Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да VII разьдзелу

kніга


С.Юстапчык
(Антон Адамовіч)

Трывога
(працяг)


VIII

Сыстэма картак з надпісамі, дзе хто мае сядзець — нейкае “культурнае” адраджэньне старое маскоўскае сыстэмы “месьніцтва” часоў Івана Грознага — гэтым разам не апраўдала сябе. Адразу–ж яе груба парушыла сама “царыца” Сьцёша, якая, усадаўляючыся побач ізь Цімафеічам, як на сваё, само сабой зразумелае й законнае месца, аж запаланела ўся да кончыкаў вушэй, прачытаўшы на пакладзенай тут картцы не сваё прозьвішча, а імя гэтае новае самасуйкі — “таварыш Валя” (бо прозьвішча відавочнае кандыдаткі ў Сьцёшыныя наступніцы ня ведаў яшчэ ніхто з арганізатараў гарбаткі, нават сам Цімафеіч). Яна дэманстрацыйна скамячыла паперку й кінула яе пад стол. Усіхнае маўчаньне йшчэ больш паглыбела, хоць ніхто дакладна ня ведаў прычыны такое дэманстрацыі, здагадваючыся аб ёй толькі агульна й гадаючы сам із сабою, каго гэта не такога там напісалі. У імпульсыўнае Клікушынай гэтае пытаньне нават ледзь не сарвалася зь языка. Цімафеіч толькі злосна пачырванеў, адзін із двух добра зразумеўшы сэнс Сьцёшынага гесту і з жалем бачачы, як аблюбаваная ім новенькая разьмяшчаецца не каля яго, а колькі асобаў далей, за панура–абыякавым Піхалінам, так што ні перагаварыцца, ні нават пераглянуцца зь ёю тымчасам нельга будзе. Другі–ж, які таксама здаўмеўся адразу — Геаргадзе — зларадна цешыўся ў глыбі душы: “Маладзец, Сьцёша, не адступай свайго, трымай яго на воку й на лейцах!” “Стораж бясьпечнасьці” меў усе падставы непрыязна ставіцца да новага захапленьня свайго сябра й падтрымваць Сьцёшыныя пазыцыі, бо сяброўства — сяброўствам, а добрага “сексота”, сакрэтнага агента запраўдны энкавэдысты мусіць, і абавязаны нават, мець і каля роднага бацькі. Гэтую ролю бліжэйшага, інтымнага нават шпіка Геаргадзе каля сакратара гаркому й выконвала Сьцёша, выконвала так спрытна й дасканальна, што магчымая ейная “адстаўка” была–б зусім непажаданаю, і самая думка аб ёй вельмі не падабалася начальніку запраўднае бальшавіцкае пільнасьці. Тым больш, што гэтая “зялёная” вылучэнка на Сьцёшынае месца была зусім яшчэ неасьветленая праменьнем гэнае пільнасьці. Нават заданьне ўстанавіць ейнае дакладнае прозьвішча толькі сяньня было “спушчанае” адмысловаму агенту.

Марфуша ўжо хадзіла каля гасьцей зь дзьвюма конаўкамі ў руках і далівала зь іх кажнаму ў пажаданай ім прапорцыі “градусы” й ваду да нейкае эсэнцыі гарбатападобнага колеру, якая ўжо была паналіватая ў шклянках і мела чыста “маскіровачныя” мэты стварэньня ілюзіі запраўднае “гарбаткі”. Валі, якая не зразумела, што гэта робіцца, яна моўчкі наліла тую самую дозу, што й ейнаму суседу Піхаліну, які не залічаў сябе да прыхільнікаў ані пераваранае, ані сырое вады.

— Баёвыя... сяброўкі... і дарагія... таварышы! — узьняўшыся зь месца із шклянкай у руцэ, адрывіста прагаласіў, усё’дна як перад мнагалюднай аўдыторыяй, Цімафеіч. Ён меў гэты звычай прамаўляць заўсёды, як на вялікім мітынгу, выгукваючы зычным голасам паасобныя словы з паўзамі між іх, хоць–бы прамова адбывалася ў маленькім пакоіку і слухачоў было ўсяго два–тры. А зварот пачынаў ён нязьменна ад “баёвых сябровак”, хоць–бы сярод ягоных слухачоў і ня было аніводнае ні “баёвае”, ні проста нават сяброўкі жаноцкага роду.

— Першым... маім... словам... бязумоўна... канешня... таварышы... факт... дазволю... сабе... успомніць... нашага... вялікага... і мудрага... сябра... бацьку... і настаўніка... вярхоўнага... камандуючага... нашай... доблеснай... чырвонай... арміі... маршала... Савецкага... Саюзу... Іосіфа... Вісарыёнавіча... Сталіна!

Апошняе слова ён разьюшана вылемантаваў высокім фальцэтам, увесь аж сіні ад натугі. Усе, як на якім вялікім бальшавіцкім зьезьдзе, паўставалі й пачалі крычэць: “Няхай жыве вялікі Сталін”, “Ура першаму маршалу Савецкага Саюзу”. Выкрычаўшыся ў меру, мусілі йшчэ гэтак стойма выслухаць трафарэтную для падобных выпадкаў прамову няборзда красамоўнага аўтара, які гэтым разам, з увагі на спэцыфічнасьць абставінаў, ня вельмі, як ён думаў, зацягваў яе і “ўлажыўся” ўсяго ў якія–небудзь паўгадзінкі.

Валя, слухаючы даўно знаёмыя і наперад, на памяць, здаецца, вядомыя сказы стандартнага хвалебнага гімну вялікаму, мудраму і г.д., тымчасам разглядала сваіх новых знаёмых.

Што праўда, некаторых зь іх яна ўжо знала і не ўпяршыню сяньня тыцкала ім сваю руку. Нават больш — гэта былі бадай найпершыя, здабытыя ейным арыгінальным спосабам “знаёмыя” ў гэтым горадзе. І “пазнала” яна іх у сваім найулюбёнейшым месцы — на эстрадных і сцэнічных паказах мясцовага клюбу. Яшчэ жывучы ў далёкім адсюль Менску, Валя належала да тых калятэатральных дзяўчатак, якія бываюць пры кажным, бадай, тэатры, выказваюцца энтузіястычнымі й проста экзальтаванымі адаратаркамі мастацтва, а найбольш — мастакоў, і то мужчынскага роду, якія імпануюць чым–небудзь із сцэны. Такія дзяўчаткі наведваць тэатр штодня, часта напружваючы да апошняе свае фінансавыя магчымасьці, але йшчэ часьцей хутка знаходзячы ці здабываючы “зайчы” доступ у гэтыя харомы мастацтва. Яны заўсёды выяўляюць сябе бурнымі воплескамі й выклікамі аж да закідваньня краскамі сваіх улюбёных артыстых, прабіваюцца часьцяком нават за кулісы, робяцца там проста сваймі людзьмі, знаёмяцца з усім тэатральным і калятэатральным сьветам, а часта аж не даюць быту сваім кумірам. Вайна й бомбы страшных “фашыстых”, якія выгналі дзяўчынку з абжытага свайго гораду, усё–ж не заглушылі ў ёй гэтага замілаваньня да тэатру й мастацтва. А прыбыцьцё ейнае ў гэты сібірскі гарадок якраз супала з тым “ажыўленьнем клюбнае работы”, што, як ведама, заўдзячвалася самаадданай “грамадзкай працы” новага гарадзкога пажарнага начальніка таварыша Гарлапаніна. Дык Валя, адразу кінуўшыся ў гэты мясцовы сурагат тэатру, абсталяваны ў даўнейшым “саборы” клюб, адразу–ж пазнаёмілася тут і з Гарлапанінам і, крыху пазьней, успала на вока самому Цімафеічу, які трымаўся вялікадушным мэцэнатам “самадзейнага мастацтва”. Тут–жа яна пазнала і “ўцеху мясцовае публікі” Сьцёшу, і вясёлую Фенечку, якая йграла на сцэне маладых нявінных дзяўчатак, і ейнага штатнага мужа Піхаліна, які, відаць, з увагі на ягоную прыродную цяльпукаватасьць, мусіў выконваць камічныя ролі, і нават доктара Клікушыну, як кіраўніка “дзіцячае самадзейнасьці”, без выступленьняў якое з рознымі “мантажамі” на чэсьць “вялікага Сталіна”, “слаўнай партыі бальшавікоў” і “доблеснай чырвонай арміі” не адбываўся ніводзін, бадай, клюбны паказ.

Пасьля Менску гэта, пэўна–ж, было ня тое й ня тыя (у тэатральную Маскву Валя не пасьпела акунуцца, бо раз, што спынілася там толькі проста як па дарозе, а другое — і Масква гэтая была ўжо распуджаная вайною). Насамперш — часьцей, як раз, найбольш два — на тыдзень у клюб ня лучыш. Дый сярод “артыстых” цяжка вышукаць каго–небудзь на ролю “куміра”, асабліва калі памяць ня сьцерла йшчэ менскіх вобразаў. Але ўсё–ж гэта было нешта тэатрападобнае, і рабілі–ж яго таксама людзі. А людзі, можа, хіба за выняткам тых таямнічых і нябачных у вочы “фашыстых”, якія выпудзілі зь Менску, усе людзі Валінай маладзенькай наіўнасьці й захопленасьці выдаваліся такімі добрымі. “Gute Menschen, aber schlechte Musikanten” — гэтая формула ведамага нямецкага анэкдоту зусім ня прыводзіла яе ў роспач, як таго няшчаснага капэльмайстра, што спрабаваў такім зваротам апошні раз перад адказным выступленьнем прагаварыць да музычнага сумленьня свае капэлі.

Нават супраць жанок паважанага таварыства яна нічога ня мела — можа, таму, што не дарасла йшчэ да таго веку, калі кажная, бадай, жанчына ўмее пранікліва знаходзіць ува ўсякай іншай, апрача самое сябе, безьліч большых і меншых заганаў, пачынаючы ад формы ўчэсваньня валасоў і крою сукенкі да асаблівасьцяў захоўваньня і нават найінтымнейшых, нямаведама адкуль і як пазнаваных рысаў характару. Найбольш–жа падабалася ёй Фенечка, яна пачувала ў ёй нешта як–бы роднае. Вельмі падабалася ёй, што Фенечка курыць — праўда, цяпер — нейкую махорку ці нават самасейку ня дужа далікатнага паху, і пальцы аж да бурасьці пазавэнджваныя. Валі й самой яшчэ перад вайною вельмі хацелася навучыцца курыць, і яна, гэраічна перамагаючы ўсю натуральную агіду, кашаль і гарладзёрку, кружэньне галавы, поцяг плёвацца бясконца й нават часам зьезьдзіць у сталіцу нядаўна ўтворанае тады новае Лацьвійскае савецкае сацыялістычнае рэспублікі, умела ўжо зацягнуцца й выпусьціць дым, нават праз нос, ня горш за Фенечку. Адно, што цяпер, калі з абыходку савецкіх грамадзянаў, асабліва малога заштатнага й застароннага гарадка, зусім зьніклі папяросы, яна не адважвалася дасканаліцца далей на гэтай сьмярдзючай едкай махорцы.

Падабалася Валі й Сьцёша, яна знаходзіла яе вельмі прыгожай і міленькай, хоць голасу ейнаму, рэзкаму й занадта характэрнаму, пэўна–ж, далёка было нават да тых опэрных галасоў, якія даводзілася чуць у сваім жыцьці Валі. Толькі што сяньня гэтая “ўцеха” паглядала на дзяўчыну нешта не такоўска, аж прыкра робіцца неяк, як кіне позірк... А з Кацяй Вераніцынай можна было–б нават пасябраваць — яна, здаецца, мала што не равесьніца. “Піянэрважатай” была–ж і Валя крыху, пакуль ня выключылі з камсамолу, калі бацьку... Ну, але гэта дарма — навошта ўспамінаць нейкія там прыкрасьці. Мілая дзяўчынка, відаць, і Нюра і доктар Клікушына — так, мілая дзяўчынка, бо строіцца, дарма што сівізна паблісквае ўжо, у кароткія спаднічкі — мусіць ад ейнае “дзіцячае самадзейнасьці” на самую пераходзіць.

Ну, а мужчыны — гэта ўжо няма й гаворкі. Нават і Дзяльцоў–Дзялецкі — хоць і крыху застары, загрузны, засіня–чырвоны й гугнавы — які, пэўна, добры дзядзька! Так дабрадушна ўшчыпнуў яе, як знаёміліся... Але і ў Валі, як у тых сёстраў Вераніцыных — на першае месца выходзіў усё–ж энкавуд і ваенком Геаргадзе. Сяньня яна ўпяршыню бачыла бліскучага каўказца бліжэй — у клюбе ён не выступаў, а як шкода! Пэўна, у яго мусіў быць нейкі талент... Ды й бяз таленту — экзатычнае хараство і ваенная форма, галоўнае — форма, дый шчэ зь нядаўна начэпленымі пагонамі — якая дзяўчына ўстоіць перад гэтым! Куды меней быў да густу Валі, праўда, бязьведамы йшчэ ёй у гэтай ролі ейны адаратар і аратар гэтага мамэнту, якога яна нават ня слухала. Чалавек, таксама, напэўна, добры, але — галоўка нейкая, як рэпка, валасы, як нашмальцаваныя, пад носам нейкія стырчастыя шчэцьцю вусы, усё роўна як зубная шчотка. Пэўна, калі–б давялося калі...

— ... Сталін! — ізноў, як у пачатку, выенчыў натхненны аратар, спыніўшы гэтым і пачаты Валяю крытычны агляд ягонага выгляду. Усе выйшлі з адранцьвеньня, закраталі крэсламі, зазванілі, стукаючыся шклянкамі.

І Валя стукнулася із сваім суседам Піхалінам ды, бяручы зь яго прыклад і далей, глынула з шклянкі, закінуўшы голаў. Але тут–жа апякло, як агнём, заняло дух, забіў кашаль, зазелянела ў ваччу, шклянка выпала з рук, разьбіла сподак і заліла стол. Не, гэта куды горш за тое вучэньне курыць папяросы. Цяпер Валя здаўмелася, што, пэўна, тут ніякая не гарбата, а нешта гэнкае... усё таварыства прыемна цешылася каля здарэньня з нэафіткаю. Піхалін, які разам із Марфушаю заходжваўся над адходжваньнем небарачкі, падбадзёрваў яе і панастаўніцку раіў:

— Гэта дарма, толькі зь няпрывычкі. Трэба хлебца скарыначку панюхаць.

Валя гэтак і зрабіла, выклікаўшы новы выбух усіхнага сьмеху.

— Нешта здароўе таварыша Сталіна ня йдзе Вам на здароўе, таварыш Валя, — кінуў ёй праз стол Геаргадзе. — Вы–ж, пэўна, камсамолка?

— Не, — шчыра прызналася дзяўчына.

— Не–е? — працягнуў, насьцеражыўшыся, стораж бясьпечнасьці і кінуў значны погляд на Валінага пратэктара Цімафеіча. — А чаму?

— Выключылі, — і дадала, ужо зманіўшы: — за нясплату складак, — а таму, што маніць яшчэ ня ўмела як сьлед, дык пачырванела дадаткова, наверх на незбляднелую йшчэ чырвань ад папярэдняга ўзрушэньня.

— Як гэта — то–ж сорам! — пачала сарамаціць Каця, якая цяпер выконвала абавязкі сакратара гарадзкога камсамолу. — Ну, але мы гэта можам паправіць, — падбадзёрыла адразу, — трэба толькі білет...

Звон нажа аб шклянку ня даў ёй дакончыць. Гэта прасіў голасу сам гаспадар, Акакі Серафімавіч Гарлапанін.

— Просім, Акакі Серафімавіч, просім, — загаманілі ўсе, спадзеючыся, што брандмайстар, як зазвычай, выкіне нейкую артыстычную штуку, ды настройваючыся на новы рогат.
 

далей      

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 10-05-2000