С.Юстапчык
|
VII “Культурная гарбатка актыву”, як, можа, шчыра й зусім не ўсьведамляючы ўсяе саркастычнае зьдзеклівасьці такога назову, гучна менавалі міжсобку свае звычайныя оргіі валадары гарадка, усё–ткі нешта ня зусім вытанцоўвалася. Як і баяўся сам Цімафеіч, прыкра псавала справу гэтае, недарэчы надуманае, “загрожанае палажэньне”. Праўда, яно дапамагло сплавіць няпрошаную перашкоду паважнага водавыціску на колькі брутатонаў — шаноўную, але толькі на адлежнасьці, і непажаданую цяпер Цімафеічу сяброўку жыцьця. Ды затое сьледам за гэтаю дамаю паплылі й некаторыя, проста неадменныя ўдзельнікі прыемнае пагулянкі, добра напалоханыя ўзятай зусім паважна пагрозай “загрожанага”. Асабліва прыкра было, што некуды “змыўся”, як, зрэшты, зазвычай рабіў у падобных абставінах, пазьней спрытна выкручваючыся нават у героі, рэдактар–выдавец мясцовае шматтыражкі таварыш Іньдзюкоў. Гэта была проста незаступная страта для таварыства, бо рэдактар адначасна быў адзіным і найздальнейшым баяністым, які мог проста з паветра лавіць якія–хаця матывы “заходніх” і ўсходніх танцаў, віртуозна й з багацейшымі варыяцыямі адтвараючы іх на сваім вялізарным гармоніку. Зрэшты, гэты тып ягонага таленту яскрава выяўляўся й на абліччы рэдактаравага “органу”, на ўсіх, заўсёды горда падпісваных собскім прозьвішчам даўжэразных ягоных артыкулах, больш, а часьцей менш спрытна склееных ізь пярэстых шматкоў, таксама ўлёт падхопляваных і жыўцом выдзіраных із матар’ялаў слаўнае бальшавіцкае сталічнае й краёвае прэсы. А што можа быць за “культура” на гарбатцы без “баяну” — які інтэлігентны чалавек, апынуўшыся “пад градусамі”, здолее пяяць і асабліва танцаваць пад “фартап’яную” музыку якое–небудзь доктаркі Клікушынае, як–бы там ні стараліся барабаніць на ўсе застаўкі. Такому чалавеку — гэта ня больш, як сібірскі камар над вухам, “ні такту, ні факту”, як казаў Цімафеіч. Дык усе шчыра шкадавалі, што выйшла такая “няўвязка”, і войстра асуджалі факт ганебнага дэзэртырства з культурнага фронту, учыненага таварышам Іньдзюковым. Адчувалася й нястача паважанага старшыні горсавету, Іоны Іоныча Іонава. Гэты, хоць і ня вызначаўся такімі бліскучымі талентамі, як рэдактар Іньдзюкоў, але меў адзін, бясспрэчна–карысны ў падобных абставінах: умеў займаць неадчэпнага спадарожніка царыцы “гарбатак” Сьцёшы — ейнага ўлюбёнца, а ўсіхнага абрыджонца, успамінанага сабаку–таксу “Троцкага”. Праўда, гэтую мянушку Іона Іоныч перайначваў для сябе і, любосна цмокаючы, называў сабаку “Труцыкам”, відаць, у душы абражаны асабачаньнем слаўнага імя разумнага чалавека, які хоць і быў “подлым ворагам народу”, але ўсё–ж, як і ўсе разумныя, паходзіў “із нашых” — із таго самага кагалу, адхрысьціўшыся ад якога, не адлучаў сябе перад сабою Ёйна Ёнэс. Яно праўда і тое, што, можа, і сабака гэты быў у нейкім сваяцтве ці блізіні із тым кагалам, бо калі Іона Іоныч туліў яго да сябе, трымаючы на каленях і наблізіўшы свой твар да ягонае морды, усім кідалася ў вочы нейкае проста расавае падабенства ў вабліччах абодвых шчырых сяброў. Сяньня–ж усе адчувалі гэтую разлуку чульлівае пары, і “Троцкі”, пакінуты самому сабе, падкручваўся ўсім пад ногі, скавытаў і гыркаў дый дакляраваў быць яшчэ й ня гэткаю перашкодай у далейшым, асабліва пры найбольш “культурнай” частцы ўрачыстасьці — пры танцах. Дык калі таварыства згледзела праз вакно пасьпешныя ўцёкі з гораду ягонага “бацькі”, які й перад гэтым ужо папярэдзіў, што ня можа быць із прычыны “раптоўнага занядужаньня”, быў хутка знойдзены спосаб пазбыцца сабачае прыкрасьці, выкарыстўшы кульгавага вартаўніка каланчы, якому ўжо давалася неяк такая “нагрузка” дзеля “разгрузкі” ад прычэплівага й брахлівага стварэньня. Рэшта заўсёднікаў “гарбатак” таксама наўзьдзіў неакуратна, ня ў поўным складзе й часам ня зусім нават ахвоча зыходзілася на гасподу да пажарнага начальніка Гарлапаніна — звычайнае месца збору, найбольш ізаляваны ад пляткарскае гарадзкое “масы” асабняк побач із “каланчой”, пры плошчы. Першая прыляцела, пэўна–ж, найактыўнейшая актывістка гораду, цяпер, на бязьлюдзьдзі, адначасна і загадчык Горздраву, і жаноцкі арганізатар, і “культурнік”, і дзіцячы пэдагог, шалёна закаханая ў Цімафеічу (але — “усё прайшло, прайшло, прайшло...”), доктар Клікушына. Акуратна, як заўсёды, зьявіліся самі ініцыятары й верхаводы — сам “пакарыцель Сібіры” Цімафеіч і грозны мечаносец дыктатуры пралетарыяту Геаргадзе. Доўга выбіраліся, падмазваючыся й бязупынна сварачыся міжсобку, сёстры Нюра й Каця Вераніцыны, абедзьве — безнадзейна закаханыя ў пякучым каўкаскім харасьцьве малодшага лейтэнанта дзяржаўнае бясьпечнасьці (Нюра даўно цьвёрда пастанавіла, што пойдзе замуж толькі за каўказца, хай–сабе й не за гэтага). Прымусіла чакаць на сябе і царыца балю, да апошніх часоў — валадарка Цімафеічавага сэрца, гаспадыня абрыджонага “Троцкага” Сьцёша — “уцеха нашае публікі”, як праславіў ейныя солёвыя выступленьні на эстрадзе мясцовага клюбу рэдактар Іньдзюкоў у сваім аўтарытэтным органе. Апошняю зьявілася неразлучная тройца: паважны й паважаны “снабжэнец” Дзяльцоў–Дзялецкі, пад падазроную дваранскасьць падвойнага прозьвішча якога даўно ўжо, але тым часам бязвынікова, вёў “сапу” сьледапыт Геаргадзе, багата “снабжаная” ім ягоная ўтрыманка, курносенькая й бязульная Фенечка ды ейны муж, цяльпукавата–пануры настаўнік Піхалін, заключнае “до” цэлага трыё, дармовы дадатак да асноўнае “пары гнедых, запряженных с зарею”. Прыбыцьцё наймаладзейшае, найсьвяжэйшае й найпрыгажэйшае новае сяброўкі кампаніі, якая перад тым кагадзе зрабіла сваю арыгінальную інспэкцыю пажарнае каланчы, лірычна разварушыўшы самоту ейнага вартаўніка, зьява, нечаканая для бальшыні неўтаямнічай у “новыя” веяньні палітыкі гэнэральнага сакратара гаркому на жаноцкім фроньце, крыху шакіравала “асноўнае ядро актыву”. Але сама нэафітка ані ня сумелася, адразу рэкамэндуючыся падаваньнем усім рукі й кароткім “Валя” ды не даючы нават увайсьці ў ролю рэкамандатара самому свайму новаму адаратару Цімафеічу. Гэта шакіравала кампанію йшчэ больш, і агульная гаворка, якая й так яшчэ не ўвайшла ў належную каляіну, расклеілася зусім, як ні стараўся падтрымваць яе сам шаноўны гаспадар, Акакі Серафімавіч Гарлапанін, “душа таварыства”. Тымчасам гаспадарная Марфуша бясшумна шныпарыла, дакончваючы падрыхтову стала. На ім ужо былі расстаўленыя гарнітуры й каля кажнага пакладзеная паперка з надрукаваным на машынцы прозьвішчам — элемэнт “культурнага афармленьня і ўпарадкаваньня”, як казаў Цімафеіч. Пітво зазвычай на стол ня ставілася — яно традыцыйна “афармлялася” арыгінальным, “пралетарскім у дусе” й адначасна кансьпірацыйна–прадбачлівым спосабам. Ля парогу, як у простай хаце, на тапчаніку стаялі звычайныя суды вады, але вада была толькі ў вадным вядры; тымчасам як другое было із самым “гарушчым” — “чэмергесам”. І было адразу дзьве выгоды: раз, што кажнаму можна было разбавіць чыстыя “градусы” адпаведнай колькасьцю вадзіцы, як да ягонае смагі й змогі, і два — у выпадку раптоўнага налёту непажаданага элемэнту нідзе ня было відаць сьлядоў пляшак, а на суды вады ў парозе хто што падумае. — Дык просім, дарагія таварышы, на нашую сьціплую шклянку гарбаткі ваеннага часу — закончыла свае падрыхтовы Марфуша, якраз дарэчы вывеўшы таварыства зь няёмкага “мёртвага пункту”.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |