№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жорж Экгаўт

Татуіроўка (Le tatouage)

Навела

Пераклад з французскай Уладзіслаў Гарбацкі

Зандэру П’ерону

               

Подых сапсутага паветра б’е мне ў твар з прыадчыненых дзьвярэй кабарэ, перад якім я апынуўся сёньня ўвечары ў халепу — валацугам ці, можа быць, шукальнікам прыгодаў, — аднаўляе ў памяці адно здарэньне, якое адбылося са мною некалькі зімаў таму ў раёне, які ўжо трапіў пад рыдлёўкі гарадзкіх каменяроў.

Дасьледуючы неяк лябірынты, смачна названыя "Закутак д’ябла", мы — мой таварыш і я — трапілі на "Бумэль", слынны мясцовы баль. Перагрэты і наэлектрызаваны чалавечымі флюідамі пакой быў насычаны цяжкімі подыхамі, бы лістападаўскі туман. Абуральныя фрэскі знаходзіліся ў суладзьдзі з выцьцём аркестравых інструмэнтаў.

Працоўныя на выходных, пэўная колькасьць чаляднікаў незразумелых прафэсіяў і асабліва безьліч тых абібокаў і непастаянных асобаў, якіх звычайна цкуе людзкая нянавісьць і кліча іх хуліганамі, мітусіліся тут то парамі, то з танцухамі, часьцяком непрыгожымі і дзябёлымі дзяўчатамі. І хваляваньне гэтага мора маладой і піўной плоці было падобнае да віру.

Не зважаючы на духмень, усярэдзіне маленькага бістро, якое адначасова было і вітальняй перад танцпляцоўкай, чырванела вялікая флямандзкая печ, перад жарам якой машынальна ўсядаліся курцы піпак, выстаўляючы паясьніцы і падкасаўшы прыпольлі сваіх куртак.

Сярод выскалякаў, прывабленых пахам піва, алькаголем, галавакружэньнем і плоцьцю, прыгадваецца мне адзін — доказам чаму і ёсьць мой аповед, — які зачараваў нас сваёй суладнай, ні з чым не параўнанай постацьцю, дзівоснай грацыяй рухаў і нечаканай элегантнасьцю. З вабнай чарнявай галавой, з усьмешкай жвавых чорных і крыху раскосых вачэй і з надзвычай зграбным целам. Дзіўная істота: на ім быў строй колеру шэры бэж, які падаваўся пашытым па заказе, шапка-булка шакаляднага колеру, якую ён ссунуў назад. 

Нядбайнасьць, рабаўніцкі выгляд, якія б напалохалі ў іншых хлопцах ягонага калібру, пасуюць яму, як, дарэчы, і ягоныя грацыёзнасьць і вытанчанасьць. У дадатак ён элегантнічае без перадыху, ён п’яны ад жвавасьці і сам атрымлівае асалоду ад уласных добра зьлепленых ног з гнуткімі цягліцамі, чуйнымі да казытаньня, якія, бачна, уздрыгваюць, мэрам ад кунегі, пад шчыльнымі нагавіцамі ў той час, калі ён удыхае паветра, разьдзьмуваючы ноздры і прыцмокваючы языком.

Ягоная пантаміма надае сьвежасьці і пікантнасьці кадрылям, лянсье, астандэзам, усім мясцовым харэаграфіям. Кручэньні, махі, пакалыхваньні, заклікі рухамі і нагамі, адкіды назад з кожным піруэтам вальсу, ягоная манера падхопліваць сваю партнэрку, прымушаючы яе круціцца вакол сябе ў шорганьні спадніцаў, а таксама ягоныя рэвэрансы ў бок аднаго кавалера, азадак у паветры, як у таго, хто гуляе ў скокі адзін праз аднаго, тады як жвавы і вясёлы твар, апынуўшыся між ног, усьміхаецца партнэрцы. Усё гэтае шаленства, гэтыя выбрыкі і шмат яшчэ сьмялейшых рухаў, можа, і выглядаюць як вульгарнасьць, але нам, ды і ўсім гледачам, якія атрымліваюць асалоду і нават аблізваюць вусны, яны падаюцца плястычнымі. Яго заахвочваюць бясконцымі "брава", процьмай усьмешак, яго асыпаюць бязьмежнай удзячнасьцю, а маладыя дзяўчаты кідаюцца перад ім у спакусьлівыя скокі. І нават ягоныя перадыхі складаюцца з інстынктыўнай вытрымкі лініі і мадэляваньня.

Ягоная надзвычай правакацыйная пантаміма — празь якую мой сябра-скульптар даў мне локця ў бок, каб я ацаніў гарманічныя пераходы, — працягвалася, калі ён спачатку імітаваў стому, выпрастаўшыся на сьпіне, галава сьцятая ў руках паміж зьведзеных локцяў на банкетцы ўздоўж сьцяны, потым, гнуткі, бы дзікі зьвер, ён адным скокам хапаў прагнымі абдоймамі сваю ўлюбёную танцуху, пераможна трымаў яе ў час пераходу і дарыў ёй сваё цела ў капрызных сьпіралях танцу.

Ах, весялун, душа, цэнтральная і чароўная фігура забягалаўкі! Побач з гэтым жывым атлетам, да якога вопратка прылягала гэтак жа цудоўна, як цягліцы да касьцей, нашыя твары наўрад ці выглядалі гэтак жа звыкла і натуральна.

Зрэшты, наш артыстычны інтарэс да прыгожай мадэлі зьбегся на гэтым папулярным дэндзі — на гэтым Брумэлі з Бумэлю, як узьнёсла сказаў пазьней сябра-скульптар, бо ў той вечар ён сапраўды зацікавіўся, а ня проста пажартаваў, ён быў, слова гонару, у захапленьні ад яго, як і я.

І, да душы, не бязь дзіўнага расчараваньня пасьля апошняга танцу мы пабачылі яго каля выхаду ў кампаніі сваёй улюбёнкі, вялікай чарняўкі з бліскучымі, сьмяшлівымі і волкімі, як бясконцае квітненьне ружаў, вуснамі, прайдзісьветкі з вульгарнай, дрэнна начасанай і зіхатлівай ад бляску ўкладкай, з п’янлівым тварам сэвільскай цыгарніцы.

І наконт гэтага зграбнага хлопца мною, а таксама, як я пазьней даведаўся, і маім таварышам авалодала пачуцьцё, якое мне было цяжка выказаць у той момант (нагэтулькі яно было складаным, эфэмэрным і ў пэўнай ступені прыхаваным) і якое вяртаецца да мяне і цяпер.

Ведаеце, увесь час, што ён быў перад нашымі вачыма ў такіх прыўкрасных уявах, мы ні на хвіліну не надавалі значэньня таму, якога ж ён полу. Яго ўпадабалі ўсе жанчыны, і, падаецца мне, ён жадаў іх, і тым ня менш нас не шакавала тое, што ён быў у дадатак цэнтрам прыцяжэньня позіркаў амаль усіх мужчынаў. Нават больш за тое. Падчас вечарыны мы некалькі разоў бачылі яго ў танцы з асобамі як свайго, так і супрацьлеглага полу. І ў танцах ён з адданасьцю выказваў аднолькавую палкасьць, цудоўную грацыёзнасьць і зьведваў аднолькавае задавальненьне.

Пазьней мы прыгадалі гэтую андрагінную грацыёзнасьць, бясполую і дваістую, якая выпраменьвалася хлопцам. І мы, канечне, ніколі не пазбавімся ўспаміну аб вычварэнскай славе (чаму ж вычварэнскай? Наадварот, ці не варта было б сказаць: цнатлівай, бязьвіннай?), якую ён, дарэчы, надзвычай красамоўна дэманстраваў.

Я дадаў бы яшчэ, каб падкрэсьліць значнасьць усіх сабраных у аповедзе апісаньняў, што ніхто ў гэтай кавярні яго ня ведаў. Праз тое, што мы зайшлі туды ўпершыню, мы ня ведалі ні як яго клічуць, ні якой ён прафэсіі, ні дзе ён жыве. І гэты злы і недаверлівы звычайна сьвет быў заваяваны ягоным запалам, перабольшваньнем, ягоным чароўным абліччам і беззаганным прыўкрасным настроем. Мой сябра распавёў мне пазьней, што ён імкнуўся, назіраючы за гэтым прыемна загадкавым пэрсанажам, угадаць, кім бы той мог быць. Але рухі цела гэтага дзівака руйнавалі ўсе здагадкі. Калі б ён навучаўся ручной працы, то, няма сумневу, быў бы аматарам, бо ягонае гнуткае і ляпідарнае цела, ягоны годны прыгажуна Чэліні торс, ягоныя рукі і ногі, якімі Бэнвэнута адарыў свайго Пэрсэя, былі б пашкоджаныя ў выніку высілкаў, мускульнай манатоннай дзейнасьці і бясконца паўтаральнай спрацаванасьці.

Нарэшце пераходзім да самага інтымнага ўражаньня, пакінутага гэтым вабным маладым д’яблам. У момант, калі ён сыходзіў з чарнявай прыгажуняй, я цешыў сябе ілюзіяй, што ён зусім — у адрозьненьне ад іншых — не кахаў гэтую істоту. І прызнаюся, што такое нясьмелае перакананьне дазволіла мне затым успрыняць ня так балюча ягонае бясслаўе. Марыў я пра гэта ці проста маё ўяўленьне, узрушанае тым, што адбылося адразу пасьля таго, загрувасьцілася падзеямі, якія папярэднічалі пэрыпэтыі, аб якой мне застаецца апавесьці, але праходзячы каля нас у суправаджэньні кампаньёнкі, ён адарыў мяне позіркам звышчалавечага розуму, чытаючы і здагадваючыся пра мае самыя нязлоўных ні музыкай, ні парфумай, ні малітвай мары.

Калі пáра выходзіла, а закуткавы баль зноў ператвараўся ў вульгарную і разбэшчаную дзею звычайнай тутэйшай нядзелі, нейкая асоба пхнула дзьверы і штурхнула нашых улюбёнцаў. Гэта быў мажны хлопец, чырванатвары барадач. Але мы ня мелі часу, каб разгледзець яго лепей.

Разьюшаны вар’ят у палоне — мы ня ведалі тады яшчэ якога пачуцьця ўзбуранасьці і забойчага ражу — накінуўся на маладога мужчыну ў шэра-бэжавым строі. Пакуль я, скульптар і ўсе астатнія прысутныя змаглі перашкодзіць яму, гэты брут, наваліўшыся на нашага ўлюбёнца, качаў яго па зямлі, зьбіваючы кулакамі, зрываючы зь цела адзеньне; і ўсё ў ім вурчала ад абразаў, у якіх крычала, рыкала самая палкая жарсьць.

Гэта была справа некалькіх хвілінаў. Выкараскаўшыся са ступару, мы наляцелі на вар’ята і, не зважаючы на ягоную д’ябальскую моц, хоць ён і ўшчаперыўся ў сваю ахвяру нагамі, пазногцямі і нават зубамі, усё ж такі далі рады вырваць палоннага і штурхнуць нападніка ў кут, дзе ён безупынку плакаў.

Разам са скульптарам і маладой чарнявай жанчынай я быў сярод тых, хто падняў хлопца, яшчэ нядаўна такога жвавага і радаснага. Адчайнасьць агрэсара была такой, што на ахвяры засталіся адны нагавіцы. Ягоны стылёвы пільчак, які так прыцягнуў нашу ўвагу, стаўся кавалам нейкіх зрыўкаў. З-пад разарванай кашулі віднеліся торс і рукі. Кроў бегла па шчоках, сьцякала з носа і вушэй; левае вока напалову тырчала з арбіты.

Мужчыны пайшлі шукаць вады, а жанчыны падалі свае насоўкі, каб працерці яго і палашчыць ягоны мілы твар, аднак першыя, што прыйшлі яму на дапамогу, адхінуліся, бы пад уплывам нейкай нечаканкі, якая перакінулася неўзабаве ва ўзрушэньне, выходзячы зь якога, людзі выдавалі глухое мармытаньне.

Пагардлівы сьмех перарос у вокрык анафэмы.

Адкінуты назад, я штурхаўся локцямі, адпіхваючы шэрагі нядобразычлівых разявак, якія загрувашчвалі мне праход і заміналі зору. 

І спачатку я не зразумеў, чаму ж усе адскочылі ад спакушальніка. А сузіраючы яго зблізку, я пабачыў, што грудзі, сьпіна і рукі маладога мальца былі цалкам татуіраваныя цікавымі вульгарнымі эмблемамі, дэвізамі на розных мовах і арго, якія пакрывалі яго пэўнымі рэбусамі і герогліфамі.

Аднак нічога ганебнага ў гэтым не было. Можа, ён быў мараком, жаўнерам ці рабаўніком? Бо такімі графічнымі заняткамі гарапашнікі змагаюцца з сумам падмастоўя, казармы ці прымусовай працы. Больш за ўсё я пашкадаваў, што нейкі невук назьдзекаваўся і зьняважыў гэтым стракатым барбарствам паганскую дасканаласьць ягонай эфэбскай плоці.

Новыя хваляваньні сярод прысутных выцягнулі мяне з балючага сузіраньня.   

Няшчасны здагадаўся, што прымусіла сьмяяцца адных, лямантаваць другіх і адхіснуцца амаль усіх.

Сярод усіх дэвізаў і эмблемаў, надрапаных бы на кары дрэва ці на мурах турмы, вылучалася самымі вялікімі літарамі прызнаньне ў блюзьнерскім каханьні, аздобленае эмблемамі абуральнага ў вачах хрысьціянскай маралі клятвапарушэньня: Даніэль належыць Андрэ.

І тады, забыўшыся на раны, на кроў, на вока, гатовае заплюшчыцца, хлопец сабраў сілы, узьняў галаву, напяў грудзі, каб лепей прадэманстраваць свае стыгматы, і, паказваючы пальцам на вар’ята ў сьлязах, сказаў: "Вось ён, Андрэ. І што далей? Я кахаў яго, бо вельмі даўно ён быў добры са мною. Ён ахоўваў і адукоўваў мяне. Ён расплаціўся, цяпер мы квітыя".

І, сьмеючыся насупор крывавым сьлязам, пакуль усе маўчалі, зачараваныя ягонай адвагай, ён выцягнуў з печы распалены гарбатнік і, прыклаўшы яго да абуральнага надпісу, не пажадаў глядзець на паленую плоць і ўслухоўвацца, як яна сыкае. Жудаснае катаваньне не выклікала ў яго ані грымасы, ані скуголеньня. Ён працягваў, атрымліваючы асалоду ад пакутаў.

Па меры таго як сьціралася гарачае пачварнае прызнаньне, ягоныя стаічныя волкія вочы прыгожага пакутніка, асабліва крывавае параненае вока, пяшчотна паглядалі на маладую жанчыну, якая адвярнулася ад яго. Ягоны позірк ахопліваў яе суладнай і кранальнай пяшчотаю, і ў выніку яна ў знак падтрымкі і шчырасьці кінулася да яго на шыю і паклала на ягоныя вусны даўгі пацалунак поўнай салідарнасьці.

Пераклад з французскай – Уладзіслаў Гарбацкі © 2018

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

1025