A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


гіпотэза

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Дэніс Прэгер
Сэксуальная рэвалюцыя юдаізму

Прадпісаньне юдаізму, каб уся сэксуальная актыўнасьць была засяроджаная ў рамках шлюбу, зьмяніла сьвет. Забарона Тораю пазашлюбнага сэксу сталася неабходнаю перадумовай для ўтварэньня заходняй цывілізацыі. Грамадзтвы, дзе сэксуальнасьць нічым не абмяжоўвалася, ускладнялі тым самым працэс свайго развою. Панаваньне заходняга сьвету, якое настала пазьней, у значнай ступені можа быць вытлумачана сэксуальнай рэвалюцыяй, пакліканай да жыцьця юдаізмам і пасьля падхопленай хрысьціянствам.

Гэтая рэвалюцыя палягае на тым, што ўся моц сэксу была лякалізаваная ў межах шлюбу, у выніку чаго сэкс не панаваў болей у грамадзтве, ухвалялася каханьне паміж мужчынам і жанчынай і сацыяльны статус жанчыны пачаў павольна павышацца.

Жывучы за тысячы гадоў пасьля таго, як юдаізм усталяваў гэтае прадпісаньне, мы амаль ня можам усьвядоміць, наколькі нічым не ўтаймаваны сэкс можа падпарадкаваць сабе жыцьцё чалавека й грамадзтва. Ад старажытных часоў ажно да нядаўнай пары ў шматлікіх частках сьвету сэксуальнасьць прасякала практычна ўсё грамадзкае жыцьцё.

Сэксуальнасьць чалавека, і перадусім — мужчыны, як сьведчыць практыка, паліморфная й не абмяжоўваецца нічым (у значна большай ступені, чым сэксуальнасьць жывёлы). Мужчыны займаліся сэксам з жанчынамі й мужчынамі, з малымі дзяўчаткамі й хлопцамі, з адным партнэрам і ў вялікіх групах, з абсалютна чужымі людзьмі й найбліжэйшымі сваякамі, а таксама з размаітаю свойскай жывёлай. Яны дасягалі й дасягаюць аргазму, ужываючы розныя прадметы (да прыкладу, акраўкі скуры, боты ды іншыя часткі адзежы), выпаражняючыся адзін на аднаго (зацікаўленых чытачоў адсылаем да фатаграфічных працаў Робэрта Мэплторпа, якія з дакладнасьцю прадстаўляюць гэтыя працэсы), а таксама ўбіраючыся ў жаночыя строі, гледзячы на катаваньне іншых, песьцячы дзяцей абодвух полаў, слухаючы голас і ня бачачы цела (так званы сэкс па тэлефоне) і, натуральна, гледзячы на аголеныя целы й часткі целаў. Ня так шмат існуе адушаўлёных альбо неадушаўлёных рэчаў, якія б не правакавалі пэўных мужчын на даходжаньне аргазму. Натуральна, ня ўсе гэтыя практыкі віталіся грамадзтвам — да прыкладу, кровазьмяшэньне паміж бацькам і дзіцем альбо спакушэньне чужой жонкі рэдка сустракалі падтрымку, — але многія з такіх практык ухваляліся. Да такіх практык можа весьці не ўтаймаваны ці, ужываючы тэрміналёгію Фройда, „не сублімаваны“ сэксуальны поцяг.



Дэніс Прэгер — кансэрватыўны камэнтатар і вядучы ток-шоў на радыё KABC у Лос-Анджэлесе і заснавальнік „Цэнтру Miche за этычны монатэізм“. Аўтар шматлікіх кніг (апошняя — a human nature repair manual „Шчасьце — гэта сур’ёзная праблема“, Regan Books, 1999) і пышнага сайту www.dennisprager.net. Свае артыкулы публікуе ў заснаваным самім сабою квартальніку Ultimate Issues. Cтуль і гэтае эсэ, што друкуецца зь нязначнымі скарачэньнямі з ласкавай згоды аўтара.

   

 

Дэсэксуалізацыя Бога й рэлігіі

Вынік не ўтаймаванага полавага поцягу — сэксуалізацыя ўсяго, улучна з рэлігіяй. Калі б полавы поцяг ня быў бы адпаведным чынам стрыманы (ход не пра здушэньне, бо гэта вядзе да разбуральных вынікаў), найвышэйшая форма рэлігіі — ня будучы часткаю першабытнай рэлігійнасьці — не магла б разьвівацца. Вось жа, першаю рэччу, якую зрабіў юдаізм, была дэсэксуалізацыя Бога: Спачатку Бог стварыў неба й зямлю — сваёю воляй, а ня дзякуючы якім-колечы сэксуальным паводзінам. Такая канцэпцыя стварэньня радыкальна разыходзілася з традыцыямі ўсіх іншых рэлігіяў і зьмяняла гісторыю чалавека. Багі амаль што ўсіх цывілізацыяў бралі ўдзел у сэксуальных сувязях. На Блізкім Усходзе бабілёнская багіня Іштар спакусіла чалавека, героя Гільгамэша. У эгіпэцкай рэлігіі бог Азырыс меў сэксуальныя стасункі із сваёй сястрой Ізыдай, і тая панесла бога Гора. У Ханаане галоўны бог Эль супольваўся з Ашэраю. У індуісцкіх вераваньнях бог Крышна быў сэксуальна актыўны, маючы шмат жонак і нямала пазашлюбных прыгодаў. Бог Самба, сын Крышны, спакусіў шмат сьмяротных жанчын і мужчын. У грэцкай міталёгіі Зэўс ажаніўся з Гераю, заляцаўся да шматлікіх жанчын, выкраў гожага юнака Ганімэда й займаўся мастурбацыяй. Пасэйдон ажаніўся з Амфітрыдаю, што не перашкодзіла яму заляцацца да Дэмэтры й згвалціць Тантала. Рымскія багі таксама сэксуальна перасьледавалі як мужчын, так і жанчын.

Беручы пад увагу сэксуальную актыўнасьць багоў, ня варта дзівіцца й таму факту, што самі рэлігіі былі прасякнутыя ўсімі формамі сэксуальнай актыўнасьці. На старажытным Блізкім Усходзе, і ня толькі там, жрацы дэфляравалі дзяўчатаў, якія мелі пачаць сэксуальнае жыцьцё із сваімі сужэнцамі, а сакральная, ці рытуальная прастытуцыя была амаль што паўсюднай. Норман Сасман, псыхіятр ды гісторык сэксу, наступным чынам апісвае гэтую сытуацыю: „Прастытуткі-жанчыны альбо прастытуткі-мужчыны, служачы часова ці стала, займаючыся гетэрасэксуальнымі й гомасэксуальнымі, аральна-генітальнымі, садаміцкімі ды іншымі формамі сэксуальнай актыўнасьці, ахвяруюць свае вабноты на карысьць храму“. На старажытным Блізкім Усходзе зь вельмі раньніх часоў анальны полавы акт быў часткаю культу тамтэйшай багавіцы. У старажытным Эгіпце, Мэсапатаміі й Ханаане мелі месца штогоднія сакральныя полавыя акты паміж каралём і жрыцамі. Прастытуткі мелі стасункі зь вернікамі ў храмах і санктуарыях старажытнай Мэсапатаміі, Фінікіі, Кіпру, Карынту, Картагену, Сыцыліі, Лібіі, Заходняй Афрыкі й Індыі старажытных ды новых часоў.

У старажытным Ізраілі раз-пораз паўтараліся спробы аднавіць прастытуцыю, зьвязаную з Храмам, што прыводзіла да габрэйскіх грамадзянскіх войнаў, у якіх змагаліся прыхільнікі й праціўнікі культавага сэксу. У Бібліі згадваецца, як кароль Юдэі Аса „выгнаў з сваёй краіны кдэшым (храмавых мужчын-прастытутак); ... што ягоны наступнік Ёсафат выгнаў з краіны апошніх кдэшым, якія засталіся з часоў караляваньня ягонага бацькі Асы, і што пазьней кароль Ёсія пад час сваёй рэлігійнай рэформы разбурыў дамы кдэшым“. У Індыі амаль што да нашага стагодзьдзя некаторыя культы вымагалі сэксуальнага акту паміж манахамі й манашкамі, а замужнія жанчыны мелі стасункі із жрацамі-заступнікамі бога. Да 1948 году, калі Індыя атрымала незалежнасьць, шматлікія індуісцкія храмы ў розных частках краіны мелі як жанчын-прастытутак, так і прастытутак-юнакоў. У XIV стагодзьдзі кітайцы адкрылі тыбэцкія рэлігійныя гомасэксуальныя абрады, што практыкаваліся пры двары мангольскага імпэратара. У нашым стагодзьдзі на Шры-Ланцы ў культавых абрадах, прысьвечаных багавіцы Патыні, бралі ўдзел жрацы, пераапранутыя жанчынамі, а муж багавіцы быў сымбалічна выкастраваны.

Юдаізм узяў сэксуальную актыўнасьць пад кантроль. Яна больш не магла дамінаваць у рэлігійным ды грамадзкім жыцьці. Яна мусіла быць асьвечаная — што для габрэяў значыць „адасобленая“ ад сьвету — і зьмешчаная ў доме, на шлюбным ложку. Абмежаваньне сэксуальных паводзінаў, зьдзейсьненае юдаізмам, было адным з найпрынцыповейшых чыньнікаў будучага грамадзкага прагрэсу. Разам з этычным монатэізмам сэксуальная рэвалюцыя, якую пачала Тора, мела далекасяжныя гістарычныя наступствы.

 
   

 

Вынаходка гомасэксуалізму

Рэвалюцыйнасьць забароны юдаізмам усіх формаў пазашлюбнага сэксу ні ў чым не была настолькі радыкальнаю, як у дачыненьні да гомасэксуалізму. Уласна кажучы, можна сьцьвярджаць, што юдаізм вынайшаў панятак гомасэксуалізму, бо ў старажытным сьвеце сэксуальнасьць не была падзеленая на гетэра- й гомасэксуалізм. Гэты падзел зрабіла Біблія. Да Бібліі сьвет адрозьніваў адно сэксуальнасьць актыўную (партнэр актыўны) й пасыўную (партнэр пасыўны).

Марта Нісбаўм, прафэсарка філязофіі Ўнівэрсытэту Браўна, нядаўна напісала, што старажытныя зьвярталі на сэксуальныя схільнасьці іншых людзей ня болей увагі, чым мы цяпер — на прыхільнасьці кулінарныя: „Старажытныя катэгорыі сэксуальнага досьведу вельмі істотна адрозьніваліся ад нашых… Цэнтральным у сэксуальнай маралі было адрозьненьне паміж актыўнаю й пасыўнаю роляй. Пол аб’екту… сам зь сябе ня быў маральнаю праблемай. Юнакоў ды жанчын часьцяком успрымалі як узаемазамяняльныя аб’екты [мужчынскай] корці. Сацыяльна прэстыжней было авалодваць, чымся быць авалоданым. Сэкс у прынцыпе разумеўся не як узаемадзеяньне, а як тое, што робіцца кімсьці камусьці.

Юдаізм зьмяніў усё гэтае. Ён зрабіў пол аб’екту маральнаю праблемай. Ён задэкляраваў: узаемазамяняльных сэксуальных аб’ектаў няма. У выніку сэкс у сутнасьці сваёй стаўся сувязьзю, а ня тым, што робіцца кімсьці камусьці.

Каб ацаніць маштаб зьдзейсьненай юдаізмам сэксуальнай рэвалюцыі, якая палягае на забароне гомасэксуальных практык ды вымозе, каб сэксуальная сувязь мела месца адно паміж мужчынам і жанчынай, трэба насамперш добра ўсьвядоміць, што гомасэксуалізм вітаўся, цаніўся й практыкаваўся паўсюль, ува ўсім сьвеце. Адзіным выняткам была менавіта габрэйская цывілізацыя і — тысячагодзьдзем пазьней — цывілізацыя хрысьціянская. „Па-за габрэямі, ніводная з архаічных цывілізацыяў не забараніла гомасэксуалізму як такога“, — адзначае прафэсар Дэвід Грынбэрг. Адно юдаізм, каля трох тысяч гадоў таму, ацаніў гомасэксуалізм як зло. Ён выказаў гэта ў наймацнейшай і адназначнай формуле: „Ня будзеш класьціся з мужчынамі так, як з жанчынамі, бо гэта — паскудзтва“, а таксама: „Калі мужчына лёг з мужчынаю, як з жанчынаю, абодва зрабілі паскудзтва“. Вось сутнасьць сэксуальнай маралі юдаізму: гомасэксуалізм адрынуты і абвешчана, што гэта адхіленьне ад нормы“. /…/

 
   

 

Выберы жыцьцё

Юдаізм ня мог пагадзіцца з гомасэксуалізмам, бо апошні супярэчыць ягоным асноватворным прынцыпам. Як безнадзейна бясплодны, ён супярэчыць жыцьцесьцьвярджэньню й выказанай Богам вымозе, каб менавіта мужчыны й жанчыны жылі разам, а таксама адмаўляе тое, што юдаізм лічыць асноўнаю структурай для ўсіх людзей, то бок сям’ю.

Калі можна гаварыць пра існасьць юдаізму, дык яна залучаная ў сьцьвярджэньні Торы: „Я паклаў перад табою жыцьцё й сьмерць, блаславеньне й пракляцьце, а ты выберы жыцьцё“. Юдаізм падтрымлівае ўсё, што ўзмацняе жыцьцё, і супрацьстаіць усяму, што рэпрэзэнтуе сьмерць. Таму габрэйскі сьвятар (коген) павінен быў займацца адно жыцьцём. Магчыма, юдаізм — адзіная сярод рэлігіяў сьвету, якая забараніла сваім сьвятаром уваходзіць у кантакт зь мёртвымі. Апроч таго:

мяса (сьмерць) было аддзеленае ад малака (жыцьця);

мэнструацыя (сьмерць) была аддзеленая ад полавага акту (жыцьця);

мясаедныя зьвяры (сьмерць) былі аддзеленыя ад траваеднай, кашэрнай жывёлы (жыцьця).

Напэўна таму Тора ставіць у адзін шэраг прынашэньне дзіцяці ў ахвяру і мужчынскі гомасэксуалізм. Канечне, яны маральна нераўназначныя, але, хоць і ў рознай ступені, прадстаўляюць сьмерць. Першае пазбаўляе дзіця жыцьця, другое робіць немагчымым зьяўленьне новага жыцьця (нараджэньне дзіцяці). Гэтае супастаўленьне гомасэксуалізму з прынашэньнем ахвяры ёсьць у Тальмудзе: „Той, хто ня дбае пра памнажэньне роду, падобны да таго, хто пралівае кроў“.

Першае сьцьвярджэньне Бога пра чалавека (пра чалавека наагул і насамперш пра мужчыну) гучыць так: „Ня добра мужчыну быць самому адному“. Можна дапусьціць, што Бог, вырашаючы праблему самотнасьці чалавека, мог бы стварыць іншага мужчыну альбо колькі мужчын. Але Бог вырашыў гэтую праблему, стварыўшы жанчыну — не мужчыну, ня колькі жанчын, не супольнасьць мужчын і жанчын. Самотнасьць мужчыны была зьвязаная не з адсутнасьцю іншых людзей. Яна была зьвязаная з адсутнасьцю жанчыны. Натуральна, юдаізм лічыць таксама, што й кабеты патрабуюць мужчын. Але як Тора, так і габрэйскае права былі ў большай ступені патрабавальныя ў пытаньнях жаніцьбы мужчыны, чым у выпадках замужжа жанчыны. Юдаізм хвалюе тое, што можа стацца з мужчынамі, з грамадзтвам, калі мужчыны не скіруюць сваю сэксуальнасьць у шлюб. У гэтым сэнсе юдаізм выказаў моцныя прарочыя здольнасьці: пераважная бальшыня найлюцейшых злачынстваў робіцца нежанатымі мужчынамі. Вось жа, цэлібат мужчыны, шанаваны ў шматлікіх рэлігіях стан, для юдаізму — грэх. Каб стацца людзьмі ў поўным сэнсе слова, мужчына й жанчына мусяць паяднацца. Паводле Кнігі Быцьця: „І стварыў Бог чалавека… мужчынам і жанчынаю стварыў іх“. Еднасьць мужчыны й жанчыны — гэта ня толькі нейкі пекны ідэал, гэта іста габрэйскага погляду на працэс паўставаньня чалавека. Нязгода з гэтым раўназначная адмаўленьню асноўнай мэты жыцьця.

Нямногім габрэям трэба тлумачыць, што сям’я займае цэнтральнае месца ў жыцьці народу. Адною з найхарактэрнейшых рысаў габрэяў была й ёсьць іх адданасьць сямейнаму жыцьцю. Для юдаізму менавіта сям’я — не народ і не асоба — асноўная грамадзкая катэгорыя. Вось жа, Бог, бласлаўляючы Абрагама, кажа яму: „Празь цябе блаславёныя будуць усе сем’і зямлі“. /…/

 
   

 

Габрэйскі сэксуальны ідэал

Юдаізм мае свой сэксуальны ідэал, і ідэал гэты — сямейны сэкс. Усе іншыя формы сэксуальных паводзінаў, хаця й неаднолькава дрэнныя, але ўсё-ткі зьяўляюцца адхіленьнямі ад гэтага ідэалу. Чым большае адхіленьне, тым мацнейшая непрыхільнасьць юдаізму да гэтага тыпу паводзінаў. Ступені сэксуальных грахоў могуць быць розныя. Можна сказаць, што, паводле юдаізму, ёсьць пэўны кантынуум зла, якое пачынаецца з дашлюбнага сэксу, за якім ідзе цэлібат, потым зрада, пасьля гомасэксуалізм, кровазьмяшэньне й, нарэшце, заафілія. Мы зможам лепш зразумець, чаму юдаізм адрынае гомасэксуалізм, калі зразумеем ягонае стаўленьне да іншых практык, якія таксама ня могуць ім быць прынятыя. Да прыкладу, нарматыўны юдаізм з усёй рашучасьцю адмаўляе тое палажэньне, што нежанатасьць — нагэтулькі ж варты лад жыцьця, што й шлюб. Юдаізм сьцьвярджае, што халастое жыцьцё — менш праведнае, менш поўнае й менш габрэйскае. Таму адно жанаты мужчына мог быць першасьвятаром і адно мужчына, які меў дзяцей, мог быць судзьдзём у найвышэйшым габрэйскім судзе Сангедрыне (Сынэдрыёне). Хаця нежанаты рабін можа быць духоўным правадыром грамады, ён быў бы адрынуты амаль кожнаю грамадой, калі б публічна сьцьвярджаў, што самотнае жыцьцё настолькі ж каштоўнае для габрэяў, наколькі й жыцьцё сямейнае. Але ж ніводзін габрэй ня можа сьцьвярджаць, што самотныя мужчыны мусяць быць адсунутыя ад жыцьця габрэйскай суполкі. Самотныя габрэі мусяць быць каханыя і ўлучаныя ў габрэйскую сям’ю, у грамадзкае й рэлігійнае жыцьцё.

Гэтае стаўленьне да халастога жыцьця дапамагае зразумець і стаўленьне юдаізму да гомасэксуалізму. Гомасэксуалізм супярэчыць габрэйскім ідэалам, таму ня можа вітацца габрэйскім грамадзтвам. Тыя, што публічна аддаюць яму перавагу, ня могуць выконваць грамадзкія функцыі, ня могуць быць грамадзкімі ўзорамі. Натуральна, гомасэксуалісты могуць быць улучаныя ў грамадзкае жыцьцё габрэйскай суполкі й быць любленымі як браты і як габрэі. Тым ня менш габрэі ня могуць адчыніць дзьвярэй пазашлюбнаму сэксу, бо, калі нехта даводзіць, што нейкая форма пазашлюбных сэксуальных паводзінаў маральна раўнапраўная зь сямейным сэксам, дык ён тым самым адчыняе дзьверы ўсім іншым праявам сэксуальнасьці. /…/

Сэксуальныя ідэалы юдаізму, перадусім яго адмоўнае стаўленьне да гомасэксуалізму, рабілі габрэяў апрычонымі ад найдаўнейшых часоў да сёньня. Ужо ў ІІ стагодзьдзі да нашай эры габрэйскія пісьменьнікі заўважалі, што паміж сэксуальным ды сямейным жыцьцём габрэяў і ладам жыцьця іх негабрэйскіх суседзяў існуе вялізарная розьніца. У „Прароцтвах Сыбілы“, напісаных пэўным габрэем з Эгіпту (найхутчэй паміж 163 і 45 годам да н.э.), аўтар параўнаў габрэяў зь іншымі народамі: „Габрэі надаюць вялікую вагу сьвятому шлюбу й не ўваходзяць у бязбожныя стасункі зь дзецюкамі, як гэта робяць фінікійцы, эгіпцяне, рымляне, грэкі й шмат іншых народаў — пэрсы, галы і ўся Азія“. У нашыя часы гісторык сэксуальных нораваў Арно Карлен напісаў, што, паводле іншага дасьледніка гэтай праблемы Альфрэда Кінсі, „гомасэксуалізм быў нечувана рэдкі сярод артадаксальных габрэяў“. /…/

 
   

 

Мужчынам і жанчынаю зрабіў іх

Сьвету, які падзяліў чалавечую сэксуальнасьць на актыўную (што авалодвае) ды пасыўную (якой авалодваюць), юдаізм сказаў: гэта памылка — сэксуальнасьць мусіць быць падзеленая на мужчынскую й жаночую. Сьвету, які ставіўся да жанчын як да вырабляльніцаў дзяцей, ня вартых рамантычнай і сэксуальнай увагі, юдаізм сказаў: памылка — жанчыны павінны быць адзіным аб’ектам эратычнага каханьня мужчын. Сьвету, які лічыў пачуцьцёвасьць ды фізычную красу найвышэйшымі дабротамі жыцьця, юдаізм паведаміў: гэта няслушна, бо найвышэйшыя вартасьці — этыка й сьвятасьць. За тысячу гадоў да тае эпохі, калі пры рымскіх імпэратарах служылі аголеныя хлопцы, габрэйскім царом было прадпісана перапісваньне й захоўваньне sefer torach — кнігі Торы.

Пад час досьледаў, што тычыліся пытаньня гомасэксуалізму, нішто мяне ня ўзрушыла мацней за тальмудычны закон, які забараняў габрэям прадаваць рабы альбо авечкі негабрэям, каб ім не прыйшло да галавы займацца гомасэксуалізмам ды заафіліяй. Гэта быў сьвет, у якім рабіны напісалі Тальмуд, а шчэ раней быў напісаны Стары Закон. Калі ў мяне пыталіся, што ёсьць найбольшым адкрыцьцём, якое я зрабіў у сваіх досьледах, я заўсёды адказваў: зразуменьне таго, што для зьяўленьня Торы патрэбнае было Божае аб’яўленьне. Тора папросту занадта адрозьнівалася ад усёй рэшты сьвету, занадта супярэчыла тагачасным людзкім звычкам, каб быць адно чалавечым творам.

Узьнікненьне заходняй цывілізацыі было нечувана пакутлівым і сталася рэччу выключнай. Яно вымагала існаваньня веры, згодна зь якой праведныя паводзіны ўзнагароджваліся не імгненна, а ў аддаленай пэрспэктыве, і зьмены скіраванасьці існых датуль звычак. Гэтае самаабмежаваньне не заўсёды добра прымалася. Рабіліся шматлікія спробы зьнішчыць габрэйска-хрысьціянскую цывілізацыю — часьцяком самімі габрэямі (радыкальнымі палітыкамі) альбо хрысьціянамі (антысэмітамі).

Падмуркам гэтай цывілізацыі й габрэйскага грамадзтва было вяршэнства ды чысьціня сямейнага жыцьця. Але сям’я — гэта ня толькі й ня столькі натуральная адзінка, колькі вартасьць, якая павінна культывавацца й ахоўвацца. Грэкі нападалі на сям’ю ў імя прыгажосьці й Эрасу. Марксісты крытыкавалі інстытут сям’і ў імя прагрэсу. І сёньня вызвольны рух гомасэксуалістаў крытыкуе яе ў імя спагады й роўнасьці. Я разумею, чаму гомасэксуалісты гэта робяць. Жыцьцё смутнае для многіх зь іх. Аднак я ня мог сьцяміць, чаму да гэтых нападаў далучаюцца габрэі альбо хрысьціяне. Цяпер я разумею: яны ня ведаюць, што на кон пастаўленая нашая цывілізацыя. /…/

Пераклала Саламея Кварт паводле
Dennis Prager, Rewolucja seksualna judaizmu у Brulion, 1/1999, Warszawa.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000