A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


прабел

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анатоль Вялікі
Разгром
габрэйскай намэнклятуры

„Габрэйскае пытаньне“ ў Беларусі ў 40—50-я гады

Праблема нацыянальных дачыненьняў у савецкі пэрыяд зводзілася кіраўнічым рэжымам да двух ідэалягічных клішэ — „росквіт ды збліжэньне нацыяў“, а таксама „нацыянальная формаю і сацыялістычная зьместам“. Аднак гэтыя прапагандысцкія клішэ не адлюстроўвалі сутнасьці этнакультурных працэсаў і па вялікім рахунку не выконвалі нават прапагандысцкіх функцыяў. У прыватнасьці гэта датычыцца так званага „габрэйскага пытаньня“ ў былой Савецкай Беларусі.

Вырашэньне „габрэйскага пытаньня“ ў БССР пачалося адразу ж пасьля 1944 году з асновы асноваў таталітарнай сыстэмы — партыйна-савецкай намэнклятуры, „новай клясы“, паводле вядомага вызначэньня Мілавана Джыласа. У першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе адбылася „ціхая намэнклятурная зачыстка“ сфармаванай за перадваенны пэрыяд беларускай габрэйскай „новай клясы“. Тое, што гэта была ўжо сфармаваная „новая кляса“, не выклікае сумневу, дастаткова прааналізаваць склад партыйных органаў, пачынаючы з гаркамаў і райкамаў партыі і заканчваючы ЦК КП(б)Б.

Склад першых-трэціх сакратароў РК і ГК КП(б)Б на пачатак 1939 г. па нацыянальным складзе выглядаў наступным чынам: з 96 першых сакратароў 59 былі беларусамі, 15 — габрэямі, 20 — расейцамі; з 96 другіх сакратароў 69 былі беларусамі, 19 — габрэямі, 7 — расейцамі; з 92 трэціх сакратароў 68 былі беларусамі, 13 — габрэямі, 9 — расейцамі. У цэлым, з усяго сакратарскага корпусу 196 сакратароў былі беларусамі, 47 — габрэямі, 36 — расейцамі. Як бачна, габрэі сярод сакратароў райкамаў і гаркамаў партыі займалі другое месца, выперадзіўшы нават расейцаў. У працэнтных паказчыках гэтыя лічбы выглядалі наступным чынам: чальцамі ГК і РК КП(б)Б было абрана 284 сакратары, зь іх беларусаў — 196, або 69%, расейцаў — 36, або 12%, габрэяў — 47, або 16,5%, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў — 5, або 1,7%.

Даволі значным было прадстаўніцтва габрэяў і ў апараце ЦК КП(б)Б (зьвесткі на чэрвень 1941 г.). Памочнікам першага сакратара ЦК КП(б)Б быў габрэй, сакратаром прыёмнай першага сакратара таксама быў габрэй. У „асобым сэктары“ ЦК партыі з 26 супрацоўнікаў 14 былі габрэямі, 8 беларусамі. У адным зь вядучых аддзелаў ЦК — аддзеле кіраўнічых партыйных органаў — з 27 супрацоўнікаў 11 былі габрэямі, 12 — беларусамі, у прамыслова-транспартным аддзеле з 6 супрацоўнікаў 4 былі габрэямі, 2 — беларусамі і г.д.

 
   

 
У Віцебскім гаркаме партыі на пэрсанальным уліку ЦК КП(б)Б налічвалася 68 адказных работнікаў, зь іх 32 габрэі, 16 беларусаў, 9 расейцаў, астатнія — прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў. З 32 габрэяў 6 працавалі дырэктарамі заводаў, 5 — адказнымі работнікамі гаркаму партыі (сакратары, інструктары, загадчыкі аддзелаў), адзін — дырэктарам Віцебскага мэдычнага інстытуту, адзін — дырэктарам мэдычнага тэхнікуму, адзін — дырэктарам каапэратыўнага тэхнікуму.

Ня менш пераканаўчая „габрэйская прысутнасьць“ адчувалася і ў Магілёве. На ўжо прыгаданым пэрсанальным уліку ЦК налічвалася 56 адказных работнікаў. Зь іх 25 габрэяў, 16 беларусаў, 4 расейцы, астатнія — прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў. З 25 габрэяў, прадстаўнікоў „новай клясы“, сакратарамі партыйных камітэтаў найбуйнейшых прадпрыемстваў Магілёва працавалі 4 чалавекі, дырэктарамі заводаў — 7, сярод іх былі таксама загадчык гарадзкога аддзелу аховы здароўя, начальнік РА НКУС і г.д.

Не адставаў па гэтых паказчыках і Гомель. З 75 прадстаўнікоў „новай клясы“ 33 былі габрэямі, 16 — беларусамі, 15 — расейцамі. Габрэйскую „новую клясу“ рэпрэзэнтавалі 4 сакратары партыйных арганізацыяў прадпрыемстваў (з 12 ува ўсім Гомелі), дырэктары аўтамэханічнага тэхнікуму і музычнай вучэльні, рэдактар абласной газэты „Палеская праўда“, загадчык гарадзкога аддзелу аховы здароўя, 8 дырэктараў найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў — такіх, як фабрыка „Камінтэрн“, шклозавод імя Сталіна, хлебакамбінат, мясакамбінат і г.д.

Пра тое, што гэта была не эпізадычная, а сталая прысутнасьць, сьведчыць таксама выказваньне першага сакратара ЦК КП(б)Б В.Шаранговіча на Менскай гарадзкой партканфэрэнцыі ў 1937 г. Ведучы гаворку пра кадры партыйных работнікаў, ён сказаў наступнае. „Мне далі даведку аб складзе сакратароў ГК і РК КП(б)Б. Усяго першых сакратароў 88, другіх — 40. Зь іх беларусаў — 38 першых сакратароў, другіх сакратароў — 19. Габрэяў — 30 першых сакратароў, другіх сакратароў — 12. Расейцаў — 10 першых сакратароў, другіх — 6. Па Менску ўсяго сакратароў парткамаў — паводле стану на 1 студзеня 1937 г. — 341 чалавек. Зь іх беларусаў — 125, габрэяў — 153, расейцаў — 37, палякаў — 5, іншых нацыянальнасьцяў — 22. Якая тут насоўваецца выснова — і па Беларусі ў цэлым, і, асабліва, тав. Рыскін (А.Рыскін у 1937 г. быў першым сакратаром Менскага ГК КП(б) Б. — Заўвага аўт.) і тав. Хадасевіч, па Менску — цалкам нездавальняючае выхаваньне і вылучэньне мясцовых нацыянальных кадраў, у першую чаргу — беларускіх камуністаў, і гэта сур’ёзная загана“.

Улічваючы пададзеныя вышэй факты, можна сьцьвярджаць, што перад вайной габрэйская „новая кляса“ складала неад’емную частку палітычнай, гаспадарчай, навуковай, культурнай эліты камуністычнай Беларусі. У вайне габрэі-намэнклятурнікі пацярпелі, як і ўвесь народ Беларусі. Дастаткова сказаць, што сярод 140 партыйных работнікаў раённага ўзроўню, што загінулі ў гады вайны, ёсьць імёны 15 габрэяў.

 
   

 
Пачатак 1945 году не абяцаў ім нічога кепскага. Рэспубліка пераходзіла да мірнага жыцьця. Габрэі, што ўваходзілі ў „новую клясу“, занялі ў аднаўлянай сыстэме тое ж месца, якое яны займалі да вайны.

У Менскай вобласьці з 97 адказных партыйных работнікаў у першым паўгодзьдзі 1945 г. 19 габрэяў працавалі першымі-трэцімі сакратарамі райкамаў і гаркамаў партыі. У Віцебскай вобласьці з 108 работнікаў самага высокага рангу 19 былі габрэямі. У Гомельскай вобласьці з 70 адказных партработнікаў 13 былі габрэямі, у Магілёўскай з 97 — 19.

Даволі значным было прадстаўніцтва габрэяў-партыйцаў і сярод работнікаў абласнога ўзроўню. Напрыклад, у Палескай вобласьці Шэрман Н.З. узначальваў прамысловы аддзел абкаму, Рубінчык К.М. быў намесьнікам загадчыка сельскагаспадарчага аддзелу, Качароўскі А.Е. — загадчыкам ваеннага аддзелу гэтага ж абкаму партыі. У Віцебскай вобласьці Гінзбург Я.Б. працаваў сакратаром АК па прапагандзе, Шапіра Х.З. — загадчыкам прамысловага аддзелу абкаму. У Гомельскім АК КП(б)Б Рыўкіна Х.Л. была намесьнікам загадчыка аддзелу прапаганды, Клябанаў С.І. — загадчыкам ваеннага аддзелу АК КП(б)Б.

Сытуацыя карэнным чынам зьмянілася ў канцы 1946 — пачатку 1947 г., калі прайшлі выбары партыйных органаў усіх узроўняў. Так, па іх выніках у 1946—1947 гг. сярод першых сакратароў ГК і РК апынуліся ўсяго два габрэі-намэнклятурнікі, альбо 1,1%, сярод другіх сакратароў — 8, альбо 4,2%. Далей — балей. Па выніках выбараў у раённыя і гарадзкія партыйныя арганізацыі 1955 г. сярод сакратароў не было ніводнага габрэя. Больш габрэяў на вышэйшыя кіраўнічыя пасады не дапускалі.

У сутнасьці, выбары партыйных органаў 1955 г. паставілі канчатковую кропку ў дачыненьні габрэйскай „новай клясы“. Шматгадовая, пачынаючы ад 1917 г., актыўная габрэйская прысутнасьць у грамадзка-палітычным жыцьці рэспублікі была зьліквідаваная.

Як жа гэта адбылося? Па-першае, пасьля вайны з ініцыятывы І.Сталіна распачалася барацьба з так званымі „бязроднымі касмапалітамі“, а прасьцей — з габрэямі. Джала гэтай барацьбы было скіравана ня толькі супраць творчай інтэлігенцыі, але і супраць габрэяў-намэнклятурнікаў.

Па-другое, у Беларусі пасьля 1944 г. вылучылася група работнікаў-беларусаў, якія пад час вайны бралі актыўны ўдзел у баёвых дзеяньнях у складзе савецкай партызанкі. Гэтыя былыя камандзіры ды камісары партызанскіх аддзелаў лічылі, што, атрымаўшы вядомасьць і папулярнасьць у рэспубліцы, яны могуць і павінны вызначаць пасьляваенны лёс БССР. І кампанія барацьбы зь „бязроднымі касмапалітамі“, якая разгарнулася так дарэчы, толькі дапамагла ім умацавацца ўва ўладных структурах усіх узроўняў. „Партызанскі клан“ адчуў смак улады пад час вайны і не жадаў разьвітвацца з гэтаю ўладай па вайне. Дастаткова нагадаць імёны тых, хто прыйшоў. В.Лабанок: ад жніўня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. — першы сакратар Лепельскага падпольнага райкаму партыі, з чэрвеня 1944 г. — камандзір Лепельскай партызанскай брыгады, з 1944 г. — у апараце ЦК КП(б)Б, старшыня Полацкага, Гомельскага аблвыканкамаў, першы сакратар Віцебскага, Палескага абкамаў партыі, з 1962 г. — першы намесьнік старшыні, а з 1974 г. — намесьнік старшыні прэзыдыюму ВС БССР; І.Клімаў: ад траўня 1943 г. да чэрвеня 1944 г. — першы сакратар Вялейскага падпольнага абкаму партыі, у 1944—53 гг. — першы сакратар Вялейскага, Маладэчанскага, Баранавіцкага абкамаў, з 1953 г. першы намесьнік, а з 1962 г. — намесьнік старшыні СМ БССР; В.Казлоў: зь ліпеня 1941 г. — сакратар Менскага падпольнага абкаму, з сакавіка 1943 г. — камандзір Менскага партызанскага злучэньня, у 1948—67 гг. — першы сакратар Менскага абкаму і гаркаму. Калі дадаць сюды ж і П.Машэрава, відаць, што „партызаны“ займалі ўсе вышэйшыя пасады ў рэспубліцы аж да канца 70-х гадоў.

Па-трэцяе, пасьля вайны ўва ўладныя структуры ўсіх узроўняў, у адрозьненьне ад даваеннага пэрыяду, улілася значная частка расейцаў, якія занялі досыць высокія пасады ў партыйным і дзяржаўным апараце. У 1946 г. сярод сакратароў гаркамаў і райкамаў партыі расейцаў было 26,4%. Узгадаем, што ў 1940 г. габрэі ў гэтай катэгорыі намэнклятурных работнікаў складалі 16,5%, у той час як расейцы толькі 12%.

Гэтыя тры прычыны і вызначылі палітычны лёс ня толькі габрэйскай „новай клясы“, фактычна зьнішчыўшы яе, але і сфармавалі стратэгію і тактыку беларуска-расейскай „новай клясы“ ўзглядам габрэяў.

 
   

 
Канец 40-х і пачатак 50-х характарызуюцца ўзмацненьнем ціску на габрэяў ува ўсіх сфэрах. 1947 г. характэрны тым, што ў сярэдзіне гэтага году ўпершыню за пасьляваенны пэрыяд была „выкрытая і зьліквідаваная „антысавецкая група габрэяў-нацыяналістаў“ у сыстэме Галоўнага аптэкаўпраўленьня БССР.

Аднак асноўны ўдар па беларускіх габрэях прыйшоўся на пачатак 50-х гадоў. Перадусім ён выявіўся ў шэрагу сфальшаваных справаў аб так званых „габрэйскіх буржуазных нацыяналістах“. Ініцыятарам гэтых справаў выступіў ЦК КПБ, які ў пачатку 1951 г. накіраваў усім сакратаром абкамаў партыі Беларусі пад грыфам „абсалютна сакрэтна“ тэлефанаграму пра ўзмацненьне барацьбы з праявамі буржуазнага нацыяналізму, маючы на ўвазе перш за ўсё габрэйскі буржуазны нацыяналізм. Цікавая езуіцкая фармулёўка: „Цэнтральны камітэт КП(б)Б даў усім сакратаром абкамаў вуснае распараджэньне аб неабходнасьці ўзмацніць увагу партыйных арганізацыяў да пытаньняў барацьбы супраць буржуазнага нацыяналізму, супраць парушэньняў бальшавіцкіх прынцыпаў работы з кадрамі (курсіў наш. — Заўвага аўт.)“.

Вынік зьявіўся імгненна ў выглядзе шэрагу сфальшаваных справаў аб „праявах габрэйскага буржуазнага нацыяналізму“. Адной з найважнейшых была справа работнікаў прамысловай каапэрацыі, якая ўзьнікла яшчэ ў жніўні 1950 г. Сутнасьць справы была ў тым, што старшыня Белкаапсаюзу Марголін нібыта „згуртаваў вакол сябе групу буржуазных габрэйскіх нацыяналістаў“. У студзені 1952 г. Марголін і зьвязаныя зь ім 7 „буржуазна-габрэйскіх нацыяналістаў“ былі асуджаныя ваенным трыбуналам войскаў МДБ Беларускай ваеннай акругі за „актыўную буржуазна-нацыяналістычную дзейнасьць і раскраданьне сацыялістычнай уласнасьці“ на розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня.

У студзені таго ж 1952 г. Бюро ЦК канстатавала, што ў Барысаве „ўзьнікла і пралезла на кіраўнічыя пасады ў партыйным, савецкім кіраўніцтве група габрэйскіх буржуазных нацыяналістаў, якія займаліся нацыяналістычнай дзейнасьцю, раскраданьнем сацыялістычнай уласнасьці“.

Апошні штрых у „барацьбе зь бязроднымі касмапалітамі“ — гэта, безумоўна, вядомая на ўвесь сьвет „справа дактароў“. У Маскве гукнулі, у Менску адгукнулася. Ды так адгукнулася, што прымусіла ўсіх беларускіх габрэяў ад студзеня да пачатку сакавіка 1953 году замерці ў трывожным чаканьні. Паведамленьне ТАСС пра арышт групы дактароў прагучала 13 студзеня 1953 г., а ўжо 14 студзеня 1953 г. у Гомелі (г.зн. на другі дзень пасьля паведамленьня ТАСС) было праведзена 350 мітынгаў, сходаў, на якіх прысутнічала больш як 40 тыс. чалавек, выступіла звыш 800 рабочых, якія „гнеўна кляймілі дактароў-забойцаў“. У сталіцы наогул дзейнічалі на апярэджаньне. Абмеркаваньне паведамленьня ТАСС на мотавелазаводзе, іншых найбуйнейшых прадпрыемствах Менску праходзіла ўночы з 13 на 14 студзеня, інакш кажучы, папросту трэцяй зьменай рабочых пагналі на мітынгі ды сходы.

Неабходна аддаць належнае ўменьню ды прафэсіяналізму партыйных рэжысэраў гэтага палітычныга драматычнага спэктаклю, якія ўмела перавялі палітычныя жарсьці ад далёкіх маскоўскіх дактароў да іх беларускіх калегаў па спэцыяльнасьці ды нацыянальнасьці. Заявы тыпу „я не пайду лячыцца ў паліклініку, бо там працуюць адныя габрэі“ былі яшчэ найменш зьняважлівымі ў тым патоку абразаў ды лаянкі, што была скіраваная зусім ня толькі супраць носьбітаў пэўнай прафэсіі. Часьцей сустракаліся такія вызначэньні, як „габрэі — гэта гады, гэта подлыя здраднікі, ім ня можа быць месца на нашай зямлі, частку іх трэба зьнішчыць, а астатніх — выслаць на Поўнач“; „уся габрэйская нацыя ня вартая аднаго сьветлага жыцьця таварыша Жданава“ і г.д.

 
   

 
Неабходна адзначыць яшчэ адну асаблівасьць гэтай драматычнай дзеі, што расьцягнулася на доўгія два месяцы. Партыйныя чыноўнікі ўсіх узроўняў арганізоўвалі мітынгі ды сходы, галоўным чынам, сярод найменш адукаванай часткі насельніцтва, апэлюючы пераважна не да розуму, а да пачуцьцяў натоўпу. Менавіта сярод найменш адукаванай часткі насельніцтва гучалі найбольш радыкальныя заклікі да вырашэньня габрэйскага пытаньня.

Калі падсумаваць патрабаваньні, якія высоўвала на мітынгах старанна маніпуляваная рабочая кляса, вылучаюцца наступныя: выселіць габрэяў у раёны Сібіру і Далёкага Ўсходу; забараніць габрэям атрымліваць вышэйшую адукацыю; забараніць габрэям камандаваць славянамі; прымусіць габрэяў займацца цяжкай фізычнай працай на заводах, фабрыках, у калгасах; стварыць для іх асобную рэспубліку; усіх габрэяў адлучыць ад кіраўнічай работы, асабліва ў харчовай прамысловасьці, мэдычных установах. Верагодна, менавіта такія пляны і будаваліся вышэйшым савецкім кіраўніцтвам.

У „Інфармацыі аб водгуках працоўных на паведамленьне ТАСС пра арышт групы „дактароў-шкоднікаў“, накіраванай аддзелам кіраўнічых партыйных, прафсаюзных, камсамольскіх органаў ЦК на ймя першага сакратара ЦК КПБ М.Патолічава на першай старонцы паведамляецца: „Ёсьць маса заяваў у форме просьбаў і патрабаваньняў аб высылцы габрэяў у якое-небудзь адно месца, як гэта было зроблена ў свой час з крымскімі татарамі і немцамі Паволжа“.

А што ж габрэі? Безь перабольшаньня, іх настрой і паводзіны вылучаліся прыгнечанасьцю, перапудам, чаканьнем. Пра тое, якім быў настрой габрэйскага насельніцтва, красамоўна сьведчыць прызнаньне піянэрважатай адной са школаў Магілёва, якая, прыйшоўшы ў школу, паскардзілася дырэктару, што яна баіцца хадзіць на працу, бо мае адчуваньне, што яе вось-вось паб’юць. Сакратар Гомельскага АК КПБ Паўлаў паведамляў у ЦК КПБ, што ў выніку распачатай кампаніі ў Жлобіне мелі месца хуліганскія выпады ў дачыненьні да „асобаў габрэйскай нацыянальнасьці“.

Так, 14 студзеня 1953 г. рабочы вагоннага дэпо зь сябрамі прыйшлі на кватэру рабочага-габрэя, абражалі яго, а потым жорстка зьбілі. На вакзале г.Жлобіна двое мясцовых жыхароў бяз дай прычыны зьбілі двух габрэяў і зьніклі.

Але, хутка пачаўшыся, прапагандысцкая кампанія гэтак жа хутка і скончылася. І.Сталін памёр, а новыя лідэры камуністаў разьлічвалі аслабіць „клясавую барацьбу“. Тым ня менш, беларуска-расейская „новая кляса“, што прыйшла да ўлады ў рэспубліцы пасьля вайны, не хацела й не зьбіралася зьмяняць тую стратэгію паводзінаў узглядам габрэяў Беларусі, якая была выпрацавана за пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе. Такой, дыскрымінацыйнай ды імпліцытна-ксэнафобскай, яна і заставалася аж да забароны структураў КПСС-КПБ у жніўні 1991 году.

 
 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000