№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Шарль Бадлер

Выклятыя жанчыны

Вершы



Вершы з кніг “Краскі Зла” і “Парыжскі сплін”

Танец змяі

(Le serpent qui danse)


Глядзеў бы на любае цела,
    П’янеў ад красы,
Каб скура твая зіхацела,
    Твае валасы

Ахутвалі пахам салодкім
    І горкім, як дым:
У моры духмяным, зіхоткім,
    Блакітным, рудым,

Як вецер, што ранняй парою
    У ветразі б’е,
Душу маю клічуць па мрою
    Нябёсы твае.

Ні слодычы, ані гаркоты
    Ў вачэй глыбіні,
Адно серабро й пазалота
    Ў халоднай гульні.

Рытмічныя звівы такія
    І постаць твая
Чаруюць, нібыта ля кія
    Танцуе змяя.

У рухах – пагойдванне колаў,
    Пустынь шырыня;
Лянотна ківаецца голаў,
    Нібы сланяня...

Ты бездань, што ў буры звярэе
    І б’е ў карабель,
У глыб панураючы рэі,
    Нібыта ў купель;

Ад хваляў няма паратунку
    Ў лядовую таль:
Цячэ плынь твайго пацалунку,
    Шляхетны крышталь,

Нібы пераможны і горкі
    Багемскі напой,
Што ў сэрцы запальвае зоркі
    Й завецца табой!



Збавіцелька

(Réversibilité)


Мой ветраны анёл, ці ведаеш ты вусціш,
Згрызотаў і журбы непераможны змрок,
Што сэрца ў абцугах сціскае, ледзь на крок
Ты ката да сябе яшчэ бліжэй падпусціш?
Мой ветраны анёл, ці зведала ты вусціш?

Мой ветлівы анёл, ці зведала ты злосці,
Сціскаючы ў слязах штосілы кулакі,
Бо Гнеў рыхтуе ўдар, шукаючы шчакі,
І Помста ля дзвярэй, няпрошаная госця?
Мой ветлівы анёл, ці зведала ты злосці?

Мой велічны анёл, ці зведала ты зморы
Нябогі, што брыдзе па больнічным двары
За сонечным святлом паўз шэрыя муры,
І ўжо не зразумець – выгнанец, вязень, хворы?
Мой велічны анёл, ці зведала ты зморы?

Мой зваблівы анёл, ці зведала ты зморшчак,
Калі хаваеш век, утойваеш гады
І ў вочы не глядзіць каханак малады,
Спагадлівы – а быў пажадлівы! – прытворшчык?
Мой зваблівы анёл, ці зведала ты зморшчак?

Мой радасны анёл і запарука раю,
Цябе не запрашу, спадаючы ў нябыт,
На ложак хворага, як некалі Давід.
Маліся за мяне – усё, пра што благаю,
Мой радасны анёл і запарука раю!



Вечаровае суладдзе

(Harmonie du soir)


Гэта час, калі ў летнім духмяным паўзмроку
Краскі, нібы кадзілы, струменяць нектар;
Перагукванне фарбаў і пахаў гушчар,
Рэха сумнага вальсу гучыць недалёка.

Краскі, нібы кадзілы, струменяць нектар;
Плача скрыпка, як сэрца, без словаў папроку;
Рэха сумнага вальса гучыць недалёка;
Неба смутнае й пекнае, нібы алтар.

Плача скрыпка, як сэрца, без словаў папроку;
Плача сэрца, нябыт памятаючы ў твар!
Неба смутнае й пекнае, нібы алтар;
Човен сонца ў крывавую рушыць сутоку!

Плача сэрца, нябыт памятаючы ў твар,
І прыкметы былога намацвае вока.
Човен сонца ў крывавую рушыць сутоку…
Ты жывеш ува мне дараносіцай мар!



Міначцы

(À une passante)


Вакол гудзеў натоўп, нібы пчаліны рой.
І раптам паўз мяне – маўклівасць у гамонцы,
Журба і прыгажосць, засмужанае сонца! –
Яна, прыбраная ў жалобны й пекны строй.

Шляхетная хада і таямнічы вэлюм,
І бездань у вачах, няўмольнасць у красе,
Што з асалодаю й загубу прынясе:
У несмяротным – смерць, жыццё – у знежывелым.

Маланка… потым змрок. Пакорны хараству,
На міг я твой пагляд сустрэў – і зноў жыву!
Мо хоць у вечнасці сустрэнемся вачыма?

Хоць немавед калі? Запозна. Немагчыма,
Бо ты не там, дзе я; дзе я – цябе няма.
А мог цябе кахаць – ты ведаеш сама!



Малабарцы

(À une Malabaraise)


Твае лытачкі зграбныя, як прыдалонні;
Задуменны мастак раявацьме ў палоне
У вачэй, аксамітных і чорных, як ты;
Белых паннаў клубы – цень тваёй пекнаты.

Боскай воляй насельніца шчаснай краіны,
Люльку мужу свайму ты запальваць павінна,
Пільнаваць ад маскітаў ягоныя сны
І духмяны напой наліваць у збаны,
А калі на світанні спяваюць чынары,
Ананасы й бананы купляць на базары;
Нізкім голасам спеў распачаўшы стары,
Басанож вандраваць да вячэрняй зары.
Калі ж вечар у пурпуры спусціцца зноўку,
Ціха цела сваё пакладзеш на цыноўку,
І крылянне калібры цябе ахіне
У пяшчотным, як ты, і, як ты, ціхім сне.

Бестурботная ў роднай краіне, чаму ты
Прагнеш Францыі, што пажынае пакуты?
Караблю й маракам даручыўшы сябе,
Тамарыскам ты кажаш “бывай” у журбе…
На заснежаным ходніку ў град і завеі
Ў апранасе муслінавай цела здранцвее
І з грудзей прыняволеных – жорсткі гарсэт! –
Раптам вырвецца ўздых – даўняй вольнасці след.
Твой духмяны тавар будзе ўсім па кішэні,
Бо за рэшткі вячэр станеш жыць у згаршэнні.
А за брудным туманам паўстане наўсцяж
Раскудлачаных пальмаў далёкі міраж.



Выклятыя жанчыны

(Femmes damnées)


Іх вочы п’юць блакіт, а целы ў захапленні
Спачылі на пяску задумнай чарадой.
Рука знайшла руку, сустрэліся калені
І горкая туга – з салодкаю жудой.

Адны чакаюць слоў любоўнага прызнання
Ў гаях, дзе ручаі бруяцца ў гушчары:
Чытаюць па складах дзіцячае каханне,
Каб напісаць адказ на маладой кары;

Другія йдуць туды, дзе скалы, нібы вежы,
Дзе некалі пасціў самотны дабрадзей
Антоні, а з нябёс валіліся відзежы –
Раптоўнай лаваю аголеных грудзей;

Ёсць тыя, што бягуць у тайныя пячоры
І Бахусу пяюць паганскі хваласпеў,
Каб старажытны бог ім суцішаў дакоры
Сумлення й вечны боль хоць зрэдчасу слабеў!

І іншыя, што боль прымаюць, як пяшчоты,
Пад мнішай расаю хаваючы канчук,
І ў цемрадзі лясоў, і ў вусцішы самоты
З юрлівай слінаю мяшаюць слёзы мук.

Цнатліўкі й дэманы, абранніцы й пачвары,
Ваш дабрадзейны лёс, ваш апраметны шлях –
Адрынуць існае, палюючы на мары,
Бясконцага шукаць у стогнах і слязах!

Усіх вас, як сясцёр, пакутніцы адвагі,
Шкадую і люблю, у велічы й на дне –
За чорную тугу, за неспатольнасць прагі,
За сэрцы, дзе любоў спачыла, бы ў труне.




Роспач старой

(Le Désespoir de la vieille)


Зморшчаная бабулька ўся ажно заззяла ад радасці, убачыўшы цудоўнае дзіця, якому ўсе былі радыя й кожны хацеў спадабацца; цудоўнае стварэнне, такое самае крохкае, як яна, бабулька, і, рыхтык яна, бяззубае й безвалосае.

І яна падышла да немаўляці, хочучы пазабавіць яго сваім агуканнем ды ласкавымі мінамі.

Але напалоханае дзіця стала адбівацца ад лядашчай дабрачкі з яе пяшчотамі й завішчэла на ўвесь дом.

І добрая бабулька вярнулася ў вечную сваю самоту і, плачучы ў куточку, казала сабе: “Ах мы, няшчасныя старыя саміцы! Мінуў час, калі мы маглі падабацца, хоць бы найнявіннейшым; і мы наганяем страх нават на малых дзяцей, якіх хочам любіць!”


Блазан і Венера

(Le Fou et la Vénus)


Які чароўны дзень! Вялізны парк млее ў пякучым праменні вока дня, нібы маладосць у абладзе Кахання.

Усеагульная раскоша не выдае сябе ніводным гукам; нават фантаны як быццам заснулі. Як жа розніцца ад людскіх святаў гэтая маўклівая оргія!

Здаецца, што святло, усё нарастаючы, выкрасае з прадметаў усё новыя й новыя водбліскі-яскаркi; што краскі ў захапленні згараюць ад жадання перасягчы нябесны блакіт зыркасцю сваіх фарбаў; што спёка робіць водары відочнымі, і яны смугою ўзносяцца да сонца.

Аднак сярод агульнай радасці я ўгледзеў засмучаную істоту.

Ля ног вялізарнай Венеры – адзін з прафесіянальных вар’ятаў, самахотных блазнаў, чый абавязак – забаўляць каралёў, калі тых грызуць дакоры сумлення цi проста нуда. Прыбраны ў блішчасты й фацэтны строй, у рагатай шапцы са званочкамі, увесь стуліўшыся каля п’едэсталу, ён падымае поўныя слёз вочы да несмяротнае Багіні.

Ягоныя вочы кажуць: “Я самы няшчасны й самотны з людзей, пазбаўлены кахання й сяброўства, і праз гэтае мізарнейшы за апошнюю жывёлу. Але я, я таксама створаны, каб адчуваць і разумець неўмiручую Красу! О, Багіня, злітуйся над маім смуткам і маім шаленствам!”

Але няўмольная Венера глядзіць немавед куды ўдалеч сваімі мармуровымі вачыма.



Гадзіннік

(L’Horloge)


Кітайцы даведваюцца пра час па вачах катоў.

Адзін місіянер, ідучы пэўнага дня прымесцем Нанкіну, заўважыў, што забыў гадзіннік, і запытаўся, колькі часу, у нейкага хлопчыка.

Юны вісус з Паднябеснай Імперыі спачатку разгубіўся, але потым, сцяміўшы, адказаў: “Зараз дазнаюся”. Праз некалькі мгненняў ён вярнуўся з вялікім тоўстым катом у руках і, зазірнуўшы яму, як той казаў, проста ў вочы, без ваганняў абвясціў: “Хутка поўдзень”. Так яно й было.

А я, калі схіляюся да пекнай Феліны, якой так пасуе яе імя, бо яна – краса свайго полу, гонар майго сэрца й водар маіх думак, будзь гэта ўночы альбо ўдзень, у зыркім святле альбо непрагледным змроку, – у глыбіні яе чароўных вачэй я заўсёды бачу дакладны час, заўсёды той самы, вялікі, урачысты, бязмежны, нібы прастора, непадзельны на гадзіны й хвіліны, нерухомы, не адзначаны на хранометрах, і ўвадначас лёгкі, як подых, і хуткі, як позірк.

І калі нейкі назола з’явіцца й стане турбаваць мяне, пакуль погляд мой адпачывае на гэтым цудоўным цыферблаце, калі нейкі грубы й недалікатны дух, нейкі дэман перашкоды з’явіцца й запытаецца: “Ува што ты так пільна ўглядаешся? Чаго шукаеш у вачах гэтай істоты? Марнатраўны й лянівы смяротны, можа, ты бачыш там, колькі часу?” – я адкажу без ваганняў: “Так, бачу: на маім гадзінніку Вечнасць!”

Згадзецеся, спадарыня, што гэты мадрыгал напраўду варты ўзнагароды – ён атрымаўся такім самым напышлівым, як і вы. Але, шчыра кажучы, мне было так прыемна плесці вам гэты вычварны камплімент, што я нічога не прашу ў вас узамен.



Паўсвету ў валасах

(Un Hémisphère dans une chevelure)


Дазволь, я буду доўга, доўга ўдыхаць пах тваіх валасоў, зануруся ў іх тварам, як сасмяглы ў крынічную ваду, буду ўскалыхваць іх, нібы напарфумаваную хустку, каб разварушыць рой успамінаў.

Калі б ты магла ведаць усё, што я бачу, што адчуваю, усё, што мне чуецца ў тваіх валасах! Мая душа вандруе ў водары, як душы іншых – у музыцы.

Твае валасы поўныя мрояў пра мачты й ветразі, пра вялікія моры – мусоны нясуць мяне па іх у чароўныя краіны, дзе далячыні блакітнейшыя й глыбейшыя, а паветра прасякнутае пахам пладоў, лісця й чалавечае скуры.

У акіяне тваіх валасоў мне бачыцца гавань у гуках сумных песень, дужыя мужчыны з усіх канцоў свету й караблі ўсіх кшталтаў, чые дасканалыя й складаныя сілуэты вырысоўваюцца на асноведзі вялізарных нябёсаў, дзе пануе вечная спёка.

У пяшчоце тваіх валасоў я зноў перажываю доўгія гадзіны ўтомнай, амаль што няўлоўнай партовай гайданкі, гадзіны, што я прабавiў на канапе ў каюце прыўкраснага карабля, між вазонаў з кветкамі й збаноў з прахалоднай вадою.

У пякучым вогнішчы тваіх валасоў я ўдыхаю водар тытуню, прыпраўлены опіюмам і цукрам; у ночы тваіх валасоў я бачу бясконцае ззянне трапічнай сінечы; на пушыстых узбярэжжах тваіх валасоў я п’ю змешаны пах смалы, мускусу й какосавага алею.

Дазволь, я ўвап’юся ў твае цяжкія чорныя косы. Калі я кусаю твае пругкія, непакорлівыя валасы, мне здаецца, я ем успаміны.



Якая з дзвюх сапраўдная?

(Laquelle est la vraie ?)


Я пазнаёміўся з некай Бенедыктай, што жыла ў залатым бляску ідэалу; вочы яе выклікалі прагу велічы, красы, славы і ўсяго, што прымушае нас верыць у несмяротнасць.

Але гэтая цудоўная істота была запекнай, каб жыць доўга; не прайшло й некалькіх дзён па нашым знаёмстве, як яна памерла; я сам пахаваў яе пэўнага дня, калі вясна кадзіла свой ладан нават на могілках. Я сам пахаваў яе, замкнуўшы ў труну з духмянага дрэва, незнішчальнага, нібы індыйскія скрыні.

Вочы мае яшчэ былі ўтаропленыя ў зямлю, дзе я закапаў свой скарб, як раптам я ўбачыў маладую асобу, надзвычай падобную да пахаванай. У дзіўным істэрычным запале яна ўтоптвала рыхлую глебу й пырскала смехам, кажучы: “Гэта я, я сапраўдная Бенедыкта! Я, знакамітая агідніца! У пакаранне за тваю дурноту й слепату кахацьмеш мяне такою, якой я ёсць!”

А я, як непрытомны, крычаў у адказ: “Не! Не! Не!” І, каб выразней падкрэсліць сваю нязгоду, тупнуў так моцна, што нага мая па калена ўгрузла ў свежы дол. Быццам воўк, што трапіў у пастку, я застаўся – і, магчыма, назаўсёды – прыкаваны да магілы ідэалу.



Суп і аблокі

(La Soupe et les Nuages)


Мая любая, мая шалёная каханка падавала мне абед, а я праз расчыненае акно залі сачыў, як плыве ў небе цуднае Божае дойлідства, сатканае з няўлоўных тхненняў, чароўныя эфемерныя збудаванні. І я сказаў сабе, сузіраючы: “Усе гэтыя дзіўныя відзежы прыгожыя амаль як вялікія вочы маёй каханае красуні, маёй любае, шалёнае, зеленавокае пачвары”.

Але раптам я атрымаў моцны ўдар кулаком у спіну й пачуў сіпаты, чароўны голас, істэрычны й нібы ахрыплы ад гарэлкі – голас маёй мілае, любае каханкі: “Будзеш ты есці нарэшце свой суп, чортаў гандляр аблокамі?!”

Пераклад з французскайАндрэй Хадановіч




Пераклад – Андрэй Хадановіч © 2010

Чытайце таксама

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

1219