A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


тэма

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Станіслаў Краеўскі
Параўнаньне юдаізму
з хрысьціянствам:
некалькі прыкладаў

Само параўнаньне юдаізму з хрысьціянствам вельмі спрэчнае. Доўгія стагодзьдзі жыды паглядалі на Царкву зь перасьцярогай, а ў хрысьціянстве бачылі сродак дыскрымінацыі. Пэўныя зрухі ў лепшы бок пачаліся тады, калі ў Эўропе паўсталі адкрытыя грамадзтвы. Да гэтага ўсе магчымыя супадзеньні або падабенствы трактаваліся як неістотныя, бо найгалаўнейшым лічылася тое, што хрысьціянства ўтрымлівае элемэнты ідалапаклонства (абагаўленьне Хрыста, культ абразоў) і мае ўзурпатарскія схільнасьці (прысабечыла жыдоўскае Пісаньне, назвалася „праўдзівым Ізраілем“). Некаторыя жыды, праўда, і раней прызнавалі пазытыўную ролю хрысьціянства, і лічылі, што яно насамрэч зьяўляецца спосабам судакрананьня з сапраўдным Богам, аднак аб’ектыўнае параўнаньне юдаізму з хрысьціянствам сталася мажлівым толькі ў наш час.

Усе мы жывем у вялікай меры ў сьвецкай прасторы і маем шмат супольных выклікаў, таму ўсё больш і сярод жыдоў, і сярод хрысьціянаў зьяўляецца тых, хто добра разумее другі бок. І хоць спасярод жыдоў і далей пераважае вобраз Царквы як сілы, якая ўяўляе сабой пагрозу, аднак ня толькі сярод „рэфармаваных“, але і сярод „артадаксальных“ жыдоў ёсьць тыя, хто лічыць, што дыялёг між юдаізмам і хрысьціянствам ёсьць нечым большым, чымся спаўненьнем пэўнае дыпляматычнае фармальнасьці, што ён можа спрычыніцца да пабудовы рэальнага партнэрства.

У жыдоўскім асяродзьдзі, як і ў хрысьціянскім, традыцыйна існавала супрацьстаўленьне юдаізму і хрысьціянства як сутнасна адрозных, адасобленых спосабаў мысьленьня, якія „застаюцца ў фундамэнтальнай апазыцыі“. Прыхільнікі гэтае думкі робяць акцэнт на адрозьненьнях; яны наперад адкідаюць нават саму магчымасьць існаваньня важных падабенстваў, насуперак тым адрозненьням. Мяркую, што дрэнна, калі адсутнасьць падабенстваў закладаецца загадзя.

Найважнейшай крыніцай падабенстваў і супадзеньняў між юдаізмам і хрысьціянствам зьяўляецца супольная крыніца (Гэбрайская Біблія), зь якой таксама вынікае пэўная агульнасьць у поглядах на сьвет і чалавека. Гэта надзвычай яскрава бачна здалёк, напрыклад, зь Індыі. На індыйскай тэалягічнай мапе, што фіксуе ўсе магчымыя рэлігійныя канцэпцыі, юдаізм і хрысьціянства зьмешчаныя побач. Зь іншага боку, гэтая агульнасьць выклікае вострыя супярэчнасьці: сваркі паміж сямейнікамі — найгоршыя. Яны, аднак, не пазбаўляюць сямейнага падабенства і не адмаўляюць таго факту, што сварыцца лёгка, бо абодва бакі па сутнасьці гавораць на адной і той жа мове.

Трэба прызнаць, што мне гэтае сямейнае падабенства падаецца нашмат больш важлівым за адрозьненьні. Шкада, што жыды часта яго ня бачаць. Не, гаворка ня йдзе пра сьціраньне адметнасьцяў. Адрозьненьняў, якія прывялі да іншага тлумачэньня прыроды Хрыста, нельга нэўтралізаваць. Для хрысьціянаў Ісус — звышчалавек, для жыдоў — калі яны маюць хоць найменшую сувязь з традыцыяй — ён ня можа быць гэткі. Мы наўмысна не разглядаем тут пытаньне „мэсіянскіх жыдоў“, бо яны ўтвараюць, у прынцыпе, хрысьціянскія групы, якія ня ўпісваюцца ў кантэкст юдаізму.

Аб’ектыўна параўнаць юдаізм і хрысьціянства вельмі складана. Пад час такога параўнаньня звычайна ствараецца сынтэтычны вобраз абодвух бакоў — такі сабе ўзорны юдаізм або чыстае хрысьціянства — і ігнаруюцца нутраныя адметнасьці кожнага зь іх. Прыкладам выхаду за межы схемы можа стацца параўнаньне юдаізму з індуізмам, больш прыдатнае для спакойнага аналізу з прычыны неабцяжаранасьці гістарычнымі перадумовамі і палітычнымі эмоцыямі. Дык вось, адным з базавых элемэнтаў у індыйскім бачаньні сьвету зьяўляецца перасяленьне душаў. Гэта, аднак, ніяк не прапісана ў юдаізьме. Вядома, аднак, што ў жыдоўскіх містычных плынях часам фармулявалася вера пра перасяленьне душаў (gilgul neszamot). Сярод кабалістаў, якія прытрымліваліся гэтай веры, былі такія людзі, як Ізаак Люрыя, якія вельмі паўплывалі на пазьнейшы юдаізм. Гэта сьведчыць пра тое, што ў межах фактычна існуючага юдаізму магчыма было — і ёсьць — больш, чым дапускаюць стандартныя падыходы. Адрозьненьне паміж юдаізмам і індуізмам у пытаньні перасяленьня душаў не зьнікае, але перастае быць такім выразным і абсалютным.

Параўнаць юдаізм і хрысьціянства на першы погляд вельмі проста, бо большасьць паняцьцяў — супольныя. Аднак гэта часам можа ўводзіць у аблуду, бо тэрміны ўжываюцца адны й тыя ж самыя, але значэньні яны маглі набыць адрозныя. За падабенствам крыецца адрозьненьне.

Ніжэй пададзеныя сем прыкладаў пошуку адрознасьцяў за падабенствамі, і наадварот. Яны не спрабуюць вычарпаць тэму, а толькі паказваюць, зь якімі праблемамі мы сутыкаемся, параўноўваючы.



 
   

 

Адрозьненьні, нягледзячы на падабенствы: дзьве рэлігіі?

Лічыцца, што хрысьціянства і юдаізм, нягледзячы на адрозьненьні, маюць падобны характар, бо зьяўляюцца рэлігіямі. Хрысьціянства — гэта рэлігія par excellence. Аднак ёсьць жыды, якія сумняюцца, ці можна юдаізм назваць рэлігіяй. Альбэрт Айнштайн так сфармуляваў гэтае сумненьне: „ад жыда патрабуецца ня столькі „вера“, колькі асьвячэньне жыцьця ў звышасабовым значэньні“. Кідаецца ў вочы і тое, што калі хрысьціянства — гэта супольнасьць аднаверцаў, то жыдам ты ёсьць з прычыны нараджэньня.

Супрацьстаўленьне веры і паходжаньня вельмі выразнае ў тэорыі, аднак на практыцы — не зусім абавязковае. Так, дзеці хрысьціянаў, як і юдэяў, аўтаматычна пераймаюць рэлігію бацькоў. Зь іншага боку, можна прыняць юдаізм і ўвайсьці ў супольнасьць Ізраілю. То бок ні з аднаго, ні з другога боку няма аўтаматычнага перайманьня веравызнаньня бацькоў. У сёньняшняй Польшчы можна знайсьці багата прыкладаў на гэтыя выняткі: шмат дзяцей жыдоў становяцца каталікамі, часам здараецца і наадварот. Нягледзячы на гэта, адрозьніваньне „веры і паходжаньня“ абсалютна рэальнае: можна адысьці ад Царквы, але, у пэўным сэнсе, перастаць быць жыдам увогуле немагчыма. Такім чынам, гэбрайскі падыход парадаксальны. З аднаго боку — прыняўшы іншую веру, перастаеш быць жыдам. Зь іншага — вяртаньне да юдаізму вымагае толькі дэклярацыі, што ты вяртаешся. Некаторыя рабіны вымагаюць пэўных рытуалаў, аднак працэдуры, прадугледжаныя для тых, хто ўпершыню навяртаецца ў юдаізм, не зьяўляюцца неабходнымі. А гэта значыць, што, нягледзячы ні на што, нават зьмяняючы рэлігію, застаешся жыдам!

Гэтую парадаксальнасьць можна разглядаць як аргумэнт на карысьць сутнаснае адрознасьці паміж юдаізмам і хрысьціянствам. Структура юдаізму іншая, чымся хрысьціянства. Царкву нельга поўнасьцю параўнаць з Сынагогай. Адпаведнікам Царквы, хутчэй, будзе супольнасьць жыдоў — жыдоўскі народ або нацыя. Такім чынам, адрознасьць між хрысьціянствам і юдаізмам у гэтым пытаньні відавочная, але яна не выключае супольных вытокаў і зьязанай з гэтым глыбокай роднаснасьці.



 
   

 

Адрозьненьні сярод падабенстваў: супольны Бог?

Бог адзін. І таму супольны. Калі сказаць толькі гэта, усе рэлігіі акажуцца аднолькавыя. Наступны крок — гэта пытаньне, што мы маем на ўвазе, калі кажам пра Бога. Калі параўнаць канцэпцыі Бога, то блізіня юдаізму і хрысьціянства, якая вынікае з вызнаваньня Бога адзінага, перастае быць такой відавочнай.

Аднак тэзы і канцэпцыі, датычныя Бога, не выражаюць найважнейшага. Бог „у сабе“ нам недаступны. У жыдоўскай традыцыі дамінуюць не разважаньні пра Творцу, а пастулят, каб жыць згодна зь Яго прыказаньнямі і з усьведамленьнем Ягонае прысутнасьці. Ёсьць гэткі матыў і ў хрысьціянстве. Усе малітвы, як бы яны не былі сфармуляваныя і якія б у іх не былі выкарыстаныя імёны, скіраваныя ў той самы бок. Рабэну Там, галахічны аўтарытэт Францыі XII стагодзьдзя, дазваляў жыдом нават слухаць укладзеныя хрысьціянскімі партнэрамі прысягі да хрысьціянскіх сьвятых. Хоць, на першы погляд, такія прысягі гучаць для жыдоў па-ідалапаклонску, яны могуць быць зразуметыя як зварот да праўдзівага Бога.

Калі мы ня хочам згубіць таго вымярэньня, у якім сутыкаюцца хрысьціянскае й гэбрайскае бачаньне Бога, трэба адштурхоўвацца ня столькі ад тэалягічных тэзаў, колькі ад крыніцаў нашых рэлігійных уяўленьняў. Юдаізм — гэта пэўнае бачаньне гісторыі чалавецтва і пакліканьня жыдоў. Ягоныя ключавыя аб’яўленьні запісаныя ў Бібліі, а пасьля былі ўвабраныя ў жыдоўскую традыцыю. Тэксты, што апісваюць Выйсьце з Эгіпту, падзеі ў Сынаі, прадказаньні прарокаў прынятыя ў якасьці выточных таксама і хрысьціянамі. Нягледзячы на шматлікія інтэрпрэтацыі, якія бытуюць у народзе, мы прызнаем, што праўдзівы Бог апісаны ў падзеях гэбрайскай Бібліі і вядомы як Бог Ізраілю. Гэта ня толькі супольны Бог, але й супольнае ў сутнасьці бачаньне Бога. Майманід увогуле лічыў, што Біблію варта вывучаць разам з хрысьціянамі.

Закцэнтаваўшы ўвагу на супольных вытоках, мы мусім адначасова падкрэсьліць і адрозьненьні ў канцэпцыях. Найважнейшыя зь іх зьвязаныя з хрысьціянскімі дагматамі ўцелаўленьня і Тройцы. Паводле юдаізму, чалавек створаны на вобраз і падобнасьць Бога. Акрамя таго нам уяўляецца, што „найвышэйшы валадар над валадарамі“ мае рысы асобы: разьлічвае на нас, чагосьці ад нас чакае, пакутуе з намі. Ягонае ж увасабленьне ў канкрэтнага чалавека выглядае абсурдам.

Уяўнае супадзеньне палягае і ў тым, што і юдэі, і хрысьціяне кажуць пра Бога „Айцец“. Парадак ужываньня вызначэньня „Айцец“ пры гэтым істотна розьніцца. Для юдаізму гэта мэтафара. Яна не найважнейшая і страчаецца, як правіла, разам зь іншымі вызначэньнямі. Яна ўжываецца зазвычай для таго, каб выразіць бацькоўскі клопат або вялікадушнасьць. Хрысьціянства, у сваю чаргу, да мэтафарычнага ўжываньня дадало штосьці прынцыпова іншае: яно перайшло да апісаньня прыроды Бога. Прыменены да яго тэрмін „Айцец“ у сутнасьці азначае „Айца Ісуса“. Гэткая асацыяцыйная сувязь стала дамінуючай. Дзякуючы гэтаму вызначэньне „Айцец“ набыло спэцыфічны зьмест. Тое, што было толькі сродкам набліжэньня невымоўнае сапраўднасьці, прытарнаваньнем штодзённага досьведу і культурных рэаліяў, стала сьцьверджаньнем аб сутнасьці Бога. У адрозьненьне ад жыдоўскага мэтафарычнага ўжываньня, у мове хрысьціянскае тэалёгіі „айцоўства“ належыць да дэфініцыі Творцы. Яно непарыўна спалучана з канцэпцыяй Тройцы.



 
   

 

Адрозьненьні сярод падабенстваў: мэсіянскія чаканьні

Ісус — Мэсія? У гэтым пытаньні адрозьненьне навідавоку. Хрысьціяне заўжды спасылаліся на прамовы прарокаў, спрабуючы давесьці, што Ісус ёсьць абяцаным Мэсіем, так і ня здолелі, аднак, пераканаць у гэтым пераважную большасьць жыдоў. Усе аргумэнты даўно прагучэлі, і мы можам толькі ў чарговы раз безвынікова іх паўтараць. Мяркую, што зварот да дыскусіі вакол радкоў з Ісаі, каб адмовіць (або сьцьвердзіць) факт, што ў іх гаворыцца пра нараджэньне ад нявіньніцы, ня мае ўжо сэнсу. Калі б яшчэ было можна нешта давесьці, то гэта ўжо даўно было б зроблена. Адрознасьць інтэрпрэтацыяў застаецца.

Аднак сам той факт, што зноў і зноў зьяўляецца жаданьне ўжываць гэтыя радкі дзеля навярненьня жыдоў, сьведчыць пра тое, што мы апэруем у рамках супольных катэгорыяў. Мяркую, што гэтае адзінства зьяўляецца для нас, жыдоў, надзвычай важным: менавіта дзякуючы хрысьціянству (а таксама ісламу) сьвет даведаўся пра ідэю Мэсіі, пра мэсіянскую надзею. Хоць адбылося гэта ў форме, пад якой мы, жыды, не падпішамся, аднак гэта пазытыўны бок экспансіі хрысьціянства: ужо старавечныя рабіны бачылі, што тут можна гаварыць пра пракладаньне дарогі Мэсію. Як пісаў у XI стагодзьдзі Ягуда Галеві, „народы“ (то бок хрысьціяне і мусульмане), упалі ў аблуду, але „брукуюць шлях“ для чаканага Мэсіі. Майманід, які ў раньні пэрыяд сваёй дзейнасьці лічыў хрысьціянства ідалапаклонствам, напісаў пазьней, што мы ня ў стане „агарнуць думкі Творцы сьвету“, а словы Ісуса (і Магамэта) былі пакліканыя „толькі пракласьці дарогу для Караля Мэсіі, а таксама падрыхтаваць сьвет для служэньня Госпаду“.

Апісаныя супольныя рысы абумоўленыя пэўным глыбокім падабенствам. Спрэчка пра асобу Мэсіі і мэсіянскія чаканьні — розныя рэчы. У філязофскім пляне, калі мова заходзіць пра чаканьні, паміж юдаізмам і хрысьціянствам існуе падабенства, нават тоеснасьць. Чаканьне Мэсіі — гэта пэўны спосаб экзыстэнцыі. Як філязофская катэгорыя, яно не адрозьніваецца ад чаканьня другога прышэсьця Ісуса. Гэта зварот да будучыні, але не асабістай, а калектыўнай. Зрэшты, тэолягі (напрыклад, Міхал Чайкоўскі) сьцьвярджаюць, што ў Новым Запавеце йдзецца не пра „другое прышэсьце“, а проста пра прышэсьце. Чаканьне зьяўляецца супольным.

Гэта не зьмяняе факту, што хрысьціянская вера ў тое, што сьвет выкуплены, супярэчыць жыдоўскаму падыходу. Мы, жыды, як ніхто адчуваем тое, што ён ня выкуплены, сьцьвярджаў Марцін Бубэр. Вельмі трапная фармулёўка. Таксама й таму, што перадае і манеру мысьленьня нерэлігійных жыдоў. Мушу прызнацца, што ня дужа разумею погляд хрысьціян — што гэты сьвет быў збаўлены дзякуючы падзеям, апісаным у Эвангельлях. Калі яны маюць на ўвазе пераадоленьне вынікаў першароднага граху, то тым больш я адчуваю адчужанасьць: першародны грэх ёсьць асноватворным фактам для хрысьціянскае тэалёгіі, але не для юдаізму. Калі ж гаворка йдзе пра тое, што насуперак трагічнай прыродзе экзыстэнцыі і нягледзячы на нашыя слабасьці, для нас існуе нейкая надзея, то, натуральна, згаджаюся, бо гэткая надзея прасякае ўсю жыдоўскую традыцыю, безадносна да Ісуса.



 
   

 

Падабенствы сярод адрозьненьняў: Мэсія

Паводле жыдоўскай традыцыі, прышэсьце Мэсіі ня можа быць незразумелай падзеяй, якая не выходзіць за абсяг душы.

Дагэтуль жыды, пачуўшы, што Мэсія прыйшоў, выглядаюць у акно. Што зьмянілася навокал нас? Нічога, таму няма пра што гаварыць. Ісус — гэта не жыдоўскі мэсія. Апошні пакліканы пакласьці канец гвалту і несправядлівасьці на гэтым сьвеце. Леў будзе ляжаць побач зь ягнём, а мячы будуць перакутыя на нарогі. Незалежна ад інтэрпрэтацыі гэтых уяўленьняў, наўрад ці можна сьцьвярджаць, што з часоў сьмерці Ісуса мы пасунуліся ў гэтым кірунку. Аднак толькі на выгляд пытаньне такое простае. У гісторыі юдаізму былі так званыя фальшывыя мэсіі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага — у літургіі штохвліну паўтараюцца словы надзеі, што Ён прыйдзе „борзда, у нашы дні“. Ня толькі ў далёкім мінулым гэта ўспрымалі літаральна.

У 80-х гадох нашага стагодзьдзя ў ЗША пачалі зьяўляцца плякаты з надпісамі „Хочам Мэсію ўжо цяпер!“. Гэта не было паўтарэньнем радкоў зь літургіі. Іх распаўсюджвалі хасыды з дынамічнае экспансіўнае плыні Хабад. Яе харызматычны лідэр, рэбэ Мэнахем Мэндэль Шнэерсон, вучыў, што мы стаім на парозе мэсіянскае эры. Усё большая і большая група прыхільнікаў Шнэерсона лічыла, што акурат ён і зьяўляецца Мэсіем! Сам ён гэтага не сьцьвярджаў, але гэтаму й не пярэчыў. А ў апошнія гады жыцьця — разьбіты паралюшам — ня здолеў бы гэта зрабіць, нават калі б захацеў. Нават сьмерць рэбэ ў 1994 годзе нічога не зьмяніла! У кнізе пра яго, напісанай нядаўна сакратаром настаўніка, а цяпер афіцыйным рэдактарам ягонае спадчыны, чытаем: „Ці сапраўды рэбэ зьяўляецца Мэсіем? Кожны мусіць сам адказаць на гэтае пытаньне“. Тут няма адназначнасьці, аднак дапускаецца пазытыўны адказ.

Іншыя жыды ні трохі ня схільныя бачыць у Шнэерсону Мэсію. Аднак ухіленьне прыхільнікаў гэтага цадыка за межы юдаізму ня мела б сэнсу. Яны складаюць істотную і надзвычай паказальную частку жыдоўскае артадоксіі. Выяўляецца, што сучасныя артадаксальныя ды традыцыяналісцкія жыды могуць лічыць, нібыта Мэсія ўжо прыйшоў, верыць, што Мэсіем ёсьць чалавек, які ўжо памёр! Падабенства да хрысьціянства проста надзвычайнае. Гэта сьведчыць пра тое, якім блізкім хрысьціянству можа быць жыдоўскі спосаб разуменьня мэсіянскай ідэі. Адкрываецца парадаксальная агульнасьць — на ўзровень глыбейшая за спрэчкі пра тое, хто канкрэтна мае мэсіянскі статус.



 
   

 

Падабенствы сярод адрозьненьняў: пасярэдніцтва

Хрысьціянскі Новы Закон бачыць Ісуса адзіным пасярэднікам у збаўленьні. Жыды гэткіх поглядаў не падзяляюць: ня толькі асоба Ісуса, але і ўвогуле пасярэднікі паміж намі і Творцам непатрэбныя. Так жа справа стаіць зь літургіяй. Кожны жыд сам стаіць побач з Госпадам; кожны можа таксама весьці калектыўныя малітвы. У сваю чаргу, ксёндз для каталікоў ёсьць немінучым пасярэднікам, што для юдаізму чужое (чаго няма і ў пратэстанцкай царкве). Ксёндз абавязковы для спаўненьня, прынамсі, некаторых тайніцаў.

На першы погляд можа падацца, што тут існуе толькі адрознасьць. Але гэткае перакананьне можа пахіснуцца, калі зьвярнуць увагу на рэлігійнасьць хасыдаў. Цадык у сапраўднасьці ёсьць своеасаблівым пасярэднікам. Яшчэ дзьвесьце год таму гэта адкрыта сьцьвердзіў адзін з найвялікшых хасыдзкіх настаўнікаў, Нахман з Брацлава: „Пад час малітвы належыцца настройвацца на сувязь з цадыкамі свайго пакаленьня, бо толькі яны ведаюць, як узьняць малітву да прызначанага ёй месца“. Пасярэдніцтва, да таго ж, не абавязкова супярэчыць вельмі традыцыйнаму юдаізму. Зразумела, жыдоўскія праціўнікі хасыдаў крытыкавалі іх за адыход ад традыцыі. Аднак хасыдызм ніколі не выходзіў па-за межы рэальнага юдаізму, наадварот, ён здаўна зрабіўся апірышчам жыдоўскага традыцыяналізму. Зноўку перад намі парадокс: найлепш кансэрватыўныя на гэты момант плыні юдаізму нечакана ўтрымліваюць элемэнты, якія супадаюць з хрысьціянствам.



 
   

 

Падабенствы сярод адрозьненьняў: канцэпцыі Бога

Дагмат пра Тройцу супярэчыць юдаізму, бо, акрамя веры ўва Ўвасабленьне, утрымлівае яшчэ і элемэнт расколу абсалютнае Еднасьці. Паводле юдаізму, Творца не складаецца з розных „асобаў“, больш таго — наагул ня можа мець складовых частак, бо становіць сабой еднасьць. Аднак на містычным узроўні некаторыя жыдоўскія вераньні супадаюць з хрысьціянскімі. Так, сярэднявечная Кабала распрацавала канцэпцыю sefirot — дзесяці Божых эманацыяў. Гэта структуры, празь якія выяўляецца Творца ці, хутчэй, ягоная стваральная моц. Паводле Гершама Шолема, у гэтай канцэпцыі прадстаўлена тое, „што філёзафы і тэолягі называюць боскімі атрыбутамі“. Адначасна сэфіратычны сьвет „для містыкаў якраз і быў боскім жыцьцём, у той меры, у якой яно ймкнецца да Стварэньня“. Падабенства кабалістычнага разуменьня Бога да хрысьціянскага бачаньня Тройцы не засталося па-за ўвагай жыдоўскіх крытыкаў кабалістычнае традыцыі. Рабін Ізаак бэн Шэшэт Парфат пісаў у XIV стагодзьдзі: „Ідалапаклоньнікі вераць у тройцу, а кабалісты — у дзесяціасобнага Бога“. Безумоўна, сэфіры — гэта не асобы з боскім статусам, якім для хрысьціянаў ёсьць Ісус як асоба Тройцы. Аднак паводле Давіда Новака контрааргумэнты кабалістаў гучалі ня дужа пераканаўча для тагачасных жыдоўскіх філёзафаў. Да таго ж кабалісты складаюць важную і неад’емную частку традыцыі юдаізму. Ад яе да спэцыфічных хрысьціянскіх тэзаў ня так ужо й далёка.



 
   

 

Падабенствы сярод адрозьненьняў: абранасьць Ізраілю

Доўгія стагодзьдзі Царква вучыла, што супольнасьць яе вернікаў ёсьць новым абраным народам, а ад жыдоў Бог адвярнуўся. Гэта, безумоўна, супрацьстаўляла хрысьціянства юдаізму. Аднак сытуацыя зьмянілася. Каталіцкі касьцёл з часоў Другога Ватыканскага сабору (60-я гады) і найбуйнейшыя пратэстанцкія цэрквы не сьцьвярджаюць ужо, што „стары“ Ізраіль быў зьменены на новы. Гэта сьведчыць пра тое, што абранасьць трывае вечна. Іншымі словамі гэта выказаў Ян Павал II, згаджаючыся з думкай а.Даніэля Руфайзэна: „У сутнасьці ня правільна называць Царкву новым Ізраілем, (...) хутчэй трэба гаварыць пра Ізраіль пашыраны“. Адбылася глыбокая зьмена, якой не заўважылі або не ацанілі шматлікія жыдоўскія аўтары, асабліва ультраартадаксальныя жыды, падыходы якіх цалкам дамадэрныя і базуюцца на прынцыпе, што ў рэлігійных пытаньнях нічога не зьмянілася з часоў сярэднявечча.

Безумоўна, што і зусім ня ўсе хрысьціяне прызнаюць сталасьць ролі Ізраілю. Аднак царкоўныя дакумэнты сьведчаць, што сутнасны пералом ужо адбыўся. Стаўленьне да абранасьці Ізраілю не павінна нас падзяляць.

Затое застаецца адкрытым пытаньне, у якой меры юдаізм можа ўзяць пад увагу хрысьціянскую тэзу пра Царкву як „новы“ або, хутчэй, „другі Ізраіль“. Існуюць плыні жыдоўскае думкі, якія бачаць пазытыўную ролю хрысьціянства ў вандроўцы паміж Сынаем і Мэсіем. Сваю кульмінацыю яны знайшлі ў канцэпцыях Франца Розэнцвайга, які зрабіў вялікі ўплыў на юдаізм новага часу, г.зн. спалучыў у сабе сучасную (навуковую і крытычную) думку з насьледаваньнем жыдоўскае традыцыі. Паводле яго, хрысьціянства мае права сьцьвярджаць, што — кажучы хрысьціянскай мовай — прыводзіць людзей да Айца, калі яно зразумее, што гэта ня тычыцца жыдоў, якія як спадкаемцы жыдоўскае традыцыі „ўжо з Айцом“. Ён мяркуе, што мэтай тых жыдоў, да якіх скіравана такая пазыцыя, павінна быць стварэньне жыдоўскае канцэпцыі гісторыі, якая — не абмінаючы адрозьненьняў і пагрозаў, якія нясе Царква жыдом — возьме пад увагу пазытыўную ролю хрысьціянства.
 

Пераклаў з польскай Андрэй Скурко паводле Midrasz. 9(29).1999.
Тэкст друкуецца з ласкавага дазволу гэтага польскага часопіса.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000