A R C H E S k a r y n a № 4 (9) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АНДЖЭЙ КАРАШЭЎСКІ
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2000.

   Мінулыя нумары:

   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анджэй Карашэўскі
Паміж багацьцем і беднасьцю

David S. Landes, The Wealth and Poverty of Nations:
Why some are so rich and some so poor.
New York: W.W.Norton, 1998.


Рэлігія ёсьць часткай культуры, можа, нават найважнейшай часткай культуры, якая фармуе спосаб нашага мысьленьня і ўсю сыстэму маральных пачуцьцяў. Няверуючыя, і нават проста антыклерыкалы калі-нікалі думаюць, што гэтая важнасьць рэлігіі ў нашым жыцьці іх не датычыць, але гэта памылковае ўражаньне. Мы спадкаемцы мэнтальнасьці, сфармаванай пад час доўгатрывалага гістарычнага працэсу, незалежна ад таго, ці належым мы да традыцыяналістаў ці да бунтаўнікоў. Тэарэтычна ўсе мы ўсьведамляем, што рэлігіі былі пачаткам і фундамэнтам новых цывілізацый, і гэтыя ж рэлігіі ставаліся каменем на шыі, робячы немагчымым паразуменьне ды прыстасаваньне да новых умоваў у зьмененым сьвеце. На практыцы мы зазвычай адносім гэтую веду да далёкай гісторыі, глыбока перакананыя, што яна мала стасуецца сучаснасьці. Мы ведаем, што арабскі сьвет страціў сваю дынамічнасьць і ўспрымальнасьць на пераломе XIII і XIV стагодзьдзяў і дагэтуль яе не вярнуў. Кітай стагодзьдзямі чэрпаў натхненьне з твораў Канфуцыя, каб застыгнуць нарэшце ў самаўпэўненым перакананьні, што, маўляў, сьвет нічога ня можа яму прапанаваць. Чым больш артадаксальную галіну хрысьціянства спавядае краіна, тым больш у ёй бедных, што пакладаюцца на ласку божую. Усе праваслаўныя краіны сёньня больш адсталыя, чымся краіны каталіцкія, а краіны з каталіцкай традыцыяй натужна адпрацоўваюць запазычанасьць перад пратэстанцкімі краінамі. Шукаючы крыніцы багацьця нацыяў, Адам Сьміт на першае месца стаўляў вольны абмен тавараў і паслугаў. У гэты самы час у Польшчы абсалютная бальшыня палітычных і рэлігійных элітаў трактавала такія ідэі як герэзію, абразьлівую для Бога. Пакуль Бог маўчыць, тлумачэньне таго, што Яго абражае, бяруць на сябе простыя сьмертныя.

Пытаньне Адама Сьміта пра крыніцы багацьця нацыяў застаецца ў сіле. Два гады таму ў Злучаных Штатах зьявілася кніга аднаго з найлепшых сучасных гісторыкаў эканомікі Дэвіда Лэндза пад прыкметнай назвай „Дабрабыт і галеча нацыяў: чаму адны багацеюць, іншыя галеюць?“. На працягу некалькіх месяцаў гэтая кніжка некалькі разоў перавыдавалася і перакладалася на многія замежныя мовы. Лэндз ня мае аднаго адказу на пытаньне пра крыніцы багацьця адных і прычыны беднасьці іншых нацыяў. Надзвычайна маляўніча ён апісвае эканамічную гісторыю сьвету, паказваючы, якая незьлічоная колькасьць чыньнікаў (і выпадкаў) вызначае лёс нацыі. Але найперш ён вучань Адама Сьміта і Макса Вэбэра. Акурат культура, ці хутчэй сфармаваная рэлігійнай традыцыяй мэнтальнасьць вырашальна ўплывае на здольнасьць разьвязваць узьніклыя праблемы ці, наадварот, заставацца ў зачараваным коле беднасьці, укрыўджанасьці, няўдалых паўстаньняў, рэвалюцыяў і дыктатураў.

польскі публіцыст, сталы аўтар часопіса Kultura.
   

 
Увага аўтара засяроджваецца перадусім на эстафэтнай палачцы лідэраў і на лёсе тых, каму ўзнагародай ёсьць толькі мартыралёгія. У шмат якіх выпадках учорашнія лідэры апынаюцца аўтсайдэрамі. Кітайцы дагэтуль цешацца тым, што шмат вынаходзтваў, якія сталіся нарожнымі камянямі прагрэсу Эўропы, былі пазычаныя ў іх. Праблема, аднак, у тым, што калі хрысьціянская цывілізацыя заахвочвала людзей, якія цікавіліся інавацыямі і шукалі новае прыстасаваньне розным вынаходзтвам, кітайская цывілізацыя сфармавала тып чалавека, перакананага ўва ўласнай дасканаласьці, упэўненага, што рэшта сьвету — гэта барбары, ад якіх варта адмежавацца. Першыя партугальскія місіянэры, прыбыўшы ў Кітай, прывезьлі з сабой гадзіньнік, эпахальнае вынаходзтва, якое адкрывала шлях навуцы, новым формам мэханізацыі, новаму грамадзкаму ладу. Гадзіньнік зацікавіў нават кітайцаў, але дзеля таго што спрэчка вялася пра тое, атрыбуты чыйго розуму маюць больш боскую сілу (а езуіты не хавалі, што гадзіньнік ды іншыя вынаходзтвы ёсьць довадам эўрапейскай вышэйшасьці і павінны служыць аргумэнтам на карысьць пераходу ў праўдзівую веру), кітайцы зразумелі намёк і дзеля прынцыпу разам з вадою вылілі і дзіцянё.

На думку Лэндза, наперад пэлетону Эўропу выштурхнула тое, што менавіта тутака было вынайдзенае вынаходзтва. І тут ён зноў спасылаецца на Сьміта: умоваю попыту на інавацыі быў пераход да таварнай эканомікі і сыстэматычнае расшырэньне рынку. Пад канец Сярэднявечча, адначасна з вызваленьнем ад прыгону і паступовым пераходам да чыншавай эканомікі, мы назіраем у Заходняй Эўропе тэхналягічны выбух. Здаўна вядомаму вадзяному млыну знаходзяць новае прыстасаваньне. Лэндз надзвычай высака ацэньвае вынаходзтва акуляраў, якія на пачатку XIV стагодзьдзя масава вырабляліся ў Італіі, — яны ня толькі падаўжалі прадукцыйны век шмат якіх рамесьнікаў, але й выкрывалі новы абсяг дасьледаваньня навакольнага сьвету. Мэханічны гадзіньнік быў ня толькі ключом да новай мэханікі, але і вынаходзтвам велізманнага палітычнага значэньня. Створаны напрыканцы XII стагодзьдзя, ён пашырыўся з хуткасьцю маланкі, падрываючы царкоўную манаполію на вымярэньне часу. Царкоўны час быў часам „прыродным“, і больш як сто гадоў Царква не прызнавала д’ябальскага вынаходзтва. Такім чынам, у першыя часы новыя цуды тэхнікі напышліва ўзвышаліся на вежах ратушаў, узбуджаючы цікавасьць разявакаў і зьмяншаючы прычараваньне храмаў. Паступова не царкоўны звон, а гадзіньнік на ратушы стаў рэгуляваць час працы й публічных спатканьняў. Гэта была рэвалюцыя, значэньне якой не маглі ацаніць яе творцы. Але яе адчулі мусульмане, і, падобна да кітайцаў, адкінулі новае вынаходзтва, глыбака перакананыя, што не машына, а малітва мае рэгуляваць чалавечы час.

Разам зь зьяўленьнем мэханічнага гадзіньніка ў тэхніцы адкрываўся шлях да дакладнасьці і мініятурызацыі. Існуе цесная сувязь паміж мэханічным гадзіньнікам і цэлай гамай інструмэнтаў, якія адразу распаўсюдзіліся і ў мястох, і ў сёлах.

Чарговым вынаходзтвам, якое ў вялікай меры паспрыяла эўрапейцам у доўгатрывалым утрыманьні першынства ў эканамічнай канкурэнцыі, быў друк. Падобна да паперы, пораху і дзясяткаў іншых рэчаў, якія вынайшлі кітайцы, але ўдасканалілі і ўвялі ў агульны ўжытак эўрапейцы, друк стаў пашыральнікам навукі, тэхнічных і арганізацыйных вынаходзтваў.

Адкуль гэтая розьніца ў падыходзе, адкуль узялося гэтае зацікаўленьне навакольным сьветам і тэхнікай, і як вынік гэты попыт на новыя вынаходзтвы? Перш як утварыўся адносна вялікі рынак з грашыма і кліентурай, яму папярэднічала традыцыя атэнскай дэмакратыі, а пасьля хрысьціянскага двоеўладзьдзя. Хрысьціянская Эўропа не зазнала дэспатычнай манаполіі рэлігійнай ці палітычнай улады. Богу богава, кесару кесарава. Апрача таго, з двума панамі заўсёды лягчэй. Усходні дэспатызм, які Лэндз называе гідраўлічным, меў, аднак, свае градацыі. Японцы, якія перанялі пісьмо, рэлігію і большую частку тэхнічнай культуры ад кітайцаў, ня мелі маральнага супраціву, прымаючы навацыі і ад іншых. Яны зь першага моманту захоплена зрэагавалі на эўрапейскія вынаходзтвы, да таго ж ня толькі што да самой тэхнікі, але і што да папулярызаванай пры яе пасярэдніцтве рэлігіі. Хто ведае, якім быў бы далейшы лёс Японіі, калі б ня поўная шчырасьць прыбышоў з Эўропы, якія паінфармавалі, што падпарадкаваньне новых краін — вельмі лёгкая і зручная справа дзякуючы дапамозе тых, хто спавядае новую супольную веру. У такой сытуацыі японцы забілі зь дзьве сотні белых і не адзін дзясятак тысяч раскосых хрысьціян і спынілі ўсё гэта на некалькі стагодзьдзяў. І што самае дзіўнае: іхная гатовасьць пераймаць навінкі ад іншых ператрывала гэтую досыць доўгую пярэрву.

Надзвычай павучальна прасачыць, як эканамічнае першынство пераходзіла ад адной краіны Эўропы да другой. Неймаверныя посьпехі італійскіх мястоў, Францыі, маленькай Партугаліі, Гішпаніі — і страта гэтай перавагі амаль неўзабаве, тады, калі Царква ставалася адзіным вартаўніком якой-любя праўды. Рэлігійная артадаксальнасьць прыводзіла, з аднаго боку, да выбуху ксэнафобіі (як рэлігійнай, так і этнічнай), зь іншага — да хваравітай падазронасьці да ўсяго новага. Люстрацыі падлягала ўсё наскрозь, а асьветныя ўстановы дбалі перадусім пра тое, каб вынішчыць нездаровую цікавасьць. Наступствы не прымусілі чакаць: абязьлюджваньне мястоў, уцёкі спэцыялістаў у іншыя краіны, расавыя і рэлігійныя чысткі, якія спустошылі банкаўскую сфэру, гандаль, мэдыцыну і г.д., абыякавасьць да навукі і скарачэньне рынку. Неўзабаве ўсе гэтыя зьмены даюцца ў знакі таксама пры арганізацыі і ўзбраеньні войска. Сьвяты Дух быў на баку езуітаў, але рахункі за стаўку на неталерантнасьць аплачвалі падданыя багабойных валадароў.

 
   

 
Шмат месца прысьвечвае Дэвід Лэндз аналізу розных узораў пратэстанцкага і каталіцкага каляніялізму. Гішпанцы і патругальцы вырушаюць у сьвет на пошукі залатога руна. Сёньня, з гістарычнай пэрспэктывы, мы можам сказаць, што Паўночная Амэрыка мела проста лепшыя прыродныя ўмовы — лепшую зямлю, лепшы клімат, лепшыя камунікацыйныя магчымасьці, важную сыравіну. Аднак ад самага пачатку пратэстанцкія і каталіцкія калянізатары стаўлялі сабе цалкам розныя мэты. Гішпанцы і партугальцы шукаюць найперш золата і срэбра. У чарговыя паходы амаль на сто працэнтаў рушылі маладыя адзінотныя мужчыны са зьбяднелай шляхты. Тым часам сярод брытанскіх або галяндзкіх калянізатараў пераважалі цэлыя сем’і, як правіла, тут ёсьць таксама земляробы і рамесьнікі. У першую фазу калянізацыі імгненна павялічваюцца гішпанскія і партугальскія запасы золата і срэбра, выклікаючы лавінападобнае ўзрастаньне імпарту і паступовае скарачэньне ўласнай вытворчасьці. Сыстэма пасяленьня ў заваяваных краёх падпарадкоўваецца таму самаму прынцыпу ксэнафобіі, які дзейнічае ў мэтраполіі. У гішпанскія калёніі пускаюць толькі гішпанцаў-каталікоў. Партугальцы мусілі быць больш цярпімымі і прымалі кожнага, абы гэта толькі быў шчыры каталік. Адміністрацыйная сыстэма гэтых калёній займалася перадусім транспартаваньнем здабычы на бацькаўшчыну і пільнаваньнем духоўнай чысьціні. Першы занятак быў дастаткова прыбытковым, каб карупцыя сталася галоўным прынцыпам падзелу пасадаў у калёніях, а другое дазваляла не дапускаць на поле бітвы ўсіх непажаданых праціўнікаў. Гішпанцы пачуваліся валадарамі найвышэйшай духоўнай культуры і бяз зайздрасьці пазіралі на захоп „убогіх“ земляў брытанцамі і на прымітыўныя звычаі жыхароў брытанскіх калёніяў. У той час, калі брытанскія і галяндзкія калёніі імгненна сталіся самастойнымі ў сфэры вытворчасьці інструмэнтаў, зброі, караблёў і г.д., каталіцкія калёніі амаль усё завозілі з сваіх мэтраполіяў (а дзеля таго што вытворчасьць там заняпала, гэта часта былі брытанскія або нямецкія вырабы). Злучаныя Штаты здабылі незалежнасьць, бо адчулі сябе эксплюатаванымі, а насельніцтва ня мела ахвоты згаджацца з абмежаваньнямі эканамічнага разьвіцьця, якія наклаў Лёндан. Краіны Паўднёвай Амэрыкі стаюцца незалежнымі ў XІX стагодзьдзі ў выніку палітычнага і эканамічнага банкруцтва іхных мэтраполіяў. Незалежнасьць звалілася на іх так сама нечакана, як нядаўна на колішнія савецкія рэспублікі.

Лэндз зьвяртаецца да пытаньня, над якім ужо шмат хто задумваўся: чаму прамысловая рэвалюцыя адбылася ў Англіі і ці сапраўды гэта была рэвалюцыя? Для яго другая частка гэтага пытаньня ёсьць уступам да адказу на першую. Выбух вынаходніцтва на пачатку XIX стагодзьдзя — гэта толькі паскарэньне працэсу, які цягнуўся ўжо задоўга перад гэтым. Чаму ў Англіі — бо Англія першая адмовілася ад прыгону і перайшла на чыншавае гаспадараньне ў земляробстве, бо мела найбольш разьвіты падзел працы, бо мела найвышэйшы адсотак пісьменнага насельніцтва, бо рамяство не было абмежавана цэхамі да такой ступені, як у іншых краінах, бо тут быў найбольшы развой дакладных навук і найбольшае назапашваньне тэхнічнай веды. Чаму ў Англіі, а не ў Нямеччыне, Італіі або Францыі? Рэнэсанс зь яго паваротам да дакладных навук пачаўся ў Італіі, але італійскія або ганзэйскія месты цярпелі на гіпэртрафію ўлады рамесьніцкіх цэхаў, якія дбалі пра тое, каб масавая вытворчасьць не нанесла шкоды іхным прыбыткам. Штосьці падобнае было ў Францыі. Больш за тое, Францыя і Італія ў выніку контрарэфармацыі, перасьледу пратэстантаў і жыдоў страцілі мноства спэцыялістаў. (Лэндз зьвяртае ўвагу на тое, што, напрыклад, бальшыню францускіх вытворцаў гадзіньнікаў складалі пратэстанты, і яны або загінулі, або былі выгнаныя.)

Іншай спадчынай Сярэднявечча (нашмат мацнейшай на мацерыку, чымся ў Англіі) былі бар’еры межаў і мытняў, якія перашкаджалі гандлю. Мытныя зборы на ўсіх месцкіх раздарожжах і на рэчках. „Валы і жыды па чатыры шэлегі“, — цытуе Лэндз шыльду, што вісела на брамах шмат якіх нямецкіх мястоў. Безумоўна, усе гэтыя зборы стваралі ніяк не падваліны інфраструктуры, а толькі перашкоды для гандлю. У Нямеччыне гэтыя мытні выглядалі на параною. Толькі Напалеон прымусіў звольніць гандаль ад мытаў па лініі Рэйну, пасьля мытную сыстэму спрабавалі ўпарадкаваць у 1834 годзе, але ў асобных нямецкіх краінах раздарожжы пасьпяхова служылі бар’ерам для прагрэсу гандлю яшчэ ў сямідзясятых гадох мінулага стагодзьдзя. Хто ведае, ці толькі разьвіты заморскі гандаль, ці таксама іншыя чыньнікі абумовілі тое, што пошасьць мытных бар’ераў нарабіла менш шкоды ў Англіі, чымся ў якой-любя іншай краіне Заходняй Эўропы, аднак гэта мела значэньне для разьвіцьця рынку і для пашырэньня тэхнічных навацыяў.

Шмат значыў для пачатку прамысловай рэвалюцыі ў Англіі таксама факт вельмі разьвітай перад тым саматужнай вытворчасьці ваўняных тканін. Забаўна, бо задоўга да прамысловай рэвалюцыі шукалі магчымасьці мэханізацыі прадзеньня і ткацтва, але пералом зьдзеяўся ў сувязі з імпартам бавоўны з Індыі. Бавоўна дзякуючы даўжэйшаму валакну аказалася лягчэйшым матар’ялам. Аднак з таго моманту, калі зьявіліся першыя прадзільныя машыны і кросны, мэханізацыя ўва ўсёй тэкстыльнай прамысловасьці рушыла поўным ходам.

 
   

 

Лэндз шмат разоў падкрэсьлівае, што пры вялікіх інавацыйных скачках усё залежыць ад таго, ці гатовае да іх грамадзтва і ці будзе суправаджацца выкарыстаньне новых прыладаў належным доглядам за імі, ці зьявіцца служба іхнага рамонту і тэндэнцыя да іх сыстэматычнага ўдасканаленьня. Адсутнасьць догляду і абслугоўваньня — сыстэматычная прычына паразаў уводжанай зьверху індустрыялізацыі або (як было ў выпадку з былымі калёніямі) перайманьня гатовай інфраструктуры новай уладай. Лэндз падае статыстыку шляхоў камунікацыі, пакінутых калянізатарамі ў Індыі і Афрыцы, і беспрэцэдэнтна хуткі тэмп іх зьнішчэньня. Ён таксама паказвае, як часта поўным непаразуменьнем абярталіся розныя праекты дапамогі такім краінам, якія ня бралі пад увагу культурных і кліматычных адметнасьцяў і ўзроўню падрыхтаванасьці спажыўцоў. Мары пра раптоўны скачок у сучаснасьць, якую стварыў нехта іншы, зазвычай аказваліся кульбітам у парожні басэйн. Адной з прычын гэтых трагічных паводле наступстваў задумаў ёсьць памылковая інтэрпрэтацыя каранёў уласнай адсталасьці. Былыя калёніі або напаўкалёніі маюць глыбокую патрэбу тлумачыць усе свае паразы эксплюатацыяй калянізатараў і мэтаскіраваным тармажэньнем прамысловага разьвіцьця ў іхных краінах. Калі пры гэтым закранаюцца рэлігійныя адметнасьці, гарчэль набывае дадатковы сакральны вымер. Цалкам ігнаруецца факт, што гэтыя краіны лучылі ў залежнасьць з-за папярэдніх слабасьцяў, найважнейшымі зь якіх былі, як правіла, прымусовая праца, адсутнасьць падзелу працы, фанатызм, блякаваньне асьветы ўладнымі элітамі і глыбокая варожасьць да вольнага гандлю. Бачачы ўсялякія перашкоды толькі ў вонкавых чыньніках, яны трапляюць у чарговыя пасткі, якія яшчэ больш аддаляюць іх ад найбольш разьвітых краін. Тут зьяўляецца чарговы элемэнт зачараванага кола: дзеля таго што гэта сьвет вінаваты ў нашай нядолі, то новыя праблемы выклікаюць узмацненьне разнастайных фанатызмаў і радыкалізмаў. Лэндз не належыць да палітычна карэктных. Ён ніяк не спрабуе прыменшыць сквапнасьць і драпежнасьць магутнейшых, але таксама ўважае, што танная сэнтымэнтальнасьць да тых, хто апынуўся ў прайгранкавым становішчы, нікому не дапамагае. Арабскія краіны і надалей характарызуе дэспатызм, а паступленьні ад продажу нафты блізу не павелічаюць іх вытворчых магутнасьцяў. Лацінская Амэрыка часткова страціла сваю глыбокую варожасьць да Злучаных Штатаў і зь пераменным посьпехам спрабуе сёньня мадэрнізаваць сваю эканоміку. Але і надалей тут не відаць нават спробы аналізу і разуменьня нутраных прычын назапашаных праблем. Падобнаю, толькі значна горшаю, бачыцца сытуацыя ў Расіі. Наколькі тут вінаваты камунізм, а наколькі мы маем справу з ранейшай спадчынай? На палёх роздумаў пра тое, чаму прамысловая рэвалюцыя зьдзеялася ў Англіі, Дэвід Лэндз піша:

„Усходняя Эўропа была, нібы іншы сьвет. У славянскіх краінах, асабліва ў Расіі, сыстэма паншчыны трымалася ў сваёй найгоршай форме. Бязьмежныя багацьці ў руках арыстакратыі азначалі нечуванае зьмяншэньне попыту на асноўныя прамысловыя тавары, попыту, які мог бы прывесьці да стварэньня масавай вытворчасьці... Насельніцтва было прызвычаенае да беднасьці і ня мела панятку пра вонкавы сьвет, Расія была дзяржавай зь вялікімі тэрытарыяльнымі амбіцыямі. Рана (з XVI стагодзьдзя) яна спрабавала вучыцца ў Захаду, хаця б для таго, каб здабыць самастойнасьць у вырабе зброі. Як дзяржаве, Расіі патрабавалася прамысловасьць, і царскі ўрад заахвочваў іншаземцаў адкрываць фабрыкі або працаваць на расейскіх фабрыках. Асобныя арыстакраты нават заахвочвалі прадпрымальных сялян ствараць майстэрні ў абмен на чынш. Але вынік прыводзіў толькі да ўзьнікненьня выспачак хірлявай прамысловасьці.

Расійскія прадпрыемствы ніколі ня дзеялі ў тым самым сьвеце, што заходнія прадпрыемствы“.

Зьмяняюцца гістарычныя дэталі й дэкарацыі няўдалых гаспадарчых рэформаў, застаецца сама сутнасьць праблемы: прыдушаная ўласнымі элітамі свабода гандлю, станавая або каставая сыстэма, якую аберагаюць рэлігійныя структуры. Усё адно, апынемся мы ў Расіі ці Асманскай імпэрыі, Індыі ці Лацінскай Амэрыцы, мы паўсюль бачым тыя ж самыя тытанічныя намаганьні абараніць боскі грамадзкі парадак. І амаль усе наступствы ўчорашняга прыгоньніцтва дапаўняюцца барацьбой за захаваньне „традыцыйнага“ месца жанчыны ў грамадзтве. Параўноўваючы іслам і Японію, Лэндз паказвае, якім падманлівым можа быць знадворны выгляд. Японская культура ёсьць нечувана macho, жанчын не відаць ні на палітычнай арэне, ні ў буйным бізнэсе. Аднак даволі зірнуць на асьветную статыстыку і троху больш уважліва прыгледзецца да японскай эканомікі, каб зразумець, што маем справу зь якаснымі адрозьненьнямі. Існуе дыскрымінацыя ў аплаце жанчын, жанчын вельмі часта звальняюць з працы дзеля іхнага замужжа, іх не відаць на палітычнай арэне, але ўсё гэта нельга нават параўнаць з становішчам жанчыны ў ісламскім сьвеце — у японскай сям’і і грамадзтве жанчына мае цалкам іншы статус. Лэндз захоплены Японіяй і іншымі краінамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У шмат якіх сфэрах Злучаныя Штаты прайгралі канкурэнцыю зь Японіяй, а самой Японіі ўсё часьцей даводзіцца напружвацца, каб ісьці ў нагу з сваімі суседзямі. Лэндз поўніцай згаджаецца з Вэбэрам, што кальвінісцкі варыянт пратэстантызму быў найлепшым рухавіком капіталізму. Аднак існуюць пэўныя падабенствы ў разьвіцьці Эўропы і Японіі. „У Японіі не было кальвінізму, — піша Лэндз, — але яе прадпрымальнікі практыкавалі аналягічную этыку працы. Ключавою тут была ўстаноўка на працу. Манах Судзукі Шосан (1579—1655), які спавядаў будызм, разглядаў сквапнасьць як духоўную атруту; але сама праца — штось зусім іншае. „Усе прафэсіі ёсьць формай практыкі будызму; праз працу мы спасьцігаем будысцкасьць“. Ня трэба быць вэбэраўскім пратэстантам, каб дзеяць так жа“, — камэнтуе Лэндз.

 
   

 
Бясспрэчна, што ключом да азіяцкага посьпеху была этыка працы, а каапэрацыя зь іншымі разглядалася ў Азіі як гульня. Зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя японцы поўніцай усьвядомлівалі, што расклад сілаў няроўны і што яны мусяць змагацца зь невыгоднай кан’юнктурай. Адным з назіраньняў князя Акуба, калі ён у 1873 годзе вярнуўся з двухгадовага падарожжа ў Злучаныя Штаты і Эўропу, было тое, што брытанцы адмовіліся ад пратэкцыянізму на карысьць філязофіі laissez-faire адразу пасьля ўзмацненьня свайго эканамічнага першынства. Нават Адам Сьміт мусіў бы згадзіцца з гэтым назіраньнем, піша Дэвід Лэндз і дадае, што японцы навучыліся па-майстэрску абмінаць невыгодныя для іх пункты, накінутыя сілай дамоваў. Сёньня гэта ўжо не пытаньне беспасярэдняга прымусу, а баржджэй уціску і дыялёгу. Амэрыканскія і эўрапейскія эканамісты часта стаўляюць пытаньне: хіба японцы не разумеюць, што іх палітыка ізаляцыі ўласнага рынку ўдарае па іхных уласных спажыўцох? Хіба яны не разумеюць, што вольны гандаль адкрывае шлях да разьвіцьця і багацьця?

„На гэтыя рытарычныя пытаньні, — піша Лэндз, — японцы адказваюць, што мэтай эканамічнай палітыкі ёсьць нізкія цэны і таннае спажываньне. Мэтай ёсьць дамагчыся найбольшага ўдзелу ў рынку, узрастаньня патэнцыялу, прамысловай і вайсковай сілы. Вытворцы важнейшыя за спажыўцоў. Кожны ўмее купляць, але ня кожны ўмее вырабляць“.

Дэвід Лэндз закончвае сваю кнігу ў міленарным настроі. На працягу апошняе тысячы гадоў чалавецтва павялічылася зь некалькіх сотняў мільёнаў да шасьцёх мільярдаў. Адкінуўшы містыку і забабоны, мы перайшлі ад няпэўных, разумовых назіраньняў да магутнай і ўсё больш усёабсяжнай навуковай веды. Наша веда пра прыроду — адназначна вялікшая і больш надзейная, чымся наша веда пра чалавека. Мала хто хацеў бы павярнуць час назад, але нават тыя, хто адварочваецца ад сучаснасьці, паслугоўваюцца кнігай, акулярамі, езьдзяць аўтамабілямі, карыстаюцца найноўшымі дасягненьнямі мэдыцыны (часам для таго, каб пазбаўляць іншых празьмернай цікавасьці да матэрыяльнага сьвету). Сучасны сьвет падзяляецца на тых, хто траціць грошы, каб пазбыцца залішняй вагі, на тых, хто есьць і п’е, дзеля таго каб жыць, і на тых, хто не ўяўляе, дзе й калі ім пашчасьціць паесьці ў наступны раз. Калі мы можам нечага навучыцца з гісторыі эканамічнага разьвіцьця, — піша Лэндз, — гэта таго, што перадусім культура ёсьць асноўнай крыніцай гэтых адметнасьцяў. Людзі, якія жывуць сваёй працай, — гэта невялікая прывілеяваная эліта, але гэтая эліта адкрытая для ўсіх. Выснова, якую можна зрабіць з гэтай кнігі, палягае ў тым, што ўвесь час трэба рабіць усё новыя і новыя спробы трапіць у яе. Тут няма надзеі на цуд, на дасканаласьць, на міленарны пералом. Мы мусім культываваць скептычную веру, — піша Лэндз, — унікаць догмаў, умець слухаць і бачыць, спрабаваць удакладняць і фармуляваць свае мэты і шукаць усё лепшыя сродкі для іх рэалізацыі.

Эўрапейскі Зьвяз — гэта супольнасьць, дзе вядуцца прыземленыя спрэчкі пра цэны на селядцы і ялавічыну, пра мытныя тарыфы, пра магчымасьць паступовай адмовы ад межаў. Гэта супольнасьць, у якой людзі і нацыі вучацца адзін у аднаго, дзе ад самага пачатку існуе першынство эканамічных справаў перад палітычнымі, ня кажучы ўжо пра ідэйныя або рэлігійныя прынцыпы. Эўрапейскі парлямэнт не займаецца праблемай люстрацыі або нават хрысьціянскіх вартасьцяў. У краінах Зьвязу практычна ўжо няма людзей, якія б ня ведалі, што, дзе й калі яны змогуць паесьці ў наступны раз. Удзел у гэтай супольнасьці здаецца мне не найгоршай мэтай.

Паводле Kultura, 1999, №6.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (9) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-07-2000