|
|
Ганна Штэйнман
У дзяржаўніцкіх каардынатах
Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч.
Дзесяць вякоў беларускай гісторыі.
— Вільня: Наша Будучыня, 1999.
„Гістарычная сьведамасьць яшчэ настолькі кволая, дый не даецца яна за год-другі. Асабліва ўва ўмовах недахопу літаратуры, фальсыфікацыяў, разброду гістарыяграфічных трактовак (то мы балты, то ня балты)… Словам, не кансалідуе таксама“.
(Сяргей Паўлоўскі. „Мова наша і ваша“ // „Наша ніва“, 27.01.97)
Калі некалькі год таму ў „Свабодзе“ пад рубрыкай „Дзесяць вякоў беларускай гісторыі“ пачалі зьяўляцца артыкулы Ўладзімера Арлова і Генадзя Сагановіча, прысьвечаныя адметным падзеям і постацям нашае мінуўшчыны, большасьць маіх аднагодкаў-школьнікаў ужо ведала, што гістарычны шлях Беларусі распачаў не „Вялікі Кастрычнік“ і не абвяшчэньне БССР, — ведала, у асноўным, зь першых падручнікаў у бел-чырвона-белай мяккай вокладцы, а тыя, хто цікавіўся гісторыяй, пасьпелі ўжо прачытаць „Імя ў летапісе“ Вітаўта Чаропкі і „Памяць пра легенды“ Кастуся Тарасава. Тым ня менш, зьмешчаныя ў газэтах артыкулы вядомых гісторыкаў адразу знайшлі свайго чытача, які нецярпліва чакаў выхаду кожнага новага нумару.
Прайшло некалькі год, і цяпер сабраныя і выдадзеныя асобнай кнігаю „Дзесяць вякоў беларускай гісторыі“ ёсьць у першую чаргу адлюстраваньнем адпаведнай гістарычнай канцэпцыі, у цэнтры якой — беларуская нацыянальная дзяржава. Пра тое, наколькі карысна для беларускай інтэлігенцыі культываваць і прапагандаваць такі падыход у сёньняшняй Беларусі, няма чаго й казаць. Тым больш, што апошнім часам на рынку гістарычнай літаратуры зьявілася шмат новых выданьняў — ад спэцыяльнага падручніка на расейскай мове, прызначанага для выкладаньня гісторыі Беларусі ў Вышэйшай школе міліцыі з адпаведнай вэрсіяй гісторыі, да зялёнага і афіцыёзнага „братнеславянскага“ дапаможніка ў дзьвюх частках, які, між іншым, сьцьвярджае, што далучэньне Беларусі да Расейскае Імпэрыі паспрыяла разьвіцьцю прамысловасьці нашае краіны і самавызначэньню беларусаў. З аднаго боку, зьмешчанай у кнізе інфармацыі можа папросту забракнуць, для таго каб пасьпяхова здаць іспыт па прадмеце, які называецца „Гісторыя Беларусі“. Зь іншага боку, школьным падручнікам (асабліва пасьля таго, як чырвоную паласу на вокладцы зьмянілі на блакітную), відавочна, не стае моманту пэўнае „ідэалізацыі“ і „гераізацыі“ роднай гісторыі — а менавіта ў гэтым галоўная зваба і прычына посьпеху кнігі Ў.Арлова і Г.Сагановіча. Не сакрэт, што аб’ектыўнасьць часьцяком мяжуе з абыякавасьцю, а вызначыць, што ёсьць гістарычнай праўдай і гістарычнай справядлівасьцю, калі гаворка йдзе пра гісторыю тваёй радзімы, цяжка. Калі ўжо на тое пайшло, дык беларускім дзеткам трэба расказваць беларускія казкі пра беларускіх асілкаў, і казкі гэтыя мусяць у першую чаргу быць гераічнымі, а не „аб’ектыўнымі“ — пакінем апошнюю прыкмету для сур’ёзных навуковых распрацовак. „Дзесяць вякоў беларускай гісторыі“ — казкі для дарослых — спалучаюць праўдзівыя гістарычныя факты з эмацыйнымі вобразнымі камэнтарамі, у выніку ўтвараецца своеасаблівая і вельмі нацыянальная вэрсія гісторыі, дзе акцэнты расстаўленыя і прыярытэты пазначаныя выключна ў адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі беларускае дзяржавы, такімі, якія яны бачацца аўтарам. Просты прыклад: у аповедзе пра забойства ўніяцкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча пад час паўстаньня ў Віцебску ў 1623 годзе, ягоным мэтадам увядзеньня ўніяцтва прысьвечана адно некалькі сказаў: „Язафат Кунцэвіч быў сынам свайго нялітасьцівага часу…“, „Не шкадуючы сябе, гэты чалавек не шкадаваў і іншых…“, „Прысьпешваючы падзеі, ён пераступіў небясьпечную мяжу, за якою пачынаецца жорсткасьць…“, затое вельмі падрабязна і натуралістычна апісваецца жорсткая сцэна ягонага забойства, цытуюцца вытрымкі з судовых дакумэнтаў па гэтай справе. Праз 216 год біскуп Іосіф Сямашка праводзіў адваротны працэс — гвалтоўны перавод уніятаў у праваслаўе — і ўся жорсткасьць, зь якою гэта рабілася, добра „прачытваецца“ разам з болем ад страты „нацыянальнай“ рэлігіі. Абсалюту аб’ектыўнасьці няма розьніцы, якую рэлігію на якую зьмянялі гвалтам, але для беларускай дзяржаўнасьці розьніца ёсьць, улічваючы, што „праваслаўная царква не дала ў ХVII стагодзьдзі ніякіх яскравых прыкладаў заступніцтва за нацыянальныя правы беларусаў, а часам выконвала здрадніцкую ролю“ (У.Арлоў, „Берасьцейская царкоўная унія“), а „новая [уніяцкая] царква паступова перамагала як сапраўды нацыянальная, народная. Так яе расцэньвалі Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі (…). Уніяты добра ведалі, што яны не палякі і не расейцы“ (У.Арлоў, „Берасьцейская царкоўная унія“). Тым больш, што, скасаваўшы унію, „калянізатары замацавалі падзел беларусаў на каталікоў і праваслаўных. Вось адна з галоўных прычын слабой нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, ад чаго мы зазналі столькі няшчасьцяў і ў наступным [ХХ] стагодзьдзі“ (У.Арлоў, „Царкоўны сабор у Полацку прымае акт аб ліквідацыі уніі“). У Беларусі настолькі размытае паняцьце нацыянальных інтарэсаў, што абазначыць тую розьніцу вельмі важна.
Невыпадкова абраная і форма хронікі. Гістарычная хроніка ў памяці кожнага з нас складаецца з шэрагу вядомых нам гістарычных падзей, паводле якіх мы арыентуемся ў гісторыі, атаесамляючы даты з пэўнымі эпохамі. „Дзесяць вякоў беларускай гісторыі“ мусяць „пераарыентаваць“ чытача з падзеяў расейскай ці іншай гісторыі на падзеі гісторыі Беларусі. Гэта і найбольшая вартасьць „Дзесяці вякоў“, дзякуючы гэтай акалічнасьці твор Уладзімера Арлова і Генадзя Сагановіча ня згубіцца ў шэрагу іншых гістарычных выданьняў.
Мы адчувалі патрэбу ў такой кнізе — цяпер яна ў нас ёсьць. І хоць рыхтавацца да сур’ёзнага іспыту па гісторыі Беларусі, выкарыстоўваючы яе як падручнік, не выпадае, я ўзгадваю, як перад адпаведным іспытам слухала „Песьні касінераў“ Сержука Сокалава-Воюша, і з гэтай жа прычыны раю перачытаць ці хаця б пагартаць „Дзесяць вякоў беларускай гісторыі“, перад тым як цягнуць білет з пытаньнямі.
|
|