С.Юстапчык
|
IX Акакі Серафімавіч, як гаспадар, заходжваючыся разам із Марфушаю над беспасярэдняю падрыхтовай “гарбаткі” і прыняўшы на сябе адказную “чэмергесавую” частку, ужо правёў быў пры гэтым, як казаў ён, “папярэднюю індывідуальную зарадку”. Яшчэ Казімер, пераймаючы ад яго апеку над “Троцкім”, мог заўважыць гэта. Цяпер–жа, калі брандмайстар яшчэ паправіўся, узяўшы дзейны ўдзел у вагульным “галасаваньні” й справіўшыся пры тым “прагаласаваць” аж два разы, ён быў зусім “на заводзе” і нават, пакуль астоіўся ўстаўшы, мусіў разоў пару схісянуцца. Праўда, толькі крышку — да нормы нават было йшчэ далёка, і таварыш Гарлапанін быў усяго ў поўнай бальшавіцкай бадзёрасьці. Хоць усе ўжо сьціхлі, але аратару было замала гэтага, і ён шукаў яшчэ чаго–небудзь растчэйшага за шклянку, аб што можна было б добра джвагнуць, каб выклікаць ашаламаняльны гук для ажыўленьня мёртвае ўжо цішыні. Брандмайстар вельмі любіў такія пажарныя гукі, і на паказах у мясцовым клюбе ўвёў моду перад кажным адчыненьнем заслоны лупіць у вядро, што мела абазначаць “гонг”. Ён проста пэдантычна дапілноўваў гэтага й нават змушаў зачыняць заслону, калі яна паважвалася рассоўвацца без выкананьня такога абраду, якім ён хваліўся кажнаму, як сваім вялікім новаўвядзеньнем, што павінна так наблізіць тутэйшую клюбную сцэну аж да сталічнае. Але цяпер вёдры былі йшчэ занятыя пад пітвом, і давялося абыцца бяз “гонгу”. — Я ўважаю, — пачаў прамоўца, — ув–важаю, што тут дыскур... дыспусіях хочуць перайсьці не да таго парадку дня, які... да якога хочуць тут перайсьці. Кам–са–мол, — і ён падняў палец, — што такое кам–сам–мол? — запытаўся ён многазначна, зьлёгку зноў схісянуўся. — Камуністычны саюз моладзі, — паўголасам адказаў Піхалін, які сваім настаўніцкім звычаем ня любіў пакідаць неадказаных пытаньняў. — Сам ведаю, — аскірзнуўся аратар. — Камсамол — гэта нашыя мілыя касма... камсамолкі — і Гарлапанін, скланіўшыся, правёў павольным шырокім гестам па ўсіх, асобна тыкаючы па дарозе пальцам ня толькі ў Валю, Кацю ці Сьцёшу, але і ў доктара Клікушыну. — А нашыя камсамолкі, — гэта толькі... толькі падпад... падпал–коўнікам, а пал–л–лкоўнікам — нашая слаўная партыя, і тут у нас палкоўнікам — наш парцейны кіраўнік Іван Абармотавіч Цімафееў. Ярмак Цімафеіч! Усе зарагаталі й запляскалі, знаходзячы, што брандмайстар ня з горшага павярнуў агульназнаную гульню словаў хадзячага анэкдоту. Асабліва спадабалася гэта Геаргадзе. Ён усхапіўся насустрач Цімафеічу, які таксама ўставаў з нованапоўненаю шклянкаю ў руках, усьміхаючыся сваёй звычайнай у такіх разох дурнавата–паблажліваю ўхмылкаю да аўтара, як здавалася яму, камплімэнту, сэнс якога, праўда, ня зусім яшчэ дайшоў да ягонае, ня дужа прыткае на розум галоўкі. — Палкоўнік! — аж зароў ад здаволеньня энкавуд, — ты — палкоўнік! Пі, Ярмач, ты палкоўнік! Эпалеты — зараз эпалеты... — і, ня доўга думаючы, ён проста рукамі схапіў з паўміска пару лустачак артыстычна–тонка накроенае Марфушаю паляндвіцы ды нашлёпнуў іх на Цімафеічавы раменьні, быццам–бы эпалеты. Цімафеіч спахмурнеў на мамэнт, але зараз жа зноў заўсьміхаўся ранейшай, цяпер ужо зусім дурной, ухмылкаю. Яму, пэўна–ж, не падабаўся такі зварот справы й жвава ўспомнілася адна з папярэдніх “гарбатак”, на якой гэты–ж самы ягоны сябра Ягорка, падпіўшы, змусіў яго лезьці пад стол і брахаць там пасабачу супроць “Троцкага”. Праўда, пасьля абое запілі гэтую прыкрасьць й доўга цалаваліся... І цяпер Цімафеіч баяўся, каб не паўтарылася чаго падобнага, баяўся ўцьвяліць чым–небудзь яшчэ небясьпечнага сябру, бо й наагул меў сьмяротны страх перад “усемагутным мячом дыктатуры пралетарыяту”. — Навошта дабро глуміць, — хацеў умяшацца Піхалін і пацягнуўся ўжо праз суседзяў, каб зьняць із “палкоўніка” імправізаваныя эпалеты. — Ня руш! — строга цыкнуў на яго Геаргадзе і, зьняўшы паляндвіцу, пляснуў яе на Цімафеічаву талерачку. — Ну, вып’ем, палкоўнік! — і ён стукнуў сваёй шклянкай у шклянку зьбянтэжанага йшчэ небаракі Цімафеіча, у думках якога адразу–ж пранеслася адхланьнем: “Ну, дзякаваць Богу, здаецца, тымчасам усё!” І ён смагла асушыў усё додна адным духам і зараз–жа пачаў заядаць нядаўнімі сваімі “эпалетамі”: — І зусім не палкоўнік, — гугнавіў тымчасам Дзяльцоў–Дзялецкі, — а наш будучы чырвоны прафэсар, — напамянуўся на ведамае ўсім Цімафеічавае жаданьне падацца ў славутую акадэмію партыйных невукаў — “Інстытут Чырвонае Прафэсуры”, якое было–б ужо зьдзейсьнілася, каб не вайна. — Сам ведаю, — спыніў яго перапынены падзеяй аратар, які перад тым вагаўся, ці пайсьці ў парог напоўніць асушаную за адным заходам з прыміранымі сябрамі шклянку, ці весьці далей сваю рацэю, а цяпер наважыўся на апошняе. — Прафэсар, доктар, палі... палісьцічаскіх навук доктар! І наш сібірскі герой вялікай аце–часьцьвенай вайны, наш новы Ярмак, аб якім удзячны народ... — і, зрабіўшы невялікую паўзу, брандмайстар адразу перайшоў да дэклямацыі собскага вершу, адмысловага й старэнна, у муках творчасьці, загадзя падрыхтаванага да гэтае нагоды, які, аднак, ён зьбіраўся пазьней выдаць за раптоўны экспромт: Ёсьць у нас карыфэі — Брава! Брава! — зараўлі ўсе госьці, устаючы зноў і імкнучыся стукнуцца шклянкамі і з паэтам і зь ягоным героем, якія тымчасам, рашчуленыя абодва, цалаваліся тройчы накрыж. — Экспромт, паверце — экспромт, — крыху асіплым ад занадта гучнае дэклямацыі голасам запэўняў палішчаны славай і здавальненьнем самога свайго правадыра брандмайстар–трубадур. Усе пачалі інтэнсыўна закусваць, але гаворка, ажыўленая паглынутымі ўжо градусамі, не перасьціхала, разьбіўшыся толькі на суседзкія групкі. Дый ад агульных прамоваў трэ было крыху адпачыць, хоць Каця Вераніцына, то чырванеючы, то бялеючы, рыхтавала наступны тост — пэўна–ж, на чэсьць “няўсоннага вока бальшавіцкае пільнасьці”, зь якога ўвесь час ня спушчала закаханых вачэй. Яна толькі колькі разоў памыкалася ўстаць і папрасіць увагі, але гэтая зайздросная сястрычка Нюрка кажны раз адразу моцна тузала за сукенку і трэ было здавацца пад небясьпекаю, што рэдзенькі мусьлінчык можа ня вытрымаць. — Які слаўны гэты Акакі Серафімавіч, — сказала свайму суседу Піхаліну Валя, якой ад таго глытка, што пасьпеў праскочыць праз горла, зрабілася толькі неяк вясёлкава–радасна ды ўсё і ўсе здаваліся йшчэ лепшымі, як дасюль. — А праўда, якое сьмешнае ймя — Акакі Серафімавіч? — Угу, — пацьвердзіў Піхалін, перажоўваючы закусь, — такі ён Акакі, як я Сруль. — Чаму? — не зразумела нічога Валя. — Сруль ён, і Сруль мусіць Срулевіч, — пачаў тлумачыць ёй сусед. Гэта ён пад чыста–рускага падрабіўся, і Гогаля абмінуць захацеў. Вось з аднаго Сруля і Акакі, і Серафім выйшлі. О, вы ня ведаеце іх, — націскаючы на іх, ужо паўшэптам вёў ён далей, — а я, — калі служыў у войску ў Менску... — Каго іх, — перапыніла Валя, якую напамінак аб Менску адразу навёў на блізкія ўспаміны, — фашыстых? — Але, фашыстых! — аж ледзь не падавіўся ад сьмеху несьмяшлівы наагул настаўнік. — А вы бачылі калі–небудзь фашыстых? — Не, але ўцякла ад іх, якраз із таго Менску... — Зь Менску — і гэтых ня ведаеце? — ізноў націснуўшы на займеньнік, паказаў Піхалін пальцам на брандмайстра. — А “фашыстыя” — хіба ня людзі, думаеце? Але раптам ён зацяўся, злавіўшы на сабе беглыя і ўжо масьляністыя вочкі лейтэнанта дзяржаўнае бясьпечнасьці. “Папаўся!” — аж захаланела ўсё ў сярэдзіне, і, наўзьдзіў хутка перамогшы прыродную цяльпукаватасьць, маланкаю бліснула адзіная спроба ратунку. Піхалін устаў і моцна зазваніў нажом аб шклянку, просячы сабе слова. Ушчэнт зьдзіўленыя гэтым неспадзяваным жаданьнем маўклівага заўсёды, як называлі яго “штатнага дэ–юрэ і заштатнага дэ–факто” Фенечкінага мужа, усе адразу сьціхлі й зь цікавасьцю чакалі, што гэта гэткае будзе. Адзін толькі Дзяльцоў–Дзялецкі гугнава бубнеў: — Кінь, сядзь, ато скажаш, як той дэлегат на зьезьдзе: “Не для того, что потому что и не потому что для того что, но ради лучшего чего–то, больше ничего, как только что...” Але на яго зацыкалі, нават не прыслухоўваючыся да анэкдоту, на якія “снабжэнец” быў “спэцам”. І Піхалін атрымаў усе патрэбныя прамоўцу перадумовы. Ён пачаў гаварыць, і адразу гаварыў нават куды лепш за сваіх папярэднікаў. Ад таго злоўленага погляду гэпэушніка настаўнік адразу быў працьвярозеў і, узяўшы сабе за “ўстаноўку”, што перад ім — ягоныя вучні, цяпер у прамове, усё роўна як на лекцыі ў клясе, стараўся як мага разносіць “сусьветны фашызм”, спрабуючы гэтак “адмежавацца” і “застрахавацца” ад таго, каб на ўсякі выпадак “чаго–небудзь ня выйшла”. Але зь цягам прамовы хмель ізноў зьвярнуўся і ўдарыў у галаву, і цяльпукаваты Піхалін мо ўпяршыню ў жыцьці перакінуўся з настаўніцкага ў чыста аратарскі разгон. Ён хапіў у рукі нож, пачаў даволі небясьпечна размахваць ім навокал, а ягоныя вочы й вусны проста крэсілі зь сябе іскры маланак супроць ворагаў чалавецтва. Але неяк пачало выходзіць так, што іскры гэтыя ды, здаецца, во–во й замахі нажа, усё больш і больш падалі то на Гарлапаніна, то на Дзяльцова, то на ... Цімафеіча, то нават — мой Божа! — на самога таго Геаргадзе... Пакрысе пачало рабіцца няёмка й неяк нават трывожнавата. І Фенечка, адчуўшы гэта, адразу–ж задзеяла. — Пакладзі нож! — строга сказала яна, моцна хапіўшы мужа за руку. — Гатоў яшчэ вока каму выпараць. І лепш сядзь, — праўда, Адрыян Кірылавіч казаў, які зь цябе аратар. І да распаленага натхненьнем прамоўцы, як ад нейкага раптоўнага гіпнозу, вомірг зьвярнулася звыклася цяльпукаватасьць. Ён адразу зьвяў і сеў. Жонка, хоць і намінальная, заўсёды дзеіла на яго неадбойна. Аднак, усе ўзнагародзілі аратара бурнымі воплескамі. Яму адразу налілі, і самі выпілі йшчэ з гэтае нагоды. Але нейкая прыкрасьць і трывожнасьць усё–ж ня зьнікала. І таму гаспадар, які ні пры якіх градусах ня траціў прытомнасьці і ўласьцівай ягонай расе пракідкой прыткасьці, запрапанаваў: — Можа, таварышы, перапынім тымчасам, сказаць, афіцыйную частку нашага... нашага нашага й пяройдзем да часткі мастацкае. Усе з адхланьнем згадзіліся.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |