A R C H E S k a r y n a № 4 (9) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Кнігі – Рэакцыі – Лісты ў рэдакцыю

 
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2000.

   Мінулыя нумары:

   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Харэўскі
Цэрквы з дрэва

Ева й Андрэй Кечынскія.
Драўляныя цэрквы Беласточчыны
(бел., ангельск., польск. мовы).
— Беласток—Белавежа: Беларускі Саюз у Польшчы, 1999.


Часам бібліяграфія кажа болей, чым назоў выдавецтва, прозьвішчы аўтараў і прадмова разам узятыя. Першае, што кідаецца ў вочы ў кнізе Кечынскіх, гэта поўная адсутнасьць беларускіх крыніцаў літаратуры ў бібліяграфічным сьпісе. Ніводнага, нават даведкавага выданьня, ня кажучы ўжо пра кнігі гэткіх аўтарытэтных беларускіх дасьледчыкаў драўлянае архітэктуры, як Якімовіч, Лакотка ці Сергачоў. Зрэшты, увесь сьпіс літаратуры выключна польскі. Хоць лягічна было б прыпусьціць, што па гэткіх тэмах, як праваслаўе і драўлянае дойлідзтва, не абысьціся безь літаратуры расейскіх аўтараў. Багата чаго для разуменьня адрознасьці нацыянальных школаў маглі б даць і ўкраінскія дасьледчыкі. Ня лішнім было б пазнаёміцца і з дойлідзтвам Літвы, а таксама Славаччыны і Скандынавіі, дзе драўляная сакральная архітэктура лічыцца нацыянальным скарбам... Але аўтары абмежаваліся літаратураю адно на даступнай сабе мове, прытым што магчымасьцяў доступу да іншамоўных крыніцаў у польскіх дасьледчыкаў непараўнана болей, чым у дасьледчыкаў беларускіх.

Другая акалічнасьць, што зьвяртае ўвагу, — большасьць выданьняў са сьпісу літаратуры адносяцца да 80—90-х гадоў. Самая „старая“ кніга ў сьпісе — Wschodnie Chrześcijaństwo нейкага Жэрнова за 1967 год. Ня трэ быць Шэрлакам Холмзам, каб здагадацца, колькі ж гадоў самім аўтарам.

Са сказанага зусім не вынікае, што гэтая бібліяграфія ня вартая ўвагі. Хутчэй наадварот, беларускі чытач мае магчымасьць пазнаёміцца амаль з усім сьпісам выдадзенай у Польшчы літаратуры, што тычыцца гэтае лякальнае тэмы.

 
   

 
У самой жа кнізе „Драўляныя цэрквы Беласточчыны“ няма ні аналізу рысаў дойлідзтва Падляшша, ні ягонага параўнаньня зь іншымі беларускімі рэгіёнамі кшталту Пінска-Тураўскага Палесься ці Падзьвіньня. Няма таксама аналізу нацыянальных адметнасьцяў беларускае архітэктуры ў параўнаньні з польскай, літоўскай, украінскай. Хоць аўтары і падыходзяць да гэтага пытаньня: „Аналіз захаваных помнікаў царкоўнае драўлянае архітэктуры на землях Польшчы выяўляе дзьве зоны: паўночна-ўсходнюю й паўднёва-ўсходнюю. Першая ахоплівае драўляныя падляскія цэрквы, у другой знаходзяцца ўніяцкія сьвятыні лэмкаў, бойкаў, украінцаў. Архітэктуру паасобных зонаў адрозьнівае прасторавае разьмяшчэньне — гарызантальныя праекцыі, тэхнічная адметнасьць цясьлярскага майстэрства, розны спосаб выкарыстаньня будаўнічага матэрыялу…“. На тое, паводле аўтараў, „былі свае прычыны“. У аналіз гэтых прычынаў і ў прыклады адрознасьці аўтары „не ўдаюцца“.

Зрэшты, гэта становіцца зразумелым пры дэталёвым знаёмстве з усім тэкстам. Структурна ён падзелены на чатыры няроўныя часткі: „Царква — гісторыя“, „Царква — сымбаль“, „Царква — будова“ і два абзацы ў частцы „Сьвятыні старавераў“. Перадусім аўтары паставілі перад сабою задачу растлумачыць канфэсійныя адрозьненьні праваслаўнае практыкі будаўніцтва ад неправаслаўных. Невыпадкова таму добрая частка першага разьдзелу — гэта апалягетыка праваслаўя са сьціслым выкладам сымбалю веры.

Рэзкае абмежаваньне менавіта праваслаўнымі й стараверскімі прыкладамі сакральнае архітэктуры, бязь іхняй сувязі з прыкладамі на астатніх беларускіх тэрыторыях, і нават у суседніх ваяводзтвах Польшчы (у кнізе разглядаюцца помнікі выключна Беластоцкага ваяводзтва), звужае навуковую вартасьць выданьня. Гэтак, прыкладам, аўтары сьведама ігнаруюць амаль усе ўніяцкія сьвятыні, адкідаючы найбольшы культурны пласт беларускага драўлянага дойлідзтва. Яны цікавяць іх толькі выключна ў тым выпадку, калі ў іх сёньня месьцяцца праваслаўныя сьвятыні (Сакі, Стрыкі, Мельнік, Чорная Вялікая, Парцава ды іншыя).

Праўда, і захапіць чытача прыгажосьцю й выяўленьнем унікальных рысаў праваслаўных сьвятыняў аўтары ня ставілі на мэце. „Падляскія цэрквы ўражваюць простай архітэктурай і беднай аздобай...“ Чалавек незаангажаваны хутчэй за ўсё ня стаў бы й чытаць далей. Аднак для цікаўных кніга ёсьць крыніцаю інфармацыі. Найперш інфармацыі візуальнай, як і дэкляруюць укладальнікі выданьня. Ілюстратыўны матэрыял, сабраны ў фотаальбом, які займае большую частку кнігі, яскрава сьведчыць і пра тое, што праваслаўе на Падляшшы ў пэўнай ступені ёсьць расейскай інсьпірацыяй. За выняткам Бельску-Падляскага праваслаўных бажніцаў да расейскае акупацыі тут больш не было. Затое пазьней яны зьяўляюцца трыма хвалямі. Першая — у 20—30-х гадох ХІХ стагодзьдзя. Другая (найбольшая) — пры канцы 60-х гадоў ХІХ стагодзьдзя, гэтак званыя „мураўёўкі“, у тым ліку й царква Сьв.Апостала Яана Тэоляга, што ў каліноўскіх Мастаўлянах. Самі аўтары шчыра пішуць: „Большасьць праваслаўных храмаў, збудаваных пасьля 1839 г., узьведзена ў новым архітэктурным стылі, які прынята называць бізантыйска-расійскім, або нацыянальным“. І трэцяя хваля — гэта ХХ стагодзьдзе, зь перапынкам у 30-я гады. Аднак і ў гэтым стагодзьдзі царкоўнае дойлідзтва толькі перапявала папярэднія расейскія ўзоры, ня дбаючы пра адраджэньне мясцовых („уніяцкіх“) традыцыяў. Прыкладам — група цэркваў 1950-х гадоў (нечуваная рэч для БССР): у Арэшкаве, Малешах, Гайнаўцы, Дубічах Царкоўных, Дабраводзе і г.д. Нават тут памкненьні імітаваць узоры цэнтральнае Расеі відавочныя: клясычныя „цыбуліны“, паўкруглыя вокны, алюзіі на „какошнікі“...

Дарэчы, пільна ўглядаючыся ў здымкі, можна адцеміць і тое, што ўсе вонкавыя надпісы на сьценах цэркваў, а таксама на надмагільлях, зробленыя па-расейску. Што ж... Для беларусаў Беласточчыны і гэта спосаб захаваць тоеснасьць. Праўда, якую?...

 
   

 
Найбольшую вартасьць кнізе надае менавіта ілюстрацыйны матэрыял. У прыватнасьці дзьве мапы Беласточчыны, на адной зь якіх пазначаныя ўсе бажніцы ўсіх канфэсіяў, а на другой выключна праваслаўныя й стараверскія цэрквы. Супастаўленьне абедзьвюх мапаў дае яскравае ўяўленьне, наколькі трывалы на Падляшшы артадаксальны праваслаўны ўплыў.

Апроч таго, у кнізе зьмешчаны каталёг са здымкамі 91 драўлянай сьвятыні. Гэта ўнікальны матэрыял, які ўлучае амаль усю спадчыну драўляных сьвятыняў Беласточчыны. Варта адзначыць і высокі прафэсійны ўзровень фатографаў. Вось у смузе, у нішчымніцу міжсэзоньня, выплывае перад намі царква Маці Божае Казанскае, што ў Нарве. Альбо прыцярушаная сьнегам, у засені спракавечных дрэваў, што сьцерагуць вечны сон, царква Перамяненьня Гасподняга, што ў Тапалянах, якая „пасьля ўвядзеньня Берасьцейскай уніі яшчэ 100 гадоў была праваслаўнай“. А вось маленечкая царкоўка Сьвятога Анопрыя, што на могілках у Стрыках, сярод соснаў і драўляных крыжоў. Здаецца, чуеш нават гэты пах — разагрэтага сонцам старога дрэва й жывіцы.

Нават пры беглым праглядзе гэтых здымкаў міжволі зьвяртаеш увагу на дагледжанасьць падляскіх сьвятыняў. Багата набудавана новага (Мацьковічы, Канюкі, Беласток ды інш.). Але часам сустракаецца ўсё тая ж беларуская хвароба „эўрарамонту“. Гэтак, замест спаленай сьвятыні на Сьвятой Гары Грабарцы пабудавалі новую з цэглы й ашалявалі... дрэвам. Трагедыю яе спаленьня ў 1990 годзе добра памятаюць беларусы. Але як з цэглы то з цэглы... А ў Сабятыне, напрыклад, былая ўніяцкая царква Пятра й Паўла, 1672 году, ашаляваная цяпер... сыдынгам (плястыкавымі дошкамі). Як у Амэрыцы... Аднак, справа ня ў гэтым. Рэч у тым, што тутэйшы люд не шкадуе на справу сваёй веры. І хоча, каб было, як найлепей.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (9) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-07-2000