A R C H E | S k a r y n a | №
4 (9) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Генадзь Туровіч
|
Каб даць юным чытачам прыклад для перайманьня, узор для паводзінаў, большасьць герояў аповесьці — станоўчыя вобразы. Да іх, безумоўна, адносяцца й панскі садоўнік са сваёй каханкай паннай Марыяй. Зь дзяцінства іх аб’ядноўвае ня толькі родная вёска, аднолькавы век, але й адно гора — абое сіроты. Разам гадаваліся, таму пачуцьцё паміж імі ўзьнікае цалкам натуральна. Ім ня ведамы табу тагачаснага грамадзтва. Хлопец, здольны музыка, хутка спасьцігае навуку садова-паркавага мастацтва. Ён непасрэдны, не хаваецца за чужыя сьпіны, сам трымае адказ за свае справы. Ён — прыклад для перайманьня. Але паслухайце яго мову: „Я, як тая камета, лячу да Зямлі“ (с.98) або: „Знікне цывілізацыя, людзі забудуцца словы, аднак навекі застанецца маё пачуццё да Вас“ (с.160). Заўважу — гэтыя тырады гучаць з вуснаў простага селяніна, што ніколі не пакідаў межаў сваёй вёскі, што не спасьцігаў навукі ўва ўнівэрсытэтах. Дзіва! Так, ХVІІІ стагодзьдзе ўвайшло ў гісторыю як век адукаванага абсалютызму, але не настолькі ж, каб просты парабак пачаў разважаць пра цывілізацыю! Гэта ня мова селяніна. Узгадайце хоць бы „енеральну парапіцу“ з клясыкі, які жах яна наводзіла на мясцовых сялянаў... Гэта мова аўтара. Не знайшоўшы нейкіх простых і шчырых словаў, а мо наадварот, жадаючы паказаць уласную эрудыцыю, Ю.А.Татарынаў укладвае ў вусны свайго героя гутарковую мову жыхара плянэты Зямля канца ХХ стагодзьдзя, знаёмага ня толькі з астраноміяй, але і з працамі Арнольда Тойнбі. Такім чынам, давер да кніжкі яшчэ больш зьніжаецца. Але вернемся да галоўнага героя. Помнікам садоўніку застаецца ягоная праца — Марысін парк. Садоўнік прымае сьмерць, па-сапраўднаму і ня зьведаўшы шчасьця каханьня, але зрэалізаваўшы сябе на ніве садова-паркавага мастацтва. Іншым разам высілкі аўтара больш-менш канкрэтна акрэсьліць той ці іншы вобраз увогуле прыводзяць да дзіўных характарыстык. Вось што піша аўтар пра Пахомія Лагафета: „У кампаніі маладых ён (Пахомі. — Аўт.) стаў кімсьці тыпу мясцовага свяшчэнніка“ (с.252). Што гэтым хоча сказаць сп.Татарынаў? І што б ён адказаў, калі б пра яго самога нехта напісаў: „Выдаўшы тры кніжкі, Ю.А.Татарынаў стаў кімсьці тыпу мясцовага пісьменьніка“? Прыкладам самаадданасьці выступаюць хатнія слугі панны Марыі, сярод іх выдзяляецца пакаёўка Люцыя. Яна таксама загіне, ахвяруючы сваё жыцьцё дзеля гаспадыні. Яе вуснамі гаворыць народ, у крытычны момант яна дае найбольш разумную параду, але яе ня слухаюць. На гэтым пералік станоўчых герояў ня скончваецца. Самы загадкавы зь іх — гаспадар замка князь Эрдзівіл. Усемагутны магнат, безь якога кароль ня можа ступіць ані кроку, бо ўвесь час тэрмінова выклікае яго да сябе ў сталіцу, уражвае сваёй інфантыльнасьцю. Гэты глыбока няшчасны ў шлюбе чалавек зычыць сваёй пляменьніцы толькі дабра, але кожны раз пакідае яе ўва ўладзе сваёй жонкі-вядзьмаркі. Дзіўная роля адведзена яму аўтарам. Магчыма, перад тым як сасватаць родзічку за прынца, князь хоча ўпэўніцца, ці вартая яна таго? Ён ня мае сумневу наконт выгляду, але, пакідаючы Марыю сам-насам са сваёй жонкай і прыдуркаватым сынам, напэўна, спрабуе высьветліць, ці цьвёрды характар тая мае. Ці здольная яна высака, з гонарам пранесьці па жыцьці знакамітае імя Радзівілаў (ай, прабачце, высокашаноўнае спадарства, канечне ж, Эрдзівілаў). Інакш немагчыма вытлумачыць паводзіны князя ў дачыненьні да Марыі, бо, маючы такую ўладу й такія грошы, ён не схацеў забраць яе з сабой у вялікі сьвет, а пакінуў на верную сьмерць. |
Часам здаецца, што аўтар аповесьці будуе яе на тых самых прынцыпах, што й знакаміты мультсэрыял пра Чабурашку, дзе ў першай сэрыі той чытае па складах, а ўжо к чацьвертай у яго гэта звычка страчваецца, і ён шчыра прызнаецца кракадзілу Гену, што не сустрэў яго, бо ня здолеў прачытаць тэлеграму. Гэтак сама паньне Марыі ў 17-гадовым веку зьбіраюцца даць адукацыю (гэта галоўны довад яе тэрміновага пераезду ў замак), а ўжо перад сном у першы ж дзень, каб неяк бавіць час, яна раскрывае кніжку. Яшчэ ж праз колькі старонак „вясковая прынцэса“ зьдзіўляе мастака Гнезскага параўнаньнем кветак німфэі са знакамі ангельскай кароны. Цікава было б даведацца, няўжо пра форму ангельскай кароны раней ёй распавядалі вясковыя пастушкі? Каб перадаць ні з чым не параўнальны калярыт кніжкі, навяду шчэ колькі прыкладаў: „Жадаючы хутчэй скончыць сумны рытуал, ён (князь Эрдзівіл. — Аўт.) раптам павярнуўся, звякнуў шпорамі, пакрочыў да карэты. Слуга адчыніў перад ім дзверку“ (с.161). Дазвольце папытацца, навошта Ю.А.Татарынаў начапіў на боты шпоры, калі князь зьбіраўся ехаць ня верхам, а фурманкай? Шчэ з кніжкі можна даведацца, што „губы“ — прыналежнасьць мужчынская, а „вусны“ — жаночая („Намагаючыся пацалаваць яе, той дакрануўся губамі да яе вуснаў“). У кніжцы можна знайсьці й „каталіцкі манастыр“, і „прыказчыка“. Новая кніжка Ю.А.Татарынава пабачыла сьвет у сэрыі „Бібліятэка прыгод і фантастыкі“. Выдавецтва „Юнацтва“ шчэ ў 1982 годзе распачало друкаваць найлепшыя творы сусьветнай літаратуры для дзяцей. Стаяць на адной паліцы з А.Дзюма ганарова для любога пісьменьніка, але гэта таксама накладае на яго пэўную адказнасьць. Сама менш трэба адпавядаць стандартам забаўляльнай літаратуры. Ці здолеў дасягнуць гэткай вышыні аўтар „Чарадзейных яблыкаў“ і „Сэрца панны Марыі“, рашаць, зразумела, маленькім чытачом, калі ім не перашкодзіць зрабіць гэта цвырканьне конікаў. Гэтыя маленькія жывёліны стракацяць ня толькі ў парках Нясьвіжу, але й на бачынах кніжкі — старонках 10, 12, 17, 92, 95, 141, 175, 204... Ад гэтага стракаценьня хочацца згарнуць „Яблыкі“ і перачытаць „Паданьні Нясьвіжу“ сп.Шышыгінай-Патоцкай.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (9) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |