A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


прадмова

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Ад рэдакцыі

І беларусы, і габрэі-літвакі ў ХVIII ст. у вялікай масе сваёй усклалі надзею на далучэнне да Расеі як панацэю ад усіх заганаў позняй Рэчы Паспалітай, а ў ХХ ст. у такой сама вялікай масе паспадзяваліся на бальшавізм як вызваленне ад сацыяльнага й нацыянальнага прыгнёту.

Жорсткаю была плата.

Прыйшлі расейцы і на два стагоддзі замарозілі развіццё грамадзянскай супольнасці і вольнага рынку. Яны праводзілі каланіяльную палітыку „падзяляй і ўладаруй“. Праваслаўных падбухторвалі супраць каталікоў, хрысціянаў — супраць габрэяў. Прынцыповае адрозненне антысемітызму часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, які даў справу Гаўрылы Беластоцкага, ад антысемітызму Расейскай Імперыі, які падрабіў „пратаколы сіёнскіх мудрацоў“, бачыцца ў пераважна эканамічным і рэлігійным характары першага і збольшага дзяржаўнай і свецкай існасці апошняга. Расейскі антысемітызм ХІХ—ХХ ст. быў абдуманай дзяржаўнай палітыкай, скіраванай на ўзмацненне кантролю над еўрапейскімі калоніямі Пецярбургу, межы якіх амаль супадалі з расісцкай рысай аселасці.

Бальшавіцкі выклік справакаваў фашысцкі адказ. Нацысты паставілі і габрэяў, і беларусаў на мяжу фізічнага вынішчэння. Савецкі камунізм давёў абедзве нацыі — куды толькі даставалі ягоныя рукі — да крайняй сацыяльнай дэградацыі і нацыянальнай асіміляцыі.

Пасля двух страчаных стагоддзяў эпоха Вялікага Княства Літоўскага здаецца сапраўдным Залатым векам і габрэям-літвакам, і беларусам.

Сіянізм і стварэнне Дзяржавы Ізраіль былі збавеннымі для габрэйскага народу.

У парадаксальна псеўдабеларускай Рэспубліцы Беларусь пераследуюць аўтахтонаў і нішчаць культурную спадчыну. Беларускі нацыяналізм яшчэ толькі мае зрабіць ільвіную долю сваёй пачэснай стваральнай працы.

 

* * *

Габрэяў у Беларусі засталося няшмат — 28 тысяч. На паўнакроўнай беларускай мове таксама размаўляе не нашмат болей людзей. ХХ стагоддзе было стагоддзем нашага развітання. Цяпер нават цяжка ўявіць сабе, што яшчэ нямнога дзесяцігоддзяў таму беларус не мог камфортна жыць, не ведаючы трохі ідыш, а габрэй — беларускай.

Беларусам хочацца, каб габрэяў было болей. Беларусам карціць, каб габрэі пачалі вяртацца. Беларусы заўзята вышукваюць семіцкія рысы ў тварах сваіх супляменнікаў. Адчуваюць культурную пустку. „Толькі б яўрэі былі“, — піша Рыгор Барадулін. „Усе мы патроху жыды“, — прызнаецца Сакрат Яновіч. „Хоць ты, Жэня, і жыдовачка, а сала есьці трэба“, — паджыўляюць бабы гераіню Адама Глёбуса. Ясна, што палюбіць значыць прысабечыць. Не крыўдуйце, літвакі, што мы ўсіх вас хацелі б бачыць Бядулямі больш, чым Плаўнікамі. Бо беларусы нічога не маюць…

Сэрца баліць, калі ў парыскім Цэнтры Жоржа Пампіду побач бачыш карціны Марка Шагала і Хаіма Суціна. Под Шагалам на шыльдзе — „Марк Шагал, нар. Лёзна, Расея“. Пад Суціным — „Хаім Суцін, нар. Смілавічы, Літва“.

Беларусы хочуць прыўласціць сабе літвакоў. Беларусы хочуць мець „сваіх габрэяў“. Беларусам дужа падабаецца, што Горадня па-габрэйску „Гораднэ“, цешыць, што ў беларускай мове ёсць блізкія да габрэйскіх словы „цымес“ і „посік“. Усё, што адрознівае беларускіх габрэяў ад габрэяў Расеі ці Польшчы, старанна адзначаецца і калекцыянуецца беларускімі аўтарамі. Каб было. Габрэйства — важны элемент беларускай ідэнтычнасці. Сярод гэтых адметнасцяў і тое, што ў беларусаў для габрэяў ёсць цэлы шэраг раўнапраўных этнонімаў. І кожны з гэтых этнонімаў дарагі, з кожным шкада развітвацца. Нават слова „жыды“, такое балючае для габрэяў расейскай культуры, не хоча прападаць. Хоць Сяргей Шупа і пісаў у „Слове дня“ „Радыё Свабода“: „Гэтае слова загінула ў полымі Галакосту“, ды надта ж дарагі для нас той беларускі культурны кантэкст, што стаіць за ім — найперш маштабны верш Янкі Купалы з ягоным „я веру вам, жыды“.

Для тых беларусаў, што не думаюць па-расейску, слова „жыд“ не мае канатацый, якія яно мае для носьбітаў расейскай культуры. Уявіць сабе цяпер па-беларуску нацысцкі опус кшталту нашумелай сёлета кнігі „По законам подлости“, выдадзенай расейскай праваслаўнай царквой, немагчыма. Антысемітызм сёння не змог бы знайсці сабе беларускага моўнага выражэння.

У той жа час нельга цешыць сябе тым, што расейскія ультранацыяналісты, якія кіруюць цяпер Рэспублікай Беларусь, пакуль асцерагаюцца адкрыта нацысцкай рыторыкі. Гэтыя палітыканы дзеля захавання ўлады гатовыя на ўсё. Трэ будзе ахвярнага казла, будуць шукаць ахвярнага казла. Чачэнцаў у нас няма, ёсць каталікі, беларускамоўныя і габрэі.

У яднанні палітычнага патэнцыялу беларусаў і габрэяў мы бачым зарок умацавання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, неабходнага для глыбінных грамадскіх і эканамічных зменаў. Дзеля гэтага задумляўся й нумар, які вы трымаеце ў руках. Той факт, што беларускае лобі ў амерыканскім кангрэсе ўзначаліў Сэм Гейдэнсан, чыйго бацьку-габрэя ўратавалі падчас Галакосту сяляне вёскі Параф’янава пад Докшыцамі, і сімвалічны, і нясе надзею.

Моўныя спрэчкі не павінны ўставаць нам на перашкодзе.

Апроч расейскага слова „жид“ ёсць расейскае слова „бэнээфовец“, якое таксама кардынальна мяняе значэнне ў вуснах людзей беларускай культуры. Жидам і бэнээфовцам самая пара палюбіць адно адно.

 

* * *

Беларусы шмат чытаюць пра Галакост. Гэта таму, што й сябе лёгка ўяўляюць ля ямаў.

Умбэрта Саба ў 1909 годзе па-прарочы пабачыў стагоддзе Галакосту, што надыходзіла, у пысе самотнай, мокрай, наеджанай, мэкаючай казы з сэміцкім тварам:

In una capra dal viso semita
sentiva querelarsi ogni altro male,
ogni altra vita.

Каб у Віцебску жылі зубры, Шагал маляваў бы зуброў. Але ў Віцебску жылі козы. А зубры з беларускім абліччам жывуць у лясным рэзерваце пад пільным наглядам людзей.

Андрэй Дынько

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000