Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да V разьдзелу

kніга


С.Юстапчык
(Антон Адамовіч)

Трывога
(працяг)


VI

Нават мілая, улюбёная адмалку шэрая гадзіна, а сяньня йшчэ й такая нязвычайна ціхая, лагодная — не магла ўлагодзіць, загаіць тэй нейкай глыбокай, старой раны, якую так недалікатна раструціла гэная раптоўная новая “знаёмая” — незнаёмка. Балела глыбака ў душы, адбіваючыся, здаецца, аж фізычным болем у струшчанай і нязрошчанай добра назе — бо ці–ж не адзін гэта быў боль? І больш — адна страшэнная, крывавая, ірваная рана... А да ранейшае тугі й нуды, да гэтага жалю й болю, якімі абарочвалася яна цяпер, усё больш дамешвалася нейкая незьясьнёная трывога. Ізноў–жа закінула яе тая няпрошаная й гвалтоўная парушальніца хоць і тужлівага, а ўсё–ж супакою. І гэта ўсё пачынала ўжо зноў і зноў гнаць некуды прочкі — куды? Можа, зноў усё туды, хай сабе й накульгам — дадому, на радзіму. Ато проста — безвач, ато проста — за вачыма, хоць куды, на сухія лясы...

Адмяніўшыся на варце й сыйшоўшы далоў, Казімер ня сеў за кніжку ці так — роіць–лятуцець шэрай гадзінай. Ён прайшоў проста праз каланчовыя сенцы і выйшаў вонкі, а там — за весьніцы, на вуліцу. Ён пайшоў–бы й далей абы–куды, але якраз паўзь яго бясшумна прасьлізнула знаёмая даўно постаць. Ці толькі знаёмая?.. Чаму адно не прывіталася сяньня?.. Маладзенькая русакосая дзяўчынка — Надзя, дачка першага гаспадара, у якога пажыў быў крыху, прыбіўшыся сюды ў гарадок, пакуль да гэтае каланчы прыстаў. А чаму прыстаў?

Якія настырлівыя, дурныя пытаньні — як тое ў тае: “Гэта Вам сьніцца?” Што й да чаго? А чакай–ткі: трэба ўрэшце мець мужнасьць прызнацца хоць сабе самому і шэрай гадзінай: сьніцца... Сьнілася... Сьціплая, сарамлівая дзяўчынка.. Так рэдкі тут чысты славянскі тып... Надзя — Надзея–надзея, пустая надзея... Сьнілася — а зразумеў гэта падсьведама, бадай, баючыся й тады самому сабе прызнацца, і — зусім спужаўся, уцёк, хапіўся за “каланчу”, як за ратунак і ад гэтага... Так, так было. Ды і ўцёкшы, штовечару сачыў, як хадзіла зазвычай із збаночкам па малако, паўз гэты пажарны двор — так, як цяпер во. Калі зьверху, з “каланчы” бачыў — праводзіў вачыма заўсёдную чорную стужачку ў валасох зь невялічкім баньцікам, узімку — хутраную сібірскую шапку з даўгімі вушамі... Калі, як цяпер, за варотамі, спатыкаліся — віталіся й чырванелі — чыста абое. І ўсяго — рэшта толькі сьнілася. Але–ж, сьнілася! І — сьніцца... “Снится — снова я мальчик...”

Не, гэтая — не такая, ня будзе тыцкаць адразу рукі, ня пойдзе на вечарыну да Гарлапаніна, адкуль чуваць ужо першыя гукі буйное весялосьці “партыйнага й савецкага актыву” (і гэта–ж цяпер — чысты “баль у часе чумы”...).

Але і гэтая, і тая, і такая, і не такая — нават думаць аб іх гэткаму, як ён — якім правам? Гэткаму “бедынаму калекыму” — як енчыў, просячы ў людзей на рагу плошчы, адзін, яшчэ няшчасьнейшы сябра ў няшчасьці...

А чаму ўсё–ткі не прывіталася сяньня? Ня згледзела? Не пасьпела? Дык вось–жа й самому ясна: ня толькі сьнілася, ня толькі сьніцца — турбуе цяпер, удзень і шэрай гадзінай, наяву. Можа, гэта якраз наймацней і трымае тут — мацней за ўсе “мінусы”, за ўсё кульганьне. Безнадзейны лятунак пра надзею — Надзею. І якраз тады, калі шчырыя надзеі ўсе мусілі–б быць толькі на Яе, на Радзіму... Хоць–бы й памерці, а — там, толькі там...

І раптам бліскавіцаю праняло нямаведама адкуль нейкае прадчуваньне — ці ні запраўднае зерня ўсяе трывогі: памерці — гэта будзе хутка–хутка, зусім неўзабаве. Ці ня гэта й выгнала цяпер сюды, гнала йсьці, сыйсьці “хоць куды, на сухія лясы”, як жывёліны сыходзяць некуды паміраць? Сьмерць–жа — сон? Вось і “сасьніцца” — “снова я мальчик”...

Не, годзе ўсіх гэтых сноў. Проста трэба ўзяць сябе ў рукі і не паддавацца ні таму, ні гэтаму. Можна–ж не паддацца. Урэшце–ж, і там, у паэзіі, па Блоку быў Есенін:

Не бродить, не мять в кустах
Багряных
Лебеды, и не искать следа...
Со снопом волос твоих овсяных
Отоснилась ты мне навсегда...

Гэтак цьвёрда ўсьведаміць сабе й пастанавіць — так цьвёрда, як сядзяць у памяці гэтыя даўно–даўно ўжо калі вычытаныя радкі.

Дык і не прывіталася, бо — “адасьнілася” ўжо. Ужо яе няма, прасьлізнуў толькі сьцень шэрай гадзінай. А можа — самога яго ўжо няма, няма з кім вітацца, бо сьмерць — ужо...

Якая дурніна вярзецца й вярзецца сяньня! Дурныя, зусім дурныя нейкія прадчуваньні, забабоны, прымхі, як той, “павучок на шчасьце”. Як можна апусьціцца ў такой дзічы й глухмені да простае бабы, сібірскае бабы...

А калі й сьмерць — паміраць–жа таксама ці ня ўсюды ўсё’дна — не канечна, каб на радзіме, а й на “сухіх лясох”. Ці адзін ужо й памёр так?

Цяпер–жа — пачакаць яшчэ крыху, будзе–ж ісьці назад із збаночкам дадому. Тады прывітаюцца — ён першы нават. Першы — але апошні раз...

Тымчасам, заміж гэтага, перабіваючы йшчэ блытаніну думак, плошчаю паўз каланчу пратарахкала ў шпаркім тэмпе, уздымаючы хмары пылу, запрэжаная канём таратайка. Казімер пазнаў і мусіў усьміхнуцца: сам старшыня гарсавету, сам таварыш Іонаў — “Ёйна”, як іначай і ня зваў яго дзед Ахрэм, пакідаў свой горад у вадказны мамэнт “загрожанага палажэньня”. І побач — трэслася перасьпелая, як сьлівіна, удава па начальніку пошты, зь якой жыў цяпер гэты “Ёйна”, мясцовая, але з выгляду — “таксама добрая Рохля”, на дзедава вызначэньне. Гэтаму, гэтакім ніколі не “адасьніцца”, хоць і старасьць і друзласьць даўно на дварэ... Дзіва толькі, што нават ад балю ў Гарлапаніна сяньня адрокся — вось дык страх: які напудзілі гэным “загрожаным”! І гэта табе — “бацька гораду”...

— Далеўскіх! Кузьма! Кузькіна маць! — адчыніўшы вакно свае гасподы, загарлаў, перакручваўчы, як і ўсе тут, на мясцовы лад і імя й прозьвішча, сам вышэйшы Казімераў начальнік, брандмайстар таварыш Гарлапанін. Відаць, ён быў ужо добра сербануўшы. — Хоць на паўназе, а сюды давай — духам!

І Казімер мусіў засьпяшацца, па дарозе з прыкрасьцю гадаючы, які новы й ці вялікі зьдзек, выдуманы сшалелымі ад сыці “правадырамі актыву”, давядзецца зараз із пакораю сьцерпець. Але–ж, сьцерпець, бо...

— Сабаку знаеш? Гэта–ж ты вадзіў ці хто там у вас? — гарлаў ізноў начальнік, не дачакаўшыся нават, пакуль вартаўнік–інвалід прытыргіцае да ягонага вакна.

Казімер і праўда знаў гэтага сабаку, фаварыта сакратаровае фаварыткі Сьцёшы, і раз, на такі самы загад свайго начальства, адводзіў яго дадому з клюбу, дзе той не даваў сваёй гаспадыні быту й разгарненьня ў танцах. Было нямала тады зь ім клопату і, каб ня прынада, якою трэ было цэлую дарогу ашукваць сабачую вернасьць, цяжка было–б даць рады. Значыцца, цяпер ізноў за сабачага павадыра — ну, гэта йшчэ дарма, куды лепш за якія “заходнія танцы”, якія мусіў круціць раз із сваёй чыкілдою на загад п’янога ўшчэнт начальства.

— Дык вось і дастач гэтую Юду — Троцкага на іхную гасподу... Ту–ж у контрыках быў? — быў... Усе вы трац–кі–стыя, маць вашу... Ну, маеш костку — на костку пойдзе... Можаш і сам перш аб... аб... абскубсьці, скуб–э–энт! Ёмкая костка — баран, — Гарлапанін і сам яшчэ смактануў пару разоў гэтую костку бліскучымі ад тлушчу губамі, перш чым аддаць яе на прынаду. — Н–ну, і марш! Троцкі, кусі! — паспрабаваў ён йшчэ і нацкаваць на кульгавага — улюбёны аб’ект сабачай агрэсіі. Але сабака “сыстэмы такса”, на вызначэньне ягонае гаспадыні, якая сама вынайшла й гэтую мянушку “Троцкі” — для “заклейменьня подлай контррэвалюцыі”, — пазнаў свайго калішняга павадыра (мабыць, добра злучыўся ў сабачай памяці ягоны пах із пахам нейкай смачной прынады) і нават быў ласкаў памахаць яму крыху хвастом.

Дык адразу апанаваць яго і павесьці за сабою далося нават ня цяжка. І пэўна–ж — куды больш да твару такому сабакі вадзіць, чымся розныя “гнілыя інтэлігенцыі” з сабою разводзіць.

— Фьюць, пайшлі, Троцкі!..
 

далей      

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 10-05-2000