A R C H E S k a r y n a № 4 (9) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

УЛАДЗІМЕР РОЎДА
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2000.

   Мінулыя нумары:

   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Уладзімер Роўда
Расія і свабода

У 1952 годзе ў Нью-Ёрку выйшла ў сьвет пасьмяротная сэрыя артыкулаў філёзафа і публіцыста Георгія Фядотава, прысьвечаная лёсу свабоды ў Расіі: „Нараджэньне свабоды“, „Расія і свабода“ і „Лёс імпэрыяў“.
Яны прыцягваюць да сябе ўвагу нетрадыцыйным для расійскіх інтэлектуалаў падыходам аўтара да праблемы суадносінаў лібэралізму і імпэрскай ідэі. Цяпер, калі Расія ў чарговы раз дэманструе сваю адданасьць этатызму і прыносіць у ахвяру вялікадзяржаўніцкай ідэі інтарэсы асобы і, урэшце, лёс расійскай нацыі, аналіз тэкстаў Фядотава, а таксама іншых твораў, прысьвечаных пытаньню лёсу свабоды ў Расіі, зноў уяўляе цікавасьць.

1.

У ХХ ст. Расія тройчы падыходзіла да практычнага зьдзяйсьненьня лібэральна-дэмакратычных вартасьцяў на нацыянальнай глебе і кожны раз адступала ад іх, вяртаючыся да дэспатызму. Першы раз — у часы расійскай рэвалюцыі 1905—1907 г., потым у лютым 1917 г. і нарэшце ў 1991—1993 г. пасьля распаду СССР.

Першая спроба была, бадай, адной з самых пасьпяховых. Абсалютысцкі рэжым пад ціскам зьнізу вымушаны быў пайсьці на стварэньне прадстаўнічых органаў улады, увядзеньне элемэнтаў парлямэнтарызму і шматпартыйнасьці. Але вельмі хутка ўлады зразумелі, што расійскае грамадзтва не гатовае ўсур’ёз абараняць свабоду, якая была падарункам манархіі, і адабралі яе, зьдзейсьніўшы дзяржаўны пераварот. Другая спроба была задушана ўжо не абсалютызмам, а народам, які падтрымаў бальшавікоў. Пры канцы стагодзьдзя мы сталі сьведкамі трэцяй спробы ператварыць Расію ў дэмакратычную дзяржаву праз радыкальныя эканамічныя і палітычныя рэформы.

У 1991—1993 г. ішла жорсткая барацьба паміж рэфарматарамі, якія кантралявалі выканаўчую ўладу, і кансэрватарамі, што мелі большасьць у Вярхоўным Савеце. Каб замацаваць сваю перавагу і паралізаваць сабатажнікаў, прыхільнікі лібэральных рэформаў прапанавалі такі варыянт новай Канстытуцыі, які даваў велізарныя паўнамоцтвы прэзыдэнту і абмяжоўваў правы вышэйшага заканадаўчага і судовага органаў улады. На рэфэрэндуме ў сьнежні 1993 г. расійскія выбарцы прагаласавалі за гэты праект Асноўнага Закону. Прайшло няшмат часу, і мы ўбачылі, як „дэмакратычная Расія“ душыць свабоду ў Чачэніі, з дапамогай найманых забойцаў распраўляецца зь незалежнымі журналістамі, будуе намэнклятурны капіталізм, абапіраючыся на вузкае кола алігархаў.

Сучасныя палітычныя тэхнолягі арганізуюць амаль са стопрацэнтовай дакладнасьцю тое ж самае, што так удала рабілі камуністы ў часы СССР — выбары бяз выбару.

На зьмену двару яго імпэратарскай вялікасьці прыйшла алігархія, якая вырашае амаль усе галоўныя пытаньні кіраваньня велізарнай краінай. Апошнія падзеі не даюць нам падставаў думаць, што ў сыстэме фаварыцтва пры ўсерасійскіх гаспадарох нешта зьмянілася кардынальным чынам пасьля адстаўкі Ельцына з пасады прэзыдэнта і абраньня Пуціна.

Г.Фядотаў пісаў, спасылаючыся на расійскіх эўразійцаў, што „Расія арганічна спараджае дэспатызм альбо фашыстоўскую „дэмакратыю“ са свайго нацыянальнага духу, альбо свайго геапалітычнага лёсу; больш за тое, у дэспатызьме яна лягчэй за ўсё ажыцьцяўляе сваё гістарычнае прызначэньне“. Каб зразумець, ці спраўджваецца гэтая тэза, трэба паглядзець на Расію скрозь культурна-цывілізацыйную прызму. Што ўяўляе сабой гэтая краіна як цывілізацыя, наколькі ідэя свабоды сумяшчальная з аўтэнтычным „расійскім духам“?
 

палітоляг, кандыдат філязофскіх навук, выканаўчы дырэктар інфармацыйна-аналітычнага аддзелу Асамблеі Няўрадавых Арганізацый Беларусі. Укладальнік кнігі „Да дэмакратыі праз грамадзянскую супольнасьць“
(Шчэцін, 1999).
   

 
2.

Фядотаў лічыў, што адказ на пытаньне аб лёсе свабоды ў Расіі залежыць ад адказу на пытаньне, ці належыць Расія да кола народаў заходняй культуры — да такой ступені паняцьце гэтай культуры і паняцьце свабоды супадаюць сваім зьместам. Ён падкрэсьліваў супярэчлівыя адносіны, якія гістарычна склаліся паміж Русьсю і Захадам, Русьсю і Ўсходам. „У тысячагадовай гісторыі Расіі існуе ясна выказаная розьніца чатырох формаў асноўнай расійскай тэмы: Захад–Усход. Спачатку ў Кіеве мы бачым Русь, якая свабодна ўспрымае культурныя ўзьдзеяньні Бізантыі, Захаду і Ўсходу. Пэрыяд мангольскага ярма зьяўляецца часам штучнай ізаляцыі і пакутлівага выбару паміж Захадам і Ўсходам (Літва і Арда). Масква ўяўляе сабой дзяржаву і грамадзтва істотна ўсходняга тыпу, якая аднак жа хутка (у ХVII ст.) пачынае шукаць збліжэньня з Захадам. Новая эпоха — ад Пятра да Леніна — уяўляе сабой, зразумела, трыюмф заходняй цывілізацыі на тэрыторыі Расійскай Імпэрыі“.

Гэты аналіз падаецца не зусім дакладным. Мы цалкам пагаджаемся з аўтарам у тым, што сярод дзясяткаў нам вядомых цывілізацыяў, зь якіх складаецца некалі ўяўляны адзіным гістарычны працэс, толькі ў адной зь іх мы знаходзім свабоду, і то на апошнім этапе яе існаваньня. Гэта сучасная заходняя цывілізацыя. Але Кіеўская Русь у гэтым кантэксьце ня можа ўспрымацца як нейкае адзінства. „Шматковая Імпэрыя Рурыкавічаў“, як характарызаваў яе Маркс, была сама падзеленая паміж Усходам і Захадам: Полацак, Пскоў, Ноўгарад і Галіцка-Валынскае княства былі і праз эканамічныя сувязі, і праз культуру ў большай ступені тагачасным Захадам, чым Усходам; Кіеў і Чарнігаў мелі шчыльныя сувязі зь Бізантыяй; Уладзімірскае княства і іншыя паўночна-ўсходнія землі ўяўлялі сабой аб’ект славянскай калянізацыі вугра-фінскіх тэрыторыяў і зону значнай культурна-палітычнай экспансіі Хазарскага Каганату, а пасьля цюрцкіх плямёнаў.

Фядотаў мае рацыю, калі піша, што дзякуючы незалежнасьці царквы ад дзяржавы на рускіх землях, падзелу ўлады між старажытнарускім князем і баярствам, дружынай, вечам, сувязям з усходнімі ўскраінамі „лацінскага сьвету“ (Польшчай, Вугоршчынай, Чэхіяй і Нямеччынай), больш важным, чым дачыненьні зь бізантыйскімі аднаверцамі, тут стварыліся ня горшыя ўмовы для разьвіцьця свабоды асобы, чым на Захадзе. Але мы абсалютна ня можам пагадзіцца з тэзай аўтара, што перашкодай на шляху да гэтага стаў „брак разьвіцьця дзяржаўніцкіх пачаткаў, адсутнасьць адзінства“, з-за якога „Свабодная Русь на векі зрабілася нявольніцай і даньніцай манголаў“.

Пад шыльдай „Кіеўская Русь“ існавала не адна дзяржава, а як мінімум 7—8 самастойных дзяржаўных утварэньняў, слаба зьвязаных міжсобку дынастычнымі і царкоўнымі сувязямі. Паколькі і паводле этнічнага складу, і паводле культуры, геапалітычных умоваў, палітычнага ладу яны вельмі адрозьніваліся, абсурдна казаць пра тое, што свабоду магло гарантаваць іхнае аб’яднаньне ў адзіную дзяржаву. Хутчэй, такое аб’яднаньне адбылося б коштам свабоды.

Вельмі цікавая заўвага Фядотава аб тым, што пэрыяд мангольскага ярма зьяўляўся для расійскіх земляў часам пакутлівага выбару паміж Літвой і Ардой. Землі былой Кіеўскай Русі, якія ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, разглядаліся аўтарам у якасьці тых, што зрабілі выбар на карысьць Захаду, нягледзячы на праваслаўнае веравызнаньне большасьці іх жыхароў. Гэты крок стаў першым актам векавога змаганьня дзьвюх цывілізацыяў, у якім ВКЛ, а пазьней Рэч Паспалітая Абодвух Народаў адыгрывалі ролю фарпосту Захаду на ўсходзе Эўропы. Гэтыя дзяржавы сталі прытулкам свабоды, пакуль што вельмі абмежаванай і даступнай толькі для шляхты, але свабоды, а не рабства і тыраніі, носьбітамі якіх зрабілася Вялікае Княства Маскоўскае, якое, пачынаючы з праўленьня Івана ІІІ, стала высоўваць прэтэнзіі на ўсе праваслаўныя землі былой Русі, скраўшы для Масковіі сам назоў Русь.

„Двухвекавое татарскае ярмо яшчэ не было канцом рускай свабоды, — адзначае Фядотаў. — Свабода загінула толькі пасьля вызваленьня ад татараў. Толькі маскоўскі цар як пераемнік ханаў мог зьнішчыць усе грамадзкія сілы, якія абмяжоўвалі самаўладзьдзе... Абавязаная сваім узвышэньнем перш за ўсё татарафільскай і здрадніцкай палітыцы сваіх першых князёў, Масква, дзякуючы ёй, забясьпечвае мір і бясьпеку сваёй тэрыторыі, прыцягвае гэтым працоўнае насельніцтва і пераваблівае да сябе мітрапалітаў… Захопы тэрыторыяў, вераломныя арышты князёў-супернікаў адбываюцца пры падтрымцы царкоўных пагрозаў і інтэрдыктаў. У самой маскоўскай зямлі ўводзяцца татарскія парадкі ў кіраваньні, судзе, зборы даніны. Ня звонку, а знутры татарская стыхія завалодала душой Русі, пратачылася ў цела й кроў. Гэтая духоўная мангольская заваёва ішла паралельна з палітычным падзеньнем Арды...

Само зьбіраньне ўдзелаў адбывалася ўсходнімі мэтадамі, не падобнымі да адначасовага працэсу ліквідацыі заходняга фэўдалізму. Здымаўся ўвесь верхні слой насельніцтва і пераводзіўся ў Маскву. Малыя радзімы згубілі ўвесь гістарычны калярыт, які так упрыгожвае іх паўсюль у Францыі, Нямеччыне і Англіі. Русь пераўтварылася ў суцэльную Масковію, аднастайную тэрыторыю цэнтралізаванай улады: натуральная перадумова дэспатызму. Перамаглі іасіфляне і апрычнікі. Трыюмф партыі Язэпа Валоцкага над вучнямі Ніла Сорскага прывёў да акасьцяненьня духоўнага жыцьця. Перамога апрычніны, новае „дэмакратычнае“ службовае клясы, над родавым дваранствам сымбалізавала барбарызацыю кіраўнічага слою, рост халопскай самасьвядомасьці ў ягоным асяродзьдзі і нават узмацненьне эксплюатацыі працоўнага насельніцтва.

Князь Курбскі, гэты Герцэн XVI ст., са жменькай расійскіх людзей, што ўцяклі з маскоўскай турмы, выратавалі ў Літве сваім пяром, сваёй культурнай працай гонар расійскага імя. Народ быў ня зь імі. Народ не падтрымаў баярства і палюбіў Івана Жахлівага. Прычыны ясныя. Яны заўжды адны і тыя ж, калі народ падтрымлівае дэспатызм супраць свабоды — за Аўгустам і ў нашыя дні: сацыяльныя адрозьненьні і нацыянальны гонар. Народ меў, ведама, падставы адчуваць цяжар залежнасьці ад старых гаспадароў — і ня думаў, што ўлада новых апрычных дваранаў прынясе яму прыгон. І, ужо напэўна, ён быў зачараваны відаляй татарскіх царстваў, што падаюць адно за адным перад царом маскоўскім. Расія, учарашняя даньніца татараў, ператваралася ў вялікую ўсходнюю дзяржаву“.

У гэтых, як бы сказалі прыхільнікі вялікадзяржаўніцкай ідэі, антыпатрыятычных радкох кідаюцца ў вочы тры моманты:

Па-першае, правядзеньне аўтарам лініі падзелу між азіяцкім дэспатызмам і эўрапейскай свабодай у ХІІІ—ХVI ст. па мяжы Вялікіх Княстваў Літоўскага й Маскоўскага. Расійскі народ аказаўся расколатым паміж гэтымі палітычнымі цэнтрамі і ў выніку атрымаў розныя, калі не процілеглыя, умовы для разьвіцьця культуры і нацыянальнай самасьвядомасьці.

Па-другое, разуменьне Фядотавым таго, што ў тую эпоху свабода датычыла толькі прадстаўнікоў вышэйшых клясаў. Менавіта так ішло разьвіцьцё свабоды на Захадзе — праз існаваньне арыстакратыі. Палітычная свабода, існуючая ў гэтых дзяржавах, паступова мяняла арыстакратычную форму на дэмакратычную.

Другая важная крыніца свабоды на Захадзе — гэта адносная незалежнасьць духоўных уладаў ад сьвецкіх у Сярэднія вякі. Незалежнасьць папы ад носьбітаў сьвецкай улады ў Заходняй Эўропе стварыла падмурак для паўсюднай аўтаноміі духоўных асобаў ад дзяржавы.

Вялікае Княства Літоўскае разьвівалася як і астатнія дзяржавы Эўропы, нават у нечым апераджаючы іх — ад арыстакратыі да дэмакратыі. Аб гэтым сьведчыць і наяўнасьць падзелу ўлады ў краіне паміж соймам, вялікім князем і панамі-радай, судовымі органамі, грамадзянскія правы шляхты, вольнасьці месцьцічаў (Майдэборскае права), рэлігійная талерантнасьць, вяршэнства права (вялікалітоўскі Статут 1588 г).

У Вялікім жа Княстве Маскоўскім баярскія спробы абмежаваць уладу цара праваліліся, а праваслаўная царква ўсё больш ператваралася ў прыслужніцу трону.

„Маскоўскі гаспадар… быў пераемнікам і ханаў-заваёўнікаў, і імпэратараў бізантыйскіх. Царамі называлі на Русі і тых, і іншых. Гэтае злучэньне разнародных ідэяў і сродкаў улады стварыла дэспатызм калі не адзіны, то вельмі рэдкі ў гісторыі. Бізантыйскі імпэратар у прынцыпе магістрат, ён добраахвотна падпарадкоўваўся сваім асабістым законам. Маскоўскі цар хацеў уладарыць над рабамі і не адчуваў сябе зьвязаным законам. Як казаў Іван Жахлівы, „жаловать есмя своих холопов вольны, а и казнить вольны же“. З другога боку, усходняга дэспата ня зьвязвае закон, але зьвязвае традыцыя, асабліва рэлігійная. У Маскве Іван IV і потым Пётра І паказалі, як мала традыцыя абмяжоўвае самаўладзьдзе маскоўскага цара. Царква, якая больш за ўсіх садзейнічала ўзросту і посьпехам царскай улады, першая за гэта і заплаціла. Мітрапалітаў прызначаў на пасаду фактычна цар, ён жа іх і скідаў з найвялікшай лёгкасьцю. Адзін зь іх, калі ня два, былі забітыя на загад Івана Жахлівага. І ў чыста царкоўных справах, як паказала Ніканаўская рэформа, воля цара была вырашальнай. Калі ён пажадаў зьнішчыць патрыяршаства і ўвесьці ў расійскай Царкве пратэстанцкі сынод, і гэта сышло яму з рук беспакарана“.

Па-трэцяе, важная нам думка аўтара аб сувязі паміж пачуцьцём нацыянальнага гонару расійцаў і вонкавай экспансіяй дзяржавы. Вайсковая магутнасьць, пашырэньне межаў дзяржавы былі тымі фактарамі жыцьця ранейшай Масковіі і сёньняшняй Расіі, якія апраўдвалі і апраўдваюць любы дэспатызм уладаў, у ахвяру якім увесь час прыносяцца свабода і правы чалавека. Прэстыж дзяржавы ў Расіі ніколі не вымяраўся найперш эканамічным ці культурным багацьцем. Галоўнае, каб у яе было моцнае войска і як мага большая тэрыторыя.
 

 
   

 
3.

Бярдзяеў кажа аб Маскоўскім царстве як аб „таталітарным (курсіў наш. — У.Р.) па сваім прынцыпе і стылі, тэакратыі зь перавагай царства над сьвятарствам“… і далей: „расійская думка мае схільнасьць да таталітарных вучэньняў і таталітарнага сьветаўспрыманьня. Толькі такога кшталту вучэньні і мелі ў нас посьпех. У гэтым адбілася рэлігійнасьць расійскага народу. Расійская інтэлігенцыя заўсёды імкнулася выпрацаваць у сябе таталітарнае цэльнае сьветаўспрыманьне, у якім праўда-ісьціна будзе злучанай з праўдай-справядлівасьцю“.

Асабістая залежнасьць у Расійскай дзяржаве насіла ўсеагульны характар. Усе станы былі прывязаныя да дзяржавы службай альбо цяглом. Чалавек вольнай прафэсіі быў немагчымай зьявай для Масквы — калі не лічыць рабаўнікоў. Нават правы баярства не былі абароненыя. Усе пасадзкія людзі былі падпарадкаваныя дзяржаве праз натуральныя павіннасьці, жылі ў падпарадкаванай уладзе арганізацыі, перакідваліся зь месца на месца ў залежнасьці ад дзяржаўных патрэбаў. Прыгон сялянства стаў паўсюднай зьявай якраз у той час, калі на Захадзе ён адміраў. Якія ж галоўныя прычыны гэтага? Галоўная прычына, на думку Фядотава, у тым, што „рабства дыктавалася не свавольствам уладароў, а новым нацыянальным заданьнем: стварэньнем імпэрыі на занядбанай эканамічнай базе. Толькі скрайняй і ўсеагульнай напружанасьцю, жалезнай дысцыплінай, страшэннымі ахвярамі магла існаваць гэтая жабрацкая, барбарская дзяржава, якая бясконца пашыраецца. Народ сьвядома альбо несьвядома зрабіў свой выбар паміж нацыянальнай магутнасьцю і свабодай“.

Важнае значэньне мела цэзарапапісцкая палітыка, што ператварыла праваслаўную царкву ў інструмэнт дзяржавы. Цар быў абвешчаны намесьнікам бога на зямлі. Яму належала займацца ня толькі інтарэсамі царства, але і праблемамі выратаваньня душаў падуладных. Ідэя пра тое, што місія Расіі-Масковіі заключаецца ў захаваньні і абароне сапраўднага хрысьціянства — праваслаўя, дала ідэалягічны падмурак для экспансіі дзяржавы, у першую чаргу на Захад. У адпаведнасьці з гэтай дактрынай, Расія — гэта адзінае праваслаўнае царства і ў гэтым сэнсе царства ўсяленскае, падобнае да Рыму і Бізантыі. Такім чынам, расійскае рэлігійнае прызначэньне палягае ўва ўмацаваньні і пашырэньні межаў Расійскай манархіі, бо „Русь — усяленская“, а „расійскі цар — над царамі цар“, як сфармуляваў манах Філафей.

Нарэшце, яшчэ адна рыса, якая дапаўняе партрэт Маскоўскай Расіі: баязьлівае стаўленьне да асьветы, якая можа прынесьці заходнюю распусту.

Так у Маскоўскай Русі з XIII па XVII ст. склалася своеасаблівая і вельмі агрэсіўная цывілізацыя, якая абапіралася на жорсткі цэнтралізм нічым не абмежаванай улады цара і праваслаўную царкву. І Масква была ня проста эпізодам у гісторыі Расіі, які скончыўся разам з прыходам Пятра І. Для народных масаў „маскоўскі“ побыт зацягнуўся да вызваленьня ад прыгону ў 1861 г. Дый купецтва і духавенства жылі ў ім на працягу ўсяго ХІХ ст. Маскоўскае царства выпрацавала незвычайнае адзінства культуры. Гэтае адзінства культуры і надало маскоўскаму тыпу чалавека ягоную незвычайную ўстойлівасьць. Для многіх ён здаецца нават сымбалем расійскасьці. Ён перажыў ня толькі Пятра, але і росквіт расійскага эўрапеізму; у глыбіні народных масаў ён захаваўся да самай рэвалюцыі і быў скарыстаны бальшавікамі дзеля сваіх мэтаў.
 

 
   

 
4.

Калі сапраўды ў XIII—XVII ст. Маскоўская Русь уяўляла сабой самастойную цывілізацыю ўсходняга тыпу, якая імкнулася да экспансіі і пашырэньня свайго ўплыву, то чым тады можна растлумачыць „надыход новай эпохі — ад Пятра да Леніна“, якая, са словаў Фядотава, была „трыюмфам заходняй цывілізацыі на прасторах Расійскай імпэрыі?“

На думку Фядотава, „эўрапеізацыя“ Маскоўскага царства пачынаючы ад часоў Пятра стала магчымай дзякуючы таму, што, нягледзячы на ўсё, „паміж Расіяй і Захадам было вядомае падабенства: інакш чужая стыхія зьнявечыла б нацыянальнае жыцьцё… За арыенталізмам маскоўскага тыпу ляжалі некранутыя старажытныя пласты Кіева-Наўгародзкай Русі, і ў іх лёгка і свабодна адбыўся абмен духоўнымі рэчамі з хрысьціянскім Захадам“. Бярдзяеў жа лічыў рэформы Пятра Вялікага непазьбежнымі і разам з тым гвалтоўнымі і рэвалюцыйнымі*.

Пункт гледжаньня Фядотава — гэта пазыцыя філёзафа-заходніка, які ня ўлічвае наяўнасьці істотнага цывілізацыйнага разрыву між Маскоўскім царствам і Захадам, што і зрабіла эўрапеізацыю ў Расіі, паводле словаў Бярдзяева, „страшэнным гвалтам зьверху над народнай душой“. Пазыцыя Бярдзяева значна больш узважаная. Зь ёй можна пагадзіцца амаль ува ўсім, за выняткам аднаго пункту: Маскоўская Расія, у адрозьненьне ад Кітаю ці Японіі, была агрэсіўнай цывілізацыяй, якая імкнулася не да самаізаляцыі, а да экспансіі. Менавіта гэтыя яе памкненьні і зрабілі непазьбежнымі рэформы Пятра, патрэбныя перш за ўсё для вайсковага ўмацаваньня імпэрыі.
 

* М.Бярдзяеў лічыў таксама, што можна правесьці паралель паміж Пятром і Леніным, паміж пятроўскім і бальшавіцкім пераваротамі. „Тая ж самая грубасьць, гвалт, навязваньне зьверху народу вядомых прынцыпаў, тая ж перарыўнасьць арганічнага разьвіцьця, адмаўленьне традыцыяў, той жа атэізм, гіпэртрафія дзяржавы, тое ж стварэньне прывілеяванага бюракратычнага слою, той жа цэнтралізм, тое ж жаданьне рэзка і радыкальна зьмяніць тып цывілізацыі“.
   

 
5.

Мы павінны ўзгадаць, што прыкладна з 1500 г. пачынаецца новая эпоха сусьветнай гісторыі. Каля 1400 г. па сваім тэхнічным разьвіцьці Эўропа, Індыя і Кітай знаходзіліся прыкладна на адным узроўні. Пасьля XV ст. на Захадзе адбыўся сапраўдны прарыў, зьвязаны з працэсамі рэнэсансу і рэфармацыі, навуковай рэвалюцыяй, асьветніцтвам, Вялікай францускай рэвалюцыяй і англійскай прамысловай рэвалюцыяй, разьвіцьцём капіталізму і экспансіяй эўрапейскай цывілізацыі. Для неэўрапейскага сьвету гэтыя працэсы сталі выклікам мадэрнізацыі, які патрабаваў адпаведнай рэакцыі.

Паводле С.Гантынгтана, „усходні“ сьвет прапанаваў тры варыянты адказу на гэты выклік: (1) адмова ад мадэрнізацыі і вэстэрнізацыі (стратэгія „адмоўніцтва“); (2) успрыняцьце мадэрнізацыі і вэстэрнізацыі (стратэгія „кемалізму“); (3) успрыняцьце мадэрнізацыі, але адмова ад вэстэрнізацыі (стратэгія рэфармізму).

„Адмоўніцтва“ было ўласьцівае Японіі пасьля яе першых кантактаў з заходнікамі ў 1542 г. і да сярэдзіны ХІХ ст. Гэтая краіна дапускала абмежаваную мадэрнізацыю толькі вайсковай галіны. Такая палітыка працягвалася амаль тры стагодзьдзі да „пераадкрыцьця“ Японіі капітанам Пэры ў 1854 г. і рэвалюцыі Мэйджы 1868 г., што стварыла ўмовы для разьвіцьця тут капіталізму. Аналягічнай была і пазыцыя ўладаў Кітаю, якія ў 1722 г. загадалі хрысьціянскім місіянэрам пакінуць краіну. Тут „адмоўніцтва“ падтачылі брытанскі экспарт зброі і опіюмныя войны 1839—1842 г. У ХХ ст. разьвіцьцё транспарту і камунікацыяў зрабіла краіны ўзаемазалежнымі, што значна падвысіла плату за „адмоўніцтва“. Толькі скрайнія фундамэнталісты могуць цяпер адмаўляць мадэрнізацыю, выкідваючы тэлевізары і разьбіваючы кампутары. Стратэгія „адмоўніцтва“ ператварылася ў канцы стагодзьдзя ў маргінальную зьяву.

„Кемалізм“ (ад імя Кемаля Ататурка — першага прэзыдэнта Турэцкай Рэспублікі, што ўзьнікла на руінах Асманскай Імпэрыі) выходзіць з таго, што мадэрнізацыя пажаданая і неабходная. Традыцыйная ж культура несумяшчальная з сучаснасьцю і таму яе мусова прыбраць і замяніць заходняй культурай. Іншымі словамі, краіна павінна быць вэстэрнізаваная, каб быць мадэрнізаванай.

Рэфармізм уяўляе сабой трэці шлях між ізаляцыянісцкім „адмоўніцтвам“ і часта траўматычным для нацыі „кемалізмам“. Гэтая стратэгія грунтуецца на спалучэньні мадэрнізацыі з захаваньнем асноўных вартасьцяў, практыкі і інстытутаў нацыянальнай культуры. Такі падыход, ясна, быў найбольш прымальным для незаходніх элітаў. У Японіі вельмі папулярным быў лёзунг: „Японскі дух — заходняя тэхніка“. У Эгіпце яшчэ ў 1830-х Магамэт Алі заклікаў да тэхнічнай мадэрнізацыі без эксцэсаў культурнай вэстэрнізацыі, а мусульманскія рэфарматары канца ХІХ ст. імкнуліся давесьці, што іслам можа быць сумяшчальны з мадэрнізацыяй праз ісламскі рацыяналізм і асваеньне лепшага з заходняй культуры.

Усе гэтыя ідэі, аднак, натыкаюцца на складаную культурную праблему. Калі традыцыйная рэлігія і культура японцаў ці карэйцаў ня толькі не стварыла перашкодаў для „асучасьніваньня“ гэтых краінаў, але і паспрыяла хуткім тэмпам індустрыяльнага разьвіцьця, то гэтага нельга сказаць пра ісламскі сьвет ці Афрыку, якія да гэтай пары ня вырашылі праблемы мадэрнізацыі.

Амэрыканскі сацыёляг Дэвід Аптэр падзяляў усе культуры сучаснага сьвету на два тыпы: інструмэнталісцкага або завершанага кшталту. Для інструмэнталісцкіх культураў характэрная наяўнасьць вялікага сэктару прамежкавых мэтаў, які існуе незалежна ад канчатковых. Інавацыі тут адбываюцца хутчэй і зь меншымі выдаткамі. Сама традыцыя як бы робіць легітымнымі зьмены, што адбываюцца. Інакш выглядае сытуацыя ў межах завершаных культураў. Яны адрозьніваюцца шчыльнымі сувязямі паміж прамежкавымі і канчатковымі мэтамі. Грамадзтва, дзяржава, улада выступаюць тут у якасьці складовых частак адзінай салідарнай сыстэмы, галоўнай зь якіх звычайна ёсьць рэлігія. Завершаныя культуры зь недаверам ставяцца да інавацыяў і з-за гэтага іх вельмі цяжка бывае рэфармаваць. Многія дасьледчыкі лічаць, што больш інструмэнталісцкія японскае і індыйскае грамадзтвы значна лягчэй пераносяць мадэрнізацыю, чым ісламскія і кітайскае грамадзтвы, культуры якіх носяць выразна завершаны характар.

Да пералічаных стратэгіяў рэакцыі незаходняга сьвету на экспансію Захаду і выклік „асучасьніваньнем“ варта дадаць і чацьвертую мадэль: вэстэрнізацыя без мадэрнізацыі. Яна ўласьцівая многім краінам Афрыкі, у якіх адбываецца вэстэрнізацыя культуры паноўнай эліты бяз значных дасягненьняў на шляху эканамічных і палітычных пераўтварэньняў.

На першых парах вэстэрнізацыя і мадэрнізацыя былі вельмі цесна пераплеценыя адна з адной. Незаходнія дзяржавы абсарбоўвалі заходнюю культуру і дасягалі першых посьпехаў на шляху „асучасьніваньня“. Аднак чым далей яны прасоўваюцца ў гэтым накірунку, тым больш актыўнымі і настойлівымі робяцца захады па рэстаўрацыі нацыянальнай культуры. Парадаксальным чынам дзейнічае заканамернасьць: на раньніх фазах мадэрнізацыі ёй дапамагае вэстэрнізацыя; на позьніх этапах мадэрнізацыя абапіраецца на дэвэстэрнізацыю.

Гэта тлумачыцца наступным чынам:

На ўзроўні грамадзтва мадэрнізацыя спрычыняецца да павелічэньня эканамічнай, вайсковай і палітычнай магутнасьці краіны як цэлага, узрастаньня даверу народу да сваёй культуры. На індывідуальным узроўні, аднак, мадэрнізацыя прыводзіць да ўзрастаньня адчужанасьці і крызы ідэнтычнасьці, зьвязаных з разрывам традыцыйных сувязяў і ліквідацыяй звыклых сацыяльных дачыненьняў. Таму, каб зьняць гэтыя небясьпечныя супярэчнасьці паміж сацыяльным і індывідуальным узроўнямі, незаходнія грамадзтвы імкнуцца да максымальна магчымага спалучэньня сучасных вартасьцяў і ладу жыцьця з нацыянальнай культурай і традыцыямі.

Амаль усе незаходнія цывілізацыі пад час свайго шматтысячагадовага разьвіцьця сутыкаліся з праблемай пазычэньня элемэнтаў іншых культураў. Заўсёды гэта рабілася так, каб захаваць сваю адметнасьць. Напрыклад, Кітай праглынуў у свой час народжаны ў Індыі будызм без „індаізацыі“ ўсёй краіны. Будызм быў ужыты на карысьць кітайскіх інтарэсаў, а культура засталася кітайскай. Аналягічным чынам арабы-мусульмане атрымалі ў спадчыну, захавалі й скарысталі з элінскіх вартасьцяў дзеля ўтылітарных мэтаў. У VII ст. Японія імпартавала кітайскую культуру і бяз вонкавага эканамічнага ці вайсковага прымусу паднялася на больш высокую прыступку цывілізацыйнага разьвіцьця. Пры ўсім тым японская культура захавала сваю непаўторнасьць.

На думку С.Гантынгтана, мадэрнізацыя не абавязкова павінна суправаджацца вэстэрнізацыяй. Незаходнія грамадзтвы могуць станавіцца сучаснымі без разбурэньня сваёй нацыянальнай культуры і замены яе заходнімі вартасьцямі, інстытутамі і практыкай. Мадэрнізацыя ўмацоўвае нацыянальныя культуры і памяншае адносную магутнасьць Захаду. „Увогуле, сьвет робіцца ўсё больш і больш сучасным і ўсё менш і менш заходнім“, — так ацэньвае сучасныя тэндэнцыі Гантынгтан.

З гэтага вынікае некалькі рэчаў, датычных тэмы нашага артыкулу.

Па-першае, мадэрнізацыя многіх неэўрапейскіх краінаў можа адбывацца бязь іхнай суцэльнай эўрапеізацыі. Гэта, у сваю чаргу, ставіць на парадак дня пытаньне аб узьнікненьні ў іх палітычнай свабоды і дэмакратыі як самастойную праблему, не зьвязаную бепасярэдне з „асучасьніваньнем“. Гэтыя вартасьці павінны абапірацца на ўнутраную культурную глебу, каб мець шанцы для жыцьцяздольнага разьвіцьця. Культурныя асаблівасьці Індыі і Японіі паспрыялі ўзьнікненьню тут дэмакратычных грамадзтваў, а цывілізацыйныя адметнасьці Кітаю, Ірану, арабскіх краінаў робяць палітычную свабоду ў іх больш праблематычнай.

Па-другое, культурны і цывілізацыйны плюралізм сучаснага сьвету, які не зьнішчаецца мадэрнізацыяй, а, наадварот, умацоўваецца дзякуючы гэтаму працэсу, непазьбежна патрабуе і адпаведнага палітычна-дзяржаўнага плюралізму. Разнастайныя нацыянальныя культуры найлепш разьвіваюцца ў незалежных нацыянальных дзяржавах. Гэта азначае, што на мяжы ХХІ ст. цалкам састарэлі імпэрскія палітычныя ўтварэньні, якія трымаюцца коштам гвалтоўнага паняволеньня і падпарадкаваньня аднаго народу другому. Інтэграцыйныя працэсы могуць быць плённымі толькі як вынік доўгатэрміновага працэсу супрацоўніцтва незалежных краінаў і паміж блізкімі народамі, прыналежнымі да адной і той жа цывілізацыі.

Па-трэцяе, вялікім выклікам для сучаснага сьвету, вартасьцяў свабоды і дэмакратыі зьяўлецца тое, што Гантынгтан назваў канфліктам цывілізацыяў. Ён зьвязаны з тым, што найбольш важнымі адрозьненьнямі сярод людзей і народаў пасьля крышу камунізму сталі не ідэалягічныя, палітычныя ці эканамічныя, а культурныя.
 

 
   

 
6.

Праблема „эўрапеізацыі“ гістарычна ніколі не стаяла перад Беларусяй, паколькі гэтая краіна была адарваная ад эўрапейскага цела адно ў канцы XVIII ст. Толькі тады Кацярына ІІ сваімі ўказамі пазбавіла беларускія месты Майдэборскага права, а жыхароў некаторых зь іх залічыла да прыгонных сялян, толькі ў 1839 г. была ліквідаваная Берасьцейская унія, але поўнай праваслаўнай рэлігійнай уніфікацыі царызму тут так і не ўдалося дасягчы ў сілу прысутнасьці значнай колькасьці каталікоў і юдэяў. Нарэшце, толькі цягам ХІХ ст. тут быў выведзены зь дзеяньня і забаронены Статут ВКЛ. Памяць аб былых вольнасьцях і традыцыях ня зьнішчылася цалкам. Яна знайшла сваё ўвасабленьне ў антырасейскіх паўстаньнях, дзейнасьці філяматаў і філярэтаў, адраджэнскім руху пачатку ХХ ст, ідэалах БНР.

Што тычыцца Расіі, то ейная „эўрапеізацыя“ прайшла тры этапы, для кожнага зь якіх была ўласьцівая свая стратэгія паводзінаў у сувязі з выклікам „асучасьніваньнем“ з боку Захаду.

Першы этап з XVI да канца XVII ст. быў пераважна пэрыядам „адмоўніцтва“. Гэта знаходзіла адбітак у абскурантызьме, перасьледзе сьвецкай навукі, адукацыі і кнігадруку, абмежаваньні права падданых пакідаць краіну, змаганьні з „лацінскай гарэзіяй“. Аднак, „адмоўніцтва“ не было курсам на ізаляцыю. Масковія імкнулася да пашырэньня межаў і экспансіі, пікі якой прыходзяцца на войны Івана Жахлівага і Аляксея Найцішэйшага.

У пачатку XVIII ст. Расія сутыкнулася з Швэцыяй. У 1700 г. пачалася т.зв. Паўночная вайна з мэтай далучэньня да Расіі Прыбалтыкі. З самага пачатку яна прадэманстравала вайскова-тэхнічную і эканамічную адсталасьць Маскоўскага царства, якое панесла шэраг паразаў на сушы і на моры пад час першай фазы кампаніі. Акурат яны былі галоўным стымулам рэформаў Пятра.

На другім этапе, з XVIII па пачатак XX ст., дамінавала стратэгія абмежаванага „кемалізму“. Мадэрнізацыя насіла тут інструмэнтальны характар і праходзіла без карэнных зьменаў эканамічных адносінаў. Каб забясьпечыць войска і флёт неабходнай зброяй, вопраткай, правіянтам, а краіну — сыравінай, ствараліся дзяржаўныя мануфактуры, на якіх працавалі прыгонныя работнікі. Сельская гаспадарка трымалася на прыгоне. Доля сапраўдных капіталістычных гаспадарак у Расіі была нязначнай (прычым іх было больш на ўскраінах, чым у цэнтры). Хуткае разьвіцьцё свабодных рынкавых адносінаў пачалося толькі пасьля рэформы 1861 г. У краіне была вельмі слабая буржуазія і сярэднія слаі. Узровень адукацыі ў XVIII ст. быў вельмі нізкім. Пры гэтым прорва паміж верхнім слоем і народам увесь час паглыблялася. Асьвета народу лічылася шкоднай і небясьпечнай, яна дапускалася толькі ў памерах, неабходных для ўтрыманьня імпэрыі. М.Ламаносаў быў геніяльным расійскім навукоўцам, які зрабіў шэраг адкрыцьцяў і фактычна стварыў новую навуку — фізычную хімію. Аднак ягоная самота сярод той цемры, якая яго абкружала, была трагічнай. Пад жорсткім кантролем ураду знаходзіліся грамадзкія навукі і асабліва філязофія, якія лічыліся больш небясьпечнымі. Абскурантысты рэзка нападалі на філязофскі ідэалізм, бачачы ў ім сувязь зь небясьпечным для праваслаўя сьпірытуалізмам. У 1850 г. расійскі міністр народнай асьветы князь Шырынскі-Шахматаў забараніў выкладаньне філязофіі ўва ўнівэрсытэтах Расіі.

Вэстэрнізацыя таксама была абмежаванай і апраналася ў нацыянальна-спэцыфічныя формы. На думку Бярдзяева, „заходняя культура ў Расіі XVIII ст. была павярхоўным панскім пазычэньнем і перайманьнем“. Адным з найзначнейшых дасягненьняў вэстэрнізацыі быў указ Кацярыны ІІ аб „вольнасьці дваранства“, які вызваліў гэты стан ад абавязковай дзяржаўнай службы. Дзякуючы гэтаму ў Расіі ўпершыню ў ейнай гісторыі ўзьніклі вольныя прафэсіі, якія маглі папаўняцца плебэямі-разначынцамі, пераважна выхадцамі з духавенства. Расія стала адзінай у сьвеце краінай, за выняткам Кітаю, у якой дваранства можна было атрымаць праз адукацыю, скончыўшы сярэднюю ці нават паўсярэднюю школу, хоць школы гэтыя заставаліся недаступныя для простых людзей. Але адносная свабода была дараваная расійскаму грамадзтву запозна, калі аўтарытэт манархіі быў падарваны ўва ўсіх клясах нацыі, а „паглыбленьне клясавай варожасьці ўнемагчымляла перабудову дзяржавы на дэмакратычных пачатках“, як піша Фядотаў.

Нічога дзіўнага ў якраз такім лёсе свабоды ў „эўрапеізаванай“ Расіі няма. Рэч у тым, што дэмакратычная перабудова непатрэбная дзяржаве, галоўная мэта якой — пашырэньне і ўтрыманьне імпэрыі, для чаго патрабуецца найперш цэнтралізаваны адміністрацыйны апарат і моцнае войска, а не прадстаўнічыя органы ўлады і свабода слова. Апарат і войска былі створаныя дзякуючы тым няпоўным мадэрнізацыі і вэстэрнізацыі, пра якія ішла размова вышэй. Тым самым за стагодзьдзе Расія ператварылася ў найбуйнейшую імпэрыю Эўразіі і жандара Цэнтральнай Эўропы. На гэтым „асучасьніваньне“ краіны спынілася. Не было далейшага стымулу.

Другая прычына паразы палітычнай свабоды нам бачыцца ў спэцыфіцы расійскага сацыяльна-вызвольнага руху, які Фядотаў называў другім па важнасьці наступствам „эўрапеізацыі“ пасьля пабытовай свабоды дваранства. Гэты рух у Расіі доўга заставаўся прадуктам дзейнасьці асобнай сацыяльнай групы — інтэлігенцыі, групы, якая была спэцыфічна расійскай зьявай. Яе нельга блытаць з тым, што па-ангельску называецца intellectuals (людзі разумовай працы і творчасьці). Да расійскай інтэлігенцыі маглі адносіцца людзі, і не зьвязаныя з разумовай працай. Гэтая група, на думку Бярдзяева, нагадвала ордэн манахаў ці рэлігійную сэкту са сваёй асаблівай маральлю, вельмі нецярпімай, са сваім абавязковым сьветаглядам, са сваімі асаблівымі ўзвычаеньнямі**.

Інтэлігенцыя ў дарэвалюцыйнай Расіі была ідэалягічнай, а не прафэсійнай ці эканамічнай групоўкай. У яе ўваходзілі прадстаўнікі розных станаў: дваранства, духавенства, дробнага чынавенства, мяшчанаў, а пасьля ліквідацыі прыгоннага права і сялянаў. Гэтая разначынская інтэлігенцыя аб’ядноўвалася вакол ідэяў сацыялістычнага кшталту.

Галоўнай рысай расійскай інтэлігенцыі была безгрунтоўнасьць гэтай групоўкі, яе разрыў з станавым побытам і традыцыямі. Інтэлігенцыя набыла характэрны для Расіі раскольніцкі характар. Яна жыла ў расколе з навакольнай рэчаіснасьцю, якую лічыла нядобрай, і ў яе выпрацавалася фанатычная мараль у дачыненьні да яе. Скрайняя ідэйная нецярпімасьць расійскай інтэлігенцыі была рэакцыяй самаабароны. Толькі так гэтая група магла захавацца ў варожым сьвеце, толькі дзякуючы свайму ідэйнаму фанатызму яна магла абараніць свае прынцыпы.

Ува ўмовах расійскага палітычнага ладу інтэлігенцыя аказалася адарванай ад рэальнай грамадзкай справы, і гэта вельмі паспрыяла разьвіцьцю ў яе сацыяльнай летуценнасьці. У выніку ў адсталай і дэспатычнай Расіі выпрацоўваліся самыя радыкальныя сацыялістычныя і анархісцкія праекты. Немагчымасьць легальнай палітычнай дзейнасьці прывяла да таго, што палітыка была перанесеная ў гуманітарныя навукі і літаратуру.

Для расійскай інтэлігенцыі ўласьцівы быў таксама скрайні дагматызм. Гэта яшчэ адна нацыянальная рыса расійскага характару, паводле Бярдзяева. Ён пісаў, што расійцы пераймаюць і засвойваюць іншаземныя ідэі, але робяць гэта дагматычна. Тое, што на Захадзе навуковая тэорыя, якая падлягае крытыцы, гіпотэза ці, у лепшым выпадку, частковая (без прэтэнзіяў на ўсеагульнасьць) канцэпцыя, ператвараецца ў расійскіх інтэлігентаў у дагматыку, у нешта кшталту рэлігійнага адкрыцьця. Расійцы ўсё любяць успрымаць татальна, ім не стае скептыцызму і крытыцызму заходніх людзей. Яны ўвогуле дрэнна разумеюць значэньне адноснага, паступовасьць гістарычнага працэсу, дыфэрэнцыяцыю розных сфэраў культуры. З гэтым зьвязаны расійскі максымалізм.

Такім чынам, у пачатку ХХ ст. Расія аказалася падрыхтаваная для пераходу да трэцяй, „рэфармісцкай“ стратэгіі рэагаваньня на выклік „асучасьніваньнем“ з боку Захаду.

** На гэтую асаблівасьць расійскай інтэлігенцыі зьвяртае ўвагу таксама расійскі філёзаф Сямён Франк у сваім артыкуле „Этыка нігілізму“: „...інтэлігент... пазьбягае рэальнасьці, уцякае ад сьвету, жыве па-за сапраўдным, гістарычным і пабытовым жыцьцём, у сьвеце прывідаў, летуценьняў і пабожнай веры. Інтэлігенцыя ёсьць нібы самастойнай дзяржавай, асобным абмежаваным сусьветам са сваімі вельмі строгімі і моцнымі традыцыямі, са сваім этыкетам, са сваімі норавамі, звычкамі, амаль са сваёй асобнай культурай; і можна сказаць, што нідзе ў Расіі няма такіх непахісна-ўстойлівых традыцыяў, такой вызначанасьці і строгасьці ў рэгуляваньні жыцьця, такой катэгарычнасьці ў ацэнцы людзей і пазыцыяў, такой адданасьці карпаратыўнаму духу, як у тым усерасійскім духоўным манастыры, які ўтварае расійская інтэлігенцыя. Але, адасобіўшыся ў сваім манастыры, інтэлігент не абыякавы да сьвету; наадварот, са свайго манастыра ён хоча кіраваць сьветам і насаджаць у ім сваю веру; ён — ваяўнічы манах, манах-рэвалюцыянэр. Усе адносіны інтэлігенцыі да палітыкі, ейны фанатызм і нецярпімасьць, ейная непрактычнасьць і няўмеласьць у палітычнай дзейнасьці, ейная невыносная схільнасьць да фракцыйных разладаў, адсутнасьць у яе дзяржаўнага пачуцьця — усё гэта вынікае з манаска-рэлігійнага ейнага духу...“
   

 
Капіталістычныя эканамічныя адносіны закранулі шырокія колы насельніцтва, абвастрылі праблему сацыяльнай няроўнасьці і выклікалі чыста расійскую рэакцыю: лепш бунт у імя справядлівасьці, чым паступовая адаптацыя да сытуацыі і марудныя рэформы. Палітычна грамадзтва было рэзка палярызаваным на рэакцыйных кансэрватараў, што імкнуліся захаваць традыцыйную сыстэму ўлады, і радыкальных рэвалюцыянэраў, што жадалі разбурыць яе дазваньня. У культурным пляне Расія таксама ўяўляла сабой тыповы прыклад „расколатай краіны“. Што датычыць замежнай палітыкі, пецярбурская Расія прадэманстравала сваю слабасьць і няздольнасьць да далейшага пашырэньня межаў імпэрыі. Паразы ў войнах зь Японіяй і Нямеччынай зрабілі бунт у імя ўмацаваньня імпэрыі непазьбежнай зьявай. Як гэта ні парадаксальна, бальшавізм аказаўся трэцяй зьявай расійскай вялікадзяржаўнасьці, расійскага імпэрыялізму — першай зьявай было Маскоўскае царства, другой — пятроўская імпэрыя. Бальшавізм выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву. Адбылося аб’яднаньне волі да сацыяльнай праўды з воляй да дзяржаўнай магутнасьці, і другая воля ўрэшце аказалася мацнейшай. Бальшавікі стварылі паліцэйскую дзяржаву, па спосабах кіраваньня вельмі падобную да старой расійскай дзяржавы, — піша Фядотаў.
 

 
   

 
7.

Рэвалюцыі зьяўляюцца хуткімі, фундамэнтальнымі і гвалтоўнымі зьменамі дамінуючых вартасьцяў і мітаў грамадзтва, ягоных палітычных інстытутаў, сацыяльнай структуры, сыстэмы кіраваньня, дзейнасьці ўраду і палітыкі ў цэлым. Яны — прыкмета сучаснасьці. Старажытныя цывілізацыі ведалі паўстаньні, перавароты, зьмены дынастыяў, але не сацыяльныя рэвалюцыі. Гантынгтан лічыць рэвалюцыі адным са спосабаў пераходу ад традыцыйнага грамадзтва да сучаснага. У іх выяўляецца адна з найяскравейшых характарыстык мадэрнісцкага погляду на сьвет, неўласьцівага традыцыйнаму грамадзтву: перакананьне, што чалавеку цалкам пад сілу кантраляваць і зьмяняць сваё асяродзьдзе, што ў яго ёсьць і магчымасьць, і права дзейнічаць такім чынам.

Рэвалюцыйны выбар расійскага народу ў 1917 г. быў ня толькі выбарам у імя імпэрыі, але і выбарам у імя сучаснасьці. Гэтыя рэчы цесна зьвязаныя міжсобку. Магутная дзяржава, каб прэтэндаваць на сусьветнае панаваньне, у ХХ ст. не магла ня мець пад сабой трывалай глебы ў выглядзе індустрыяльнай эканомікі, разьвітага вайскова-прамысловага комплексу, сучаснай сыстэмы адукацыі, урбанізаванага насельніцтва. Адзінае, што адкідалася прэч, як непатрэбны атрыбут — гэта дэмакратычная палітычная сыстэма. Рэвалюцыйная мадэрнізацыя Расіі ўяўляла сабой поўны адыход ад ранейшай стратэгіі спалучэньня мадэрнізацыі з вэстэрнізацыяй; яна была спробай „асучасьніць“ Расію на мясцовай цывілізацыйна-культурнай глебе і насуперак Захаду. Яна стварыла палітыка-эканамічную сыстэму, на Захадзе нечуваную, але ў імя ідэалёгіі, народжанай на Захадзе. Славянафілы і заходнікі спрачаліся пра тое, ці можа Расія адрозьнівацца ад Захаду, не адстаючы ад яго тэхнічна. Камунізм паспрабаваў вырашыць гэтае пытаньне па-іншаму: Расія ўзначаліла пралетарскую рэвалюцыю, якой наканавана было пранесьціся па ўсім сьвеце; Савецкая Расія ўвасабляе сабой не адсталае азіяцкае мінулае, а прагрэсіўную савецкую будучыню; Савецкая Расія хоча пераскочыць праз Захад, адрозьніваючы сябе ад яго, не таму, што „вы іншыя, а мы ня хочам быць падобнымі да вас“, як казалі славянафілы, а з-за таго, што „мы розныя, і непазьбежна вы зробіцеся падобнымі да нас“, як гучала тэза Камуністычнага Інтэрнацыяналу.

Галоўная праблема з гэткім падыходам замыкаецца ў тым, што перадавой Расія была толькі ў фармулёўках ейных ідэолягаў, у прапагандысцкіх лёзунгах, у віртуальнай прасторы, як сказалі б цяпер. Але гэтую віртуальную рэальнасьць удавалася выдаваць за праўду многім заходнім інтэлектуалам, якія амаль да краху камунізму ўва Ўсходняй Эўропе ня кідалі надзеі адшукаць у краіне „пераможнага сацыялізму“ ўвасабленьне сваіх марксісцкіх мараў.

Гантынгтан лічыць, што камунізм, які спатрэбіўся савецкім правадырам, каб адмежаваць сябе ад Захаду, парадаксальным чынам злучыў савецкую Расію зь ім. Маркс і Энгельс распрацоўвалі сваю тэорыю ў разьліку на краіны Заходняй Эўропы. Адаптаваўшы заходнюю ідэалёгію і карыстаючыся ёй для барацьбы з Захадам, Расія стала значна бліжэйшай да Захаду, чым калі-кольвек раней у яе гісторыі. Нягледзячы на сур’ёзныя разыходжаньні камунізму і лібэральнай дэмакратыі, абедзьве гэтыя плыні гавораць на адной мове, зьяўляюцца сэкулярызаванымі і сучаснымі, падзяляюць адны вартасьці свабоды, роўнасьці і матэрыяльнага дабрабыту, — піша Гантынгтан.

Але канцэпцыя Гантынгтана ня ўлічвае істотнай розьніцы між заходнім (лібэральным) і ўсходнім (таталітарным) марксізмам, розьніцы значна большай, чым розьніца між лібэралізмам і сацыял-дэмакратыяй, ці нават эўракамунізмам, на Захадзе. Больш за тое, супрацьстаяньне камуністычнай Расіі і лібэральнага Захаду прывяло да новай арыенталізацыі расійскай культуры ў сувязі з тым, што акурат Расія выступіла ў ХХ ст. лідэрам „антыімпэрыялістычнага фронту“, які складаўся пераважна з нацыяналістычных рухаў народаў Азіі і Афрыкі. Пры гэтым марксізм выкарыстоўваўся як ідэалягічная зброя для прыкрыцьця вялікадзяржаўніцкай палітыкі СССР. Зразумела, што такі марксізм і ў Расіі, і ў краінах „трэцяга сьвету“ быў вельмі мала падобны да ідэалёгіі Маркса, распрацаванай у ХІХ ст., ня кажучы ўжо пра яе сучасныя варыянты ў краінах Захаду.

Фядотаў заўважаў з гэтай нагоды, што савецкі чалавек стаіць бліжэй да „маскоўца“ менавіта сваёй ганарыстай нацыянальнай сьвядомасьцю, што „ягоная краіна адзіная праваслаўная, адзіная сацыялістычная — першая ў сьвеце: трэці Рым. Ён з пагардай глядзіць на астатні, г.зн. заходні сьвет; ня ведае яго, ня любіць і баіцца яго“.

У рэальнасьці была толькі адна сфэра, у якой савецкая сыстэма хаця й не перагнала Захаду, але на роўных зь ім спаборнічала, — ваенная галіна, у якую СССР кідаў усе матэрыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы. З разьлікам на яе патрэбы былі зьдзейсьненыя індустрыялізацыя і калектывізацыя сельскай гаспадаркі, якія каштавалі мільёнаў жыцьцяў. Галоўнай мэтай камуністычнай Расіі было стварэньне сусьветнай імпэрыі. У імя яе бальшавікі нават зьмянілі назоў Расія на СССР. Расія павінна была стаць „першай рэспублікай“ гэтай імпэрыі. Плянавалася, што кожная краіна сьвету, якая ажыцьцёвіць сацыялістычную рэвалюцыю, будзе далучацца да СССР. Гэты курс быў палітычнай рэчаіснасьцю да другой сусьветнай вайны, адносная няўдача ў якой не дазволіла Савецкаму Саюзу падпарадкаваць усе краіны Эўропы. На зьмену яму пасьля 1945 г. прыйшлі стратэгія разбудовы вонкавай імпэрыі, якая ўключала так званыя краіны сацыялістычнай садружнасьці, і дактрына Брэжнева, што дэкляравала права СССР на ўмяшаньне ў нутраныя справы прыналежных да гэтай вонкавай імпэрыі дзяржаваў.

Адноснае збліжэньне Расіі й Захаду адбывалася не ў ідэалёгіі, а ў сацыяльнай структуры грамадзтва. Гвалтоўная індустрыялізацыя нарадзіла новы соцыюм з новымі патрэбамі і інтарэсамі. Савецкае грамадзтва стала пераважна гарадзкім (пры канцы 70-х доля гараджанаў перавысіла 2/3 ад агульнай колькасьці насельніцтва), адукаваным (у 80-х доля насельніцтва з адукацыяй, не ніжэйшай за сярэднюю, дасягнула 60%, а колькасьць людзей з вышэйшай адукацыяй у 1989 г. склала пад 10%, зраўняўшыся з амэрыканскім узроўнем).

Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што ўрбанізаваныя грамадзтвы, дзякуючы ўмацаваньню ў іх нефармальных і перакрыжаваных сацыяльных сувязяў, ствараюць лепшыя ўмовы для ўзьнікненьня і існаваньня незалежнай грамадзкай думкі, чым аграрныя грамадзтвы. Існуе таксама карэляцыя паміж падтрымкай лібэральных вартасьцяў і адукацыяй людзей. Важнае й разьвіцьцё індустрыйнага сэктару эканомікі, які стварае больш разнастайную, складаную і залежную ад вонкавых сувязяў гаспадарку, якую цяжка кантраляваць аўтарытарнымі мэтадамі. З дапамогай аўтарытарызму можна правесьці індустрыялізацыю, але немагчыма наладзіць эфэктыўную працу эканомікі. Зьмены адбыліся і ў расійскай кіраўнічай эліце — намэнклятуры. Хрушчоўская дэсталінізацыя зводзілася да патрабаваньня зрабіць першы крок па шляху свабоды — забясьпечыць сябрам вышэйшай клясы „свабоду цела“, г.зн. свабоду ад адвольных апалаў і караў. „Дэлегаты ХХ зьезду, — піша расійскі публіцыст Максім Сакалоў, — пайшлі добра вядомым у гісторыі шляхам „арыстакратычнай канстытуцыі“ — своеасаблівай намэнклятурнай Magna Charta-ы. Cпроба, якая двойчы ў расійскай гісторыі зрывалася (няўдача баярскіх канстытуцыйных досьведаў 1613 г. пры абраньні Міхаіла Раманава і правал сябраў Вярхоўнай тайнай рады, што спрабавалі ў 1730 г. абставіць „кандыцыямі“ прыход на трон Ганны Іаанаўны), у 1956 г. была пасьпяховай“.

Праз 30 гадоў гэта дазволіць намэнклятуры зрабіць яшчэ адзін крок наперад: распачаць негалосную кампанію па ператварэньні ўлады ў маёмасьць, па-народнаму кажучы — „прыхватызацыю“.

Да ўнутраных фактараў, што паўплывалі на эрозію камунізму ў СССР, трэба дадаць і замежныя. У 70—80-я гады савецкая Расія сутыкнулася з новым выклікам „асучасьніваньня“. Краіны Захаду ў гэты пэрыяд пасьпяхова перайшлі ад індустрыяльнага да постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадзтва, у якім галоўнай сфэрай дзейнасьці становіцца не цяжкая прамысловасьць, а сфэра паслугаў, вытворчасьць ня рэчаў, а інфармацыі, не прамысловыя гіганты, а маленькія гнуткія кампаніі, узброеныя сучаснай тэхналёгіяй. Адначасова рэзка палепшылася якасьць жыцьця ў краінах Захаду.

Тое, што Расія знаходзіцца ў стане даганяючай краіны, зноў стала больш чым відавочна. Экспарт натуральных багацьцяў дазваляў нейкі час утрымліваць адносную сацыяльную раўнавагу ў савецкім грамадзтве. Аднак краіна ўсё больш саступала ў канкурэнцыі. Найбольш небясьпечным для СССР было тое, што ён пачаў прайграваць гонку ўзбраеньняў і быў ня ў стане эканамічна і ваенна ўтрымліваць вонкавую імпэрыю. Гэта найбольш яскрава засьведчыла параза ў Аўганістане.

Рэвалюцыйная мадэрнізацыя Расіі без вэстэрнізацыі і нават з дэвэстэрнізацыяй, зьдзейсьненая камуністамі гвалтоўнымі мэтадамі і коштам мільёнаў ахвяраў, дазволіла адказаць на выклік сучаснасьці толькі на непрацяглы пэрыяд часу. Абапіраючыся на культурна-цывілізацыйны фундамэнт старой Расіі, бальшавізм доўга падтрымліваў уражаньне, што дзякуючы новай ідэалёгіі і таталітарным мэтадам сваёй палітыкі ён усутыч падышоў да ажыцьцяўленьня старой пецярбурскай панславісцкай мары, пабудовы Вялікай Расіі ад Нілу да Нявы, ад Эльбы да Кітаю і русіфікацыі ўсіх народаў, што яе насяляюць. Але праз 70 гадоў камуністычная палітыка вычарпала свае рэзэрвы, і гэта зрабіла непазьбежным вяртаньне Расіі на капіталістычны шлях разьвіцьця.
 

 
   

 
8.

У сярэдзіне 70-х выйшла кніга амэрыканскага сацыёляга Дэніэла Бэла „Культурныя супярэчнасьці капіталізму“, што вельмі востра паставіла на парадак дня пытаньне аб пагрозе Захаду, якую стварае размываньне фундамэнтальных вартасьцяў пратэстанцкай працоўнай этыкі, на якія абапіраўся першапачатковы капіталізм і якія амаль зьніклі ў эпоху масавай вытворчасьці, масавага спажываньня і этыкі геданізму. На шчасьце, Захад знайшоў у сабе сілы калі ня цалкам, то хаця б часткова зьменшыць пагрозу з дапамогай працэсаў постіндустрыяльнага разьвіцьця і дзякуючы адмове многіх урадаў ад вялікіх сацыяльных праграмаў дапамогі розным катэгорыям насельніцтва, якія стымулявалі рост патэрналісцкіх настрояў у грамадзтве. Пазытыўная роля ў гэтым належала і нэакансэрватыўнай ідэалёгіі, якая выступала за адраджэньне традыцыйных вартасьцяў, сям’і, рэлігіі, прамежкавых структураў, што аддзяляюць асобу ад дзяржавы.

Іншая сытуацыя стварылася ў краінах, якія ажыцьцяўляюць пераход да свабоднай рынкавай эканомікі пасьля краху камунізму, у тым ліку і ў Расіі.

Ведама, што праваслаўная рэлігія не спрыяла фармаваньню ў грамадзтве пазытыўнага стаўленьня да назапашваньня капіталу і дасягненьня матэрыяльнага посьпеху чалавекам. Сама царква зь ейнымі багацьцямі і пышнай абрадавасьцю, з аднаго боку, і сыходам ад грэшнага сьвецкага жыцьця ў манастыры, з другога, уплывала на фармаваньне паводзінаў сваіх прыхаджанаў, цяжка сумяшчальных з ладам жыцьця рацыянальнага заходняга прадпрымальніцтва. Гісторыя ня ведае прыкладаў хуткага капіталістычнага разьвіцьця краінаў усходнехрысьціянскай культуры. Да гэтага варта дадаць і „ўцёкі ад свабоды“ і адказнасьці, выпеставаныя ў расійскай душы за стагодзьдзі дзяржаўнага патэрналізму, і геданісцкую этыку матэрыялістычнага сьветагляду, які насаджаўся камуністамі, і дагматычную веру расійскіх лібэралаў ува ўнівэрсалізм манэтарысцкіх рэцэптаў, і шмат што яшчэ.

Усё гэта разам і ўтварае тую выбуховую сумесь, якая называецца сёньняшнім расійскім капіталізмам.

Вышэйшая кляса сучаснага расійскага грамадзтва ўзьнікла ў выніку „прыхватызацыі“ дзяржаўнай маёмасьці намэнклятурай, легалізацыі крымінальнага капіталу і ўзвышэньня нязначнай часткі спэцыялістаў з так званай „сярэдняй клясы“. Амаль усіх чальцоў гэтай стракатай групы аб’ядноўвае бадай што адзін этас: жаданьне ўзбагачэньня любой цаной, імкненьне да вывазу капіталу за мяжу і вядзеньня раскошнага жыцьця, якога не дазваляюць сабе прадпрымальнікі ў іншых краінах сьвету. З гэтай групай цесна зьвязанае расійскае чынавенства. Падзел кіраўнічай клясы на бізнэсоўцаў і бюракратаў — зьява чыста ўмоўная. Фактычна яны зьяўляюцца складовымі часткамі адзінага сацыяльнага арганізму, і ў гэтым таксама адметнасьць сёньняшняй капіталістычнай Расіі. Найбольш яскрава гэта праяўляецца ў вайскова-прамысловым комплексе.

Да вышэйшай клясы Расіі таксама належыць групоўка інтэлектуалаў: спэцыялісты у галіне СМІ, тэлежурналісты, рэдактары газэтаў, паліттэхнолягі і г.д. У гэтым бачыцца праява сучаснасьці — масавым грамадзтвам можна маніпуляваць праз эфэктыўныя сродкі ўзьдзеяньня на масавую сьвядомасьць.

Улада і маёмасьць у Расіі ня проста аб’яднаныя ў руках адной сацыяльнай групы, а часьцяком знаходзяцца ў распараджэньні вузкага кола адных і тых жа асобаў. Расія пераўтварылася ў тыповую алігархію. Вядома, што любая алігархія зьяўляецца няўстойлівай формай і мае тэндэнцыю да выраджэньня ў тыранію.

Кіраўнічай эліце супрацьстаіць расійскі народ з усё тымі ж добра вядомымі з гісторыі патэрналісцкімі стаўленьнямі і перакананьнямі. Нягледзячы на прыватызацыю, дзяржава для большасьці людзей, калі не на практыцы, то ў сьвядомасьці, застаецца адзіным сродкам атрыманьня нейкай сацыяльнай падтрымкі, а часьцяком і апошняй надзеяй на выжываньне. Усе праблемы сацыяльна-эканамічнага жыцьця зьвязваюцца зь дзейнасьцю ўраду. Формы самаарганізацыі і самаініцыятывы разьвітыя слаба. „Сярэдняя кляса“ істотна скарацілася за апошняе дзесяцігодзьдзе. Першы раз гэта адбылося пад час гайдараўскай рэформы. У жніўні 1998 г. адбыўся другі абвал, зьвязаны з крызай фондавага рынку.

Сацыяльнай структуры, якая склалася, адпавядае і дзяржаўны лад сучаснай Расіі, ейны палітычны рэжым, які называюць „лібэральнай манархіяй“ ці „асьвечаным аўтарытарызмам“. Вельмі важным зьяўляецца аналіз тэндэнцыяў. Калі мы параўнаем стан грамадзянскіх правоў і свабодаў у 1980 г. з сучаснай сытуацыяй у Расіі, то, без сумневу, заўважым наяўнасьць велізарнага прагрэсу; але калі правядзем параўнальны аналіз сытуацыі 1991 г. з сучаснасьцю, то мы ўпэўненыя, што падставаў для аптымізму стане значна менш. Неабходна шчыра адказаць на фядотаўскае пытаньне: ці не адбываецца зараз у Расіі чарговая спроба дасягненьня эканамічнага і вайскова-палітычнага прагрэсу коштам свабоды, ці ўсё ж такі, нарэшце, гэтыя рэчы супадаюць? На нашу думку, менавіта першае зьяўляецца сапраўдным.
 

 
   

 
9.

Вяртаньне Расіі да капіталізму не суправаджалася рэстаўрацыяй „кемалісцкай“ стратэгіі ейных узаемадачыненьняў з Захадам. Крах камунізму ў СССР нарадзіў у многіх заходніх інтэлектуалаў спадзяваньні на хуткую лібэралізацыю і дэмакратызацыю ўсіх краінаў былога Саюзу. Але, як сьведчыць практыка, з 15 рэспублік толькі краіны Балтыі дасягнулі бясспрэчных посьпехаў на шляху лібэралізацыі. Усе астатнія новыя незалежныя дзяржавы ўяўляюць сабой тую ці іншую форму аўтарытарных рэжымаў. Што тычыцца Расіі, то ейная капіталізацыя прывяла нават да павелічэньня таго цывілізацыйнага бар’еру, які аддзяляе яе ад Захаду.

У савецкія часы дыскусія паміж „славянафіламі“ і „заходнікамі“, паміж Салжаніцыным і Сахаравым, не адбывалася ў вельмі вострых формах, бо перад імі быў адзіны магутны вораг — камуністычная сыстэма, якую неабходна было перамагчы. Цяпер, калі прывід камунізму сыходзіць у нябыт, фундамэнтальнае значэньне набывае пытаньне цывілізацыйнага выбару. Ці павінна Расія адаптаваць заходнія вартасьці, інстытуты і практыку і ператварыцца ў частку заходняга сьвету, ці ўсё ж яна — асобная праваслаўная або эўразійская цывілізацыя, адрозная ад Захаду і са сваёй гістарычнай місіяй быць злучнікам Эўропы і Азіі? Інтэлектуальныя і палітычныя эліты, як і грамадзтва ў цэлым, сур’ёзна разыходзяцца паміж сабой, адказваючы на яго. З аднаго боку, склалася групоўка „новых заходнікаў“, якіх апанэнты называюць „касмапалітамі“ ці „атлянтыстамі“; з другога боку, вельмі моцныя пазыцыі займаюць „нэаславянафілы“: „эўразійцы“ і „дзяржаўнікі“.

Прынцыповая розьніца паміж імі зьвязаная з выбарам прыярытэтаў замежнапалітычнага курсу і, у другую чаргу, са зьместам і характарам эканамічных і палітычных рэформаў. Памяркоўныя дзяржаўнікі прапаноўвалі адмовіцца ад „атлянтызму“, за які выступалі „заходнікі“, і аддаць перавагу абароне расійскіх інтарэсаў у іншых краінах, а зыходзячы з наяўнасьці традыцыйных цюрцка-мусульманскіх кантактаў Расіі, ажыцьцявіць карэнную пераарыентацыю ейных рэсурсаў, сувязяў і інтарэсаў з Захаду на Ўсход. Прадстаўнікі гэтага кірунку адрадзілі і мадэрнізавалі агучаную ў 1920 г. ідэю Пятра Савіцкага аб тым, што Расія зьяўляецца ўнікальнай эўразійскай цывілізацыяй.

Скрайнія дзяржаўнікі падзеленыя міжсобку на славянскіх нацыяналістаў, кшталту Салжаніцына, якія выступаюць за абмежаваньне імпэрыі славянска-праваслаўнымі тэрыторыямі і далучэньне да Расіі Ўкраіны й Беларусі, і імпэрскіх нацыяналістаў, якія выступаюць за адраджэньне і нават пашырэньне межаў былога СССР. Прадстаўнікі апошняй групы маюць выразныя антысэміцкія і антызаходнія настроі. Яны таксама выступаюць за пераарыентацыю замежнай палітыкі з Захаду на Ўсход і Поўдзень, пабудову вайсковага блёку з мусульманскімі краінамі альбо з мусульманскімі краінамі і Кітаем супраць Захаду. Абапіраючыся на настроі ў расійскім грамадзтве, якія склаліся не на карысьць інтэграцыі краіны ў агульнаэўрапейскі дом, прыхільнікі жорсткай лініі адцясьнілі памяркоўных „заходнікаў“ ад улады і дамагліся істотных зьменаў у палітыцы Расіі, якая ў канцы 90-х гадоў, пасьля косаўскага канфлікту, набыла яскрава антызаходні выгляд.

Многія расійскія інтэлектуалы лічаць, што сёньняшні аўтарытарны рэжым — гэта цана, якую расійскае грамадзтва вымушанае заплаціць за адносную стабільнасьць і „ўстойлівую недатыкальнасьць асобы“. На нашу думку, гэта перш за ўсё цана за ўтрыманьне імпэрыі. М.Cакалоў ня мае рацыі, калі піша, што 12 чэрвеня 1990 г. дэлегаты Зьезду народных дэпутатў РСФСР, прагаласаваўшы за сувэрэнітэт Расіі, тым самым зрабілі выбар на карысьць нацынальна-дзяржаўнай самаідэнтыфікацыі: „Ідэя нацыянальнай дзяржавы была прынамсі зразумелай — ёсьць Францыя, ёсьць Нямеччына, ёсьць Швэцыя, дык вось будзе і Расія, тады як выразнай артыкуляцыі савецкай ідэі... не было ўвогуле“.

На нашую думку, тое галасаваньне было прызнаньнем факту страты колішняй вонкавай імпэрыі Расіі, якая распалася ў выніку антыкамуністычных рэвалюцыяў у Цэнтральнай Эўропе і спробай стварыць неабходныя перадумовы для адбудовы яе ў новых формах і ў межах СССР, адначасова ўмацаваўшы ўнутраную імпэрыю ў выглядзе Расійскай Фэдэрацыі. Дэклярацыя сувэрэнітэту РСФСР і „парад сувэрэнітэтаў“, які адбыўся адразу пасьля гэтай падзеі ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, быў цалкам сплянаванай і скаардынаванай у Маскве акцыяй, якая мусіла прадухіліць горшы для Расіі сцэнар разьвіцьця сытуацыі ў Саюзе па балтыйскім варыянце. Гэты плян удаўся толькі напалову: краіны Балтыі выйшлі з СССР, Савецкі Саюз распаўся фактычна пасьля жнівеньскага путчу 1991 г. і юрыдычна пасьля падпісаньня Белавескіх пагадненьняў і іхнай ратыфікацыі, СНД, якое павінна было выконваць ролю „мяккай імпэрыі“, забясьпечваючы палітычны, вайсковы і эканамічны ўплыў Расіі на фармальна незалежныя краіны, прадэманстравала сваю недзеяздольнасьць; падтрымка расійцамі сэпаратыстаў у Абхазіі, Паўднёвай Асетыі, Прыднястроўі, правакаваньне імі канфліктаў у Карабаху, Кіргізстане, Таджыкістане на нейкі час дало магчымасьць забясьпечыць расійскі ўплыў у розных рэгіёнах былога СССР, але паступова то адна, то другая краіна гэты ўплыў аслаблялі. Ад новай вонкавай імпэрыі на сёньня застаюцца Арменія, чыё геапалітычнае становішча і тэрытарыяльны канфлікт з Азэрбайджанам прымушаюць падтрымліваць шчыльныя сувязі з Масквой, Таджыкістан, чые сувязі з Масквой слабеюць, і Беларусь, якая трапіла ў пастку з-за антыпатрыятычнай палітыкі А.Лукашэнкі. Пры гэтым разьвіцьцё падзеяў на Паўночным Каўказе і дзьве крывавыя вайны супраць Чачэніі засьведчылі, што пагроза існуе ня толькі для вонкавай, але і для ўнутранай імпэрыі Расіі.

Варта заўважыць, што паколькі Расія ніколі не была і не імкнулася быць нацыянальнай дзяржавай, разуменьне прадстаўнікамі ейнай палітычнай эліты вартасьці выбару на карысьць яе выклікае вялікія сумневы. Г.Фядотаў у свой час пісаў, што „калі б Расія была нацыянальнай дзяржавай, як Францыя ці сучасная Нямеччына, адказ (на пытаньне аб лёсе краіны ў выпадку ейнай паразы ў магчымай вайне з Захадам — У.Р.) быў бы адносна простым і не такім для яе трагічным… Аднак справа ўскладняецца тым, што Расія не нацыянальная дзяржава, а шматнацыянальная Імпэрыя; апошняя, адзіная ў сьвеце, якая засталася пасьля ліквідацыі ўсіх Імпэрыяў. Было б цудам, калі б яна выйшла непашкоджанай з той катастрофы, якае яе чакае. Мы не жадалі бачыць складанай шматплямённасьці Расіі. Для большасьці з нас перакройваньне Расіі ў СССР, намінальную фэдэрацыю народаў, здавалася небясьпечным маскарадам, за якім хаваецца ўсё тая ж расійская Расія ці нават сьвятая Русь. Як растлумачыць нашую ілюзію? Чаму расійская інтэлігенцыя ў ХІХ ст. забылася, што яна жыве не ў Расіі, а ў Імпэрыі? Тэмы палітычнага вызваленьня і сацыяльнай справядлівасьці завалодалі ёю цалкам, да запамарачэньня. З пункту гледжаньня гуманітарнага і лібэральнага ганіліся Імпэрыі, усе Імпэрыі, як гвалт над народамі, але вынікі гэтага гвалту прымаліся як бясспрэчныя. Інтэлігенцыя абуралася гвалтоўнай русіфікацыяй альбо хрышчэньнем іншародцаў, але гэтае абурэньне адносілася да мэтадаў, а ня мэтаў. Асыміляцыя ўспрымалася як непазьбежнае наступства цывілізацыі. Яшчэ паўстагодзьдзя ці стагодзьдзе, і ўся Расія будзе чытаць Пушкіна па-расійску і ўсе этнаграфічныя перажыткі зробяцца набыткамі музэяў і спэцыялізаваных часопісаў. Так укаранілася ў сьвядомасьці ня толькі лібэральнай, але часткова і рэвалюцыйнай інтэлігенцыі наіўнае ўяўленьне аб тым, што расійская дзяржава, у адрозьненьне ад усіх дзяржаваў Захаду, будавалася ня гвалтам, а мірнай экспансіяй, не заваёвамі, а калянізацыяй“.

Гэтае „неразуменьне“ прадстаўнікамі расійскай эліты імпэрскай сутнасьці сваёй дзяржавы перайшло ў спадчыну да сучаснай інтэлектуальнай і палітычнай клясы, якая фармуе масавую сьвядомасьць расійскага грамадзтва. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што гэтая сьвядомасьць зьяўляецца па-ранейшаму разарванай. З аднаго боку, яна ўспрымае разбурэньне СССР як нацыянальную трагедыю; народы расійскіх аўтаноміяў — як тыя, што павінны быць удзячнымі свайму лёсу за тое, што засталіся разам зь вялікім расійскім народам; успрымае тэрыторыю, вайсковую магутнасьць і далучэньне новых земляў як вартасьці больш значныя, чым упарадкаваньне сваёй зямлі. З другога боку, яна лічыць, што СССР разьвіваўся коштам прыніжэньня дзяржаўнасьці Расійскай Фэдэрацыі; яна шукае расійскую нацыянальную ідэю, якая павінна стаць грунтам згоды і прымірэньня ўсіх сацыяльных і нацыянальных групаў краіны.

Нявыкараненасьць імпэрскіх ідэяў з сацыяльнай сьвядомасьці непазьбежна нэгатыўна ўплывае на лёс свабоды ў Расіі. Думка, што „ня можа быць свабодным народ, які занявольвае іншыя народы“, зь цяжкасьцю прыжываецца на расійскай глебе, што вымушае рабіць самыя пэсымістычныя прагнозы пра пэрспэктывы свабодаў і дэмакратыі ў Расіі. Зноўку вернемся да Фядотава: „Для самой Расіі гвалтоўны працяг імпэрскага быцьця значыў бы страту надзеі на ейную асабістую свабоду. Ня можа дзяржава, якая існуе тэрорам на палове сваёй тэрыторыі, забясьпечыць свабоду для другой паловы. Як пры маскоўскіх царох самадзяржаўе было коштам, заплочаным за экспансію, так фашызм зьяўляецца адзінай сыстэмай уладкаваньня, здольнай падоўжыць існаваньне катаржнай Імпэрыі. Вядома, коштам далейшага пагаршэньня ейнай культуры“.

Гэтак сучасны расійскі капіталізм, ня маючы належнага культурна-цывілізацыйнага грунту, пакуль не стварае перадумоваў для пасьлядоўнай лібэралізацыі краіны, разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў і прынцыпаў. Больш за тое, пагроза фашызацыі „капіталістычнай“ Расіі зьяўляецца абсалютна рэальнай. „Мяккі фашызм“ а la Mussolini ўжо знайшоў там сваіх „лібэральных“ прыхільнікаў і ідэолягаў. Для Расіі фашысцкая пэрспэктыва робіцца магчымай яшчэ й таму, што фашыстоўская эканамічная мадэль (зьмяшаная эканоміка і дзяржаўнае рэгуляваньне прыватнага капіталу) у прынцыпе задаволіла б сёньняшнюю паноўную эліту, якая баіцца вяртаньня да камуністычнай казармы, але звыкла да супрацоўніцтва зь дзяржаўным апаратам.

З 1993 г. Расія дрэйфуе ад дэмакратыі да дыктатуры. Чым скончыцца гэты дрэйф і якая форма аўтарытарызму ці таталітарызму паўстане ў канцы шляху, невядома. Але факт, што трэцяя ў ХХ ст. спроба рэалізацыі ідэяў свабоды ў Расіі пацярпела паразу. Тое, пра што так яскрава пісаў Фядотаў: „...імпэрская сьвядомасьць кармілася ня столькі інтарэсамі дзяржавы — тым менш народу, — колькі юрам улады: патасам няроўнасьці, радасьцю прыніжэньня, гвалту над слабымі. Страта імпэрыі ёсьць маральным ачышчэньнем, вызваленьнем расійскай культуры ад страшэннага ярма, што перакручвае ейнае духоўнае аблічча. Вызваленая ад ваеннага і паліцэйскага клопату Расія зможа вярнуцца да сваіх унутраных праблемаў — да пабудовы выпакутаванай у страшэнных пакутах свабоднай сацыяльнай дэмакратыі“, — застаецца непрачытаным суайчыньнікамі філёзафа.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by

Кнігі і артыкулы, цытаваныя ў тэксьце:

D.Apter, „The Role of Traditionalism in the Political Modernization of Ghana and Uganda“
// World Politics, #13, October, 1960.

D.Bell. The Cultural Contradictions of Capitalism. — New York: Harper Collins, 1976.

S.Huntington. The Clash of Civilizations. Remaking of World Order. — New York: Touchstone, 1996.

Н.А.Бердяев. Истоки и смысл русского коммунизма. Москва: Наука, 1990.

Н.А.Бердяев. О России и русской философской культуре. Философы русского послеоктябрьского зарубежья. — Москва: Наука, 1990.

У.Лакер. Россия и Германия. Наставники Гитлера. — Вашингтон: Проблемы Восточной Европы, 1991.

В.В.Леонтович. История либерализма в России // Опыт русского либерализма. Антология. — Москва: Канон, 1997.

М.Ю.Соколов. Поэтические воззрения россиян на историю: в 2-х кн. — Москва: SPSL —„Русская панорама“, 1999.

П.Б.Струве. Patriotica: Политика, культура, религия, социализм. — Москва: Республика, 1997.

Г.П.Федотов. Судьба и грехи России // Избранные статьи по философии русской истории и культуры. — Санкт-Петербург: София, 1991.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (9) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-07-2000