№7: Finis Africae

№7: Finis Africae

Гэта ў Афрыцы, а зусім не ў Грэцыі, ёсць усё, нават другая “Паэтыка” Арыстоцеля. Але яшчэ Умбэрта Эка расказваў, што так проста ў “Finis Africae” не трапіш — і схаваны добра, і перашкоды не абы-якія. Ды калі ўжо прабярэшся — і праз пяскі Сахары, і праз непралазныя джунглі, і праз Mare Tenebrarum, і праз калючае кустоўе бушвельда, — знайсці можна якія заўгодна літаратурныя багацці, тым больш што руднікі гэтыя, у адрозненне ад алмазных капальняў Кімберлі, распрацаваныя зусім мала...

Чытаць далей

№7: Finis Africae

12 траўня 2011

№7: Finis Africae

Гэта ў Афрыцы, а зусім не ў Грэцыі, ёсць усё, нават другая “Паэтыка” Арыстоцеля. Але яшчэ Умбэрта Эка расказваў, што так проста ў “Finis Africae” не трапіш — і схаваны добра, і перашкоды не абы-якія. Ды калі ўжо прабярэшся — і праз пяскі Сахары, і праз непралазныя джунглі, і праз Mare Tenebrarum, і праз калючае кустоўе бушвельда, — знайсці можна якія заўгодна літаратурныя багацці, тым больш што руднікі гэтыя, у адрозненне ад алмазных капальняў Кімберлі, распрацаваныя зусім мала.

Прайдзісвет - Finis AfricaeПраца над афрыканскім нумарам “ПрайдзіСвета” доўжылася ў два разы даўжэй, чым над любым іншым. Многія пытанні патрабавалі адмысловай распрацоўкі, многія аўтары — дадатковага вывучэння; асобныя тэмы засталіся адкрытымі, дый увогуле пытанняў пасля выхаду нумару засталося больш, чым у пачатку яго падрыхтоўкі. Гэтыя пытанні рана ці позна будуць патрабаваць далейшага вырашэння — многія афрыканскія літаратуры робяцца апошнім часам усё больш перакладанымі і запатрабаванымі, а кола іх чытачоў і даследчыкаў даўно пашырылася на іншыя кантыненты. Таму гэты нумар — толькі спроба акрэсліць межы існавання афрыканскіх літаратураў у беларускай прасторы, а пашырэнне гэтых межаў — ужо справа часу і саміх перакладчыкаў.

Некаторыя раздзелы нумару прысвечаныя асобным рэгіёнам Афрыкі. Так, раздзел “Мыс Добрай Надзеі” апавядае пра бураў і іх гісторыю: у ім змешчаныя пераклады паэзіі з мовы афрыкаанс, пераклады ангельскамоўных апавяданняў афрыканера Германа Чарлза Босмана, прысвечаных як Другой англа-бурскай вайне, так і паваеннаму штодзённаму побыту жыхароў Паўднёвай Афрыкі. Вершы Рэд’ярда Кіплінга паказваюць Другую англа-бурскую вайну з іншага боку — з боку ангельскага салдата. Для публікацыі былі абраныя некалькі вершаў з цыклу “Вайсковыя песні”.

У раздзеле “Гвінейскі заліў” чытач знойдзе творы літаратураў дзвюх краінаў, што знаходзяцца на ўзбярэжжы памянёнага заліву. Першая — гэта нігерыйская літаратура, якая, разам з паўднёваафрыканскай, — бадай што самая вядомая на сённяшні дзень у свеце сярод літаратураў афрыканскага кантынента. Э. Ч. Асонду і Сэфі Ата — нігерыйскія празаікі, уладальнікі шэрагу літаратурных узнагародаў; Ішмаэль Бала — нігерыйскі паэт, што піша па-ангельску і на мове хаўса, паэт настолькі сучасны, што першы зборнік яго паэзіі яшчэ толькі-толькі мае выйсці. Другая літаратура — ангольская: партугальскамоўны пісьменнік-анголец Жузэ Эдуарду Агуалуза расказвае гісторыю пра Дзеда Мароза на афрыканскі манер. У кампанію да нігерыйцаў не мог не трапіць паляк Аркадзі Фідлер, аўтар рамана “Новая прыгода: Гвінея”, урывак з якога прадстаўлены ў нумары.

Раздзел “Зялёны мыс” пераносіць чытача на паўночны захад ад Гвінейскага заліву ў свет афрыканскай паэзіі — да вершаў сенегальскага франкамоўнага паэта Сулеймана Дыяманкі, які ласкава дазволіў часопісу змясціць на электронных старонках таксама музычна-паэтычныя арыгіналы, твораў гішпанамоўнага паэта з Заходняй Сахары Мухамеда Эбну, а таксама вершаў пісьменніка з процілеглага боку Афрыкі — франкамоўнага малагасійца Жана-Жазэфа Рабэарывелу, — перакладзеных Уладзімірам Палупанавым пасля паездкі на Мадагаскар для часопіса “Далягляды” і надрукаваныя “ПрайдзіСветам” з пазнакай “Спадчына”.

“Тропік Рака” дэманструе еўрапейскае бачанне Афрыкі і аб’ядноўвае творы самых розных жанраў. Дзеянне многіх з гэтых твораў адбываецца акурат у краінах, па тэрыторыі якіх праходзіць Паўночны тропік, ці Тропік Рака. У раздзеле змешчаныя апавяданні Альбэра Камю, ліст Габрыэля Д’Анунцыё, урывак з кнігі “Казкі чорнай Афрыкі” славака Марэка Вадаса, апавяданне Джозэфа Конрада, ангельца-неарамантыка, для якога Афрыка зрабілася адной з цэнтральных тэмаў творчасці, урывак з кнігі “Чорнае дрэва” Рышарда Капусціньскага, польскага майстра падарожных нататак, і “Марш зуаваў” Уладзімежа Вольскага, напісаны для атрадаў паўстанцаў, сфармаваных на ўзор частак французскай пяхоты ў Алжыры.

“Суэцкі канал” прысвечаны Егіпту і змяшчае пераклады апавяданняў двух пісьменнікаў ХІХ стагоддзя — Эдгара По і Артура Конана Дойла. Дзеянне іх апавяданняў адбываецца ў сучасным пісьменнікам свеце, аднак вытокі апісаных падзеяў пачынаюцца ў Старажытным Егіпце, у эпосе, якая заўсёды пакідае месца для самых незвычайных домыслаў і здагадак. Як, зрэшты, і ўся Афрыка.

Раздзел “Сахара” знаёміць чытачоў з афрыканскай народнай творчасцю, казкамі і выслоўямі, перакладзенымі з ангельскай, французскай і малагасійскай моваў. Прадстаўленыя ў нумары пераклады — безумоўна, не больш чым кропля ў моры, ці, хутчэй, пясчынка ў пустэльні, і тым не менш, пачатак у гэтай галіне, можна лічыць, пакладзены.

На “Канарскіх выспах” — невялікім, але вельмі зманлівым архіпелагу ля ўзбярэжжа Марока і Заходняй Сахары — можна знайсці пераклады пераможцаў традыцыйнага “прайдзісвецкага” конкурсу. Гэтым разам канкурсанты змагаліся з творамі Крысціяна Маргенштэрна, Алфрэда Эдварда Хаўсмэна, Мікалая Гумілёва і Яна Бжэхвы. Атрымалася ў перакладчыкаў вельмі нават “горача”.

Раздзел “Александрыйская бібліятэка” нагадвае, што знакаміты збор старажытных рукапісаў таксама знаходзіўся на тэрыторыі Афрыкі. У гэтым раздзеле сабраныя артыкулы пра пісьменнікаў Чорнага кантынента — нігерыйца Ўоле Шоінку, афрыканера Джона Максвэла Кутзэе і Жана-Мары Леклезіё, французскага раманіста, чыё дзяцінства звязанае з Мадагаскарам. Усе тры аўтары — нобелеўскія лаўрэаты.

У раздзеле аглядаў — “Mare Tenebrarum” — часопіс спрабуе праліць хоць нейкае святло на пытанне гісторыі беларускамоўных перакладаў з афрыканскіх літаратураў. За савецкім часам такіх перакладаў было няшмат, тым не менш, наяўныя працы дазваляюць прасачыць агульныя тэндэнцыі і недахопы развіцця беларускага савецкага перакладу.

“Гібралтарскі праліў” наводзіць масты паміж Афрыкай і Еўропай і нават крышачку Беларуссю. У раздзеле змешчаныя інтэрв’ю з Марэкам Вадасам, Альгердам Бахарэвічам і перакладчыкам яго твораў на нямецкую мову Томасам Вайлерам. Як два гэтыя спадары трапілі ў Гібралтарскі праліў — загадка нават для рэдакцыі “ПрайдзіСвета”.

Раздзел “Кіліманджара” запрашае чытачоў наведаць самую высокую гару Афрыкі і пазнаёміцца з меркаваннем па розных перакладчыцкіх пытаннях майстра нумару Змітра Коласа, які мае да Афрыкі самае непасрэднае дачыненне: ён не толькі там быў, але яшчэ і пераклаў амаль усе асноўныя творы алжырца (а не француза, як высветлілася) Альбэра Камю.

Прыемных падарожжаў!

 

Сябры Беларускага геаграфічнага таварыства “ПрайдзіСвет”

310