A R C H E | H a b r e j s k i n u m a r | №
3 (8) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Марцін Бубэр
|
Марцін Бубэр (1878—1965) — габрэйскі філёзаф, тэоляг, перакладнік Бібліі і выдаўца хасыдзкіх тэкстаў. Нарадзіўся ў Вене ў габрэйскай сям’і, якая паходзіла з Галіччыны. У доме свайго дзеда ў Львове правёў вялікую частку свайго маленства. Вучыўся ў Вене, Ляйпцыгу, Бэрліне, Цюрыху. Рана прымкнуў да сыянісцкага руху, як адзначаюць дасьледнікі, хутчэй па рэлігійных і культурных, а не палітычных матывах. З 1924 і па 1933 год ува ўнівэрсытэце Франкфурту-на-Майне выкладаў жыдоўскую рэлігійную філязофію. У той жа самы час ажыцьцявіў разам з Францам Розэнцвайгам пераклад Старога Закону з габрэйскай на нямецкую мову. У 1938 годзе эміграваў зь Нямеччыны і пасьля цяжкіх выпрабаваньняў уладкаваўся прафэсарам у Жыдоўскім унівэрсытэце Ерузаліму. Здабыў сусьветнае рэнамэ сваімі студыямі ў галіне хасыдызму, філязофіі дыялёгу і рэлігійнай філязофіі. Асноўныя працы: „Die Geschichten des Rabbi Nachman“ („Гісторыі рабіна Нахмана“) (1906), „Die Legende des Baalschem“ (Легенды Баальшэма) (1907), „Vom Leben der Chassidim“ („Аб жыцьці хасыдаў“) (1908), „Die jüdische Mystik“ („Жыдоўская містыка“) (1909), „Mein Weg zum Chassidismus“ („Мой шлях да хасыдызму“) (1918), „Der große Maggid und seine Nachfolge“ („Вялікі магід і яго наступнікі“) (1921), „Ich und Du“ („Я і ты“) (1923) „Deutung des Chassidismus“ („Выясьненьне хасыдызму“) (1935), „Die Forderung des Geistes und die geschichtliche Wirklichkeit“ („Вымогі духу і гістарычная рэальнасьць“) (1938), „Das Problem des Menschen“ (Праблема чалавека) (1943), „Zur Geschichte des dialogischen Prinzips“ („Да гісторыі дыялягічнага прынцыпу“) (1954). Больш інфармацыі наконт асобы і творчасьці Марціна Бубэра, улучна з электроннымі варыянтамі тэкстаў на нямецкай і ангельскай мовах, можна атрымаць на інтэрнэтаўскай старонцы www.buber.de. |
Магід зь Межырычу паслаў аднаго разу свайго вучня Мэнахема Мэндэля ў падарожжа па вялікай колькасьці грамадаў, каб шляхам публічных прамоваў пераканаць самога сябе ў тым, што ёсьць сэнс навучацца Торы. У адным зь мястоў шмат вучоных мужоў прыйшло грудам у гасподу рабіна Мэндэля і аказала яму асаблівую пашану. У размове зь імі ён узьняў пытаньне, чаму кажуць5, што слава перасьлядуе таго, хто яе пазьбягае. „Гэта добра і выдатна — карыстацца пашанай, — сказаў ён, — чаму ж тады той, хто пазьбягае славы, узнагароджваецца за сваё нягоднае пазьбяганьне тым, што яна яго перасьлядуе? А калі ўніканьне вартае асуджэньня, чаму тады ён караецца за сваё бясслаўнае ўніканьне гэтым? Сапраўды, сумленны чалавек павінен у прынцыпе ўнікаць услаўленьня; але ж ён, як і кожны іншы, нараджаецца з прагай славы і мусіць змагацца зь ёй. Адно тады, калі ён доўгі час і з усёй адданасьцю навучаўся згодна з духам Торы і толькі ім, ён будзе ў стане пераадолець гэтую агульнапашыраную прагу і больш не адчувае задавальненьня нават тады, калі яго пасьвецяць у рабіны, і гэтак далей. Усё ж на самым дне яго душы перахоўваецца гэтае сябелюбства маладосьці, якое ён пераадолеў; і, хаця ён здае сабе справу зь яго, яно перасьлядуе яго, як навязьлівы ўспамін, і ўводзіць яго ў аблуду. Гэта таўро эдэмскага гада, ад якога яму ўсё ж давядзецца ачысьціцца“. 5 Народная прымаўка (спасылка на адно месца ў тальмудзе). (Зацем аўтара.)
Рабін Мэнахем Мэндэль казаў: „Я ня ведаю, чым я лепшы за чарвяка. Я ня ведаю, што я выглядаю гэтак добра, як ён. Гляньце, ён выконвае волю свайго стварыцеля і нічога не псуе“.
Колькі хасыдаў з Ружына прыехала да вялікага магіда і наракала яму, што доўгая дарога зьнясільвае іх і што ім надта часта даводзіцца езьдзіць да яго ў Межырыч, і да таго ж у доўгіх паўзах паміж гэтымі падарожжамі ім даводзіцца перабываць без вучыцеля і кіраўніка. Магід даў ім свой пояс і свой кій і сказаў: „Перадайце гэта чалавеку Мэндэлю ў месьце Віцебску“. Прыбыўшы ў Віцебск, хасыды ўсіх пыталіся пра рабіна Мэндэля; але ўсюды ім адказвалі, што тутака такога ня ведаюць. Адна жанчына, пільна ўзорыўшыся ў іх, спыталася іх, каго яны шукаюць. „Рабіна Мэндэля“, — адказалі яны. „Ніводнага рабіна з гэткім прозьвішчам, — сказала яна, — у нас тут няма; але Мэндэляў тут у нас, мабыць, больш як досыць; мой уласны зяць мае прозьвішча Мэндэле“. Тут хасыды зразумелі, што іх паслалі да яго. Разам з жанчынай яны рушылі ў дом і перадалі ейнаму зяцю пояс і кій. Ён склаў пояс на дзьве палавіны і абхапіў сваёй рукой дзяржальна кія. Яны паглядзелі на яго і не маглі яго пазнаць. Іншы чалавек стаяў перад імі, агорнуты боскай магутой, і божы страх працяў іх сэрцы.
Характарыстыка, якую грамада ў Менску дала рабіну Мэндэлю пасьля яго служэньня казаньнікам, пачыналася з воклічу „Сьвятому цадыку, сьвятому самотнаму сьветачу“ і гэдак далей. Пад ёй стаяла больш як сто подпісаў ведамых асобаў. Калі яна лучыла ў рукі рабіна Мэндэля і ён прачытаў усе ўсхваленьні і ганаровыя годнасьці, ён сказаў: „Гэта, здаецца, добрая дэклярацыя, гэта нібы ўводзіць у сьвет праўды. Але калі яны спытаюць мяне, я ўсё-ткі мушу прызнаць праўду. А прызнаньне падсуднага ўраўнаважвае сотню сьведчаньняў. Вось жа, якая карысьць ад усёй гэтай пахвалы?“
Аднойчы рабін Мэнахем пачуўся цяжка хворым і ня мог больш гаварыць. Плачучы, ягоныя хасыды сталі ля пасьцелі. Тут ён сабраў усе свае сілы і прашаптаў: „Мне ня страшна. З гісторыі, якую апавёў мне сьвяты Баальшэмтоў, я ведаю, што я паеду ў зямлю Ізраілю“. Калі рабін Мэнахем перад сваім падарожжам у зямлю Ізраілю наведаў [рабіна] у Палонным, апошні спытаўся ў яго: „Ці не прыпомніць вам гісторыю пра валоў і плуг?“ „Я прыпамінаю яе“, — адказаў ён. „І вам ведама, — працягваў Пальноер, — якая навука для вас зьмешчана ў ёй?“ Зь лёгкім уздыхам рабін Мэнахем сказаў: „Большую палавіну я ўжо засвоіў“. |
У кучы попелу Перш як паехаць у зямлю Ізраілю, Мэнахем Мэндэль наведаў вялікага вучня Баалшэма, старога рабіна Якава Ёсэфа ў Палонным. Ён прыехаў тройкаю ў заезны дом і ўжо гэтым выклікаў абурэньне хасыдаў Палоннага, якія дзякуючы свайму вучыцелю вялі строгі лад жыцьця. Калі ён без капелюша і бяз пояса, з доўгай люлькай у роце, пайшоў з заезнага дому ў дом цадыка, усе чакалі, што рабін Якаў Ёсэф, пра гняўлівасьць якога складалі легенды, зганіць госьця за яго непрыстойныя і недарэчныя паводзіны. Але стары прыняў яго моўчкі і зь вялікай любасьцю і правёў колькі гадзінаў у размове зь ім. Калі рабін Мэндэль ад’ехаў, у Пальноера ягоныя вучні спыталіся: „Што гэта за чалавек, які насьмеліўся з голай галавой, у ботах зь сярэбранымі зашпілкамі, з доўгай люлькай у роце ўвайсьці ў ваш дом?“ Цадык сказаў: „Адзін кароль, які скіраваўся на вайну, схаваў свае скарбы ў бясьпечных хованках. Але самыя каштоўныя пэрліны, якія ён насіў каля свайго сэрца, ён закапаў у кучу попелу, бо ён ведаў, што там іх ніхто ня будзе шукаць. Так і рабін Мэндэль хавае сваю вялікую пакорлівасьць з тым, каб ліхія сілы не маглі дакрануцца да яе, у попельнай кучы франтаўства“.
Рабін Ізраіль з Ружына казаў: „Вандроўка рабіна Мэндэля ў сьвятую зямлю была таго ж самага роду, што і вандроўка нашага айца Абрагама. Яны імкнуліся пракласьці шлях Богу і Ізраілю“.
Калі рабіна Ізраіля з Ружына спыталі, чаму ён ня едзе ў Эрэц-Ісраэль6, ён сказаў: „Што атрымаў бы такі нехлямяжы дзяцюк, як я, ад Эрэц-Ісраэль? Так, рабін Мэндэль зь Віцебску — ён атрымаў Эрэц-Ісраэль, а Эрэц-Ісраэль — яго“. І ён пачаў апавядаць: „Перш як рабін Мэндэль паехаў у Эрэц-Ісраэль, ён запрасіў служак караля ў губэрнскае места Віцебск на бяседу. І як у іх было прынята, яны ўзялі з сабой сваіх жанок. Рабін Мэндэль паставіў колькі маладых хасыдаў пры браме, каб, калі служкі палічаць гэта дарэчным і неабходным, яны дапамагалі гасьцём, мужчынам і жанчынам, спускацца з экіпажаў. І ён паабяцаў юнаком, што, калі яны будуць трымаць прыгожых жанчын за рукі, іх сэрцы не кране цень гальлівасьці. Гэта так: калі хочуць у Эрэц-Ісраэль, да пары мусяць скіроўваць інтэнцыю душы на таямніцу ахвярнага казла, які для Азазалі быў выпраўлены ў пустыню7. Гэта меў на ўвазе рабін Мэндэль, ладзячы сваю бяседу. Ён быў здольны на гэта! Але я нехлямяжы дзяцюк, і калі б я прыехаў у Эрэц-Ісраэль, у мяне б спыталіся: „Чаму ты прыехаў без сваіх жыдоў?“ 6 Г.зн. у зямлю Ізраілю. (Зацем аўтара.) 7 Левіт 16. (Зацем аўтара.)
У той час, калі рабін Мэнахем жыў у зямлі Ізраілю, здарылася так, што адзін безразважны чалавек, ні пра што ня думаючы, узьлез на Аліўную гару і зь яе верхавіны зайграў на шофары. Спалоханы народ раптоўна агарнула вестка, што, маўляў, гэтае граньне вястуе выбаўленьне. Калі гэтая пагалоска дайшла да вушэй рабіна Мэнахема, ён адчыніў акно, вызірнуў у сьвет і сказаў: „Тут няма нічога новага“.
Рабін Мэнахем любіў казаць: „Праўду кажучы, я пачаў верыць у паветра зямлі Ізраілю. Пакуль я быў вонках краіны, мае пачуцьці і жаданьні трымцелі, каб хоць раз прамовіць малітву правільным чынам. З таго часу, як я знаходжуся ў краіне, я жадаю толькі таго, каб хоць раз правільным чынам сказаць „Амэн“8. І ён працягваў апавядаць: „Я дасяг гэтага ў зямлі Ізраілю: калі бачу, што на вуліцы ляжыць абярэмак саломы, у тым, што ён выцягнуты ўдоўжкі, а ня ўшыркі, я адчуваю праяву прысутнасьці Бога“. 8 Гл. Тальмуд (Баба Батра 158). (Зацем аўтара.)
Свае лісты зь зямлі Ізраілю рабін Мэнахем любіў падпісваць так: „Той, хто сапраўды пакорлівы“. Аднойчы ў Ружынера запыталіся: „Калі рабін Мэнахем сапраўды пакорлівы, нашто яму трэба самога сябе так называць?“ „Ён быў нагэтуль пакорлівы, — адказаў Ружынер, — што ягоная пакорлівасьць, паколькі яна была ўнутрана ўласьцівая яму, больш не лічылася цнотай“. |
Падарожжа на Ляйпцыгскі кірмаш Расказваюць: „Спасярод хасыдаў, якія з рабінам Мэнахемам Мэндэлем вырушылі ў Эрэц-Ісраэль, быў адзін кемлівы чалавек, собсьнік гандлёвага дому, які так цесна сышоўся з цадыкам, што пачаў прыкладаць усе намаганьні, каб суправаджаць яго і ў паездках па Сьвятой зямлі. Калі за некаторы час узьнікла неабходнасьць паслаць надзейнага пасланца да засталых дома хасыдаў і выбіць зь іх грашавую дапамогу, для гэтага быў прызначаны гэты чалавек. Але пад час падарожжа на караблі яго напаткала раптоўная нямогласьць, і ён памёр. Яны нічога ня ведалі аб гэтым у Эрэц-Ісраэль. Гэта, аднак, здарылася зь ім пасьля ягонай сьмерці, калі ён, як і раней, ехаў у сваёй карэце на Ляйпцыгскі кірмаш і размаўляў са сваім старым памачніком, якога ён заўсёды браў з сабой у гэткае падарожжа, а таксама з фурманом, які меў даўно знаёмае аблічча. Тым часам яго агарнула вялікая туга за сваім вучыцелем. Жаданьне зноў пабачыцца зь ім рабілася ўсё больш моцным, аж да таго, што ён наважыўся зараз жа разьвярнуцца і паехаць да рабіна. Абодва ягоныя спадарожнікі, якіх ён узяў з сабой, рэзка запярэчылі яму: было б безразважна адмаўляцца ад гэткай вялікай гандлёвай угоды, якая іх чакае наперадзе, дзеля нейкай хімэры. Калі ён нягледзячы на ўсе іхныя пярэчаньні настаяў на сваёй волі, яны прызналіся яму, што ён быў памёр і што яны злыя анялы, якім ён быў давераны. Аднак ён запатрабаваў іх ад нябёснага суду, і яму не маглі адмовіць. Суд рассудзіў, што анялы павінны прывесьці яго да рабіна Мэнахема Мэндэля. Калі ён прыбыў у места Тыбэрыйскае ў дом цадыка, адзін з анялоў, гэтым разам у сваім сапраўдным жахлівым абліччы, увайшоў разам зь ім. Рабін спалохаўся пры ягоным выглядзе, а пасьля ён загадаў яму пачакаць, пакуль зробіць працу. Цэлы тыдзень ён дбаў і рупіўся пра сваю душу, аж пакуль не прывёў яе ў парадак“. Гэтую гісторыю сваім хасыдам апавёў рабін Нахман з Брацлава.
У хасыдаў, якія навучаліся ў „клясе“ рабіна зь Любавічаў, зяця сына рабіна Шноера Залмана, існаваў абычай, што ўвечары, калі яны сядалі ў малітоўным доме перад кнігамі, перад кожным стаяла запаленая сьвечка; калі ж яны ўжо былі гатовыя і пачыналі апавядаць гісторыі цадыку, то яны гасілі ўсе сьвечкі, апрача адной. Неяк калі аднойчы яны так сядзелі разам каля адной запаленай сьвечкі, увайшоў рабін, каб прынесьці кнігу. Ён спытаўся, пра каго яны апавядаюць. „Пра рабіна Мэндэля зь Віцебску“, — абвясьцілі яны. „У яго гонар, — сказаў ён, — вы павінны запаліць усе сьвечкі. Бо калі ён выкладаў вучэньне, у ягоным сэрцы не было самалюбаваньня, і „іншы бок“9 ня меў доступу да яго. Так што ён заслугоўвае, каб вы, калі апавядаеце пра яго, запалілі ўсе сьвечкі, быццам вы навучаецеся Сьвятой Торы“. 9 Г.зн. дэманы. (Зацем аўтара.)
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (8) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |