№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Крысціна Бандурына

Something Special

Вершы

*
Мы елі Менск лыжкамі:
яго праспекты й завулкі,
туманную заслону сонца
і стомленыя трамваі —
кожная са свайго канца горада.
 
У прасветах марозных узораў
на шыбах шклопакетаў
віселі кавалкі зорнага неба
і абыякавая поўня
спрачалася з ліхтаровым клінам.
 
Першы месяц яна трымалася лёгка.
Распалены агмень яе далоней
гарэў спакойна і ціха,
бы ў бясконцую майскую ноч
на плошчы Перамогі.
 
А пасля яна пачала згасаць,
і другі месяц
іскра за іскраю,
імпульс за імпульсам,
тлеў цяжар яе цела.
 
Яна знікала так хутка,
што не было аніякай магчымасці
заглушыць невыносны,
да скрыгату сківіц,
голад.
 
Калі на трэці месяц
я сказала ёй: "Заставайся",
яна мяне не пазнала,
і схілы, рэкі, і нават расталы снег
акамянелі ад вусцішы.
 
Мы елі гэты горад,
гарачае сочыва дзён.
Горад з'еў нас.
 
 
 
*
Яна ўбірае ў сябе ніткі цемры
дзень пры дні.
Ты проста прымі яе выбар,
абдымі,
і хай хоць на секунду
гарыць яно ўсё ў агні
і плавіцца, быццам медзь…
 
Табе ўсё адно гарэць, дзетка,
ведаеш,
табе толькі гарэць
напалову страчаным пеклам,
на трэць —
так і не вынайдзеным вар'яцтвам
Адамавых рэбраў.
А зараз, пакуль ты спіш,
хай яна вучыцца
цябе грэць.
 
Святло замыкаецца
на зрэнках яе вачэй,
святло паміж вамі
перацякае ў віно.
Ты нават не дыхаеш.
Просіш казаць грамчэй,
каб чулі ўсе:
усё адно
гарэць —
так ці іначай,
гарэць.
 
Выбухаць
у эмпайр стэйт білдынг,
ці ў метро ў час пік,
калі скончыцца нітка цемры.
Што будзе з вамі, калі яна выйдзе
на прыпынак раней?
Што будзе з вамі, калі гэтыя сцены
стануць давіць?
Калі скончыцца лік,
і час, і трыванне?
Калі ваша жаданне
перастане грэць?
 
Ёсць толькі яна.
 
Ёсць толькі яна...
І ў выгнанні
абедзвюм гарэць.
 
 
 
*
П’яныя начныя размовы,
гудзенне напружаных плеч.
Раніца скосіць зарослы травою
горад,
шчацінне яго ссівее за вечар,
і чорная пустка над галавою
рассыплецца кропкамі
па контурах нашых слядоў.
 
Паміж акіянамі словы не маюць волі,
між межамі нас акіяны не маюць слоў.
 
Мы — любоў.
 
Павуцінне кропель,
акупунктура крокаў,
жорсткі двубой.
 
Аголены,
горад дрыжыць і шукае цяпла.
З табой
прачынаецца сонца,
з табой —
як прайсці праз экватар,
разрэзаць зямлю на дзве палавіны.
 
Хочаш, адну прынясу табе?
 
Дзе б ты ні была,
у якой бы краіне
ні будавала свой свет:
на зямлі, у паветры ці пад вадой, —
адзін з палюсоў — твой.
 
 
 
*
Сонца глытае цені.
Бярозавы дождж.
Валасы.
Персеідная завязь жаданняў.
Вусны на перадплеччы.
 
Ты збіраеш імгненні,
яны маюць свае адрасы:
перапляценне пальцаў,
яе хрыплы смех,
няголаснасць рэчаў.
 
Усё па спіралі: сустрэчы,
паведамленні, званкі.
Скануеш натоўп,
не дыхаеш,
адпускае.
 
Калі вуснамі
дакранаешся да яе рукі,
радзімкі і шнары —
пангейскія мацерыкі —
ствараюць Сусвет,
 
і ён нараджае
птушак, звяроў і рыб,
і спектры галактык
у артэрыях
ейнага цела.
 
І першыя людзі ў ёй,
з’явіўшыся на Зямлі,
падняліся — і паляцелі.
 
 
 
Пра хэпі-энды
 
Я нарадзілася сляпой.
Побач была толькі цемра,
і яе доўгія ліпкія пальцы
вучылі мяне абыходзіць перашкоды.
 
Навука давалася цяжка.
Кожны крок — удар, тупік, забыццё.
Яна вяла мяне за сабою,
і адлегласць паміж намі
з часам станавілася большай.
 
Кожны раз, калі я сыходзіла,
яна крычала. І гэтыя крыкі
вырывалі мяне са сну.
 
Я вярталася.
Я заўсёды вярталася,
каб яна магла маляваць
свае вогненныя руны
на маёй спіне.
 
А доўгія крохкія пальцы
вялі мяне далей.
 
Сцяна.
Сцяна.
Сцяна.
Сцяна.
 
Яна паказвала мне святло,
штурхаючы ў пасткі
чужой прасторы.
Успышкі білі рэзка,
і пасля кожнай
яна адпускала маю руку,
быццам казала: "Глядзі.
У цябе ёсць выбар".
 
І руны на маёй спіне
палалі ярчэй.
 
Аднойчы я не вярнулася.
Блукала сярод тупікоў,
натыкалася на сцены,
давілася крыкамі ў вушах.
 
Не было ні цемры, ні святла.
Ні ночы, ні дня.
Я хацела павярнуць назад,
але не было куды.
 
Сцяна.
Сцяна.
Сцяна.
Сцяна.
 
Яркія плямы рэзалі вочы.
 
І я зразумела:
яна прыйдзе,
калі я адпушчу святло.
 
 
 
*
свет лічбаў
свет лішніх
кропак
трэба толькі
выстаяць
выслаіць
самае цвёрдае я
каб ні адна змяя
калі рэжа горла
або калі цягне канат
ні кроку назад
 
чуеш
ні кроку назад
 
свет станцый
свет танцаў
варымся
ў шэрасці
валімся
з ног
 
давай паўторым урок
давай толькі дзве пазіцыі
 
сума ўсё тая ж
няправільны
сінтаксіс
і
ад зламаных крывых
перарваны ўдых
 
крыкі птушак
крыкі душаў
маскі шэршняў
выпадковасці
да нуля
 
сустрэўшы
мяне
не адчыняй
інакш
 
не вуснамі
а сцяна
 
інакш
за тры крокі да ста
разрыў
пустата
разрыў
пустата
 
і кропкі
 
мой
крохкі
свет
пачынаецца так
 
 
 
З варшаўскай дылогіі
 
Па бясконцых тунэлях,
асветленых цёплымі ўспамінамі,
міма плыняў машын,
скрозь бязмежнае рэха зыходзячай цемры
словы расою збіраць па кішэнях
і несці табе
па ценях таго,
што даўно аджыло свае дні.
 
Няхай падаюць кроплі,
прабіваюцца сненнямі,
хай растуць карані
абдымкамі зорнага неба,
якое плыло над намі
паміж дахамі соннага Менска.
 
Калі замірае сэрца,
гульнёй шкляных пацерак
па забруджаных сценах
варшаўскіх тунэляў
у адбітках святла старых ліхтароў
я і ты
ў абдымках світальнага неба
і сонных менскіх хрушчовак.
 
Перарывае артэрыі
гарачыня сухіх вуснаў ля шыі.
 
У поле зроку ўжо набліжаецца восень.
Я спяшаюся падрыхтаваць
каляіны сваёй памяці,
назбіраць у іх
новыя кроплі ўспамінаў
і пусціць па тунэлях,
якія хацела запоўніць табой.
 
 
 
Mac's Something Special
 
На белым плато скуры
роўнядзі скандынаўскага снегу
маленькія пазногці
пакрытыя чорным лакам
паляць каляіны вен
 
на шыбах танчыць дождж
з падаконня маўчаць
чырвоныя фіялкі
тонкія пальцы
счытваюць з цела
брайль радзімак
 
па снезе скуры
слізгаюць языкі
рудых валасоў
мерна грукаюць
колы цягніка
за вокнамі
і рэхам разносяць
свае галасы
 
на стале гадзіннік
чытае ўслых
біблію іх рухаў
ад старога запавету вуснаў
да новага запавету ўлоння
чорныя стрэлкі
бягуць назад
ад небяспекі спыніцца

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

1581