяроддзі людзей з вуліцы, журналістаў, палітыкаў і гэтак далей. Больш за тое, ён мусіць кіравацца тым, да чаго заклікае. Колькі крытыкаў у Англіі ці Амерыцы цяпер сапраўдныя майстры роднага слова, якім быў Карл Краўс, знаўца нямецкай мовы?

Саміх крытыкаў вінаваціць не варта. Мабыць, большасць з іх хацела б пісаць рэцэнзіі толькі на тыя кнігі, якія, нягледзячы на заганы, з іх пункту гледжання вартыя прачытання. І калі б крытык аднаго з буйных нядзельных штотыднёвікаў паддаўся гэтай спакусе, то прынамсі ў адну нядзелю з трох яго літаратурная калонка пуставала б. І зноў-такі, любы добрасумленны крытык, якому калі-небудзь выпадала пісаць абмежаваную аб’ёмам рэцэнзію на новы зборнік паэзіі, ведае: найлепшае, што можна зрабіць, — гэта даць шэраг кніжных цытатаў без аніякага каментару. Але калі б ён так зрабіў, рэдактар паскардзіўся б, што крытык атрымлівае грошы дарма.

Справядліва ганіць крытыкаў можна толькі за тое, што яны маюць кепскую звычку сартаваць аўтараў і навешваць на іх цэтлікі. Спачатку крытыкі класіфікавалі літаратараў як старажытных, то бок грэцкіх і лацінскіх, і як мадэрных, то бок усіх посткласічных. Потым яны класіфікавалі іх па эрах: аўгустынскія, віктарыянскія і г.д., а цяпер яны ўжо класіфікуюць аўтараў па дзесяцігоддзях: пісьменнікі 30-х, 40-х і г.д. Мабыць, хутка іх будуць падзяляць, як аўтамабілі, па гадах. Але ж класіфікацыя па дзесяцігоддзях ужо абсурдная, бо мае на ўвазе, што аўтар проста перастаў пісаць у трыццаць пяць.

“Сучасны” — яшчэ больш злоўжываны панятак. Мае сучаснікі — гэта ўсе насельнікі Зямлі ў час майго жыцця, немаўляты яны ці нябожчыкі.

У пісьменніка, ці хаця б у паэта, людзі, якія мусяць ведаць лепш, часта пытаюцца: “Для каго вы пішаце?” Пытанне, безумоўна, бязглуздае, але і адказ я магу даць бязглузды. Здараецца, я знаходжу кнігу, якая, мне падаецца, была напісаная для мяне і толькі для мяне. Нібы раўнівы каханак, я не хачу, каб нехта яшчэ чуў пра яе. Мець мільёны такіх чытачоў, якія, не здагадваючыся пра існаванне адно аднаго, палка чытаюць тваю кнігу і ні з кім не абмяркоўваюць, — вось гэта, я перакананы, мара любога пісьменніка. 

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2014

Чытайце таксама

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі

Вульф Сосенскі

Вульф Сосенскі

Збіральнік габрэйскага беларускага фальклору.

Роберт Вальзэр

Роберт Вальзэр

Швейцарскі паэт і празаік, пісаў на нямецкай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае яго біяграфія

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

707