A R C H E | S k a r y n a | №
4 (9) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Вольф Рубінчык
|
Што да трэцяга раздзелу, дык фактычна гэта кампіляцыя матэрыялаў Надзвычайнай камісіі па злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая працавала ў Беларусі ў 1944–45 гадах, і ўспамінаў сведкаў Катастрофы. Поўнай і падрабязнай гісторыі беларускіх гета тут няма, аднак можна даведацца пра падзеі ў прыкладна 50 гарадах і мястэчках. Заслугай аўтара з’яўляецца ўвядзенне ў навуковае абарачэнне шэрагу новых дакументаў. |
На жаль, распавядаючы пра менскае гета, аўтар мала карыстае з кнігі аднаго з важакоў тамтэйшага падполля Гіршы Смоляра „Мсціўцы гета“, што выходзіла ў Маскве ў 1946 і 1947 г. (адпаведна, на ідыш і на расійскай), з прычыны яе ўяўнай „павярхоўнасці“. Толькі ўзгадваецца й выдатная кніга нядаўна памерлай Ганны Краснапёркі „Пісьмы маёй памяці“ (Менск, 1984). Навуковую вартасць кнігі Смілавіцкага зніжаюць стылёвыя неахайнасці, паўтарэнні, шматлікія памылкі друку. Сям-там аўтар пераказвае факты з іншых крыніц без адмысловай спасылкі на апошнія (напрыклад, на с.72 — эпізоды з кнігі А.Рубенчыка „Правда о Минском гетто“, Тэль-Авіў, 1999). Сустракаюцца кур’ёзы перакладу („падпальшчык“ як „подпольщик“). Аўтар зусім справядліва прыгадвае, што дакладная колькасць яўрэйскіх ахвяраў на Беларусі невядомая, і падае розныя версіі: ад 245 тысячаў да мільёну чалавек. Сам ён лічыць, што загінула больш за 80% беларускіх яўрэяў, або мінімум 700 тысячаў чалавек (і гэта падобна да праўды), але не тлумачыць, як падлічыў. Да таго ж ён крыху супярэчыць сам сабе, калі піша, што да верасня 1941 году здолела з’ехаць у эвакуацыю „толькі 20% яўрэйскага насельніцтва рэспублікі“ (с.68). У аснову кнігі пакладзены артыкулы Л.Смілавіцкага з ізраільскіх навуковых часопісаў. Можна заўважыць, што кніга зроблена крыху паспешліва — і ўсё ж, нягледзячы на шэраг істотных недахопаў, яна будзе карыснай усім, хто цікавіцца гісторыяй яўрэяў Беларусі, другой сусветнай вайной, партызанкай і яўрэйска-беларускімі стасункамі. Аўтар кнігі — прафесійны гісторык, PhDr. Нарадзіўся ў Беларусі ў 1955 г., эміграваў у Ізраіль у 1992 г. Працуе ў Інстытуце яўрэйскай дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце. Кніга выдадзена коштам некалькіх ізраільскіх фондаў. Замовіць яе можна непасрэдна ў аўтара: L.Smilovitsky, Olsvanger str., 111–37. 96673, Jerusalem, Israel. Тэл. 02-6417146.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (9) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |