Андрэй Екадумаў |
Час імпэрыяў мінуўсяZbigniew Brzezinski. The Grand Chessboard. American Primacy
|
АНДРЭЙ ЕКАДУМАЎ Прадмова да расейскага перакладу кнігі знакамітага экс-саветоляга Зьбігнева Бжэзінскага „Вялікая шахматная дошка“, прысьвечанай палітыцы ЗША і NATO на мяжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў, напісана генэрал-маёрам Юр’ем Кабаладзэ, прадстаўніком па сувязях з грамадзкасьцю Службы замежнай выведкі Расеі. Як вядома, найбольш запамінальныя часткі нейкага паведамленьня — пачатак і канец. Прадмова стварае ўстойлівае першае ўражаньне ад кнігі, здольнае ўраўнаважыць уражаньні ад заключэньня, зробленага пры канцы „Шахаўніцы“ самім Зьбігневам Бжэзінскім. Аўтар „Вялікай шахматнай дошкі“ раскладае на гэтай самай эўразійскай дошцы нешта накшталт пасьянсу з магчымых сцэнароў сусьветнага разьвіцьця ў залежнасьці ад таго, як будзе прасоўвацца мадэрнізацыя ў трэцім і другім сьвеце, і выкладае, па сутнасьці, вядомыя ісьціны пра дамінаваньне захаду, амэрыканскае лідэрства і ўмовы гэтага лідэрства. Ісьціны гэтыя даюцца ў дастаткова сыстэматызаваным і абагульненым выглядзе. Бжэзінскі пачынае з аналізу існых у мінулым рэгіянальных звышдзяржаваў, вядомых гісторыі імпэрыяў, выдзяляючы крытэры, якія дазваляюць казаць пра краіну як пра звышдзяржаву. Аўтар налічвае чатыры такія крытэры: ваенная моц; эканамічная магутнасьць; тэхналягічнае лідэрства; культурнае разьвіцьцё і прыцягальнасьць. Супастаўляючы Амэрыку і яе становішча ў сучасным сьвеце зь дзяржавамі, якія адыгрывалі ролі лідэраў у мінулым, Бжэзінскі робіць выснову аб гістарычна ўнікальным характары лідэрства Злучаных Штатаў як сусьветнай дзяржавы сучаснасьці. Пры гэтым адрозьненьне ад папярэдніх дзяржаваў-лідэраў заключана ня толькі ў глябальным маштабе амэрыканскага дамінаваньня — усе папярэднія звышдзяржавы, так ці інакш, не выходзілі за межы рэгіянальнага лідэрства, — а ў самім характары амэрыканскага сусьветнага ўплыву. Злучаныя Штаты — гэта краіна, якая знаходзіцца наперадзе па ўсіх чатырох паказчыках у маштабах усяго сьвету, і нават у пэрыяд халоднай вайны Савецкі Саюз ня быў эквівалентным ЗША полюсам сусьветнага панаваньня, бо рэальна канкураваў з Амэрыкай толькі ў галіне ваеннай сілы, прайграючы па астатніх трох паказчыках. Амэрыканскае панаваньне ішло значна далей і глыбей за межы ваеннай сілы. Прывядзем словы самога Бжэзінскага. „Хаця амэрыканскае панаваньне ў міжнародным маштабе непазьбежна выклікае думкі пра падабенства з былымі імпэрскімі сыстэмамі, разыходжаньні ўсё ж істотнейшыя. Яны выходзяць за межы пытаньня аб тэрытарыяльным абсягу панаваньня. Амэрыканская магутнасьць выяўляецца праз глябальную сыстэму амэрыканскага кшталту, якая адлюстроўвае ўнутраны амэрыканскі досьвед. Цэнтральнае месца ў гэтым унутраным досьведзе займае плюралістычны характар як амэрыканскага грамадзтва, так і ягонай палітычнай сыстэмы“. У адрозьненьне ад імпэрыяў, створаных арыстакратычнымі палітычнымі элітамі, Амэрыка зьяўляецца дэмакратычнай краінай, якая распаўсюджвае свой уплыў праз распаўсюджаньне дэмакратычных прынцыпаў і інстытутаў, падмацоўваючы яго панаваньнем у галіне глябальных камунікацыяў і масавай культуры і адчувальнай тэхналягічнай перавагай. Міжнароднае лідэрства Амэрыкі — вынік дэмакратычнай арганізацыі грамадзтва,
плюралістычнай культуры і эфэктыўнай арганізацыі эканомікі. Пасьля распаду
СССР Амэрыка аказалася ў становішчы адзінага магутнага полюсу сілы, які
ўзначальвае блёк дэмакратычных заходнеэўрапейскіх і мадэрнізаваных цэнтральна-
і неэўрапейскіх дзяржаваў, і супрацьстаіць як у ваенным, так і ў сацыяльна-эканамічным,
палітычным і культурным пытаньні краінам зь недэмакратычнымі рэжымамі,
здольным прэтэндаваць максымум на рэгіянальнае лідэрства. У выніку, у першую
чаргу менавіта на Амэрыку кладзецца адказнасьць за забесьпячэньне стабільнасьці
ў сьвеце і забесьпячэньне ягонага паступовага пераходу да такой сыстэмы
бясьпекі і супрацоўніцтва, калі ніводная дзяржава, у тым ліку і Злучаныя
Штаты, ня будзе мець такога вялікага сусьветнага ўплыву, як тыя ж Штаты
на сучасным этапе эвалюцыі сусьветнай сыстэмы. На апошні пункт варта зьвярнуць
асаблівую ўвагу. Як піша Зьбігнеў Бжэзінскі ў заключэньні сваёй кнігі:
„Урэшце ў сусьветнай палітыцы абавязкова стане ўсё больш неадпаведнай канцэнтрацыя
ўлады ў руках адной дзяржавы. Значыць, ЗША ня толькі першая і адзіная звышдзяржава
ў сапраўды глябальным маштабе, але, верагодна, і апошняя“.
|
Здавалася б, несупастаўляльныя аб’ёмы — цэлая кніга Бжэзінскага супраць дзьвюх старонак прадмовы генэрал-маёра Кабаладзэ, але колькі інфармацыі ў гэтых дзьвюх старонках папераджальнага адказу чытачам на развагі аналітыка аб ролі Амэрыкі ў сучасным сьвеце. Адзін з разьдзелаў кнігі Бжэзінскага называецца „Чорная дзірка“. У ім Бжэзінскі піша пра Расею як пра пераходную дзяржаву ў прасторы між імпэрскім мінулым і верагоднай, лепшай дэмакратычнай будучыняй. Пры гэтым аўтар „Дошкі“ ўвесь час гаворыць пра пагрозу адраджэньня Расейскай імпэрыі ў форме СССР альбо нечага аналягічнага. Дэімпэрызацыя Расеі наўпрост прапарцыйная ейнай дэмакратызацыі як унутры, так і на міжнароднай арэне. У гэтым працэсе асаблівае месца Бжэзінскі адводзіць палітыцы ЗША ў дачыненьні да новых незалежных дзяржаваў, у мінулым — саюзных рэспублік СССР. Заахвочваючы іхную самастойнасьць, Амэрыка папярэджвае ўзнаўленьне імпэрыі. Умацаваньне дзяржаўнасьці новых краінаў, што паўсталі на тэрыторыі Савецкага Саюзу, таксама блякуе адраджэньне Расеі па шляху імпэрыі. І хаця дзяржавы ў „Вялікай шахматнай дошцы“ выглядаюць нейкімі пэрсаніфікаванымі сутнасьцямі, Бжэзінскі ўсё ж адрозьнівае краіну як геапалітычнае ўтварэньне, і насельніцтва краіны, зьвяртаючыся да ідэі правоў чалавека і рэклямуючы між радкоў дэмакратычныя перавагі Захаду. З тэксту генэрал-маёра-рэцэнзэнта „Шахматнай дошкі“, магчыма, з-за сьцісласьці прадмовы, адрозьненьні людзей і краінаў не праглядаюцца. Дарэчы, гэта характэрна для расейскіх дзяржаўных дзеячоў, што, у адрозьненьне ад амэрыканскіх, не спалучаюць ідэю велічы сваёй радзімы з ідэямі дэмакратыі. Крытыкуючы ідэю Бжэзінскага — не дапускаць адраджэньня вялікай эўразійскай імпэрыі, спрыяць павароту Расеі да Эўропы і эўрапейскіх каштоўнасьцяў — Ю.Кабаладзэ піша: „Канечне, канцэпцыі шматполюснага сьвету чужыя Бжэзінскаму па самой ягонай прыродзе“. Але калі адарвацца ад загадкавай прыроды Бжэзінскага і ўважліва пачытаць саму ягоную кнігу, заўважна якраз адваротнае — Бжэзінскі піша пра шматполюсны сьвет, у якім перакрыжоўваюцца розныя інтарэсы, якія ў комплексе фармуюць тэндэнцыі сусьветнага разьвіцьця. Задачу Амэрыкі аўтар бачыць не ў ператварэньні ўсяго астатняга сьвету ва ўскраіну Амэрыкі, а ў выкананьні ролі сусьветнага пасярэдніка, амартызатара і часта арбітра, які не дазваляе ачагам супрацьстаяньня перарасьці ў ачагі ўзброеных канфліктаў, спрыяе станаўленьню сыстэмы глябальнага супрацоўніцтва і бясьпекі. Тут неабходна зрабіць адступленьне па пытаньні самой ідэі шматполюснасьці. Трэба дакладна і назаўсёды разьвесьці разуменьне шматполюснасьці як культурнай поліфаніі, суіснаваньня розных этна- і субкультурных масіваў, і шматполюснасьці як суіснаваньня прынцыпова адрозных у сваіх базавых прынцыпах сацыяльных сыстэмаў, сацыякультурных мадэляў, увасобленых у канкрэтных грамадзкіх і дзяржаўных інстытутах. Шматполюснасьць сьвету ў апошнім варыянце, г.зн., калі побач з адкрытым грамадзтвам канкуруюць іншыя сацыяльныя мадэлі, забясьпечаныя сучаснымі сродкамі зьнішчэньня і рэпрэсіўнага кантролю, але якія ніяк не прадугледжваюць захаваньня правоў чалавека, магчымая, але надта непажаданая. Можна распачынаць гвалт, крычучы пра дыктатуру дэмакратыі, спадчыннае права народаў на рытуальнае людажэрства і складаньне ахвяры людзьмі, але выбар стаіць рубам: альбо ўнівэрсальная мадэль, якая прапаноўвае — калі некаму падабаецца такая назва — дыктатуру дэмакратыі, альбо дыктатура алігархіі, жрацоў, партыі, кляну, правадыра. У культурным пляне сучасны сьвет застаецца шматполюсным, але ў пляне насьледаваньня пэўнай сацыяльна-эканамічнай і палітыка-прававой мадэлі сьвет усё больш манапалярызуецца — у бок той самай мадэлі, якую адстойваюць ЗША і разьвітыя эўрапейскія краіны. У Бжэзінскага гэта прапісана дастаткова выразна, але гэтая канстатацыя — зусім не падстава бачыць у Амэрыцы сусьветную імпэрыю, а ў разьвітых краінах — адданых імпэрскіх васалаў. Пра што ж кажа Ю.Кабаладзэ ў сваёй прадмове? Ён пастулюе непрымальнасьць
натаўска-амэрыканскага дамінаваньня ў новым сьвеце і выступае за роўнае
стратэгічнае партнэрства. Але ён не паказвае галоўнага: якім чынам можа
рэалізоўвацца роўнае партнэрства між багатым, моцным Захадам, які вызнае
дэмакратычныя прынцыпы, і краінай зь неразьвітай крымінальна-бюракратычнай
эканомікай, якая толькі нядаўна дэкляравала пераход да дэмакратыі.
|
Тыповай для імпэрскага мысьленьня застаецца звычка бачыць у апанэнце, рэальным ці ўяўным, іншага такога ж, як сам. Імпэрскі штурмавік будзе бачыць перад сабой імпэрскага штурмавіка, нават калі мае справу зь мірным гандляром. Гэты злы жарт геапалітычнай оптыкі таталітарызму яўна прасочваецца пры параўнаньні тэксту кнігі і камэнтара прадмовы. Калі чытаеш староньне-крытычную прадмову, іншы раз ствараецца ўражаньне, што ў халоднай вайне перамог іншы Савецкі Саюз, і цяпер гэты Амэрыканскі Саюз Савецкіх Злучаных Штатаў круціць сьветам, як СССР круціў сваімі сацыялістычнымі эўрапейскімі сатэлітамі, што Вашынгтон кіруе эўрапейскімі краінамі, як Масква — сваёй нутраной і вонкавай імпэрыяй. А між іншым, Бжэзінскі ў сваёй кнізе сьцьвярджае, што Амэрыка стаіць на чале прынцыпова іншай сыстэмы разьмеркаваньня ўлады ў сьвеце. „У адрозьненьне ад былых імпэрыяў, гэтая вялізная і складаная сыстэма не зьяўляецца гіерархічнай пірамідай“. Абвінавачваньні ЗША ў імпэрскіх амбіцыях будуюцца на вераломнай пасылцы, быццам бы ЗША — імпэрыя, а не рэспубліка, тыранія, а не дэмакратыя. Асабліва бездапаможна выглядаюць гэтыя абвінавачваньні (выйдзем за рамкі прадмовы) з боку нядаўняга савецкага істэблішмэнту, нядаўняй імпэрскай адміністрацыі, незадаволенай падзеньнем свайго ўплыву на міжнароднай арэне, адміністрацыі, якая ня здольная і не жадае на месцы Імпэрыі Зла ствараць прававую дзяржаву і грамадзянскую супольнасьць. У выніку, у дакладнасьці паводле культавага сучаснага расейскага пісьменьніка Віктара Пялевіна, Імпэрыя ўсё больш прыпадабняецца да бананавай рэспублікі зла, якая імпартуе бананы зь Фінляндыі. Што тычыцца пошуку Бжэзінскім новай стратэгіі сусьветнага панаваньня
ЗША, трэба адзначыць: па-першае, ня трэба прымаць папулярную публіцыстычную
працу за ваенную альбо палітычную дактрыну, а па-другое, і гэта важна,
самаўсьведамленьне амэрыканскага грамадзтва ніколі не будавалася на базе
глябальных мэсіянскіх ідэяў. Гэта посткастрычніцкая Расея ў чаканьні сусьветнай
рэвалюцыі, дый перадрэвалюцыйная ў панславісцкіх парывах, грашылі мэсіянскімі
фантомамі. Паводле статыстыкі, якую прыводзіць Зьбігнеў Бжэзінскі ў заключэньні
„Вялікай шахматнай дошкі“, толькі 13% амэрыканцаў выступаюць за захаваньне
Амэрыкай пазыцыі адзінага сусьветнага лідэра-звышдзяржавы, і 74% апытаных
аддаюць перавагу таму, каб ЗША вырашалі сусьветныя праблемы побач з астатнімі
дзяржавамі.
Расея — „Чорная дзірка“ Уяўляе цікавасьць дэталь дызайну вокладкі расейскага выданьня „Вялікай шахматнай дошкі“ — кружок у правым ніжнем куце з выяваю тэўтонскага шлема і рускага шалома з надпісам: „Вялікае процістаяньне“. Ня ясна, чаму вялікае, бо Савецкі Саюз зьнік, а Вялікая Расея — толькі міталягічнае мэнтальнае ўтварэньне, вялікае хіба тэрыторыяй і ядзерным патэнцыялам (рэальная моц якога, магчыма, моцна перабольшваецца). Прастора, на якой раскінулася сучасная Расейская Фэдэрацыя, у Бжэзінскага называецца „Чорнай дзіркай“. Крыўдна, можа, але факт застаецца фактам: гэта тэрыторыя, якая ўсё яшчэ застаецца ў дастатковай ступені непрадказальнай (і цяпер, і на момант напісаньня кнігі ў 1997 годзе). Хаця і мімаходзь, у разьдзеле, прысьвечаным постсавецкай Расеі, указваецца на спэцыфіку сучаснай расейскай дзяржаўнасьці, дагэтуль недастаткова асэнсаваную элітамі краінаў-суседзяў Расеі. Расея, зь якой мы маем справу, існуе ня больш за дзесяць год, і гэта толькі прамежкавая форма, зь якой у пэрспэктыве можа атрымацца стабільная дэмакратычная дзяржава. Гэтую новую, цяжкатрансфармоўную Расею і ў самой Расеі, і ў Беларусі многія ўспрымаюць як пераемніцу СССР і Вялікай Расейскай імпэрыі. Але ні па этнічным складзе, ні з пункту гледжаньня сацыяльна-палітычнай арганізацыі, ні ў эканамічным пляне гэта не Расейская імпэрыя і не паменшаны СССР. Гэта ўжо ня тая Расея, як адзначае Бжэзінскі, гэта новая эўразійская дзяржава, але з у значнай ступені, на жаль, старымі палітычнымі элітамі. Менавіта гэтыя эліты і асацыююцца, і самі сябе асацыююць зь Вялікай Расеяй мінулага, у абліччы СССР альбо Імпэрыі, зь Вялікай Мітычнай Расеяй. Крыўда за дзяржаву, а не людзей, якія яе насяляюць, характэрная для экс-савецкіх вярхоў, што культывуюць антызаходнія настроі. Але рэальна дэмакратычнай Расеі яшчэ няма, а імпэрскай — ужо няма. І няма сэнсу, як гэта робіць Ю.Кабаладзэ, зьдзіўляцца або абурацца, што Бжэзінскі піша аб ілюзорнасьці ўяўленьняў аб раўнапраўным стратэгічным партнэрстве між ЗША і недааформленай, маргінальнай Расеяй, значная частка вярхоў якой тужыць па імпэрскім статусе. На забесьпячэньне максымальнага ўдзелу Расеі ў сусьветных справах Бжэзінскі ўказвае як на абавязковы этап у станаўленьні новага сусьветнага парадку, стварэньні трансэўразійскай сыстэмы бясьпекі, калі Амэрыка паступова перастане дамінаваць, а сьвет стане дастаткова стабільным і інтэграваным. І ўсё ж, гэты неабходны этап можа быць ажыцьцёўлены толькі пры забесьпячэньні дэмакратызацыі і стабілізацыі самой Расеі. Пакуль што для багатай Амэрыкі і Заходняй, ды ўжо ў немалой ступені
і Цэнтральнай Эўропы забесьпячэньне раўнапраўнага партнэрства з Расеяй
азначала б уласнаручную дэстабілізацыю сусьветнай абстаноўкі, чаго яны,
натуральна, дазволіць сабе ня могуць. Сучасная Расея надта нестабільная,
надта карумпаваная, усё яшчэ надта індактрынаваная, ня кажучы ўжо аб тым,
што яна зьяўляецца свайго роду ўзорам парушэньня правоў чалавека. Так што
канца гісторыі (паводле Фукуямы) у Расеі, як і ў сатэлітнай Беларусі, і
азіяцкіх дзяржавах СНД, чакаць давядзецца яшчэ доўга. ЗША апынуліся ў ролі
адзінай сусьветнай звышдзяржавы, і цяпер вымушаныя зыходзіць акурат з свайго
гістарычна ўзьніклага статусу, як на тое ўказвае Бжэзінскі, а не з ідэяў
абстрактнай геапалітычнай справядлівасьці або пашаны да пачуцьцяў прыгнечанай
імпэрскай годнасьці расейскіх вярхоў.
|
Расейскі ўплыў у Беларусі зноў нарастае, але адбываецца гэта на фоне ўзмацненьня амэрыканскага і заходнеэўрапейскага ўплыву ў сьвеце ў цэлым. Як гэта ні парадаксальна, але значная частка беларускай эліты, не жадаючы інтэграцыі з Расеяй, не жадае гуляць і па амэрыканска-эўрапейскіх правілах. Пад узьдзеяньнем расейскіх мас-мэдыяў, якія фармуюць беларускі погляд на міжнародныя падзеі, мноства беларусаў, і ня толькі расейскамоўных, глядзіць на сьвет расейскімі вачыма. Краіна, дзякуючы пасьлядоўнай палітыцы кіраўніцтва, паразытуе на расейскіх рэсурсах, у дакладнасьці на ўзор савецкай і новарасейскай элітаў, якія рабавалі і рабуюць расейскія нетры. Мёртва прымацаваная сучасным рэжымам да Расеі, але юрыдычна сувэрэнная Беларусь знаходзіцца ў становішчы гэткага расейскага Пуэрта-Рыка, і падпісаньне ўсё новых „саюзных“ дамоваў спрыяе замацаваньню гэткага статусу. Толькі ў адрозьненьне ад Пуэрта-Рыка, Беларусь рухаецца ў авангардзе расейскага імпэрскага рэваншу. Аналіз ідэяў, выкладзеных у кнізе Бжэзінскага, актуальны для нас настолькі, наколькі цяперашняя беларуская замежная палітыка — гэта расейская замежная палітыка ў найбольш імпэрскім варыянце. Гэткі парадокс беларускай дзяржаўнасьці на мяжы тысячагодзьдзяў. Сваёй уласнай замежнай палітыкі, якая б адлюстроўвала беларускія нацыянальныя інтарэсы, а не інтарэсы расейскай алігархіі, у сучаснай Беларусі няма. Цяперашняя Беларусь у сваёй міжнароднай гіпастазіі — фарпост нават не сучаснай Расіі, якая перажывае мадэрнізацыю, а зьніклай Расейскай імпэрыі, яе выспачка ў гісторыі. Усё пытаньне ў тым, наколькі магчымае адраджэньне Расеі ў якасьці якраз Расейскай Імпэрыі, чаго так баіцца Бжэзінскі (а таксама і расейскія заходнікі). Праблематычнасьць такога адраджэньня, новага збору земляў, крыецца ў самым мэханізьме адраджэньня Расеі, здольным забясьпечыць яе моцай для такога збору. Мэханізм расейскага адраджэньня (як, у прынцыпе, і беларускага) можа быць толькі той самы, што і ў пасьляваенных Нямеччыны і Японіі, а менавіта засваеньне эканамічных, палітычных і сацыяльна-культурных стандартаў, якія вызнаюць краіны эўраатлянтычнай цывілізацыі. Праблема імпэрскага рэнэсансу пры пасьпяховай мадэрнізацыі расейскага, беларускага або ўкраінскага, як і якога іншага грамадзтва з імпэрскай мінуўшчынай палягае ў самой пасьпяховасьці такой мадэрнізацыі як зарукі адмовы ад імпэрскага шляху. Забесьпячэньне свабоды прадпрымальніцтва, правоў чалавека, рэальнага фэдэралізму і мясцовага самакіраваньня здольныя стварыць неабходныя матэрыяльныя рэсурсы для імпэрскага аднаўленьня, але зьмяняюць саму структуру разьмеркаваньня рэсурсаў, выстаўляючы эканамічныя, палітычныя і культурныя заслоны, што перашкаджаюць імпэрскай цэнтралізацыі. Перадумовы пасьпяховай мадэрнізацыі — дэмакратыя плюс рынак. Але спалучэньне демакратыі і рынку ў сучасным сьвеце робіць немагчымым імпэрскае разьвіцьцё краіны, што даводзіць прыклад Злучаных Штатаў або пасьляваеннай Японіі. У такім ракурсе перасьцярогі Бжэзінскага з нагоды імпэрскай будучыні Расеі выглядаюць крыху інэрцыйнымі. Афіцыйная Беларусь, прытрымліваючыся формулы „імпэрыя мінус дэмакратыя і рынак“, апынаецца ў становішчы правінцыі, ня згоднай з распадам мэтраполіі, фактычна — прыдаткам Расеі, але ня ўсёй, а той, што ўсё яшчэ захоўвае сувязь з імпэрскім мінулым, бо цяперашняя Расея і палітычна, і эканамічна неаднародная. Каронны козыр расейскіх ультралевых і ультраправых — вялікая мітычная імпэрская мініуўшчына — выкарыстоўваецца беларускімі вярхамі для ціску на расейскія эліты, якія або вымушаныя лічыцца з таталітарнай спадчынай Расеі, як лібэралы з Саюзу правых сілаў, або напоўніцу на ёй спэкулююць, накшталт камуністаў ці групы Жырыноўскага. Інтэграцыйная рыторыка, якая ўсьцяж прадукуецца афіцыйнай Беларусьсю, задае правілы гульні і расейскім заходнікам, якія ў барацьбе за выбарца абавязкова спасылаюцца на адзінства гістарычных лёсаў Беларусі і Расеі, хоць цалкам відавочна — ніякіх рэальных дывідэндаў ні простым расійцам, ні расійцам ва ўладзе аб’яднаньне ня дасьць. Значна больш выгадна бясконца доўга аб’ядноўвацца, у патрэбны момант распальваючы інтэграцыйны ажыятаж для павышэньня рэйтынгу і пераключэньня ўвагі грамадзтва зь іншых, больш важных, праблемаў. Беларусь у гэтай гульні, як і Пуэрта-Рыка, застаецца заштатным штатам, у нашым выпадку — пазаштатнай расейскай губэрняй з усімі атрыбутамі аўтаномнай дзяржаўнасьці. Аднак, нягледзячы на спэцыфічную рыторыку кіраўніцтва і на асаблівасьці нацыянальнай індыфэрэнтнасьці, гэта адно толькі краіна-сатэліт, а ня першая вернутая правінцыя і не этап у зьбіраньні земляў наўкола Масквы. Сьвет радыкальна зьмяніўся. Час імпэрыяў мінуўся. У расейска-імпэрскім пасьянсе, што раскладвае на эўразійскай шахматнай
дошцы Зьбігнеў Бжэзінскі, беларуская карта выглядае ня больш як шасьцёрка,
да таго ж неказырная. Але ў нас, беларускіх шасьцёрак, грамадзянаў юрыдычна
ўсё яшчэ незалежнай дзяржавы, ёсьць некаторая, дарма што слабая пакуль,
перавага над імпэрскай мінуўшчынай, якая замінае Расеі адмовіцца ад хімэраў
нязбытнай самабытнасьці і духоўнай дамінацыі. Гэтая перавага палягае ў
адсутнасьці або слабасьці імпэрскага сындрому ў большай часткі беларускіх
элітаў. Як бы сучаснае беларускае кіраўніцтва ні эксплюатавала стэрэатыпы
імпэрскай сьвядомасьці, посьпех імпэрскай рыторыкі ўсярэдзіне Беларусі
зьніжаецца непазьбежна падпарадкаваным статусам беларусаў у этнасацыякультурнай
прасторы Расейскай Імпэрыі.
Нацыянальная веліч
Разважаньні аб нацыянальнай велічы, якая часта атаесамляецца зь дзяржаўнай, пэрсаніфікуюць дзяржавы, але дэпэрсаніфікуюць людзей, якія ў іх жывуць. Амэрыканская ідэалягічная пляцформа злучае дзяржаўную палітыку і ацэнку дзяржавы ў цэлым з ацэнкай выкананьня правоў чалавека — г.зн. з ацэнкай становішча кожнага канкрэтнага чалавека. Усе астатнія ідэалягічныя пляцформы дзяржаўнага будаўніцтва пры канцы ХХ стагодзьдзя аказваюцца хісткія і нетрывалыя. Але яны могуць зашкаджаць пабудове гуманнага грамадзтва, што грунтуецца на правах чалавека. Блякуючым зьвяном расейскай самасьвядомасьці застаецца міталягема Вялікага гістарычнага мінулага Расеі. Дыскрэтнае гістарычнае мінулае выдаецца за бесьперапыннае і мэтанакіраванае. Ад імені гэтага міталягічнага мінулага новыя/старыя расейскія эліты спрабуюць процістаяць дамінаваньню ЗША. Ад яго ж імені будуе сваю ўнутраную і замежную палітыку афіцыйны Менск. У кнізе Бжэзінскага паказана, чаму менавіта Амэрыка аказалася сусьветным лідэрам і чаму яна ім застаецца, а таксама чаму ў сьвеце ў цэлым дамінуе Захад. Прадмова да расейскага выданьня яшчэ раз даказвае, што Расея пакуль цьвёрда сябе з Захадам не атаесамляе.
Расейскамоўны сайт чачэнскіх незалежнікаў мае сталыя рубрыкі „Навіны“, „Фотаздымкі“, „Аналітыка“, „Іслам“, „Гісторыя“, „Архіў“ і іншыя, спасылкі на іншыя інфармацыйныя рэсурсы. Пэрыядычнасьць выхаду навінаў - раз у суткі. Нядаўна на ім распрацаваныя дадатковыя моўныя опцыі, цяпер „гарачыя“ навіны дублююцца па-ўкраінску, ангельску, швэдзку, фінску і басьнійску. Сайт адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю чачэнскага ваеннага камандаваньня і працуе ў рэжыме „прапагандысцкай вайны“: штовыпуск падаюцца яўна завышаныя зьвесткі пра страты „ў жывой сіле і тэхніцы“ праціўніка, а мова паведамленьняў вельмі нагадвае адпаведны „канцылярыт“ расейскіх генэралаў, толькі тут фігуруюць расейскія „найміты“, „так званыя спэцназаўцы“ і „расійскія крымінальна-тэрарыстычныя банды“. Сайт хуткадзейны, і праца зь ім дасьць задавальненьне кожнаму цікаўнаму. XIX
стагоддзе Першая кніга навукова-літаратурнага альманаху „XIX cтагодзьдзе“ сваім зьяўленьнем ад пачатку і да канца абавязана літаратуразнаўцу і перакладніку, кандыдату філялягічных навук Міколу Хаустовічу, які самахоць узваліў на сябе цяжар і тэхнічнай падрыхтоўкі выданьня, і перакладніцка-рэдактарскіх абавязкаў. Альманах складаецца з артыкулаў на літаратуразнаўчую і агульнагуманітарную тэматыку самога ўкладальніка („Нараджэньне беларушчыны“, „Апалёгія беларускае польскамоўнае літаратуры“, „Пясьняр ліцьвінскае шляхты“, „Цяпер маскаль пяе мудрагелікі свае“ і г.д.), зь вершаў Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Тадэвуша Лады-Заблоцкага ў польскім арыгінале і ў перакладах на беларускую мову, зробленых Рыгорам Барадуліным, з публікацыяў у аўтэнтычным графічным выкананьні раней недаступных чытачу архіўных матэрыялаў - „Hutarki staroho dzieda“ і „Kryudy i Praudy“, „Krotkiego zebrania nauki chrzescianskiej“, а таксама зь перакладной прозы пісьменьнікаў, якіх укладальнік залічае - і зусім слушна робіць - у прадстаўнікі беларускай польскамоўнай літаратуры (Марцін Асорыя „Нешта тут сабакам сьмярдзіць“, Ігнат Ходзька „Успаміны Квэстара“, Генрык Равускі „Князь Радзівіл Пане Каханку“, Францішак Карпінскі „Падарожжа па зачараваным краі“, Юзаф Ігнат Крашэўскі „Кунігас“, Аляксандар Гроза „Нечаканы госьць“). Альманах быў выдадзены коштам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Даведкі наконт выданьня можна атрымаць Леонид
Смиловицкий Аўтар, навуковы супрацоўнік Інстытуту габрэйскай дыяспары пры Тэль-Авіўскім унівэрсытэце, зрабіў спробу асьвятліць найбольш важныя этапы разьвіцьця гісторыі жыдоў Беларусі за паўстагодзьдзя. Ён спыняецца на розных баках габрэйскага жыцьця. Асаблівая ўвага надаецца гісторыі Галакосту і палітыцы нямецкага генацыду, удзелу жыдоў у партызанскім руху, беларускім „праведнікам“, што ратавалі жыдоў у вайну з рызыкай для ўласнага жыцьця. Аўтар зьбівае міт пра „пакору“ жыдоў нацыстам. Упершыню дасьледуецца рэлігійнае жыцьцё беларускіх жыдоў у 1944-1953 гадох. Каму трэба, знойдзе ў кнізе вялікі даведачны матэрыял. Фактычна, кніга - вынік дасьледчай працы аўтара ў беларускіх, расійскіх і ізраільскіх архівах пасьля выезду зь Беларусі ў Ізраіль у 1992 годзе. Прадмову да кнігі напісаў прафэсар Ерусалімскага жыдоўскага ўнівэрсытэту Шаўль Штампфэр. Выдала кнігу прадстаўніцтва „Джойнту“ ў Беларусі. Мішпаха Выйшаў шосты нумар часопіса-альманаха „Мішпаха“ - сапраўднай візытоўкі сучаснага беларускага габрэйства. Часопіс „Мішпаха“ выходзіць у Віцебску з 1995 году, цяпер - 2 разы на год. Ягоны заснавальнік - Саюз беларускіх жыдоўскіх грамадзкіх арганізацыяў і суполак, а спансаруе American Jewish Joint Distribution Committee. Галоўны рэдактар часопіса - Аркадзь Шульман. Наклад - 1400 асобнікаў. Распаўсюджваецца ён у жыдоўскіх асяродках Беларусі, а таксама сярод эмігрантаў зь Беларусі ў Амэрыцы, Эўропе, Ізраілі, цешыцца вялікай папулярнасьцю ў Расеі. У нумары зьмешчаны фрагмэнты аповесьцяў Аляксандра Чарніцкага „Каханьне Голды Мэір“, Аркадзя Крумэра „Бабулін двор“, апавяданьне Сямёна Злотнікава „Лялечка“, вершы Галіны Левінай, Яфрэма Баўха, Міхаіла Рубіна, Елізаветы Палеес. Эсэ Іны Герасімавай „Родам з Моталя“ апавядае пра нашага зямелю, першага прэзыдэнта Ізраіля Хаіма Вэйцмана. Слынны беларускі пісьменьнік і публіцыст Уладзімер Мехаў у рубрыцы „Імя“ піша пра Хаіма Мальцінскага і Рыгора Шыфрына. Былы рэдактар газэты „Авіў“ Міхаіл Нардштэйн публікуе сваё эсэ „Узьняцца й выстаяць“ пра сьмелых актывістаў менскага сыянісцкага руху 70-х гадоў Лява Аўсіцэра, Навума Альшанскага і Яфіма Давідовіча. Шэраг артыкулаў пра габрэяў-эмігрантаў зь Беларусі (у папярэдніх нумарах распавядалася пра ЗША і Вялікую Брытанію) працягвае гутарка пра беларускіх жыдоў у Францыі. Шматлікія матэрыялы прысьвечаныя гісторыі, этнаграфіі, культуры жыдоў Беларусі, друкуюцца артыкулы, нарысы і ўспаміны пра знаных артыстаў, пісьменьнікаў, кампазытараў, філёзафаў. Для аматараў архіўных адкрыцьцяў цікавымі будуць дасьледаваньні Аркадзя Лейзерава, Міхаіла Кемерава, Валер'я Шышанава. У падборцы „Прозьвішча - Шульман“ друкуюцца эсэ Жанны Маркоўскай-Шульман пра сям'ю асьветнікаў, пісьменьнікаў, музыкаў, зь якой выйшаў слынны сьпявак Зіновій Шульман, эсэ Міхаіла Шульмана - „Мы - людзі школьныя“, артыкул вядомай мастачкі Ліі Шульман пра сваіх бацькоў, дасьледнікаў марской фаўны. У часопісе друкуецца безьліч лістоў, згадак і мэмуараў, дасланых у рэдакцыю з усіх чатырох канцоў сьвету. У падрыхтоўцы нумару дапамагалі Якаў Басін і Май Данцыг. Часопіс выходзіць па-расейску, але цалкам прысьвечаны лёсам і творчасьці беларускага жыдоўства. Сваёю цеплынёй і чуласьцю ён нагадвае сямейны альбом, са старонак ягоных паўстае непаўторнае жыцьцё й дух беларускага жыдоўства. А рэдакцыя ягоная сядзіць у Віцебску на вуліцы Калгаснай, 4. Можна рэкамэндаваць найшыршаму колу чытачоў. Толькі што створаны сайт „Мішпахі": www.mishpoha.org.
Адрас для карэспандэнцыі:
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |