A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


спорт

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Ня толькі шахматысты

Усім нам вядомая роля габрэйскага народу ў мэдыцыне, літаратуры, філязофіі, навуцы ды тэхніцы. Многа меней мы ведаем аб іхных дасягненьнях у спорце: беларускі абываталь зьвязвае ўладальнікаў прозьвішчаў на -штэйн ці -ман хіба што зь беларускімі шашкамі ды шахматамі. Аднак гэта паскудны стэрэатып.

У свой час габрэі годна рэпрэзэнтавалі Савецкую Беларусь на міжнароднай арэне. Мы тут пералічваем шэраг найвыбітнейшых спартоўцаў. Цікавыя нам і лёсы гэтых людзей.

 
Акрабатыка

Вадзім Біндлер (нар. 1958), Заслужаны майстар спорту, чэмпіён сьвету (1980), першы чэмпіён Эўропы (1978). Упершыню ў гісторыі акрабатыкі ў 1974 г. яшчэ школьнікам выканаў трайное сальта ўзад на дарожцы, прычым гэты трук быў зроблены без аніякіх прыстасаваньняў, а за дарожку былі маты. Гэты скок быў прадэманстраваны ў 1974 г. на чэмпіянаце Ўзброеных сілаў СССР у Кіеве, аднак яго выкананьне на чэмпіянаце сьвету трэнэрская рада забараніла дзеля перасьцярогі. Часавы інтэрвал паміж выкананьнем двайнога і трайнога сальта склаў амаль 80 гадоў. Біндлер стаўся адным з найлепшых акрабатаў сусьвету. Цяпер жыве ў ЗША.

Леанід Ліўшыц (нар. 1938), Заслужаны майстар спорту, Заслужаны трэнэр СССР. Падрыхтаваў першага чэмпіёна сьвету па акрабатычных скоках Зікунова, першую чэмпіёнку СССР па скоках на батуце Зданюк. Працуе трэнэрам у Менску. Старшыня Фэдэрацыі акрабатыкі Беларусі.

Міхаіл Цэйцін (нар. 1920), Заслужаны трэнэр СССР (першы зь беларускіх акрабатаў). Судзьдзя міжнароднае катэгорыі. 5-разовы чэмпіён Беларусі (1949—1953), трэнэр зборнай СССР (1963—1965). Ініцыятар увядзеньня спартовае гімнастыкі ў праграму агульнафізычнага выхаваньня. Галоўны рэжысэр спартова-масавых тэатралізаваных відовішчаў у СССР і за мяжой. Апублікаваў 60 навуковых працаў па мэтодыцы падрыхтоўкі акрабатаў і прыкладным выкарыстаньні акрабатыкі ў футболе. Вэтэран другой сусьветнай вайны, удзельнічаў у падрыхтоўцы дэсантнікаў.

Аляксандар Гінсбург (1923—1988) па сканчэньні вайны арганізаваў у Віцебску навучальныя групы акрабатыкі. З-за адсутнасьці памяшканьня заняткі праводзіліся проста на двары. Ён выхаваў чэмпіёна сьвету Радзянку, 30 майстраў спорту. Сёньня ў Беларусі праводзяцца спаборніцтвы акрабатаў, прысьвечаныя памяці Гінсбурга. Дзякуючы яму, Віцебск стаўся адным з асноўных цэнтраў акрабатыкі ў сьвеце. У гэтым месьце працавалі Заслужаныя трэнэры Беларусі Швальба — найлепшы трэнэр па скоках на батуце, Бляхман, Гендлін, Робэрман. Сярод іншых спартоўцаў вызначым Нэлі Шэрман, прызэрку чэмпіянату Саюзу.

 
   

 

Бадмінтон

Уладзімер Ліўшыц (нар. 1938), майстар спорту міжнароднага клясу, Заслужаны трэнэр Беларусі.

Марк Альбінскі (нар. 1935), Заслужаны трэнэр Беларусі. Трэнэр зборнай СССР (1974—1991).

 
   

 

Бокс

Боксам у Беларусі займаліся многія габрэі. За першыя 25 гадоў правядзеньня спаборніцтваў (1934—1963) сярод 228 чэмпіёнаў рэспублікі па ўсіх вагавых катэгорыях было 50 габрэяў: М.Цырлін, браты М.і В.Коганы, І.Рубін, Л.Аксэльрод, Б.Новікаў, Л.Бідэл ды іншыя. У Заходняй Беларусі былі баксэры — пераможцы альбо прызэры чэмпіянатаў Польшчы (Рунштэйн, Разэнблюм, Фэмэрман). Вялізны ўнёсак у разьвіцьцё боксу зрабіў Ісак Рубін, Заслужаны трэнэр Беларусі, доктар-анэстэзіёляг па прафэсіі. У 80 год ён усё шчэ пасьпяхова спалучаў трэнэрскую дзейнасьць з працай у мэдычнай установе Горадні. Сярод ягоных гадаванцаў 9 майстроў спорту, 6 прызэраў чэмпіянату СССР, 10 чэмпіёнаў Беларусі.

Сярод найвыбітнейшых баксэраў варта адзначыць наступных:

Уладзімер Бацьвіньнік (нар. 1938), Заслужаны майстар спорту, Заслужаны трэнэр Беларусі, чэмпіён СССР (1959). Правёў на рынгу 170 суcтрэчаў, у 160 перамог. Працуе трэнэрам-выхаваўцам у спартшколе №7 Менску.

Уладзімер (Вульф) Коган (1920—1995), майстар спорту (1948), Заслужаны трэнэр СССР (1957). Першым з баксэраў Беларусі стаўся чэмпіёнам СССР у 1949 г. 5-разовы чэмпіён Беларусі (1937, 1938, 1947, 1949, 1950). Бронзавы прызэр Сусьветных студэнцкіх гульняў (Будапэшт, 1948). На рынгу правёў 140 баёў, зь іх у траціне перамог датэрмінова. Удзельнік другой сусьветнай вайны. Пасьля выхаду на пэнсію вучыў сакрэтам боксу курсантаў Рэспубліканскае школы МУС, напісаў кнігу „Рынг кліча“, першае выданьне па гісторыі боксу ў Беларусі. Ад 1995 г. у Беларусі праводзіцца адкрыты розыгрыш Кубку Беларусі памяці Ўладзімера Когана.

Вядомымі спартоўцамі былі і ягоныя браты:

Мацьвей Коган (1918—1942). Чэмпіён Беларусі па боксе ў 1936—38 гадах. Срэбны прызэр чэмпіянату СССР, дзе саступіў Іванову. Прапаў бязь вестак на фронце.

Арон Коган — у 1930-х чэмпіён Беларусі па цяжкай атлетыцы.

Аляксандар Коган — у тыя самыя гады чэмпіён рэспублікі па клясычным дужаньні.

 
   

 

Дужаньне

Леанід Лібэрман (нар. 1952), клясычны стыль, Заслужаны майстар спорту, Заслужаны трэнэр Беларусі. Чэмпіён сьвету (1975).

Лазар Шапіра (нар. 1938), вольны стыль. Заслужаны трэнэр СССР і Беларусі. Прызэр чэмпіянату СССР у камандных спаборніцтвах, у пэрыяд 1957—1964 гадоў быў 7-разовым чэмпіёнам Беларусі. Дачка Натальля Шапіра-Асмолава, майстар спорту па мастацкай гімнастыцы, зьехала ў Ізраіль, дзе працуе трэнэрам зборнае краіны.

Трагічны лёс напаткаў Марка Славіна, рэпатрыянта зь Беларусі, які загінуў разам з ізраільскай алімпійскай камандай у Мюнхене ў 1972 г.

Моша Мірскі стаўся першым барацьбітом зь Беларусі, які атрымаў тытул Ганаровага трэнэра СССР.

Сярод іншых выбіваюцца імёны І.Геймана, М.Файбышава, М.Сіндара, І.Ясіловіча, неаднаразовага чэмпіёна Беларусі ды прызэра першынства СССР (1961) А.Кацовіча.

 
   

 

Лёгкая атлетыка

Марыя Іткіна (нар. 1932), Заслужаная майстарка спорту, Заслужаная трэнэрка Беларусі, 4-разовая чэмпіёнка Эўропы. Прэзыдэнт Саюзу спартоўцаў Беларусі.

 
Цяжкая атлетыка

Рафаіл Белянкоў (нар. 1945), майстар спорту міжнароднага клясу. Чэмпіён Эўропы (1972). Рэкардсмэн сьвету (двойчы) ды СССР (6 разоў).

Навум Лапідус (1908—1976), Заслужаны майстар спорту, Заслужаны трэнэр Беларусі, першы беларускі судзьдзя міжнароднае катэгорыі па цяжкой атлетыцы. Чэмпіён СССР (1932—1935) у найлёгшай вазе (да 53 кг), 25-разовы рэкардсмэн краіны. Апошні рэкорд усталяваў у 40-гадовым веку, калі ў штуршку ўзьняў штангу вагою 116,5 кг, то бок у два з гакам разы перасягнуўшы собскую вагу. Рэкорды Лапідуса ня сталіся ў свой час сусьветнымі толькі з таго, што да 1946 г. СССР не зьяўляўся членам Міжнароднае Фэдэрацыі цяжкое атлетыкі і культурызму.

Барыс Левін (нар. 1937), Заслужаны майстар спорту, Заслужаны трэнэр Беларусі, чэмпіён Беларусі (1966—1967) у вазе да 60 кг. Узгадаваў 28 майстроў спорту, сярод выхаванцаў — Шары, чэмпіён сьвету, Алімпійскіх гульняў, пераможца першынства Эўропы.

Зроіль Мэханік (1909—1984), Заслужаны майстар спорту, Заслужаны трэнэр СССР, судзьдзя міжнароднае катэгорыі. Першы савецкі цяжкаатлет, які стаўся чэмпіёнам Эўропы (1947) у вазе да 67,5 кг. На яго рахунку адзін сусьветны і 15 рэкордаў СССР. Спортам пачаў займацца ад сярэдзіны 1920-х у Менску. Выхаванец дзіцячага дому. Працаваў шаўцом. Пасьля працы разам з Лапідусам, таксама шаўцом, наведваў клюб „КІМ“ на Багадзельнай вуліцы, дзе спартоўцы займаліся барацьбой, цяжкой атлетыкай, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасьці. Пасьля зьехаў у Маскву, дзе выступаў за „Лякаматыў“.

У ганаровую кнігу беларускага спорту занесеныя імёны менчукоў Яўгена Кантаровіча (1933, 1934), Рыгора Гальдштэйна (1957), рэкардсмэна сьвету, Эўропы і СССР Рамана Фэльдмана, чэмпіёнаў рэспублікі Фэлікса Тамарына, Марата Мільмана, каваля Міхала Шапіры, які арганізаваў спартовае таварыства „Будаўнік“.

Першымі прапагандыстамі, трэнэрамі і арганізатарамі цяжкой атлетыкі ў Беларусі ў 1930-х былі браты Адольф і Рыгор Гольдсбэргі. Адольф загінуў у вайну, а Рыгор стаўся арганізатарам ды галоўным судзьдзём найбуйнейшых спаборніцтваў, узначальваючы на працягу 20 год (1940—1960) галоўную судзьдзёўскую калегію па цяжкой атлетыцы.

 
   

 

Футбол

Міхаіл Андружэйчык (нар. 1936), Заслужаны трэнэр Беларусі (тытул быў нададзены за падрыхтоўку маладых футбалістаў у 1982 г., калі менскае „Дынама“ сталася чэмпіёнам СССР). Цяпер трэнэр ізраільскага “Макабі” па міні-футболе: каманда пад яго кіраўніцтвам выйшла ў першую лігу.

У 1936—1937 гадах у складзе менскага „Дынама“ гуляў Ісак Зальцбург; пазьней за каманду выступаў А.Ворцінг. У „Дынама“ (Менск) і зборнай Беларусі ігралі майстры спорту Генадзь Хасін, Міхаіл Радунскі.

 
Шахматы

Барыс Гельфанд (нар. 1968), міжнародны грасмайстар. У 17 гадоў стаў чэмпіёнам СССР сярод юнакоў, а праз 2 гады заваёўвае тытул чэмпіёна Эўропы сярод юнакоў. Па сваім спартовым рэйтынгу стабільна ўваходзіць у дзясятак наймацнейшых шахматыстаў сьвету. Цяпер жыве ў Ізраілі.

 
Шашкі

Алена Альтшуль-Ратковіч (нар. 1964), міжнародная грасмайстарка, 5-разовая чэмпіёнка сьвету па стаклеткавых шашках (1980—1986). Разам з другім мужам, міжнародным грасмайстрам В.Вірным, зьехала ў Нямеччыну.

Анатоль Гантварг (нар. 1948), міжнародны грасмайстар, Заслужаны майстар спорту, 4-разовы чэмпіён сьвету (1979—1985). Па адукацыі — матэматык, працаваў прапаршчыкам Савецкай Арміі.

Бэніямін Гарадзецкі (нар. 1919), грасмайстар СССР, судзьдзя ўсесаюзнае катэгорыі. Аўтар дасьледаваньняў у галіне эфэктыўнага выкарыстаньня шашкавых мадэляў у разьвіцьці штучнага інтэлекту. Юнаком рэдагаваў шашкавыя рубрыкі ў беларускіх газэтах „Акцябр“ (на ідыш) ды „Штандар вальносьці“.

Міхаіл Кац (нар. 1947), міжнародны грасмайстар, Заслужаны трэнэр СССР. Падрыхтаваў чэмпіёнак сьвету Л.Сахненку, А.Альтшуль, З.Голубеву-Садоўскую. Ад 1994 г. жыве ў ЗША.

Аркадзь Плакхін (н. 1940), міжнародны грасмайстар, чэмпіён сьвету па расейскіх шашках (1994). Працуе сьлесарам у Менску.

 
Падрыхтаваў Анатоль Прасаловіч

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000