Віктар Сукенніцкі. Аб водгуку ў сэрцы
by абдзіраловіч · 13.02.2020
За колькі гадзінаў перад працэсам у палявым судзе, прызначаным на 13 сакавіка 1864 года, зьняволены ў былых дамініканскіх мурох, што ў Вільні, Кастусь Каліноўскі запатрабаваў паперу і прылады для пісьма. Спадзеючыся на тое, што ён вырашыў нарэшце даць паказаньні аб арганізацыі паўстаньня, ягонае жаданьне задаволілі. Каліноўскі пісаў усю ноч з 11 на 12 сакавіка (з 27 на 28 лютага паводле старога стылю) ня толькі „паказаньні” аб арганізацыі паўстаньня, але таксама і тэстамэнт для народных масаў. Напісаныя ў гэтыя дні Лісты з-пад шыбеніцы, патрапіўшы зь вязьніцы на волю, зрабілі сваю справу. Яны былі напісаныя па-беларуску і сканчаліся наступным чынам:
„Zpad szybienicy maskouskaj prychodzicca mnie pisać da was i moża astatni raz… Prymi, narodzie, pa szczyrości majo słowa pradśmiertneje… jak dzień z noczaj nia chodziać razam, tak i nawuka praudziwaja nie idzie razem z niewolaj maskouskaj, a pakul jana budzie u nas, niczoho nia budzie. Nia budzie praudy, nia budzie bahaćcia i nijakaj nawuki, adno nami, jak skacinaj, waroczać buduć nie dla dabra, a na pahibiel naszu.
Tamu, narodzie, jak tolki paczujesz, szto braty twaje zpad Warszawy wajujuć za praudu i wolnaść, tagdy i ty nie astawajsia zzadu, no, czapiuszy za szto zmożasz, za kasu, za tapor, i cełaj hramadoj idzi wajawać za swoje czeławieczaje i narodnyje prawa, za swoju wieru, za swoju ziamlu rodnuju. Bo ja tabie zpad szybienicy każu, narodzie, szto tolka tagdy zażywiesz szczaśliwa, kali nad taboj uże maskala nia budzie.
Twoj sługa, Jaśka, haspadar zpad Wilni”. (1)
Паказаньні для ўладаў былі напісаныя па-расейску і тлумачылі прычыны, якія справакавалі выбух паўстаньня ў Варшаве і Літве. Сканчаліся гэтыя разважаньні разглядам вынікаў мажлівага адрыву Літвы ад Польшчы і канчатковага, а не фармальнага злучэньня яе з Расеяй:
„Той, хто лічыць гэтую задачу для Расеі лёгкай, памыляецца і ўводзіць сябе ў зман. Сувязі, якія зьвязваюць нас з Польшай, так моцна ўгрунтаваныя ў традыцыях, звычаях і нават забабонах ва ўсіх сфэрах жыцьця, што разблытваньне і разарваньне іх, а таксама стварэньне чагосьці новага будзе патрабаваць шматгадовай, сыстэматычнай і разумнай працы. Скліканыя з усіх закуткоў Расеі агітатары анічога ў нас для справы аб’яднаньня ня здолеюць зрабіць, адно ашукаюць саміх сябе і ўладу, мэты не дасягнуць, а толькі прывядуць край, нават таго ня хочучы, да новых ахвяраў і трагедыі. Пакуль урад ня выкажа паразуменьня да памкненьняў адукаванага тутэйшага насельніцтва, слова „Расея” ня знойдзе водгуку ў сэрцы ліцьвінаў”. (2)
Ліст Каліноўскага быў неадкладна перададзены Мураўёву, у выніку чаго генэрал не зацьвердзіў вырак палявога суду, дамагаючыся замяніць расстрэл на павешаньне, што і было зьдзейсьнена пасьля другога судовага разгляду 22 сакавіка 1864 года на Лукішках.
Не выключаючы мажлівасьці таго, што Расея здолее калісьці заняць мейсца Польшчы ў сэрцах жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, Каліноўскі казаў пра патрэбу шматгадовай, сыстэматычнай, разумнай працы ў гэтым кірунку. Расейскія мерапрыемствы, будучы не заўсёды разумныя, двум астатнім патрабаваньням адпавядалі, што не магло ня даць канкрэтных вынікаў на працягу наступнага стагодзьдзя. Найбольш відочныя наступствы адчулі на сабе гэбраі.
У 1792 годзе віленскія гэбраі былі ня меншымі патрыётамі Рэчы Паспалітай, чым варшаўскія; у 1863 яны апынуліся „між двума агнямі” і пачалі вагацца паміж варшаўскай „маці” і пецярбурскім „бацькам”; у наступных жа дзесяцігодзьдзях, пад уплывам расейскай школы, гэбраі цалкам забыліся на сваю мінуўшчыну, саступіўшы чарам рускай літаратуры і імпэрскай вялікасьці, дый зрабіліся ў большай ці меншай ступені сьвядомымі апалягетамі Расеі. (3)
У сэрцах іншых жыхароў Вялікага Княства — беларусаў, ліцьвінаў і нават палякаў — працэс выцясьненьня Варшавы на карысьць Пецярбурга адбываўся значна павальней, але ж не бяз пэўных вынікаў. Адбывалася ўсё гэта адначасова з вылучэньнем расейцаў на дамінацыйную ролю ў рэвалюцыйным руху. Да 60-ых гадоў першынство ў ім „прыроджаных рэвалюцыянэраў” палякаў не падлягала сумневу; з гадоў 80-ых на чале руху зьяўляюцца расейцы, і да іх у той час схіляюцца сэрцы рэвалюцыйнай моладзі Вялікага Княства.
У 1867 годзе зь ініцыятывы Мазіні (Mazziniego) ў Швэйцарыі паўстала польская сэкцыя Ўсеагульнага Рэспубліканскага Альянсу (Powszechnego Aliansu Republikańskiego) — Ревалюцыйнае Вогнішча (Ognisko Rewolucyjne) — якая пісала ў праграмным звароце:
„Усе вы — сыны адзінай Маці-Айчыны, жыхары фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай Польшчы, Літвы і Русі, і толькі ва ўлоньні гэтай агульнай маці чакае вас сапраўднае шчасьце — свабода, роўнасьць і братэрства.”
У 1870 годзе ў Парыжы зьявілася выдавецтва пад трохмоўнай назвай: Zmowa — Kupos Susitarymas — Hromadzki Showor; у іншых польскамоўных рэвалюцыйных выдавецтвах, парыскай Pobudce і жэнеўскай Równości, былі літоўскі і беларускі аддзелы. Równość, аднак, выказвалася супраць нацыянальнага патрыятызму і на зладжаным ёй сьвяткаваньні 50-годзьдзя лістападаўскага паўстаньня, у адказ на дасланы Марксам і Энгельсам ліст, у якім сьцьвярджалася, што палякі заўжды былі галоўнымі змагарамі ў барацьбе за вызваленьне пралетарыяту, і які сканчаўся заклікам: „ Толькі б вярнуць даўні покліч: „Нех жые Польска!”, — Людвік Варыньскі прамаўляў:
„Калі надыдзе час нашага паўстаньня, то ўжо ня воклічы „Нех жые Польска” ці „Pereat Moskwa” будуць вітаць нас, а адзіны агульны для ўсяго пралетарыяту кліч „Хай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!”
Зрэшты, расейскія рэвалюцыйныя арганізацыі былі ня горшыя, а можа нават і лепшыя за польскія, і таму да іх пачалі гарнуцца рэвалюцыянэры з Вялікага Княства. У 1881 годзе Ігнат Грынявіцкі, сябра расейскай Народнай Волі, забівае Аляксандра II, а праз шэсьць гадоў браты Браніслаў і Язэп Пілсудскія забясьпечваюць аналягічную арганізацыю патрэбнымі хімікатамі для вырабу дынаміту.
Уплыў расейскіх эсдэкаў і эсэраў на створаныя пад узьдзеяньнем РРS у 1895-96 гадох літоўскую сацыял-дэмакратыю і беларускую Грамаду з часам стаў дамінацыйным. Працэс, распачаты ў гады Народнай Волі, завяршыўся ў 1917 годзе. З гэтага часу Расея зрабілася сымболем сусьветнай рэвалюцыі, Польшча ж пачала асацыявацца з памяркоўнасьцю, калі не з „рэакцыяй”. Расейская дзяржава ператварылася, прынамсі на словах, у „саюз” роўных народаў, у той час як польская дзяржава, намагаючыся стаць нацыянальным „маналітам”, адпрэчылася ад даўняй традыцыі Рэчы Паспалітай і пачала ставіцца да грамадзянаў-непалякаў як да больш ці менш дапушчальнай меншасьці, а не як да роўных у палітычных правох суграмадзянаў. Бадай, самае першае атаесамленьне ўсіх запар палякаў з „контррэвалюцыянэрамі” адбылося ў Менску ў 1917 годзе, калі усе спачуваючыя Польшчы элемэнты былі выключаны з заснаванага ў красавіку Беларускага Народнага Камітэту, пасьля чаго ад ягонага імя было абвешчана, што
„эканамічныя сувязі, дзякуючы адкрытым пасьля рэвалюцыі вялікім мажлівасьцям, лучаць нас з Расейскай Сацыялістычнай Фэдэратыўна-Дэмакратычнай Рэспублікай.У сувязі з гэтым Беларускі Народны Камітэт лічыць за абавязак папярэдзіць асобаў, якія, хаваючыся за беларускім гучаньнем сваіх прозьвішчаў, прапагандуюць аб’яднаньне з Польшчай ці нейкай іншай дзяржавай. Калі гэтыя асобы выступаюць ад імя Беларускага Народнага Камітэту, яны дзейнічаюць як правакатары.” (4)
Гэтая публічная дэклярацыя поўнай ляяльнасьці стасоўна рэвалюцыйнай Расеі, не прадухіліла, аднак, абвінавачваньня беларусаў у змове з контррэвалюцыйнымі палякамі супраць савецкага ладу, і таму скліканы напрыканцы сьнежня 1917 году Ўсебеларускі Кангрэс на працягу двух дзён быў разагнаны тагачасным старшынём ураду ў Менску, армянінам Мясьнікянам-Мясьніковым.
У гэты час, як сьцьвярджае Ўладыслаў Глінка ў Pamętniku z wielkiej wojny (т. 3, ст. 179-80), палякі ў Менску, абапіраючыся на корпус Dowbora, мелі пэўны намер захопу ўлады на Беларусі з мэтай далучэньня яе да „Каралеўства Польскага”, кіраванага на той час Рэгенцкай Радай. Аднак тыя намеры хутка былі адрынутыя, і калі, пасьля зрыву перамоваў у Бярэсьці ў лютым 1918 году, даўборцы спаборнічалі зь немцамі ў плянах захопу Менску, гаворка йшла насамрэч адно пра „ваенную здабычу”. Рэшткі раскватараваных у горадзе да пачатку студзеня атрадаў, а таксама досыць узбуйнелая POW зрабілі мажлівым для Польшчы фармальны выйгрыш гэтага спаборніцтва, і 21 лютага нямецкі дазор, які падыйшоў да Менску, быў сустрэты польскімі афіцэрамі, якія афіцыйна і перадалі горад немцам. А напярэдадні свайго сыходу зь яго на працягу некалькіх дзён палякі мусілі таксама перадаць і большую частку сваёй „ваеннай здабычы”, за выключэньнем хіба што расейскіх банкнотаў і каштоўных папераў, „заваяваных” на пошце, у казначэйстве і іншых службовых установах.
Няўжо з-за скрыні нікуды ня вартай паперы, урачыста перададзенай пазьней уладам у Варшаве, варта было псаваць кроў беларусам? Пасьля ўцёкаў Мясьнікова яны ж абвясьцілі сваю ўладу на Беларусі і прызналі ўсю дзяржаўную маёмасьць за „ўласнасьць беларускага народу”. Паколькі стасункі між польскамі і беларускімі атрадамі, сьпешна створанымі толькі што вызваленым з бальшавіцкіх засьценкаў К. Езавітавым, не былі варожымі, то „прыкры факт абрабаваньня беларускага народу” на некалькі мільёнаў рублёў „суседнім народам, які ня быў зь ім у стане вайны”, выклікаў 24 лютага пагрозьлівую ноту Народнага Сакратарыяту Беларусі, што абвясьціла „ўжываньне ўсіх мірных сродкаў абароны”. На наступны дзень палякі пакінулі Менск, немцы ж апантана заняліся былым домам губэрнатара.
На раней акупаваных тэрыторыях Вялікага Княства немцы гэтаксама рупліва працавалі над мажлівым пагаршэньнем беларуска-польскіх стасункаў. Напачатку Ludendorff не знайшоў тут беларусаў, але пазьней прыйшоў да высновы, што на самой справе іх вельмі шмат, але яны настолькі апалячаныя, што „мусіць прайсьці шмат часу, перш чым мы здолеем для іх штосьці зрабіць”. Апроч таго ён пачаў выдаваць (што праўда, ня вельмі папулярны) Homan, які ненадоўга стаў „газэткай, скіраванай адмыслова супраць палякаў і польскасьці ў краю” (Zeszyty Historyczne, № 28, стр. 101-2).
На тэрыторыі „новай акупацыі” ў Менску дачыненьні складваліся крыху інакш. Выключаныя зь беларускага прадстаўніцтва ў ліпені 1917 году прапольскія і „контррэвалюцыйныя” элемэнты вярнуліся да пашыранай Беларускай Рады і ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году прагаласавалі за выданьне Ўнівэрсалу аб незалежнасьці Беларусі і за яе разрыў з Расеяй. Затое прарасейскія і прасавецкія элемэнты рашуча выступалі супроць гэтага і таму, застаўшыся ў меншасьці, пакінулі Раду. Дзякуючы гэтым абставінам, Раду ўзначаліў Раман Скірмунт, які, маючы прыязныя кантакты зь нямецкай вайсковай уладай, здолеў дасягнуць становішча, амаль аналягічнага пазыцыям Скарападскага ў Кіеве ці Рэгенцкай Рады ў Варшаве, зь якімі ён таксама падтрымліваў добрыя стасункі. Пасьля паразы немцаў сытуацыя запатрабавала зьменаў, і таму былы рэдактар Homana Антон Луцкевіч зьмяніў Скірмунта на пасадзе кіраўніка выканаўчага камітэту, які з гэтага моманту пачаў называцца ўрадам. Пасьля няўдалай арганізацыі збройнага супраціву чырвоным войскам былі яшчэ спробы супрацоўніцтва з POW, аднак пазьней беларусы рашуча злучылі на пэўны час свой лёс з літоўскай антыпольскай Тарыбай, пры гэтым ігнаруючы ўсялякія прынцыпы агульнапрынятага канстытуцыйнага права.
Тэарэтычны Міністар па справах Нацыянальнасьцяў ва ўрадзе Луцкевіча, Восіп Варонка, стаў адначасна Міністрам Беларускіх Справаў ва ўрадзе Waldemarasa; шэсьць прадстаўнікоў Беларусі зь Віленшчыны і Гродзеншчыны: Вацлаў Ластоўскі, Дамінік Сямашка, Фалькевіч і Талочка, а таксама праваслаўны сьвятар Іаан Карчынскі і др. Р.Бялецкі — увайшлі ў склад Тарыбы, нягледзячы на тое, што некаторыя зь іх ужо былі сябрамі беларускай Рады; Міністар Абароны ва ўрадзе Луцкевіча, ген. Цыпрыян Кандратовіч, зрабіўся віцэміністрам абароны ва ўрадзе Waldemarasa, і, будучы на гэтай пасадзе, арганізаваў літоўскае войска на Ковеншчыне; адначасова яму падпарадкоўваўся і беларускі полк, сфармаваны ў Гародні, якой у літоўскай дзяржаве была абяцаная аўтаномія.
Там жа пачаў працаваць на пасадзе намесьніка Міністар Беларускіх Справаў Варонка, а таксама знайшлі прытулак Луцкевіч з некаторымі іншымі міністрамі свайго ўраду. Нягледзячы на тое, што Прэм’ер і Міністар Замежных Справаў незалежнай Беларусі мусіў быў знаходзіцца ў Гародні „ў якасьці прыватнай асобы”, „па дарозе” на Мірную Канферэнцыю, гэта не перашкодзіла яму высылаць з Гародні беларускія дыпляматычныя ноты ў вабарону нібыта папраных „сувэрэнных правоў беларускага народу на ягоныя тэрыторыі”. У трох нотах ад 15 сьнежня 1918 году, 2 і 3-га студзеня 1919 году, дасланых Міністру Замежных Справаў Рэчы Паспалітай Польшчы ў Варшаву, Луцкевіч „вельмі энэргічна і рашуча” пратэставаў супраць аб’яўленьня выбараў у Варшаўскі заканадаўчы Сойм у „этнічна і гістарычна беларускіх паветах — Беластоцкім і Бельскім”, супраць далучэньня да Польшчы „беларускага Аўгустоўскага павету Сувальскай губерні”, а таксама супраць выдадзенага 31 сьнежня ў Вільні ген. Wejtko загаду аб „усеагульнай мабілізацыі ўсіх мужчынаў ад 17 гадоў, у тым ліку і беларусаў”.
Пратэсты былі падмацаваныя абвяшчэньнем пачатку „вельмі істотных крокаў у змаганьні з польскім гвалтам”, роўна як і зварот да ўсіх вялікіх дзяржаваў „з просьбай абараніць цэласнасьць Беларусі ад польскага імпэрыялізму”. Згодна з гэтым, у ноце, датаванай у Гародні 8-м студзеня 1919 году, і адрасаванай „дыпляматычным прадстаўніцтвам Амэрыкі, Англіі, Францыі і Італіі” Луцкевіч інфармаваў, што беларускі народ „разам з Польшчай, якая яго падступна парабаціла”, больш за сто гадоў знаходзіўся пад прыгнётам Расеі; апісваў крыўды з боку Ўкраіны і Расеі, якія спазнала Беларусь пасьля Брэсцкай дамовы, каб урэшце дайсьці да скаргі на Польшчу, якая зьбіралася распачаць:
„крокі з мэтай захопу заходняй часткі Беларусі (Гарадзенскай і Віленскай губерняў) зь пераважнай колькасьцю там беларускага насельніцтва, пра што сьведчыла як афіцыйная статыстыка, так і незалежныя даваенныя навуковыя працы”.
Нота сьцьвярджала таксама, што, бачачы ў гэтым „парушэньне сувэрэнных правоў беларускага народу і замах на цэласнасьць і незалежнасьць Беларусі”, Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі накіравала тры ноты пратэсту да польскага ўраду, але, „ня маючы дастатковых збройных сілаў для падмацаваньня сваіх дыпляматычных крокаў і адпору варожым войскам”, „лічыць за неабходнасьць здацца пад апеку Вялікіх Дзяржаваў — Амэрыкі, Англіі, Францыі і Італіі, і просіць іх абараніць тэрыторыю Беларускай Народнай Рэспублікі ад разарваньня яе суседзямі”. Нягледзячы на тое, што ўсе гарадзенскія ноты Луцкевіча засталіся без адказу і не далі ніякіх практычных вынікаў, яны былі надрукаваныя ў брашуры К.Езавітава Беларусы і Палякі, Коўна, 1919, і сёньня сьведчаць супраць Польшчы ва ўсіх вялікіх бібліятэках сьвету.
З увагі на шчыльнае беларуска-літоўскае супрацоўніцтва, падмацаванае падтрымкай з боку прысутных яшчэ нямецкіх акупацыйных уладаў, усякая палітычная акцыя прапольскіх элемэнтаў была нялёгкай. Але, тым ня менш, у шэрагу мясцовасьцяў адбываліся сходы, мітынгі ці зьезды, на якіх гучала патрабаваньне аб’яднаньня з Польшчай. У абвешчаным у Коўне ў траўні 1919 году мемарыяле Беларуская справа ў часы Версальскай Мірнай Канфэрэнцыі, падвойны міністар Варонка прыгадваў „розныя самазваныя беларускія дэлегацыі”, якія дамагаліся ў Варшаве ці нават у Парыжы „далучэньня да Польшчы то тых, то іншых беларускіх частак Літвы”. Лічачы гэта дзяржаўным злачынствам, Варонка далей пісаў:
„Адна з гэтых дэлегацыяў пасьля зьдзяйсьненьня такога ганебнага чыну была выяўленая, і яе кіраўнік (К. Гадыцкі-Цьвірка) трапіў у турму.”
Гаворка ішла аб старшыні зьезду, што адбыўся 28-30 студзеня 1919 году ў Наваградку, Казіміры Цьвірка-Гадыцкім, які разам з сябрам вылучанай зьездам Рады Наваградзкай зямлі, палк. Аляксандрам Янсанам, здолеў у красавіку-траўні патрапіць у Варшаву, а адтуль у Парыж, дзе прапанаваў рэзалюцыі зьезду, якія сьцьвярджалі, што з прычынаў „эканамічных, палітычных і іншых” існаваньне незалежнай Беларусі немажлівае, і таму яна мусіць увайсьці ў хаўрус з кім-небудзь з суседзяў.
Улічваючы, што ані анархічная Расея, ані Ўкраіна і Літва, якія яшчэ не сфармаваныя і знаходзяцца пад чужым уплывам, ня здольныя да вырашэньня беларускіх „патрэбаў і нацыянальных запатрабаваньняў”, зьезд прызнаў, што толькі хаўрус з адроджанай дэмакратычнай Польшчай — а праз гэта і „з усімі дэмакратыямі Захаду” — будзе здольны, дзякуючы шматвекавой традыцыі суіснаваньня, прынесьці больш карысьці беларускаму народу і гарантаваць захаваньне ягонай саматоеснасьці. Пасьля абвяшчэньня ў Парыжы гэтых рэзалюцыяў, якія пазьней былі надрукаваныя ў дзёньніку сябра амэрыканскай дэлегацыі Dawida H. Millera (My Diary, t. 18, str. 230-2), Гадыцкі вярнуўся на радзіму, дзе быў арыштаваны беларуска-літоўска-нямецкімі ўладамі і пасаджаны ў вязьніцу спачатку ў Гародні, потым ў Коўне.
Аднак сталася так, што намаганьні дэлегацый зьездаў, мітынгаў і сходаў аказаліся на той час больш эфэктыўнымі, чым ноты Луцкевіча ці рэпрэсіі Варонкі, і вясной 1919 году польскія войскі, разам з дзьвюма літоўска-беларускімі дывізіямі, якія складаліся пераважна з тутэйшых добраахвотнікаў, апынуліся на захадзе Вялікага Княства. Напярэдадні захопу Гародні, які адбыўся 28 красавіка 1919 году, Варонка выехаў у Коўна, Луцкевіч у Бэрлін, а потым у Парыж, адкуль 8 траўня 1919 году ад імя Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі выслаў на імя Старшыні Мірнай Канфэрэнцыі ліст з пратэстам супраць акцыі польскіх войскаў. Ён сьцьвярджаў, што палякі, „пад выглядам змаганьня з бальшавізмам”, захапілі Гарадзеншчыну са згоды нямецкага ўраду і цяпер акупавалі:
„даўнюю сталіцу беларуска-літоўскай дзяржавы, Вільню, адкуль жыхары самі ўжо былі выгналі бальшавікоў”.
У лісьце выражаўся „найбольшы пратэст” супраць арганізаванага палякамі цывільнага кіраваньня на акупаваных беларускіх землях і падрыхтоўкі „ў цалкам ненармальных умовах” нібыта „волевыяўленьня” дарэшты змучанага народу. Луцкевіч скончыў свой ліст, таксама надрукаваны ў дзёньніку Міllera (t. 18, str. 382-3), наступным чынам:
„Мір на Ўсходзе мажлівы адно пры ўмове прызнаньня ўсіх новапаўсталых нацыянальных дзяржаўных арганізмаў і іх справядлівага разьмежаваньня паводле этнічных асаблівасьцяў. Захоп жа гэтай ці іншай часткі беларускай зямлі, хай нават падмацаваны згодай народу, атрыманай гвалтам, штыкамі і інтрыгамі, пакіне незагоеную рану і будзе прычынай зацятых нацыянальных войнаў, ствараючы на ўсходзе Эўропы новыя Балканы. Адказнасьць за такія вынікі справакаванай палякамі акцыі беларускі ўрад цалкам ускладае на польскі ўрад”.
Беларусы на радзіме не выяўлялі згоды з поглядамі Луцкевіча. Пасьля абвяшчэньня адозвы Пілсудзкага „Жыхарам былога ВКЛ”, Віленская Беларуская Рада, зь якой Луцкевіч і быў абраны на беларускага прэм’ера, накіравала да „Яго Міласьці Грамадзяніна Пілсудзкага, Галоўнакамандуючага Польскім Войскам” дэклярацыю, у якой між іншым пісала:
„Віленская Беларуская Рада, а таксама розныя мясцовыя рады, роўна як і Рада Беларускай Рэспублікі, да канца змагаліся за вызваленьне беларускага народу з чужынскае няволі; аднак не перамаглі ў гэтым змаганьні і мусілі саступіць гвалту ворагаў беларускага народу, якія цяпер абвясьцілі па-за законам усіх дзеячоў беларускага адраджэньня. Цяпер прыйшоў новы час і адчыніў новую старонку беларускага адраджэньня. Да Вільні і іншых зямель Беларусі прыйшлі і йдуць далей польскія войскі, абвяшчаючы ад імя Вашай Міласьці свабоду і права для ўсіх жыхароў беларускай зямлі і Літвы. Віленская Беларуская Рада хоча верыць, што гэтая дэклярацыя аб усеагульнай свабодзе будзе пэўна ўведзеная ў жыцьцё і што беларускі народ, які так моцна пацярпеў ад нямецкага і бальшавіцкага прыгнёту, нарэшце адпачне і знойдзе мажлівасьць адрадзіць незалежнасьць сваёй айчыны.
Віленская Беларуская Рада мае надзею, што Ваша Міласьць дапаможа віленскай і іншым беларускім радам аб’яднаць усю Беларусь і адбудаваць яе як незалежную дзяржаву, блізкую і прыязную да Польшчы, якая лепей за іншыя нацыі ведае, як цяжка жыць у няволі і быць падзеленай на часткі.
Рада просіць Вашу Міласьць, каб:
1) па ўсіх пытаньнях беларускай справы зьвяртацца толькі да Рады;
2) даць Віленскай Радзе мажлівасьць свабоднага кантактаваньня з усімі правінцыйнымі беларускімі радамі;
3) даць мажлівасьць склікаць разагнаную бальшавікамі Раду Беларускай Рэспублікі, якой, пакуль ня будзе скліканы Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм, павінна належаць уся ўлада на Беларусі.”
За некалькі дзён перад падрыхтоўкай у Вільні гэтай дэклярацыі, якая захоўваецца ў наш час у актах Adiutantury Generalnej у інстытуце Пілсудзкага ў Ню-Ёрку (т. 16, ст.744), прадстаўнікі польскай народнасьці Вялікага Княства Браніслаў Крыжаноўскі, Леон Любеньскі і Казімір Рыбіньскі, будучы ў Парыжы, уручылі Падарэўскаму для перадачы Пілсудзкаму свае „Pro Memoria у справе Літвы” (ibidem, t.56, str. 728). Зыходзіла яно з канцэпцыі,
„што мяжа былога ВКЛ зьяўляецца адначасна і этнаграфічнай мяжой беларускай нацыянальнасьці, адзінай стратэгічнай мяжой ад усходу і ахоплівае асаблівую эканамічную сукупнасьць” —
і ўтрымлівала наступныя пункты:
1) Прынцыповым жаданьнем польскага народу Літвы і Белай Русі зьяўляецца тое, каб землі былога Вялікага Княства Літоўскага не ўвайшлі ані цалкам, ані часткова ў склад Расеі ці Нямеччыны;
2) Гэтыя землі павінны быць як мага шчыльней зьвязаныя з Польшчай. З гэтых зямель мусіць быць утворана асобная дзяржава, назаўсёды злучаная з Польшчай.
3) У літоўскай дзяржаве павінна быць абумоўлена поўная роўнасьць мясцовых нацыянальнасьцяў і іх моваў…”
Пасьля абмеркаваньня ў наступных пунктах пэўных дэталяў арганізацыі „хаўрусу польскай і літоўскай дзяржаваў” і адмовы Тарыбе і „ўсялякім іншым ворганам, створаным немцамі ці расейцамі” ў праве рэпрэзэнтаваць мірнае насельніцтва, Pro Memoria заяўляла ў апошнім пункце:
„ Калі ж справа ня дойдзе да ўтварэньня хаўрусу Польшчы з гістарычнай Літвой і калі паўстане праект этнаграфічнай літоўскай дзяржавы, не зьвязанай з Польшчай, тады варта імкнуцца да ўключэньня польскай часткі Літвы зь Вільняй у склад Польшчы і да шчыльных сувязяў Беларусі з польскай дзяржавай”.
Прынцыповай розьніцы паміж беларускай віленскай дэклярацыяй і польскім парыскім Pro Memoria не было, і пры жаданьні абодвух бакоў не выключалася мажлівасьць знайсьці кампрамісныя вырашэньні. Аднак ня ўсе палякі падзялялі прынцыпы аўтараў Pro Memoria, і розьніца ў іх поглядах на дачыненьні зь беларусамі была ня меншая, чым розьніца паміж беларусамі ў пытаньнях стасункаў з Польшчай.
У Парыжы Луцкевіч не дасягнуў значных посьпехаў. Гэта быў пэрыяд посьпеху белых расейскіх генэралаў, і заходнія дзяржавы мелі намер фармальна прызнаць Калчака на ўмовах, якія былі сфармуляваныя ў ноце ад 26 траўня.
Адной з умоваў было прызнаньне аўтаноміі Эстоніі, Латвіі і Літвы, а таксама „каўкаскіх і закаспійскіх тэрыторыяў” і згоды на сувязі, якія ўсталююцца паміж дзяржавамі і існымі на іх тэрыторыях урадамі de facto. Адказ Калчака, у якім ён выказаў гатоўнасьць да вырашэньня спраў „нацыянальных груп” на прыгаданых тэрыторыях на ўмовах аўтаноміі, межы і варункі якой былі б вызначаны ў кожным паасобным выпадку, быў прыняты, і 12-га чэрвеня дзяржавы пагадзіліся прызнаць Калчака. Гэта стала паразай для нацыяў, якія прагнулі цалкам адпрэчыцца ад Расеі, і 18 чэрвеня кіраўнік латвійскай дэлегацыі ў Парыжы З.А.Мееровіч скіраваў да Вільсана падпісаную напярэдадні дэклярацыю прадстаўнікоў сямі зацікаўленых „нацыянальных груп”, якая сьцьвярджала, што рэпрэзэнтаваныя імі рэспублікі паўсталі згодна з правамі нацыяў на самавызначэньне і ўяўляюць сабой незалежныя і сувэрэнныя дзяржавы, дачыненьні якіх з Расеяй ня могуць рэгулявацца рашэньнямі расейскіх дзяржаўных ворганаў. Просьба аб неадкладым прызнаньні Мірнай Канфэрэнцыяй і ўсімі вялікімі дзяржавамі іх палітычнай незалежнасьці дапаўняла гэты мякка сфармуляваны пратэст супраць пазыцыі заходніх дзяржаў (5).
Пад дэклярацыяй не было подпісу прадстаўніка Літвы, пра якую шмат разоў вялася гаворка ў перапісцы дзяржаваў, затое яе падпісалі прадстаўнікі ўрадаў Украіны і Беларусі, дзяржаваў, якія ўвогуле не прыгадваліся. Разам з подпісам пад лістом ад 8 траўня, подпіс пад калектыўнай дэклярацыяй ад 17 чэрвеня ўяўляе сабой, бадай, адзіны сьлед побыту Луцкевіча ў Парыжы, які захоўваецца ў зборах дакумэнтаў Мірнай Канфэрэнцыі. Скажэньне ягонага прозьвішча пад нотай — Antoine de Contschevitch (a Antoine de Loutckеvich — пад дэклярацыяй) — сьведчыць, што яно не было вельмі папулярным.
Палітычная акцыя беларусаў на „акупаванай палякамі” радзіме была больш пасьпяховая, чым у Парыжы. Адразу пасьля захопу Гародні да Пілсудзкага зьявіўся Аркадзь Смоліч, аграном па прафэсіі, былы кіраўнік адзьдзелу асьветы ў першым Сакратарыяце Варонкі ў лютым 1918 году, пасьля супрацоўнік Скірмунта падчас акупацыі і Міністар Сельскай гаспадаркі ва ўрадзе Луцкевіча. У Варшаве не асабліва ведалі, хто гэта такі, але як „прадстаўнік беларусаў” Смоліч аўдыенцыю атрымаў. Добрага ўражаньня не пакінуў: у лісьце да Леона Васілеўскага ад 4 траўня Пілсудзкі пісаў, што „нехта Смоліч” быў „згаворлівы і схільны да згоды, зрэшты, лёгка балянсаваў, як і ўсе слабыя, паміж „усё” і „трошачкі” (6).
Тады ж, 4 траўня, Пілсудзкі пісаў пра беларускія справы ў лістах да Падэрэўскага ў Парыж і генэрала Шаптыцкага ў Ліду, галоўным чынам пра беларускі полк, які, нягледзячы на патрабаваньні Коўна, не адыйшоў зь немцамі з Гародні, але:
„у часе ўрачыстасьцяў пасьля заняцьця Гародні праходзіў парадным шыхтам перад нашым генэралам побач з польскімі батальёнамі,… пагадзіўшыся на тое, каб падчас свайго побыту ў Гародні падпарадкоўвацца польскаму камандаваньню, пакідаючы за сабой адзінае права падтрымліваць стасункі з Коўнам, як са сваім цэнтрам”.
Полк быў не вялікі: „разам з 5 ці 6 палкоўнікамі summa summarum 400 чалавек”, сярод якіх, паводле дадзеных польскай выведкі за сакавік, было „30% бальшавікоў, на той час замаскаваных” (Adj. Gen., t. 15, str. 626). Пасьля кароткага ваганьня Пілсудзкі вырашыў не раззбройваць і не высяляць полк з Гародні; аднак, калі палякі даведаліся аб загадзе з Коўна арыштаваць і адправіць у Літву некалькі афіцэраў палка, асобы, якія хацелі зрабіць гэта, былі арыштаваныя з тым, каб абмяняць іх на Цьвірку-Гадыцкага і іншых беларусаў, зьняволеных у Коўне за спрыяньне Польшчы.
На пачатку чэрвеня было вырашана перавесьці полк да Слоніма, каб ускладніць ягоныя кантакты з Коўнам; калі гэта напаткала пратэст, польскія ўлады былі вымушаны полк расфармаваць і раззброіць без актыўнага супраціву зь ягонага боку. Частка жаўнераў падалася ў Коўна, частка разьмясьцілася ў лягеры ў Szczypiornie, рэшта вярнулася дадому ці ўступіла ў польскае войска.
7-8 чэрвеня, зь ініцыятывы Віленскай Беларускай Рады, у Вільні адбыўся зьезд беларускіх дзеячоў віленшчыны і гародзеншчыны. Рэзалюцыі, ухваленыя зьездам, між іншым, патрабавалі
„ад народаў усяго сьвету, ад вялікіх дзяржаваў і ад усіх, хто кіруе ў нашым краі, каб Беларусь была непадзельная і каб ніхто з суседзяў не асьмельваўся, карыстаючыся нашай часовай слабасьцю, адрываць і далучаць да сябе беларускія землі… Беларускі народ мусіць жыць у адзінай вялікай 12-міліённай сям’і на сваёй зямлі, падзяляючы разам агульную долю й нядолю. Рада Рэспублікі, будучы сапраўдным упаўнаважаным прадстаўніком усёй Беларусі, павінна як найхутчэй нанова пачаць сваю пачэсную працу над адраджэньнем беларускае дзяржаўнасьці…”.
У іншых рэзалюцыях зьезд выказваўся наконт дачыненьняў Беларусі зь яе суседзямі, катэгарычна пратэставаў супраць падказанага ў карэспандэнцыі дзяржаў з Калчаком „вырашэньня беларускай праблемы”, але з гаспадарчага і гістарычнага гледзішча, а таксама з увагі на тое, што Вільня ёсьць „асяродкам усяго краю”, лічыў
„пажаданай адбудову агульнай беларуска-літоўскай дзяржавы, у якой усе нацыі мелі б гарантыю самастойнасьці і свабоды пры вялікай згодзе і эканамічнай лучнасьці”.
Зьезд палічыў пажаданым таксама „шчыльны эканамічны і палітычны саюз з дэмакратычнай латыскай нацыяй, што суседнічае з намі і разумее нашыя патрэбы і мэты”; дачыненьні ж з Польшчай агаварыў у асобным пункце:
„Зьезд верыць, што польскі народ, які так доўга цярпеў уціск, а потым здабыў сабе незалежнасьць, лепей зразумее нашую прагу дзяржаўнай незалежнасьці і свабоды. Зьезд вітае адозву Маршала (Naczelnego Wodza W.P) Ёзэфа Пілсудзкага аб адбудове свабоднай беларуска-літоўскай дзяржавы. Зьезд верыць у шчырасьць адозвы і яе аўтара, які заўсёды бараніў інтарэсы дэмакратыі. Зьезд верыць таксама, што адозва будзе ажыцьцяўляцца і што польская дэмакратыя падчас польскае акупацыі ня скрыўдзіць інтарэсаў беларускага вясковага люду і такім чынам закладзе грунт пад прыязныя стасункі паміж абодвума народамі ў будучыні”.
Прызнаючы патрэбу „надзвычайных намаганьняў, каб вызваліць усю Беларусь аж да яе ўсходніх межаў ад маскоўскай няволі”, зьезд выказаўся за хутчэйшую арганізацыю „беларускага нацыянальнага войска”, а дзеля гэтага заснаваў Цэнтральную Беларускую Раду Віленшчыны і Гародзеншчыны. Пасьля сфармаваньня Цэнтральная Рада большасьцю галасоў прызнала польскія атрады за „прыяцельскія войскі, дзякуючы якім частка Беларусі была вызваленая ад бальшавіцкае навалы”, заявіла, што „мэта яе — распачаць у паразуменьні з Польшчай працу над адраджэньнем беларускай дзяржаўнасьці”, і вырашыла зьвярнуцца да Пілсудзкага
„ з просьбай дапамагчы ў стварэньні нацыянальнага беларускага войска, якое сваім збройным чынам, плячо да пляча з войскам польскім выцісьне ворага з тых беларускіх абшараў, якія пакуль знаходзяцца ў руках непрыяцеля. Зь іншага боку, — казала далей ухвала Цэнтральнай Рады, — уважаючы на раўнапраўе народаў з былых абшараў ВКЛ, Рада рэкамэндуе стварэньне такога краёвага кіраваньня, якое б гарантавала захаваньне інтарэсаў усіх нацыяў і ў якое ўваходзілі б прадстаўнікі ўсіх народаў, што засяляюць тэрыторыю Літвы і Беларусі. Рада дазваляе сабе выказаць упэўненасьць у тым, што дзякуючы агульным збройным намаганьням і дапамозе з боку Польшчы, адродзіцца незалежная і непадзельная Беларуская Дзяржава, якая здолее забясьпечыць свабоднае культурнае разьвіцьцё дасюль зьняважанай беларускай нацыі” (Adj. Gen., t.16, str. 972 i 994).
Беларускія эсэры былі супраць гэтай ухвалы, і пасьля яе прыняцьця іх прадстаўнік Душэцкі пайшоў з пасады Старшыні Цэнтральнае Рады, на якую быў адзінагалосна абраны Браніслаў Тарашкевіч.
28 ліпеня 1919 году Пілсудзкі прыняў Тарашкевіча, П. Алексюка, Кахановіча і Кушнева, якія ад імя Цэнтральнае Рады прасілі яго
„прыкласьці ўсе мажлівыя намаганьні, каб спрычыніцца да рэальнага будаваньня беларускай дзяржаўнасьці, узяць на сябе адваёву і аб’яднаньне беларускіх земляў і абараніць незалежнасьць і цэласнасьць беларускае нацыі ад анэксіі зь якога-колечы боку…(што) прынясе абодвум народам толькі карысьць, бо закладзе моцны падмурак будучага жыцьця ў згодзе і прыязнага збліжэньня”.
Адначасова беларускія дэлегаты склалі выпрацаваны імі праект асноўных прынцыпаў арганізацыі беларускага войска ў Польшчы. Ён прадугледжваў стварэньне праз Цэнтральную Раду „Вайсковай Камісіі з мейсцам побыту пры Вярхоўным Камандаваньні Войска Польскага”, якая мусіла кіраваць „нацыянальным выхаваньнем беларускага войска” і аб’яднаць „сукупнасьць прац, зьвязаных з дапамогай беларускаму жаўнеру беларускім грамадзтвам”. На прапанову гэтае Камісіі ці зь яе згоды Вярхоўны Галоўнакамандуючы Войска Польскага павінен быў прызначыць „Камандуючага Беларускага Войска” і іншых афіцэраў, а таксама, мажліва, іх з таго войска „звальняць”. Спэцыяльны пункт агаворваў:
„Беларускае войска можа ваяваць толькі на беларускім фронце і ня можа быць выведзена з тэрыторыі Беларусі” ( Adj. Gen., t. 18, str. 1269).
Падчас побыту ў Варшаве беларуская дэлегацыя накіравала ў польскую прэсу грунтоўную дэклярацыю, у якой, між іншым, пісала:
„Разумеем, што прычынай, якая прывяла польскае войска на нашую радзіму, было стварэньне пляцдарму на землях былога ВКЛ для абароны Рэчы Паспалітай Польшчы ад прагнасьці Масквы. Палітыка гэтай дзяржавы была дагэтуль і, трэба меркаваць, доўга яшчэ застанецца варожай беларускай дзяржаўнасьці. Адсюль вынікае, што інтарэс Польшчы ёсьць і нашым інтарэсам. Такім чынам, гэтая супольнасьць інтарэсаў дае нам мажлівасьць будучую працу па аднаўленьню цэласнай і незалежнай Белай Русі закладаць на падмурку згоды з польскай нацыяй. Такое паразуменьне… лічым пажаданым і карысным для абодвух народаў… лічым неабходным падкрэсьліць, наколькі згубным для абодвух народаў было б вырашэньне польска-беларускай праблемы па задумцы анэксіяністаў. Гэтак разумеючы справу, прыехалі мы да Кіраўніка Польскае Дзяржавы. З роспаччу, аднак, мусім заўважыць, што канцэпцыя анэксіі прыцягвае на свой бок усё больш прыхільнікаў…” (Kurier Polski, Nr 191 z niedzieli 27.VII.1919).
Праз няпоўных два тыдні, 8 жніўня, польскае войска без беларускай дапамогі „выціснула ворага” зь Менску. Гэта выклікала рэзкі пратэст Варонкі, а таксама зьмену паводзінаў Луцкевіча. „Як Міністар Беларускіх Справаў і адзіны рэальны беларускі прадстаўнік у Літоўскай Радзе Дзяржавы” Варонка выслаў з Коўна 17 жніўня ліст, адрасаваны „ўрадам ЗША, Вялікай Брытаніі, Францускай Рэспублікі, Італіі і іншых дзяржаваў Антанты”, абвінавачваючы іх, „а асабліва Францыю” ў выдачы „на здабычу польскім гайдамакам залітай крывёй, спляжанай і галоднай беларускай зямлі”. Напрыканцы Варонка пісаў:
„Лічу, што шматмільённы сялянскі беларускі народ мае аднолькавыя з народамі Армэніі, Сэрбіі ці Бэльгіі правы, каб ім зацікавіліся і справядліва да яго ставіліся, і што прынцып крыві і жалеза, ужыты польскімі легіянэрамі з дапамогай францускіх шабель, пазасталых пасьля вялікай вайны, ня схіліць беларускі народ да прызнаньня польскага фэадальнага права на беларускую зямлю. ПРЭЧ ЗА НАРВУ!” (7)
У Менску пазыцыю Варонкі не падзялялі. Dzwon, які пачаў там выходзіць пад рэдакцыяй Янкі Купалы, пісаў у 3-ім нумары, што слаўная мінуўшчына „сьведчыць, што Беларусь, Літва і Польшча заўсёды складалі адзіную палітычную еднасьць”, а рэдагаваная Старшынём Беларускае Рады Я.Лёсікам Belarus, Nr 44 выказвала глыбокую надзею на тое, што
„Беларусь паразумеецца з польскім народам, нягледзячы на ўсялякія перашкоды, якія ёй ствараюць польскія імпэрыялісты і тутэйшыя паны — уладальнікі маёнткаў” (цытаты з F. Turuk, Belorusskoe dwiżenje, Moskwa, 1921, str. 51).
Зважаючы на мясцовыя настроі, Луцкевіч яшчэ ў ліпені пачаў шукаць кантакты з палякамі ў Парыжы і атрымаў кароткую, але прыязную размову з Падэрэўскім. Падэрэўскі яшчэ ў студзені 1918 году ў дакладной цыдулі для Вільсана прадбачыў стварэньне „Каралеўства Польскага”, аб’яднанага з „каралеўствамі” польскім, літоўскім і галіцкім (Zeszyty Historyczne Nr 26, str. 179), аднак быў напярэдадні ад’езду ў Польшчу і таму прапанаваў працягнуць размову ў Варшаве. Гэта ня сьведчыла аб заняцьці ім прабеларускай і антырасейскай пазыцыяў, бо ў той самы час ён выслаў міністру Сазонаву, які рэпрэзэнтаваў у Парыжы ўрад Калчака, згоду на ўтварэньне ў Варшаве расейскага прадстаўніцтва; арыгінал ліста Падэрэўскага да Сазонава ад 17.VII.1919 году знаходзіцца ў архіве M. Giersa, які захоўваецца ў Інстытуце Hoovera.
Луцкевіч жа надаваў „запрашэньню” Падэрэўскага асаблівае значэньне, у той час як яно стварала адно выгляд польскае ініцыятывы. Так і адбылося, у Варшаве Луцкевіча не чакаў гасьцінны прыём. Ужо ў Парыжы ён меў клопат з атрыманьнем мейсца ў цягніку і пазьней у публічным інтэрвію абвінаваціў тагачаснага пасла ў Францыі Марыюша Замойскага ў стварэньні перашкодаў, якія сьведчылі, „што Народная Дэмакратыя выступае супраць польска-беларускага паразуменьня; яна жадала б дзяліць нашу скуру разам з Дзянікіным”.
Не памыляючыся, мажліва, у галоўным, у гэтым канкрэтным выпадку Луцкевіч быў на памылковым шляху. Зрэшты, цяжкасьці ў Парыжы былі не вялікія, і ўжо 1 верасьня Луцкевіч прыбыў у Варшаву, дзе было значна горш. Перадусім, ён не сустрэў Падэрэўскага, які ў той самы дзень ад’ехаў назад у Парыж; да таго ж, ніводная з асобаў, да якіх ён зьвяртаўся, не жадала зь ім увогуле размаўляць. Аляксандра Бэргман у краёвым Przeglądzie Historycznym, 1974, str. 678, цытуе наступны запіс ад 4 верасьня ў Diariuszu M Касакоўскага, які на той час прадстаўляў у Варшаве Цывільны Ўрад Усходніх Земляў:
„Прыехаў Луцкевіч і запісаўся ў Замак (Падэрэўскага) — яго не прынялі. Прыйшоў да Міністэрства — там ні аб чым ня ведаюць. Зноў пайшоў да Замка, аднак даведаўся, што міністар Падэрэўскі зьехаў у Парыж. Вярнуўся ў МЗС разьюшаны, абражаны, і тады МЗС зьвярнулася да Генэральнага Камісара (Z.W.) з просьбай аб парадзе, як ад яго пазбавіцца”.
Цалкам мажліва, што тая характарыстыка, якую даў на Луцкевіча добра знаёмы зь ім віленскі дэмакрат Браніслаў Крыжаноўскі, і справакавала тыя цяжкасьці, якія Луцкевіч напаткаў у Варшаве.
Крыжаноўскі быў на той час у Парыжы ў якасьці амысловай даверанай асобы Кіраўніка Дзяржавы і ўраду і дасылаў пісаныя ад рукі пад капірку лісты, прызначаныя для Пілсудзкага, Падэрэўскага і Скажыньскага. Даведаўшыся, што Луцкевіч зьбіраецца ў Варшаву, Крыжаноўскі палічыў патрэбным выслаць 26 верасьня наступную ягоную характарыстыку:
„Чалавек гэты вельмі хітры, фальшывы, спакойны, ветлівы і разумны… Не ведаю, якім коштам, грашамі ці пашанай, можна было б перацягнуць яго на свой бок, але, на мой погляд, ён заўсёды ў рэшце рэшт ашукае і здрадзіць палякам ды пойдзе разам з нашымі ворагамі” (Adj. Gen. t. 19, str.1407).
З гэтых ці іншых прычынаў амаль два месяцы жыцьцё Луцкевіча ў Варшаве было цалкам бясплённым, сытуацыю пагоршыла яшчэ й тое, што адзіным ягоным пасьведчаньнем асобы быў дыпляматычны пашпарат БНР, афіцыйна Польшчай не прызнанай, і таму адміністрацыйныя ўлады пачалі аспрэчваць ягонае права на жыхарства ў Варшаве. Сытуацыя здолела зьмяніцца толькі пад канец кастрычніка, калі беларускія справы зрабіліся для Пілсудзкага надзённымі.
У апублікаваным у 1962 годзе ў Лёнданскай Niepodległości (t. 7, str. 69) лісьце да Асмалоўскага, Пілсудзкі пісаў:
„Быў тут у мяне Рачкевіч, прысланы панам Луцкевічам па беларускай справе наконт канфліктаў і спрэчак, узьніклых у Менску”.
Дата гэтага ліста не дакладная: у тэксьце ён датаваны „Бельвэдэр, дн. 21.1Х.1919”, у загалоўку — „(21 лістапада 1919)”. Думаю, што абедзьве даты памылковыя; ліст ня мог быць напісаны ў верасьні, бо ў ім прыгадваецца размова зь італьянскім паслом, які прыехаў у Варшаву 6 кастрычніка; 19 лістапада выбухнуў крызіс габінэту Падэрэўскага, і Пілсудзкаму было ў той час не да „канфліктаў і спрэчак, узьніклых у Менску”. Верагодней за ўсё, ліст быў напісаны недзе 21 кастрычніка, калі беларускія справы зрабіліся асабліва актуальнымі ў Варшаве.
7 верасьня ў Вільні адбыліся выбары ў Мясцовую Раду. Галасавала каля 50.000 чалавек, зь іх за беларускі сьпіс — 400. Літвіны на выбары не зьявіліся, польскія ж дэмакраты і сацыялісты панесьлі паразу, атрымаўшы ўсяго толькі 6% галасоў і 3 мандаты. Абсалютную большасьць, 65% галасоў атрымаў сьпіс „хрысьціянска-нацыянальны”, „анэксійны” і непрыязны да „ня-польскіх мяншыняў”; за гэбрайскія сьпісы было пададзена каля 28% галасоў. Вынікі выбараў сталіся паразай для Цэнтральнай Беларускай Рады зь сядзібай у Вільні, затое ў Менск пачалі зьбірацца выбітныя беларускія дзеячы, як, прыкладам: Старшыня былой Рады Я.Лёсік, Рак-Міхайлоўскі, Смоліч, Родзевіч і іншыя (Adj. Gen., t. 18, 1773). Пасьля ўсталяваньня кантактаў з мясцовымі польскімі ўладамі яны распачалі палітычную дзейнасьць і 19 верасьня накіравалі Пілсудзкаму ліст, у якім ад імя „Дэлегацыі Канвэнту Сэньёраў Рады БНР” зьвярталіся
„ў асобе Вашай Міласьці да польскага народу і польскага ўраду з просьбай аб згодзе на:
а) аднаўленьне на тэрыторыі Беларусі, занятай польскім войскам, дзейнасьці дзяржаўных ворганаў БНР — Рады Рэспублікі і яе ўраду;
б) паступовую перадачу цывільнай улады беларускаму ўраду, неадкладную перадачу справаў асьветы, у самы бліжэйшы час — адміністрацыі і справаў гарадзкой гаспадаркі;
с) выдаткаваньне польскім урадам для беларускага ўраду пэўнай пазыкі, да часу, пакуль урэгулююцца ўласныя фінансы Рэспублікі;
д) арганізацыю рэспубліканскага войска ў кантакце з Польскім Штабам для абароны ўсходніх межаў і вызваленьня ад маскалёў рэшты Беларусі” (Adj. Gen., t. 19, str. 1596).
Ініцыятыва Менску была канкурэнтнай стасоўна папярэдніх ініцыятываў Цэнтральнай Рады, польскія ж улады былі хутчэй схільныя прызнаць за беларускі цэнтар ня Вільню, а Менск, куды таксама быў высланы як палітычны сувязны з беларусамі Сільвестар Ваяводзкі, які на пачатку кастрычніка пачаў выдаваць часопіс Zor’ka, дзе прапагандавалася польска-беларускае супрацоўніцтва. Занепакоеная разьвіцьцём сытуацыі, Цэнтральная Рада ў сярэдзіне кастрычніка вырашыла выслаць у Варшаву дэлегацыю ў складзе П. Алексюка, палк. Канапацкага, меркаванага на пасаду „Начальніка Беларускага Войска”, Якубоўскага і Ант. Аўсяніка (Kurier Polski, Nr 279), для мажлівага ўлагоджваньня ўзьніклых непаразуменьняў і ўзгадненьня беларускай акцыі. Вось калі беларускія справы дайшлі да Пілсудзкага і зрабіліся для яго надзённымі.
Выслухаўшы выкліканага зь Менску Рачкевіча і Луцкевіча, які паінфармаваў аб прынцыпах сваёй палітыкі ў беларускай справе, Пілсудзкі вырашыў пагадзіцца на арганізацыю беларускіх атрадаў і вызначыў Вайсковую Камісію зь ліку беларусаў як зь Вільні (Алексюк, Аўсянік), так і зь Менску (Рак-Міхайлоўскі). Вэрсія, выкладзеная Луцкевічам у 1920 годзе ў брашуры Польская акупацыя на Беларусі (стр. 5) была ў асноўным згодная са зьместам ліста Пілсудзкага да Асмалоўскага; ліст зьяўляецца сапраўднай гістарычнай крыніцай, бо ўтрымлівае ў сабе тагачасныя погляды Пілсудзкага на „беларускае пытаньне”: Пілсудзкі лічыў яго „вельмі слабым”, „найменш падрыхтаваным”, „найменш угрунтаваным на традыцыі” ў параўнаньні з маючымі „большую вартасьць” украінскім і прыбалтыйскімі пытаньнямі.
У той міжнароднай сытуацыі, калі нават гэтыя апошнія праблемы „вырашаюцца з такой цяжкасьцю”, казаў Пілсудзкі Луцкевічу, „я не магу браць на сябе рашэньне беларускай праблемы, а таксама яму ня раю гэтага рабіць”. Пакуль, на думку Пілсудзкага, неабходна засяродзіцца на стварэньні чагосьці накшталт беларускага Piemonta і адмовіцца да пэўнага часу ад усялякіх гучных палітычных заяваў, якія цяпер могуць адно пашкодзіць справе”. Толькі
„ў той момант, калі Ўкраіна і Прыбалтыка прыйдуць у рух і моцна стануць на ногі, зьявіцца падстава і для адпаведнага наладжваньня беларускай справы; тады прыйдзе час для ўсялякага роду палітычных выступаў. Да тае ж пары мусіць быць падрыхтаваны зыходны пункт хаця б у выглядзе малога Piemontu для адраджэньня.
„Перакладаючы гэтыя гучныя словы на звыклую мову”, Пілсудзкі раіў Луцкевічу:
а) Адступіць з пазыцыяў Рады Незалежнай Беларускай Рэспублікі на пазыцыю Беларускай Нацыянальнай Рады.
б) Заняцца школьнымі, арганізацыйнымі справамі і падрыхтоўкай да выбараў.
Нягледзячы на тое, што разважаньні Пілсудзкага і ягоныя „парады” былі бясспрэчна „разумныя”, сумнеўна тое, што сам Пілсудзкі пагадзіўся б зь імі ў дачыненьні да Польшчы, пачуўшы такое некалькіма гадамі раней з вуснаў якога-небудзь дзяржаўнага дзеяча. „Спакойны, ветлівы і разумны” Луцкевіч мусіў быў паабяцаць Пілсудзкаму „прыслухацца да ягонай парады” і з гэтым мусіў быў выехаць у Менск. У сапраўднасьці ж усё абярнулася інакш. У лісьце да Падэрэўскага, які вярнуўся ў Варшаву з Парыжу 20 кастрычніка, Луцкевіч пісаў 27-га, што ягоны візыт „да Пана Маршала практычных вынікаў ня меў”, апроч, можа, “загаду аб фармаваньні Беларускага Войска, што аніяк ня меў на ўвазе закладаць пачаткі беларускай дзяржаўнасьці.
Але неўзабаве меў мейсца шэраг фактаў, цалкам варожых ідэі беларускай дзяржаўнасьці, такіх, як: адмова ў дыпляматычнай візе на беларускіх дыпляматычных пашпартах…, шматлікія факты перасьледаў беларускіх нацыяналістаў і г.д.
Вышэй пададзеныя факты, таксама як і адкрытае дасюль нежаданьне польскага ўраду да перамоваў у справе, дзеля якой я быў запрошаны Панам Прэзыдэнтам у Варшаву, даюць нагоду меркаваць аб зьмене стаўленьня польскага ўраду да беларускай справы.
Спадзеючыся на шчырасьць Вашых намераў, аб якіх мы вялі гаворку ў Парыжы, я на працягу двух месяцаў чакаў вяртаньня Пана Прэзыдэнта і цяпер зьвяртаюся да Яго з ласкавай просьбай паведаміць мне, ці сапраўды адбылася такая зьмена ў стаўленьні польскага ўраду. І калі гэта сапраўды зьдзейсьнены факт, прасіў бы Вас распарадзіцца наконт выдачы мне дыпляматычнай візы на вяртаньне ў Парыж, а таксама наконт самой магчымасьці ад’езду” (8).
Ня ведаем, ці адказаў Падэрэўскі, які неўзабаве цяжка захварэў на грып (Пілсудзкі таксама хварэў у гэты час), і што менавіта на той ліст, аднак Луцкевіч з Польшчы ня выехаў, затое даў інтэрвію Kurierowi Polskiemu, які зьмясьціў яго ў суботнім нумары 287, 1 лістапада 1919 году пад надрукаваным вялікімі літарамі загалоўкам: БЕЛАРУСЬ ХОЧА ЖЫЦЬ І ЗМАГАЦЦА ПЛЯЧО К ПЛЯЧУ З ПОЛЬШЧАЙ. Інтэрвію з Старшынём Рады Міністраў БНР.
Вось некалькі урыўкаў з гэтага інтэрвію:
„Я прыбыў сюды па запрашэньню пана Падэрэўскага… Справа Беларускай Рэспублікі больш ці меньш такая самая, як і ўкраінская… Галоўная мэта майго візыту — стварэньне беларускага збройнага чыну… Толькі што я атрымаў копію дэкрэту Маршала Пілсудзкага, выдадзенага 22 дня б.г. (Журналіст, які браў інтэрвію, прачытаў на прад’яўленай яму „паперы”: „Беручы пад увагу…, схіляюся да тых просьбаў і загадваю ствараць беларускія атрады”; „дэкрэт” гэты нідзе ня быў апублікаваны). Прызыў павінен быць добраахвотны. Галоўнакамандуючым прызначаны палк. Канапацкі. Мейсца фармаваньня — Слонім. Мейсца знаходжаньня (вайсковай беларускай) камісіі — Менск. Спадзяюся, што ахвотнікаў будзе дастаткова… Афіцэрскі склад таксама маем сярод сапраўдных, ня штучных беларусаў. Яго стварыла вайна, уцягваючы ў свае шэрагі настаўнікаў… зь нецярплівасьцю будзем чакаць прымусовага прызыву… Як толькі паўстане беларуская армія, тут жа змоўкнуць усялякія прэтэнзіі наконт прасоўваньня палякаў на Ўсход… Гэта мы ў той час будзем змагацца за нашую волю, за нашыя межы… Пра заходнія пакуль не гаворым. Гэта зьяўляецца праблемай нашага будучага паразуменьня з Польшчай і тыпу ўзаемадачыненьняў двух блізкіх суседніх народаў… На ўсходзе ж патрабуем даўніх ўсходніх межаў Рэчы Паспалітае з 1772 году з дадаткам заходняй Смаленшчыны да Смаленску… Мусім ахапіць басэйн Дняпра і забясьпечыць сабе водны шлях: Дзьвіна-Днепр… злучыць Балтыку з Чорным морам. Я зьвяртаў на гэта ўвагу ў Парыжы, і гэтая думка вельмі зацікавіла фінансавыя колы Амэрыкі і Францыі… Ва ўсялякім разе, Белая Русь мусіць быць створана як асобная дзяржаўная адзінка. Мусіць быць створана насуперак усялякім інтрыгам, што йдуць з Масквы”.
Сумнеўна тое, што публічнае інтэрвію Луцкевіча заставалася ў згодзе з выказанымі Пілсудзкім „парадамі”. Але гэта былі „гучныя словы”, значна больш істотнай была выказаная ў інтэрвію думка пра зьмены пазыцыі беларускіх палітыкаў у поглядах стасоўна Расеі і Польшчы. Пра гэта гаворыць Луцкевіч:
„Вядома, што беларускія ‘эсэры’, якія яшчэ нядаўна былі пад уплывам ‘эсэраў’ расейскіх, у апошні час цягнуцца да PPS і ўсталёўваюць зь ёй даволі шчыльны кантакт. Гэты факт — паказальны”.
Насамрэч паказальным фактам было б тое, калі б слова „Польшча” ізноў пачало знаходзіць у беларускіх сэрцах жывейшы водгук, чым слова „Расея”. На жаль, бліжэйшая будучыня паказала, што ў сапраўднасьці так не было.
Пасьля размовы Пілсудзкага з Рачкевічам і Луцкевічам польскія ўлады пагадзіліся на афіцыйнае скліканьне ў Менску пленарнай сэсіі Беларускай Рады. Трэба зазначыць, што ані склад Рады, ані прынцыпы прызначэньня яе сяброў ніколі не былі ўстаноўленыя дакладна. Канстытуцыйны Кангрэс у сьнежні 1917 году ўтварыўся не пасьля ўсеагульных выбараў, а склаўся з „прадстаўнікоў” гмін і рознага роду арганізацыяў: палітычных, грамадзкіх, культурных і іншых. Пасьля разгону Кангрэсу частка ягоных удзельнікаў на нефармальным „падпольным” сходзе вылучыла г.зв. Раду Зьезду, на якую мусілі перайсьці ўсе паўнамоцтвы неадбытага Кангрэсу. Згодна з пастановай таго сходу, Рада была дапоўнена „дэлегатамі зямляцтваў і іншых групаў, якія мусілі дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у Раду”, а таксама мець права „адводу, адкліканьня і кааптацыі” (9). Калі, пасьля ўцёкаў Мясьнікова ў лютым 1918 году, Рада легалізавалася і абвясьціла сваю першую Устаўную Грамату, што заклікала да разрыву з Расеяй і незалежнасьці Беларусі, (яна складалася з — В.Б.) 9 прадстаўнікоў Віленскай Рады, 20 прадстаўнікоў гарадзкога і сельскага самакіраваньня, а таксама 15 прадстаўнікоў нацыянальных мяншыняў. Падчас дыскусіі перад выданьнем трэцяй Граматы, якая абвясьціла разрыў з Расеяй і незалежнасьць Беларусі, у сакавіку 1918 году, Рада налічвала 71 асобу, зь якіх 28 сышлі пасьля прыняцьця ўхвалы і выданьня Граматы. На іх мейсца былі кааптаваныя новыя чальцы, напачатку нямецкай акупацыі — з груп правых, а напрыканцы — зь лева-дэмакратычных групаў. Дакладна вызначыць, хто быў паўнапраўным сябрам Рады на момант яе ўцёкаў з Менску ў сьнежні 1918 году, было цяжка або нават немагчыма. З гэтага вынікаў пэўны клопат падчас скліканьня новага пленуму пасьля амаль гадавога перапынку, багатага на гістарычныя падзеі. Тэарэтычна колькасьць сябраў Рады налічвала на той час каля 90 асобаў, зь якіх, аднак, толькі каля 50 знаходзіліся ў Менску і маглі ўзяць удзел у паседжаньні пленуму. Так як шмат асобаў, якія сымпатызавалі Расеі, усё адно, савецкай ці „дэмакратычнай”, пакінулі Менск перад уваходам польскіх войскаў, адпаведна найболей адсутных сябраў Рады было сярод эсэраў і „фэдэралістаў”, якія былі б прадстаўленыя на пленуме ў колькасьці трох і васьмі асобаў. На той час было прыгадана рашэньне „падпольнага” сьнежаньскага сходу, якое дазваляла дапоўніць Раду дэлегатамі групаў, што мелі ў ёй сваіх прадстаўнікоў.
Абвешчанае скліканьне пленуму Рады пасьля такога доўгага перапынку выклікала сярод беларускіх палітыкаў зразумелую цікавасьць і ўсхваляваньне. Польская адміністрацыя, якая дала дазвол на скліканьне пленуму, спадзявалася, што згодна з „парадамі” Пілсудскага, пленум прыме рашэньне аб зьмене характару Рады з quasi-парлямэнту сувэрэннай дзяржавы на Нацыянальны Камітэт. Нягледзячы на тое, што беларускія кіраўнікі захоўвалі свае пляны ў таямніцы, чуткі пра тое, што Луцкевіч „здрадзіў”, „прадаўся палякам” і выракся ідэі незалежнасьці, хутка распаўсюджваліся і падтрымліваліся спачуваючымі, напрыклад, прадстаўнікамі групы Варонкі, якая знаходзілася ў Коўне, а таксама савецкімі агентамі, якія, будучы ў прынцыпе супраць незалежнасьці Беларусі, падтрымлівалі ўсё, што пашкодзіць палякам. Гэта стварала атмасфэру, спрыяльную апазыцыі, якая хацела атрымаць бальшыню на пленуме шляхам уводу ў яго „новых сябраў”.
Гэтая тактыка выявілася на прыватнай нарадзе напярэдадні афіцыйнага сходу пленуму, куды, апроч запрошаных дэпутатаў, зьявілася некалькі дзясяткаў асобаў з „мандатамі”, выдадзенымі „эсэраўскімі” і „фэдэратыўнымі” кіраўнікамі. Разумеючы, што гэтыя мандаты прадстаўлены ад імя фактычна ня існых арганізацыяў, Прэзыдыюм Рады на чале з Лёсікам адмовіў іх уладальнікам у праве на ўдзел у нарадзе. Як потым паведамляла пра гэта камюніке Беларускага прэс-бюро, зьмешчанае ў № 25 Kuriera Polskiego ад 25.1.1920 году, назаўтра, 13 сьнежня, на адкрытае Старшынём Рады паседжаньне Пленуму ўварвалася, пры дапамозе эсэраўскіх дэпутатаў, група ўладальнікаў „новых мандатаў”, падтрыманая шматлікімі баявікамі. Затэрарызаваная бальшыня была вымушана перанесьці сход на прыватную кватэру рэдактара Sochy Аляксандра Ўласава, пазасталая ж у захопленым памяшканьні былая меншыня, павялічаная „новымі дэпутатамі” да лічбы звыш 50 асобаў, падтрымала шэраг палітычных ухвалаў, і, пасьля выказваньня „вотуму недаверу” як Луцкевічу, так і ранейшаму Старшыні Рады, „у рэвалюцыйным парадку” вылучыла новы эсэраўска-фэдэратыўны Прэзыдыюм, у склад якога ўвайшлі тры эсэры: Бадунова, Козіч і Мамонька, і два фэдэралісты: Крэчэўскі і Захарка. Новым Старшынём Рады быў абраны Крэчэўскі, сфармаваньне новага ўраду даручана былому эсэру, а ў апошні час сябру Літоўскай Тарыбы, Вацлаву Ластоўскаму. Занепакоеныя такім разьвіцьцём падзеяў, польскія ўлады ў Менску загадалі фармальна распусьціць Беларускую Раду „за ўзурпацыю неадпаведных паўнамоцтваў”, а таксама арыштавалі „за правядзеньне нелегальнага сходу” Ластоўскага і некалькіх сябраў новастворанага Прэзыдыюму, надаўшы ім гэткім чынам німб пакутнікаў за беларускую справу. Пасьля хуткага вызваленьня яны выехалі ў Коўна, адкуль яшчэ доўгі час праводзілі актыўныя анты-польскія акцыі.
На адбытым на кватэры Ўласава сходзе старога Пленуму, практычна падпарадкаванага „парадам” Пілсудзкага, стварылася Беларуская Вышэйшая Рада ў складзе Ів. Серады, былога старшыні разагнанага Кангрэсу, Язэпа Лёсіка, тагачаснага Старшыні Рады Прэзыдыюму, а таксама Сымона Рак-Міхайлоўскага, Ал. Уласава і Кузьмы Цярэшчанкі. Луцкевіч апынуўся ў няпэўным становішчы. Хаця Вышэйшая Рада фармальна зацьвердзіла тагачасны склад ягонага габінэту, за выняткам Міністра Фінансаў Захаркі, які адышоў да Крэчэўскага і Ластоўскага, большасьць ягоных міністраў пазьней увайшлі ва ўрад, сфармаваны Ластоўскім у Коўне. Сам Луцкевіч у лютым 1920 году хацеў выехаць з Польшчы, але сутыкнуўся з цяжкасьцямі, калі польскія ўлады не пажадалі прызнаць ягоны стары беларускі дыпляматычны пашпарт. У сувязі з гэтым зьявіліся чуткі, што ён „інтэрнаваны” ў Польшчы, што не адпавядала сапраўднасьці і было абвергнута (Kurier Polski, Nry 34,36). У рэшце рэшт, 28 лютага 1920 году Луцкевіч паведаміў Вышэйшай Радзе аб жаданьні сысьці ў адстаўку з пасады Прэм’ера (Kurier Polski, Nr 73) і, не далучыўшыся да ковенскай групоўкі, адмовіўся ад вялікай палітычнай кар’еры. Да верасьня 1939 г. ён жыў у Вільні, займаючы пасаду дырэктара мясцовага беларускага музэя; патрапіўшы ў „лапы” Саветаў, загінуў пры невядомых абставінах недзе ў Азіі.
Падзеі сьнежня 1919 году ў Менску выразна сьцьвердзілі, што слова „Польшча” не выклікае станоўчага водгаласу ў беларускіх сэрцах і сталіся зваротным пунктам у разьвіцьці беларускай справы ўвогуле, а ў беларуска-польскіх стасунках у прыватнасьці. Пасьля працяглага перапынку, выкліканага ўзьніклай зьбянтэжанасьцю, Вышэйшая Рада прыступіла да спробы ажыцьцяўленьня фактычна прынятай ёй і падказанай Пілсудзкім праграмы-мінімум: арганізацыйнай працы ў меркаваным беларускім Piemoncie. У сакавіку 1920 года распачала дзейнасьць Вайсковая Камісія, якая прысьпешвала ўтварэньне беларускіх атрадаў, абвешчанае ў „дэкрэце” ад 22 кастрычніка 1919 году. У гэты самы час у Менску адбываліся „працяглыя прынцыповыя дыскусіі і дробязныя рахубы” паміж прадстаўнікамі беларускіх хадэкаў, эсдэкаў і часткі эсэраў Вышэйшай Рады і адмысловай камісіяй, створанай варшаўскім MЗС „для распрацоўкі праекту ўрэгуляваньня польска-беларускіх стасункаў” у складзе Леона Васілеўскага, Уладыслава Рачкевіча і Сыльвэстра Ваяводзкага. Камісія „адхіліла” ўсе абвешчаныя беларусамі палітычныя пастулаяты — такія, як: дэклярацыя аб абароне цэласнасьці Беларусі і абавязковае вырашэньне яе лёсу згодна з воляй народу; стварэньне літоўска-беларускага ўраду ў Вільні; накіраваньне беларускай дэлегацыі на Мірную Канфэрэнцыю; раўнапраўнасьць беларускай і польскай моваў і г.д.; затое „прыняла” шэраг пастулятаў, якія датычыліся арганізацыі беларускага школьніцтва, а таксама культурнага, грамадзкага і эканамічнага жыцьця, скарачаючы, аднак, прызначаныя на гэта субсыдыі з патрабаваных беларусамі амаль 30 мільёнаў марак да 10,7 мільёнаў (10).
Гэтае з цяжкасьцю дасягнутае пад канец сакавіка 1920 году польска-беларускае modus-vivendi зрабілася праз некалькі месяцаў беспрадметным у выніку неспрыяльнага павароту ваенных падзеяў. Пачынаючы з траўня, польскія атрады, замест таго, каб ісьці на ўсход, пачалі адступаць на захад, каб у ліпені — згодна з пажаданьнем Варонкі — прайсьці Нарву. Гэта катастрафічна адбілася на беларускіх атрадах, сфармаваных пад камандаваньнем палкоўніка Канапацкага і пры ўдзеле капітана Ф. Кушаля ў Слоніме. Ня толькі спыніўся наплыў добраахвотнікаў, але пачалося дэзэртырства, і толькі адносна нязначная частка беларускіх жаўнераў адышла з польскім войскам на захад і была ўладкавана ў Лодзі. Насуперак прадказаньням і надзеям беларускія атрады афіцыйнага ўдзелу ў польска-расейскай вайне ўвогуле не прымалі. Бадай, іх адзіным вайсковым подзьвігам было г.зв. Слуцкае Паўстаньне напрыканцы лістапада і сьнежня 1920 году. Аднак, паколькі яно адбылося пасьля афіцыйнага спыненьня баёў на польска-савецкім фронце, то мела характар „ціха-цёмны” і праз 20 гадоў усё яшчэ было спавіта таямнічым змрокам. Цяпер жа ягоныя ўгодкі адзначаюцца на эміграцыі як беларускае нацыянальнае сьвята — Дзень Герояў, у той жа час ягоная гісторыя больш ці менш сьвядома скажаецца. Заангажаваныя гісторыкі трактуюць гэты подзьвіг як арганізаваны, а можа і справакаваны з дапамогай Польшчы, роўным чынам неаб’ектыўна асьвятляюцца і антыпольскія крокі, арганізаваныя „да і пасьля Слуцку” (11) пры ковенскай і нават савецкай дапамозе.
Апроч вайсковых няўдач, якія пайшлі ад пачатку жніўня, параза палітыкі Пілсудзкага перакрэсьліла ўсялякія надзеі на „адпаведнае вырашэньне беларускай справы” на міжнародным узроўні. Да таго ж, у выніку гэтай паразы вырашальны голас у польскай палітыцы атрымалі праціўнікі „фэдэратыўных мрояў”, для якіх сама думка аб тым, што ў польскай дзяржаве мог бы узьнікнуць беларускі Piemont, выклікала агіду ці нават жах. Таму зь лёгкім сэрцам яны аддалі ў Рызе Менск Расеі, задаволеныя тым, што пазбыліся „беларускай скулы”. Мэта ня спраўдзілася, бо карту, падкінутую палякамі, разгулялі іншыя, часам з посьпехам, на шкоду польскім інтарэсам.
Нягледзячы на тое, што з рацыянальнага гледзішча Пілсудзкі меў рацыю, лічачы беларускую справу незалежнасьці „самай слабой і вельмі дрэнна падрыхтаванай”, незалежны беларускі ўрад на эміграцыі быў прызнаны ў 20-х гадах ня толькі ковенскай Літвой, але таксама Латвіяй, Фінляндыяй, Чэхаславаччынай і ў некаторай ступені Нямеччынай. Літва на працягу некалькіх год давала яму прытулак і вельмі эфэктыўную дапамогу ў антыпольскіх мерапрыемствах. Афіцыйны прадстаўнік беларускага ўраду ў Літве К.Езавітаў, які ў лютым 1918 году некалькі дзён прабыў камэндантам Менску, павышаны па службе з паручніка да палкоўніка, у 1920 годзе здолеў арганізаваць, як быццам бы не без савецкай дапамогі, дывэрсію на тэрыторыі, занятай польскім войскам (Adj. Gen. t. 23, str. 3186). Пасьля 1923 году чэская Прага ў значнай ступені пераняла функцыі, якія дагэтуль выконвала стасоўна беларускага ўраду Коўна. Аднак найбольш выгодна згуляла на беларускай карце Расея; не баючыся падкінутай ёй Польшчай „менскай скулы”, стварыла тут у сярэдзіне 20-х гадоў бачнасьць беларускага Piemonta, прынамсі культурнага, што ў рэшце рэшт спакусіла шмат беларускіх патрыётаў, якія заставаліся дасюль у Польшчы ці на эміграцыі. Яны вярнуліся на савецкую тэрыторыю, дзе амаль усе былі потым фізычна зьліквідаваныя. Сярод іх былі ня толькі прарасейцы: Бадунова, Цьвікевіч, Ластоўскі, Мамонька і іншыя эсэры, але таксама й тыя, што займалі прынцыпова прапольскую пазыцыю: Лёсік, Рак-Міхайлоўскі, Смоліч і Тарашкевіч. Быў таксама і Сыльвэстар Ваяводзкі, асабісты прыяцель Тарашкевіча і шчыры прыхільнік беларускай справы, які ў сакавіку 1920 года рэпрэзэнтаваў польскі бок падчас перамоваў зь беларусамі. Німб уяўнае „рэвалюцыйнасьці” і „прагрэсыўнасьці” ўзбудзіў у іхных сэрцах водгук прыхільнасьці да Расеі, што ў выніку іх і згубіла.
Масавыя савецкія рэпрэсіі ня здолелі, аднак, цалкам зьліквідаваць „беларускую справу”. На працягу апошніх паўсотні гадоў нацыянальны беларускі рух зрабіў вялізны прагрэс, і сёньня справа незалежнасьці Беларусі здаецца значна лепей падрыхтаванай, чым у часы Пілсудзкага. Сталася так, што ў супярэчнасьць зь яго, здавалася б, рацыянальнымі „парадамі”, больш значную гістарычную ролю адыгралі асобы, якія выступалі якраз насуперак ім. Пазьней яны стварылі не адпаведную гістарычнай праўдзе легенду, паводле якой яны самі выступалі нязломнымі рыцарамі Беларушчыны. Забраўшы зь Менску штандар БНР і захаваўшы яго на доўгія гады ў Коўне і Празе, Крэчэўскі і Захарка занялі ў гісторыі Беларусі значна большае мейсца, чым тыя, хто напачатку стаяў у беларускім руху на вышэйшых пазыцыях: як, напрыклад, Лёсік і Серада; хто перасягаў іх здольнасьцямі, адукаванасьцю ды інтэлектам: як, напрыклад, Луцкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч ці Ўласаў, ня кажучы ўжо пра такія постаці, як Цьвірка-Гадыцкі ці Старшыня Віленскай Беларускай Рады і Вайсковай Камісіі Павал Аляксюк, якіх беларуская гісторыя адзначыць пячаткай quislingow, нібыта браць грошы ў палякаў было больш ганебна, чым у літвінаў, чэхаў, украінцаў, немцаў ці пагатоў у Савецкай Расеі.
Не адбылося гэта бяз зьменаў у акустыцы беларускіх сэрцаў. У той час як словы „Беларусь” і „незалежнасьць” пачалі выклікаць у іх усё жывейшы водгалас, рэакцыя на слова „Польшча” меншала і губляла свой даўні, адзіны ў сваім родзе характар, рабілася больш-меньш падобнай да рэакцыі на назвы іншых краінаў ці народаў. Часам, у залежнасьці ад кан’юнктуры, іншыя словы — такія, як „Літва”, „чэхі”, „немцы” выклікалі водгалас больш жывы і больш пазытыўны.
Пэўным чынам зьяўляецца загадкай тое, што праз 113 гадоў пасьля „Лістоў з-пад шыбеніцы” слова „Расея” будзіць у большасьці беларускіх сэрцаў водгалас жывейшы, чым слова „Польшча”. Выклікана гэта досыць дзіўным аптычным фэномэнам. Падзеі ў Польшчы бачацца часьцяком у вычварным перабольшаным сьвятле, здарэньні ж у Расеі — у зьмякчоных пастэльных колерах. У выніку, у працы беларускага гісторыка, апублікаванай у Амэрыцы, чытаем, што лёс часткі Беларусі, што заставалася пад Польшчай, быў у XX стагодзьдзі hardly less unfortunate, чым лёс Савецкай Беларусі ў часы Сталіна, і што ГПУ і Гестапа маглі б яшчэ павучыцца ў польскай паліцыі (12).
Праўда тое, што ў Польшчы ня быў створаны беларускі Piemont і нават не паўставала жаданьня яго стварыць; што пасьля прызнаньня за ідэал нацыянальна-маналітнай дзяржавы беларусам, як і іншым не-палякам, якія не зьбіраліся апалячвацца, чыніліся розныя прыкрасьці. Аднак, ці можна неразумны перасьлед параўноўваць з масавымі забойствамі, а таксама плянавай і сыстэматычнай ліквідацыяй беларускіх адраджэнцаў, аб якіх ужо ў красавіку 1919 году віленскія беларусы пісалі, што яны былі абвешчаныя па-за законам?
Палякі не забівалі беларускіх адраджэнцаў, і трэба ня мець пачуцьця адказнасьці за словы, каб пісаць на стар. 137, што ў 1920 годзе беларускія дэпутаты польскага Сойму Дварчанін і Гаўрылюк were beaten to death, and others were treated in a like manner, потым на стар. 115 напісаць, што ў сапраўднасьці былі яны shot as „Polish spies” толькі ў Менску ў 1933 годзе. Беларускія сяляне, якія ў 1926 годзе масава запісваліся ў Грамаду, што з прыхільнасьцю ставілася да ўзьяднаньня з БССР, усьвядомілі розьніцу паміж польскім і савецкім урадамі ў 1939 годзе. Прарасейскі пінскі гэбрай Юліюш Марголін, які не сымпатызаваў Польшчы, у 1939 годзе пісаў ва ўспамінах, што палескія сяляне, якія чвэрць стагодзьдзя забясьпечвалі ягоную маці яйкамі і малаком, даверліва казалі ёй: „За 20 гадоў паны ня здолелі зрабіць з нас палякаў, а бальшавікі зрабілі гэта за два месяцы”. Гэта было перабольшваньне, але настрой вясковых масаў быў на той час прыхільны да Польшчы. Потым прыйшлі немцы, і беларусы прыстасаваліся адпаведна прынцыпу, сфармуляванаму Луцкевічам яшчэ ў 1920 годзе:
„Беларусь пойдзе поруч з тым, хто ў найважнейшы момант стане ёй апірышчам”.
Слова „Польшча” ня выклікала пры гэтым водгуку, які б гэтаму перашкаджаў.
ЗАЦЕМЫ
(1) Pamiętnik wileński, Londyn, 1972, str. 331-2.
(2) Beloruskaja Cerkwia, Nr 26, Chicago, 1964, str. 160.
(3) Pamiętnik wileński, str. 143-154.
(4) R. P. Browder i A. F. Kierensky, The Russian Provisional Governmens 1917, Stanford, 1961, str. 402-3.
(5) Дакумэнт гэты быў надрукаваны ў афіцыйным выдавецтве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Russia 1919, Waszyngton, t. I, str. 380-1.
(6) Pisma, mowy, rozkazy, t. 5, str. 85.
(7) K. Jezowitow, Bełorussy i Palaki, Kowno, 1919, str. 115-6.
(8) Archiwum polityczne Paderewskiego, Warszawa, t. II, str. 359.
(9) F. Turuk, Bełorusskoje dwiżenije, Moskwa, 1921, str. 108.
(10) Dokumenty i materiały do stosunków polsko-radzieckich, Warszawa, t. 2, str. 687-91.
(11) Выдаваная ў Monachium Baćkauszczyna ў 1959-60, Nry 482-86, у гадавіну Слуцкага паўстаньня надрукавала пад агульнай назвай „Да і пасьля Слуцку” шэраг дакумэнтаў пра беларускія збройныя акцыі супраць Польшчы.
(12) I. S. Lubachko, Belorussia Under Soviet Rule 1917-1957, Kentucky, 1972, str. 127 i спасылка на str. 136; ob. Zeszyty Historyczne Nr 23.
З польскай мовы пераклаў В.Д.