№14: Лабірынты іншасвету

№14: Лабірынты іншасвету

Свет мастацкай літаратуры — выдуманы, несапраўдны, як ні круці, незалежна ад таго, што аўтар апісвае: Лондан, Маконда, краіну Оз ці паселішча на адным са спадарожнікаў Юпітэра. Мы верым ва ўмоўную рэальнасць, створаную для нас аўтарам, верым, што Лондан і Маконда сапраўды недзе існуюць, хай сабе толькі ў тыя моманты, калі трымаем кнігу ў руках. І чым далей вядзе нас аўтар, тым больш мы яму верым.

Чытаць далей

№14: Лабірынты іншасвету

3 снежня 2014

№14: Лабірынты іншасвету

Свет мастацкай літаратуры — выдуманы, несапраўдны, як ні круці, незалежна ад таго, што аўтар апісвае: Лондан, Маконда, краіну Оз ці паселішча на адным са спадарожнікаў Юпітэра. Мы верым ва ўмоўную рэальнасць, створаную для нас аўтарам, верым, што Лондан і Маконда сапраўды недзе існуюць, хай сабе толькі ў тыя моманты, калі трымаем кнігу ў руках. І чым далей вядзе нас аўтар, тым больш мы яму верым. Вось ён набліжаецца да межаў бачнага свету, вось стаіць на гэтай мяжы, вось гэтую мяжу перасякае — і што там, за гэтай мяжой? Ці не акажацца тагасветнае больш рэальным за той выдуманы аўтарам свет, якому мы прызвычаіліся давяраць, ці не паверым мы ў сон аўтара хутчэй, чым у расказаную ім гісторыю, ці не зробіцца гэты сон той самай гісторыяй, якую адпачатку хацеў расказаць аўтар? Калі ўся літаратура — гэта выдумка, сон аўтара, то што нам рабіць са сном у сне?

У творы, якія трапілі ў гэты нумар, нерэальнае прабіраецца па-рознаму. Хтосьці з аўтараў расказвае пра свае сны, хтосьці спрабуе з іх пасмяяцца, а хтосьці бярэ чытача за руку і выводзіць яго са стану ўтульнай расслабленасці: глядзі, іншасвет ужо тут, і каб пабачыць яго, не трэба нават засынаць. Нязнаныя нам сілы сочаць за намі кожную хвіліну і пішуць пра нас справаздачы ў вышэйшыя інстанцыі, і мы нават не ведаем, што ад іх трэба хавацца. Ці што трэба прыгледзецца ўважлівей вакол, і тады, магчыма, у найбліжэйшай лужыне можна будзе ўбачыць лёгкі чаўнок феі.

Ва ўсе часы іншасвет меў сваю пратаптаную сцяжынку ў літаратуру. Гэта адзін з яго спосабаў зазірнуць да нас.

На вокладцы нумару скарыстаная карціна Язэпа Драздовіча.

235