A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


мастацтва

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Ларыса Фінкельштэйн
Контур у прасторы.
Ізраіль Басаў

Ізраіль Басаў. Па-над горадам. Зь сямейнай калекцыі

Калі мастацтва яўрэяў, як і самі яўрэі, нарадзілася ў галуце (егіпецкім), то мастацтва І.Басава нарадзілася ў падвойным галуце. Калі ён усур’ёз паспрабаваў увайсці ў жывапіс канца 50-х — пачатку 60-х, то адразу аказаўся выключаным з кола да сябе падобных. Гэта было звязана з відавочнай непадобнасцю яго да калегаў па пэндзлі. Ён быў іншы, яўрэй у адным з першатворных сэнсаў гэтага слова. Гэта прадвызначыла і асобае самаразвіццё мастака па-за мастацкім кантэкстам яго часу, нават насуперак яму. Ён з першых крокаў не ўкладваўся ў пануючы ў той час апавядальна-тэатральны рэалізм у жывапісе, а таксама і ў рэзкі паварот да суворага стылю, які тады толькі нараджаўся.

Ізраіль Басаў. У прадмесьці. Зь сямейнай калекцыі 

Ужо ў ягоных студэнцкіх і першых пасля заканчэння інстытуту эцюдах уражвае нязвыклая завершанасць, цэласнасць і вельмі адвольная трансфармацыя натуры („Дзяўчынка з гета“ — самое гора, „Вуліца Чырвонаармейская“ — экспрэсія пустэчы). Ён малюе не чалавека, не вуліцу, як такія, а толькі эмоцыі, выкліканыя імі. Усё: постаць, прадмет, дрэва (у ранніх творах — твары) — толькі тое, што патрабуе неадкладнага ўдасканалення шляхам абагульнення да знакаў, вызвалення ад падрабязнасцей, што засмечваюць бясцэнную жывапісную прастору, шляхам пластычных метафараў („Гарадская ўскраіна“ — гнятлівая сіла дрэваў-монстраў), каляровых і фактурных кантрастаў („Горад“. 1969), гульнёй плям і ліній („Трывожная размова“) — любым шляхам.
 

 
    Ізраіль Басаў. Сур’ёзная размова. Зь сямейнай калекцыі

Жыццё яўрэяў у расцерушэнні прадвызначыла яго няжорсткую сувязь з Месцам як з катэгорыяй. Не знайшлося належнага месца Басаву ў яго Часе, а таксама і Часу і Месцу, месцам (мясцовасці) яго жыцця і творчасці таксама не знашлося месца ў яго творчасці. І.Басаў не маляваў гораду маленства — Амсціслава. Не маляваў ён і ўзбецкага Янгіюлю, дзе ў эвакуацыі яму пашчасціла: без усякай адукацыі патрапіць у мастакі тэатру!

Не знайсці ў яго палотнах згадак пра люблены мастакамі Віцебск, дзе лунаў дух Шагала і Фалька (апошняга ён асабліва любіў), дзе яго не прынялі ў знакаміты віцебскі тэхнікум, нягледзячы на бліскуча здадзены экзамен па спецыяльнасці найстражэйшаму Ф.Фогту. Не прынялі за кепскія веды, асабліва па рускай мове, атрыманыя ў яўрэйскай школе. Не знайсці на яго палотнах і каларытных яўрэйскіх тыпажоў, як і ніякіх іншых. Не ўдастоіўся яго пэндзля і Менск, дзе ён вучыўся ў мастацкай вучэльні ў знакамітых педагогаў Х.Ліўшыца, І.Ахрэмчыка і В.Цвіркі, дзе прайшло яго трагічнае творчае жыццё, дзе насуперак усяму ён стаў мастаком.

Ізраіль Басаў. Таямнічы горад. Зь сямейнай калекцыі

І хоць ён быў, як і ўсе „тут і тады“, дазвання пазбаўленым яўрэйскае веды, сведамасці і самасведамасці, падсвядома ў ім выспявала нацыянальнае. Зрэшты, драма і трагедыя ягонага лёсу і ўвогуле яўрэйскага жыцця знаходзяць апасродкаванае сапраўды пластычнае выражэнне ў прымаце злавесных, згушчаных, настояных на болю й жаху цёмна-фіялетавых, глыбокіх смарагдова-зялёных , густа-сініх колераў, у цяжкім беспаветраным халодным каларыце („Лета“. 1979). Насуперак, праз жах, які, са словаў Басава, пераследаваў яго ўсё жыццё, цалкам паводле класічнага яўрэйскага насуперак! На каляровых кантрастах прарываецца ён у мастацкую прастору свайго часу. Пры гэтым ягоны мяцеж — унутраны, пластычны, кампазіцыйны, парадаксальна спалучаецца з вонкавай быццёвай закамплексаванасцю і непраціўленнем злу гвалтам і нічым іншым у жыцці („Горад“. 1978). Супярэчлівасць як адна з нацыянальных рысаў крыецца ў ім самім і навакол яго. Маленькі ціхі правінцыйны інтраверт — стваральнік моцных планетарных расчыненых прастораў мастацтва.

 
   

 
Знак, сімвал, лінія (апошняя як літара пластычнай мовы — у Басава яна контур) набываюць культавае значэнне. Пляма, прадмет даводзяцца стылізацыяй да выгляду элементу піктаграмы, арнаменту. Усё гэта часам выклікае асацыяцыі з кабалістычнымі матывамі („У дарозе“, „Дзяўчына ў чырвоным“).

Містычны і эзатэрычны элементы яўрэйскай свядомасці, на мой погляд, прысутнічаюць на палотнах гэтага майстра („У дарозе“, „На прыродзе“, „Суперніцы“). Тут і „прымітыў“, і нейкая экспрэсіўная дэфармацыя — свайго роду пластычная маніфестацыя, якая ў наступным акрэсліць эстэтычны калідор будучага беларускага андэграўнду.

Ізраіль Басаў. Да горада. Зь сямейнай калекцыі

Зрэшты, у жыцці Басаў не быў ні змагаром, ні бунтаўніком, не задумваў нічога спецыяльна „супраць“, не супрацьстаяў і не супрацьстаўляў, не заклікаў і не дэкляраваў — увогуле не стасаваўся ні з рэаліямі жыцця, ні з супольнымі ілюзіямі соцыуму.

Будучы вестуном беларускага андэграўнду канца 70-х — пачатку 80-х, І.Басаў не быў і яго часткай, не ўяўляў ніякай небяспекі для існуючага ладу, не хаваўся па гарышчах і сутарэннях, а наадварот шчодра і наіўна нёс сваё мастацтва на суд гледача. Але да гэтага суду збольшага не даходзіла, бо яму папярэднічаў самы няправедны і страшны суд... Не, не ідэалагічных цэнзараў ЦК КПБ, а калег па пэндзлі, якіх палохалі яго жывапісная моц і напор.

 
   

 
Непаўторнасць, самабытнасць дару І.Басава, глыбінныя рысы яго нацыянальнай своеасаблівасці сталі асабліва відавочныя на міжнароднай выставе „Дыяспара-II“ (ЦДМ, Масква, 1992). Там І.Басаў апынуўся ў кампаніі суродзічаў ад Левітана і Альтмана да Леона і Буха і адразу ўразіў маскоўскую крытыку. Да гэтага стасункі з крытыкай у І.Басава былі роўныя, як кардыяграма нябожчыка. За дваццаць гадоў (1953—1973) яго згадалі двойчы ў агульных аглядах, а ў наступныя пятнаццаць (1973—1988) ён зусім сышоў з мастацкай арэны і пра яго ніхто не згадваў. У канцы 80-х мастак і сам стаў адмаўляцца ад розных прапановаў новых дылераў.

1992 год быў пераломным. Поспех у выстаўках галерэі „Брама“ ў Маскве і ў Мінску, запрашэнне пятнаццаці яго палотнаў у Ерусалім (пасля паказу слайдаў на Міжнародным мастацтвазнаўчым кангрэсе) акрылілі мастака.

Ізраіль Басаў. Якая сьпявае. Зь сямейнай калекцыі

Тэндэнцыя да ўзмацнення дынамікі ў кампазіцыі, пачашчэнне рытму, падобнага да рытуальнага танцу ўсяго з усім, якое акрэслілася ў 80-я („Дзяўчынка ў чырвоным“. 1988-1989; „Спявачка“. 1988; „Бег“. 1990) праяўляюцца з новай сілай. З гадамі маладзела і прасвятлялася ягоная палітра. Невыпадкова палотнамі І.Басава 90-х гадоў пачыналася рэтраспектыўная рэспубліканская выстаўка мастакоў-яўрэяў Беларусі двух стагоддзяў галерэі „Брама“ ў менскім Палацы мастацтваў пад назовам „Ад Марка Шагала — у Мінулае і Цяперашняе. ХІХ—ХХ ст.“.

Адкрывалі яго апошнія творы 90-х гадоў і выстаўку „Брама адчыненая. Шалом!“ да спектакляў Маскоўскага Яўрэйскага тэатру „Шалом“ у Менску. Праўда, тэндэнцыйнасць, якая спадарожнічала Басаву заўсёды, і ў невялікім каталогу яго пасмяротнай выстаўкі не дала ўспамянуць некаторыя лёсавызначальныя для мастака выстаўкі і публікацыі аб ім.

 
   

 
У апошнія гады колер набывае асаблівую чысціню і выразнасць, абрыс — магічную сілу, усё разам дасягае нейкай асаблівай знакавасці („Дзве жанчыны“. 1991; „Чырвоны пейзаж“, „Барацьба“, „Гутарка“ — 1993) і тут жа — нечаканае памякчэнне сілуэту, раптам узніклая акругласць, плыннасць ліній („Зара“; „Да зары“ — 1993). Апошнія два гады яго творчасці (1992 і 1993) былі зорнымі. Ён стварыў свае найлепшыя творы, быў поўны планаў.

Ізраіль Басаў. Танец (Апошняя праца). Зь сямейнай калекцыі

У 1994 годзе ён пайшоў з жыцця, не дачакаўшыся ніводнай сваёй персанальнай выстаўкі. Калі не лічыць, праўда, адной экстравагантнай прапановы ад Саюзу Мастакоў: да 50-годдзя мастака зрабіць яго персанальную выстаўку закрытай ад прэсы і гледачоў.

Усім яго жывапісным палотнам папярэднічалі малюнкі. Як заўсёды — завершаныя і самакаштоўныя кампазіцыі з амаль скульптурнай лепкай аб’ёмаў, упэўненай шырокай контур-лініяй-мазком, з асаблівай выразнасцю вялікіх паўзаў на аркушы. Графіка І.Басава — яшчэ наагул не адкрытая таямніца.

Моцны контур у Басава не толькі графічны, маляўнічы і рэльефны, але часам, здаецца, зусім зрываецца з плоскасці аркуша альбо палатна і адасоблена існуе ў Прасторы. Накшталт таго, як акрэсліваецца контур ягонага лёсу ў прасторы творчасці мастака.

 
 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000