№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзіслаў Гарбацкі

Прыдарожныя макі

Апавяданьне

Далёкі травень маладосьці. Калі ўсё ўсьміхалася мне, калі прыдарожныя дрэвы, кветкі заглядалі мне ў вочы і казалі ціхама: “Усё так, цешся жыцьцю, яшчэ можна”. Калі цягнікі ня проста несьлі мяне ў новае места, яны кідалі мяне ў новае жыцьцё. Травень маладосьці, які цягнуўся вечнасьць. І з тым амаль райскім траўнем зьвязаныя прыдарожныя макі… Пунсовыя макі і раскіданыя пялёсткі, якія, быццам слаба напятыя ветразі, схіляюцца ад вятрыскі. Прыдарожныя макі абапал чыгункі да ўсяго ўпрыгожвалі шлях да каханьня, да каханага. Яны былі ліхтарыкамі, якія асьвятлялі дарогу. Сто гадоў ня бачыў пасьля таго казачнага траўня макаў ля дарогі. У Беларусі іх больш няма, іх вынішчаюць як шкодныя, як наркатычныя. Але мае прыдарожныя макі вабілі мяне ў Польшчы, дзе сустракаўся я з каханкам. Пунсовы шлях, колер, ня пах, паўстае ў памяці аб тым траўні маладосьці.

Макі сталіся кветкамі майго каханьня, бо пунсовасьць маку пыхала як пунсовасьць вуснаў у пацалунку, як пунсовасьць плямаў на скуры, узьятранай пацалункамі. Пунсовасьць юні, юру, наіўных жадункаў… Але ў наш рай неяк уварваўся гвалт, і пунсовасьць вуснаў ды пацалункаў перакінулася раптоўна ў пунсовасьць скуры ад зьбіцьця, арышту…

Але хутка забыты пунсовы гвалт — як заўсёды чалавек выціскае благое з памяці, і вось я ўжо проста гляджу на прыдарожныя макі, якія нагадваюць толькі цябе. Белая чысьцюткая скура, дотык вуснаў да яе, і вось ужо квітнее бель пунсовасьцю — макі раптам усюль на тваім целе: макі на шыі, сьпіне, галах, макам вусны палаюць і ў вачох водбліскі макавага нашага жаданьня.

У той далёкі і такі сьвяточны травень мы ўжо ведаліся, але ўсё адно рэдкія нашыя рандэву напаўняліся яшчэ сэнсамі, чакаліся і былі падобныя да ўрачыстых службаў, якія так палюбляў ты і якія так зьдзіўлялі мяне.

І малаважныя няроўныя пачуцьці былі на той момант — рамантызм пачатку і плоцевасьць, смачная плоцевасьць ядналі нас проста, часам гвалтоўна. Важныя былі вясна, хэнць, рэдкасьць рандэву, а яшчэ дамяшалася беларуская мова да нашага збліжэньня. Гэта ведаў я ўжо тады, гэтак думаю і цяпер, пабачыўшы нечакана праз акно прыдарожныя макі, якія вялі мяне да цябе сто гадоў таму…

Памятаеш, як праз гэтыя макі мы зьбіліся з шляху? Макі зачмуцілі нам галаву, мы селі ў цягнік, які вёз нас не ў Варшаву, а ў адваротны, пад Летуву, бок. Макавыя вусны нашыя палалі і смылелі ў цьмяным і пуставатым вагоне. Вогнішча макаў перакінулася ў вагон, і мы цалаваліся, не баючыся навакольля, мы палалі, не хаваючы хэнці, мы бессаромна палохалі іншых пасажыраў, сядзелі абняўшыся, як любая іншая пара, разам хаваліся ў прыбіральні, як любая закаханая маладая пара. Макі распальвалі нас і рабілі сьляпымі, глухімі, адарванымі ад усяго, згубленымі на цэлай плянэце! І раптам кандуктарка прызямліла нас, заліла вогнішча чмуту. Мы ехалі з квіткамі, але ў іншы бок. Зграбная кандуктарка хіба на крыху суняла нас, мы сышлі на станцыі Grajewo. І там адразу на пэроне праз бэтон паўсюдна тырчэлі макі, зноў макі… Падаецца, і мы ў гэтым мястэчку выглядалі як тыя прабітныя скрозь бэтонны карапас да сьвятла, жыцьця, каханьня макі.

Макі паланілі, зьбілі з шляху, з панталыку, спавадавалі чмут у галаве, гальвань у целе. Макі затрымалі нас на гадзіны, на яшчэ адзін дзень разам. Праз макі ты спазьніўся на лятак, усё праз макі, а я яшчэ думаў, спадзяваўся, што крыху і празь мяне ты застаўся яшчэ на каліва са мною.

Прыдарожныя кветкі, якім ня страшныя ані хуткасьць, ані бруд цягнікоў, прыдарожныя кветкі, якія безупынку нагадваюць мне вялікія смачныя і зацягнутыя праз нашу няўважлівасьць выходныя зь мінулага жыцьця. І, на жаль, кветкі гэтыя нагадваюць ня толькі выратавальныя дні, ня толькі нашу крохкую, асалодадавалую плоць, ня толькі тваё бялюткае страйнявае цела, ружавелае пад маімі вуснамі, зубамі і шчэцьцю, але і іншыя выходныя, што папярэднічалі нашаму травеньскаму раю. У пекле таксама шугаюць макі, у пекле таксама красуе макавы квет. Маё цела прыгадвае і помніць выразна, дакладна, хоць розум мой вынішчаў той момант, не дазваляў мне сьведчыць, хаваў дэталі, боль, пунсовыя макі на целе ад штурханьняў на публіцы і ад зьбіцьця ў аўтобусіку, калі я застаўся там сам-насам з амапаўцамі.  Там іншыя макі квітнелі, іншая мова чулася, іншыя пахі луналі. І сяньня мой розум выціскае той гей-пікет, той хапун, той гвалт у аўтобусіку з памяці, веданьня, але я ўпарта стараюся выцягнуць на сьвет прыпамінкі і ўсё ж такі сьведчыць. Не адразу перамог я сябе — няма сумневу, мне дапамаглі пабачаныя нядаўна зноў прыдарожныя макі…

Цікава, што першыя асацыяцыі з макамі паўсталі якраз у аўтобусіку, потым у пастарунку. Ня бачыў жывых макаў у той дзень, але як смылела скура ад кулакоў бамбізаў-амапаўцаў, то я чамусьці пабачыў амаль наяве пунсовыя макі. Потым, праз два тыдні, калі мы намовіліся сустрэцца ў Польшчы так нечакана і так прыемна, на дзіва, паўсюль пунцавелі сапраўдныя макі. У хвільку я забыў першыя менскія макі на целе і ўжо ўглядаўся ў жывыя кветкі, як у знакі, што вялі да цябе.

Дзіўная рэч памяць, пагатоў памяць гея — у гвалтоўным грамадзтве ты ўсяляк імкнесься забыць, выкінуць з галавы крывыя погляды, абразьлівыя словы і нават фізычны гвалт. Памяць імкнецца завуаляваць, закадаваць увесь нэгатыў, паступова цела ачуньвае, рэабілітуецца, зьбіцьці, сінідлы, макі на целе загойваюцца, зьнікаюць, і ты зноў у шэрагу будзёншчыны, быццам гвалтоўнага ўчора і не было. Але яно было, яно заўсёды тут — аднаго маку дастаткова, каб нагадаць аб усім. Аднаго пунсовага маку па-за акном хапіла, каб цела ўсё прыгадала…

Сяньня любуюся макамі, якія па-дзіцячаму раскідваюць свае пялёсткі ў розныя бакі ад дотыку вятрыскі, і ўсьміхаюся, бо травеньскі рай зь мінулага жыцьця ўсё ж такі застаецца раем. Пякельным выходным не перамагчы райскіх выходных з табою, як ніколі не перамагчы фізычнаму гвалту бамбізаў аднаго простага пацалунку каханка…

24 чэрвеня 2018, Вільня (цыкль апавяданьняў “Аскепкі мінулых каханьняў”)

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

1186