A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


Апытаньне ARCHE

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Беларусь — незалежная?

Адказы на наша пытаньне: „Ці ёсьць Рэспубліка Беларусь незалежнай дзяржавай?“ — прыйшлі зь Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Польшчы, Украіны, зь беларускіх гарадоў і вёсак. На жаль, ні ў водным з допісаў да канца яснага адказу мы так і не знайшлі. Усё ж, усім дзякуй.

 
Алесь Анціпенка,
філёзаф, дырэктар Беларускага калегіюму:

Пытаньне парадаксальнае. Фармальна краіна застаецца незалежнай дзяржавай, але незалежнасьць Беларусі ніяк не асацыюецца зь існымі ўладамі і палітычным рэжымам, якія рэпрэзэнтуюць Беларусь. Рэпрэзэнтацыя ў беларускім выпадку — гэткая ж сутнасная праблема, як і сама незалежнасьць.

Сымбалі-рэпрэзэнтанты аддзеленыя ад дзяржавы, а сама дзяржава аддзеленая ад сутнасна-беларускага. Гэткі палітычны прывід, твор шыза-літаратурнага жанру, а калі разглядаць звонкі — змрочны суб’ект міжнароднага права.

…Беларуская незалежнасьць з пэрспэктывы адраджэнскай ідэалёгіі 90-х гадоў будзе іншай. Яна будзе там, дзе смаляць вепручка, дзе цётка Адася ставіць на стол аладкі, падае сьвежанінку і дзе мужчыны годна і цьвёрдай рукой разьліваюць па кілішках крышталёвую гарэлку хатняга вырабу. Але пры чым тут незалежная Беларусь? А проста ні пры чым, бо дзядзька Ядрусь, хоць і ня любіць палітыкі, але ж калі-нікалі скажа добрае слова пра Аляксандра Рыгоравіча. Дый наагул ня любяць беларусы браць у рукі сьцяг. Куды зь ім хадзіць на вёсцы? І хоць дзядзька Ядрусь ня мае ў хаце новага чырвона-зялёнага сьцягу і гербу „зямная куля“, зь імі ўсё ж спакайней. Трэба трымацца ўлады й начальства.

У горадзе, як вядома, усе людзі разумнейшыя дый адукаванасьці болей. А таму й начальства тут рознага нашмат болей, чым на вёсцы. Яны, як той казаў, і вядуць рэй у справе незалежнасьці краіны.

Незалежнасьць — гэта калі ты падпарадкаваны, калі ёсьць парадак. І толькі вакол сымбаляў гэты парадак і можа паўстаць. Вось нехта зноў спаліў чырвона-зялёны сьцяг. Гэта — непарадак…

І нарэшце амаль што рэалістычны прагноз адносна існаваньня Беларусі як незалежнай краіны. Жэлю Жэлеў сьцьвярджаў, што шлях постсавецкіх краінаў да нармальнасьці і дэмакратычнага ўладкаваньня пралягае праз рэанімацыю посттаталітарных, аўтарытарных і нават прафашыстоўскіх ідэалёгіяў. І калі параўнаць незалежную Беларусь зь сёньняшняй цэласнай Расеяй, у якой рэанімацыя аўтарытарнага ладу толькі пачынаецца, дык мы, падаецца, знаходзімся крыху бліжэй да захаваньня нашага сувэрэнітэту, чымся Расея — да захаваньня сваёй імпэрскай і дзяржаўнай цэласьці.

 

 
   

 
Юрась Беленькі,
намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ:

Да гэтага пытаньня, безумоўна, можна падыходзіць паводле розных крытэраў. Калі ўзяць палітычна, Беларусь знаходзіцца ў стане моцнай залежнасьці ад Расеі, стане, які можна назваць паўкаляніяльным, васальным. Залежнасьць жа ў эканамічным пляне стваралася штучна палітычным рэжымам на чале з Лукашэнкам, які нават фізычна залежыць ад усходніх уладных структураў, у першую чаргу спэцслужбаў, бо яны прывялі яго да ўлады. Нам адсякалі магчымасьць супрацоўніцтва з Захадам і штучна прывязвалі да Ўсходу, па некаторых момантах проста загадным чынам. Дастаткова моцная эканамічная залежнасьць існуе. Аднак, калі глядзець рэальна, то ўсё ж на тэрыторыі Беларусі дзейнічае сваё эканамічнае заканадаўства. У значнай ступені нашая эканоміка, нашыя „правілы гульні“ адрозьніваюцца ад таго, што існуе ў Расеі. Масква шмат намаганьняў зрабіла, каб інкарпараваць Беларусь, але жаданых вынікаў гэткая палітыка яшчэ не дала.

Наконт культуры. Тут, перш-наперш, трэба закрануць пытаньне інфармацыйнай прасторы, бо вядома, што мы жывем у інфармацыйным грамадзтве. Беларуская інфармацыйная прастора накрываецца расейскімі электроннымі сродкамі масавай інфармацыі. Зь цяжкасьцю можна назваць беларускае тэлебачаньне нацыянальным, але такія-сякія элемэнты нацыянальнага там ёсьць, зь якім бы скепсысам мы да БТ ня ставіліся. Часьцяком многія людзі там падсьвядома праводзяць адрозную ад расейскай, прынамсі, культурніцкую палітыку, бо яны жывуць у гэтай краіне, пераймаючы і манеры беларусаў, і нават тую ж трасянку, моўныя абароты.

Варта было б згадаць і пра беларускі мэнталітэт. Ня толькі нацыянальна сьвядомыя беларусы, а і замежнікі адзначаюць вельмі моцную розьніцу паміж нашым мэнталітэтам і расейскім. Гэта сьведчыць, што мы незалежныя ад іх у сваім сьветапоглядзе, сваіх адчуваньнях, філязофіі, асабліва што тычыцца філязофіі сялянства. Беларусь за савецкім часам жыла лепш, чым Расея, і ў гэтым была заслуга не савецкага ладу. Гэта была заслуга папярэдніх пакаленьняў беларусаў. Нашы людзі добра працавалі нават тады, калі ім не плацілі, бо прагнулі працы. Не зважаючы на тое, што Лукашэнкам былі адкрытыя ўсе шлюзы з Усходу, нас вельмі цяжка размыць, бо ня толькі мы, этнічныя беларусы, зьяўляемся носьбітамі беларускага мэнталітэту, а і тыя расійцы, палякі, габрэі, што жывуць на нашай зямлі.

Пагроза, бясспрэчна, існуе, бо Расея сьвядома праводзіць палітыку ліквідацыі Беларусі, ставячы найперш задачы русіфікацыі беларусаў і геапалітычнага ператварэньня Беларусі ў адзін з рэгіёнаў Расеі. Яна цудоўна разумее, што пакуль жыве культура, мэнталітэт, філязофія, яна так проста ня здолее зрабіць нас сваёй часткай, нават пры поўнай акупацыі.

Агонія Расійскай імпэрыі можа цягнуцца не дзясяткі, а сотні гадоў. Даваць нейкія прагнозы ў часе, калі мы дасягнем незалежнасьці, несур’ёзна, бо працэсы камунікацыі, а значыць і разьвіцьця значна паскорыліся. Ужо ў ХХ стагодзьдзі гэтыя працэсы былі выразна хутчэйшыя, чым у ХІХ-м. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі наш этнас захаваў генэтычныя сілы да змаганьня. Мы пакуль што іх маем. Заўважна, што моладзь нашмат радыкальнейшая, чым прадстаўнікі старэйшых пакаленьняў. Калі казаць пра час дасягненьня незалежнасьці, дык можна правесьці клясычную біблійную паралель з Майсеевым ваджэньнем па пустэльні альбо з тысячагадовым расьсеяньнем габрэяў, якія, урэшце, аднавілі сваю дзяржаўнасьць. Калі мы народ, мы павінны настройвацца на гэта, на тысячу гадоў. Ясна, што набудзем мы незалежнасьць не праз тысячу гадоў, бо пры сёньняшніх камунікацыйных тэхналёгіях гісторыя паскорылася. Калісьці ў „Талацэ“ мы разважалі, ці дажывуць нашыя дзеці да незалежнасьці, а ўжо ў 91-м годзе беларусы яе атрымалі. Бог мне даў шчасьце непасрэдна галасаваць за гэтую незалежнасьць, калі я быў дэпутатам парлямэнту. Нацыянальная сымболіка прайшла зь перавагай у адзін голас. Не было б хоць аднога з нас, не былі б „Пагоня“ ды бел-чырвона-белы сьцяг дзяржаўнымі сымбалямі, не было б тых чатырох гадоў, якія, як бы хто ні хацеў, ужо ня выражаш з нашае гісторыі. Многія народы змагаюцца ў больш цяжкіх умовах, многім пагражае фізычнае вынішчэньне. Трэба працаваць, працаваць і верыць.

 

 
   

 
Генадзь Бураўкін,
паэт, былы прадстаўнік Беларусі ў ААН:

Фармальна быццам бы Беларусь — незалежная дзяржава, гэта запісана ў Асноўным законе, а фактычна рэальнай незалежнасьці няма, бо палітыка краіны — у міжнародным пляне і ў нейкіх пытаньнях унутраных — цалкам падначаленая Расеі, не прымаецца сур’ёзных мераў у справе дасягненьня эканамічнай самастойнасьці. Стаўленьне ж кіраўнікоў дзяржавы, моцных гэтага сьвету, да нацыянальнай культуры ды мовы ня проста абыякавыя, а і грэблівыя часам. Ідзе непрыхаванае супрацьдзеяньне набыцьцю беларускай мовай статусу сапраўды дзяржаўнай ва ўсіх сфэрах жыцьця. Не відаць аніякай сур’ёзнай увагі з боку ўладаў да нацыянальнай літаратуры, культуры. Вельмі хацелася парадвацца і крыкнуць на ўвесь сьвет: „Беларусь сувэрэнная, незалежная!“, але, на жаль, тая рэальнасьць, у якой мы жывем, не дае на гэта права. Каб выправіць становішча, трэба абсалютна па-іншаму арганізаваць эканоміку — у Беларусі ёсьць база. Трэба перагледзець структуру нашай прамысловасьці ды арганізацыю сельскай гаспадаркі. Да гэтага часу разумна не выкарыстоўваецца геапалітычнае становішча краю. У Эўропе тая ж Аўстрыя, якая ня мае ні энэргарэсурсаў, ні вялікіх запасаў мэталаў, жыве за кошт транзыту ва ўсіх яго відах: паветранага, наземнага, паліўнага і г. д., а таксама за кошт турызму. Гэта адносна эканомікі.

У палітычным жа пляне ўсё заяўлена, вельмі разумна і правільна, у нашай Канстытуцыі: Беларусь павінна быць нэўтральнай бязьядзернай дзяржавай. Калі гэта забясьпечыць, каб Беларусь ня лезла ў розныя вайсковыя групоўкі ды ваенныя саюзы, каб мы не імкнуліся некаму абавязкова супрацьстаяць, да некага далучацца, каб мы былі свабоднай эўрапейскай цывілізаванай дзяржавай, тады б быў у нас сувэрэнітэт.

І апошняе. Каб мы, зразумеўшы нашую гісторыю, адчуўшы яе, пакланіўшыся ёй за тыя вякі, што нас, беларусаў, утрымліваюць у сьвеце, каб мы бераглі сваё нацыянальна-адметнае, даражылі гэтым, а не арганізоўвалі розныя славянскія базары, ня клікалі розную папсу чужую і на гэта трацілі тыя невялічкія грошы, што маем, а падтрымлівалі б свае таленты, сваё мастацтва, а пасьля, калі б мы сталіся багатыя, калі ласка, на здароўе, клікалі каго б захацелі. Сьпярша ў сваёй хаце трэба навесьці лад, сваіх сьвятых акрыць рушніком, а не маліцца на партрэты нейкай набрыдзі. Дасягнуць гэтага цалкам рэальна, бо да Беларусі ў сьвеце стаўленьне вельмі добрае, наш народ ня могуць не любіць — яго любяць. Нашую прыроду ня могуць не любіць — яе любяць. У нас выдатная зямля, выдатны народ, адзінае, чаго нам не стае даўно і гэта вельмі трагічна, як казаў Валодзя Караткевіч, дык гэта разумнага начальства.

 

 
   

 
Тарас Кузё,
навуковы супрацоўнік Цэнтру расійскіх і ўсходнеэўрапейскіх студыяў Бірмінгемскага ўнівэрсытэту, былы кіраўнік інфармацыйнага цэнтру NATO ва Ўкраіне (Вялікая Брытанія):

Беларусь больш ня можа лічыцца незалежнай дзяржавай. Згодна з тэорыяй міжнародных адносінаў, яна можа быць параўнаная з дамініёнам, калі пануючым султанісцкім элітам дазваляецца займацца адно хатнімі, унутранымі справамі, у той час як замежная і абарончая палітыка знаходзіцца пад кантролем замежнай гегеманічнай сілы, у нашым выпадку — Расеі. Калі заплянаванае аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў будзе разьвівацца ў палітычным ды эканамічным напрамках, пытаньні нават унутранай палітыкі Беларусі будуць усё часьцей вырашацца выключна ў Маскве. Добрым паказчыкам таго, што Беларусь больш ня можа ўважацца за незалежную дзяржаву, зьяўляецца той факт, што ніякая іншая краіна СНД, улучна з русафільскімі Казахстанам, Арменіяй ды Кіргізіяй, ня выказала жаданьня далучыцца да беларуска-расейскага саюзу. З тае прычыны, што гэты саюз — як унутры СНД (у тым ліку ў Расеі), так і ў вонкавым сьвеце — успрымаецца як падпарадкаваньне Беларусі расейскай гегемоніі. Гэта і тлумачыць, чаму Ўкраіна ніколі не далучыцца да гэткага саюзу, які не зьяўляецца супольнасьцю роўных. Раўнапраўны саюз усходніх славянаў немагчымы да тае пары, пакуль расейская большасьць у Расейскай Фэдэрацыі не пачне ўспрымаць беларусаў ды ўкраінцаў як асобныя этнічныя групы, а не як проста бела-росаў ці мала-росаў.

Жыве Вольная Беларусь!

 

 
   

 
Уладзімер Мацкевіч, філёзаф, палітоляг:

Над даволі простымі словамі „незалежнасьць“ і „сувэрэнітэт“ у савецкім навамоўі так доўга і многа зьдзекаваліся, што ў сучасным палітычным лексыконе „простага“ беларуса гэтыя словы страцілі сэнс і зьмест. Чым, як ня зьдзекам, лічыць сувэрэнітэт БССР, на які спасылаюцца сёньня ідэолягі лукашэнкаўскага рэжыму? Ці ня зьдзек сьцьвярджаць, як яны робяць, што далучэньне да Расеі — гэта гарантыя сапраўднай незалежнасьці?

Калі словы губляюць сваё значэньне, народ страчвае сваю свабоду. Гэтыя словы Канфуцыя, паўтораныя фон Гаекам, вызначаюць сутнасьць першага акту трагедыі кожнага народу, што трапляў у нашым стагодзьдзі пад прыгнёт таталітарызму. Розумам можна дапусьціць, што людзі пад гвалтам і прымусам кажуць і робяць нешта такое, што супярэчыць іх поглядам, веры, маралі і прынцыпам. Можна зразумець (не апраўдваючы) сьвядомы падман, калі чалавек кажа адно, а думае іншае. Але ж розум бясьсільны перад тлумачэньнем таго, што адбываецца ў сьвядомасьці чалавека, які адначасова выступае за незалежнасьць Беларусі і за саюз з Расеяй, а такіх людзей (паводле ўскосных зьвестак сацыялягічных апытаньняў, калі супаставіць розныя дасьледаваньні) — да 25%, калі ня болей. Трэба прызнаць, што сьвядомасьць людзей разбураная савецкім навамоўем і навамысьленьнем. Пытаньне толькі ў тым, як глыбока зайшоў працэс разбурэньня, ці магчыма яшчэ нешта аднавіць. Мова, якой мы карыстаемся, і спосабы мысьленьня — гэта праграмы для сьвядомасьці, накшталт кампутарных праграмаў. Калі зламаны вінчэстэр, яго трэба выкінуць і замяніць. Пры парушэньні працы праграмы можна нешта выправіць антывірусам ці перапісаўшы праграму. Вірус савецкага навамоўя інфікаваў як расейскую, так і беларускую мовы. Таму моўнае пытаньне значна глыбейшае, чым простае распаўсюджваньне беларускай мовы. Мову трэба ратаваць ад вірусу, яе трэба лячыць. Калі таго ж Канфуцыя спыталі, з чаго патрэбна пачынаць рэформы, ён адказаў: „З выпраўленьня імёнаў“.

Антывіруснай праграмай для мовы можа стаць нацыянальная філязофія і крытыка. Крытыка ў філязофскім сэнсе, а не ў савецкім разуменьні — як абліваньне брудам усялякага іншадумства. Адсутнасьць нацыянальнай філязофіі і крытыкі ў правадыроў нацыянальнага адраджэньня і кіраўнікоў дзяржавы пасьля 1991 году — гэта зьмест другога акту трагедыі незалежнай Беларусі. Краіна амаль адразу ж пацягнулася за новым фюрэрам, што прыйшоў са старым ідэалягічным багажом.

Спрэчкі на пачатку 90-х гадоў пра тое, ці набыла Беларусь сапраўдную незалежнасьць, ці ёсьць абвяшчэньне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце сапраўдным сувэрэнітэтам, ня мелі пад сабой іншых падставаў, акрамя страху, разгубленасьці ды невуцтва. Хочаш быць незалежным — будзь ім. Для гэтага патрэбна вельмі мала. Па-першае, абвешчаньне — дэклярацыя. Па-другое, прызнаньне незалежнасьці іншымі — дамова ў Віскулёх, рашэньні ААН, АБСЭ ды іншае. Па-трэцяе, самастойныя крокі, дзеяньні і ўчынкі. Па-чацьвертае, самастойная адказнасьць за хібы і памылкі, якіх шмат на першых самастойных кроках.

Першыя тры пункты выконваліся ў 1992-93 гадах. Былі дасягненьні, былі і памылкі. Не было толькі сьмеласьці самім адказваць за зробленыя памылкі. Памылкі рабілі „яны“, а ня мы, а „мы“ проста недастаткова незалежныя, у нас мала сувэрэнітэту. Кебіч уводзіў беларускія грошы, а калі пачалася гіпэрінфляцыя, пабег прасіць паратунку ў Расеі: давайце аб’ядноўваць грашовыя сыстэмы.

Можна прыводзіць шмат прыкладаў памылак, шмат узораў агіднага пазьбяганьня адказнасьці — сэнс ня ў гэтым. З памылак трэба рабіць высновы.

1. Мы абвесьцілі незалежнасьць — значыць, мы незалежныя. Хто ня згодны, той будзе мець справу з усёй магутнасьцю нашай дзяржавы і тых міжнародных арганізацыяў, якія прызналі нашу незалежнасьць і гарантуюць яе праз дамовы з сувэрэннымі ўладамі Рэспублікі Беларусь. На тое дзяржаве і належацца ўзброеныя сілы, каб са зброяй у руках абараняць свой сувэрэнітэт, усё тое, на што распаўсюджваецца сувэрэнітэт Рэспублікі. Нават Расея, якая так ня хоча лічыць нас незалежнымі, вымушаная лічыцца з гэтым de jure. А нам пакуль большага і не патрэбна.

2. Расея скарысталася нашымі памылкамі і знайшла ў кіраўніцтве краіны здраднікаў, якія гатовыя пайсьці на страту сувэрэнітэту і адмову ад незалежнасьці. Так, але ж Расея і не зьбіралася быць гарантам нашай незалежнасьці. Скарысталася нашымі памылкамі яна, а нам гэтыя памылкі выпраўляць. Калі ў кіраўніцтве дзяржавы здрада, народ мае права на непадпарадкаваньне. Бо па Канстытуцыі народ — вярхоўны сувэрэн у краіне, вышэйшы за ўрад. Хто адмаўляецца ад непадпарадкаваньня здрадліваму ўраду, той адмаўляецца ад адказнасьці. Адмова ад адказнасьці ёсьць стратай незалежнасьці яшчэ да здрады ўраду.

3. Як далёка мы гатовыя ісьці ў змаганьні за незалежнасьць нашай краіны, якая пакуль ня страчаная? Колькі каштуе нашая незалежнасьць?

Насамрэч пытаньне толькі ў гэтым — кошт нашай незалежнасьці. Усе астатнія разважаньні пра тое, мала ці многа ў нас сувэрэнітэту, ці дастаткова мы незалежныя — гэта індульгенцыі для слабых характараў, разбуранай сьвядомасьці, недахопу розуму, з аднаго боку, і ідэалягічная падтрымка рэжыму з другога.

Што кажуць тыя, хто прадае Беларусь? „Мы незалежныя de jure, але ж гэтага мала. De facto мы залежым ад паставак нафты і газу“. Гэта хлусьня, але ж яна безадказна дзейнічае, і мы сваімі разважаньнямі дапамагаем гэтаму. „Мы незалежныя de jure, але ж нам бракуе розуму, каб самім уладкаваць сваё жыцьцё: увесь інтэлект у Маскве, адтуль нам дасылаюць падручнікі для сярэдняй школы, ня кажучы ўжо пра вышэйшую“. І мы дапамагаем гэтай хлусьні, бо цікавімся толькі ўлёткамі, слёганамі, а ня працай беларускіх інтэлектуалаў ды навукоўцаў. Можна працягваць гэты шэраг далей, толькі ён мае канец. Канец яго там, дзе паўстае пытаньне пра ўзброенае непадпарадкаваньне.

Да гэтага пытаньня зноў жа трэба ставіцца па-філязофску. Першае: ці надышоў час ставіць гэтае пытаньне або можна яшчэ пачакаць? Другое: ці ёсьць у дзяржавы войска, гатовае абараняць незалежнасьць, або ў краіне прысутнічае толькі акупацыйнае зрадніцкае войска зь беларускімі рэкрутамі-шарагоўцамі ды сяржантамі? Трэцяе: ці неабходная сапраўдная грамадзянская вайна або дастаткова негвалтоўнага супраціву, бо ў шарагоўцаў беларускай арміі не падымецца рука застрэліць шмат людзей? Чацьвертае: хто пачне? Пятае: што пачынаць?

На пятую частку пытаньня я магу даць адказ. Трэба даць сучаснае тлумачэньне паняцьцю „незалежнасьць“ або беларусіфікаваць гэтае паняцьце (узгадайце Канфуцыя). Сэнс гэтага паняцьця пакрывае вельмі шырокае сэмантычнае поле. Вызначым неабходныя і дастатковыя межы ў гэтым полі: дастатковым сэнсам паняцьця „незалежнасьць“ зьяўляецца тое, што кошт яе большы за жыцьцё; калі не, дык размова ідзе пра нешта іншае. Неабходным сэнсам зьяўляецца жыцьцё беларуса. Як нельга здабыць незалежнасьць Курдыстану коштам жыцьця беларуса, так і не здабыць незалежнасьці Беларусі коштам жыцьця ірляндца з ІРА.

Зыходзячы з гэтага, можна адказваць на ўсе астатнія пытаньні. Пакуль выконваецца дастатковая частка сэнсавага паняцьця „незалежнасьць“, яна, увогуле, існуе ў сьвеце. Пакуль выконваецца неабходная частка, гарантуецца незалежнасьць Беларусі. Не загіне Беларусь, пакуль мы жывыя.

Не загіне Беларусь, пакуль мы жывыя. Але ж што гэта значыць? Можна тлумачыць гэта так, што нават тады, калі ворагі пазбавяць краіну незалежнасьці, незалежнасьць будзе жыць у нашых сэрцах. Можна тлумачыць і так, што, каб пазбавіць Беларусь незалежнасьці, трэба фізычна зьнішчыць нас. Не захаваць незалежнасьці Беларусі, калі адарваць гэтыя тлумачэньні адно ад аднога. Яны складаюць сапраўдны сэнс незалежнасьці толькі разам.

Зьвернемся да першага пытаньня: ці надышоў час ставіць пытаньне пра незалежнасьць у поўным сэнсе гэтага слова? Калі мы спозьнімся з адказам на гэтае пытаньне, адбудзецца трэці акт сучаснай беларускай трагедыі. А сэнсам трэцяга акту будзе страта разуменьня таго, што мы ўсе павінны жыць, каб жыла Беларусь, але кожны з нас павінен быць гатовы ахвяраваць сабою, каб яна жыла. А як ня будзе гэтай ахвярнасьці, усе разважаньні пра незалежнасьць будуць весьціся на навамоўі, і тады ворагі ды здраднікі могуць з намі не лічыцца.

 

 
   

 
Алесь Пушкін, мастак:

Беларусь, безумоўна, не зьяўляецца свабоднай і незалежнай дзяржавай. Аб якой незалежнасьці можа ісьці гаворка, калі дзяржава мае каляніяльную сымболіку, што засталася ў спадчыну ад сталінскага пэрыяду таталітарнай савецкай імпэрыі? Найбольш уразіла леташняя страта адных з асноўных паказчыкаў беларускай незалежнасьці — мытні і мяжы. Мытняй цяпер камандуе адзін расейскі генэрал, мяжой другі — генэрал Бардзюжа з Масквы, пасьля таго як Лукашэнка падпісаў пагадненьне аб агульнай мытнай і памежнай прасторы. І трэцім базавым паказчыкам нашае залежнасьці зьяўляецца тое, што мы ня маем выразнай замежнай палітыкі, няспынна ідучы ў фарватары палітыкі Расеі, па сутнасьці, адзінай краіны, што прызнала легітымнасьць Лукашэнкі пасьля 21 ліпеня. Мы, дакладней, ня мы, а цяперашні рэжым прызнае і падтрымлівае ўсе расейскія замежнапалітычныя ініцыятывы. Прыкладам тут і салідарнасьць афіцыйнага Менску з пазыцыяй Масквы ў пытаньні Чачэніі.

Нягледзячы на гэта, у Беларусі існуюць пэўныя чыньнікі незалежнасьці, якія варта разьвіваць. Па-першае, мы яшчэ маем уласнае Міністэрства абароны. Па-другое, гэта наш пакуль што бязьядзерны статус, хоць мяркуецца, што сэнс ягоны будзе губляцца з пачаткам функцыянаваньня станцыі сачэньня пад Баранавічамі, якая падстаўляе пад удар усё насельніцтва нашай краіны. Праяўляецца незалежнасьць і ў тым, што за час праўленьня Лукашэнкі Беларусь прызналі ў сьвеце, няхай і з адмоўнага боку, але ў нейкім такім амплюа яршыстай краіны, якая ўсё робіць насуперак. У гэтым пляне палітыка Лукашэнкі сапраўды прыкметная і характарызуе Беларусь як незалежную дзяржаву, бо зьбіцьцё паветранага шару, прыкладам, заўсёды можа трактавацца як акт незалежніцкай рэакцыі. Да таго ж, ягоныя пагрозы вярнуць ракеты вызначаюць краіну з такога дурацкага, абсурднага, але зноў-ткі незалежніцкага боку. Нельга забывацца на незалежнасьць прадуктовую: Лукашэнка трымае калгасы, якія ледзь ліпяць, але Беларусь сяк-так забясьпечвае сябе харчамі, у адрозьненьне, напрыклад, ад Расеі, дзе ў гарадох прадукты на 90% завазныя. У нечым абсурдная палітыка Лукашэнкі стварае адмоўны імідж краіны, і ў гэтым мы падобныя да Іраку альбо Лібійскай Джамахірыі.

Для мяне ідэалам незалежнай пазыцыі зьяўляецца палітыка Францыі, якая мае складаныя адносіны з NATO. Так і Беларусь не павінна ўваходзіць у Альянс, захоўваючы бязьядзернасьць, і адначасова прытрымліваючыся палітыкі харчовай незалежнасьці, не падпарадкоўваючыся краінам Эўразьвязу. У гэтым пляне можна пагадзіцца з Пазьняком, бо прыклад Літвы ды Латвіі сапраўды жахлівы: гэтыя краіны выконваюць усе патрабаваньні ЭЗ і губляюць свой твар. Але іхным жыхарам, зь іншага боку, добра жывецца. Беларусь — таксама маленькая краіна, ёй не патрэбная роля Расеі, Украіны ці хоць бы той Польшчы, бо існуе пэўная мяжа, калі насельніцтва перавальвае за 30 мільёнаў, і краіна пачынае адыгрываць нейкую салідную ролю, прыкладам, цяперашняя Турцыя. Тая ж Украіна дзейнічае насуперак усім пагадненьням, бо гэта салідная дзяржава з насельніцтвам больш як 50 мільёнаў чалавек. Беларусаў жа толькі 10 мільёнаў, і трэба раўняцца на сярэднеэўрапейскі стандарт невялікай краіны кшталту Бэльгіі. Няхай сабе мы будзем менш амбітнымі, але жыць будзем лепей. Лепей быць добрымі лёкаямі ў Нямеччыны, абслугоўваючы ейны шлях на Расею, і добра б жыць, чым драць нос і жыць бедна. Сьціплей, ды багацей. Лепей быць лёкаямі па абслугоўваньні нафтавай трубы ды транспартных шляхоў, быць трохі прыніжанымі, але заможнымі.

 

 
   

 
Аляксандар Смоляр,
гісторык, прэзыдэнт Фонду Сьцяпана Батуры (Польшча):

Гэта вельмі складанае пытаньне. Па-першае, у сучасным сьвеце вельмі шмат краінаў, што знаходзяцца нібы пасярэдзіне: на сёньня, бадай, не існуе такіх дзяржаваў, якія можна было б назваць сувэрэннымі ў клясычным сэнсе гэтага слова, бо лёс гэткіх краінаў вызначаецца не тамтэйшым народам ці кіраўніцтвам дзяржавы. З самых сувэрэнных у гэтым пляне можна назваць Кітай, але ўжо, прыкладам, Злучаныя Штаты ладную частку свайго сувэрэнітэту згубілі. Лёсы сучасных дзяржаваў вырашаюцца ў іншых краінах. Гэта збольшага абумоўлена глябальна-рынкавымі ды глябальна-інфармацыйнымі працэсамі, што адбываюцца ў сьвеце.

Такім чынам, сувэрэннасьць набывае іншы сэнс.

Якое месца займае ў гэтай сувязі Беларусь? Хоць гэта і можа падацца парадоксам, я мяркую, што палітычна Беларусь зьяўляецца досыць незалежнай дзяржавай, у гаспадарчым жа ды вайсковым пляне — вельмі залежнай.

Праблему залежнасьці можна разглядаць у шматлікіх аспэктах. Важнейшым ёсьць вызначэньне выточнага пункту, выяўленьне тэндэнцыі: ці спрыяе гісторыя пашырэньню незалежнасьці беларускага народу альбо наадварот — ейнаму звужэньню? Тое, што робіць Лукашэнка, на першы погляд можа падацца выразным узмацненьнем нэгатыўнай тэндэнцыі да звужэньня незалежнасьці. Але разам з тым я абсалютна перакананы, што ягоная палітыка выклікае цалкам нечаканую рэакцыю ў грамадзтве. Парадаксальна, але я ўпэўнены, што Лукашэнка станецца бацькам новай нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў, якая будзе сфармаваная як антытэза да самасьвядомасьці іншага кшталту.

Я ня веру, што Беларусь можа калі-кольвечы зьнікнуць з сусьветнай мапы. Сучасныя тэндэнцыі цалкам процілеглыя, бо няспынна ствараюцца драбнейшыя тэрытарыяльныя адзінкі з абмежаваным сувэрэнітэтам, але якія могуць функцыянаваць дзякуючы сыстэме вольнага рынку. Раней выжывалі толькі буйныя дзяржавы, якія былі ў стане весьці пратэкцыянісцкую палітыку ды мець моцны рынак унутры сваёй краіны. Сёньня ж ва ўмовах лібэралізацыі міжнароднага гандлю мы бачым, як паўстаюць усё меншыя адзінкі на геапалітычнай мапе сьвету, якія могуць захоўваць свой сувэрэнітэт.

Зразумела, мая вера ў тое, што Беларусь ніколі ня зьнікне як незалежная дзяржава, палягае ня толькі на гэткіх эканамічных тэндэнцыях, але і на аналізе працэсаў, якія адбываюцца ў Эўропе. Сучасная эўрапейская культура заснаваная на плюралізьме нацыянальных самасьвядомасьцяў, на павазе да кожнай з культураў-складнікаў. Такія глыбокія асновы эўрапейскага разьвіцьця перажывуць розных сатрапаў, фюрэраў ды дырэктараў саўгасаў.

Ні ад каго не залежыць Беларусь і культурна. Я ня згодны з тым, што беларусы — гэта носьбіты савецкай культуры, бо такой культуры не існавала ўвогуле. Савецкай была і ёсьць мэнтальнасьць, але толькі не культура. Савецкасьць, быўшы нэгатыўным гістарычным досьведам, не была творчай, ня ўнесла нічога новага. Пры гэтым беларуская культура, як і любая эўрапейская культура, захоўвае ўнівэрсальны характар. Але я не магу сказаць, наколькі адкрытай для вонкавага ўплыву ёсьць беларуская культура, ці падпадае яна — праз расейшчыну — пад сусьветны працэс амэрыканізацыі.

Наконт мэнтальнасьці беларусаў я б сказаў наступнае. Беларусь — гэта, па вялікім рахунку, калгасная супольнасьць, таму савецкая мэнтальнасьць будзе тут найтрывалейшай, прымаючы самыя небясьпечныя формы выраджэньня, робячыся субкультурай, якая зьнішчае працаўніка, у першую чаргу. Савецкая ідэалягічная афарбоўка, безумоўна, зьнікне вельмі хутка, але застанецца прага да Танатасу, да сьмерці, застанецца страх перад выклікам гісторыі, перад рызыкай, няпэўнасьцю, перад воляй да стварэньня чагосьці новага, перад той гістарычнай задачай, што стаіць перад усімі нашымі народамі.

 

 
   

 
Максім Стрыха,
доктар фізыка-матэматычных навук, палітоляг (Украіна):

Адказ на гэтае пытаньне наўрад ці можа быць сёньня адназначны. З фармальнага гледзішча Беларусь незалежная, бо ж усе фармальныя прыкметы сувэрэнітэту (сьцяг, гімн, войска, амбасады і г.д.) яна захоўвае і будзе захоўваць у найбліжэйшай будучыні. Я тут не закранаю пытаньня якасьці тых адзнак, бо хіба мала ёсьць у сьвеце дзяржаваў, асабліва новаствораных, чые сьцяг ды герб пазначаныя страшэннай эстэтычнай безгустоўнасьцю ды поўнай адарванасьцю ад традыцыяў, чыё войска кіруецца іншаземнымі дарадцамі і чые амбасадары карумпаваныя ды неадукаваныя? Хіба мала дзяржаваў, дзе мова карэннага насельніцтва існуе толькі фармальна, у чыста „музэйным“ стане (згадайма, бадай, хрэстаматыйную Ірляндыю)? І нават адмова ў блізкай пэрспэктыве ад уласнага рубля не пазбавіць Беларусь фармальнай незалежнасьці, — бо тое самае сёньня робіць ня толькі які-небудзь далёкі Эквадор, але й большасьць уплывовых дзяржаваў старой добрай Эўропы…

Трагедыя Беларусі, відавочна, цалкам у іншым. Для сусьветнай супольнасьці сёньня Вялікабрытанія — гэта ня Тоні Блэр і не Яе Вялікасьць Каралева Лізавета ІІ. Францыя — гэта ня Жак Шырак. Амэрыка — гэта ня Біл Клінтан. Вялікабрытанія, Францыя, ЗША — гэта нашмат шырэйшы вобраз краіны зь яе эканамічнай магутнасьцю, інтэлектуальнымі здабыткамі ды гістарычнымі традыцыямі.

На жаль, з шэрагу аб’ектыўных ды суб’ектыўных прычынаў Беларусь для сусьветнай супольнасьці сёньня — гэта ППРБ і толькі ён. За вусікамі правінцыйнага лавэляса не відаць ані краіны, ані яе людзей (дакладней, і краіна, і яе людзі здалёк здаюцца тоесныя тым самым вусікам).

Гэтак, пытаньне, ці ёсьць незалежнаю дзяржавай Рэспубліка Беларусь, пераносіцца сёньня ў цалкам іншае рэчышча: ці ёсьць ППРБ толькі адыёзнаю марыянэткай у руках насельнікаў Крамля? Ці наадварот, ён сам вядзе зь імі вельмі складаную ды пасьпяховую гульню, ажыцьцяўляючы ўласныя далёкасяжныя пляны?

Наўрад ці хто адкажа на гэтае пытаньне адназначна, бо гісторыя апошніх гадоў утрымлівае досыць фактаў на пацьверджаньне як першага, так і другога прыпушчэньня.

Аднак цалкам зразумелым ёсьць іншае. Беларусь сапраўды мае даўнюю й багатую, цалкам канкурэнтназдольную, паводле эўрапейскіх стандартаў, культуру. Інтэлектуальныя здабыткі беларусаў вялікія ды неаспрэчныя. Магчымасьць Беларусі быць адным з асноўных элемэнтаў цэнтральнаўсходнеэўрапейскіх пабудоваў, злучальным мастком паміж Украінай і Балтыяй, Расеяй ды Польшчай не падлягае сумневу.

Але пры гэтым пытаньне, якое паўстала перад Беларусьсю (як і перад Украінай), палягае ў тым, што, зыходзячы зь сёньняшніх геапалітычных рэаліяў, адна зь яе межаў — ці то заходняя, ці то ўсходняя — ня можа заставацца і надалей адкрытая. Эўропа дбае пра спакой ва ўласным будынку.

Украіна сёньня дужа павольна й балесна, але, падобна, робіць-такі выбар на карысьць заходняга вэктару. У той час як у Беларусі сама мажлівасьць такога выбару можа быць пастаўлена на абмеркаваньне толькі тады, калі аблічча краіны ня будзе цалкам атаесамляцца зь фюрэрскім абліччам ППРБ.

 

 
   

 
Ірына Шаблоўская,
літаратуразнавец-кампаратывіст, прафэсар БДУ, цяпер выкладае ва ўнівэрсытэце Гранады (Гішпанія):

…Нацыя, якая мае Скарыну, Купалу, Караткевіча, тысячы змагароў і пакутнікаў за незалежнасьць, ня можа мірыцца зь незалежнасьцю на паперы. Незалежнасьць ёсьць! Адпаведна эпосе, якую маем — Нацыянальнага адраджэньня. Іншыя славянскія народы, напрыклад, чэхі, перажылі сваё адраджэньне ў XVIII стагодзьдзі. Адрадзіліся, як незалежныя. Якім шляхам? Праз асьветніцтва, вывучэньне сваёй гісторыі, культуры, літаратуры, мовы. Ці не на першым месьце стаяла мова ў працах выдатных славістаў, у працах, якія, дарэчы, маглі быць напісаны і на іншай мове, але дасьледавалі сваю. Шляхам вывучэньня моваў народаў сьвету і пашырэньня перакладаў зь іх на родную. Усё гэта актуальна для беларусаў перад новым, трэцім тысячагодзьдзем.

Сёньня для Беларусі асьветніцтва набывае і новы аспэкт, так бы мовіць, парадаксальны: у эпоху ТV, радыё (не кажу пра Інтэрнэт, бо ён пакуль не прыйшоў у кожную беларускую хату) большасьць беларусаў апынулася ў сытуацыі зэро. Інфармацыйнай ізаляцыі. Трэба гэта асэнсаваць — для большасьці беларусаў сёньня няма ані радыё, ані TV, няма праўдзівай, нэўтральнай, нарэшце, інфармацыі пра тое, што адбываецца ў сваёй краіне ды ў сьвеце. Ёсьць, на жаль, адна РЫТОРЫКА. Многа словаў, многа псэўдакрасамоўства… Камуфляж ісьціны. Абгортка для хлусьні. Простаму і шчыраму беларусу як не паверыць слову з экрану альбо па радыё? Сапраўды, у эфіры Беларусі Незалежнасьці Няма…

Цікава, што ў краіне, дзе просты чалавек ачмураны білінгвізмам, ня можа быць пісьменны ні на адной, ні на другой дзяржаўнай мове, квітнее рыторыка, выкладаецца шырока ў школах. А родная мова зьнікае. НАРОДУ ПАТРЭБНА ЖЫВОЕ СЛОВА ПРАЎДЫ. Толькі такое слова і можа прэтэндаваць на сапраўднае красамоўства. У гэтым, дарэчы, пераконвае гісторыя самой рыторыкі, якою ня раз злоўжывалі цэзары і выкарыстоўвалі дыктатары.

Такім чынам, незалежнасьці быццам няма… Бо яе выціскаюць… Чужыя інтарэсы. Чужое слова.

Народ Скарыны ня ведае СВАІХ СЬВЯТЫХ. СВАЁЙ ГІСТОРЫІ. СВАЁЙ КУЛЬТУРЫ. СВАЁЙ МОВЫ. Ня ведае? Быццам. Часова. Пакуль.

Выратуе СЛОВА. Роднае. Праўдзівае! СА-ПРАЎДНАЕ.

* * *

У наступным нумары:

апытаньне ARCHE
Ці можа Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла стаць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь?

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000