A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


філязофія

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Макс Горкгаймэр, Тэадор В.Адорна
Дыялектыка Асьветніцтва.
Элемэнты антысэмітызму

Кніга найбуйнейшых нямецкіх філёзафаў XX стагодзьдзя Макса Горкгаймэра (1895-1973) і Тэадора Адорна (1903-1969) „Дыялектыка Асьветніцтва. Філязафічныя фрагмэнты“ адразу пасьля свайго выхаду сталася клясычным для эўрапейскага мысьленьня творам. На аснове філязафічнай крытыкі, разгляду фашызму і вынікаў шматгадовых эмпірычных дасьледаваньняў аўтараў у ЗША была разробленая тэорыя сучаснай масавай культуры. Увазе беларускіх чытачоў прапануецца апошні, пяты разьдзел кнігі. У Інтэрнэце цікаўныя знойдуць прадметны паказьнік да „Дыялектыкі...“ (Index zur »Dialektik der Aufklärung«), складзены нямецкім энтузіястам Карстэнам Алефэльдам.

Межы Асьветніцтва

І

Сёньня антысэмітызм адным уяўляецца як лёсавызначальнае для чалавецтва пытаньне, іншым — як пустое месца. Для фашыстаў жыды — ня меншасьць, а антыраса, нэгатыўны прынцып як такі; ад іх выгубленьня беспасярэдне залежыць шчасьце сьвету. Абсалютна процілежнаю ёсьць тэза аб тым, што жыды безадносна да нацыянальных ці расавых прыкметаў утвараюць пэўную групу на падставе рэлігійных вераньняў ды традыцыі і нічога іншага. Адметныя жыдоўскія прыкметы, маўляў, датычаць усходніх жыдоў, прынамсі, тых, хто папросту яшчэ да канца не асыміляваўся. Абедзьве дактрыны адначасна і праўдзівыя, і памылковыя.

Першая адпавядае праўдзе ў тым сэнсе, што фашызм зрабіў яе праўдзівай. Жыды сёньня ёсьць групай, якая як практычна, так і тэарэтычна прыцягвае да сябе волю да зьнішчэньня, што спараджаецца ілжывым грамадзкім ладам з свайго нутра. Абсалютнае ліха ставіць на іх таўро абсалютнага ліха. Такім чынам, яны насамрэч ёсьць абраным народам. Тым часам як панаваньне больш ня можа быць абумоўлена эканамічна, жыдом як такім надаецца статус абсалютнага аб’екту, зь якім трэба абыходзіцца адпаведным чынам. Рабочым, якія яшчэ нядаўна самі перабывалі ў падобным стане, ніхто гэтага зь відавочных прычынаў ня скажа проста ў твар; нэграў, маўляў, трэба трымаць там, дзе ім і належыць быць, але ад жыдоў Зямлю трэба ачысьціць, і заклік вынішчыць іх як шкодных паразытаў знаходзіць водгук у сэрцах усіх патэнцыйных фашыстаў усіх краінаў. У вобразе жыдоў, які шавіністы навязваюць сьвету, выражаецца іх собскае іство. Яны прагнуць усеахопнага валоданьня, прысабечаньня, улады бязь межаў — за любую цану. Пераклаўшы на жыдоў гэтую сваю віну, яны зь зьдзеклівасьцю пераможцаў укрыжоўваюць іх, бясконца паўтараючы ахвяраваньне, у дзейснасьць якога яны ня могуць да канца паверыць.

Іншая, лібэральная тэза праўдзівая як ідэя. Яна ўтрымлівае ў сабе вобраз таго грамадзтва, у якім жорсткасьць некаторы час не ўзнаўляе сама сябе і не шукае якасьцяў, у якіх яна магла б праявіцца. Адылі разглядаючы адзінства людзей як прынцыпова ўжо зьдзейсьненае, лібэральная тэза спрыяе апалёгіі існуючага стану. Спроба прадухіліць найвялікшую пагрозу пры дапамозе палітыкі, якая б улічвала інтарэсы меншасьцяў, і дэмакратычнай стратэгіі, такая ж двузначная, як і абарончыя дзеяньні апошніх лібэральна настроеных грамадзянаў наагул. Бясьсільнасьць гэтых палітыкі і стратэгіі вабіць варагоў бясьсільнасьці. Самім існаваньнем і выглядам жыдоў існуючы ўнівэрсалізм кампрамэтуецца ў сілу недастатковай прыспасабляльнасьці іх.

Тое, што яны нязьменна датрымліваюцца свайго собскага ладу жыцьця, робіць іх дачыненьне да пануючага ладу няпэўным. Яны спадзяваліся атрымаць ад яго падтрымку, ня маючы пры гэтым сілы і магутнасьці. Іхным стаўленьнем да пануючых народаў была сумесь прагавітасьці і боязі.

Але нават калі яны выракаліся сваёй адметнасьці дзеля захадаў пануючай сыстэмы, тыя, хто ішоў у авангардзе гэтага вырачэньня, рабіліся халоднымі стоікамі — такі характар грамадзтва да сёньня навязвае людзям.

Дыялектычнае перапляценьне асьветы і ўлады, дваякая сувязь прагрэсу з жорсткасьцю і выбаўленьнем, якую жыды адчувалі і ў вялікіх асьветніках, а таксама ў дэмакратычных народных рухах, выяўляецца таксама і ў сутнасьці саміх асыміляваных. Асьвечанае валоданьне сабой, з дапамогай якога тыя жыды, якія прыстасаваліся да новых абставінаў, пераадольвалі ў сабе балючыя сьляды чужога панаваньня, супастаўнага з другім абразаньнем, беззасьцярожна вывела іх з собскай напаўжывой грамады ў буржуазію новага часу, якая ўжо несупынна крочыла наперад, да вяртаньня ў чысты прыгнёт, да сваёй рэарганізацыі ў стопрацэнтовую расу. Раса ня ёсьць асаблівасьцю, дадзенай беспасярэдне ад прыроды, як гэтага б хацелася шавіністам. Яна ёсьць хутчэй рэдукцыяй да прыроднага, да непрыхаванай сілы, закасьнелай партыкулярнасьці, якая ў рэальнасьці якраз і ёсьць унівэрсаліяй. Раса сёньня — гэта самасьцьверджаньне буржуазнага індывіда, інтэграванага ў барбарскі калектыў. Гармонію грамадзтва, за якую выказваліся лібэральныя жыды, ім давялося ўрэшце зазнаць на сабе саміх як гармонію Volksgemeinschaft*.

* „Народнай супольнасьці“ — афіцыйнай ідэалягемы „клясавага міру“ ў фашысцкай Нямеччыне. — Зацем рэдактара.

Яны думалі, што гэта антысэмітызм зьнявечвае лад, але той лад насамрэч ня можа існаваць, не нявечачы чалавека. Перасьлед жыдоў, як і перасьлед увогуле, неад’емны ад такога ладу. Ягонай сутнасьцю, як бы яна часам ні хавалася, ёсьць гвалт, які адкрываецца нам сёньня.

 



 
   

ІІ

Антысэмітызм як нацыяналістычны рух заўжды быў тым, што ягоныя завадатары любілі ўпікаць сацыял-дэмакратам: ураўнілаўкай. Тым, хто ня мае паўнаты ўлады, мусіць быць гэтак сама кепска, як народу. Прагныя пасьлядоўнікі, ад нямецкага чыноўніка да нэграў у Гарлеме, у прынцыпе заўсёды ведалі, што ўрэшце яны не атрымаюць нічога ад гэтага, апроч радасьці ад таго, што і іншыя таксама больш ня маюць. Арызацыя жыдоўскай уласнасьці, якая і без таго збольшага давала прыбытак вярхам, наўрад ці прынесла масам Трэцяга Райху большае шчасьце, чымся казакам — мізэрная кантрыбуцыя, якую яны пад пагрозаю спаленьня вымагалі ад жыхарства жыдоўскіх кварталаў. Рэальным здабыткам была толькі напаўпразрыстая ідэалёгія. Тое, што дэманстрацыя эканамічнай неэфэктыўнасьці нацысцкага лекавага сродку хутчэй узмацняе ягоную прыцягальную сілу, чымся паслабляе яе, паказвае на ягоную сапраўдную прыроду: ён дапамагае ня людзям, а іхнай празе да зьнішчэньня. Сапраўдны пажытак, на які разьлічвае фашыст, — санкцыяваньне ягонай жорсткасьці праз калектыў. Чым менш выходзіць карысьці, тым больш зацята людзі трымаюцца руху, заміж таго каб лепей зразумець яго. Антысэмітызм выявіў імунітэт супраць аргумэнту недастатковай рэнтабэльнасьці. Народ ад яго ў захапленьні.

Ягоная мэтазгоднасьць для ўлады відавочная. Ён выкарыстоўваецца для адцягненьня ўвагі, як танны сродак карупцыі, узор тэрарызму. Рэспэктабэльныя рэкеціры падтрымліваюць яго, а нерэспэктабэльныя — яго зьдзяйсьняюць. Але кшталт духу, як грамадзкага, так і індывідуальнага, што выяўляецца ў антысэмітызьме, дагістарычна-гістарычны зьбег абставінаў, адчайнай і няўдалай спробай уцёкаў зь якога ён ёсьць, цалкам спавіты змрокам. Калі пазнаньне не надае належнай увагі пакуце, што так глыбака ўласьцівая цывілізацыі, то і індывідуум ня здольны суняць пакуту праз пазнаньне, нават калі б ён хацеў гэтага гэтаксама моцна, як і сама ахвяра.

Глыбака рацыянальныя эканамічныя і палітычныя тлумачэньні і контраргумэнты — наколькі б слушнымі яны ні былі — ня здольныя да гэтага, бо зьвязаная з уладай рацыянальнасьць сама грунтуецца на пакуце. Як той, хто сьлепа нападае, і тая, хто сьлепа абараняецца, перасьледаваньнік і яго ахвяра належаць да аднаго кола зла. Антысэміцкі спосаб паводзінаў узьнікае ў тых сытуацыях, калі асьлепленым, пазбаўленым суб’ектыўнасьці людзям даюць волю як суб’ектам. Тое, што яны робяць, ёсьць — для тых, хто гэта робіць — сьмяротнымі і пры гэтым бессэнсоўнымі рэакцыямі, як іх клясыфікуюць бігевіярысты, не даючы ім тлумачэньня. Антысэмітызм — гэта даведзеная да аўтаматызму схема, нават рытуал цывілізацыі, а пагромы ёсьць сапраўднымі рытуальнымі забойствамі. Яны дэманструюць бясьсільнасьць таго, што магло б спыніць іх — асэнсаваньня, азначэньня, урэшце, праўды. У бязглуздым баёданьні часу за забойствам сьцьвярджаецца тупое жыцьцё, якому людзі аддаюць сябе.

<...>
 

 
   

ІІІ

Сёньняшняе грамадзтва, у якім як першабытныя рэлігійныя пачуцьці і іх выбухі, гэтак і спадчына ў выглядзе рэвалюцыяў выстаўляюцца на продаж на рынку, у якім фашысцкія фюрэры за зачыненымі дзьвярыма заключаюць дамовы пра землі і жыцьцё нацыяў, тым часам як дасьведчаная публіка ля радыёпрыймачоў вылічвае іхны кошт, грамадзтва, у якім нават слова, што выкрывае яго, акурат і зьяўляецца прапусткай для прыёму ў шэрагі палітычнага рэкету: гэтае грамадзтва, у якім ужо ня проста палітыка ёсьць бізнэсам, але бізнэс і ёсьць усёй палітыкай — яно абураецца адсталымі дробнагандлярскімі паводзінамі жыда і вызначае яго як матэрыяліста, спэкулянта, які павінен саступіць палымянаму духу тых, хто ўзьвёў бізнэс у ранг абсалюту.

Буржуазны антысэмітызм мае адну спэцыфічную эканамічную падставу: маскаваньне ўлады пад вытворчасьць. Калі ў даўнейшыя эпохі беспасярэдне ўладары ажыцьцяўлялі рэпрэсіі, ня толькі пакідаючы працу вылучна нізам, але і абвяшчаючы працу ганебнай, якою яна заўсёды і была пры прыгнёце, дык пры мэркантылізьме абсалютны манарх адмяняецца ў найбуйнейшага мануфактурыста. Вытворчасьць атрымлівае сьвецкі статус. Паны ў якасьці буржуа ўрэшце цалкам адмовіліся ад вайсковай уніформы і апрануліся ў цывільнае. Праца не зьнеслаўляе чалавека, сказалі яны, каб авалоданьне вынікамі працы іншых зрабіць больш рацыянальным. Яны самі залічвалі сябе да тых, хто стварае прадукт, дарма што як і даўней заставаліся тымі, хто гэты прадукт заграбае і прысабечвае. Фабрыкант рызыкаваў і заграбаў грошы гэтак сама, як гандляр і банкір. Ён разьлічваў, плянаваў, купляў, прадаваў. На рынку ён канкураваў зь імі за прыбытак, які адпавядаў ягонаму капіталу. Толькі ён квапіўся ня проста на рынак, а на першакрыніцу: як функцыянэр клясы ён клапаціўся пра тое, каб не цярпець страты ад працы сваіх людзей. Работнікі павінны былі даваць як мага больш. Як сапраўдны Шэйлак*, ён настойваў на даўгавых абавязках. Валодаючы машынамі і матар’яламі, ён прымушаў іншых ажыцьцяўляць вытворчасьць. Ён называў сябе вытворцам, але ён, як і ўсе іншыя, употайкі ведаў праўду. Прадуктыўнай працаю капіталіста, незалежна ад таго, ці ён апраўдваў свае прыбыткі заробкам прадпрымальніка, як за лібэралізмам, ці дырэктарскім акладам, як сёньня, была ідэалёгія, якая хавала сутнасьць працоўнай дамовы і драпежніцкую прыроду эканамічнай сыстэмы ўвогуле.

* Шэйлак — жыд-ліхвяр у п’есе Шэкспіра „Вэнэцыянскі купец“. — Зацем рэдактара.

Таму і крычаць: трымай злодзея! — і паказваюць на жыда. Насамрэч ён — ахвярны казёл, што выкупляе ня проста за асобныя манэўры і махінацыі, а ў тым шырокім сэнсе, што яго выстаўляюць віноўнікам эканамічнай несправядлівасьці цэлай клясы. Фабрыкант на фабрыцы трымае ў полі зроку сваіх вінаваўцаў, работнікаў і, яшчэ перш як даць ім грошы, кантралюе выкананьне імі іхных абавязкаў. Што насамрэч адбылося, яны адчуваюць толькі тады, калі бачаць, што можна купіць за гэтыя грошы: найдрабнейшы магнат можа распараджацца такой колькасьцю паслугаў і дабротаў, як ніводны ўладар дагэтуль; работнікі, аднак, атрымліваюць гэтак званы культурны мінімум. Мала таго, што яны на рынку пазнаюць, як мала дабротаў ім прыпадае, прадавец яшчэ і расхвальвае тое, што яны ня могуць сабе дазволіць. Толькі ў суадносінах заробку да цэнаў выяўляецца, чаго пазбаўленыя работнікі. Прыняўшы свой заробак, яны прынялі заразом прынцып аплаты. Гандляр прэзэнтуе ім вэксаль, які яны падпісалі фабрыканту. Ён ёсьць судовым выканаўцам суцэльнай сыстэмы і выклікае на сябе нянавісьць, што мусіла б скіроўвацца на іншых. Адказнасьць сфэры абарачэньня за эксплюатацыю ёсьць грамадзка неабходнай уявай.

Жыды былі не адзіныя, хто быў заняты ў сфэры абарачэньня. Але яны былі занадта доўга ізаляваныя ў ёй, каб нянавісьць, якую яны здаўна цярпелі, не закранула іх сутнасьці. Для іх, у адрозьненьне ад арыйскіх калег, доступ да крыніцы даданай вартасьці быў і надалей закрыты. Права валодаць сродкамі вытворчасьці яны дабіліся зь цяжкасьцяй і позна. Праўда, хрышчоныя жыды ў гісторыі Эўропы і нават у нямецкай кайзэраўскай імпэрыі здолелі дасягчы высокіх пасадаў у адміністрацыі і індустрыі. Аднак заўсёды ім даводзілася апраўдваць гэта падвойнай адданасьцю, натужнай руплівасьцю, упартым самаадмаўленьнем. Іх дапускалі туды толькі ў тым выпадку, калі яны сваімі паводзінамі маўкліва прымалі і яшчэ раз пацьвярджалі вэрдыкт пра іншых жыдоў: у гэтым быў сэнс хрышчэньня. Усе вялікія справы дзяржаўных мужоў так і не прывялі да прыняцьця жыда ў народы Эўропы, яму не далі пусьціць каранёў і за гэтую адсутнасьць каранёў на яго абрыналіся цкаваньні. Ён заўсёды заставаўся безаабаронным жыдам, залежным ад кайзэраў, князёў ці абсалютысцкай дзяржавы. Усе яны калісьці былі эканамічна больш магутнымі ў параўнаньні да адсталага насельніцтва. Пакуль яны маглі выкарыстоўваць жыда як пасярэдніка, яны баранілі яго ад масаў, якім даводзілася аплочваць рахункі прагрэсу. Жыды былі калянізатарамі прагрэсу. Пачынаючы з таго часу, калі яны ў якасьці купцоў дапамагалі пашыраць рымскую цывілізацыю ў родапляменнай Эўропе, яны былі, у адпаведнасьці са сваёй патрыярхальнай рэлігіяй, прадстаўнікамі гарадзкіх, буржуазных, урэшце, індустрыйных дачыненьняў. Яны прыносілі формы капіталістычнага ладу ў краіну і ўбіралі ў сябе нянавісьць тых, каму даводзілася пакутаваць ад іх. Дзеля эканамічнага прагрэсу, ад якога яны сёньня гінуць, жыды ад самага пачатку былі для дэклясаваных капіталізмам рамесьнікаў і сялянаў бяльмом на воку. Выбарачны, адмысловы характар прагрэсу яны цяпер зазнаюць на самых сабе. Тыя, хто заўсёды хацеў быць першым, застаюцца далёка ззаду. Нават жыдоўскі ўладальнік амэрыканскай індустрыі забаваў, нягледзячы на ўвесь свой бліск, жыве ў безнадзейнай абароне. Каптан быў уяўным перажыткам спрадвечнай буржуазнай формы адзеньня. Сёньня ён сьведчыць, што ягоныя носьбіты былі выкінутыя на ўзбочыну грамадзтва, якое, само дасягнуўшы поўнай асьвечанасьці, выганяе прывідаў сваёй папярэдняй гісторыі. Тыя, хто прапагандаваў індывідуалізм, абстрактнае права, панятак асобы, цяпер дэградавалі да ўзроўню біялягічнага віду. Тых, хто ніколі ня меў магчымасьці цалкам бесклапотна карыстацца грамадзянскімі правамі, якія б надалі яму якасьць „людзей“, цяпер без разбору зноў клічуць „жыд“. Ад стасункаў з цэнтральнай уладай жыд залежаў таксама і ў ХІХ стагодзьдзі. Унівэрсальнае, ахоўванае дзяржавай права было зарукай ягонай бясьпекі, надзвычайны закон — ягоным кашмарам. Ён заставаўся аб’ектам, залежным ад літасьці іншых, таксама і тады, калі настойваў на праве. Гандаль ня быў ягонай прафэсіяй, гандаль быў ягоным лёсам. Жыд быў траўмаю рыцара індустрыі, якому даводзіцца разыгрываць зь сябе творцу. У жыдоўскім жаргоне ён чуе тое, за што ўпотайкі пагарджае сабой: ягоны антысэмітызм — гэта саманянавісьць, бруднае сумленьне паразыта.

 

 
   

IV

Укарэнены ў масах антысэмітызм ня мае сувязі з рэлігіяй.

Сьцьвярджаецца, што размова тутака ідзе пра чысьціню расы і нацыі. Паўсюль уважаюць, што людзі даўна адмовіліся ад клопату пра ратунак душы. Сёньня ўжо нават сярэдні вернік нагэтулькі ж хітры, наколькі раней быў хіба што які кардынал. Простым дакорам жыдом, што яны закаранелыя нявернікі, сёньня масы ў рух не прывядзеш. Адылі наўрад ці рэлігійная варожасьць, якая была стымулам для перасьледу жыдоў на працягу двух тысячагодзьдзяў, цалкам згасла. Стараннасьць, зь якою антысэміты адпрэчваюць рэлігійныя карані сваіх перакананьняў, хутчэй сьведчыць аб тым, што падыспадна гэтая традыцыя ня меней глыбака ўласьцівая ім, чымся колішнім рэлігійным фанатыкам — прафанная ідыясынкразія. Рэлігія не скасаваная, а запатрабаваная ў якасьці культурнага здабытку. Хаўрус асьветы і ўлады выключыў уплыў моманту ейнай праўды да сьвядомасьці і закансэрваваў яе аб’ектывізаваныя формы. І тое, і другое ў канчальным выніку ідзе на карысьць фашызму: нястрымная корць каналізуецца ў паўстаньні масаў, нашчадкі палымяных эвангелістаў ператвараюцца, на ўзор Вагнэравых рыцараў сьвятога Граалю, у змоўнікаў, зьвязаных кругавой парукай, і элітную гвардыю, рэлігія як інстытуцыя часткова зрастаецца беспасярэдне з сыстэмай, часткова пераходзіць у аздобу масавай культуры і масавых мерапрыемстваў. Фанатычная вера, якою выхваляюцца фюрэр і ягонае акружэньне, нічым ня розьніцца ад той зацятай веры, якая даўней не давала спатыкнуцца тым, хто страціў надзею, толькі ейны зьмест згубіўся. Ад яго засталася адно нянавісьць да тых, хто не падзяляе веры. У нямецкіх хрысьціянаў ад рэлігіі любові не засталося нічога, апроч антысэмітызму.

Хрысьціянства — гэта ня проста рэцыдыў папярэдняга юдаізму. Ягоны хрысьціянскі Бог пры пераходзе з генатэістычнай ува ўнівэрсальную форму яшчэ ня цалкам пазбыўся рысаў прыроднага дэмана. Жах, што паходзіць з часоў, калі яшчэ не аформіўся анімізм, з прыроды пераходзіць да панятку абсалютнага „Я“, якое поўніцай падпарадкоўвае сабе прыроду як ейны творца і ўладар. Ува ўсёй сваёй невымоўнай магутнасьці і велічнасьці, якія надае яму такое адчужэньне, гэты панятак усё ж дасягальны для думкі, якая менавіта праз сувязь з найвышэйшым, трансцэндэнтным становіцца ўнівэрсальнай. Бог як дух супрацьстаіць прыродзе як іншы прынцып, які ня проста адказвае за ейны сьляпы кругабег як усе мітычныя боствы, а можа вызваліцца зь яго кругабегу. Але адначасна ад ягонай абстрактнасьці і аддаленасьці ўзмацніўся жах перад несувымерным, і жалезныя словы „я ёсьць“, якія ня церпяць нічога побач сябе, сваёй непазьбежнай моцай перасягаюць сьляпейшы, але таму і больш мнагазначны вырак ананімнага лёсу. Бог юдаізму патрабуе таго, што яму належыцца, і зводзіць рахункі з тым, хто не аддае яму належнага. Ён аблытвае свой твор павучыньнем віны і заслугі. Хрысьціянства, наадварот, увыпукліла момант літасьці, які, аднак, утрымліваецца ў самім юдаізьме ў хаўрусе Бога зь людзьмі і ў прадказаньні мэсіі. Яно аслабіла жах перад абсалютам дзякуючы таму, што боскае стварэньне ў бостве здабыла сябе само: боскага пасярэдніка клічуць людзкім імем і ён памірае людзкой сьмерцю. Ягоная вестка: ня бойцеся; закон растане перад верай; большай за якія-любя мірскія даброты стане любоў, адзіны запавет.

<...>
 

V

<...>
Псыхічная энэргія, якую актывізоўвае палітычны антысэмітызм, ёсьць гэткаю рацыяналізаванаю ідыясынкразіяй. Усе тыя прыклёпы, адносна якіх існуе поўнае паразуменьне фюрэраў і іхных пасьлядоўнікаў, добра прыдаюцца для таго, каб можна было безь відавочнага парушэньня прынцыпу рэальнасьці, быццам бы з гонарам, паддацца мімэтычнай спакусе. Яны цярпець ня могуць жыда і ўвесь час імітуюць яго. Ня будзе антысэмітам чалавек, які ня мае ў крыві схільнасьці да перайманьня таго, што для яго значыць жыд. Гэта заўжды самі мімэтычныя шыфры: пераконлівы рух рукі, сьпеўная інтанацыя, зь якою, незалежна ад сэнсу выказваньня, малюецца рухомая карціна прадмета і пачуцьця, нос, фізіягнамічны principium individuationis, быццам пісьмёны, якімі запісаны на твары індывіда адметны характар. У шматзначных праявах цягі да пахаў працягваецца жыцьцё старой цягі да нізкага, да беспасярэднай лучнасьці з навакольнай прыродай, зь зямлёй і брудам. З усіх пачуцьцяў акт нюханьня, які прыцягвае, а не апрадмечвае, найбольш пачуцьцёва сьведчыць пра жаданьне згубіцца ў іншым і расчыніцца ў ім. Таму пах як адчуваньне і адчуванае — і тое, і другое ў працэсе злучаецца ў адно цэлае — зьмяшчае больш экспрэсіі, чымся іншыя пачуцьці. У зроку чалавек застаецца тым, кім ён ёсьць, у паху чалавек растае. Таму цывілізацыя ўважае пах за ганьбу, за знак нізкіх сацыяльных слаёў, нізкіх расаў і невысакародных жывёлаў. Цывілізаванаму чалавеку дазваляецца аддавацца гэтай цязе толькі тады, калі забарона прыпыняецца праз рацыяналізацыю, скіраваную на сапраўды ці нібыта практычныя мэты. Аддавацца заганнаму поцягу дазваляецца толькі тады, калі няма сумневу, што гэта служыць ягонаму выгубленьню. Тады гэта набывае рысы пацехі ці жарту, стаецца мізэрнай пародыяй на выкананьне жаданьня. Людзі падступна цешацца мімэтычнай функцыяй, якою пагарджаюць, якая пагарджае сама сабою. Той, хто вынюхвае пахі, каб іх зьнішчаць, „кепскія“ пахі, той можа ўволю імітаваць вынюхваньне, атрымліваючы нерацыяналізаваную асалоду ад паху. Дэзынфэктуючы забаронены поцяг безумоўнай ідэнтыфікацыяй сябе з забараняючай інстанцыяй, цывілізаваны чалавек прапускае яго скрозь сябе. Калі ён перасягае пэўны парог, распачынаецца сьмех. Гэта ёсьць схемаю антысэміцкага спосабу рэакцыі. Антысэміты зьбіраюцца разам, каб адсьвяткаваць момант аўтарытарнага дазволу забароненага, адзін толькі ён робіць іх калектывам, ён фармуе супольнасьць саўдзельнікаў. Іхныя завываньні ёсьць арганізаваным сьмехам. Чым жахлівейшыя абвінавачваньні і пагрозы, чым большая жорсткасьць, тым больш немінучы зьдзек. Жорсткасьць, зьдзек і атручанае імі перайманьне — гэта, у сутнасьці, адно і тое ж. Сэнс фашыстоўскіх бюракратычных фармальнасьцяў, рытуальнай дысцыпліны, уніформаў і ўсяго нібыта ірацыянальнага апарату палягае ўва ўмагчымленьні мімэтычных паводзінаў. Мудрагелістыя сымбалі, уласьцівыя любому контрарэвалюцыйнаму руху, чарапы і акантоўкі, барбарскае біцьцё ў бубны, манатоннае паўтарэньне словаў і жэстаў — гэта таксама арганізаванае перайманьне магічных практык, мімэзыс мімэзысу. Фюрэр з тварам актора з балагану і харызмай пастаянна гатовай успыхнуць гістэрыі вядзе рэй. Ягонае прадстаўленьне ідзе ад чужога імя і перадае тое, што ўсім астатнім у сапраўднасьці забаронена. Гітлер можа жэстыкуляваць як клоўн, Мусаліні — адважвацца на фальшывыя ноты, як правінцыйны тэнар, Гёбэльс — гаварыць побегам, як жыдоўскі агент, якога ён раіць забіць, Кафлін — прапаведаваць любоў, як сам збавіцель, укрыжаваньне якога ён узносіць угору, каб зноў і зноў лілася кроў. Фашызм таталітарны таксама і ў тым, што ён імкнецца павярнуць бунт прыгнечанай прыроды супраць улады беспасярэдне на карысьць улады.

Гэты мэханізм вымагае жыдоў. Іхная штучна ўзмоцненая заўважнасьць дзейнічае на законнанароджанага сына родапляменнай цывілізацыі, нібы магнітнае поле. Калі ён, звыклы да сваёй адрознасьці ад жыда, заўважае таксама сваё падабенства да яго, агульначалавечыя рысы, супольныя ім, у ім уздымаецца пачуцьцё адпрэчваньня, адчужваньня. Гэтак табуяваныя, супярэчныя пануючаму парадку працы поцягі ператвараюцца ўва ўніфікуючыя ідыясынкразіі. Эканамічная пазыцыя жыдоў, апошніх падманутых падманшчыкаў лібэралісцкай ідэалёгіі, не забясьпечвае надзейнай абароны ад гэтага. Дзеля таго што яны так прыдатныя да стварэньня такіх псыхічных індукцыйных плыняў, яны мімаволі прыдаюцца для такіх функцыяў. Яны падзяляюць лёс бунтуючай прыроды, наўзамен якой іх ужывае фашызм: яны сьлепа і дальнабачна выкарыстоўваюцца. Ня мае вялікага значэньня, ці жыды як індывіды насамрэч яшчэ маюць тыя мімэтычныя рысы, якія спараджаюць бацылы зла, ці гэтыя рысы ім толькі прыпісваюцца. Калі эканамічныя магнаты ўрэшце пераадольваюць боязь падлучыць фашыстаў да абароны сваіх інтарэсаў, дык аўтаматычна ўсталёўваецца гармонія „нацыянальнай супольнасьці“ ў стасунку да жыдоў. Улада пакідае іх без апекі, калі з прычыны свайго ўсё большага адчужэньня ад прыроды вяртаецца да голай прыроды. Жыдоў агулам абвінавачваюць у забароненай магіі, у крывавых рытуалах. Толькі пераапранутая ў абвінавачваньне, пракаветная паганская прага аўтахтонаў вярнуцца да мімэтычнай практыкі ахвяраваньня адраджаецца ў іхнай собскай сьвядомасьці. Калі ўвесь жах зьнішчаных цывілізацыяй дагістарычных часоў праз праекцыю на жыдоў рэабілітуецца як рацыянальны інтарэс, яго ўжо не спыніць. Ён можа быць сапраўды зьдзейсьнены, і зьдзяйсьненьне ліха нават перасягае ліхі зьмест праекцыі. Народныя фантазіі пра жыдоўскія злачынствы, забіўствы дзяцей і садысцкія эксцэсы, пра атручваньне народу і міжнародную змову дакладна вызначаюць запаветную антысэміцкую мару і не пасьпяваюць за сваёй рэалізацыяй.

У пэўны момант само слова „жыд“ падаецца крывавай грымасай, выява якой разгортваецца на сьцягу са свастыкай — чэрап і адначасна зьнявечаны крыж; тое, што кагосьці клічуць жыдам, дзейнічае як заклік зьбіць яго на горкі яблык, каб ён быў падобны да гэтай выявы.

Цывілізацыя ёсьць перамогаю грамадзтва над прыродай, якая ўсё ператварае ў прыроду. Жыды самі на працягу тысячагодзьдзяў удзельнічалі ў гэтым дзякуючы асьветніцтву ня ў меншай меры, чымся цынізму.

Прадстаўнікі найстарэйшага і ўсё яшчэ вельмі жывучага патрыярхату, інкарнацыі монатэізму, яны ператварылі табу ў цывілізатарскія максымы, калі іншыя яшчэ трымаліся магіі. Здаецца, жыдом удалося тое, да чаго марна імкнулася хрысьціянства: зьнясіленьне магіі празь ейную собскую сілу, што ў якасьці набажэнства абяртаецца супраць сябе самой. Яны ня зьнішчылі прыпадабненьне да прыроды, а хутчэй захавалі яго ў чыстых вымогах рытуалу. Такім чынам яны замірыліся зь ім у сваёй памяці, не вяртаючыся сымбалічна назад да міталёгіі. Дзеля гэтага яны падаюцца прагрэсіўнай цывілізацыі адсталымі і надта разьвітымі, падобнымі і непадобнымі, кемлівымі і дурнымі. Яны прызнаюцца вінаватымі ў тым, што яны ў якасьці першых буржуа зламалі ў сабе перш за ўсіх: у тым, што іх спакушае нізкае, у празе да жывёльнага і зямнога, у ідалапаклонстве. За тое, што яны вынайшлі панятак кашэрнай ежы, іх перасьлядуюць як сьвіней. Антысэміты робяцца выканаўцамі Старога Закону: рупяцца аб тым, каб жыды абярнуліся ў парахню, бо яны елі з дрэва пазнаньня.

 

 
   

VI

Антысэмітызм грунтуецца на ілжывай праекцыі. Яна ёсьць антыподам сапраўднаму мімэзысу, надзвычай роднаснай яго выціснутаму складніку, магчыма, яна нават ёсьць паталягічнай адметнай рысай, у якой ён адбіваецца. Калі мімэзыс палягае ў прыпадабненьні да навакольнага асяродзьдзя, дык ілжывая праекцыя прыпадабняе навакольнае асяродзьдзе да сябе. Калі для першага вонкавае робіцца мадэляй, да якой дастасоўваецца нутраное, чужое робіцца знаёмым, дык у другім выпадку гатовае да скачку нутраное пераносіцца вонкі і пазначае нават самае знаёмае як ворага. Поцягі, якія не прызнаюцца суб’ектам сваімі собскімі і тым ня менш уласьцівыя яму, прыпісваюцца аб’екту: будучай ахвяры. Звычайны параноік ня вольны ў сваім выбары, ягоны выбар падпарадкаваны законам ягонай хваробы. У фашызьме гэты спосаб паводзін падхопліваецца палітыкай, аб’ект хваробы вызначаецца адпаведна з рэальнасьцяй, сыстэма вар’яцтва робіцца разумнаю нормай сьвету, адхіленьне ад яе — нэўрозам. Мэханізм, якім паслугуецца таталітарны лад, стары, як цывілізацыя. Тыя самыя полавыя поцягі, якія людзкі род душыў, умелі захоўвацца і перамагаць — як у індывідаў, так і ў народаў — пры дапамозе ператварэньня навакольнага асяродзьдзя сілаю ўяўленьня ў д’ябальскую сыстэму. Заўсёды чалавек, апантаны сьляпою прагай забіўства, бачыў у ахвяры перасьледніка, які змушаў яго, роспачнага, да неабходнай самаабароны, а наймагутнейшыя дзяржавы ўспрымалі найслабейшага суседа як невыносную пагрозу і нападалі на яго. Рацыяналізацыя была крутнёй і ўвадначас непазьбежнасьцю. Абраны ў якасьці ворага ўжо ўспрымаецца як вораг. Расстройства палягае ў тым, што суб’ект у недастатковай ступені адрозьнівае сваю і чужую ступень удзелу ў праектаваным матар’яле.

<...>

Паталягічнымі ў антысэмітызьме ёсьць не праектыўныя паводзіны як такія, а адсутнасьць у іх рэфлексіі. Суб’ект, пазбаўляючыся магчымасьці вярнуць аб’екту тое, што ён ад яго ўзяў, сам стае не багацейшы, а бяднейшы. Ён губляе рэфлексію ў абодвух кірунках: у выніку таго, што ён ужо не рэфлектуе прадмет, ён ужо не рэфлектуе сябе і такім чынам губляе здольнасьць да адрозьненьня. Заміж голасу сумленьня яму чуюцца галасы; заміж таго каб заглыбіцца ў сябе, склаўшы пратакол сваёй собскай прагі да ўлады, ён прыпісвае пратаколы сыёнскіх мудрацоў іншым. Ён перапаўняецца і адначасна гібее. Ён безаглядна надзяляе вонкавы сьвет тым, што ёсьць у яго; але тое, чым ён яго надзяляе, ёсьць абсалютна нікчэмным, бязьмерна разьдзьмутым, сувязямі, махінацыямі, цёмнай практыкай безь відалі на думку. Сама ўлада, якая, нават калі яна абсалютная, паводле сэнсу заўсёды ёсьць толькі сродкам, у нястрымнай праекцыі робіцца і собскай, і чужой мэтай, можна нават сказаць, мэтай увогуле. Пры захворваньні індывіда абвостраны інтэлектуальны апарат чалавека зноў абяртаецца супраць чалавека як сьляпы інструмэнт варожасьці ў жывёльнай прадгісторыі, у якасьці якога ён заўсёды функцыяваў у гэтага роду супраць усёй астатняй прыроды. Нібы чалавек, што як біялягічны від ад свайго ўзьнікненьня выстаўляе сябе іншым вяршыняй стварэньня ў гісторыі эвалюцыі і таму найжахлівейшай зьнішчальнай сілай, і ўнутры чалавечага роду больш прагрэсіўныя расы выстаўляюць сябе больш прымітыўным, тэхнічна лепей узброеныя народы — больш адсталым, так і хворы індывід супрацьстаўляе сябе іншым індывідам як у маніі велічы, так і ў маніі перасьледу. У абодвух выпадках у цэнтры суб’ект, а сьвет — ня больш як нагода для ягонай маніі; ён стаецца бясьсільным ці ўсясільным увасабленьнем таго, што на яго праектуецца. Супраціў, на які параноік бесьперапынна наракае пры кожным сваім кроку, ёсьць вынікам адсутнасьці супраціву, пустэчы, якую стварае наўкола сябе гэты асьлеплены самім сабой. Ён ня можа спыніцца. Ідэя, якая ня мае цьвёрдага апірышча ў рэальнасьці, настойліва сьцьвярджае сябе і робіцца навязьлівай.

Паколькі параноік успрымае вонкавы сьвет толькі так, як гэта адпавядае ягоным сьляпым мэтам, ён заўсёды здольны толькі да паўтарэньня абстрактных прыхамацяў адмоўленага „Я“. Голая схема ўлады як такой, што роўным чынам прыгнятае і іншых, і собскае расколатае ўсярэдзіне Я, падхоплівае тое, што ёй прапануецца, і ўлучае яго, зусім не зважаючы на ягоную самабытнасьць, у сваё мітычнае павучыньне. Суцэльнасьць вечна аднолькавага стаецца сурагатам усёмагутнасьці. Выглядае на тое, быццам зьмей, які сказаў першым людзём: вы будзеце падобныя да Бога, выканаў сваю абяцанку ў параноіку. Ён стварае ўсіх паводле свайго вобразу. Здаецца, яму ня трэба нікога жывога, і ўсё-ткі ён патрабуе, каб яму ўсе служылі. Ягоная воля працінае сусьвет, нішто ня можа абыходзіцца бяз сувязі зь ім. У ягоных сыстэмах няма прабелаў. Як астроляг ён надае зорам сілы, якія прыносяць бесклапотным згібеньне, ці то ў даклінічнай стадыі чужога „Я“, ці то ў клінічнай стадыі собскага „Я“. Як філёзаф ён робіць гісторыю выканаўцай непазьбежных катастрофаў і заняпадаў. Як поўны вар’ят ці абсалютны рацыяналіст ён зьнішчае непажаданых праз індывідуальны акт тэрору ці праз добра прадуманую стратэгію вынішчэньня. Так ён дасягае посьпеху. Як жанчыны абагаўляюць абыякавага паранаідальнага мужчыну, так народы апускаюцца на калені перад таталітарным фашызмам. У саміх адданых паранаідальнае апэлюе да параноіка як да пачвары, страх перад сумленьнем апэлюе да таго, хто пазбаўлены сумленьня, якому яны ўдзячныя. Яны ідуць за тым, хто на іх не зважае, хто не ўспрымае іх як суб’ектаў, а прызначае іх для выкарыстаньня ў шматлікіх мэтах. Па ўсім сьвеце такія жанчыны зрабілі сваёй рэлігіяй заняцьцё вялікіх і малых уладных пасадаў, а самі зрабіліся зласьлівымі бабамі, як мянуе іх грамадзтва. Дзеля гэтага пагляд, які заклікае іх да свабоды, мусіць, дзеіць на іх як пагляд занадта наіўнага спакушальніка. Іхны сьвет перакручаны. Але ўвадначас яны, як даўнія багі, якія лякаліся пагляду сваіх вернікаў, ведаюць, што за заслонай перабывае сьмерць. Акурат у не паранаідальным, даверлівым паглядзе яны сутыкаюцца з тым духам, які згас у іх таму, што ўва ўсім, што звонку, яны бачаць толькі халодныя сродкі свайго самазахаваньня. Такі дотык абуджае ў іх сорам і лютасьць. Вар’ят жа ня здольны на яго, нават калі ён, як фюрэр, глядзіць ім у твар. Ён проста запальвае яго. Агульнавядомы пагляд у вочы не захоўвае так індывідуальнасьці, як свабодны пагляд. Ён фіксуе. Ён змушае іншых да аднабаковай вернасьці, замыкаючы іх за ня маючымі вокнаў мурамі манады собскай асобы. Ён не абуджае сумленьня, а адразу прыцягвае да адказнасьці. Пагляды, што працінаюць і абмінаюць, гіпнатызуюць і не зважаюць, — гэтыя пагляды маюць аднолькавую прыроду, у абодвух выпадках суб’ект сьціраецца. З прычыны таго, што ў такіх паглядах няма рэфлексіі, тыя, хто ня мае рэфлексіі, імі электрызуюцца. Іх зраджваюць: жанчын выкідаюць, нацыю выпальваюць. Так замкнёны ў сабе чалавек стаецца карыкатурай на боскую ўладу. Падобна да таго, як у яго сувэрэнных выбрыках насамрэч абсалютна адсутнічае стваральная патэнцыя, гэтак і яму, маўляў чорту, не стае атрыбутаў прынцыпу, які ён узурпуе: незабыўнай любові і ўгрунтаванай на сабе самой свабоды. Ён ліхі, ім кіруе прымус, і ён гэтак сама слабы, як ягоная сіла. Калі пра боскую ўсёмагутнасьць кажуць, што яна прыцягвае істоту да сябе, дык сатанінская, уяўная, усё зацягвае ў сваю бясьсільнасьць. У гэтым сакрэт яе ўлады. Пад прымусам праектаванае „Я“ ня можа праектаваць нічога, апроч уласнага няшчасьця, але ад прысутнага ў ім самім грунту яно, тым ня менш, адцятае дзеля сваёй безрэфлексійнасьці. Таму прадукты ілжывай праекцыі, стэрэатыпныя схемы мысьленьня і рэальнасьці, ёсьць прадуктамі і схемамі ліха. Для „Я“, што патанае ў бессэнсоўнай бездані сябе самога, прадметы стаюцца алегорыямі згібеньня, у якіх палягае сэнс ягонага собскага перакрышу.

<…>

Гатовасьць да фальшывай праекцыі настолькі фатальна ўласьцівая духу, што яна, ізаляваная схема самазахаваньня, пагражае апанаваць усё, што выходзіць вонкі яе: культуру. Фальшывая праекцыя ёсьць узурпатарам сфэры свабоды і асьветы; параноя — гэта сымптом напаўадукаванага. Для апошняга ўсе словы стаюцца сыстэмай вар’яцтва, спробаю абняць духам тое, што не абдымаецца ягоным досьведам, гвалтоўным чынам надаць сэнс сьвету, які робіць бессэнсоўным яго самога, але адначасна спробаю зганьбіць дух і досьвед, якіх ён пазбыты, і навязаць ім віну, якую нясе грамадзтва, што вымыкае яго з гэнага духу і досьведу. Павярхоўная адукацыя, якая, у адрозьненьне ад простай неадукаванасьці, гіпастазуе абмежаваныя веды як праўду, ня можа вытрымаць павялічаны да невыноснасьці разлом паміж нутраным і вонкавым, паміж індывідуальным лёсам і грамадзкім законам, паміж бачнасьцю і сутнасьцяй. Ведама, у гэтым пакутаваньні зьмяшчаецца элемэнт праўды, адсутны ў простым прыняцьці дадзенага, якому склала прысягу высакамерная разважнасьць. Адылі ў сваёй боязі павярхоўная адукацыя стэрэатыпна хапаецца за ўласьцівую ёй у адпаведным выпадку формулу, ці то каб абгрунтаваць зьдзеянае ліха, ці то каб прадказаць катастрофу, часам пераапранутую ў рэгенэрацыю. Тлумачэньне, у якім собскаму жаданьню надаецца якасьць аб’ектыўнай сілы, заўсёды ёсьць такім жа павярхоўным і бессэнсоўным, як сама ізаляваная падзея, недарэчная і заразом злавесная. Цемрашальскія сыстэмы сёньня робяць тое, што сярэднявечнаму чалавеку ўмагчымляў міт пра чорта ў афіцыйнай рэлігіі: адвольнае напаўненьне сэнсам вонкавага сьвету, якое асобны параноік зьдзяйсьняе паводле прыватнай, нікім не прыманай схемы, якая акурат таму і падаецца ўласна вар’яцкай. Ад гэтага ратуюць фатальныя сыходы ў эзатэрыку і пошукі панацэі, якія разыгрываюць навуковасьць і адначасна адключаюць думку: тэазофія, нумэралёгія, знахарства, эўрытмія, аскетызм, ёга ды безьліч іншых, канкуруючых і ўзаемазамяняльных сэктаў, усе з акадэміямі, гіерархіямі, прафэсійнымі жаргонамі, фэтышызаванымі формуламі навукі і рэлігіі. Калісь яны былі з гледзішча асьветы апакрыфічнымі і нерэспэктабэльнымі. Сёньня ж, калі асьвета з эканамічных прычынаў увогуле адмірае, у нечуваным маштабе зьявіліся новыя ўмовы для параноі масаў. Рэлігійныя сыстэмы мінуўшчыны, якімі народы захопліваліся як замкнёна паранаідальнымі формамі, мелі шырэйшы інструмэнтар узьдзеяньня. Акурат у выніку іхнай рацыянальнай арганізаванасьці і вызначанасьці яны пакідалі прастору, прынамсі ўверсе, для асьветы і духу, панятак якіх быў іх собскім мэдыюмам. Яны нават у пэўным сэнсе процідзейнічалі параноі. Фройд называе нэўрозы, у гэтым выпадку нават з поўным правам, „асацыяльнымі ўтварэньнямі“; „яны імкнуцца прыватнымі сродкамі дасягчы таго, што ў грамадзтве ўзьнікла шляхам калектыўнай працы“*.

* Freud, Totem und Tabu. Gesammelte Werke. Band IX.S.91.

Рэлігійныя сыстэмы ўтрымліваюць нешта з той калектыўнасьці, якая ахоўвае індывідаў ад захворваньня. Апошняе сацыялізуецца: у запале cупольнага экстазу, ды ўвогуле ў грамадзе, сьлепата стаецца вузамі, а паранаідальны мэханізм — усёабсяжным, так і не ўхіляючы ад магчымых страхаў. Магчыма, апошняе было адным зь вялікіх унёскаў рэлігіі ў самазахаваньне віду. Паранаідальныя формы сьвядомасьці імкнуцца да стварэньня саюзаў, фрондаў і рэкетаў. Іхныя ўдзельнікі баяцца верыць у сваё вар’яцтва адзінцом. Праектуючы, яны паўсюль бачаць змову і празэліцкія махлярствы. Пасьля свайго ўтварэньня група заўсёды ставілася паранаідальна да іншых; вялікія дзяржавы, нават арганізаванае чалавецтва як цэлае ў гэтым сэнсе зусім ня лепшыя за галаварэзаў. Тыя, хто быў вымкнуты з чалавецтва не па сваёй волі, таксама як і тыя, хто з тугі за чалавецтвам сам вымыкаў сябе зь яго, ведалі: дзякуючы іх перасьледу мацавалася хваравітая салідарнасьць. Але нармальны чалец здымае сваю параною праз удзел у калектыўнай параноі і палка чапляецца да аб’ектываваных, калектыўных, зацьверджаных формаў маніі. Horror vacui, якім яны замацоўваюць свае саюзы, гуртуе іх і надае ім амаль неадольную сілу.

Разам з буржуазнай уласнасьцю пашырылася таксама і адукацыя. Яна адцясьніла параною ў цёмныя куткі грамадзтва і душы. Але ў выніку таго, што адначасна з асьветай духу не адбылося рэальнай эманцыпацыі чалавека, адукацыя сама захварэла. Чым менш адукаваная сьвядомасьць стасавалася з грамадзкай сапраўднасьцю, тым больш яна сама падлягала працэсу арэчаўленьня. Культура конча ператварылася ў тавар, распаўсюджваны на правах інфармацыі, і ўжо не прасякала тых, хто вучыўся яе. Мысьленьне робіцца адрывістым, абмяжоўваецца фіксацыяй ізаляваных фактаў. Стройнасьць мысьленьня адмаўляецца як нязручнае і марнае намаганьне. Момант разьвіцьця ў думцы, усё генэтычнае і інтэнсыўнае ў ёй забываецца і нівэлюецца да беспасярэдне цяперашняга, да экстэнсыўнага. Сёньняшні лад жыцьця не пакідае „Я“ прасторы для духоўнага ўдасканаленьня. Думка, пераплаўленая ў веды, нэўтралізуецца і зводзіцца адно да кваліфікацыі на спэцыфічных працоўных рынках і да павышэньня таварнага кошту асобы. Так гіне тая кандыцыя духу, якая працуе супраць параноі. Урэшце, ува ўмовах позьняга капіталізму напаўадукацыя стала аб’ектыўным духам. У сваёй таталітарнай фазе ўлада зноў зьвяртаецца да правінцыйных шарлятанаў ад палітыкі і разам зь імі да сыстэмы вар’яцтва як ultima ratio і навязвае яе і так ужо добра апрацаванай буйной і культурнай індустрыяй бальшыні. Абсурднасьць улады сёньня для здаровай сьвядомасьці настолькі відавочная, што ёй трэба хворая сьвядомасьць, каб захаваць сабе жыцьцё. Зь перасьледам, у які мусова пераходзіць улада, пагаджаюцца толькі апантаныя маніяй перасьледу, калі ім дазваляюць перасьледаваць іншых.

У фашызьме, дзе старанна выгадаваная буржуазнай цывілізацыяй адказнасьць за жанчын і дзяцей зноў губляецца за бесьперапынным самавыраўноўваньнем кожнага індывіда паводле рэглямэнту, сумленьне і без таго зьліквідаванае. Яно палягала — іначай, чымся ўяўлялі сабе Дастаеўскі і нямецкія апосталы нутранога сьвету (deutsche Innerlichkeitsapostel) — у адданасьці „Я“ вонкавым сутнасьцям, у здольнасьці рабіць сапраўднае пачынаньне іншых сваім собскім. Гэтая здольнасьць ёсьць здольнасьцяй да рэфлексіі як узаемапранікненьня рэцэптыўнасьці і сілы ўяўленьня. Калі буйная індустрыя, скасоўваючы незалежнага эканамічнага суб’екта — часткова праз паглынаньне самастойных прадпрымальнікаў, часткова праз трансфармацыю работнікаў у прафсаюзныя аб’екты, безупынна выбівае эканамічную глебу з-пад маральнай пазыцыі, марнее таксама і рэфлексія. Душа як магчымасьць адкрытага самому сабе пачуцьця віны, сыходзіць на нішто. Сумленьне стаецца беспрадметным, бо месца адказнасьці індывіда за сябе і за сваіх блізкіх заступае, хай нават пад старым назовам маралі, папросту ягоная праца дзеля апарату. Больш не адбываецца канфлікту собскіх матывацыяў, у якім утвараецца інстанцыя сумленьня. Замест засваеньня грамадзкага наказу, якое робіцца ня толькі больш абавязковым і ўвадначас больш адкрытым, але і вызваляе ад грамадзтва, нават паварочвае супраць яго, адбываецца хуткая, беспасярэдняя ідэнтыфікацыя з стэрэатыпнымі шкаламі вартасьцяў. Узорная нямецкая жанчына, якая быццам мае вылучнае права на жаноцкасьць, і сапраўдны нямецкі мужчына, які быццам мае вылучнае права на мужчынскасьць, як і іхныя замежныя вэрсіі, ёсьць тыпамі асацыяльных канфармістаў. Нягледзячы на тое, што ўлада відавочна кепская, і дзякуючы таму, што яна відавочна кепская, яна стала нагэтулькі магутнай, што кожны ў сваёй бясьсільнасьці са сьляпой пакорнасьцю можа толькі заклінаць свой лёс.

<...>

VII

Але антысэмітаў больш няма. Апошняга разу імі былі лібэралы, якія хацелі выказаць свае антылібэральныя меркаваньні. Старая кансэрватыўная дыстанцыя, што аддзяляла шляхту і афіцэрскі корпус ад жыдоў, пры канцы ХІХ стагодзьдзя была проста рэакцыйнай. Духу часу адпавядалі Альварты і Кнюпэлькунцы*.

* Маюцца на ўвазе нямецкія палітыкі-юдафобы, якія датрымваліся крайне правых поглядаў і ўваходзілі ў парлямэнцкую фракцыю „Deutsch-sozialen Reformpartei“ (Нямецка-сацыяльнай партыі рэформаў) у Райхстагу. Гэрман Альварт да таго ж быў аўтарам сумна вядомага твору „Verzweiflungskampf der arischen Volker mit dem Judentum“ („Адчайная барацьба арыйскіх народаў з жыдоўствам“(1890). — Зацем рэдактара.

Яны гуртавалі вакол сябе ўжо людзкі матар’ял для фюрэра, але іхным апірышчам былі зласьлівыя характары і ўпорыстыя галовы па ўсёй краіне. Калі антысэміцкія перакананьні сталі выказвацца голасна, яны напоўнілся буржуазнасьцю і адначасна бунтарствам. Брутальная нацысцкая рыторыка была яшчэ і парушэньнем грамадзянскай свабоды. У палітыцы антысэмітаў, якая выйшла зь піўнога шынка ў Мюнхене, выявілася мана нямецкага лібэралізму, якім гэтая палітыка сілкавалася і да канца якога яна ўрэшце прывяла. Калі ў дачыненьні жыдоў яны і паслугоўваліся сваёй собскай пасярэднасьцяй як адпускной граматай для іх зьбіцьця — зьбіцьцё такое ўжо тады мела ў сабе рысы ўнівэрсальнага забойства — дык з эканамічнага гледзішча яны ўсё ж былі яшчэ досыць абачлівымі, каб тым часам прамацваць рызыкі Трэцяга Райху перад абліччам перавагаў варожага атачэньня. Антысэмітызм яшчэ быў адным з канкуруючых матываў пры суб’ектыўным выбары. Рашэньне спэцыфічным чынам залежала ад яго. З прыняцьцём нацысцкай праграмы, ведама, быў заразом прыняты ўвесь шавіністычны слоўнік. Антысэміцкі настрой здаўна сьведчыў пра стэрэатыпнасьць мысьленьня. Сёньня толькі яна і засталася. Выбар усё яшчэ зьдзяйсьняецца, але адно паміж татальнымі сутнасьцямі. Месца антысэміцкай псыхалёгіі заступіла простае „так“ фашысцкай праграме, інвэнтару лёзунгаў ваяўнічай буйной індустрыі. Як і ў выбарчым сьпісе масавых партыяў, дзе партыйная машына навязвае выбарцу прозьвішчы, якія ня маюць нічога супольнага зь ягоным досьведам і якія ён можа выбіраць толькі en bloc**, так і ключавыя ідэалягічныя моманты кадыфікуюцца ў нешматлікіх тэзах. Адну зь іх трэба абраць en bloc, інакш собскія перакананьні самому чалавеку пададуцца такімі ж мізэрнымі, як і асобныя галасы ў дзень выбараў у параўнаньні з гіганцкімі статыстычнымі лічбамі. Антысэмітызм — гэта наўрад ці самастойнае парываньне, а хутчэй пункт пляцформы: той, хто дае фашызму хоць які шанец, разам з разьбіцьцём прафсаюзаў і крыжовым паходам на бальшавізм аўтаматычна падпісваецца пад зьнішчэньнем жыдоў. Перакананьне антысэміта, якім бы ілжывым яно ні было, перайшло ў прадвызначаныя рэфлексы бессуб’ектных месцазаступнікаў ягонай дыспазыцыі. Калі масы акцэптуюць рэакцыйную праграму, якая ўтрымлівае пункт, накіраваны супраць жыдоў, яны падпарадкоўваюцца сацыяльным мэханізмам, у якіх досьвед індывідаў што да жыдоў ня грае жаднай ролі. Жыцьцё паказвае, што ў мясцовасьцях, дзе няма жыдоў, антысэмітызм мае ня менш шанцаў, чым нават у Галівудзе. Месца досьведу заступае клішэ, месца актыўнай фантазіі — мэтанакіраваная рэцэпцыя. Пад страхам хуткай гібелі прадстаўнікі кожнай праслойкі павінны засвоіць прызначаны ім урок арыентацыі. Яны мусяць арыентавацца як у сэнсе веданьня, як уладкаваны найнавейшы самалёт, так і ў сэнсе далучэньня да адной з зададзеных інстанцыяў улады.

** сьпісам (фр.)

<...>

Такім чынам, разам з індывідам ня зьніклі таксама і ягоныя псыхалягічныя дэтэрмінанты, што спрадвеку былі агентамі ілжывага грамадзтва сярод людзей. Але характэрныя тыпы знаходзяць цяпер у схеме зьдзяйсьненьня ўлады сваё дакладнае месца. Іхны каэфіцыент дзеяньня, як і каэфіцыент церця, улучаны ў разьлікі. Сама палітычная праграма становіць сабой зубчатае кола. Тое, што ў псыхалягічным мэханізьме спрадвеку было вымушаным, паднявольным і ірацыянальным, дасканала дапасавана да яго. Рэакцыйная праграма, якая зьмяшчае ў сабе антысэмітызм, адпавядае дэструкцыйна-канвэнцыйнаму сындрому. Разам яны сьпярша ня столькі рэагавалі супраць жыдоў, колькі вымалёўвалі кірунак для інстынкту, які адно дзеля праграмы атрымлівае адэкватны аб’ект перасьледу. Абумоўленыя досьведам „элемэнты антысэмітызму“, згубіўшы сілу праз страту досьведу, сьведчаньнем якой ёсьць мысьленьне катэгорыямі праграмы, зноў мабілізуюцца праграмай. Будучы ўжо падарванымі, яны спараджаюць у нэа-антысэміту згрызоты сумленьня і тым самым — ненажэрнасьць ліха. Акурат таму, што саму псыхалёгію індывідуумаў і ейныя зьместы цяпер можна ствараць ужо толькі пры дапамозе напрацаваных грамадзтвам сынтэтычных схемаў, сучасны антысэмітызм набывае сваю нікчэмную, непранікальную сутнасьць. Жыд-пасярэднік стаецца поўным увасабленьнем д’ябла толькі пасьля таго, як з эканамічнага гледзішча яго, уласна кажучы, ужо не існуе; гэта робіць трыюмф лёгкім, а антысэміцкага бацьку сямейства — пазбытым адказнасьці назіральнікам безупыннай гістарычнай тэндэнцыі, які бярэ чынны ўдзел толькі ў тым, што патрабуе ад яго ягоная роля партыйнага службоўца ці работніка фабрыкі па вытворчасьці цыклёнаў. Кіраўніцтва таталітарных дзяржаваў, якое выракае на вынішчэньне часткі народу, неадпаведныя духу часу, ёсьць толькі выканаўцам даўна прынятых эканамічных вэрдыктаў. Людзі, што належаць да іншых сфэраў падзелу працы, могуць сачыць падзеі з абыякавасьцю, якая не пакідае чалавека, што чытае газэтнае паведамленьне пра ўпарадкаваньне месца ўчорашняй катастрофы. Дый сама адметнасьць, дзеля якой забіваюць ахвяраў, ужо даўна сьцерлася. Людзей, што падпадаюць пад дэкрэт як жыды, даводзіцца да таго ж выяўляць з дапамогай мудрагелістых анкетаў, пасьля таго як пад нівэлюючым ціскам індустрыйна разьвітага грамадзтва варожыя рэлігіі, якія калісьці і ўтваралі адметнасьць, шляхам пасьпяховай асыміляцыі былі папросту пераробленыя ў набыткі культуры. Самі жыдоўскія масы ў такой жа малой меры здатныя вырвацца за межы мысьленьня, навязаныя праграмай, як і варожыя ім моладзевыя зьвязы. Фашыстоўскі антысэмітызм сьпярша мусіць нейкім чынам вынайсьці свой аб’ект. Параноя перасьлядуе свае мэты ўжо не на падставе індывідуальнай гісторыі хваробы перасьледніка; стаўшы грамадзкай рэаліяй, яна спачатку сама мусіць вызначыць яго ў заблытаным кантэксьце войнаў ды кан’юнктураў, перш як псыхалягічна схільныя да гэтага фольксгеносэн*** як пацыенты змогуць накінуцца на гэты аб’ект звонку і знутра.

*** Назоў чальцоў НСДАП у фашыстоўскай Нямеччыне. — Зацем рэд.

Тое, што паводле тэндэнцыяў антысэмітызм цяпер ёсьць толькі адным з пунктаў узаемазамяняльнай праграмы, бясспрэчна, дае надзею на ягоны канец. Жыдоў забіваюць у той час, калі кіраўнікі маглі б замяніць антысэміцкі пункт настолькі лёгка, наколькі лёгка перавесьці функцыянэраў з аднаго месца наскрозь рацыяналізаванай вытворчасьці ў другое. Базыс разьвіцьця, якое прыводзіць да мысьленьня ў катэгорыях падобнай праграмы, і так ёсьць унівэрсальнай рэдукцыяй усякай спэцыфічнай энэргіі ў адну, аднолькавую, абстрактную форму працы паўсюль, ад поля бітвы да мастацкай студыі. Але пераход ад такіх варункаў да людзкага стану ня можа зьдзеяцца, таму што з дабром здараецца тое самае, што і зь ліхам. Свабода ў прагрэсіўнай палітычнай праграме ў такой жа ступені ўяўная для сілавых палітычных структураў, безь якіх ня могуць абысьціся прагрэсіўныя рашэньні, як і варажнеча да жыдоў — для хімічнага трэсту. Нягледзячы на тое, што першае прыцягвае людзей, псыхалягічна больш гуманных, усё большая страта досьведу ўрэшце ператварае таксама і прыхільнікаў прагрэсіўнай праграмы ў ворагаў усякай адметнасьці. Ня столькі антысэміцкая праграма ёсьць антысэміцкай, колькі ўвогуле мэнтальнасьць, прывязаная да праграмаў. Тая нянавісьць да адметнасьці, што тэлеалягічна свомая ёй, як сукрытая варожасьць апанаваных суб’ектаў апанаваньня прыроды да натуральнай меншыні заўсёды гатовая праявіцца таксама і там, дзе яны, выконваючы гэтую праграму, уяўляюць пагрозу для сацыяльнай меншыні. Сацыяльна адказную эліту і так нашмат цяжэй зафіксаваць, чымся іншыя мяншыні. У тумане дачыненьняў уласнасьці, маёмасьці, паўнамоцтваў і мэнэджмэнту яна пасьпяхова ўнікае тэарэтычнага вызначэньня. У ідэалёгіі расы і ў рэчаіснасьці клясы выяўляецца ня што іншае, як абстрактная адметнасьць ад бальшыні. Але калі нават прагрэсіўная праграма сягае па такія сродкі, якія разыходзяцца зь ейным зьместам, дык зьмест фашысцкай праграмы настолькі мізэрны, што ў якасьці субстытуту лепшага ён можа захоўвацца адно праз адчайнае намаганьне падманутых. Ягоная жахлівасьць — гэта жахлівасьць відавочнай і тым ня менш усё яшчэ трываючай маны. Тым часам як яна не дапускае праўды, зь якой можна было б яе параўнаць, ува ўсёй нязьмернасьці свайго абсурду перад намі ўзьнікае нэгатыўная праўда, разьвітацца зь якой тыя, хто пазбаўлены здольнасьці да меркаваньня, змогуць толькі дзякуючы поўнай страце мысьленьня. Сьведамае сваёй магутнасьці, Асьветніцтва, што стала ўладай, само робіць магчымым выхад за межы Асьветніцтва.

Зь нямецкай мовы пераклаў Алесь Пяткевіч паводле
Max Horkheimer, Theodor W.Adorno.
Dialektik der Aufklärung. Philisophische Fragmente.
Fischer Taschenbuch Verlag GmbH, Frankfurt am Main, 1996.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000