№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Каровы ды мужыкі

Апавяданьне

Ліпеньскае сонца грэла статак кароваў, якія гультаявата, бы млявыя гарэмныя адаліскі, рухаліся па палетку, акуратна агароджаным іржавым дротам. Насамрэч гэта быў штучны палетак для саўгасных кароваў, які месьціўся акурат ля гіганцкага жывёлагадоўчага комплексу. Але ж гультаяватымі апоўдні былі ня толькі каровы. Па-за агароджай у траўнай густэчы ляжалі дзьве маладыя жанчыны. Адна — Антаніна, аграномка трыццаці пяці гадоў, прысланая зь Віцебску, вабная русявая кабета безь сям’і, на якую паглядалі ўсе мужыкі навакольных вёсак, і другая — Александрына, дваццацісямігадовая мясцовая даярка, якая працавала на комплексе, сямейная, з мужам-алькаголікам і дачушкай Гануляй. Апошні месяц Александрына ня езьдзіла на абед дамоў, бо, па-першае, не хацела губляць залаты час на пераезд і лепей заставалася з Антанінай, а па-другое, бачыць чырвоны ці нават чарнільны твар Яна-мужа яшчэ й у абед было занадта геройскай справай. Балазе, Ганулька была ў садку.

Антаніна, заўважыўшы клопат у вачох Александрыны, ціхама сказала:

— Здымі ты гэтыя акуляры! Ты ў іх рыхтык новы бацюшка, чуеш? Ты мяне палохаеш у іх.

Тая марудна сунула акуляры ў кішэню й пацягнулася да аграномкі.

— Вось так лепей, вось так і цалавацца лацьвей, — цалуючы шурпатыя вусны Александрыны, прамовіла Антаніна.

Пацалункі й лашчаньні па хуткім часе спыніў гуд каровы, якая нахабна тыркнула храпу праз дрот і заўважыла “родную” даярку.

Напалоханая Александрына шчыра заенчыла:

— Божухна, яна ўсё бачыла!

— Гэта ж карова, а ня твой Ян. Не хвалюйся, яна нікому не раскажа, — скончыла аграномка гучным рогатам.

— Усё адно неяк непрыемна. У кароваў вочы як у майго п’яніцы Яна, паглядзіш у іх — і плакаць хочацца. Ды й потым я працаваць не змагу, калі Рамонка будзе паглядаць на мяне як на паліцайку.

— Ты вар'ятка, Александрына! Усіх кароваў па мянушках ведаеш!

— Анягож! У нас на фэрме толькі Рамонка любіць падглядаць і ўсюль тыркаць храпу.

Абняўшыся, жанчыны зарагаталі напоўніцу.

У наступныя два дні каханіцы ня бачыліся, не загаралі разам з каровамі. Праз працу Антаніна была вымушаная адсутнічаць: яе накіравалі ў суседнюю вёску на кантроль ільнішча. Хаця з усіх расьлінаў Антаніна больш за ўсё шанавала лён, гэтым разам яна выказала надзвычайную абыякавасьць да блакітных кветачак, якія раней, асабліва ў дзяцінстве, так зачароўвалі яе. Цяпер жа праз кветкі яна думала пра Александрыну, колер вачэй якой акурат нагадваў ільняныя блакітныя кроплі.

Гойсаючы па палетку, Антаніна не правярала, ня мацала лён, а больш псавала яго й вытоптвала.

На трэці дзень аграномка вызвалілася ад шурпатага лёну й адразу паляцела на ровары на комплекс. Заляцеўшы ў будынак, яна вачыма адшукала Александрыну й маланкаю падскочыла да яе:

— Вось дзе ты! А ну паказвай мне сваю карову-сапсаванку, якая падглядае за людзьмі.

Напалоханая даярка зь бідонам малака ў руцэ адказала:

— Цішэй! Сапсаванка! Ніякая яна не сапсаванка, проста цікаўная дзеўка.

Любуючыся маруднасьцю й разважлівасьцю ўлюбёнкі, Антаніна ледзь не ўхапіла яе й не пацалавала. Добра, своечасова ачомалася, бо карагод даярак ля бідонаў усё б добра ўбачыў і зразумеў. Аднак узрушаная аграномка так хацела пажартаваць ці, яшчэ лепей, нашкодзіць, напалохаць марудных даярак і кароваў і перш-наперш — Александрыну і вочы льнянога колеру.

— Ведаеш, Александрына, а можа, твая Рамонка яшчэ ў дадатак і лесьбійка? — амаль сур’ёзна запыталася жартаўніца.

— Хто? — не зразумеўшы сваёй заразумніцы, перапытала даярка.

— Сапсаванка й лесьбійка! — сьмела, але ж досыць ціха паўтарыла аграномка.

— Лесьбі — хто? Зноў ты разумнічаеш са мною? З сваімі аграномніцкімі словамі? Альбо ў дурушу гуляеш, га, як мая маці?

— А што твая маці? — пацікавілася тады Антаніна, ведаючы, што тая жартавала ўвесь час, усім мянушкі чапляла й магла, калі б захацела, так думалася Антаніне, ад яйка адліць.

— Мая маці! Яе трэба ў цырк ці ў вар’ятню завезьці. У яе ж праз слова жарт. І ведаеш, учора яна скандал на ўвесь саўгас зрабіла, — зусім ужо сумна распавядала Александрына.

— Што яна ўчкурыла?

— Зайшла ў кантору, а ў іх там паседжаньне, усе крукі й кручкі мясцовыя панаехалі, а яна падышла да дырэктара й абазвала яго ўмысна не таварышам Дзерваедам, а таварышам Дармаедам! Уяўляеш?

— Так і сказала? — не даючы веры, але ж усё сьмеючыся, перапытала Антаніна.

— Так і сказала! Цяпер дырэктар праходзіць ля нас і не здароўкаецца.

— Дык твая маці праўду сказала. Гэтак уся вёска лічыць. Ды нічога страшнага, усім вядома, што твая маці — першая “артыстка” й наружніца[1] ў раёне.

Александрына мыла бідоны й толькі касавура паглядзела на чырвоную ад бесьперапыннага рогату Антаніну, нічога не знайшоўшы адказаць, проста паматляла галавой. Потым вярнулася да старой тэмы:

— Дык што ты там за новае слова стварыла?

— Не, ніякага слова не стварала, — сьмяялася тая.

  •  

Як звычайна, схаваўшыся па-за дротам у траўнай густэчы, маладыя жанчыны адпачывалі й ледзь чутна вялі гаворку. Праўда, штохвілінна цішыню рваў дзікунскі рогат Антаніны, а каровы маглі бачыць чатыры нагі, якія час ад часу зьяўляліся па-над травою. Але ж гэтым разам цікаўная Рамонка іх не заўважыла, бо была зь іншага боку палетку, дзе ейнае раптоўнае зьяўленьне выклікала спалох сярод трактарыстаў і мэханікаў, якія ўпотайку пілі талачынку. Аднак стары Яўхім хутка супакоіў таварышаў:

— Не хвалюйцеся, мальцы. Рамонка — добрае дзяўчо, ня тое што бабы вясковыя. Яна нікому нас ня выдасьць, праўда? — зьвярнуўся трактарыст да маўклівай суразмоўцы, б’ючы сябе пальцам па вуснах.

З боку жанчынаў размова між іншым ішла аб наступным:

— Ты праўда кахаеш Яна? — цікавілася, як звычайна, сьмяшлівая Антаніна.

— Кахаю? Ня ведаю папраўдзе. Напэўна, не. Ды й не кахала. Проста з маладосьці, з школы, мяне замілоўвалі ягоныя вочы, ягоныя каровіны вочы. А каб кахаць — дакладна не! — марудна адказвала даярка.

— А ці даўно ён п’е? — зноўку нібы сьмехам пыталася аграномка.

— А як нарадзіўся, дык замест малака палюбляе водаўку. Гэтак ён, дарэчы, сам мне й кажа, — сумна канстатавала кабета.

— Дык чаму ж ты тады пабралася? Ці ты сапсаванка, як і тая Рамонка? — ужо сур’ёзьней пытала сьмяшлівіца.

— Што казаць? Няма чаго! Ды й навошта? Цяпер гадоў не вярнуць, ды й Гануля вунь ужо якая вялікая! Яна дужа любіць татку, яна, ня я, таму вось разам і жывём.

— А як у вас сэксуальна? — упарта працягвала бамбардаваць пытаньнямі аграномка. — Ці ён яшчэ функцыянуе, як кажа твая маці? Не зважаючы на літры выпітай самагонкі?

— Функцыянаваць — функцыянуе, але ж усё адно ён млявы й без жаданьня. Ды й я яго такім не дапушчу да сябе. Ён больш ляжыць ля мяне й глядзіць сваімі велічнымі каровінымі вачыма — хоць раві! І цела, ведаеш, у яго ня вельмі прыгожае, сьмешнае. Ды, здаецца, ва ўсіх мужчынаў цела нікудышнае, страхоцьце: ногі-палачкі, а яшчэ й кашлатыя. Гідоцьце адное! — адказваючы, амаль запыталася жанчына і вочы льнянога колеру.

Антаніна тым часам казытала вуснамі бялюткую, бы малако, руку даяркі. На гэтым размова скончылася. Акуратна, каб не падрапаць Александрыну, Антаніна сьцягнула зь яе й склала ў кішэню акуляры й пачала сьмялей казытаць вуснамі шыю сваёй улюбёнкі, спакваля спаўзаючы да грудзей.

  •  

А трынаццатай гадзіне Антаніна ляцела на ровары на традыцыйнае рандэву з Александрынай. Ляцела з бурачных палёў. У джынсоўках, кедах, караценькай майцы, і каб ня хустка ад сонца, яна, да душы, была падобная да мальца. Па дарозе Антаніна нечакана натрапіла на новага бацюшку ў акулярах, які пасьпеў адскочыць з-пад кола гоньніцы. Вясёлая аграномка часьцяком заўважала дзіўны позірк сьвятара на сабе. Гэта ёй было не ў дугу, таму гэтым разам на бацюшкавае “Добры дзень!” яна паказала яму ружовы язык. Аднак маладжавы сьвятар, прыблізу ейны раўналетка, зусім не зьбянтэжыўся, наадварот, па-хлапецку засьмяяўся й тэатральна кінуў ёй наўздагон: “Язычніца!”

“Язычніца” на ровары тым часам паляцела далей на доўгачаканае спатканьне. Яшчэ здалёк яна ўгледзела Александрыну ў белай хустачцы, якая, як і чакалася, лашчыла сваю лісьлівую Рамонку. У акулярах даярка сапраўды была рыхтык сьвятар, але з гэтага падабенства Антаніна толькі ўсьміхнулася й брутальна загальмавала, спудзіўшы карову-сапсаванку.

  •  

— Што яшчэ ўчкурыла твая маці за апошнія дні? — паклаўшы галаву на ногі Александрыне, пыталася Антаніна.

— Дні ці хвіліны? У мяне аж глузды кіпяць ад ейных частых выбрыкаў. Як цяжка зь ёю жыць, не ўяўляеш! А вось учора, ведаеш, сядзела ўвечары й у акно пазірала. Ішоў ля нас бацюшка, павітаўся, а яна змоўчала, схавалася за цюль, а тады вытыркнулася й языка яму паказала. Зусім зьдзяцінілася старая! — трагічна завяршыла Александрына.

— Ня можа быць! — закрычала празь дзікунскі рогат Антаніна. — Ведаеш, кагадзе я стрэла бацюшку й, як твая маці, дала яму языка.

— Звар’яцелыя! Бедны бацюшка, падумае, што тут адныя дурні жывуць, — досыць сур’ёзна й крытычна дадала даярка.

Антаніна нічога не казала — проста й шчыра сьмяялася на ўсю мяліцу.

  •  

Другога жніўня, на Ільлю, дзьве “язычніцы”, як іх называла ўжо й маці Александрыны, бо тыя парушалі каляндарныя нормы, паехалі купацца ў халодным Дняпры. Здалёк у вадзе яны былі падобныя да вястунак Лады — бялюткія, прыгожыя, ураджайнагрудыя, а яшчэ ўпэўненыя маладыя жанчыны ў сьвеце нягеглых мужчынаў. І як сьмела яны гулялі з дняпроўскімі вірамі! Выпаўзлыя на пясок дзеўкі пачалі хавацца ў бязьмежных ручніках. Сагрэўшыся, яны працягнулі гутарку, пачатую, па ўсім відаць, у вадзе:

— Дык ты мяркуеш, дзеўкі на комплексе нічога не заўважаюць? — пытала Александрына з бэзавымі ад халоды вуснамі.

— Вядома, не. Кінь дурное, мая князёўна. Тое, што я амаль штодня зьяўляюся ў цябе, нічога не азначае. Вунь твой Ян штодня тырчыць з мужыкамі, ніхто ж ня лічыць, што яны шлыхаюцца.

— Ян — справа іншая. Усе ведаюць, што яны п’юць разам, — турботна адказала князёўна.

— Мы з табою таксама, мажліва, п’ём! — сьмехам адгукнулася аграномка.

Надта сур’ёзная й здранцьвелая, Александрына нібы не пачула жарту:

— Вунь і маці ўсё плявузгае: тая жанчына, якая жыве без мужыка й каровы, — не жанчына! Яна, дарэчы, і цябе ўжо запісала не ў жанчыны, чуеш? Вось толькі ня ведаю, ці яна жартуе, ці ўсур’ёз кажа. Мо здагадваецца аб чым?

Вясёлая як заўжды Антаніна заўважыла:

— Дык яна й сама без мужыка й без каровы жыве — у цябе на шыі.

— А яна згодная, што старая кабета больш не жанчына. Зломіцай сябе заве. Вось якая цікавая ейная філязофія, — заключыла Александрына.

  •  

Тым часам у мясцовай краме бабы з комплексу, некаторыя пастаянкі-пакупніцы й пляткарніцы й, канечне, прадавачка Клара з самой Воршы рэзюмавалі апошнія падзеі ў вёсцы. Асноўнай падзеяй сталася, вядома, зьяўленьне віцебскай аграномкі. На ейны конт бабы з комплексу мелі хутчэй нэўтральныя думкі, тады як пастаянкі й асабліва прадавачка Клара былі проста скандалізаваныя гэтай нахабай і прасталыткай.

Клара, мацаючы кулі зь пернікамі, раптам згадала адну непрыемную сцэну з аграномкай-калантайкай, як празвалі яе старыя бабы:

— Ведаеце, дзеўкі, яна мне адразу не даспадобы сталася. Упершыню як увайшла ў краму, кінула вока на хлеб, па якім мухі поўзалі, і носам заварушыла. Я тады й зразумела, што гэта за прынцэса!

— Калантайка. Сапраўды, мае рацыю Александрыніна матка, калі празвала яе так. Вы ж паглядзіце на яе: ходзіць, апранаецца быццам малец у дваццаць гадоў! А бабе ўжо гадоў пад сраку! Нейкая гострая ўся, бы й ня баба. А нашыя мальцы рот разявілі й глядзяць на яе, як у чыгунок з бабкай, — дадала Мадзярыха, кабета шасьцідзесяці гадоў, сыны якой у хаце толькі й прыгадвалі віцебскую красуню.

Дзеўкі з комплексу, якія дагэтуль маўчалі, бо ня мелі чаго й сказаць, раптам пачалі ўдзельнічаць за кампанію ў абгаворваньні калантайкі. Самая сьмелая й гаварлівая з даярак заўважыла:

— Ведаеце, яна сябруе з адной нашай даяркай, Александрынай. Дык нам падаецца, яна ліпне да яе толькі з-за ейнага Яна.

— Дык ён жа алькаголік! — зьдзівілася Мадзярыха, думаючы між тым аб уласных сынах, якія прынцыпова не пілі (за што ў вёсцы іх звалі дзюндзіламі). — Няўжо яна, гарадзкая вучоная баба, паглядзіць на такога гаротніка?

— А што, алькаголікі ня людзі? — перапытала сьмелая даярка. — Вунь мой Рыгор страшэнна п’е, але ж мазгі цэлыя, ды й мяне кахае вунь як! — завяршыла яна, абараняючы разам з Рыгорам усіх п’яніцаў сьвету.

— Ня ведаю, ня ведаю, — умяшалася Клара, якая сама кожныя выходныя ў Воршы дажынкі ладзіла. — Я так думаю, у горадзе не засталося больш сапраўдных мужчынаў, вось яна ў вёску й напрасілася. Пабудзе тут з нашымі мальцамі, а тады ў горадзе ёй на шмат энэргіі хапае.

Тут ня вытрывала Мадзярыха й запыталася:

— Дык скажыце, з кім яна любіцца? Мне чамусьці ніводны наш малец не ў прыкмет.

Клара зь містычнаю ўсьмешкаю, уласьцівай хіба асобам у курсе, прамовіла:

— Зь Янам і бацюшкам — дакладна! Вы бачылі, як яны пераглядаюцца? Як цёпленькія палюбоўнічкі з бразільскага кіно, не іначай. Я ўбачыла іх аднойчы й адразу зьмікіціла, што ды навошта, — шакуючы прысутных вясковак, замоўкла прадавачка.

— З нашым бацюшкам? — заенчыла Мадзярыха. — Ня ведаю. Ці дазволена бацюшкам кахацца? І ці ўмеюць яны наагул функцыянаваць? Наўрад ці…

Ніхто з прысутных не адказаў старой зьдзіўленай кабеце, бо дзеўкі пачалі ва ўсю сілу й на ўсе галасы ўяўляць, як функцыянуюць бацюшкі.

Раптоўна ўсе змоўклі бы па загадзе. Чырвоныя твары даярак у зялёных тапцях напалохалі астатніх. Толькі прадавачка Клара зразумела, што да чаго, і ўмомант зрабіла ўсьмешку, кінуўшы ўвайшоламу сьвятару “дабрыдзень”.

  •  

У чыстай хаце Александрыны панавалі дзіўная цішыня й салодкі пах сочыва зь яблыкаў: ані галасоў, ані корпаньня старой маці ці Ганулькі. Ветрк ледзь калываў бэзавыя фіранкі, палохаючы заўсёдашніх знадаедлівых мушак, сп’янелых ад цеплыні й сочыва. Старая кабета з унучкай падаліся ў Воршу на выходныя да сваякоў, таму дзьве каханіцы сьмела ўсталяваліся на канапе й гультаявата, бязмэтна чакалі канцоўкі дня. Яна жанчыны не баяліся, бо былі ўпэўненыя, што той п'е ці ўжо качаецца дзе-небудзь зь іншымі мужчынамі. Стомленыя ад гатоўкі, ад гарачыні й, нарэшце, ад смачнай і цяжкай вячэры, каханіцы задаволена апынуліся ў абдоймах адна адной. Нібы ачадзелыя, кабеты затохваліся ва ўласных пахах, целах, да якіх ветрык дадаваў з кухні пах параных яблыкаў. Узбуджаная прыгожым і вымерханым целам гаспадыні, Антаніна гвалтоўна распранула яе, хударлявую, але ўраджайнагрудую. На мост паляцелі паркалёвая сукенка вяскоўкі й джынсоўкі гараджанкі. Антаніна па-дзікунску рынулася на ўлюбёнку. Танцуючы ў яблычнай смузе, жанчыны, па ўсім відаць, забыліся на рэчаіснасьць. На пэўны час і ветрык спыніў ганяць мушак. Праз татальную цішыню чуліся хіба плоцевыя ўздрыгі, і на сьценах то зьяўляліся, то зьнікалі велічныя цені танцухаў. Калі паглядзець на хату звонку, то магло падацца, што ўнутры сабраліся вядзьмаркі, якія распачалі нейкі свой цьмяны рытуал. Праўда, Ян, выпіты як ніколі, не заўважыў тых дзіўных скокаў ценяў. Як звычайна, на аўтапілоце, ён заскочыў у дзьверы роднай хаты й на момант раптоўна спыніўся ў калідорчыку. Перад ім склалася амаль фантазійнае відовішча: дзьве вабныя, распранутыя да нельга кабеты коўзаліся на падлозе, рагочучы й канвульсіўна рухаючы нагамі й рукамі. У ягонай хаце! У дадатак салодкі яблычны пах агаломшыў Яна, які спрабаваў выкараскацца з п’янага чмуту й зразумець бачанае. Спачатку ён палічыў, што адна з нахабных каўзухаў — ягоная жонка, але той факт, што яна цалавалася зь іншай, няхай і вабнай, жанчынай, прымусіў ягоны розум адмовіцца ад такой думкі. Зрэшты, каўзухі ці танцухі ачомаліся й пачалі круціцца значна шпарчэй, нават, як падалося яму, неяк гістэрычна. І потым іншая кабета, чужая, сэксуальная, кінула позірк у ягоны бок, паглядзела сьмела, нават вульгарна-нахабна, у вочы Яна й затрэсла, нібы хворая ці шалёная карова, галавою.

Спалоханы п’яны Ян паспрабаваў яшчэ раз пацьверазець, але ж зашмат залітай самагонкі засталося ў арганізьме. Ян здагадаўся праз алькагольны чмут, што, магчыма, ён проста памыліўся хатамі. Ці гэта ўсё алькагольныя фантазіі… Яшчэ раз ён кінуў вока ў бок слодычных фантазійных жанчынаў і рынуўся на мост у абдоймы Мáры.

  •  

Раніцай Александрына звычайна прачыналася раней за пеўняў, кароваў і нават раней за старую маці. Падаецца, уся вёска качалася яшчэ ў абдоймах сноў, а даярка, мэрам вятрыскі на палетках, які даглядаў ноччу заснулыя кветкі, пільнавала пакой вёскі. Расплюшчыўшы вочы, яна заўсёды заставалася некалькі хвілінаў нерухомай. Потым, вельмі акуратна выкараскаўшыся з прасьцірадлаў, яна аглядала пакой у ранкавым сутоньні. Крыху счакаўшы, ейныя вочы разглядалі твар мужа, які ляжаў зусім побач. Углядалася ў вядомыя рыскі й адчувала халоду, а потым нават і гідоту да гэтага цела-бервяна. А яшчэ адчувала сорам быць разам зь ім у адным ложку. Страшна, але часта яна разумела, што ёй сорамна было б паказацца зь ім на вуліцы. Толькі ўвечары клапатлівая істота не давала ёй ня думаць пра яго — і яна бегла на двор, расшуквала выпітага мужа. Іначай яна ўсё адно не змагла б заснуць, ведаючы, што ня ўсё ў хаце ейнай на месцы. Да дваццаці сямі гадоў Александрына ніколі ня думала, не разважала аб тым, ці змагла б яна пакахаць кабету. Пасьля нечаканай стрэчы з Антанінай яна аўтаматычна перагледзела, падаецца, простыя пытаньні, і цяпер ёй было не даўмецца, як раней яна выходзіла з мужам Янам на людзі! Цяпер жа ёй так сорамна быць зь ім… І не таму, што ён алькаголік, а таму, што яна не кахае яго й не кахала. І, наадварот, апошнім часам ёй карцела паказацца на людзях поруч з Антанінай. Тое, што раней не выклікала сумненьня, цяпер сталася абсурдным і недарэчным, крывадушным. І хоць у яе паўсталі новыя жаданьні, яна, вядома, баялася іх так проста ажыцьцявіць… А яшчэ яна баялася ня толькі сваіх новых і сьмелых жаданьняў, а перадусім самой сьмелай Антаніны, здатнай на ўсё…

  •  

Аднаго разу, паклаўшы спаць усю сям’ю: гаваркую маці, маўклівую Ганулю й п’янага мужа — Александрына аддалася цеплыні прыемнай і супакаяльнай ванны. Бурбалкі вады хавалі ад ейных вушэй мужавы й матулькавы храп з суседніх пакояў. Стома дапамагала на час забыцца на праблемы іншых і паразважаць крыху пра самую сябе. У гіганцкай люстры Александрына бачыла ўласнае бялюткае цела, якое так шанавала Антаніна й якое апошнім часам пачало прыносіць асалоду й упэўненасьць ёй самой. І гэта не зважаючы на пэўны плоцевы досьвед зь Янам. Цяпер жанчына разумела, што з мужам яна ніколі ня мела асалоды, а толькі прымітыўную спатолу. З аграномкай жа ўсё было інакш: прыемна, хотна й заўсёды глыбока эмацыйна, а галоўнае — фізычна суладна. Разумеючы й паўтараючы сто разоў гэтую выснову, даярка прыгадвала хударлявасьць сваёй любкі зь Віцебску звалілай на яе. Ейныя даўгія ногі, рукі, пунсовыя вусны, якія так палюблялі казытаць і прыемна раздражняць бялюткую скуру вяскоўкі. Ейны гостры носік, які пэўна вандраваў па ўсіх частках багатага цела Александрыны, спыняючыся на крыху больш, чым звычайна, там, дзе Антаніне асабліва хацелася. І гэтыя прыпынкі заўжды выклікалі дрыготкі й сьцішаны аргазм.

Марудна й так прыемна плывучы ва ўспамінах, Александрына раптам чаплялася за тое, што так не хацела чапаць і разумець: ці надоўга гэтае каханьне? Раптоўнае шчасьце пасярод працы, бруду, пастаяннай шэрасьці, п’яных мужыкоў, крыклівых бабаў і паўсюдных тралейбусных кароваў… Яна баялася нават уявіць сабе чарговую зіму з брудным сьнегам, халодным комплексам, хворымі каровамі, злымі даяркамі з чырвонымі рукамі й… без Антаніны. Але ж і не малявала яна будучыні ў асфальтавым, стэрыльна-чыстым Віцебску з тралейбусамі замест вядомых ёй кароваў. Як тыповая вяскоўка, Александрына заставалася рэалісткай. Не, ня муж яе стрымліваў і нават ня маці. Мары й новыя жаданьні гублялі палёт, як толькі яна пачынала думаць пра матэрыяльнае, побытавае: хата, зямля, гаспадарка. Як з гэтым? Няўжо кінуць і ўсё пачынаць з нуля? Гэта палохала яе больш, чым сьмерць. Гэта адразу вынішчала ўсе ейныя нясьмелыя, прыблізныя мары. Мала задаволеная горкімі высновамі, Александрына выпаўзала з ваннай і ціхама йшла ў ложак, у якім ад мужа патыхала самагонкай і нямытым целам. Адлучала даярка радыё зь фінальным знадаедлівым, як і тыя мушкі ўдзень, гімнам, насоўвала на галаву коўдру, каб ня дыхаць нячыстым мужавым паветрам, і хутка засынала.

  •  

У апошнія жнівеньскія дні загарэтая аграномка вярталася дамоў, гонячы побач брудны ровар. Праца якраз цяпер патрабавала дадатковай напружанасьці й пільнасьці. Вымерханая, нібы нявольніца, Антаніна ледзь цягнулася, зрэдчас кідаючы позірк на бязьмежныя палеткі. Колькі жніўняў запар яна марыла кінуць усё й назаўсёды ўсталявацца ў горадзе. Раздражнёная заўсёдашняй фізычнай стомай, чырвонымі тварамі мясцовых п’янтосаў, юрлівымі вачыма бацюшкі й паўсюднымі тралейбусападобнымі каровамі, Антаніна дужэй пакрочыла ў бок ужо бачнай воддаль вёскі. Увечары, вымытая й адпачылая, у даўгой спадніцы й новай бэзавай сарочцы, якія выразна фэмінізавалі яе, аграномка вырашыла пайсьці да Александрыны. Пагаманіць ці нават пераканаць даярку пайсьці ў кіно, напрыклад.

Дзьверы адамкнула Гануля, мініяцюрны партрэт бацькі з каровінымі вачыма:

— Дзень добры!

— Дзень добры, Гануля! Ці дома маці?

— Маці дома, але бабуля наказала цыганак у хату не пускаць.

— Дык не цыганка я. Я цёця Антаніна, памятаеш мяне?

— Бабуся кажа, што такія даўгія спадніцы носяць хіба цыганкі, — працягвала ўпарта дачка даяркі, паказваючы пальцам на даўгую чорную спадніцу Антаніны.

Урэшце ў дзьвярах зьявілася старая гаспадыня, якая дазволіла госьці ўвайсьці.

— Гануля, бяжы да маці. Цёця Антаніна не цыганка, гэта праўда, хоць і вядзе лад жыцьця перакаці-поля, але яна не цыганка, — адначасова сур’ёзна й іранічна вымавіла вясковая гумарыстка.

Звыклая да зьедлівых абразаў наконт адзіноты й ладу жыцьця дзявушчай дзеўкі, аграномка паздароўкалася з маці й праскочыла на кухню да каханай. Каханая разам з дачкой плакалі, дзеручы цыбулю. Антаніна ня ведала, сьмяяцца ёй ці плакаць з гэтай сцэны.

Застаўшыся сам-насам, сакрэтніцы пацалаваліся. І тут Антаніна раптоўна, без падрыхтоўкі, без уступу, запыталася:

— Ты ніколі ня думала ўсё кінуць і зьехаць адсюль?

— Ты ашалела, мая разумніца? — адказала пытаньнем на пытаньне зьдзіўленая Александрына.

— Я сур’ёзна. Ці ня хочаш ты паехаць са мною й Гануляй жыць у горад? Ці хочаш ты пачаць новае жыцьцё? Нашае новае жыцьцё. У Віцебску, напрыклад.

Напалоханая гаспадыня зразумела нарэшце, што тая не жартуе, як зазвычай, а пытаецца ўсур’ёз. Паглядзела моўчкі на свае завэдзганыя рукі й сказала:

— А як жа Ян? Маці? Каровы? Гаспадарка? З чаго я жыць там буду?

— Ты будзеш са мною. Мы знойдзем там працу. Я абяцаю.

— Не, мая прыгажуня, не. Ты, мусіць, жартуеш. Я не ўяўляю сябе ў горадзе. Ды й як Яна кінуць? Я ж усё жыцьцё тады буду дакараць сябе, калі ён тут памрэ празь мяне…

— Ты ж казала, што не кахаеш яго! Чаму тады так трымаесься за яго?

— Не кахаю… І не кахала. І ня ўпартая я. Проста я не сапсаванка й не… лесьбійка, каб усё кінуць і паехаць у лёгкі горад з табою, — раптам неяк нэрвова й злосна сказала даярка.

Бачачы нязломнасьць і злосьць Александрыны, якая, дарэчы, добра разумела “аграномніцкі” панятак “лесьбійка”, Антаніна села на табурэт, усё думаючы, як можна быць такой ласкавай і злой, прыгожай і неразумнай адначасова? Як можна адмаўляцца ад уласнага шчасьця й так недарэчна ахвяравацца?

Седзячы так у цішыні, жанчыны разумелі, што вось-вось згубяць нешта назаўсёды, што больш ніколі ня вернецца ў іх жыцьці: узаемную павагу, а галоўнае — каханьне. Адчуваючы гэтую згубу, яны пачулі з далёкага пакоя голас старой гаспадыні:

— Александрына, ці ты не забылася на час? Пара карову заганяць. Трэба, каб ты хутчэй бегла па Гладзьку, а то яна зноўку зломіць агароджу тым куркулям. І не забудзь загнаць дамоў Яна. Ён, мусіць, зноў п’е з мальцамі за царквой. Добра?

Пачуўшы гэта, Александрына зусім зьмянілася й паказалася Антаніне чужой і халоднай. З каровінымі вачыма, як у Яна, як у Ганулі. Александрына, разгубленая, але пры гэтым радасная ад таго, што зьявілася магчымасьць культурна пакінуць кухню, у хвільку вышмыгнула на двор у пошуках Гладзькі й мужа.Загнаўшы абаіх дамоў і кінуўшы вока па апусьцелы табурэт, яна зразумела, што Антаніна пакінула яе назаўсёды.

Зборнік “Калі цьвіла калакалуха…”

 

 


[1] Наружніца (дыял.) — упартая, вельмі настойлівая.

Чытайце таксама

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Шэрвуд Андэрсан

Шэрвуд Андэрсан

Амерыканскі празаік, аўтар раманаў і апавяданняў.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

944