№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзіслаў Гарбацкі

Апошні ўраніст

Эсэ

Веру, што гэтая кніга супакоіць і ўзвысіць многія гамагенныя каханьні і 
зьмірыць іх саміх з сабою, надасьць ім сьмеласьці, годнасьці і асабістага гераізму. 
Я жадаю, каб кніга стала больш чым простым заклікам і 
аберагла як мага большую частку людзей ад “солі зямлі”: 
сьлёз і баязьлівасьці, гнюснага крывадушніцтва і нявольніцкай лісьлівасьці!


Ліст С. П’ерону , Жорж Эгкаўт пра свой раман "Эскаль-Вігор", 1899

Не, прырода не асуджае і не адрынае таго, што нас дабраслаўляе. 
Гэта хутчэй біблейныя рэлігіі хочуць, каб зямля нараджала 
нас на цноту і пакуты. Хлусьня!


Жорж Экгаўт, "Эскаль-Вігор", 1899

Цалкам забыты ў нас і падзабыты на радзіме бэльгійскі клясык памёр 27 траўня 1927 году, пакінуўшы багатую, бурлівую, поўную загадак і скандалаў як літаратурную, так жыцьцёвую спадчыну. Флямандзец па нараджэньні, франкамоўны бэльгійскі пісьменьнік, бо артыстычная Бэльгія, як і ўся кантынэнтальная Эўропа другой паловы ХІХ стагодзьдзя, размаўляла і пісала на гэтай мове, сацыяліст, анархіст, ураніст[1], як у ХІХ ст. называлі геяў, упадніцкі эстэт, акадэмік — усё гэта Жорж Экгаўт, клясык бэльгійскай літаратуры. Аўтар шматлікіх натуралісцкіх і ўпадніцкіх паэмаў, фантастычных казак і навэлаў, раманаў і эсэ. Змагар за бэльгійскую справу, дзяржаву — на ўласным прыкладзе дэманстраваў двухкультур’е і двухмоўе, уласьцівыя бэльгійскай культуры, пясьняр Антвэрпэна і Брусэля, абаронца ўсіх дэклясаваных Бэльгіі: беспрацоўных, валацугаў, гомасэксуалаў, пралетараў, злачынцаў па беднасьці і г.д.

Па-беларуску ягоныя тэксты ніколі не выходзілі, бо лічыліся занадта мудрагелістымі, эстэцкімі і сьмелымі. Крыху менш вядомы за Марыса Мэтэрлінка, Жоржа Радэнбаха і Эміля Вэрхарна, Жорж Экгаўт у СССР пэўны час меў славу "бэльгійскага Горкага". Безумоўна, ягоная скандальная гендарная і анархісцкая слава таксама спрычынілася да невядомасьці гэтага аўтара ў нас, у рэгіёне наагул. 

У 1899 годзе ён апублікаваў свой вядомы раман-утопію (сёньня сказалі б: гендарную ўтопію) "Эскаль-Вігор", першы эўрапейскі раман, у якім сьмела, адкрыта, без забабонаў і кпінаў апісваецца гомасэксуальнае каханьне. Раман каштаваў аўтару судовага працэсу — і раман, і аўтар пазьней будуць апраўданыя. Раман, які і сёньня чытаецца як рэдкае і каштоўнае чытво-амброзія. Раман, які дасюль неўяўляльны, немагчымы ў многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Упершыню ў 1899 годзе ў заходняй літаратуры пісьменьнік апісаў зь вялікай сымпатыяй, цалкам станоўча і з любоўю повязь шляхціца Анры дэ Кельмарка з маладзёнам Гідонам. І наадварот, у кнізе часам з агідай падавалася іх гетэрасэксуальнае атачэньне. 

Эскаль-Вігор — фантазійная назва адначасова мясцовасьці, выспы, замка, дзе адбываюцца падзеі рамана. Эскаль-Вігор — гэта своеасаблівы райскі закутак, месца для ўцёкаў. Жорж Экгаўт сапраўды стаўся першым пісьменьнікам-змагаром і актывістам гомасэксуальнай справы больш за сто гадоў таму. Да "Эскаль-Вігора" зьяўляліся мастацкія тэксты пра мужчынскае каханьне, але гэта былі маргінальныя, нэгатыўныя тэксты альбо тэксты, напісаныя ананімамі. Жорж Экгаўт не хаваўся, не баяўся, не крывадушнічаў — сьмела і заўчасна паказаў Эўропе каштоўнасьць адкрытасьці і разнастайнасьці. Ён адзін зь першых у мастацкай літаратуры падкрэсьліў, што праблема зусім не ў гомасэксуальных асобах, а ў гетэраграмадзтве перадусім. У той час, калі Ангельшчына зацкавала і зьняволіла О. Ўайльда, а Францыя запалохала і прымусіла пісьменьнікаў маўчаць ці пісаць ананімна тэксты пра гомасэксуальнае каханьне (А. Жыда ці Калет, напрыклад), Ж. Экгаўт у Бэльгіі пачаў адкрыты бой за права на адрознасьць. 

Гэта была не адзіная мастацкая спроба пісьменьніка агучыць і замацаваць гомасэксуальную тэму ў літаратуры і грамадстве: ён піша іншыя эстэцкія гомаэратычныя зборнікі навэлаў, апавяданьняў: “Злавесны цыкл” (Le cycle patibulaire, 1892), “Мае прычасьці” (Mes communions, 1895), раман “Іншае бачаньне” (L'autre vue, 1904), “Аксамітныя злодзеі” (Voyous de velours, 1904—1926). Некаторыя тэксты зьявіліся ў адным зборніку пасьля сьмерці пісьменьніка зусім нядаўна: напрыклад, гомаэратычная навэла “Кадрыля ўлана” (Le quadrille du lancier, 2015). 

Асобна варта сказаць пра каханьне Жоржа Экгаўта — Сандора П’ерона, друкара сацыялісцкай газэты, зь якім пісьменьнік пазнаёміўся ў 1891 годзе. Мужчынаў да скону зьвяжа змоўніцкае каханьне, інтэлектуальнае сяброўства і супольная сацыялісцка-анархісцкая справа. Пры гэтым дзеля справядлівасьці і шчырасьці варта адзначыць, што ў абодвух будуць жонкі (эпоха абавязвала), якія былі ў курсе адносінаў сваіх мужоў. І ў прыгаданым ужо рамане “Эскаль-Вігор” у галоўных героях лёгка пазнаюцца рысы Жоржа Экгаўта і Сандора. Пра глыбіню пачуцьцяў і жарсьць каханкаў можна даведацца з выдадзенай у 1993 годзе кнізе “Мой каханы маленькі Сандор” (Mon bien aimé petit Sander), у якой сабраныя інтымныя лісты і дзёньнікавыя запісы Жоржа Экгаўта і адказы Сандора. У двухстах пяцідзесяці лістах закадаванае каханьне, якое не схаваць ад людзей, якое рвецца вонкі і дэманструе сьмеласьць заходняй культуры, безупынную эмансыпацыю чалавека і ягоных нораваў.  

Гэта, канечне, да ўсяго гісторыя — доказ існаваньня разнастайнай культуры, разнастайнага каханьня, крок да сучаснай эмансыпацыі заходніх, у прыватнасьці бэльгійскіх, геяў.

Іншая важная і цікавая рыса пісьменьніка — анархізм. Дасюль панятак палохае, насьцярожвае, у ХІХ стагодзьдзі анархізм палохаў абываталя ня менш. І ўсё ж, сам буржуа з паходжаньня, Жорж Экгаўт усьлед за Гюставам Флябэрам ці Шарлем дэ Кастэрам паўстаў супраць буржуазіі, ці "бэльгуазіі", супраць мясцовай буржуазнай клерыкальнай маралі і далучыўся да анархісцкай групоўкі "Чырвоны певень" (Coq rouge). Групоўка якраз змагалася супраць буржуазнасьці ўнутры працоўнага люду, супраць моды на буржуазнае сярод працоўных, пралетараў і прапаноўвала пэўную сэксуальную ўтопію, літаратурную заангажаванасьць у сацыяльныя змаганьні. Жорж Экгаўт унутры групоўкі прапановаў рэвалюцыйнае бачаньне ўпадніцтва, якое ня толькі магло быць чыстым мастацтвам ці мастацтвам дзеля мастацтва, але стварала новы кшталт упадніцтва, сымбалізму на мяжы з анархізмам і прынцыповай безупыннай сацыяльнасьцю мастацтва. Ягоныя ўпадніцкія тэксты зьяўляюцца доказам таго, што “гендарная” мастацкая літаратура пачала фармавацца ўжо тады, на мяжы ХІХ—ХХ стст.     

Зрэшты, Экгаўтаў анархізм праяўляўся ў замілаваньні ўсімі дэклясаванымі, пазбаўленымі маёмасьці і любога матэрыяльнага багацьця, цалкам залежнымі ад сваіх фізычных сілаў і здольнасьцяў людзьмі. На думку пісьменьніка, толькі такія асобы ведаюць і разумеюць сапраўдны смак жыцьця, бо ведаюць цану пакутаў і асалоды. Ягоны анархісцкі ідэал заўсёды быў у сьвеце пралетараў, злачынцаў і матросаў — адначасова анархісцкая і гомаэратычная фантазія пісьменьніка. 

Пасьля бурлівага жыцьця, багатага на суды, уцёкі, хованкі, перасьлед, рознага кшталту экспэрымэнты, а таксама на шматлікія эмацыйныя адкрыцьці, каханьні і перадусім, канечне, на шматтомную творчую спадчыну, пісьменьнік на прапанову караля ўвайшоў у 1920 годзе ў Каралеўскую (бэльгійскую) акадэмію францускай мовы і літаратуры. 

 Сапраўдны бэльгіец, спадкаемца дзьвюх культураў і моваў, сьпявак Флямандыі па-француску, закаханы ў Брусэль, якому не здрадзіў нават перад шармам Парыжу, анархіст, утапіст, гомасэксуал, ці, дакладней, ураніст, апошні ўраніст, які стварыў бясьпечны сьвет для прыхільнікаў "гамагеннага каханьня" ў той час, калі рэальнасьць для іх была сапраўды небясьпечнай. Акадэмік, клясык бэльгійскай літаратуры, творы якога вывучаюць шматлікія генэрацыі бэльгійцаў. 

Упершыню надрукавана ў часопісе MAKEOUT 

[1] Панятак "ураніст" ужываўся ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. для абазначэньня гомасэксуальнай асобы. Сам пісьменьнік ужываў нароўні з паняткамі "ўранізм", "ураніст" панятак "гамагеннае каханьне".

Чытайце таксама

Ян Руар Лейквол

Ян Руар Лейквол

Нарвежскі пісьменнік.

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

1076