№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Алфрэд Эдвард Хаўсмэн

Больш не пытай: баюся, не змаўчу

Вершы

Пераклад з ангельскай Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута
Алфрэд Эдвард Хаўсмэн — апошні брытанскі паэт-класік, філолаг-антычнік, сучаснік Оскара Ўайлда. Як сцвярджаюць даследчыкі, паэт усё жыццё кахаў свайго аднакурсніка Мозэса Джэксана, пра якога, як можна меркаваць, — амаль усе вершы ў прапанаванай ніжэй падборцы. У прыклад атмасферы, што панавала ў Англіі ў тыя часы, можна прывесці верш "Што за малады злачынец..." (Oh who is that young sinner...), які быў напісаны па слядах працэсу над Ўайлдам, але надрукаваны толькі пасмяротна.
 
 
Са зборніка "Дадатковыя вершы"
 
VI
(Ask me no more, for fear I should reply...)
 
Больш не пытай: баюся, не змаўчу,
    Хаця маўчаць павінен: уваччу —
Астатнія, што так і не сказалі...
    Больш не пытай: баюся, не змаўчу.
 
Той чысты быў. А той — не ведаў страху.
    А трэці — цнот ягоных не злічу —
Мяне любіў. І ўсе ляжаць у праху.
    Больш не пытай: баюся, не змаўчу.
 
пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская
 
 
 
VII
(He would not stay for me; and who can wonder?)
 
Ён не застаўся б — дык навошта словы?
        Ён не застаўся б, не змяніў свой лёс.
Я разарваў жыццё на дзве паловы
        І паўжыцця з сабою прэч панёс.
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
 
 
XVIII
(Oh who is that young sinner with the handcuffs on his wrists?)
 
Што за малады злачынец крочыць там у кайданах
І чаму ў яго на твары сорам і шалёны страх?
Чым ён выклікаў пагрозы, безліч гнеўных галасоў?
Сядзе грэшнік у вязніцу за свой колер валасоў.
 
Здзек з прыроды чалавечай — мець такія валасы,
Гэткіх вешалі ў старыя блаславёныя часы.
Зрэшты, гэтага замала, кары не знайсці назоў —
Чвартаваць бы за пачварны, гнюсны колер валасоў.
 
Шмат нягодаў і пакутаў зазнаваў праз гэта ён,
Валасы хаваў пад шапкай, фарбаваў у людскі тон,
Толькі каб глядзець, і ганьбіць, і аблаяць сто разоў,
Збілі шапку й пацягнулі ў суд за колер валасоў.
 
Будзе катарга адплатай: портлэндскі кар’ер штодня,
Праца горкая — няважна, холад ці гарачыня.
А ў кароткіх перапынках зможа грэшнік зноў і зноў
Праклінаць дасхочу Бога за свой колер валасоў.
 
пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская
 
 
 
Са зборніка "Яшчэ вершы"
 
XXXI
(Because I liked you better...)
 
Цябе любіў я болей,
    Чым, мабыць, права меў,
І разлюбіць даў слова,
    Каб твой суцішыць гнеў.
 
Між намі свет пралёг.
    Я прычакаў прысуду:
"Бывай. Забудзь мяне", —
    І адказаў: "Забуду".
 
Калі аднойчы ў травах
    Заўважыш ты здалёк
Зарослую магілу
    І запаволіш крок,
 
Зірні на надпіс, каб
    Паверыць канчаткова:
Той, хто любіў цябе,
    Стрымаў урэшце слова.
 
пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская
 
 
 
XLVI
 
Біскайская зямля
(The Land of Biscay)
 
І марак, і сухапутны,
   слухай пра маю бяду,
Гледзячы з зямлі біскайскай
   у бяскрайнюю ваду.
 
Гледзячы з зямлі біскайскай
  на далёкі край нябёс,
Каля мыса я туляўся
   з той бядой, што даў мне лёс.
Ззяў тады пажарам захад,
   ледзянеў усход пусты,
Па слядах заходу сонца
   плыў караблік залаты.
Залатыя меў ён мачты,
   залатую меў хаду,
Залаты сцяжок глядзеўся
   у бяскрайнюю ваду.
 
Я сказаў: "Каханы сябра,
   мару я аб караблях,
Дык давай на борт узыдзем,
   выбраўшы да сонца шлях.
Ноч за спінаю пакінем,
   хмуры горад і народ,
Адшукаем ратаванне,
   там, дзе захад і заход".
 
Ён у гавань уваходзіць,
   я ж, падняўшыся на вал,
Разглядаю рулявога,
   залаты яго штурвал.
Карабель, нябёсы, мора
   у адным гараць агні,
І марак, што за штурвалам,
   мне крычыць з далечыні,
І ляціць, нібы ад сонца,
   крык над залатой вадой:
"Гэй, на беразе біскайскім,
   памажыце мне з бядой!"
 
Я змаўчаў, яго пачуўшы,
   ды глядзеў на далягляд.
Я з зямлі, ён — з акіяна,
   мы маўчым, хоць думак шмат.
Я з бядой застаўся ў ночы,
   ён жа ўзяў сваю бяду
І адплыў з зямлі біскайскай
   у бяскрайнюю ваду.
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
 
 
Са зборніка "Шропшырскі хлопец"
 
XV
(Look not in my eyes, for fear...)
 
Мне ў вочы не глядзі ніколі,
    Не месца ў люстры іх мане:
Свой твар палюбіш мімаволі —
    Сябе загубіш, як мяне.
Самотнымі начамі мара
    Мне засцілае небакрай.
Але табе навошта кара?
    У вочы мне не зазірай.
 
Я чуў, што з Грэцыі юнак,
    Каханы ад усіх гарчэй,
У стаў лясны зірнуў няўзнак —
    І ўжо не змог падняць вачэй.
Між кветак, што цвітуць наўкола,
    Над плынямі зіхоткіх рэк
Стаіць у скрусе, позірк долу,
    Нарцыс — але не юны грэк.
 
пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская
 
Пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута © 2018

Чытайце таксама

Паўліна Скурко

Паўліна Скурко

Гісторык

Венядзікт Ерафееў

Венядзікт Ерафееў

Рускі пісьменнік, аўтар паэмы "Масква - Петушкі"

Антонія Поцы

Антонія Поцы

Міхал Вівэг

Міхал Вівэг

Адзін з самых папулярных і добра прадаваных сучасных чэшскіх пісьменнікаў

999