A R C H E | H a b r e j s k i n u m a r | №
3 (8) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Віталь Зайка
|
Віталь Зайка — незалежны дасьледчык, гэбраіст, беларусіст, жыве ў Нью-Ёрку. Ягоныя апошнія публікацыі — „Гэбрайскія мэмарыяльныя кнігі пра гарады і мястэчкі Беларусі“ (Запісы БіНіМ, 24, 1999) і „Праблемы расейскай нацыянальнай сьвядомасьці на Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя“ (Запісы БіНіМ, 23, 1999). „Запісы БІНІМ“ можна чытаць у Інтэрнэце: members.xoom.com/ _XMCM/litbel/zapisy.htm |
Пад час абуджэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці бальшыня беларускіх гэбраяў не былі гатовыя ўспрыняць новага гульца на нацыянальна-палітычным полі. Захапіўшыся веліччу й развоем расейскай культуры, мала хто быў, нават сярод этнічных беларусаў, гатовы да развою культуры беларускай. Беларускія гэбраі, халоднага глузду, рацыянальныя літвакі, часта лічылі, што „зрабіць жыцьцё“ ў царскай Расеі выпадае няйначай як авалодаўшы „навукай“ гэтай Расеі, улучна з мовай і ўсім астатнім. Рэлігія як стрыжань застаецца, але рэшту, традыцыйныя адзёжы гэбрайскай культуры — трэ скінуць. Так і рабілі, і потым нават пад польскай адміністрацыяй яшчэ ў 1920-я гады, а то й пазьней, адукаваныя літвацкія сем’і былі расейскамоўнымі. Таму не выпадкова, што гэбраі-радныя муніцыпалітэтаў і мясцовых радаў самакіраваньня спрычыніліся да таго, што ідэя незалежнасьці Беларусі не знайшла неабходнай падтрымкі ў органах мясцовай улады ў 1917—1918 гг., што адпаведна абумовіла слабасьць і непапулярнасьць структураў БНР, нягледзячы на міністраў-гэбраяў, і г.д. Палітыка тады (як і цяпер, дарэчы) рабілася ў горадзе, ня ў вёсцы, а горад быў гэбрайска-расейскі з польскім дамешкам. Сьпіс беларускіх нацыяналістычных прэтэнзіяў да гэбраяў можна доўжыць гэбрайскімі камуністамі ды функцыянэрамі ў 1920-я і 1930-я гг. Пытаньне толькі, наколькі гэбраямі былі тыя людзі, а наколькі робатамі новай ідэалёгіі, якая нібыта адкідала нацыянальную „абмежаванасьць“. Прэтэнзіі могуць быць толькі ўзаемнымі — ад часоў Івана Жахнога і Налівайкі ды ажно да сёньняшняга дня. Беларускія месьцічы часам вельмі лёгка былі гатовыя гандляваць з ворагам жыцьцямі і лёсамі іхных гэбрайскіх суграмадзянаў. Пагромы — хоць і менш, чым на поўдні Расейскай імпэрыі, але яны былі — Гомель, Магілёў, Ворша, дзясяткі іншых месцаў. А партызанская куля ў патыліцу гэбраяў за падазрэньне ў вэрбоўцы праз гэстапа, за файны габардзінавы строй ці проста за сэмітычны бляск уваччу? А гэбрайскія куфры і шафы ў сялянскіх хатах, а гэбрайскія хаты, што аднаго дня або ночы сталі не-гэбрайскімі? Толькі наўрад ці плённа лічыць крыўды і круціць імі перад носам апанэнта. Каму, як не гэбраю зь Беларусі, блізкія нашыя краявіды, нашыя гарады і вёскі, нашая мова ўрэшце? Каму яшчэ на зямлі і ў сусьвеце? Не вялікаму ж брату на ўсходзе, у самым дзеле! |
(уяўнае інтэрвію сябе з сабою) Я выходжу ў этэр, раздвойваюся на Віталя і Файтла. Віталь: Здароў! Вос махстэ? Ладна часу ня бачыліся. Дзе ты, як? Файтл: За акіянам. Змагаюся за жыцьцё. Цяжкавата. Чужы сярод чужых, чужы сярод сваіх. Ты? В.: Кісла. Лукашызм, сьмешны заробак, праблема зь лёгкімі — ужо й паліць кінуў. Якога гэбрая вінаваціць за гэта ўсё... Ф.: Ну што ж, шукай! Дарэчы, з 110 тытунёвых фабрык у былой рысе аселасьці 83 належалі гэбраям1. Гарадзенская фабрыка Шарашэўскага! Адтуль жа „Арбіта“, „Гродна“, — сам купляў паўжыцьця... В.: Во-во, праваронілі факцік пра фабрыкі ў „Праваслаўнай ініцыятыве“. Цяпер, пэўна, паліш „Дангіл“ ды „Мальбара“? Пра гэбрая я жартую, можа, нязграбна — выбачай. Хаця ваш брат пераважна падаўся адсюль. |
В.: О-го. Цябе паслухаць, дык тут няма што лавіць ажно з 1388 году. Ф.: Ты б пажыў, каб кожны дзень нейкае фуфло мімаходзь не нагадала табе пра сэмітычныя рысы твару, або што дзеля такіх жыдкоў, як я, — „нармальным“ людзям дыхаць займае. У інстытуце абараніўся — кругом шыпяць: „Жыдава выцягнула свайго“. А гэбрай-начальнік усё зрабіў, каб патапіць. Каб не ўпікалі, што „свайго“ прытуліў. А брацішак-вадзіла просты!? Цукар у бэнзабаку, парэзаныя шлянгі, найпаскудныя маршруты — і так з тыдня ў тыдзень, з году ў год! Мадэратар (з моцным скачучым маскоўскім акцэнтам): Ціха, ці-ха!! (У мікрафон.) Нагадаем слухачам пра сяброўства абодвух народаў, пра Зьмітрака Бядулю. В.: Во-во, Бядуля. Я беларусам стаў зь „Пяці лыжак заціркі“. Сур’ёзна. За сваю беларускасьць мушу падзякаваць гэбраю. Ф.: Ня маж сыропам. Я беларусам нарадзіўся. Бацька казаў: будзем беларусы, тут мы нарадзіліся, тут наш дом. Змушаў чытаць беларускага пісьменьніка Караленку. Пасьля выйшла, што ён не беларускі, а проста ў перакладзе. |
Ф.: Прымерна як выпісалі мэтрыку. Там нацыянальнасьць бацькоў. А калі шчыра — у школе зрабілі. Нехта ў клясным журнале ўгледзеў імёны бацькоў. Ну й пайшлі каціныя канцэрты на пару гадоў — сам ведаеш. Мадэратар: Памятаем пра культурнае ўзаемадзеяньне, пра пераклады гэбраямі Бібліі на старабеларускую мову. Дарэчы, ці ведаў Скарына гэбрайскую мову? В.: Ясная рэч! Ф.: Ясная рэч пакуль такая: Скарына ведаў, што гэбрайская мова існуе. Ня выключана, што ў часы Скарыны значная частка беларускага гэбрайства была беларускамоўная, і таму пераклады біблійных тэкстаў, як, прыкладам, славутыя манускрыпты 109, 262 у былой Віленскай публічнай бібліятэцы, былі зробленыя гэбраямі не для асьветы беларусоў, альбо каб навярнуць іх у юдаізм, а дзеля сваіх паўасыміляваных адзінаверцаў. Дарэчы, шэраг навукоўцаў прызнае, што пытаньне юдаізантаў („гэбрайствуючых“) было штучна зьлепленае маскоўскімі клерыкальнымі й прыдворнымі коламі, каб пароць вочы Літве, вінаваціць у скажэньні веры й ідэалягічнай дывэрсіі. Мець падставы прыйсьці й абараніць „чысьціню веры“. В.: А як жа рэальныя асобы кшталту гэбрая Зхарыі ў Маскве, што вёў протасыянісцкую, так бы мовіць, прапаганду?
|
|
Мадэратар: Перапрашаю, паступаюць званкі слухачоў, што інтэрвію прымае занадта спэцыяльна-навуковыя рысы. Папулярней, калі ласка. (У мікрафон.) Як наконт паходжаньня першых гэбраяў на беларускіх землях — з захаду ці з усходу? В.: З усходу — з Хазарскага каганату. Нават князь Уладзімер Ясна-Сонейка быў каганам. Але не аб тое. Проста каганат быў найбліжэйшым кампактным масівам юдаістаў. І чыста статыстычна верагоднасьць пранікненьня юдаістаў адтуль (назавем іх гэбраямі) значна большая, чымся з заходнеэўрапейскіх земляў, проста таму што гэта на тысячу кілямэтраў далей. Ф.: Я не магу катэгарычна сказаць — усход, захад. Магло быць зь Бізантыі, праз Балканы. Гэта захад ці ўсход? Наагул, зашмальцавана ўжо гэтая дыхатомія: „Беларусь паміж усходам і захадам“, „Беларусь — мост з усходу на захад“. Мост ёсьць, руху няма. Далей. Засяленьне магло быць з захаду — Польшча, Чэхія. Тэадор Нарбут піша, спасылаючыся на Ратундуса, што ўжо ў 1150-м годзе ў Панямоньні была ладная гэбрайская грамада. Заўваж — не ў Прыдняпроўі. В.: Нарбут быў добрым байкапісцам. А ладная грамада магла б і пакінуць нейкія больш сур’ёзныя згадкі аб сабе, і прытым у гэбрайскіх крыніцах — а гэтага няма. Затое ў сярэднявечных крыніцах ёсьць паведамленьні пра гэбрайскіх купцоў, званых раданітамі, якія гандлявалі пераважна нявольнікамі, і пераважна славянамі. Ці не адтуль ідзе моцнае падабенства словаў „славянін“ і „нявольнік, раб“ у эўрапейскіх мовах. І ці не адтуль карані антысэміцкіх мітаў аб гэбрайскім рабаўласьніцтве, аб паняволеньні чалавецтва гэбраямі? У кожным разе для мяне асабіста блізкасьць словаў „раб“ і „славянін“ дадае імпэту лічыць сябе балтам — дняпроўскім, прыпяцкім — абы не славянінам. Тым больш як у расейскім (і афіцыйным эр-бэшным) разуменьні славянства — расейцы плюс украінска-сэрбска-беларускія прыдаткі. Сэмантычная блізкасьсц рабства з славянствам робіцца яшчэ мацнейшай. Але назад да тэмы. Раданіты былі ўва Ўсходняй Эўропе ўжо ў IX—X стагодзьдзях, зьяўляліся часткай пэўнага гэбрайскага масіву, гандлявалі нявольнікамі, нявольнікі былі пераважна славяне. Спалучэньне гэтых фактаў робіць, на маю думку, Паўночнае Чарнамор’е, Хазарыю найбольш верагоднай прарадзімай беларускага гэбрайства. Ф.: Зноў жа, я ня бачу сэнсу станоўка цьвердзіць, што гэбраі прыйшлі адтуль, а не адгэтуль, бо, магчыма, яны прыйшлі зь некалькіх кірункаў. Дарэчы, занатуй сабе ў сваю тэорыю — грамата Вітаўта гарадзенскай грамадзе паказвае, што гэта магла быць гандлёва-земляробчая грамада, а ня чыста гандлёвая, накшталт берасьцейскай. А земляробства сярод ашкенаскіх гэбраяў у XIV стагодзьдзі — рэч зусім нечуваная, ergo — яны былі не ашкеназы. І яшчэ. Пасьля выгнаньня гэбраяў зь Літвы ў 1495 г., куды яны пераважна падаліся? Правільна, на поўдзень, у Крым — г.зн. туды, дзе мелі больш кантактаў і, напэўна, адкуль прыйшлі. Мадэратар: Ці ж гэта ўсё ня частка беларускай гісторыі, цудоўнай і дасюль амаль не дасьледаванай? Паралельнае вымярэньне, як пісаў адзін выбітны культуроляг. (Не ў мікрафон.) Асьцярожней з славянскімі тэмамі. Званілі рознага кшталту апанэнты балцкай тэорыі, абяцалі праблемы — ад фізычнага ўзьдзеяньня да паўторнай перарэгістрацыі праграмы. Сканцэнтруемся на гэбраях. |
Ф.: Сканцэнтруемся. Дык вось, у часы Вялікага Княства гэбраі адзін час мелі роўныя правы са шляхтай. А Шаўл Валь, Міхель Юзафовіч! Але і тады ня ўсё было проста і ясна. Наконт паралельнага вымярэньня — вельмі слушна, тэрыторыя-мова-ўрад-звычаі — усё гэта мелі беларускія гэбраі, званыя літвакамі (пэўна, таму, што іхны арэал збольшага супадаў з постлюблінскім Вялікім Княствам). Дарэчы, літвакі жылі пераважна ў межах беларускамоўнай тэрыторыі, амаль паводле Карскага — глядзі мапу беларускіх гаворак 1903 г.2 В.: Зразумела, што Беларусь была найбольш талерантным краем у сьвеце ў дачыненьні да гэбраяў. Менавіта тут споўніўся ідэал для вывучэньня Торы — бясьпека і спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы. І ня дзіва, што тут паўстала столькі інтэлектуальных рухаў і выгадавалася столькі рабінаў. Мысьляроў ды інтэлектуалаў кожнага кшталту (чытайце гісторыка Іофэ — пра Беларусь як айчыну гэбрайскіх сланоў). Ф.: Найбольш талерантны край — так правамоцна казаць, калі ёсьць сьведамы выбар. Пра Нідэрлянды XVI стагодзьдзя, напрыклад, альбо сярэднявечную Андалюсію. Але ці былі б талерантнымі беларусы, каб ім павятовы маршалак, абшарнік, судзьдзя, ксёндз, станавы прыстаў, ды шчэ хто, далі свабодны выбар — біць гэбрая або талераваць? Невядома, як было б. Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што ня выключаны паўднёвы, пагромны, варыянт. Мадэратар: Зьехалі ў мінор. (У мікрафон.) А што б такое пра беларускіх гэбраяў вы б нам узгадалі, каб можна было сказаць „вось гэта — куул, мэн!“ |
В.: Мне падабаецца беларускае „ці“ ў мове ідыш, „годэвен“ — гадаваць. „Гораднэ“ — Горадня, „Наварадэк“ — Наваградак. Дарэчы, тапонімы запазычаныя даўно, і гэта файны аргумант для адзысканьня іхнай сапраўдна-беларускай вэрсіі. Трэ глянуць у старых пінкасах — там можа быць і „Менск“ адшукаецца. А ўвогуле мне ўсё „куул“ — гэбрайская цывілізацыя ў Беларусі для мяне ўсё роўна як адшукаць блізкага крэўнага, брата, якога ніколі ня ведаў, а ён жыў сабе недзе побач і быў у курсе справаў сям’і. Ф.: Беларускі гэбрай, літвак — сапраўдны „мачо-мэн“, стрыманы, несэнтымэтальны, упэўнены ў сваіх сілах, ці, хутчэй, ведах (Тальмуду). Калі больш сур’ёзна — мне падабаецца, што нашыя гэбраі, апынуўшыся ў Амэрыцы, закладалі ня розныя там таварыствы імя Пушкіна й клюбы імя Горкага, як іхныя землякі-беларусы, а, напрыклад, Валожынскую братэрскую асацыяцыю, Дабрачыннае задзіночаньне мужоў з Койданава, Бабруйскі зьвяз узаемадапамогі — так званыя ланцманшафты, зямляцкія арганізацыі3. А было іх сотні, сяньня дакладна наўрад ці даведаешся. В.: Мне яшчэ літары падабаюцца — чорныя, прастакутныя, таямнічыя. Вось каб імі ды па-беларуску пісаць! Кірылька беларуская ёсьць, лацінка ёсьць, арабскімі літарамі таксама ёсьць. Хай і гэбрайскімі будзе! Мадэратар: (Не ў мікрафон.) Вашаць, пэўна, ачмурэў. Ф.: Было ўжо, пісалі. Глядзі З.Бядулю, „Рукапіс чарнакніжніка XVIII стагодзьдзя“4. Дарэчы, я таксама пісаў па-беларуску гэбрайскімі літарамі. Вёў дзёньнік, „бартавы журнал“. Найцяжэй было з гукам „ы“ — ніяк не складалася норма. Адзін раз так напішу, другі гэтак. Гуляў я тады ў сыянізм. Ладзілі сходы на кватэрах, вывучалі іўрыт, рабілі дэманстрацыі каля „Ямы“ на Мельнікайтэ. А потым завіталі да мяне з вобыскам трое ў цывільным, адзін, дарэчы, як сёньня памятаю — дужа да Пуціна падобны. Такое ж незапамінальнае „обшчае выражэньне ліца“. „А ністэ цурэ“. Дык вось, прыхапілі сярод іншага мой дзёньнік, кажуць — пачытай нам, што там. Я ім: не імеіця права. Усьміхнуліся ветліва й аддалі нейкаму экспэрту, а той заміж каб паспрабаваць разблытаць мае фаналягічныя экзэрсысы — напісаў свой раман. Выклікалі мяне — на чытку. Далоні мокнуць, хвалююся. А як узяўся чытаць — рагачу, не магу спыніцца. Ня мой, кажу, дзёньнік. Рызыкаваць яны ня сталі, пачалі ламаць на стукача. Ня выйшла — прыкрылі ціха справу. Так гэтыя літаркі мяне ўратавалі! Мадэратар: Пара падсумоўваць. Вашыя апошнія словы на беларуска-гэбрайскую тэму, калі ласка. Ф.: 1930 год. Ідзе вучэбная часіна (па-расейску — урок) у менскай гэбрайскай пралетарскай школе №1. Настаўнік пытаецца: „Дзеці, якая векапомная падзея адбылася ў 1799 г.?“ — Памёр віленскі гаоні. — Сьціхні! Што тут за рэлігійная прапаганда!?.. Дзеці, у 1799 годзе нарадзіўся наш вялікі паэт Пушкін! А якая падзея адбылася ў 1812 годзе? — У нашага Пушкіна было бар-міцве5! Мадэратар: (Пачырванеў, сплюнуў на падлогу.) |
В.: Праўда — найлепшая глеба для разьвіцьця адносінаў. Сёньня наўрад ці абодва бакі гатовыя працягнуць рукі і сказаць адзін аднаму — прабачаем і просім аб прабачэньні. Але ўсё ж, у будучыні гэта быў бы файны крок. Мы не сваты і не браты. Проста людзі. Вось як людзі і давай трактаваць адзін аднаго. Мадэратар: Ура! Ваш час выйшаў, да новых сустрэч. За гэта кароткае сама-інтэрвію я не пасьпеў сказаць галоўнага. Цудоўная каляровая экзатычная птушка заляцела калісьці пад нашу беларускую шэрую страху. Яна прамаўляла штосьці сваё, а мы, беларускія людзі, кідалі ў яе каменьнем. Гэтая птушка даўно ўжо паляцела прэч, і толькі цяпер здолелі разабраць ейныя словы. Птушка гэтая, як вы пэўна здагадаліся, — гэбрайская культура. Яна яшчэ абавязкова вернецца, забыўшыся на старыя крыўды, каб дапамагчы беларусам дывэрсыфікаваць сваю культуру, пераадолець гравітацыю магутнай расейскай культуры, увесьці ў культурны зварот новыя імёны й канцэпты.
1 Encyclopaedia Judaica, Vol.14. Jerusalem, 1971, p.456 2 Я.Карскі. К вопросу об этнографической карте белорусского племени. ИОРЯС, т.VII, 1902, ст.219-234. Яго ж Белорусы. Т.1 Введение в изучение… С приложением двух карт. Варшава, 1903. 466 ст. Урыэль Вайнрайх. Геаграфічны лад беларускага ідыш// Форум. Інфармацыйна-культурны бюлетэнь. №4, 1996, ст.ст.24-37. 3 Hannah Kliger. Jewish Hometown Associations and Family Circles in New York. Bloomington, 1992, pp.76-78 4 Зьмітрок Бядуля. Рукапіс чарнакніжніка XVIII веку. „Вольны сьцяг“, Менск, 1921, №5, ст.ст.33-35. 5 Бар-міцве — габр. „муж абавязкаў“, назва для хлопчыка, старэйшага за 13 гадоў. [Ізраіль Басаў.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (8) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |