№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Пэт Паркер

Так прагну з табой кахацца і словы замест гэтага пішу

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
Для Ўіліс
(For Willyce)
 
Калі я кахаюся з табой
 
я спрабую
                        кожным рухам языка
                       
выказаць
                                               кахаю цябе
                        вылашчыць
                                               кахаю цябе
                        выcтукаць
                                               кахаю цябе
                        вылізаць
                                               кахаю цябе
 
тут твой голас робіцца ўсё ніжэйшым
                       
о божа!
                       
о езус!
                                  
а я думаю
                                                          
вось жа нейкага мужыка
                                                          
зноў хваляць за тое
 
што
 
зрабіла
 
жанчына.
 
 
 
Я ведала
(I have)
 
.
 
я ведала
шмат жанчын           
і тваё ты ў табе
здзіўляе мяне.
 
.
 
рэч не ў прыгажосці
                        я сустракала
                        прыгожых жанчын.
.
 
рэч не ў мазгах
                        я сустракала
                        разумных жанчын.
.
 
рэч не ў дабрыні
                        я сустракала
                        добрых жанчын.
.
 
рэч не ў самаадданасці
                        я сустракала
                        шчодрых жанчын.
.
але ты кранаеш мяне
зусім
іначай
па-новаму.
 
.
 
я ператвараюся ў пясок
на ўзбярэжжы
нанова вымыты
кожнаю тваёю хваляй.
 
.
 
з кожным тваім дотыкам
я рошчынаю ўздымаюся
гарачаю і свежай.
 
.
 
я кацянё нованароджанае
ў чаканні каб вылізалі
і залашчылі ў жыццё.
 
.
 
ты маё апошняе каханне
маё каханне першае
з табою я зноў нявінніца
і я хачу ўся табе аддацца.
 
 
 
Сублімацыя
(Sublimation)
 
.
 
Кажуць, што сон —
гэта кароткая смерць.
Сачу за табой, ціхай,
за тваім дыханнем —
лёгкім летнім брызам.
Твой твар бы аксаміт,
напруга нашага кахання
спала.
Не, у нашым ложку няма
падробкі смерці,
там ты — спіш,
і я — так прагну
з табой кахацца і
словы замест гэтага пішу.
 
. . .
 
 
 
Мая каханка — жанчына
(My Lover Is a Woman)
 
І
 
мая каханка — жанчына
і калі я абдымаю яе
адчуваю яе цяпло
                мне добра
                мне бяспечна
 
тады я ніколі не думаю
пра сямейныя размовы
не чую як кажуць сёстры
вычварэнкі бучы лесбы
        прыходзь да нас але не трэба
        цягнуць сваіх сябровак
нам нармальна
але не кажы маме
яна не вытрымае
ніколі не адчуваю як тата
варочаецца ў магіле
ніколі не чую як мама плача
Божа што за дзіця?
 
ІІ
 
мая каханка — бландынка
і калі яе валасы на маім твары
я адчуваю іх мяккасць
            быццам тысяча пальцаў
            кранае мне скуру і абдымае
                        і мне добра
 
тады я ніколі не думаю пра хлопчыка
які пляваў і называў мяне неграм
ніколі не думаю пра паліцэйскага
які ўдарыў мяне нагой і загадаў паўзі
ніколі не думаю пра целы Чорных
што боўтаюцца на дрэвах ці поўныя
дзірак ад куль
ніколі не чую як сёстры кажуць
валасы белых брыдка смярдзяць
не давярай нікому з іх
ніколі не адчуваю як тата
варочаецца ў магіле
ніколі не чую як мама скардзіцца
на боль у спіне пасля мыцця падлогі
ніколі не чую як яна плача
Божа што за дзіця?
 
ІІІ
 
мая каханка — блакітнавокая
і калі глядзіць на мяне
я плаваю ў цёплым возеры
            я адчуваю як ад пажады слабнуць цягліцы
                        мне добра
                        мне бяспечна
 
тады я ніколі не думаю пра блакітныя
вочы што вылупіліся на мяне
што адсунуліся на тры крэслы далей
у бары
ніколі не чую злосці сясцёр
на чорных мужчын-сіфілітыкаў —
паддоследных трусікаў
            злосці стэрылізаваных дзяцей
            не бачу як яны спыняюцца на
            скрыжаванні каб спужаць старую
            белую сучку
ніколі не адчуваю як тата
варочаецца у магіле
ніколі не памятаю як мама
вучыла ўсім гэтым “слухаюся сэр і мэм”
каб я выжыла
ніколі не чую як мама плача
Божа што за дзіця?
 
IV
 
і калі мы ідзём у гей-бар
і мае людзі цураюцца мяне бо я
перайшла мяжу
і калі яе людзі ўглядаюцца што
з ёй не так
            якая хіба
прывяла яе да мяне
 
і калі мы ідзём па вуліцах
гэтага горада
            і ў забыцці дакранаемся
            ці трымаемся за рукі
                                   і людзі
зіркаюць хмурацца і кпяць
                          з гэтых ружовых
 
я ўспамінаю
            кожнае слова якому мяне вучылі
            кожнае слова якое мне гаварылі
            кожнае дзеянне якое мне рабілі
                        і тады я ненавіджу   
я гляджу на сваю каханку
і на імгненне
            сумняюся
 
тады я сціскаю яе руку мацней
               і чую як мама плача
               Божа што за дзіця?
 
 
Published with the permission from Anastasia Dunham Parker Brady.
© Anastasia Dunham Parker Brady
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2018

Чытайце таксама

Паўліна Скурко

Паўліна Скурко

Гісторык

Венядзікт Ерафееў

Венядзікт Ерафееў

Рускі пісьменнік, аўтар паэмы "Масква - Петушкі"

Антонія Поцы

Антонія Поцы

Міхал Вівэг

Міхал Вівэг

Адзін з самых папулярных і добра прадаваных сучасных чэшскіх пісьменнікаў

995