№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Райнэр Марыя Рыльке

Плач па Антыною

Вершы

Ля сабора Святога Віта

(Bei St. Veit)

Люблю я на сабор глядзець,

дзе тлення пах і цені скону,

дзе ўласнай моваю калоны

перамаўляюцца ледзь-ледзь.

 

А побач домік у разьбе

прысеў, ракайна-эратычны,

і ля яго сабор гатычны

да неба цягнецца ў мальбе.

 

Я разумею casus rei

і што было тут параўнана:

вось пан абат — і блізу пана

стаіць la dame du roi soleil.

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

***

(Ein weißes Schloß in weißer Einsamkeit...)

 

Над белым замкам — смутку белы газ.

Плыве па залах страх, скрадае ўзоры,

па сценах плюшч паўзе, смяротна хворы,

і сцежкі ў свет схаваў снягоў атлас.

 

І цяжка небасхіл навіс, і згас

апошні сполах, і заціхлі гукі...

Скрозь белы мур туга прасцерла рукі,

гадзіннікі пакінуў мёртвы час.

 

пераклад з нямецкайКацярына Маціеўская

 

 

 

Вечар

(Abend)

 

Марудна вечар памяняў адзежы,

і на галінах строй яго павіс.

Глядзі: размыліся сусветаў межы,

адзін увыш плыве, другі — уніз.

 

І застаешся ты ад іх свабодным,

не бачачы падобнага наўкол

ні ў змрочным доме, ціхім і халодным,

ні ў зорах, што ўначы асвецяць дол.

 

І ў гэтым страшным, велічным жыцці

адзіны шлях перад табой паўстане:

асэнсаваўшы межы існавання,

то каменем, то зоркаю ісці.

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

Прагулка

(Spaziergang)

 

Ужо ўзляцеў мой погляд па адхоне,

хаця зрабіў я толькі першы крок.

І веда, не вядомая да сёння,

заспее нас, дасланая здалёк.

 

Адкрыецца ў яе няўлоўнай хвалі

нябачнае, што ў нас жыве даўно.

На нашы знакі знак мы атрымалі,

але адчулі лёгкі брыз адно.

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

Эрас

(Eros)

 

Маскі! Маскі! Бо аслепіць ззянне —

Эрасаў непераносны цуд.

Ён, як летняе сонцастаянне,

перапыніць веснавы прэлюд.

 

Як раптоўна гутарка разбіта,

ўсё знікае... Толькі крык апёк...

Нас трымценне ахіне, нібыта

храмавая цемра, — і маўчок.

 

Ах, усё забылі нечакана!

Бог п’янее ад удач.

Здзейснілася што наканавана,

і ўнутры — крыніцы плач.

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

Плач па Антыною

(Klage um Antinous)

 

Юны бітынец застаўся для вас таямніцай

(хвалі ўтаілі яго толькі на час). 

Я яго мілавáў. І ўсё ж мне трэба вініцца:

скруху і вечны цяжар атрымаў ён ад нас.

 

Хто ж умее любіць? І хто можа? Нібыта

і ніхто... Я і сам — прычына гора свайго.

Ён цяпер нільскі бог, а які менавіта —

я не ведаю нават, я марна клічу яго.

 

Вы ж узнялі яго, страціўшы розум, на неба,

каб я крычаў і шукаў там яго святло.

Быць проста мёртвым — вось што было яму трэба.

Можа, тады б з ім ніякай бяды не было.

 

пераклад з нямецкайКацярына Маціеўская

 

 

 

Лебедзь

(Der Schwan)

 

Гэта шлях праўдзівае пакуты —

Шлях да мэты, што яшчэ не змог

Дасягнуць, і крочыш, нібы скуты.

Так па сушы чыкільгае лебедзь,

Покуль смерць яго не абязглебіць,

Звыклы бераг выбіўшы з-пад ног.

 

Ён жа занураецца нясмела,

Аддае вялікаснае цела

Хваляў паслухмянай чарадзе

І павольна пачынае плысці —

Ўсё сталей, узнёслей, урачысцей,

Велічней царуе на вадзе.

 

пераклад з нямецкайАндрэй Хадановіч

 

Пераклады К. Маціеўскай і Г. Янкута друкаваліся ў часопісе “ARCHE” “Аўстрыя: Ад імперыі да нацыі”, №9 (108), 2011.

 

Пераклад А. Хадановіча змешчаны ў кнізе “Разам з пылам: Калекцыя перакладаў”, Мінск: “Кнігазбор”, 2013.

 

© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2011

© Андрэй Хадановіч, пераклад, 2013

© Ганна Янкута, пераклад, 2011

Чытайце таксама

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Пэтра Дваржакава

Пэтра Дваржакава

Чэшская пісьменніца, публіцыст, медык

Ян Бжэхва

Ян Бжэхва

Польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар вершаў і казак для дзяцей, перакладчык.

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

1141