A R C H E | H a b r e j s k i n u m a r | №
3 (8) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Поль Вэкслер
|
Яшчэ адна рыса пазычання ў кантэксце моўных кантактаў праяўляецца ў немагчымасці прадбачыць, якія элементы лексікону, фаналогіі альбо граматыкі будуць пазычацца. З іншага боку, адметнай асаблівасцю рэлексіфікацыі выступае тое, што мы здольныя прадбачыць, якія словы будуць прынятыя рэлексіфікаванаю мовай. Гэта магчыма таму, што мова-рэлексіфікатар звычайна прымае толькі тыя іншамоўныя словы, якія могуць быць адабраныя ў адпаведнасці з яе арыгінальнымі элементамі. Іншымі словамі, лужыцка- і беларуска-/украінскамоўныя жыды могуць браць з нямецкай толькі тыя словы, што не парушаюць граматычных нормаў лужыцкай і беларускай/украінскай моваў (прыклады гл. ніжэй). Двухроўневы працэс рэлексіфікацыі прывёў да надзвычай ідыясінкрэтычнага ўжывання ідышам запазычаных нямецкіх кампанентаў. Аднак наўрад ці хто-кольвечы з носьбітаў мовы альбо вонкавы назіральнік калі-небудзь задаваўся пытаннем, чаму так адбываецца. Большасць людзей меркавала, што ідыш быў альбо „дэфармацыяй“, альбо „творчым жыдоўскім атожылкам“ верхненямецкай мовы, тым часам як усе сведчанні постмішнаіцкай габрэйскай мовы (мовы пасля ІІІ ст. нашай эры, калі яна страціла сваіх носьбітаў) слепа трактаваліся як рэалізацыі класічнага семіцкага іўрыту. У канцы ХІХ ст. група ўсходнееўрапейскіх жыдоўскіх нацыяналістаў на чале з беларускім габрэем Эліэзэрам бэн Егудам прапанавала замяніць амаль што ўвесь лексічны кампанент свайго роднага ідышу класічнымі іўрыцкімі фанетычнымі камбінацыямі, у той час як меншая група носьбітаў ідышу, якіх таксама ачольваў беларускі жыд Людвік Замэнгоф, адначасова адстойвала замену ідышскага лексікону лаціноідным лексіконам свайго ўласнага стварэння. Вынік першапачатковага акту рэлексіфікацыі (што цяпер ужываецца 6 мільёнамі ізраільскіх жыдоў і палестынскіх арабаў як першая альбо другая мова) паўсюдна вядомы ў якасці „сучаснага іўрыту“. Выбар імя для гэтага тыпу „рэлексіфікаванага ідышу“ дыктаваўся жаданнем узмацніць сувязь з класічным іўрытам (які стаў мёртваю мовай прыблізна ў 200 годзе н.э.). Вынікам другога акту рэлексіфікацыі сталася эсперанта (гл. Вэкслер 1990). Адсюль вынікае, што ідыш і тры яго нашчадкі: сучасны іўрыт, пісьмовы дасучасны паўночнаеўрапейскі іўрыт і эсперанта — генетычна звязаныя між сабою праз выкарыстанне агульнаславянскай граматыкі. Большасць першых габрэйскіх „адраджэнцаў“ і амаль што ўсе носьбіты мовы з тых часоў прастадушна верылі, што яны змогуць узнавіць размоўныя (калаквіяльныя) функцыі мовы, якая на працягу стагоддзяў была толькі сродкам пісьмовага і літургічнага выражэння, шляхам „адраджэння“ граматыкі пазбаўленага вуснай формы семіцкага іўрыту. З цягам часу павелічэнне колькасці носьбітаў толькі адной мовы, адроджанага іўрыту, значна памацняла ўражанне таго, што стары іўрыт быў паспяхова „адроджаны“. У нашыя дні большасць носьбітаў іўрыту рэагуе альбо звышэмацыйна, альбо са смехам на сцверджанне, што сучасны іўрыт генетычна не звязаны са старым семіцкім іўрытам, альбо на згадкі пра тое, што сучасны носьбіт мовы — далёка не беспасярэдні нашчадак носьбітаў класічнага іўрыту. Выбар варыянтаў назову (стары versus сучасны „іўрыт“) не можа зняпраўдзіць таго факту, што сучасны іўрыт — гэта толькі беспасярэдні працяг ідышу, які ў сваю чаргу выступае беспасярэднім працягам лужыцкай мовы тысячагадовай даўніны і/альбо кіеўска-палескіх гаворак апошніх 500 гадоў. Носьбіты ідышу, які цяпер знаходзіцца ўжо ў стадыі адмірання, у асноўным рэагуюць з жахам (але без асаблівай агрэсіі) на тое, што іхняя мова — гэта мешанка хутчэй заходне- і ўсходнеславянскіх моваў, чымся нямецкай. Бальшыня носьбітаў лужыцкай і нямецкай моваў (у прыватнасці, лінгвістаў), калі бачыць, што іх нацыяналістычныя і акадэмічныя пазіцыі ставяцца пад сумнеў, рэагуюць у найлепшым выпадку з недаверам. Нічога дзіўнага, што толькі тыя, хто размаўляе на эсперанта (для якіх яна таксама амаль ніколі не з’яўляецца першаю мовай) і займае хутчэй міжнародныя экуменічныя, чым нацыяналістычныя, пазіцыі, лічаць генетычную прыналежнасць эсперанта не вельмі істотнаю. |
Магчымасць, што носьбіты кіеўска-палескіх гаворак рэлексіфікавалі сваю мову да ідышскага слоўніку ў XV—XVI стст., дапускае існаванне ўплывовых ўсходнеславянскамоўных габрэйскіх асяродкаў. Большасць апошніх, у сваю чаргу, магла паходзіць пераважна толькі ад цюркскіх хазараў, што прынялі юдаізм і перайшлі на славянскія мовы пасля распаду легендарнай Хазарскай імперыі ў канцы Х ст. Такім чынам, ідыш мае быць адбіткам лёсу „страчанага“ хазарскага габрэйства і дае бясспрэчныя сведчанні таго, што сучасныя габрэі-ашкеназі не ёсць асноўнымі нашчадкамі палестынскіх габрэяў. З распадам Савецкага Саюзу вывучэнне юдаізаваных хазараў больш не забароненая тэма. Сучасныя даследаванні хазараў вяртаюцца да двух сваіх традыцыйных напрамкаў — да археалогіі і да пераасэнсавання наяўных гістарычных дакументаў, што не залежаць ад расейскага шавіністычнага ідэалагічнага дыктату. Даследнікі хазарскай праблематыкі маюць дзве асноўныя мэты: а) дасягнуць лепшага разумення хазарскай культуры і б) даведацца пра далейшы лёс хазарскага насельніцтва пасля распаду Хазарскай імперыі ў канцы Х ст. па сутычцы з Кіеўскай Руссю. Пры вырашэнні другой задачы неабходна вызначыць, ці зрабілі хазарскія габрэі свой унёсак у этнагенез габрэяў-ашкеназі. Меркаванне пра сувязь ашкеназі і хазараў можа здацца нечаканым, бо ў ідышы адсутнічаюць цюркскія моўныя рысы — такія, як сінгарманізм і базавыя аглютынацыйныя структуры. Лексікон ідышу таксама не ўключае багатага корпусу ўнікальных цюркскіх элементаў, якіх бы не было ў суседніх усходнеславянскіх і польскай мовах. У найлепшым выпадку можна казаць толькі пра так званыя „перыфрастычныя“ спалучэнні, дзе нескланяльныя габрэйскія вербальныя элементы камбінуюцца з дзеясловамі ідышу са значэннем ‘быць, станавіцца’, напр., ідышск. bojdek zajn ‘даследаваць’ магло, па вялікім рахунку, мець хазарскае цюркскае паходжанне, бо ў цюркскіх і іранскіх мовах таксама існуе такое спалучэнне для адаптацыі арабскага вербальнага матэрыялу; яно адсутнічае ў нямецкай, але з’яўляецца ў габраізаваных варыянтах славянскіх моваў у XVII ст. Каштоўнасць ідышу для хазарскіх даследаванняў заключаецца, пэўна, у тым факце, што граматыка і фанатактыка ідышу (таксама агульныя для яго нашчадкаў — сучаснага іўрыту і эсперанта), як даказана, маюць славянскае паходжанне; толькі слоўнік ідышу — пераважна нямецкі. Паколькі малапраўдападобна, што ўсходнеславянскія граматычныя рысы ў ідышы прыйшлі разам з аўтэнтычнымі носьбітамі нямецкай мовы, якія падпалі пад моцны славянскі ўплыў (больш падрабязна гл. ніжэй), я мяркую, што існаваў досыць вялікі асяродак габрэяў у Беларусі і ва Ўкраіне, што размаўлялі на адной з усходнеславянскіх моваў і маглі радыкальна паўплываць на імпартаваную „лужыцкую“ граматыку ідышу. І гэта гіпатэтычна вялікае ўсходнеславянскае габрэйскае жыхарства магло паходзіць толькі ад славянскамоўных нашчадкаў хазарскіх жыдоў. Іншымі словамі, ідыш дае нам ускосныя доказы таго, што хазарскія жыды былі асіміляваныя ўсходнеславянскаю мовай у канцы Х ст. і, відавочна, шырока рассяліліся па Кіеўскай Русі ў часы сваёй міграцыі ў Цэнтральную Еўропу (гл. Лявіцкі 1988). Вялікая колькасць хазарскіх жыдоў працягвала існаваць як супольнасць у той час, калі ашкеназі каланізавалі Ўсходнюю Еўропу. Калі „лужыцкі ідыш“ у XV ст. патрапіў на кіеўска-палескія землі, мясцовыя славянскія жыды не ўспрынялі яго слепа, а хутчэй перанялі яго шляхам другаснай рэлексіфікацыі, гэтым разам ад усходнеславянскага слоўніку ў ідыш. У той самы час яны таксама пазычылі новыя нямецкія словы, не заакцэптаваныя раней ідышам, і вызваліліся ад вядомых ім германізмаў, што не адпавядалі спецыфічным запатрабаванням кіеўска-палескіх гаворак — продка сучасных паўночнаўкраінскага і паўднёвабеларускага дыялектаў. Усходнеславянскіх хазарскіх жыдоў магло схіліць да ідышу перакананне ў тым, што гэта форма нямецкай — мовы высокага прэстыжу ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, і/альбо павага да культуры ашкеназі. Яны таксама маглі шукаць магчымасці адасобіцца ад суседняй нежыдоўскай бальшыні. Хазарскія габрэі аддалі перавагу рэлексіфікацыі да ідышу, таму што адносна нескладана было папросту вывучыць новыя словы, пераважна захаваўшы родную ўсходнеславянскую граматыку, якая была досыць блізкая паходжаннем да арыгінальнай заходнеславянскай граматыкі ідышу. Як ужо было прадэманстравана вышэй, магчымасць рэлексіфікацыі кіеўска-палескіх гаворак мае на ўвазе, што ўсходнеславянскія жыды колькасна пераважалі над эмігрантамі ашкеназі, якія прыйшлі з Захаду, нягледзячы на тое, што гісторыкі заўсёды сцвярджалі процілеглае, не прыводзячы якіх-кольвечы фактычных доказаў. Больш за тое, сучасныя дыялектныя факты ідышу могуць даць доказы таго, куды павінныя былі рушыць славянскамоўныя нашчадкі хазараў пасля распаду іхняй імперыі альбо, паводле апошніх звестак, пасля захопу манголамі Кіева ў 1240 г. — а менавіта на поўнач Беларусі, на захад і поўдзень Галіччыны (Украіна) і ва ўсходнюю Польшчу — тыя тэрыторыі, якім манголы пагражалі ў меншай ступені. Як было намі адзначана вышэй, магчымасць аднавіць лексікон мовы можа быць асноўным тэстам для вызначэння папярэдняй рэлексіфікацыі ў дадзенай мове. Для таго, каб патэставаць такім чынам ідыш, я абраў корпус з 600 нямецкіх асноваў, які ўключаў 3500 асобных словаў. Я параўнаў гэты корпус з лужыцкімі і беларускімі/украінскімі адпаведнікамі, не прымаючы пад увагу фактаў лексічнай сістэмы ідышу. Калі б сапраўды ідыш быў славянскаю мовай, якая рэлексіфікавала да верхненямецкага слоўніку, то было б мажліва вызначыць, якія нямецкія словы сярод тых 3500 прыкладаў маглі быць успрынятыя ідышам, а якія адхіленыя. Замест тых незапатрабаваных германізмаў жыды маглі б выкарыстаць 5 альтэрнатыўных крыніцаў лексічнага ўзбагачэння: а) стварыць унікальныя нямецкія словы, б) ужыць іншыя нямецкія словы, якія не былі адхіленыя мовай, в) захаваць арыгінальныя лужыцкія, беларускія і ўкраінскія словы, г) запазычыць словы з іўрыту альбо д) пры адсутнасці адпаведнага габрэйскага слова стварыць такое габрэйскае („габроіднае“) слова. Усе гэтыя крыніцы й былі выкарыстаныя ідышам у той ці іншы час на працягу сваёй гісторыі, перавага ўсё ж такі аддавалася мажлівасцям г) і д). Сапраўды, сярод амаль усіх 24 вядомых варыянтаў габрэйскай мовы (напр., габрэйска-гішпанскага, габрэйска-арабскага, габрэйска-кітайскага, габрэйска-грэцкага і інш.) ідыш у найбольшай ступені валодае габрэйскім і габроідным кампанентам. Зразумела, што тлумачэнне таго непраўдападобнага факту палягае ў тым, што ідыш быў „створаны“ шляхам рэлексіфікацыі ад славянскай. Габраізмы спатрэбіліся для замены тысячаў закамянелых германізмаў (гэта тлумачыць, чаму ідыш мае значна меней нямецкіх словаў, чымся любы з нямецкіх дыялектаў; асабліва ж збедненай выглядае сфера нямецкіх сінонімаў). |
1. Нямецкая мова мае дзве формы простай асновы са значэннем ‘імя’ і ‘называць’: Name i nennen. Я прадбачыў, што лужыцкія габрэі возьмуць толькі адзін з тэрмінаў, таму што ў лужыцкай і ўсходнеславянскіх мовах першапачаткова ‘імя’ і ‘называць’ выражаліся рознымі каранямі, параўн. бел. імя, але зваць, звацца. Так насамарэч і адбылося: ідыш бярэ толькі нямецкае Name (гл. ідышск. nomen). Замест nennen ідыш выкарыстоўвае іншы германізм, rufn (zix), дзе зваротная часцінка zix імітуе ўжыванне ў беларускай мове сінанімічнай часцінкі -ца. 2. Я прадбачыў, што ням. Zweifel ‘сумненне’ (<zwei ‘два’) не магло быць запазычанае ідышам, паколькі славянскія мовы (калі толькі яны не знаходзяцца пад уплывам нямецкай, як сучасныя лужыцкія і харвацкая) не ўтвараюць слова са значэннем ‘сумненне’ ад лексемы са значэннем ‘два’. Параўн. для прыкладу бел. сумненне, сумнявацца з два, дзве. Такім чынам, у ідышы не павінна быць ням. Zweifel (і сапраўды, толькі германізаваныя носьбіты ідышу ў мінулым стагоддзі ўспрынялі апошняе ў форме cvejfl). І тады я дапускаю, што ідышскае слова са значэннем ‘сумненне’ будзе сапраўдным іўрыцкім, псеўда-іўрыцкім („габроід“), славянскім альбо нямецкім неалагізмам. Напраўду ж яно аказваецца іўрыцкім safek (мн. sfekot)>ідышск. sofek (мн. sfejkes) ‘сумненне’, zajn mesupek, zajn in sofek, sofken ‘сумнявацца’. Ёсць яшчэ цэлы шэраг дыягнастычных тэстаў, якія настойліва паказваюць на існаванне рэлексіфікацыі. Адзін з такіх важных тэстаў — праверка на тое, ці адрозніваецца граматыка і фаналогія мовы сваім паходжаннем ад большай часткі слоўніку. Гэты тэст досыць актуальны для ідышу, бо германскі кампанент знаходзіцца амаль выключна ў слоўніку (славянскі лексічны кампанент любога з дыялектаў ідышу ніколі не перавышае 10% ад усяе лексікі), тым часам як фаналогія і граматыка ідышу маюць тэндэнцыю адпавядаць славянскім нормам. Магчымасць прадказаць лексічную структуру ідышу і той факт, што граматыка/фаналогія ідышу, з аднаго боку, і лексікон, з другога боку, маюць рознае паходжанне, ёсць найлепшым пацверджаннем таго, што ідыш быў створаны шляхам рэлексіфікацыі славянскай мовы да нямецкага слоўніку, а не выступіў формаю надзвычай славянізаванай нямецкай мовы. Ніякая іншая тэорыя, апрача гіпотэзы рэлексіфікацыі, не можа навукова растлумачыць крытэраў адбору ідышам усіх трох яго асноўных кампанентаў: нямецкага, габрэйскага і славянскага. Апрача таго, у ідышы род нямецкім назоўнікам надаецца зусім іншым шляхам, чым у нямецкай адпаведным нямецкім словам. Неадпаведнасць паміж ідышам і нямецкаю мовай цалкам можа быць растлумачаная толькі праз спасылкі на лужыцкую і беларускую/украінскую граматыкі. Такім чынам, ідышск. tejl(n) ‘частка’ <ням. Teil(e) мае альбо мужчынскі род (як у нямецкай), альбо жаночы, як у славянскіх адпаведніках, напр., бел. частка. Прыкметай рэлексіфікацыі выступае тое, што іншамоўныя словы, якія выпадкова нагадваюць роднасныя словы з падобным значэннем, не падыходзяць для рэлексіфікацыі. Таму, мяркую, роднаснае лужыцкае duel ‘частка’, мужчынскага роду, павінна было быць заблакавана ў сувязі з засваеннем ідышам ням. Teil і дзякуючы фанетычнаму падабенству. У гэтым выпадку ідышск. tejl лепш разглядаць як вынік другой фазы рэлексіфікацыі. Асаблівую перавагу ідыш надае двум нямецкім канчаткам множнага ліку -(e)n, -er і габрэйскаму -ot (>ідышск. -[e]s). Паралельнае адхіленне іншых нямецкіх канчаткаў і спосабаў утварэння множнага ліку (напр., -e, агучванне фінальнага зычнага, унутраныя чаргаванні галосных) таксама знаходзіць прывабнае тлумачэнне ў тым, што славянскія мовы мелі малы набор аднолькавых гучаннем непрадукцыйных інфіксаў у асновах назоўнікаў, якія цяпер часта асацыююцца з множналікаваю асновай, гл., напр., бел. маці — мн. мацеры (з -ер-), неба — мн. нябёсы (з -ёс- ад -ес-), імя — мн. імёны (з -ён- ад -ен-). Непрадукцыйнасць альбо адсутнасць іншых нямецкіх суфіксаў і спосабаў утварэння множнага ліку ў ідышы можа быць патлумачаная адсутнасцю славянскіх паралеляў (што датычыць граматычных маркераў, такіх, як суфіксы множнага ліку, то выпадак падабенства хутчэй спрыяе, чым замінае рэлексіфікацыі). У гэтым кантэксце я таксама магу адзначыць, што ідыш некалі, праўдападобна, меў падвойны лік, які ён атрымаў у спадчыну ад лужыцкага субстрату (лужыцкая разам са славенскай застаюцца адзінымі славянскімі мовамі, якія захавалі праславянскую катэгорыю падвойнага ліку без сур’ёзных зменаў), але які стаў вельмі прадукцыйным ва ўсходнеславянскім асяроддзі. У нашыя дні ідыш ужо не мае падвойнага ліку. Гэтая катэгорыя таксама не сустракаецца і ў нямецкіх дыялектах. Падставай для маёй думкі служыць той факт, што размеркаванне суфіксу множнага ліку -(e)n у нямецкіх дыялектах радыкальным чынам адрозніваецца ад ідышскіх назоўнікаў нямецкага паходжання. Ідышск. -(e)n мае абсалютна іншае размеркаванне. Цікава, што ўжыванне -(e)n у нямецкіх і некаторых габрэйскіх назоўніках (толькі некаторыя з іх называюць парны аб’ект, такія, як ‘вочы’, ‘вушы’ і інш.) можа карэляваць з размеркаваннем украінскага і беларускага „псеўдападвойнага ліку“ — спецыяльнага множнага суфіксу, які ўжываўся пасля лічэбнікаў 2, 3, 4 з тыповым канчаткам множнага ліку і націскам, як у адзіночналікавай аснове. Псеўдападвойны лік значна больш прадукцыйны ў сучаснай украінскай мове, чымся ў беларускай, і корпус ідышскіх назоўнікаў нямецкага паходжання, якія цяпер утвараюць множны лік з дапамогай -(e)n (дзе нямецкая патрабуе іншага суфіксу множнага ліку), у значна большай ступені адпавядае ўкраінскай, чым беларускай мове. Звернемся зноў да ідышск. tejl(n) ‘частка’ (у адрозненне ад ням. Teil[e]), якое адпавядае псеўдападвойнаму ліку ўкр. частка, мн. частки, але дві частки. У адпаведнага бел. частка няма (прынамсі цяпер) спецыяльных множных формаў, што ўжываліся б з лічэбнікамі 2, 3, 4, паколькі націск у гэтай аснове нерухомы — гл. бел. (дзве) часткі. Такім чынам, мяркую, арыгінальныя славянскамоўныя габрэі Кіеўскага княства рассяляліся ў большасці сваёй на тэрыторыі Украіны і, магчыма, паўднёвай Беларусі (цікава, што менавіта ў паўднёва-заходніх беларускіх гаворках арыгінальныя праславянскія канчаткі падвойнага ліку захаваліся найдаўжэй). Апошняе звяно, якое злучае ідыш з усходнеславянскаю граматыкай — гэта тое, што славянскі кампанент у ідышы (які звычайна не перавышае 10% ад усяго слоўніку) часцей браўся з паўднёва- і заходнебеларускіх, а таксама паўночна- і заходнеўкраінскіх гаворак — а менавіта з тэрыторыі арыгінальнага кіеўска-палескага дыялекту, якая існавала да перагрупавання пачатку XV ст. |
Канечне ж, існуе шэраг лінгвістычных пытанняў, якія патрабуюць вывучэння. Напрыклад, не з’яўляецца верагодным фактам тое, што ўсе габраізмы ў ідышы былі атрыманыя шляхам рэлексіфікацыі з мэтай замяніць заблакаваныя германізмы. Існуе цэлы шэраг пост-рэлексіфікаваных пазычанняў як з іўрыту, так з нямецкай і славянскіх моваў. Далейшыя даследаванні патрабуюць дыферэнцыяцыі паміж пазычаннямі, абумоўленымі рэлексіфікацыяй, і пост-рэлексіфікаванымі пазычаннямі. Гэта досыць проста зрабіць у выпадку з нямецкім кампанентам, бо ж мы маем звесткі пра храналогію нямецкіх інавацыяў пасля XV—XVI стагоддзяў. Той факт, што ідыш ёсць славянскаю мовай, дазваляе зрабіць важныя высновы для вызначэння этнагенезу габрэяў-ашкеназі. Этнаграфічныя сведчанні таксама паказваюць, што жыдоўская рэлігія і народная культура маюць у вялікай ступені славянскае, дахрысціянскае паходжанне; такім чынам, апошнія былі „юдаізаваныя“ праз сувязь з рэлігіяй і народнаю культурай палестынскага габрэйства (пра тэхніку „юдаізацыі“ гл. Вэкслер 1991, 1993). Далейшае даследаванне ў галіне геаграфіі захаваных паганскіх славянскіх звычаяў (напр., бел. Дзяды), магчыма, дапаможа рэканструяваць рэгіянальнае паходжанне жыдоў. Вывучэнне варыянтаў жыдоўскай мовы і этнаграфіі падштурхнула мяне да думкі пра падобнае негабрэйскае паходжанне й іншых „жыдоўскіх“ групаў (гл. Вэкслер 1996). Вядома, найлепшым доказам той гіпотэзы, што абсалютная бальшыня сённяшніх жыдоў мае нежыдоўскае паходжанне, ёсць генэтыка. Шырокамаштабнае тэставанне ДНК толькі распачалося, аднак выбаркавыя эксперыментальныя вынікі пацвярджаюць маё падазрэнне наконт праўдзівасці генетычнага паходжання сучасных жыдоў ад старажытнапалестынскіх. Зразумела, што абсалютна не абавязкова, каб ідыш і яго носьбіты мелі аднолькавае паходжанне. Тэарэтычна, габрэі-ашкеназі маглі б быць семітамі, якія размаўлялі на адной са славянскіх моваў. У сваю чаргу, даследаванне хазарскага пытання можа зрабіць вялікі ўнёсак у ідышскую праблематыку. Дагэтуль я мяркую, што габрэі, якія з ІХ ст. насялялі германска-лужыцкія землі, мелі балканскае паходжанне (прынятае на працягу стагоддзяў меркаванне пра пераважна французскае і італьянскае паходжанне габрэяў-ашкеназі не мае ніякіх падставаў, што я й імкнуўся паказаць у Вэкслер 1992 і 1993). Пацверджаннем такой сувязі з Балканамі можна лічыць наяўнасць у ідышы ўнікальнага раманскага кампаненту (г. зн., раманізмаў, не зафіксаваных у нямецкіх дыялектах), які меў не французскае, а італьянскае і балканскае паходжанне. Пацверджанне знаходзім таксама ў археалагічных і гістарычных жыдоўскіх помніках на Балканах і асабліва ў юдэйска-цюркскіх знаходках у паўднёва-заходняй Вугоршчыне і Ваяводзіне, што ў Сербіі (гл. аварскі некропаліс у Чалараве — доказ, цалкам праігнараваны заходнімі даследнікамі еўрапейскіх габрэяў), і, урэшце, у рэлігійных абрадах габрэяў заходнеславянскіх земляў, у тым ліку і ўсходняй Германіі, якія нагадваюць рытуалы візантыйскіх жыдоў. Меркаваная міграцыя жыдоў з Балканаў на тэрыторыю ўсходняй Нямеччыны мае паралель з перасяленнем неюдаізаваных славянаў — фармальнае падабенства паміж назовамі балканскіх „сербаў“ і нямецкіх „сорбаў“1 невыпадковае (на гэтую тэму гл. Кунстман 1987). Лявіцкі і іншыя навукоўцы, карыстаючыся тапанімічнымі дадзенымі, паказваюць, што хазарскія габрэі суправаджалі іншыя этнічныя азіяцкія групы ў Цэнтральную Еўропу, а не толькі ў Вугоршчыну, дзе даўно была прызнаная хазарская прысутнасць. Такім чынам, лужыцкія габрэі маглі быць як балканскага, так і хазарскага паходжання. Спадзяюся, што даследаванні хазарскага пытання кінуць святло й на гэтую праблему. |
1 Тэрміну сорбы (Sorbs), прынятаму ў заходняй лінгвістыцы, адпавядае айчынны тэрмін сербалужычане альбо лужычане (Заўв. перакл.) |
Літаратура Horvath, J. and P. Wexler, eds. (1997). Relexification in creole and non-creole languages. (With special reference to Haitan Creole, Modern Hebrew, Romani and Rumanian.) Wiesbaden: Otto Harrassowitz. Kunstmann, H. (1987). Beitrage zur Geschichte der Besiedlung Nord- und Mitteldeutschland mit Balkanslaven. Munich: Kubon and Sagner. Lewicki, T. (1988). Kabarowie (Kawarowie) na Rusi, na Wegrzech i w Polsce we wczesnym sredniowieczu. Studia nad etnogeneza Slowian i kultura Europy wczesno-sredniowiecznej, eds. G. Labuda i Tabaczynski, 2:77-87. Wroclaw-Krakow-Gdansk-Lodz: Zaklad im. Ossolinskich. Weinreich, U. (1958). Yiddish and Colonial German in Eastern Europe: The differential impact of Slavic. American contributions to the Fourth International Congress of Slavicists, 369-421. The Hague: Mouton. — (1968). Modern English-Yiddish Yiddish-English dictionary. New York: YIVO-McGraw-Hill. Wexler, P. (1990). The schizoid nature of Modern Hebrew. A Slavic language in search of a Semitic past. Wiesbaden: Otto Harrassowitz. — (1991). Yiddish — the fifteenth Slavic language. International journal of the sociology of language 91:1-150, 215-25. Berlin: Mouton-de Gruyter. — (1992). The Balkan substratum of Yiddish. A reassessment of the unique Romance and Greek components. Wiesbaden: Otto Harrassowitz. — (1993). The Ashkenazic Jews. A Slavo-Turkic people in search of a Jewish identity. Columbus, Ohio: Slavica. — (1995). Забыты сучасны кантэкст сучаснай гебрайскай мовы. Беларусіка=Albaruthenica 4:20-34. Мінск. — (1996). The non-Jewish origins of the Sephardic Jews. Albany: State University of New York. — [рукапіс] Two-tiered relexification in Yiddish: the Jews, the Sorbs, the Khazars and the Kiev-Polessian Principality. Zajaczkowski, A. (1961). Khazarian culture and its inheritors. Acta orientalia (Budapest) 12(1-3), 299-307.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (8) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |