A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


прадмова

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Рыгор Барадулін
Толькі б яўрэі былі!

Чакаюць, прыйдзе сьветлы год
І голас кожны будзе ўчуты
Яўрэі — праведны народ
Абраны Богам
На пакуты.

І такі чакаюць. Зь сівых вякоў.

Думаю, ня будзе кашчунствам, калі да Ўсявышняга суаднесьці зямную послаўку: хто каго любіць, той таго й чубіць.

Бог любіць яўрэяў, Бог ніколі не пакідаў іх, бо яўрэі заўсягды жылі з Богам у душы.

Выгнаньнем і валачомніцтвам правяраў іх ды гартаваў душы пабожныя, адлучаў ад спаконнае радзімы, каб жыло жаданьне вярнуцца на радзіму, мець сваю радзіму, а значыцца шанаваць яе, сьніць яе, не магчы жыць без радзімы.

Часам думаеш, а ці ня шкодзіла б і нам, беларусам, пабыць выгнанцамі, каб шанаваць сваю сьвятую зямлю. Пісаў жа вялікі сын Беларусі Адам Міцкевіч, што радзіма, як здароўе, толькі тады й вяльмуеш яго, калі страціш.

Беларусь стала для яўрэяў цёплай хатай. У нас яўрэі ніколі не адчувалі сябе прыхаднямі. Для беларуса яўрэй гэтулькі свой, што ня кожны беларус ды яўрэй помніць пра ўцёкі яўрэяў у Беларусь ад перасьледу ў сярэднявечнай Эўропе.

Зь Беларусі выйшла безьліч славутых дзеячоў культуры, літаратуры, палітыкі. Адзін толькі пералік назыўны заняў бы добры том.

Яўрэі захавалі сваю мову й добра засвоілі беларускую. Некаторыя да таго добра, што сталі клясыкамі беларускае культуры. Ня гэтак і шмат хто зь беларускіх пісьменьнікаў так глыбінна адчуваў беларускае слова, народны дух, як Зьмітрок Бядуля (у яўрэйстве — Самуіл Плаўнік).

Мовы нашыя ўзаемаабагачаліся. Словы, як тыя птушкі, пераляталі з-пад аднае страхі пад другую.

Гэта ў асноўным праз ідыш зь нямецкае мовы ў беларускую прыйшлі й цэгла, і дах, і цыбуля, і цьвік. Ды шмат іншых словаў, якія несьлі гандляры, майстры, дарожныя людзі.

А паколькі ідыш узьнікла на грунце пляцдорф, а клясыкі жылі ў перавазе сваёй на Беларусі, беларускія словы прыжыліся ў мове яўрэяў. Тут і татэ, і ласкэ, бульба й вечэрэ (вячэра), сажалкэ й самагон. Усяго не зьлічыць. Кажуць жа: жыдоўскі зараз, як беларускі пачакай.

І гэта і пра яўрэяў, і пра нас, браткоў-беларусаў. Час бяжыць хутка, а гісторыя зьмяняецца марудна. А калі й зьмяняецца, дык не на нашую карысьць, не на карысьць Бацькаўшчыны.

 
   

 
У Беларусі гістарычна ніколі не было антысэмітызму. Бо не па Хрыстовых запаветах гнаць гнаных, цкаваць прытуленых, рабаваць сваіх. А яўрэі сталіся беларусам сваімі.

Папераблытаўся, перамяшаўся нават сам побыт. І дзяцей ад зьмяшаных шлюбаў так і звалі мяшанцамі. Без найменшае ноткі зьнявагі.

З усьмешлівай сур’ёзнасьцю даводзілі: хто жэніцца зь яўрэйкай, у таго сьвіньні вядуцца.

Кпіны заўсягды былі нязлосныя. Натуральна, што народ любіць пакепліваць з самога сябе дый са сваіх суседзяў, сяброў, пабрацімаў. Гэта не праява антысэмітызму, калі малыя забягалі ў краму дый пыталіся ў крамара-яўрэя, ці прадаюцца сьвіныя падкоўкі.

Па вуліцы йдзе беларуская маладзіца, а з адчыненых дзьвярэй крамы крамарка гукае:

— Сяроўка, сяроўка, хадзі да мяне!

Маладзіца не дачуе, што крамарка наўмысна прапускае адну літару ў слове „сяброўка“, зычліва кажа:

— А мая ты сяброўка, часу ня маю, шыю, мыю, печ палю.

І крамарцы наплывае анэкдот пра мытую шыю й гасьцей.

Дагэтуль смачна мне ад салодкай тушанай морквы. Мама тушыла яе амаль па рэцэпце цымесу. І калі на згоне стагодзьдзя быў я ў гасьцёх у былога рэжысэра тэатра імя Якуба Коласа спадара Казіміроўскага, частуючыся цымесам, узгадаў маміну тушаную моркву. Гэта ў Стакгольме жонка Казіміроўскага на чысьцюткай беларускай мове запрашала мяне за стол, успамінала, як працавала яна да вайны ў газэце „Піянэр Беларусі“. І ў Швэцыю бабруйчанін Казіміроўскі ды жонка ягоная ўзялі з сабою родную ім беларускую мову.

Дома ў нас, бывала, казалі, што трэба йсьці да шаўца й даць ботам асаюзкі. Бо так гаварылі шаўцы-яўрэі — асаюзкэ.

Пра дзяўчыну, у якой было багата кавалераў, казалася: у яе ахосалы завяліся. Пра маладзіцу асабліва папулярную ў мужыкоў заўважалі: да яе ўнаначкі бахары ходзяць. І на ідыш ахосэлэ — жаніх, бохэр — кавалер. Яшчэ было ў гэтым шэрагу й слова сюбар. Яно не яўрэйскага паходжаньня. Але таксама ад нейкіх нашых сужыхароў.

Як карані зялёных дуброваў, перапляліся, перавязаліся беларускія й яўрэйскія песьні, казкі, паданьні, прыбабунькі. Колькі да прыкладу іскрыстасьці ў папеўцы:

Гірша з Моўшам добра жыў,
Гірша кроіў, Моўша шыў.
Гірша з Моўшам дровы сек,
Гірша Моўшу х... адсек.

Альбо ўзор эратычнае народнай лірыкі:

У балоце пад кустом
Цяцера нясецца.
Жыд жыдоўку лябець,
Аж ярмолка трасецца.

Неапуджаны беларускі краявід. Беларуская рахманая птушка. І на гэтым тле трасецца экзатычны галаўны ўбор. Як сказалі б савецкія літаратуразнаўцы, паэзія сацыялістычная па зьмесьце й нацыянальная па форме.

Фальклёр зафіксаваў і сацыяльныя зьмены ў грамадзтве.

Рыса аселасьці стрымлівала яўрэяў, не давала выйсьці за межы зачараванага кола ні думцы, ні слову. Адсюль і фанатызм. Адсюль, пры ўсёй мудрасьці, і празьмерная даверлівасьць яўрэяў. Бальшавікі сыгралі на даверлівасьці. Як бы размылі рысу аселасьці, нават дапусьцілі яўрэяў да нейкіх пасадаў. І пяялася таму ў народзе:

Гоп мае, драчанікі,
Усе жыды начальнікі,
А ў калгасе дуракі
Дзеруць межы як быкі.

Сярод яўрэяў бытаваў такі як бы анэкдот. У яўрэйскае мястэчка прыехаў Борух ледзьве не камісарам. (Мама мая некалі называла камісараў камісраямі.) Борухава маці й хваліцца суседкам:

— Вой, прыехаў Борух міт партупей, міт наган, міт оп тваю маць!

Усё, што дала рэвалюцыя былому рысааселаўцу.

Гэта ўсё жарты-шмарты. Бязь іх яўрэй не яўрэй.

А глыбінная душа яўрэйства ў досьціпах, у казках, у песьнях, у зычэньнях, у заклёнах кшталту гэтага:

У чорным моры чорны камень маўчыць.
У горле вароніным костка тырчыць.
Паганая сьвечка з сала сьвінога.
Для п’яніц карчма,
Для праведнікаў сынагога.
Ляціць Гурмізах на перапудзе,
Дзе не стаялі ніколі людзі,
Дзе ня пасьвілася вясёла жывёла,
Дзе ўся з жалеза зямля наўкола,
Дзе неба зь медзі на сто зямель.
Ратуй мяне, Зэдыкіэль.
Ацалі мяне, Тафтыф’ях.
Бог праўдзівы, прымі мой страх.
Душа мая ў Тваёй правіцы.
Хай мне ўсё існае
Бачыцца й сьніцца,
Як аб сустрэчы з Табой
Напамін.
Амін.

Душа. На яе палююць усе ідэалёгіі, усе спадручныя дыктатараў рознага калібру.

Бальшавізм як працяг вялікадзяржаўнага шавінізму спачатку, калі трэба, вытварае й нязграбную альфабэту й мову пераймяноўвае, а пасьля ўсё зачыняе цяжкім векам дамавіны русіфікацыі.

Яўрэям напачатку адчынілі школы, газэты, тэатры. Ідыш назвалі яўрэйскай мовай. (Як у Малдове вынайшлі малдаўскую мову.) А потым школы і ўсё друкаванае й вуснае яўрэйскае зачынілі.

Перад вайной 1941—1945 гадоў мне малому балюча запала жудаснае відовішча. Праз вокны зачыненых яўрэйскіх школаў ляцелі кнігі, як тыя птушкі з адарванымі крыламі. Літары, як птушыныя лапкі на сьнезе, на старонках гэтых бяздомных кніжак поўніліся лютай роспаччу, немым жалем.

Пазьней зразумеў, што яўрэйскія кнігі паўтарылі сумны лёс беларускіх старадрукаў, уніяцкіх і глыбінных крывіцкім духам нашых фаліянтаў.

Антысэмітызм і вялікадзяржаўны шавінізм, як пісаў пралетарскі паэт Маякоўскі, „близнецы-братья“.

Спрадвеку ў беларускай мове слова „жыд“ ня мела й слабога водценю абразы, прынізу.

Натуральна гучаць выслоўі:

Жывіце, як брацьці, а рухайцеся, як жыдзьдзі.

Пагавары зь ім, як цар з жыдам.

У яго грошы, як у жыда.

Нашыя жыдкі пайшлі ўгору.

 
   

 
Бальшавікі з Масквы прынесьлі ў слова „жыд“ значэньне абразы, непрыхаванай нянавісьці. Быў прыняты ўказ, па якім за слова „жыд“ давалі да пяці гадоў турмы. І гэта пачало мацаваць і без таго моцную сталінскую дружбу народаў.

Стахван ці Якута, ад прадзедаў сваіх засвоіўшы слова „жыд“ як самае нармальнае, не маглі зразумець, у чым тут тоіцца зло. Зьбяруцца за чаркай, бывала, а Янкель і пад’юрлівае Івана:

— Ну, хто я? Скажы.

— Жыд! — вырываецца само з вуснаў Іванавых.

Так, далёка ня ходзячы, нявоглядзьдзю й заробіць рахманы беларус тэрмін. Адыходзячы ў турму, грозіцца, што, адседзеўшы, адпомсьціць. І гэтак чым далей у лес, тым меней дроў, бо дрэвы ўсе павысечаныя.

Пачаліся звадкі на пабытовым узроўні.

Згадваецца перадвайна. У нашага суседа Васілька было ажно пяць дачок. Біўся як рыбіна аб лёд, зарабляў дзе мог на хлеб надзённы. За нешта схапіўся Васілёк з Іцкам, а той яму й кажа:

— Ну што, Васілёк, мы вас у торбачку пасадзілі, засталося толькі зашморгнуць.

А што сам Іцка сядзеў у савецкай торбачцы, яму і ў галаву не прыходзіла. Савецкая прапагандысцкая малатарня добра малаціла мазгі ўсім нацыям.

Прыйшлі немцы. Абгарадзілі некалькі вуліцаў, у асноўным тыя, дзе жылі яўрэі, абнесьлі калючым дротам, загналі туды ўсіх вушацкіх яўрэяў.

Ідзе Васілёк і бачыць за дротам Іцку. Дый пытае:

— Ну, хто каго пасадзіў, хто зашморгваць торбачку будзе?

Гэта абсурдна сумны дыялёг двух вырачэнцаў.

Немцы ў люты мароз рабілі пажар у гета, а пасьля бранспойтамі аблівалі ўсіх вязьняў, быццам тушачы пажар. Рабілі герояў „камсамольскага білета“ Аркадзя Куляшова.

Бальшавікі ўвялі пятую графу ў анкеце, правакавалі справу крамлёўскіх лекараў, перад сьмерцю „бацькі ўсіх народаў“ забівалі апошнія цьвікі ў нары ў Бірабіджане, куды бацька гэны меўся зьвесьці яўрэяў з усяе савецкае імпэрыі.

Гітлераўцы ў Празе рабілі ўнікальны музэй зьніклай нацыі.

Сталіністы да музэю не датумкалі.

І абаранялі бальшавікі жыдоў ад іхнага ж найменьня, душачы яўрэяў у сваіх гарачых абдоймах.

У народзе хадзілі розныя калямбуры, як:

Жыд доўга будзе жыць, яўрэй сканае скарэй.

Весялуны прапаноўвалі замест формы „жадаю“ „яўрэю“. Прыкладам: яўрэю вам моцнага здароўя.

Шасьцідзясятыя гады. Дачка мая Ілона летуе ў бабы Куліны. Маці ейная пайшла ў госьці да апошняй у Вушачы сям’і Допкінаў. Ілона й пытаецца:

— Дзе мама?

Мая мама адказвае:

— Пайшла к жыдам.

Малая перапытвае, да каго.

— К яўрэям, — удакладняе мая мама.

Тады Ілона зноў пытаецца:

— А кляўрэі кусаюцца?

У мамы блыталіся два назовы, адзін звычны, другі навязаны ўладамі. Адну зіму езьдзілі мы з Хаімам Мальцінскім да мамы маёй у Вушачу. Я перакладаў вялікую па сучасных мерках паэму Мальцінскага „Двойра“. Дарэчы, аўтар прысьвяціў гэтую паэму маёй маме Куліне.

Хаім на мыліцах (на фронце пакінуў ногі), хадзіць яму цяжка, але ідзем, як у Вушачы кажуць, на той бок. Там ля Бутаўскага магільніка жудасная магіла з болей як дзьвюма тысячамі яўрэяў, расстраляных гітлераўцамі. Ніякага знаку, ня тое, каб помнік ставіць, савецкія ўлады забараняюць. (Не па-савецку загінулі няшчасныя.) Вяртаемся назад, поўныя жальбы й смутку, а насустрач нам вушацкая маці-гераіня, вострая на язык Грахольская. Спынілася, узрадавалася:

— Ай, як я рада, што хоць жывога жыдка ўбачыла! А то зьвялі зусім у нас, — і абдымаць Хаіма.

Узрадваўся й Хаім. І ў галаву яму не прыйшло крыўдаваць за слова „жыдок“.

Ішоў час. Засвойвалася, заганялася ў мазгі, што слова „жыд“ гучыць як лаянка, як абраза. І цяпер ужо цяжка ўжываць гэтае спаконнае законнае ў шмат якіх мовах Эўропы слова.

Яўрэй даслоўна перакладаецца як з таго берагу чалавек. А зь якога? Куды дзець юдаізм, вечнага жыда, ідыш?

Можа, слова „габрэй“ і прыжывецца. Гэта зноў жа пераагучаны яўрэй.

Слова „жыд“ мусіць заставацца ў гістарычным кантэксьце.

А мова, на якой мала ўжо хто зь яўрэяў размаўляе й піша, называецца „ідыш“.

Тут мне прыгадаўся анэкдот-побыль. Гэта яшчэ тады дзеялася, калі ў нашых рэчках было шмат рыбы, а ў местах ды мястэчках шмат яўрэяў.

Па тэлефоне доўга, як гэта любяць ня толькі яўрэі, размаўляюць удвох. Раптам у размову ўрываецца расійскі голас маладога гэбіста: — Перестаньте разговаривать на иностранном языке. Я ничего не понимаю.

У ранейшыя часы тэхніка падслухоўваньня была не такая дасканалая, як у нас цяпер. Усё рабілася, што завецца, уручную.

Сумна, але гэтая замежная мова амаль ужо не гучыць на беларускіх вуліцах. Яе вывелі з ужытку, як слова „жыд“. А яна ж пачувала сябе як дома ў нашай талерантнай Беларусі.

Сьледам за ёй ідзе й мова-гаспадыня. І гаспадыні сказалі гжэчна: не выганяем, але просім вон!

Няхай сабе жыд будзе называцца яўрэем.

Толькі б яўрэі былі.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000