|
|
Сьвятлана Аксёнава-Штэйнгруд
Нас гналі Адтуль спачатку
* * *
Нас гналі Адтуль спачатку,
Цяпер уганяюць Сюды!
А мы, бы вярблюды ў статку,
Рахмана чакаем вады.
Міраж абяцанай стрэчы,
Якая — яшчэ калі.
І мы свае цягнем рэчы
Па рэчышчах нашай зямлі…
* * *
Тагасьветнага ветру горыч.
Тагасьветна-счужэлы сьвет.
Мы яшчэ — не ўнутры, мы — поруч,
Па-сабачы шукаем сьлед.
Гаспадар з ланцугом і кіем —
Наш карміцель — сышоў без пары.
Мы гукаем яго і выем,
Толькі зьніклі гаспадары!
Забуяў ля будкі шыпшыньнік,
Не рыпяць прыступкі наўзрыд.
І сумуе расійскі ашыйнік
Па табе. Па табе, вечны жыд!
Студзень 1993
Пераклаў з расейскай Андрэй Хадановіч
|
Сьвятлана Аксёнава-Штэйнгруд — паэтка, піша па-расейску, кіраўніца культурных праграмаў у Беларускім прадстаўніцтве Амэрыканскага яўрэйскага разьмеркавальнага камітэту Джойнт. |