A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


гісторыі

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сакрат Яновіч
Усе мы патроху жыды

Жыдоў я ня ведаў. Іх зьніштожылі ў Крынках немцы яшчэ ў сорак другім або трэцім, калі я быў ува ўзросьце першаклясьніка. Адзіна, што памятаю з тае пары, гэта пагарбелага барадатага чалавека зь мяшком за плячыма, якога лупіць паліцыянт палкаю, каб хутчэй даганяў абоз мужыцкіх фурманак з жыдамі, што валокся ў Гарадзенскую вуліцу, у нейкую Кілбасіну недзе за Бераставіцаю...

Апустошаную местачковую гету рабавалі тутэйшыя хамы і, быццам сёньня, бачу заюшаную булавешку дзядзькі Сямёнава, які чагосьці не падзяліў з бандытамі гарбарнай Пагулянкі. Немцы мелі забаву, гледзячы, як нечалавекі цягаюць юдэцкае ламарэндзе: ложкі з жалезнымі біламі, падраныя матрацы, вашывыя пярыны, прыламаныя столікі, растрэсеныя шафкі, посуд. Да часу, пакуль якісьці недадумак — казалі людзі — узяў і вываліў на вуліцу валізу даляраў, палічыўшы іх каляровымі абгорткамі цукерак, што вырабляў фабрыкант Сруль... Паставілі варту з карабінамі. Тады ў рабаваньні геты сёй-той наклаў галавою. Такі Ванька Галяк: поначы пёр насьценны гадзіньнік і быў бы жывы, калі б здабыча не заелася званіць! Зусім тэатральна пакінуў гэты сьвет хваравекі Срайкішка: сканаў на скрыні ваконнага шкла, разьлёгшыся на ёй бабай у гінэкалягічнай позе ды паказеліўшы вачыскі. Давалок свой шанц да ўзбуялых асатоў, пакрай Палясьцінскай.

Спрабавалі хадзіць і бабы. Але ім рэдка ўдавалася. Іх загадзёў вынюхвалі патрулі ўласаўцаў, валячы ў кусты і дубасячы „по очереди“. Затое не забівалі. Не ўпалохалі тыя русакі толькі Салодкую Фэлю, перадваенную ўдаву, якой спадабаліся рускамоўныя акупанты. Зь немцамі з гарнізону ёй ня ладзілася, баяліся запэцкаць сваю расу.

Мы, дзецярня, таксама шныпарылі ў пакінутых жыдамі хатах. Дзеці як дзеці — шукалі чаго салодкага і смачнага. І да дзяцей не стралялі. Лазілі за дня, бы бяздомныя сабачкі, бы кацяняты. Але падпільноўвалі нас пасткі цывілізацыі. Жыды адрозьніваліся ад гояў, у дамах іх багатыроў існавала каналізацыя. У такой адной студні з гаўном мала не захліснуўся мой сябар Віцька. Мы потым асьцярожна ступалі ў панадворках, бы пяхота на мінным полі. Шмат гаварылі пра ўмывальнікі і ванны, прызначэньня якіх так і ня скемілі, пакуль не ўцяклі немцы і не прыйшлі саветы, зь імі палякі, а мы падрасьлі дзеля навукі ў вялікім горадзе Беласток.




Сакрат Яновіч — беларускі культурны і грамадзкі дзеяч, кіраўнік культурнага асяродку Villa Sokrates, адзін зь лідэраў польскіх беларусаў. Жыве ў Крынках (Беласточчына).
Эсэіст, празаік, выдавец альманаху Annus Alboruthenicus, суаўтар Czasopisu.
Апошняя кніга С.Яновіча........... Сярод ягоных апошніх публікацыяў „Тысяча гадоў Беларусі“ („Беларускі дайджэст“, 12/1999) і прадмова да
ARCHE-Панславізм.

   

 
Як цяпер разумею, крынкаўцы густа перакідваліся ў гутарцы жыдоўскімі словамі зь ідыш. Юрлівага кавалера, шчыпайлу дзяўчат празывалі „маладым шванцам“. Сварлівы тып — гэта „фэкі чалавек“. Ненадзейны тавар — „шайс“. Камбінатар — „шанцоўнік“. Асобы зь лёгкім языком — „мэхляр“ або „фукс“ (шукаць фукса). Байкі гарадзіць наіўным — гэта „дурыць майсамі“. Вось прыкладныя фразы: — Чаго гэты фукс ад цябе хоча, га? Які гэта шайс ён табе прынёс? Ой, фэкі чалавек! Майсамі дурыць галаву. Хай пільнуе лепей свайго маладога шванца, якому Салодкая Фэля зробіць гевалт, гешэфт поткаю... І будзе кіндрык на пацеху (кіндар кучаравы).

Сёньнячы, у татальнае зьнікненьне беларускай мовы, усё тое ўжо археалёгія.

Бажніцаў — сынагогаў — у Крынках стаяла пяць. Уцалела дзьве, на Чыстай і Беластоцкай. І вялізны могільнік, блізу праваслаўнага за гумнамі, пад высокай Шыбеніцай, на якой — казала бабуля — вешалі „мяцежнікаў“ (у 1863 годзе).

Крынкаўскія галячыхі добра ўспаміналі жыдоў, якія давалі зарабіць ім у свае сьвятыя дні, калі нельга было жыду нават да выключальніка электрычнага сьвятла дакрануцца. Жыдоўкі ўяўляліся лагоднымі гаспадынямі, ня тое, што фэкія палячкі, у якіх служанка — або ня так села, або ня так ступіла нагою... Мая маці, Аляксандра, вучылася краўцаваць у Ханы, і ўсё згадвае, як хацела тая Хана аддаць ёй на схоў ад немцаў двух сынкоў... — Ах, Ханачка, а дзе я іх схаваю, каб суседзі ня выдалі жандарам, іхнаму Шатэнбэргу!

Жыды былі ня з нашага сьвету. Выратавалася ўсяго некалькі, і тое тыя, што пайшлі ў лес, да савецкіх партызанаў. Па вайне яны выехалі ў Амэрыку. У кагосьці зь іх мой бацька купіў пляц і паставіў на тых пажарышчах новы дом, у якім я і жыву. Можна сказаць: на жыдоўскіх фундамэнтах (часам выкапаю ў агародзе абломак пасуды ці мядзяную манэту часоў Вялікага Княства Літоўскага). Мая пакручаная рэўматызмам суседка ўмее гаварыць па-жыдоўску, але ўжо забывае, бо няма ёй з кім у Крынках пагергетаць. Здарылася раз ёй аказія, у прыезд якогасьці ўнука з Ізраілю, і, як гэта з жыдам знацца, крыху прызарабіла. Ды за тыя фунты пасьля пацягнулі бабу на пастарунак: ці не завэрбаваная яна імпэрыялістычнай выведкаю?! Кабета пракляла шанц, і хоць заморскія грошы ёй адабралі, але, прыбегшы дахаты, сымбалічна спаліла ў пліце хоць газэту з партрэтам Брэжнева. — А каб я ведала тую бяду!...

Мужык-п’яніца выманьваў ад яе залатоўкі „на чарку атруты“ ў бары, палохаючы, што скажа „дзе трэба“, як паліла Леаніда Ільіча...

У апагей польскага сталінізму пра жыдоў наагул маўчалі. Пайшоў почут, што ў іх руках уся ўлада і сам Сталін жыд. Некаторыя ўдакладнялі: грузінскі жыд. Прымаўка „Усе жыды начальнікі“ пацьвярджалася ў літаральным сэнсе: пасьля акупацыі засталіся ў жывых адзінкі, але не чуваць было, каб хто-лень стаў чарнарабочым. Маці апазнавала жыдоў на шаноўных фатаграфіях, публікаваных у тадышніх газэтах. — Во, выліты Мошка Хацкель! Бачыш, якая шышка ён у Варшаве?! Давай напішам яму пісьмо, што падаткамі нас душаць... — Пішы, дурная баба, пішы! — злаваў бацька. — Хацкеля ў Кілбасіну вывезьлі і тамака ўсе душою загавелі. — У немцаў, можа, выкупіўся і цяпер расьсеўся ў паляках, — не здавалася маці. — Ага, у немца ты выкупішся, — бразгаў дзьвярыма бацька ды йшоў малаціць авёс у маразечу.

Я ўтрэшчваўся ў надрукаваны партрэт нібы-Хацкеля і дзівіўся, па чым старая апазнае жыда. На мае роспыты, маці зноў брала газэту ў рукі, зіркацела, і канчальна казала: — Як гэта па чым я пазнаю?! Хацкель, і ўсё!

 
   

 
Жыдоў шкадавалі па-сялянску практычна. — Без жыдоў камуністамі парабіліся нашыя лайдакі, — заўважыў Смаркаты Ёзік. — Жыд хоць чытаць умеў і пра сьвет знаў, а мужык з чырвонаю кукардаю на грудзёх адно ведае: сьцябаць шанцоўную самагонку, заваліцца нанач да салдаткі, і лямантаваць „Хай жыве Сталін!“ Ну, хай жыве, хай яго халера возьме...

У Крынках згадвалі жыдоў менш і менш. Тыя, што маглі, выміралі, а маладым не спатрэбіліся майсы. У Варшаве час-часом падымалі палякі гевалт на жыдоў, што крынкаўскія старажылы тлумачылі дасканала лягічна: — Нашы наеліся жыдоўскага дабра пры немцах, а палякі, во, цяпер пасыкнуліся пазабіраць ім кватэры і пасады (— 1968 г.). Удавяцца, бо чужым дабром не разжывешся.

Каторагасьці году ў той варшаўскі вэрхал адзін крынкаўскі начальнік — імя яго няхай будзе навек забытае — наняў бульдозэр і давай выкопваць мармуры на жыдоўскіх могілках, што за стадоламі Польнай вуліцы. І неяк адразу ўзарвалі тады дынамітам па-сярэдневяковаму каменныя сьцены найвялікай сынагогі ў Крынках, выпаленай усярэдзіне, але цэлай. На загад гэта партыйнага шэфа зь Беластоку, Аркадзя Лашэвіча, алекшыцка-бераставіцкага КПЗБоўца, што прыпісаўся да палякаў, хоць жонка ў яго Таня. Таго і таго першым пракляў п’яны Крывашэй з хаткі на той жа Польнай. Падтрымаў яго Мондры Дурань, даваенны штабс-капітан, якому сьвет клінам сышоўся. — Кагда грабы чапаюць, — паўтараў Мондры Дурань, — і сьвятыні ўніштажаюць да астатку, дык каюк красных чакае. Так усягда, кагда Госпад Бог каво хочат згубіць, дык розум пярвее яму адымае, а потым усё лясьне і пылам пакрыет... — сказаўшы прароцтва, тыдзень з хаты не паказваўся, але і так ніхто не арыштаваў быў Мондрага Дурня.

Узьнікла гмінная тэорыя: немцы спляжылі жыдоўства, саветы — праваслаўе, і вось чарга за палякамі, каб у касьцёлах сьвіней загадавалі ды ксяндзоў пажанілі. Палякі, аднак, хоць і чырвоныя, усё ж не сьпяшаліся са сваёй гістарычнай задачай. Нешта, відаць, пранюхалі, бо — немец прапаў, саветы з голаду пухнуць, значыць: бяда! Бог не гандляр, гешэфту зь ім ня зробіш. Бойся Бога, калі хочаш жыць! У пекле, праўда, цікавей, але каму ахвота мець полымя ў задніцы...

Гаварнеча пра жыдоў выбухнула ў заняпад камунізму. Перш хатнія філёзафы дадумаліся, што гэта жыды стварылі камунізм, яны яго і зьвядуць зь белага сьвету. Масква дапусьціла памылку: паўсела на жыдоў: мужыкаваты Хрушчоў, затым стала пад мухаю Брэжнеў-плятун. Няўжо нямаш у рускіх разумных? Усіх у рэвалюцыю выстралялі, адных дурняў пакінулі, каб пладзілі такіх, як яны, з пустымі, як цэбар, чарапамі?... Ой, ванькі-ванькі! Немцаў пабядзілі, а самі далей галодныя і халодныя.

 
   

 
Неўзабаве партыя кінула кліч: „Зажывем багата!“ Сабралася кагосьці даганяць і нават пераганяць, што Крынкі ўспрынялі адназначна: усяму скарб не навука і знаёмствы, а золата! І пайшла капаніна па агародах былое геты. Як ня дзіўна, пачаў паніку з рыдлёўкаю ў далонісках, бы бохны, Пецька-Савет, валацужны нахлебнік Манькі-Ваўчыцы з маянтковых кучаў з гнілым саламяным дахам. Зараз за ім прыгопаў Сяргей-Булава з кіркаю. Зьявілася і Вольга-Патафон з матычкаю, але яе адпугнулі, сакатала зьберагу. Зьбеглася, вядома, пралетарская Пагулянка, хто з чым. Пекны Лёнік, а ён ніколі не аганьбіўся бруднаю работаю, асталяваўся са сваім гешэфтам на парозе развалюхі незабытага Лейзара-пячніка, урэзаўшы на баяне „Кацюшу“, за што паспадзяваўся на папіюху і закусь (баян той сьцібрыў быў у якогасьці шванцаватага лейтэнанта, што ў „освобождение“ дабраўся да яго сястры, закінуўшы яе ногі з туфелькамі сабе за пагоны). Порсткі Ахапак з Высранкі праявіў, як заўсёды, кемнасьць і прыбразгацеў з канём, запрэжаным у глыбокі нямецкі плуг на два лемяшы. Маючы мазгі дзеля тэхнікі, аплянаваў, што спрытней яму будзе мэтадам ворыва. Аднак плуг падкідала на камянёх у зямлі, параскіданых снарадамі ў вайну, ажно раптам каніска зьнік яму з вачэй, уваліўшыся ў нябачны склеп. Дэраш паламаў пярэднія ногі, і мусілі дарэзаць жываціну касою. Затое намацаў Ахапак пад цагляным скляпеньнем патайнік з дарагімі паперамі, зь якімі назаўтра запёрся ў беластоцкі банк, адкуль і вывелі яго ў кайданах хлопцы ў скураных плашчах ды пасадзілі. У камэндатуры тайнай паліцыі Ахапку ня верылі, хаця і прыяжджалі сьледчыя зь ім паглядзець гэты няшчасны склеп, нават адкапалі конскае падла за мястэчкам. Пасядзець ён пасядзеў, але за што, так і не даведаўся. Дзень і ноч пыталі ў яго пра нейкага Ратшыльда, што пазычыў у амэрыканцаў самалёт, каб накідаць зь неба на бульбянішчы Польшчы калярадзкіх жукоў. Каб яны гарам гарэлі! Ахапак, не стрываўшы такой тайніцы, урэшце вярнуўшыся дамоў, столькі нараспавядаў пра яе ў Крынках, што ад яго людзі скакалі ў заплоцьце, быццам пацукі перад катом... Даволі хутка памёр у самоце. Адны казалі, што надта зьбілі Ахапка на допытах, таму і прывар’яцеў, ня цямячы, як страшэнныя рэчы вярэдзіць у вушы кожнаму. Магчыма, магчыма, бо ўлада ёсьць уладай і не сваёй сракі не шкадуе. Але ж, як аднае бяды не бывае, Ахапка, відаць, даканала бязьдзетная жонка — яна тым часам паджгала з хахалём на лёгкахлебныя заходнія землі, што аднялі Нямеччыне і аддалі Польшчы. І сьлед па ёй прастыў.

А цяперашнім часам пра жыдоў зноў загаманілі. У гэты раз тэрцыяркі ды нямоглыя ўдаўцы, якім мус ужо мець гешэфт з Госпадам. Менавіта ад ксяндза дачуліся, што Хрыстос навучаў толькі па-жыдоўску (арамэйская мова), ды першаапосталы паходзілі з жыдоў, і таму ўсе мы патроху жыды. Гэтая навіна выклікала спавядальны настрой у дзядуляў з бабулямі, абгрунтаваны зусім не па-хрысьціянску. Як і ўсенькае патомнае мужыцтва, наеліся яны барбарскага страху ад таго, што давядзецца на Страшным Судзішчы выслухаць даўжэзны пералік сваіх сьвінстваў, учыненых калісьці крынкаўскім жыдам і жыдоўкам. Гідкіх! Бог-жыд наўрад ці выбачыць ім... Хоць Ён і не нацыяналіст, поўны любові Госпад. Але самі яны разумеюць, што такіх зьдзекаў, якіх дапусьціліся былі ў геце, таксама не падаравалі б. Анікому! Ёсьць і надзея, што Ўсявышні ўсё ж не халоп і літасьць мае.

Кажуць: ксёндз пацешыў іх, каб ня грызьліся благімі думкамі, бо хрысьціяне нават лепшыя жыды, моляцца Богу, якога ж жыды не прызнаюць. У Крынках канчальна аціхлі проціжыдоўскія анэкдоты, а антысэміта Сікеля стары Піндаль нашпарыў кульбакаю. Маладым местачкоўцам бачыцца гэта дзяціннасьцю апошніх магіканаў. Хлопцам сьняцца грошы, дзяўчатам багаты замуж.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000