№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Шарль Бадлер (Charles Baudelaire)

1821 - 1867

Шарль Бадлер
1821. У Парыжы нарадзіўся Шарль Бадлер.

1827. Смерць бацькі (якога ён абагаўляў), таленавітага мастака і звышадукаванага чалавека. Хлопчык жыве разам з маці (з імі жыве яшчэ пакаёўка Марыэта, якой Бадлер пасля прысвеціць верш). Перыяд абсалютнага шчасця, які ён заўсёды будзе згадваць з замілаваннем. Але маці зноў бярэ шлюб, з маладым афіцэрам Апікам, тады яшчэ маёрам. Яму было трыццаць восем гадоў (бацьку паэта, калі ён памёр, было шэсцьдзесят восем, маці – трыццаць тры).

1839. Бадлер выключаны з калежа Луі Вялікага. “Шалапутнае” жыццё ў Парыжы, дзе ён знаёміцца з Бальзакам і Нэрвалем.

1841. Генерал Апік адпраўляе пасынка ў падарожжа ў Індыю.

1842. Вярнуўшыся ў Парыж, Бадлер уступае ў сувязь з Жаннай Дзюваль, мулаткай, якая грала ў эпізодных ролях у маленькіх тэатрах. Знаёміцца з Сэнт-Бёвам і Тэафілем Гацье. Піша шмат артыкулаў і вершаў, а таксама “Фанфарло” (La Fanfarlo), навелу, што была надрукаваная ў 1847 годзе.

1844. Над Бадлерам устаноўленая юрыдычная апека. Натарыюс сп. Ансэль выплачвае Бадлеру 200 франкаў.

1845. Паэт складае шмат вершаў, але не публікуе нічога; затое ўбачыў свет “Салон 1845 году” (Salon de 1845), бліскучы водгук на жывапісную выставу. Спроба самагубства. Сярод іншага піша “Парады літаратарам-пачаткоўцам”, надрукаваныя ў 1846. Кароткі раман з Мары Дабрэн, камедыйнай акторкай. Знаёміцца з творчасцю Эдгара Алана По, перакладаннем якога займаецца з 1848 да 1865. Доўгія гады Бадлер застаецца для сваіх сучаснікаў эсэістам, перакладчыкам, мастацкім крытыкам, але не паэтам.

1848. Захоплены рэвалюцыяй і супрацоўнічае ў рэвалюцыйнай газеце Salut public.

1849. Знаёмства з друкаром Пулэ-Маласі, будучым рэдактарам “Красак зла”.

1852. Даследаванне пра Эдгара По, апублікаванае дзякуючы Тэафілю Гацье разам з другім томам перакладаў амерыканскага паэта. Праца над “Феерверкамі” (Fusées), прыватным дзённікам, які быў выдадзены толькі пасля смерці. Пачынаецца ягоная пасія да Апалоніі Сабацье, гаспадыні “салона”, дзе збіраліся маладыя пісьменнікі. Ён ананімна пачынае з ёй “аднабаковае ліставанне”, дасылаючы прысвечаныя ёй вершы, якія пасля будуць складаць асобны цыкл у кнізе.

1857. На працягу году публікуе пераклад раману “Прыгоды Артура Гордана Піма” Э. По (у лютым), кнігу апавяданняў Незвычайныя гісторыі”, што таксама складалася з перакладаў По (у сакавіку), і нарэшце – сваю адзіную кнігу вершаў “Краскі Зла” (Les Fleurs du mal) у чэрвені. Суд над кнігай. Аўтар асуджаны на 300 франкаў грашовага пакарання; 6 вершаў былі выключаныя з кнігі як амаральныя. Прысуд скасаваны толькі 31 траўня 1949 году.

1859. Публікацыя “Салона 1859 году” (Salon de 1859).

1860. Першы цэрэбральны крызіс (бяспечны). Уладкаванне ў Нэі разам з Жаннай Дзюваль (хворай на паралюш).

1861. Другое выданне “Красак Зла” (трыццаць пяць новых вершаў). Артыкул пра Вагнэра. Балатуецца (пісьмова) у Французскую акадэмію. Артыкул пра Э. Манэ (верасень 1862). Пачаў працаваць над дзённікам “Маё аголенае сэрца” (Mon cœur mis à nu), які быў скончаны ў 1864 і надрукаваны пасмяротна ў 1887.

1863. Прадае рэдактару Этсэлю правы на будучую кнігу “Парыжскі сплін” (Le Spleen de Paris), зборнік вершаў прозай; бярэ аванс і нічога не дае Этсэлю. Кніга з’явілася толькі праз два гады пасля смерці аўтара пад іншай назвай – “Маленькія паэмы прозай” (Petits Poèmes en prose) – дзякуючы Банвілю і Асэліно. Публікацыя чарговага перакладу з По, а таксама эсэ “Мастак сучаснага жыцця” (Le Peintre de la vie moderne), якое стала ягоным уласным art poétique”.

1864. Едзе ў Брусэль з цыклам лекцый. Працуе над кнігай “Бедная Бельгія” (Pauvre Belgique!).

1865. Публікацыя ў Парыжы новага тома перакладаў з Э. По “Гратэскавыя і сур’ёзныя гісторыі”.

1866. Вострая неўралгія, лекаванне наркотыкамі. У Намюры, куды ён запрошаны сваім будучым ілюстратарам Фtлісьенам Ропам, яго раптоўна разбівае паралюш. Афазія – да самай смерці ён не зможа размаўляць. Яго наведвае маці. Вяртанне разам з ёю ў Парыж.

1867. У канцы жніўня, маючы сорак шэсць гадоў, Бадлер памірае.

1868. Публікацыя “Эстэтычных каштоўнасцяў” (Curiosités esthétiques) і “Рамантычнага мастацтва” (L’Art romantique) – эсэ і крытычных артыкулаў пра літаратуру, жывапіс і музыку.

1869. Публікацыя “Маленькіх паэмаў прозай”.
 

Вайна цытатаў


Абычайнасць:

“Ягоны прынцып, ягоная тэорыя – усё апісваць, усё агаляць; ён поркаецца ў чалавечай прыродзе і пераходзіць усе межы агіды”.

Пінар
(галоўны абвінаваўца на працэсе ў справе Бадлера 1857 г.)


“Ён паказвае вам заганы, але ж ён паказвае вам іхную гідкасць; ён малюе іх брыдкімі фарбамі, таму што пагарджае імі і хоча, каб вы імі пагарджалі”.

Шэ д’Эстанж
(абароннік Бадлера)


Натуральнасць:

“Паэт Бадлер, вельмі разбэшчаны, наўмысна і вытанчана цягам гадоў з кожнага сюжэта, з кожнае краскі выдзяляў іх атрутную сутнасць”.

Сэнт-Бёў (1865)


“Там, дзе крытыцы хацелася бачыць працу, вымогу, гранічнае напружанне і заўзятасць, было адно вольнае і лёгкае красаванне асабовасці”.

Тэафіль Гацье
(прадмова да пасмяротнага выдання “Красак Зла”, 1868)


Арыгінальнасць:

“Ён пакінуў па сабе адно агульныя месцы”.

Ф. Бусэньер (1887)


“Вы выклікалі да жыцця новае трымценне”.

Гюго
(ліст да Бадлера, 1860)


Сучаснасць:

“Дарэмна мы год за годам учытваемся ў гэтыя старонкі… Чароўнасць пакінула іх; пекнае дрэва занядбанае”.

Барэ


“Глыбокая арыгінальнасць Шарля Бадлера, на маю думку, у тым, што ён магутна і сутнасна выявіў сучаснага чалавека”.

Вэрлен
(“Выклятыя паэты”, 1884)


Творчая сістэма:

“Бадлер знайшоў спосаб збудаваць сабе альтанку па-за межамі сучаснага яму рамантызму; альтанку вельмі аздобленую і вельмі вычварную. Ён звяртае нашу ўвагу на краень рамантычнайКамчаткі”.

Сэнт-Бёў


Класік– гэта пісьменнік, які носіць у сабе крытыка; выразна відаць, што Бадлер шукаў таго, чаго не рабіў Віктор Гюго: ён устрымліваўся ад усялякіх эфектаў”.

Валеры
(“Становішча Бадлера”, 1924)


Мастацкая якасць:

“Краскі Зла”, вельмі пасрэдная кніга… дзе ёсць некалькі іскраў паэзіі”.

Праспэр Мэрымэ (1860)


“Вось галоўная кніга нашай паэзіі”.

Іў Банфуа
(прадмова да “Красак Зла”, 1955)



Паводле найлепшых:

“Розум ягоны, абмінаючы словы й формы, бачыў рэчы з свайго асаблівага пункту гледжання, які змяняў іх абрысы, гэтак змяняюцца абрысы прадметаў, на якія глядзяць з птушынага лёту альбо знізу; ён улоўліваў стасункі, якія тояцца ад іншых і бянтэжаць іх сваёй алагічнай дзіўнасцю…

Яго зачароўвалі нябёсы, на якіх ззяюць сузор’і, невядомыя ў Еўропе; цудоўныя волатавыя расліны з усёпранікальным водарам, прыгожыя вычварныя пагады, смуглявыя фігуры, агорнутыя белай тканінаю, – уся гэтая экзатычная паўднёвая прырода, магутная і яркая; у сваіх вершах ён часцяком зноў і зноў вяртаўся ад туманаў і слоты Парыжа да гэтых краінаў блакіту, святла і водараў. У ягоных найзмрачнейшых творах быццам адчыняецца акно, праз якое, замест чорных комінаў і задымленых дахаў, на вас глядзіць сіняе мора Індыі ці які іншы залаты бераг, дзе лёгкаю хадою ідзе зграбная, напаўаголеная малабарка і нясе на галаве гліняны збан…

Паэт “Красак Зла” любіў тое, што памылкова называецца стылем дэкадансу і лічаць мастацтвам, якое дасягнула такой ступені гранічнае сталасці, што знаходзіць сваё ўвасабленне ў касым промні захаду састарэлых цывілізацыяў: стыль вынаходлівы, складаны, штучны, поўны вышуканых адценняў, стыль, што пасоўвае межы мовы, карыстаецца разнастайнымі тэхнічнымі тэрмінамі, запазычае фарбы з усіх палітраў, гукі з усіх клавіятураў, імкнецца перадаць думку ў самых яе няўлоўных адценнях, а кшталты – у самых няўлоўных абрысах; ён чуйна слухае найтанчэйшыя адкрыцці неўрозу, прызнанні жарсці, якая старэе і вычвараецца, дзіўныя галюцынацыі неадчэпнай ідэі, што пераходзяць у вар’яцтва…

Перад простым пахам ружы альбо браткаў ён аддаваў перавагу бензою, амбры і нават мускусу, да якіх у наш час ставяцца з пагардаю, а таксама водару некаторых экзатычных красак, які замоцны для нашых мерных краінаў…

Ён меў здольнасць да “адпаведнасцяў” (correspondence), г.зн. умеў адкрыць праз тайную інтуіцыю стасункі, нябачныя для іншых, і гэткім чынам зблізіць праз нечаканыя аналогіі, якія можа ўлавіць адно празорца, прадметы, на першы пагляд найаддаленыя і найпроцілеглыя…”

Тэафіль Гацье
(прадмова да пасмяротнага выдання “Красак Зла”)


“Бадлер быў хрысціянінам, і мараль ягоная – гэта мараль багасловаў. Не стану даводзіць, што ён быў добрым хрысціянінам, і згаджуся, што ён выяўляў заганы з такой выбачнасцю, якую наўрад ці можна знявініць праз патрабаванні павучальнасць; што ён надмерна ўпіваўся прынадаю граху і з нейкай, бадай, д’ябальскай радасцю адкрываў надзвычайныя злачынствы і дзіўныя вáды. Бадлера нельга залічыць да тых ясных, рахманых, празрыстых розумаў, якія нясуць з сабою супакой. У глыбінях ягоных ёсць нешта каламутнае; я зусім не сцвярджаю, што ён мае душу апостала. Я ахвотна прызнаю, што ў маралі ягонай ёсць нешта амаральнае. Але ж, на маю думку, у свеце і не было паэта маральнага; прынамсі, такім нельга назваць ані Вергілія, ані Шэкспіра, ані Расіна, ані ўвогуле кагосьці з тых, каго чалавецтва шануе як выразнікаў ягоных пачуццяў і тлумачальніка ягоных таямніцаў. Усе яны былі абыякавыя да маралі, як абыякавая да яе і прырода, што прамаўляе праз іхныя вусны… Паэзія Бадлера не больш амаральная за ўсялякую іншую. Але ж яна створаная не для юных, наіўных душаў, не для шырокай публікі, не для дзённага святла і вольнага паветра. Яна патаемная і патрабуе мудрых, тонкіх знаўцаў, якія будуць цешыцца ёю за зачыненымі дзвярыма”.

Анатоль Франс
(“Помнік Бадлеру”)


“Узімку, калі здранцвенне пазбаўляе мяне сілаў, я з асалодаю занураюся ва ўлюбёныя бачыны “Красак Зла”. Ледзь толькі мой Бадлер разгорнуты, я адразу ж залучаны ў фантастычны краявід, што паўстае перад вачыма з непераадольнасцю візіі, якую выклікае да жыцця бяздонны опіюм. Там, угары, на гарызонце, змярцвела-бледнае ад тугі неба з блакітнымі разрывамі – слядамі пацераў выгнанніка. Адзіная расліннасць – рэдкія дрэвы, што пакутуюць пры дарозе: іхная хваравітая кара – нібы суплёт аголеных жылаў; іхны бачны воку рост, нягледзячы на дзіўную нерухомасць паветра, суправаджаецца бясконцымі немымі стогнамі, падобнымі да стогнаў скрыпак; дасягнуўшы кончыкаў галінаў, стогны гэтыя музычна вібрыруюць у лістоце. Далей я бачу панурыя басейны, параскіданыя сям-там, быццам курціны ў нейкім вечным садзе: у чорным мармуры іхных сценаў, аздобленых індыйскім каштоўным каменем, вакол цяжкіх фантанаў, спіць мёртвая металічная вада, на якую журботна падае дзіўны прамень, поўны чароўнасці заняпаду. Навокал, на зямлі, ніводнае краскі – адно воддаль і ўверсе некалькі пёраў, што засталіся ад крылаў зрынутых душаў. Нябёсы, азораныя нарэшце першым промнем, а пасля і другімі, паступова губляюць сваю блякласць і струменяць долу блакіт пагодных кастрычніцкіх дзён; неўзабаве вада, эбенава-чорны мармур і каштоўнае каменне пачынаюць зіхцець, нібы шыбы гарадскіх вокнаў увечар: гэта захад. О цуд! Найрадчэйшы пурпур, вакол якога разліваецца п’янлівы водар распушчаных валасоў, каскадамі падае з неба, што робіцца ўсё цямнейшым! Ці гэта лавіна атрутных ружаў, іхная заганная духмянасць? Альбо румяны? Альбо кроў?.. Дзіўны заход! Ці, можа, гэтая плынь – рака слёзаў, пабарвёная бенгальскімі агнямі вандроўнага блазна Шатана, што рухаецца за заслонай. Прыслухайцеся, як пераліваецца гэты каскад, – юрліва, нібы пацалункі… Нарэшце, усё залівае чарнільная цемра, і толькі чуваць, як пырхае з краскі на краску злачынства, блукаюць згрызоты і лётае Смерць. Тады я хаваю твар, і ўздрыгі, вырваныя з маёй душы не столькі гэтым кашмарам, колькі горкім пачуваннем выгнання, працінаюць чорную цішу. Дык чым жа ёсць айчына?

Я загарнуў кнігу і заплюшчыў вочы. Я шукаю айчыну. Перада мною паўстае прывід паэта-знаўцы, які паказвае мне яе ў гімне, містычна стройным, быццам лілея. Рытм гэтай песні нагадвае ружы старажытных храмаў: сярод дэкору з старога каменю, усміхаючыся ў серафічным ультрамарыне, які здаецца хутчэй пацерам, што бруіцца з іхных блакітных вачэй, чым нашым вульгарным лазуркам, белыя, быццам аплаткі, анёлы пяюць свой экстаз, суправаджаючы гэта ігрою на арфах – падабенстве сваіх крылаў, на цымбалах з самароднага золата, на чыстым сонечным праменні, што звярнулася ў трубы, і на тамбурынах, у якіх гучыць цнатлівасць першых навальніц; святыя жанкі нясуць пальмавыя галіны, – і я не маю змогі падняць вачэй па-над багаслоўскімі цнотамі, настолькі невымоўнаю ёсць гэтая святасць; але ж я чую слова, у якім праменіцца вечнасць: Алілуя!

Стэфан Малармэ
(“Літаратурная сімфонія”)


“Пэўнага часу мне давялося напісаць даслоўна наступнае: “Раней мастацтва паказвала сябе на найвышэйшых і недаступных падмостках – з таго боку рампы, якая выпраменьвала непераадольнае святло і строга аддзяляла мастацтва ад жыцця; мастацтва афарбоўвала свае відовішчы ў колеры, склад якіх невядомы на зямлі; яно прымала кшталты і абрысы, якія мелі прыблізна тое ж самае падабенства з прыроднымі кшталтамі і абрысамі жыцця, якое існуе ў календары паміж буднямі і святамі, у старажытных манархіях – паміж падданымі і каралём, а на птушыным двары – паміж курамі і паўлінам. Але ў XIX стагоддзі дасягнулі росквіту тры мастакі. Кожны з іх па-свойму прыкладаў намаганні, каб пагасіць гэтую рампу, наблізіць падмосткі мастацтва да тэатральнага жыцця, дазволіць падняцца на іх самім людзям, у іх штодзённым адзенні і без усялякага грыму, паказаць драмы і фарсы звычайнага жыцця. Гэтымі трыма мастакамі былі Бадлер – у паэзіі, К. Манэ – у жывапісе, і Бізэ – у музыцы. Зрэшты, яшчэ невядома дакладна, у чым заключалася задача іхнай творчасці: у тым, каб прыўнесці ў паэзію жыццё ці, наадварот, у жыццё – паэзію. Я застаюся пры другой думцы.

У нашым выпадку спынюся адно на Бадлеру. Спынюся на асаблівасцях і значнасці ягонае паэзіі. Я не збіраюся высвятляць, быў Бадлер найвялікшым ці звычайным паэтам (уласна мне ён не здаецца такім ужо вялікім). Для мяне значна важней высветліць ролю Бадлера ў “палітыцы паэзіі”. Бо акурат яна, гэтая роля, велізарная.

Размова тут не пра рэформу паэтычнага кшталту, а хутчэй пра абвяшчэнне новага стану паэзіі. Паэт ужо больш не ёсць натхнёнай істотай, задача якой зводзіцца выключна да рэтрансляцыі паэзіі, уласцівай хіба адно Піфіі; цяпер ён сам становіцца “творцам паэзіі”. Паэт слухае ўжо не музу, а толькі голас уласнай душы. Бадлер – гэта Капернік паэзіі. Ён распачынае Капернікаву эру ў паэзіі, якая дагэтуль была беспаваротна пталямееўскай. Чаму ж гэтая настолькі значная перамена ў гісторыі паэзіі нікім не была заўважаная? Бо існуе глыбокая непрыязнасць адносна Бадлера, глыбокая, невылечная непрыязнасць. Днямі я сам быў сведкам таго, як адзін мой прыяцель, дарэчы, інтэлігентны чалавек, аж збялеў ад лютасці пры адной толькі згадцы пра Бадлера і зараз жа супрацьпаставіў яму Джавані Паскалі, – падобна так чорнаму супрацьпастаўляюць белае, ценю – святло; падобна так пры згадцы пра нячыстую сілу прымхлівыя людзі плююць цераз плячо. Гэты прыклад гаворыць не пра ненатуральнасць самога такога супастаўлення (нельга ж сур’ёзна параўноўваць яблык з пачкам запалак ды шчэ распачынаць з гэтае нагоды спрэчку), а пра тое, наколькі яшчэ жывучай і глыбокай ёсць непрыязнасць да Бадлера. Якая ж прычына гэтае непрыязнасці? Магчыма, яе выклікаў кшталт яго паэзіі? Альбо яе “амаральнасць”, якую ад самага пачатку выдумалі адно дзеля таго, каб схаваць сапраўдную прычыну варожасці да паэзіі Бадлера і адвесці ўбок падазрэнні? Не. Уся рэч у тым, што Бадлер, таксама як Капернік і Чарлз Дарвін, забіў божышча.

Паколькі Бадлер вучыць, што паэт здольны ўсё рабіць сам, без настаўнікаў і пасярэднікаў, Апалон, праз Бадлера, цьмянее і памірае; вянуць музы і змаўкае іх зладжаны хор, распускаецца двор Парнаса. Мімаволі задаешся пытаннем: якая такая сарамяжлівасць, якая стрыманасць, якая крывадушнасць і “святая жудасць” не дазваляюць выявіць прычынна-выніковыя сувязі паміж астраноміяй Каперніка, рэвалюцыяй 1793 году і паэзіяй ад Бадлера да нашых дзён? I чаму ўпарта не прызнаецца грандыёзны пераход вершаскладання ва ўсім свеце з Боскае далоні ў рукі чалавека? Да Бадлера паэзія перабывала ў стане нявіннасці і нятленнасці. (Таму не без падставы, не без выразнае “фізічнае” падставы, паэзія лічылася несмяротнай). Паэзія знаходзілася ў стане юнага Шак’ямуні да таго, як ён убачыў знакі старасці, хваробы і смерці. Наймацнейшыя, найузнёслыя адлюстраванні болю і смерці ў Гамэра, Дантэ, Шэскпіра не неслі ў словах, што іх выражалі, спазнанасці болю, спазнанасці смерці. Паэзія захоўвала рукі чыстымі. Яна глядзела і не датыкалася. Усё адбывалася з таго боку нязнанае рампы. I таму паэзія была захапленнем, таму яна была сном (шчаслівым сном, нават калі ён апяваў людскую трагедыю). I таму паэзія грала ў жыцці святарную, але ж пры гэтым актыўную ролю (найзапаветныя, найтаямнічыя думкі маглі быць выказаныя толькі праз вершы). 3 прыходам Бадлера ранейшая паэзія губляе ў народзе гэтую сваю запаветную святарную ролю, і народ траціць да яе цікавасць, забываецца на яе, бо яна ўжо здольная адасабляцца ад драмы жыцця.

У паэзіі Бадлера непасрэдная спазнанасць болю і смерці; у ёй адсутнічае метафізічная тайніца; ёй не апякуюцца багі; яна не адасобленая ад людзей, чые надзеі і ілюзіі блякнуць у сонечным святле, выяўляючы грым, які выглядае недарэчна, але ж ажыўляе чалавека; цяпер людзі жывуць пад небам, пазбаўленым божышча, – ці гэта не прычына называць паэзію Бадлера дэкадэнцкай?.. Зрэшты, і гэтага шчэ замала. Да таго, што казалася, варта было б дадаць: у Бадлера “смяротная паэзія”, у адрозненне ад той – несмяротнай. Але ж у чым больш велічы: у несмяротнасці альбо ў смяротнасці? У маёй галаве даўно ўжо круціцца думка пра аднаго грэцкага бога (Гермеса), які стаміўся ад несмяротнасці, ад сваёй “бескарыснай” несмяротнасці, і хоча стаць чалавекам, каб змагчы памерці. Гэтак і паэзія: у пэўны дзень яна адчула, што стамілася ад несмяротнасці, і зрабіла ласку паэзіі Бадлера, каб змагчы памерці” .

Альберта Савінія
(“Бадлер”)


Помнік Бадлеру

“Помнік Бадлеру – адно з найпрыгажэйшых парыжскіх надмагілляў, сапраўднае кафедральнае надмагілле. Скульптар узяў камлыгу, разгарнуў яе з канцоў і высек марскі компас. Ён і трымае помнік – гэты марскі компас. Самалёт, адно крыло якога цягнецца па зямлі – такое яно вялікае, – ёсць сімвалічным падабенствам альбатроса. Другое крыло ромба прастастаўнае таму, што распасцёртае на зямлі. Верхавіна ягоная ўяўляе сабою велічэзнага кажана, які растуліў крылы. Над гэтым стварэннем, што жыве і лунае, насцярожана й ваяўніча навісае рына, і цурок не даецца ў рукі.

Іншы б выразьбіў геральдычнага ката, апяянага паэтам і залапанага крытыкамі. А гэты пранік углыбкі і абраў вампіра – увасабленне падвойнасці ў жывёльным свеце: і птушка, і звер; увасабленне этычнай падвойнасці: і анёл, і зрынуты анёл. А якім чынам інакш увасобіць дух Бадлера? Бо ў песняру “Красак Зла” не было д’ябальскай асновы ў каталіцкім сэнсе слова. Усё д’ябальскае ў ім – свецкае; гэта натуральная папраўка на бунтоўнасць і святую простасць. Паўстаюць адно дзеці і анёлы. Нячысты не здольны на паўстанне. Старыя адно журбуюць ды ўпадаюць у роспач. Такі Вальтэр. Паўстанне – плён чыстае душы. У ката кіпцюры і тыя праменяць ліхадзейства. Іншая рэч кажан – крылаты сутарэнны пац, пячорнае стварэнне, спароддзе дзвюх сілаў: імкнення ўгору і парывання ў цемру. Ён нараджэнец цёмнага свету, але ж лунае пад скляпеннем. Падвойная прырода – лёт і цемра – абдаравала яго мудрасцю ўпоцемку і здольнасцю герояў – падаць угору”.

Сэсар Вальеха


“3 Бадлерам французская паэзія выйшла нарэшце за межы нацыі. Яна прымусіла свет чытаць сябе; яна стала паэзіяй сучаснасці; яна выклікае наследаванні; яна апладняе шматлікія розумы... Гэта дае мне права сказаць, што нават калі сярод нашых паэтаў і ёсць большыя і мацней адораныя за Бадлера, то няма значнейшых...

Ён мусіў сваім душэўным станам і сваімі здольнасцямі ўсё выразней супрацьпастаўляць сябе той сістэме ці той адсутнасці сістэмы, якая завецца рамантызмам...

У найлепшых вершах Бадлера ёсць спалучэнне плоці і духу, сумесь урачыстасці, жарсці і гаркоты, вечнасці, патаемнасці, надзвычайнае злучэнне волі з гармоніяй...”

Поль Валеры
(“Становішча Бадлера”)


“Рамантык паводле выхавання, парнасец паводле стылю, рэаліст паводле прыхватаў творчасці, ён першы паэт сучаснасці. Бадлер наважыўся ўвасобіць у паэзіі, у вершах, усю складанасць, усю супярэчлівасць душы сучаснага чалавека. Ён зазірнуў у цёмныя спраты душы, знайшоў прыгажосць і паэзію там, дзе да яго бачылі адно брыдасць: у зле, у загане, у злачынстве. У той жа час Бадлер адным з першых стварыў паэзію сучаснага горада, паэзію сучаснага жыцця, яго жудасці, яго тайніцы. Бадлер апяваў тую праўду, якую прынеслі з сабою пісьменнікі-рэалісты, але ж ягоны востры позірк заўсёды глядзеў праз рэчаіснасць, у надзеі ўбачыць нешта большае. Таму вобразы Бадлеравы часцяком ператвараюцца ў сімвалы”.

Валерый Брусаў


“Нам, іншым, дастаткова бачыць дрэва ці дом. Цалкам захопленыя іх сузіраннем, мы забываемся на саміх сябе. Бадлер – чалавек, які ніколі на сябе не забываецца. Ён глядзіць на тое, як ён бачыць, ён глядзіць дзеля таго, каб убачыць, як ён глядзіць, – ён сузірае сваё ўспрыманне дрэва, дома, і адно праз шкло гэтага ўспрымання паўстаюць перад ім рэчы...”

Жан-Поль Сартр
(“Бадлер”)


“Бадлер, які выйшаў з рамантызму, быў не толькі бацькам дэкадэнцтва, але ж і папярэднікам сацыяльна афарбаванага ўрбанізму. Зло метафізічнае і зло сацыяльнае (якое супрацьстаіць ідэалу) сумясціліся ў ягонай паэзіі...

Бадлер зрабіў з эстэтычнай і экзатычнай прадметнасці асаблівыя высновы... Прыгожая рэч сустракаецца з жахлівай рэччу– вось паэтычны свет Бадлера. Жахлівая рэч – гіпертрафаваны празаізм, урбаністычны, які часам мае выразную сацыяльную афарбоўку”.

Лідзія Гінзбург
(“Пра лірыку”)

 

Падрыхтаваў і пераклаў з французскай мовы Андрэй Хадановіч


З часопіса “Крыніца”, № 8, 1998 г., с. 68–84.

Чытайце таксама

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі

Вульф Сосенскі

Вульф Сосенскі

Збіральнік габрэйскага беларускага фальклору.

Роберт Вальзэр

Роберт Вальзэр

Швейцарскі паэт і празаік, пісаў на нямецкай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае яго біяграфія

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

988