№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сэфі Ата

Цудатворца (The Miracle Worker)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Паліна Маслянкова


Адзінай прычынай сварак паміж Макіндэ і яго новай жонкай Бізі былі яе занадта шчодрыя ахвяраванні царкве. Дзесяціны для Бізі было замала. Яна павінная была давесці, наколькі шчырая ў веры, і кожны раз, наведваючы службу ў царкве “Шчодрае жыццё”, яна з лішкам падавала на таварыства замужніх кабет, якое Макіндэ лічыў не чым іншым, як прытулкам для пляткарак.

Макіндэ быў кузаўшчыком. Ён працаваў на рагу адной з вуліц Лагаса. А Бізі прадавала хлеб і вараныя яйкі пасажырам на прыпынку непадалёк. Калі яна змяніла ўвесь свой каляровы гардэроб на чорныя сукенкі, Макіндэ не звярнуў увагі. Калі яна перастала размаўляць з ягонымі сябрамі-нехрысціянамі, таму што яны грэшнікі, Макіндэ не сказаў ані слова. Ён зламаў руку, калі яго ледзь не збіў матацыкл (нырнуў у канаву, ратуючы галаву, але ў каламуці не разгледзеў кучы камення). Бізі пасцілася два тыдні, каб ягоная рука зажыла. Ён еў за дваіх і папраўляўся, а ягоны мезенец зноў пачаў згінацца пад патрэбным вуглом.

Бізі, на думку мужа, была схільная да фанатызму. Аднаго разу яна прыйшла да яго на працу і прынесла папалуднаваць хлеб з вараным яйкам. Ён не здзівіўся, калі яна ўкленчыла перад лабавым шклом старой машыны, што стаяла тут ужо некалькі гадоў, і сказала, што ёй з’явілася Дзева Марыя. Ён толькі адарваўся ад сандвіча, каб кіўнуць. Макіндэ акурат перад гэтым працёр шкло анучай з алівай і пачысціў яго ад птушыных плямаў. Да таго ж зранку прайшоў дожджык, а Бізі нават не была каталічкай.

Яна пабегла на прыпынак расказаць пасажырам пра відзежу. З тузін чалавек прыйшлі паглядзець. Некаторыя, збольшага мужчыны, адыходзілі прэч, пакепліваючы з пабожнасці нігерыйскіх жанчын. Рэшта, у асноўным кабеты, утаропілася ў бруднае шкло. Яны трымцелі і плакалі. Гэта цуд, казалі яны. На шкле была выразная постаць: маленькае кола над узгоркам і фарбы вясёлкі вакол. Як толькі вестка пра цуд разнеслася па ваколіцы, далучыліся іншыя пасажыры. У хуткім часе іх набегла столькі, што працаваць стала немагчыма. І Макіндэ прагнаў іх.

Ён працаваў усё сваё жыццё, з таго часу, як злез з матчынай шыі. Пачаў з продажу апельсінаў і ніколі не хадзіў у школу. З дзесяці гадоў ён дапамагаў бацьку, механіку-самавуку. Макіндэ напампоўваў колы, выдзіраў з іх цвікі і накладаў латкі, пакуль яму не даверылі замену свечак запальвання. Ён не стаў найлепшым механікам у Лагасе, але ён быў адзіным, каму можна было даверыць сваё аўто без страху застацца без запчастак. Ён дзівіўся некаторым сваім кліентам — уладальнікам мерсэдэсаў і няўлоўных нафтавых грошай ягонай краіны. Гэтыя багацеі рабіліся вельмі ашчаднымі, калі надыходзіў час плаціць за працу. Яны кідалі яму дробязь сваёй мяккай, выпешчанай рукой, а Макіндэ не мог нават успомніць колеру ўласных пазногцяў. Пад пазногцямі была чорная аліва, а рукі ён выціраў анучай з бензінам, падобнай да той, якой мыў лабавое шкло. Харчаваўся ён па схеме 0-1-0, каб зэканоміць якую-кольвек капейчыну: нічога на сняданак, вялікі абед, нічога на вячэру. І гэта быў сапраўдны цуд: ён усё яшчэ быў бедны.

— Жонка, — сказаў ён, калі наведнікі разышліся. — Мне пляваць на тое, што ты траціш свой заробак на царкву, — зрэшты, не пляваць, аднак мае словы да цябе не даходзяць. Але я не дазволю табе ладзіць царкоўную службу тут, на маім працоўным месцы.

— Чаму? — спытала Бізі.

— Твае так галосяць, што распужаюць усіх маіх кліентаў.

— Як? — спытала Бізі.

У яе быў такі стыль спрэчкі. Яна не пярэчыла яму, а проста задавала пытанні, якія яго абяззбройвалі й давалі ёй поўную свабоду дзеяння.

— Я сказаў, каб гэтага больш не было, — адказаў Макіндэ.

Яго лічылі цярплівым, бо ён не любіў гаварыць. Размова высмоктвала з яго ўсю энергію. Бізі называла яго ўпартым, таму што ён не хадзіў разам з ёй у царкву.


Наступнага дня, калі Макіндэ прыехаў на працу, тут было чалавек дваццаць: мужчыны, жанчыны і дзеці. Яны былі апранутыя ў белыя світкі і басанож стаялі на зямлі, чорнай ад машыннае алівы і бруду.

— Мы прыйшлі пабачыць Дзеву Марыю, — сказаў стары мужчына.

— Божа мой, — прамармытаў Макіндэ.

Было каля паловы на шостую раніцы. Бізі не магла ім расказаць, ён не даваў на гэта згоды. Чутку пра відзежу разнеслі ўчорашнія наведнікі.

— Выбачайце, але я вам не дазволю тут маліцца.

— На жаль, гэта вам непадуладна, — адказаў стары. — Нябесныя сілы абралі гэтае месца. Падпарадкуйцеся боскай волі, не стойце ў яе на шляху.

Стары ўсміхаўся, але Макіндэ было не да смеху. Ён верыў у нябесныя сілы, але не мог даць веры, што яны абралі менавіта яго.

— Вось, — сказаў ён і паказаў на старую развалюху, якая, дарэчы, некалі была бэжавым “Пежо-405”. Ад яе застаўся адзін каркас. Сядзенні і руль скралі. Басота падышла да лабавога шкла. Стары першым пабачыў выяву і ўкленчыў. Усе зрабілі гэтак жа і загулі. Макіндэ пачаў біць па капоце, каб хоць крышку заглушыць іх мармытанне. Ён спадзяваўся, што яго майстэрню наведаюць разоў пяць, не болей. Тры сёння і два заўтра. Ён чуў пра падобныя відзежы ў брудных вокнах бедных раёнаў. Але ён не ўмеў чытаць і таму не ведаў, што ў Лагасе, як пра гэта пішуць журналісты, да такіх відзежаў сцякаюцца цэлыя Натоўпы. “Натоўпы сцякаюцца да выявы Маці Божай на акне прыбіральні”. “Натоўпы сцякаюцца да выявы Маці Божай на шапіку з папкорнам”.

Макіндэ недаацаніў маштаб наведванняў. За раніцу ягоны ўчастак наведала дзвесце пяцьдзясят чалавек. Да абеду тут пабывала ўжо каля пяцісот. Макіндэ перастаў ім паказваць шкло старога “Пежо”. Высокая хударлявая жанчына з самага ранку засталася тут за экскурсавода. Яна расказвала журналісту, як Макіндэ і ягоная жонка ажаніліся, як тая прыйшла да Бога, а Макіндэ не хадзіў у царкву. Нягледзячы на гэта, Маці Божая з’явілася менавіта тут, на ягоным працоўным месцы, а гэта знак, што Божая ласка бязмежная.

Бізі прыйшла пад абед, як заўжды, з хлебам і вараным яйкам. Яна пабачыла натоўп і адразу запратэставала, здымаючы з сябе адказнасць:

— Я тут ні пры чым!

— Не хвалюйся, я табе веру, — сказаў Макіндэ. Сітуацыя выйшла з-пад кантролю.

Экскурсавод падышла да яе.

— Бог любіць цябе, сястра.

— І цябе, сястра, — адказала Бізі.

— Мы тут з самага ранку задарма паказваем людзям, дзе можна памаліцца.

— Праўда?

— Так, і мы вельмі прагаладаліся. Прынясі нам, калі ласка, хлеба і варанага яйка падмацавацца.

Экскурсавод пад “мы” мела на ўвазе толькі сябе. Яна прасіла цуду, каб людзі больш не называлі яе вар’яткай. Яна ведае, што несці Божую волю ў народ — яе святое пакліканне. У любым іншым месцы свету яна была б вулічным прапаведнікам. Але тут яе адправяць у шпіталь, дзе лекары будуць калоць ёй супакаяльнае, а санітары — звязваць і збіваць да страты прытомнасці.

Макіндэ сказаў Бізі прынесці хлеба і яйка, і калі абедзве жанчыны адправіліся выконваць свае абавязкі, яму прыйшла ў галаву думка. Экскурсавод сказала: задарма. Людзі тоўпяцца на ягоным участку, замінаюць працаваць. Чаму б не браць з іх плату? Яны ж ахвяруюць на царкву. Ён палічыў страчаны заробак, прыбытак з машыназвароту, падзяліў гэта на колькасць людзей, што прыйшлі сёння на ягоны ўчастак, акругліў і, беручы пад увагу беднасць наведнікаў, вызначыў плату: адна найра з чалавека.

Насупраць была канава, у якую ён нырнуў, ратуючы сваё жыццё. Яе прыкрывала шырокая дошка, даволі моцная, каб вытрымаць цяжар транспарту. Ён стаў на яе і абвясціў:

— Увага! Я Макіндэ… Уладальнік гэтага ўчастка. Я вырашыў сёння не перашкаджаць вашай малітве. Але… Я… Я чалавек бедны, і мой бізнэс церпіць ад пастаянных хаджэнняў туды-сюды. Таму я прашу… Будзьце ласкавыя… Ці маглі б вы?..

Прамова яго знясіліла, але яго ніхто і не слухаў. Усе маліліся, жагналіся, схіляліся ў паклоне. Макіндэ павысіў голас.

— Мяне завуць Макіндэ. Гэта мой участак. Калі вы хочаце працягваць сузіраць сваю Маці Божую, будзьце ласкавыя заплаціць мне па адной найры кожны, інакш я вазьму анучу і сатру яе.

На ўчастку запанавала цішыня. Некаторыя людзі перапытвалі, што ён сказаў і што яго так раззлавала. Экскурсавод якраз тлумачыла, калі з’явіўся новы наведнік. Макіндэ працягнуў руку, не зірнуўшы на твар.

— Адна найра за ўваход, калі ласка, — сказаў ён.

— Чаго гэта раптам?

Гэта была Бізі. Яна вярнулася з хлебам і яйкам для экскурсавода.


Макіндэ браў грошы з наведнікаў участка цэлы месяц. Ён нават трапіў у суботнія газеты. “Натоўп сцякаецца да цуду ў аўтамайстэрні”. Людзі прыходзілі памаліцца пра здароўе, адукацыю, школьныя экзамены, уладкаванне на працу, павышэнне па службе, але збольшага пра грошы. Сярод наведнікаў былі людзі ў вазках, на мыліцах, сляпыя, блазны, беспрытульныя, прыгнечаныя горам, занядбаныя, бясплодныя. Жабракі і пляткаркі, у тым ліку з таварыства замужніх жанчын. Некаторыя скардзіліся на плату ў адну найру. Некаторыя адмаўляліся і сыходзілі прэч. Адным з іх быў святар.

— Як вы м-можаце гэта р-рабіць? — запытаўся ён у Макіндэ. — Б-багацець н-на людскім горы і адчаі?

Макіндэ зрабіў выключэнне, як гэта часам рабіў для жабракоў і хворых дзяцей. Але святар усё адно адмовіўся зайсці.

— Х-хіба Ісус браў п-плату за ц-цуды? І як вы м-можаце спакойна с-спаць, в-ведаючы, што н-нажываецеся на б-бедных?

Даволі спакойна, калі не кахацца з Бізі, якая апошнім часам загаварыла пра дзіця і адпачынак. Яна падумала пра гэта аднойчы падчас навальніцы. Слухаючы, як дождж барабаніць па даху, Макіндэ хваляваўся пра лёс Дзевы Марыі, нягледзячы на тое, што ён накрыў лабавое шкло “Пежо” брызентам і прыціснуў канцы камянямі. Ён хваляваўся яшчэ мацней, калі ўяўляў, што вецер можа спіхнуць адзін з камянёў, ці камень зваліцца з даху “Пежо”, вызваліўшы канцы брызенту, брызент звісне з капота, і кроплі дажджу змыюць выяву са шкла.

Наступнай раніцы, калі ён прыехаў на працу, тут было ўсяго два чалавекі. Нейкі бадзяга, які шукаў чаго паесці, і экскурсавод.

— Няма больш Дзевы Марыі, — сказала яна.

Ягоны ўчастак ператварыўся ў балота, а мутная канава насупраць выйшла з берагоў. Макіндэ пабачыў чыстае лабавое шкло “Пежо” і задумаўся, як цяпер вярнуцца да звыклага занятку. Экскурсавод працягвала:

— Ва ўсім вінаватая навальніца. Нашая праца тут выкананая. Наўрад ці тут яшчэ будуць наведнікі. Як кажуць, Бог даў, Бог і …

— Змоўкні! — закрычаў Макіндэ так рэзка, што яна ўцякла прэч. Што за Бог, які дае, а пасля толькі бярэ, бярэ ды бярэ? Ён пнуў “Пежо”, што нібы пасміхаўся, дастаткова моцна, каб жалеза пагнулася. А пасля ўтнуў так, што нават ягоны мезенец выпрастаўся ад удару.


Але ўсё ж у яго сёння быў адзін наведнік. Падатковы інспектар, які, падаецца, вывучаў пот на ўласным носе.

— Містэр Макіндэ, — пачаў ён. — Я чытаў пра вас у газетах. Апошнім часам вы не былі пазбаўлены ўвагі, так? Але гэта не царква, і вы не святар, а таму абавязаны плаціць падаткі.

Макіндэ ніколі не плаціў падаткаў. Падаткі былі для людзей, што хадзілі ў кашулях і гальштуках, людзей, што рэгулярна атрымлівалі чэкі. Ён падумаў, што гэта нейкі махляр.

— Вы адкуль? — спытаў ён.

— Я прадстаўляю ўрад.

— І яны не могуць вам выдаць чыстую кашулю?

— На сябе паглядзіце, вы самі ў лахманах. Што вы зрабілі з грашыма?

Макіндэ ўзмахнуў сваім забінтаваным пальцам, адчуўшы стому. Напэўна, гэта і сапраўды падатковы інспектар, але калі так, то чаму ён не вернецца да таго, каго прадстаўляе, ці да тых, хто валодае нафтавымі грашыма ягонай краіны, і не праінспектуе іх?

— Гэта мая зямля, — сказаў ён.

— Дзе вашае права на маёмасць? — запытаўся інспектар.

— Што?

— Дакумент, які сведчыць, што гэтая зямля належыць вам.

Макіндэ затросся ад злосці. Як можа нейкі інспектар сумнявацца ў тым, што гэты ўчастак належыць яму?

— Мой бацька пакінуў мне гэты кавалак зямлі, — сказаў ён. — Мой бацька знайшоў гэтую зямлю. Набыў гэтую зямлю. Працаваў на гэтай зямлі.

Зямля належала сям’і Макіндэ задоўга да таго, як гэты раён Лагаса ператварыўся ў трушчобы.

— Калі яна вашая, — заключыў інспектар, — вы мусіце паказаць мне паперы, якія пацвярджаюць, што вы плацілі падатак на зямлю з таго часу, як атрымалі яе ў спадчыну. Не турбуйцеся, гэтым займаецца іншы аддзел, але будзьце пэўныя, што я ім паведамлю пра ўсё, як толькі скончу ацэнку вашага падаткаабкладальнага прыбытку. Вам гэта трэба?

Макіндэ паправіў кашулю. Усе грошы былі схаваныя дома пад матрацам. Ён на іх спаў. І ён не дазволіць гэтаму багацейскаму прыхвасню дакрануцца да іх!

— Што гэта? — спытаў падатковы інспектар.

— Я гэта, — сказаў Макіндэ, расшпільваючы прарэх нагавіцаў. — Ацані маю галаву, рукі, зламаны палец у тым ліку. Ацані мае ногі. Глянь. Ступак вывіхнуты, ацані яго. Вось, ацані мае яйцы, і калі ты скончыш з гэтым… — Ён павярнуўся задам да інспектара. — Зацані маю сраку.


Падатковы інспектар паабяцаў вярнуцца з памагатымі.

— Ты заплаціш, — сказаў ён. — Ці яны пазабаўляюцца з тваёй жонкай.

З жонкай, якая апошнім часам не дазваляла Макіндэ нават набліжацца да яе. Яе цягнула на ваніты, яна ела зямлю, бо была цяжарная. Зямлю.

— Не магу даць сабе рады, — казала яна. — Зірну — цягне дакрануцца да яе. Дакрануся — цягне панюхаць. Панюхаю — цягне праглынуць.

Макіндэ з агідай назіраў, як яна корпалася ў зямлі і аблізвала яе. Ён спрабаваў яе спыніць, нагадваў пра лічынкі чарвякоў. Але не мог сабе дазволіць адвесці яе да лекара. Ён не хадзіў на працу, бо баяўся падатковага інспектара з памагатымі. Яны сварыліся. Урэшце ён сабраў валізу і заявіў, што яна едзе на тыдзень у вёску да маці.

Макіндэ вырашыў спытаць парады ў Расакі, мясцовага, якога празвалі Каралём Цэнтру. Расакі займаўся гульнёй на таталізатары ды пасярэдніцтвам у заказных забойствах. Казалі, што ён тусаваўся з лагаскімі бандытамі і ўзброенымі рабаўнікамі, курыў марыхуану, піў агагора [1] і звяртаўся да лагаскіх дзевак: “Малая, у мяне болт ого-го!” — “Ды якое там ого-го! Не болт, а болцік!” — адказвалі тыя. Вось такі быў Кароль. Усе ведалі таксама, што ён дапамагаў людзям у бядзе, у праблемах з уладай: паліцыяй, атрадам Kill-and-Go [2], мытняй і падатковай інспекцыяй. Ён заўжды дакладна ведаў, каму трэба даць на лапу.

Расакі курыў, калі Макіндэ пачаў гаварыць. Яго пальцы былі такія ж чорныя, як вусны, а зубы былі колеру кáры.

Братка, — праскрыгатаў ён, — у цябе ўсё нармальна з галавой? Не варта было абражаць інспектара.

— Пазнавата для такой парады, — прамармытаў Макіндэ.

Расакі пачухаў пад пахай. Ён толькі што прачнуўся. На сцяне вісеў каляндар. На ім была дзяўчына месяца, міс Люты, грудзі якой паказвалі на ўсход і на захад, а ў зубах па цэнтры была невялічкая шчылінка. Яе звалі Долі.

— Трэба было трымаць язык за зубамі, — параіў Расакі. — Ці ты хочаш аддаць ім сваю жонку?

— Мая жонка, — сказаў Макіндэ, — часцей за ўсё пахне варанымі яйкамі. А цяпер яна есць зямлю. Я яе кахаю. І ніколі б не аддаў яе нават прэзідэнту, каб той пажадаў яе.

Расакі зайшоўся ў кашлі.

— Я так і думаў. Таму я і кажу табе, што гэтыя інспектары — нелюдзі. Яны вельмі злосныя і помслівыя. Гэта і дапамагае ім рабіць кар’еру. Я раю — але ты можаш не слухаць маіх парадаў, — я проста раю заплаціць столькі, колькі ён просіць.

— Заплаціць?

— Так, таму што ён цяпер пакрыўджаны, зняважаны. Ён псіхалагічна прыніжаны, і што б ты ні зрабіў, яго цяпер не супакоіць. З уласнага досведу ведаю, што ён можа запатрабаваць столькі грошай, колькі каштуе твой кавалак зямлі.

— Дык як жа я заплачу?

— А колькі ў цябе ёсць?

— Усё, што ў кішэні.

— Пакладзі на стол, братка.

Макіндэ паклаў. Расакі паглядзеў на стос банкнотаў. Ён схіліў галаву набок і ўсміхнуўся.

— Ты сабраў гэта, абдурваючы вернікаў?

Расакі ад нараджэння быў мусульманінам. Апошні раз ён быў у мячэці на ўласным вяселлі, але яны з жонкай развяліся.

— Я нікога не дурыў, — адказаў Макіндэ. — Гэта была плата за ўваход.

— Называй як хочаш. У цябе быў шанец, і ты яго скарыстаў. Людзі паверылі табе, а ты сыграў на іх веры. Я цябе не вінавачу. Чортавы фанатыкі гэта заслужылі. Хто ж ведае, як напраўду выглядае Марыя. Ты ведаеш?

Макіндэ пачаў нервавацца. Падобна было, што Расакі шмат усяго ведае, апрача таго, як пазбегнуць расплаты з падатковым інспектарам.

— Што ты мне параіш?

— Братка, — сказаў Расакі, — ты гуляеш на таталізатары?


А Расакі быў майстрам. Як жа інакш ён бы выжыў гадамі без працы? Гульня на таталізатары насамрэч не рызыкоўная, казаў ён, і толькі тыя, хто гуляе даволі доўга, ведаюць гэта. Яны вывучаюць шанцы і робяць стаўкі. Тыя, што прайгралі, — аўтсайдары, як і вернікі, што моляцца на цуды.

— Дай мне свае грошы, і я вярну ў дзесяць разоў болей, — сказаў ён.

— Як?

— Мне што, зараз табе расказаць тое, на што ў мяне пайшлі дзесяцігоддзі?

— А мне што, аддаць табе тое, на што ў мяне пайшоў месяц?

— Як сабе хочаш.

— Выбар у мяне невялікі.

— Выбар бясконцы.

— Ты шмат ведаеш. Чаму ты дагэтуль не разбагацеў?

— Я выбраў беднасць.

— Чаму?

— А дзе б яшчэ я быў Каралём?

Макіндэ мусіў прызнаць, што няма больш нікога, хто б так, як Расакі, нягледзячы на выгляд — рэбры ды скура з сыпам на шыі, — шпацыраваў па цэнтры, не раўнуючы кароль. Ён насіў доўгія бліскучыя нагавіцы. Гэтая мода называлася “Зробім вуліцы Лагаса чыстымі”. Сівыя валасы былі каротка пастрыжаныя. Гэты стыль называўся “Дзяўчаты бегаюць за мной”. Ён спаў з прастытуткамі, меў адзін пакой, і людзі ведалі, што жонка развялася з ім праз тое, што ў яго не магло быць дзяцей, але ён усё яшчэ быў надзвычай упэўнены ў сабе.

— Я прыйшоў да цябе, бо ў цябе ёсць падвязкі, — сказаў Макіндэ. — Я спадзяваўся на больш звыклую параду. Напрыклад, каму можна даць на лапу. Мне трэба падумаць.


Дома Макіндэ абдумаў варыянты. З аднаго боку, ягоная зямля, а з другога — грошы ў руцэ з перабітым пальцам, атрыманыя не з працы. Лёгкія грошы. Яму падалося, што Расакі мае рацыю. Выпадкова ён стаў гаспадаром адной гульні. Хто сышоў з яго зямлі з цудам? Хто мае грошай у кішэні больш за яго? Тыя інваліды, што кульгаюць на мыліцах, ці тыя сляпыя, што блукаюць у цемры? Ён не чуў ад экскурсавода, але ўпэўнены, што яна знайшла новае месца для сваіх казаняў. Ніхто з наведнікаў ягонага цуду не меў мерсэдэсаў — ніхто з іх не быў вялікай шышкай у ягонай краіне, каго б называлі “спадарамі” ды “спадарынямі”. Няважна, як доўга ён працаваў, варункі зноў спрыяюць ім. Не яму. Не яму.

Ён спатнеў і заліўся слінай. Ён перайшоў да наймацнейшага інтэлектуальнага стану — суцэльнай непамыснасці. Ён пайшоў да Расакі з грашыма. Расакі паабяцаў вярнуць праз тыдзень.


І як жа Макіндэ пачуў пра свае грошы? Ён хадзіў да Расакі, а яго і след прастыў. Ён распытваў, дзе яго можна знайсці. Казалі, што той паехаў на поўнач. Макіндэ блукаў каля занядбаных дамоў, дзе Кароль меў свой пакой. Але Расакі не было. Кароль знік з цэнтру.

А пачуў ён усё ад Бізі, калі тая вярнулася, па горла сытая матчынай тушанай гароднінай і ўжо без цягі да зямлі. Яна пачула ад сяброўкі з таварыства замужніх кабетаў, якая пачула ад свайго мужа, які пачуў ад свайго калегі, што Расакі ўзяў грошы ў аднаго чалавека, каб гуляць на таталізатары, і ўсё прайграў, а той чалавек хутчэй за ўсё не зможа вярнуць свае грошы, бо трапіў у пераплёт з падатковай інспекцыяй, і Расакі дакладна ведае, каго паслаць, каб пераканаць гэтага чалавека, што ён банкрут, і што гэты чалавек Макіндэ.

— Гэта праўда? — запыталася Бізі.

— Праўда.

— І гэта ўсё за той час, пакуль мяне не было?

— Так.

— Як ты мог?

— У мяне не было выбару.

— Ох, як жа гэта брыдка.

— Чаму? — спытаў ён у яе стылі. Гэта не яго віна. Гэта яна пабачыла Дзеву Марыю на брудным шкле. Гэта яна расказала людзям, і яны прыйшлі, заміналі працы і зрабілі так, што ягонае імя ў газеце прыцягнула ўвагу падатковага інспектара. — Нічога б не здарылася, каб не твая відзежа.

— Але ж гэта ты, — адказала яна, — гэта ты памыліўся, падпаўшы пад уплыў Расакі. Тыя грошы — гэта нашае блаславенне. Ты страціў іх, калі падумаў, што Божую ласку можна памножыць нейкім іншым шляхам.

— А што мне было рабіць?

— Ты мусіў аднесці іх у царкву.

— Куды?

— Падаць ахвяраванне. І тады Божая ласка была б да нас яшчэ больш шчодрай.

— Даражэнькая, калі хоць раз Божая ласка была да нас шчодрай?

Бізі трэба было падумаць. Бацькоўства — гэта таксама блаславенне, нават калі Макіндэ пра гэта і чуць не хоча. А яна не магла думаць ні пра што іншае.

— Я ахвяравала дзесяціну, — сказала яна. — І мае малітвы былі пачутыя.

— Ты малілася пра цуд на маім участку?

— Не.

— Ну і добра.

— Але гэта здарыцца! Я ведаю, што здарыцца!

— Раскажаш мне, калі здарыцца. Я адчуваю сябе, нібыта змагаўся з сілай, нашмат мацнейшай за мяне. З неўтаймоўнай сілай. Яна знішчыла мяне дашчэнту, я знямогся ў барацьбе з ёю.

Тым часам Бізі знайшла выйсце. Яна напісала заяву на дапамогу ў Крызісны фонд замужніх жанчын. “Пры ўмове, што ты далучышся да нашай царкоўнай сям’і”.

— Далібог… — Макіндэ быў напраўду знясілены.

— Гэта не абмяркоўваецца. Ты хочаш, каб яны нам дапамаглі, ці не?

— У мяне няма выбару.


У наступную нядзелю ён прыйшоў у царкву “Шчодрае жыццё” разам з Бізі. Там яна яму і сказала, што цуд, пра які яна малілася, здзейсніўся: ён разам з ёй тут, у яе царкве.

— Я вельмі радая, што ты знайшоў свой шлях, — сказала Бізі.



 

[1] Агагора — афрыканскі саматужны алкагольны напой з пальмавага соку, найбольш папулярны ў Нігерыі, які з’яўляецца неад’емнай часткай рэлігійных і грамадскіх святаў.

[2] Kill-and-Go — народная назва ўзброенага атрада хуткага рэагавання, празванага так за тое, што яны маюць звычку забіваць нявінных людзей і знікаць з месца забойства.

 

From News from Home by Sefi Atta, published by Interlink Books, an imprint of Interlink Publishing, Northampton, Massachusetts, www.interlinkbooks.com, Copyright © Sefi Atta, 2010. Printed by permission.


Пераклад з ангельскай – Паліна Маслянкова © 2011

Чытайце таксама

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

676