A R C H E | A d a m H l o b u s | № 5 (10) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Вячаслаў Адамчык
|
Але звернемся да архіўных дакументаў. Згодна з інвентаром маёнтку Наваельня ад 5 снежня 1845 году, прыгонны Язэп (Іосіф) Аблажэй, дзевяты з адзінаццаці гаспадароў у вёсцы „Веракомшчызна“ 3-га фальварку Ахонаў (Ахонава — цяпер Варакомскія хутары), урабляў 7 дзесяцінаў* і 2010 сажняў добрай, 6 дзесяцінаў і 1900 сажняў сярэдняй і 6 дзесяцінаў ніжэйшай зямлі. Трымаў чатыры валы, аднога каня, тры каровы, сямнаццаць авечак, трое свіней і меў адзінаццаць калодаў пчол. *Дзесяціна — 1,0925 га Як тут не пасадзіш у сані дачку і не паедзеш сватаць яе за дужага хлопца, каб даглядзець спраўную гаспадарку!? І можна было б жыць, як варакомцы кажуць, на шырокую нагу, каб не прыгон. Згодна з павіннасцю варакомскі селянін мусіў адбываць на пана тры з вупражжу (канём, валом) і тры пешыя дні. Гэта кожны тыдзень. Былі яшчэ знакамітыя гвалты, калі з хаты выходзілі ўсе (вядома, рабочыя), пакінуўшы на варце толькі аднога. На выпадак пажару ці зладзейства. Гвалты прыходзіліся найбольш на жніво і сенаванне. Апрача таго была грашовая павіннасць — чынш. Варакомцы, надзеленыя 19 дзесяцінамі ворнай зямлі, плацілі ў год 1 р. 44 кап. |
Сытна, уежна і ўлежна, як сказаў бы варакомец, жылося панам і падпанкам Шукевічам і Лахніцкім. Але час адмераны ўсяму, у тым ліку і прыгону. Праўда, дзед мой не зведаў яго. У шаснаццаць ці семнаццаць гадоў Тодар вяртаецца ў родную варакомскую хату. Лявону, старэйшаму брату, гэта не ў нос — гаспадарку прыйдзецца дзяліць на двух. Прылучыўшы момант, калі слабейшы і маларослы Тодар аказаўся ў варыўні ці стопцы, Лявон (я помню гэтага высокага сіва-рудаватага дзеда, па мянушцы Балабан**) разам са сваёю Аўдоцяю, схапіўшы за горла, намагаюцца яго задушыць. Невядома, чым скончылася б усё, каб на гэты лямант не надышла суседка Міхаліна… **Балабан — даволі вялікі сокал, рыжавата-буры, якога калісьці выкарыстоўвалі ў якасьці лоўчай пташкі. І гаспадарку сквапнаму Лявону прыйшлося падзяліць ужо на трох — яго, Лявона, зводнага брата Тодара і іхнага дзядзьку Алеся Захарава Адамчыка. |
Атрымаўшы надзел, Тодар нарэшце пачаў падумваць пра жаніцьбу. Жаніўся ён ужо сталым хлопцам з беднаватай, як і сам, дзяўчынай. Браў яе, маладзенькую, з суседняе вёскі Рабкі. Гэта пацвярджае мая выпіска з метрычнай кнігі Наваельненскай царквы Слонімскага прыходу Літоўскай духоўнай кансісторыі: „Частка другая. Аб шлюбе 4 ліпеня 1893 году Селянін вёскі Варакомшчына Фёдар Іванаў Адамчык, праваслаўнага веравызнання, першым шлюбам, 25 гадоў (на самой справе дзеду было 28 гадоў). Сялянка вёскі Рабкі Фядора Варфалам’еўна Таўкун, праваслаўнага веравызнання, першым шлюбам, 20 гадоў. Паручыцелі па нарачоным: сяляне вёскі Варакомшчыны Піліп Восіпаў Пыцель і Іван (Янэчак. — В.А.) Матэвушаў Нагорны. Па нарачонай: сяляне вёскі Рабкоў Сцяпан Станіславаў Кузюк і Лявонці Антонаў Адамчык. Настаяцель Наваельненскай царквы Якаў Іллюкевіч“. Баба Тадора, як прыгадваў бацька, пражыла сорак пяць гадоў. „Хварэла. Папрасіла есці і памерла. На Сёмуху, 7 чэрвеня 1918 году“. Дзед Тодар да канца дзён сваіх застаўся ўдаўцом. Яны нарадзілі сямёра дзяцей: Стэфаніда, альбо па-вясковаму Стэпка, Настася, Юлька, Васіль, Маня, Ладзімер (мой бацька — В.А.), Змітрук. Старэйшая з іх — цётка Стэпка — выйшла замуж у суседнія Рабкі за ўдаўца Петрука Грыцука (1883—1958) і нарадзіла яму чатырох сыноў і дачку Алену. Пражыла яна з усіх Тодаравых дзяцей найбольш — дзевяноста гадоў і два тыдні (1894—1984). Як прызнавалася мне, ніколі ў доктара не была: „Сорамна ж раздзявацца“. |
Янка Нагорны некаторы час быў сябром гміннай (валасной) рады, за што ў 1939 годзе, з прыходам бальшавікоў, быў арыштаваны і адпраўлены на лесапавал у Архангельскую вобласць. Цётку Настасю з пяццю дзецьмі на згоне зімы 40-га году вывезлі ў Казахстан, пад Акмолінск. З двума стрыечнымі братамі я сустрэўся праз трыццаць пяць гадоў. Яны ўспаміналі, як у стэпе лавілі суслікаў. Маці смажыла іх. І гэтым сям’я выратавалася ад страшнага голаду. Пасля вайны Нагорныя пераехалі ў Польшчу. Там, у вёсцы Гжыбяны каля Лягніцы, цётка Настася і памерла. Гаварыла яна па-беларуску, і польскія дактары не маглі разабрацца, што значыць „баліць сярэдзіна і крыж“. Дарэчы, два мае стрыечныя браты апынуліся ў польскім войску. Адзін — у дывізіі Андэрса, што была сфармаваная на тэрыторыі СССР і пазней прыняла бой пад Монтэ Касіна, другі — у дывізіі, якая штурмавала вышыню пад Ленінам на Магілёўшчыне. У сутнасці, яе паслалі на немінучую пагібель — немцы замацаваліся на вышыні і ў дзотах. Але Франак загінуў, вызваляючы Варшаву, у прадмесці Прага. Ладак, нараджэння 1922 году, апынуўся спачатку ў Англіі, потым — у ЗША, дзе скончыў політэхнічны інстытут. Там для мяне і згубіўся ягоны след. Кажуць, ён працаваў камерцыйным дырэктарам у касмічным цэнтры. Але трэба нарэшце вярнуцца да генеалагічнага дрэва Адамчыкаў. Бацька мой быў шостым дзіцем у немалой дзедавай сям’і. Як сведчыць метрычная кніга Наваельненскай царквы Дзятлаўскага благачынія, ён нарадзіўся 17 красавіка (ст. ст.) 1907 году. Хрышчаны 24 дня гэтага месяца. Хроснымі бацькамі яго былі Хведар Аляксандраў Адамчык, стрыечны дзедаў брат, і бабіна малодшая сястра Параскева (па-вясковаму, мусіць, Параска) Таўкун. Хведара Адамчыка, спраўнага гаспадара ў Варакомшчыне, я помню. Бываў не раз у яго ў хаце, забаўляючыся з ягонымі ўнучкамі-дзяўчаткамі, маімі равесніцамі, — і здзіўляўся з прыгожай лямпы з малочным абажурам і насценнага гадзінніка ў выштукаванай карычневай шуфлядцы. Хведар ездзіў на дагледжаным жоўтым ці, праўдзівей, палавым кані, вымененым на старую вопратку ў польскіх пагранічнікаў, што ўцякалі з-пад Стоўпцаў у верасні 1939-га. Прыгадваецца і такі факт. Калі гарэла, расстраляная запальнымі снарадамі (таму і не памечана на мемарыяльных дошках у Хатыні) наша Варакомшчына, стары Хведар не баяўся куль і, стоячы над зарослай крапівой былою ямаю для спрату бульбы, дзе ўперамежку з перапалоханымі салдатамі ляжалі мы, дзеці і жанчыны, падганяў наіўна-маладзенькіх хлопцаў да бою: „Вы толькі смелыя лазіць па маіх свірнах“. Багатыр, як кажуць у нас на багатага чалавека, Хведар, вядома, бальшавікоў не любіў. |
Грамадзянка Браніслава Шэйбак, дачка Яна і Юзэфы з дому Баравікоў, праваслаўная (маці на самой справе была каталічкай. — В.А.), вёскі Варакомшчыны гміны Дварэцкай, першым шлюбам, 23 (26. — В.А.) гады. Паручыцелі: З боку нарачонага грамадзяне вёскі Варакомшчыны Ян сын Станіслава Нагорны і Дзімітры сын Фёдара Адамчык. З боку нарачонай Ян сын Яна Шэйбак і Канстанцін сын Пятра Аблажэй”. Прыгадваецца, бацька ўспамінаў: „Вяселле было перад запустамі (запусты 15 лістапада па старым стылі, значыць, па новым — 28-га), пасля ўсіх святых. На ўсе святыя былі ў споведзі. Восень у той год выдалася цёплая. Мы з Броняю варочаліся з Дварца, а насустрач нам ішлі босыя бабы. Вяселле [гулялі] у нядзелю рана ў нас, у Тодаравай хаце. Пасля вянца — вечар, ноч і панядзелак — у Шайбаковай хаце, у Броні. Аўторак, серада — зноў у нас, Адамчыкаў. Маці за прадзівам, бывала, прыгадвала сваё замужжа: „Прысніла сон, што прачнулася ў Тодаравай хаце, а там — сонца, яснасць. Падумалася мне, што замуж пайду за Тодаравага Ладзімера. На гэта і выйшла“. А тое, што расказвала перад смерцю, было нават страшнае: „Замуж ішла не любіўшы. Не хацела нават, каб дзіця ад Ладзімера было. Пайду на рэчку паласкаць бяллё і цісну свой жывот. Таму і ўрадзіўся ты гэтак нездароўчы. Нават голасу не падаваў. Думалі, жыць не будзеш. Адно ж баба Юзэфа, падаслаўшы пялюшку (пялёнку), палажыла цябе на цёплую печ, ты адагрэўся і голас падаў“. Жылі бацькі ў бядоце. Аддзяліўшыся ад дзеда Тодара, наша сям’я знайшла прытулак у падпаветцы — даўнейшай прыбудове пры хаце, дзе стаялі вазы, сані, плугі, бароны і іншыя сялянскія прылады і рэчы. Там бацька адгарадзіў куток, прабіў аконца і паставіў невялікую печ. Бацька — сірата ў падлеткавыя гады, малазямельны — у сталыя. У дзяцінстве амаль не ведаў, што такое малако. Яго замяняла талакно — прарошчаны, высушаны і змолаты авёс. Штодня ўпрогаладзь. „Ідзеш, — расказваў ён, — а перад вачыма ржышча расце“. Дзед, аддаючы замуж бедных дачок, аддаваў ім звычайна ў пасаг і астатнюю карову. Васілю, старэйшаму сыну, выпраўляючы яго ў прымы, дзед аддаў, як з гаркатою ўспамінаў і ўсміхаўся бацька, каня, вазок і стусінавую пугу. А потым каня трэба было купіць. Удавец Тодар коней любіў — яны ў яго заўсёды паліскаліся ад сытасці і дагледжанасці. Напэўна, лічыў, што дзеці як-небудзь пераб’юцца самі, а скаціну трэба накарміць. Умеў і пакладаць [лягчаць] іх. Помніцца, як храплі і білі задзёртымі ўгору капытамі дужыя жарабцы, калі іх валілі, сабраўшыся на прыгуменні, маладыя мужчыны. Востры, наточаны ножык быў заўсёды ў дзедавай кішэні. І як баяліся гэтага ножыка пяці-сямігадовыя хлапчукі. Без памяці, толькі чубкі мігцелі, імчалі з нашага панадворку, згледзеўшы майго лысаватага, курносага дзеда. А ён у дадатак быў яшчэ жартаўнік. Бывала, вылегчае барана і нясе ў барановай машонцы два яечкі. Падыме іх і патрасе перад маладзіцамі. А тыя — у злосць і кляцьбу. А калі спячэ іх на вуголлях у пячорцы на прыпеку — мне, малому, ласунак. Мяне ён чамусьці любіў і расказваў мне нямала сёння ўжо забытых казак. |
І вось кароткая даведка пра смерць дзеда, выпісаная мною з наваельненскае царкоўнае кніжкі (Дзятлаўскі архіўны ЗАГС). Дарэчы, запіс зроблены па-беларуску, як відаць, на праваслаўных святароў патрэбна цвёрдая рука, каб яны да Бога загаварылі родным словам. „1943 год. Студзень. 26 дня памёр, 27 пахаваны жыхар вёскі Варакомшчына Дзятлаўскага раёну Адамчык Фёдар, сын Івана і Анны, удавец, праваслаўны, 78 гадоў. Протаіерэй: Вяч. Лапацінскі.“ Бацька, што меў на лічбы камп’ютарную памяць, чамусьці ўдакладняў, што дзед памёр 28 лютага. І я яму веру болей, чым запісу ў метрычнай кнізе. І мне прыгадваецца марозны хмуры дзень. Белы атынкаваны дом у мястэчку Наваельня, дзе мы, пагарэльцы, знайшлі часовы прытулак. Азяблы бацька, які забег пераабуцца і сказаў, што на могілкі ўжо вязуць дзеда. Я зірнуў у акно і ўбачыў жалобны картэж: фурманка з новаю жаўтлява-ружоваю труною, наперадзе яе — высокі, лысы дзядзька Пятрук з узнятым карычневым крыжам. А за возам — купка жанчын і мужчын. Збоку воза ў накінутай на галаву і на плечы балонкавай хустцы ідзе цётка Стэпка. Дзеда пахавалі поруч з яго ўнучкаю, маёю роднаю сястрою Геняю (Яўгеніяй), што памерла ад водры напрадвесні 1941 году. Дату і дзень Генінай смерці называў бацька: „Як зязюлька закуе, так і яе ўспомню. Паўдзеўкі было — „Кацюшу“ спявала. У маі памерла, у чацвер, пятнаццатага“. Да гэтых успамінаў іншы раз дамешваўся і мацерын жалосны голас: „Спытала я ў яе: „Памрэш?“ „Памру“, — кажа. „А якую ж табе на смерць сукенку скласці?“ Я адчыніла куфар і паказваю на кітайскі шоўкавы шалік, які мне бацька з чыгункі, з Маньжурыі [Манчжурыі] прывёз. „Во гэту“, — сказала яна, паказаўшы на шалік. З яго і пашыла ёй вэлюм“. Памятаю, перад пахаваннем кароткую труну паставілі ў настылай халоднай царкве, помню дзяўчынку ў труне з пасінелымі губкамі, з венчыкам на лобе, і гэтую зеленаватую вуаль, пашытую з празрыстага ядвабу… Запісу аб смерці сястры я не знайшоў — царква, як гаворыцца, была ўжо адлучана ад дзяржавы. Метрыка Геніна ёсць. Яна на польскай мове і з недаравальнымі памылкамі. Месцам нараджэння чамусьці памечана суседняя вёска — Рабкі. А мне помніцца, як я начаваў у дзеда Шайбака, бо ў тую ноч (10 жніўня 1938 году) мая маці нарадзіла дзіця. Гэта і была мая сястра Геня. |
Як Шайбакі апынуліся ў нашай яцвяжскай Варакомшчыне — для мяне яшчэ застаецца загадкаю. Што на рэчцы на Ятры ці Ятве стаяў Шайбакоў двор, гэта я знайшоў у адным з тамоў Актаў, выдадзеных археаграфічнай камісіяй у Вільні. А Ятра, ці Ятранка абмывае агароды тых жа Шайбакоў яшчэ сёння. Але прозвішча Шайбак у нашай ваколіцы цяпер звычайнае, хоць паходзіць яно ад вядомага хана Шайбака, разбітага з яго цьмою пад Лідаю. Калі ж аднойчы я прызнаўся казахскаму паэту, што ў маіх прадзедаў па матчынай лініі было такое прозвішча, той здзівіўся і прывітаў мяне кампліментам: „О, з такім прозвішчам вы былі б у нас у пашане. Яго калісьці насілі аўтарытэтныя людзі, і мы пра гэта не забываемся“. Добрае слова, як вучыць Каран — яно, як дрэва добрае: корань яго цвёрды, а галіны ў небе… Таму і бяруся за адну з іх — разгортваю інвентар альбо рэестр панскага двара Наваельні Слонімскага павету, Гарадзенскай губерні, складзены 5 снежня 1845 году. Ён, двор, ужо раздзелены паміж сёстрамі Шукевічанкамі — Генрыетай Валовічыхай і Ёзафінай Ляхніцкай. Ці не апошняя вядомая як расійская пісьменніца? Не, хутчэй яе дачка. Але цікавасць мая ў іншым. Да трэцяга з васьмі фальваркаў — Ахонаў прыналежала наша невялікая, усяго на адзінаццаць двароў, Веракомшчына (так у дакуменце — В.А.). Трэці двор — Шайбакі, мае прапрадзеды, дзевяты — Іосіфа (Язэпа) Аблажэя, куды ў прымы прыстаў мой прадзед па галіне Адамчыкаў — Янка Захараў. Але пра яго ўжо апавядалася вышэй. Шайбакі ў параўнанні з Аблажэем не вельмі і багатыя: адзін конь, два валы, дзве каровы, чатыры авечкі, дзве свінні. Гэта на дзесяць душ, дзе пяцёра рабочых. Надзел кожнаму двару: прысядзібнай зямлі — 2000 сажняў (0,910 га), ворнай — 19 дзесяцін 10 сажняў (валока альбо 21 га), сенажаці — 2 дзесяціны 28 сажняў (трохі больш як 2 га). Зрэшты, з голаду Варакомшчына, нават прыгонная, не памірала. Яго найчасцей прыносілі войны, у якіх, як заклятая, кожны раз палала наша саламяная, прыдарожная вёска. Вынішчаў яе і мор — халера, крываўка ці чума. Пра гэта сведчыць круглы пляскаты камень з замшэлым і ўжо нечытэльным тэкстам. Я разабраў толькі два словы: Сьвента Марыя (па-польску). Камень ляжыць перад вёскаю. Савецкі танк ссунуў яго з сярэдзіны вуліцы, балазе не разбіў. |
Таму ў трэцім двары асноўным гаспадаром упісаны Казімер Шайбак, а прозвішча яго брата, роднага ці стрыечнага, Фелікса Шайбака, ужо няма. Я знайшоў гэтае прозвішча ў „Алфавіце метрыкаў Дварэцкага касцёла“, складзеным у 1931 годзе ксяндзом Янам Карвелісам. Там аказаўся толькі год смерці Фелікса Шайбака — 1881. Тут жа быў зафіксаваны і год скону (1889) яго сына — Пятра, майго прадзеда па маці. Апошні памёр адносна маладым, маючы гадоў сорак. Пасля сябе ён пакінуў нямала смешных і забаўных гісторыяў, якія дайшлі нават да мяне, і точаны драўляны кубак з золатам. Яго прапіла на кірмашах з падкімі на чужое мужчынамі і распазычыла сваякам (тады якраз распрадаваліся панскія двары) маладая ўдава, мая прабаба Ганна. Не дзіва, што, вярнуўшыся з бежанства, з далёкага чараміскага Бугуруслану, куды трапіла ў 1915 годзе, яе дачка Разалія прыгадала марна растрачанае золата і да паўсмерці збіла васьмідзесяцігадовую маці. Тая толькі здужала дайсці ў хату да сына Янкі, каб ужо паказаць скрываўленыя сінякі і бітыя раны і яшчэ папрасіць, каб прыгатавалі вады ёй памыцца, бо яна сабралася паміраць. У тую ж ноч яна і сканала. Аднак бяда аплочваецца бядою, зло — злом. На абочыне шашы насупраць нашае вёскі грузавік, за рулём якога сядзеў п’яны савецкі афіцэр, рэзка хіснуўшыся ўбок, бартом ударыў спадарожнай жанчыне ў плечы. Жанчына ўпала, але з гарачкі яшчэ паднялася, села і пачала здымаць рукавіцы… Мужчыны, якія ішлі ўслед, у забітай жанчыне пазналі Шайбачыху Разэлю з Варакомшчыны. Гэты трагічны выпадак здарыўся напрадвесні 1953 году. Кожная сям’я, зрэшты, мае свой немінучы, наканаваны лёсам знак. Ці, праўдзівей, фатальную непазбежнасць. Гэтак жа трагічна загінула і старэйшая сястра Разаліі — Станіслава, зваліўшыся на чыгуначным пераездзе з воза, нагружанага снапамі ці сенам, і трапіўшы галавою якраз на рэйку. Мая маці, успамінаючы цётку Станіславу, кожны раз расказвала з сарамлівым смехам, як яна ў завейныя зімовыя дні, калі хадзіла да польскай школкі ў далекаватыя Аханяны, начавала там у свае цёткі. А маладая салдатка, муж якой ваяваў дзе-небудзь пад Псковам, прымала ў сябе дома дужых рыжых абознікаў-немцаў, што дастаўлялі на фронт за Наваградкам амуніцыю і правіянт. „А нам што, малым?.. Салдаты насыплюць і цукерак, і цвыбікаў [сухарыкаў]. А яе Бортнік, мужык, добры быў. Вярнуўшыся з фронту, бабе Ганне акоп зрабіў, бо хата згарэла…“ Малодшы брат майго дзеда Іосіф, ці па-наску Язэп, троху ўмеў пісаць. Напэўна, скончыў народнае вучылішча, што адкрылася ў суседніх ад нас Карыцах. Таму ў часе рэвалюцыі, калі інтэлігентнаму чалавеку давяралі толькі кірку з лапатай, ён, бядак, мог заняць вышэйшую, нават кіраўнічую пасаду: Іосіфа Шайбака прызначылі дзяжурным па станцыі. Там, на Паволжы, дзе ён апынуўся з сястрою Разаліяй, у часе эпідэміі халеры, якая пачалася разам з голадам, Іосіф Шайбак і памёр. „Нябожчыкаў вазілі, як дровы, — помніцца, прыгадвала баба Разэля. — З усяго вялікага дому на два паверхі засталася толькі я ды мужчына“. Але бабе Разэлі, калі яна расказвала пра свае бежанскія пакуты, голад і жорсткасць бальшавікоў, амаль ніхто ў нашай Варакомшчыне не верыў. „Выдумляе“, — казалі. Бальшыня варакомцаў, асабліва гультаі, чакалі, як яны казалі, прыходу камуны. Калі ў нашага суседа Юліся Нагорнага з капою дзяцей у хаце хтосьці спытаў, чаму ён не ўстаўляе ў акно заміж пабітай новую шыбу, той адказаў: „А нашто? Неўзабаве прыйдуць бальшавікі і дадуць мне хату з вазонамі“. Праўда, дзеду майму Янку Пятровічу Шайбаку (1875—1944), прыйшоўшы, бальшавікі далі, як бедняку, з панскага двара, здаецца, з Язяран, дзе калісьці гаспадарыў брат Дамейкі, сытую вішнёвую карову. Я пасвіў яе і помню, як ашалела-радасна крычалі мне, найменшаму з іх, варакомскія пастухі: „Чэсік, пасі ўсюды! Вайна пачалася“. |
У яго, як прыгадвала мая маці, была адна на ўсю вёску лазня, смольная, добрая хата, абнесеная парканам, а за ім — садок, які называлі Лаўрынавым раем, і ў ім — калоды пчол. Матчын дзед быў працавіты і спраўны гаспадар. Матчын бацька, Ян Пятровіч, аказаўся чалавекам іншай натуры — любіў скрыпку, рыбалку, доўгія на ўсё лета адлучкі з дому, калі ён ездзіў ажно ў Кітай на будаўніцтва Манчжурскай чыгункі. „Бывала, надыдзе вясна, пара сяўбы, а наш бацька збіраецца на чыгунку, — успамінала не раз яго дачка, мая маці Браніслава, — дома ўпраўляецца пры малых дзецях адна Юзэфа, твая баба. Яшчэ і грошы зарабляе: назбіраўшы разам з дзецьмі воз камення на полі, вязе яго прадаваць. Тады якраз брукавалі шашу“. Для мяне мой дзед пахнуў тытунём і рыбай. На ім вясёлкай адсвечвала луска, асабліва на грудзіне, дзе ў яго вісела торба з рыбаю, а пальцы на правай руцэ былі жоўтыя ад тытунёвага дыму. Помню яго торбачку з крэсівам, асколкам крэменя і пухкай, рудавата-цёмнай, як сухая порхаўка, губкай. Прыгадваю, як ён варыў, тоўк і сушыў скрылі яловай губы. А найперш у памяці ўваскрасае яго самаробная, што вісела на сцяне над ложкам, светла-яловая скрыпка. Дзед быў яшчэ музыка. Гэта адбывалася, як у нас кажуць, не за маю памяць. Узяўшы скрыпку і сабраўшы гурт спеўных маладзіц, дзед у велікодныя дні хадзіў па вёсцы і пад вокнамі хатаў выспёўваў валачобныя песні. У дзеда быў спрыт не толькі да скрыпкі, але і да кельмы — ён умеў вымураваць цагляную печ. Як і паставіць новую хату. Сваю ён будаваў, нават не маючы каня, болей перанёсшы дзеравін на ўласных плячах. Коні з’явіліся ў яго пазней, калі, зарабіўшы грошай на чыгунцы, ён вяртаўся ўвосень дадому. Тады і пачынаўся гандаль коньмі. Дзед ператвараўся ў цыгана. А дзе гандаль, там і барыш, там і гарэлка. Ізноў жа ўспамінала мая маці Браніслава, як, не стрываўшы гэтага гандлю і залітых гарэлкаю вачэй, баба Юзэфа перахрысцілася і дастала з-за коміна недасушаны грабовы біч. Дзед, упаўшы на парозе, толькі цяжка стагнаў. Пасля такого хрышчэння дзед тыдні два адлежваўся на печы, а прычакаўшы вясны, зноў ехаў на заработкі ў далёкую Манчжурыю. Адтуль ён прывозіў такія-сякія падарункі, а найперш не знаныя дагэтуль у нашай Варакомшчыне прыгожыя шоўкавыя хусткі і шалікі. Памёр дзед на згоне зімы 44-га году, захварэўшы на запаленне. Бо пасля спаленай немцамі хаты на голым хутары, дзе ўжо нават засадзіў садок, ён збудаваў дашчаную будку, у якой жыў з новаю жонкаю, бо Юзэфа памерла перад вайною, і ў якой застудзіўся пад час вялікага студзеньскага марозу. Яму, здаецца, яшчэ не было і сямідзесяці. Як адзначалі ў даўнейшых пасведчаннях аб смерці, пасля сябе ён пакінуў трое дзяцей: два сыны і дачку, маю маці Браніславу. |
Ёсць і метрыка яго хрышчэння. Для мяне засталося толькі загадкай, чаму хрысцілі дзядзьку Яна не ў блізкім Дварэцкім, а ў дальшым — Дзятлаўскім касцёле. „Тысяча дзевяцьсот трэцяга году кастрычніка семнаццатага дня ў Дзятлаўскім Рымска-Каталіцкім прыходскім касцёле (збудаваны ў 1632 годзе, фундатар Леў Сапега. — В.А.) ахрышчана дзіця імем Іван [Ян] ксяндзом Юстынам Пятранісам, настаяцелем Дзятлаўскага касцёла з здзяйсненнем усіх абрадаў таемнасці.“ Не ведаю, у якім годзе, але дзядзька Ян скончыў Рабкоўскае народнае вучылішча і зіму ці дзве ў роднай вёсцы працаваў настаўнікам — тым, вядомым па коласаўскай паэме „Новая зямля“ вясковым дарэктарам. Ад пашы да пашы — ад глухое восені да ранняга прадвесня — у свайго будучага швагра вучыўся мой бацька, Ладзімер Тодаравіч. Вучыліся па чарзе ў хатах, дзе былі вучні. Колькі вучняў у хаце, столькі дзён хата служыла школкаю. А ў Петрука Аблажэя, вядомага ў нашай вёсцы штукара і гультая, дзяцей было найбольш. Мой бацька са смехам успамінаў: „Мы вучымся, а ён, Пятрук, прывязаўшы за бэльку, мне круком сухую аўчыну. Наступае босаю нагою на вяроўку. Бачыць, што вучыцяль павярнуўся да дошкі і стаіць да яго спінаю, ён адскочыць і зробіць які выбрык нагою, альбо рукамі паказвае розныя муштрыкі. Дзеці, вядома, рагочуць. Ім ужо не да вучобы, калі дзядзька чвэрыць розныя штукі“. А пра гэта ўжо расказвала маці. Шаснаццацігадовы рослы хлопец, калі польскі фронт перад Вялікаднем 1919 году наблізіўся да мястэчка Наваельні, уцякае з дому і, прызнаўшы сябе за паляка, уступае добраахвотнікам (охотнічым) у шэрагі польскага войска. Уцякае не адзін, а намовіўшы равесніка і суседа Язэпа Рака (арыштаваны пазней, у 30-ыя гады, у Слуцку за пераход польска-савецкай граніцы). Першае баявое хрышчэнне неабстраляныя салдаты прымаюць недалёка ад роднае хаты каля вёскі Рыбакі на рэчцы Маўчадцы (цяпер там збудаваны знакаміты санаторый „Радон“). Ім шанцуе — бальшавікі, кінуўшы зброю і кажухі, якія тут жа падбіраюць варакомскія пастухі, спешна ўцякаюць на ўсход. Вызвалены Наваградак. Згаладалае польскае войска, трацячы падбітых, здарожаных коней, губляючы не столькі ад куляў, колькі ад хваробы сваіх неабвучаных салдат, наступае на Менск. Недзе ўжо за Наваградкам шаснаццацігадовы шараговец захварэў на тыфус. Пэўна, заразіўся. Завашывены і ледзьве жывы, ён варочаецца дадому — у родную Варакомшчыну. Наша баба Юзэфа, кабета разумная ды спрактыкаваная ў леках, зёлкамі ды напараным льняным семем адхадзіла сына. Але, акрыяўшы, добраахвотнік зноў уцякае з дому, каб паступіць у падафіцэрскую школу ў горадзе Слоніме. Аднак афіцэрскага ці падафіцэрскага звання польскія вайсковыя ўлады прысвоіць беларусу-добраахвотніку не захацелі. І паступова беларус-католік пачынае разумець, што ён не сапраўдны паляк, а чалавек нейкага другога, ніжэйшага гатунку. „Што я беларус, — прыгадваючы тыя далёкія гады, расказваў мне ўжо сам дзядзька Ян, калі астатні раз наведаўся ў родную Варакомшчыну з Польшчы, з кашубскага мястэчка Лэба, дзе апынуўся пасля вайны, прайшоўшы ў другі раз добраахвотнікам нялёгкі фронт, — што я беларус, даведаўся, пасталеўшы, калі пачаў выпісваць віленскія газеты на роднай мове“. Тады ён і арганізаваў з больш-менш пісьменных маладых мужчын-вяскоўцаў, што скончылі народнае вучылішча і маглі ўжо чытаць газеты і разбірацца ў палітычный сітуацыі, якая запанавала ў Заходняй Беларусі, гурток грамадоўцаў. У Агніску каляёвым (“культурным вогнішчы” чыгуначнікаў) станцыі Наваельні яны ўжо ставілі беларускія спектаклі, аб чым нават паведамляла віленская прэса, і праводзілі таемныя сходы. У нашай Варакомшчыне ў хаце дзядзькі Яна на гэтакім беларуска-нацыянальным, затоеным ад паліцыі і канфідэнтаў-шпегаў сходзе пабылі дзеячы Беларускай сялянска-работніцкай грамады, шматлікай, папраўдзе народнай партыі, якая налічвала ў сваіх шэрагах каля ста тысяч сяброў, найболей сялян. Мой бацька-нябожчык прыгадваў прозвішчы Рак-Міхайлоўскага, Валошына, Мятлы, Аўсяніка. Апроч сялянска-асветніцкай дзейнасці, мой хросны займаўся зборам нашага варакомскага фальклору. Шкада, што гэты неацэнны скарб — запісы песняў, казак, паданняў, прыказкаў і прымаўкаў, поруч з падшыўкамі віленскіх беларускіх газет і часопісаў, купленых на астатні сялянскі грош, выданнямі Кухты і Клецкіна — увесь гэты скраб згінуў у агні 41-га году, калі запальнымі снарадамі была расстраляна наша вёска і яе навакольныя хутары. |
Але нядрэмнае вока НКВД высочвала і выследжвала нацыянальных беларускіх дзеячоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Арыштаваны і кінуты за краты разам з акоўцамі (Армія Краёва) і гамулкаўцамі (польскія камуністы, што папалі ў апалу), дзядзька Ян ні за што адбыў два гады турмы. На волю ён выйшаў разам з тым жа Гамулкам, у дні хрушчоўскай адлігі, што прынесла пацяпленне і ў Польшчу. Астатнія гады жыў на беразе Балтыйскага мора, у мястэчку Лэба, загадваючы адным са збожжавых складаў, якія збудавалі яшчэ немцы і куды з караблёў згружалі зерне. Там на чужыне і памёр ён, змагар за беларускую справу, як паміралі тысячы гэткіх, адданых Бацькаўшчыне, то ў халоднай тундры, то ў гарачай Аргенціне, то за блізкім светам, у нечуванай Аўстраліі. Малодшы дзядзькаў брат Юзаф, што за прыкладам старэйшага цягнуўся да беларускага друкаванага слова, зведаў ужо савецкую турму і вярнуўся адтуль хворы на трасцу. Гэта з яго гарышча ў мой карычневы „шкапік“ трапілі кніжкі Адама Станкевіча, Уладзімера Жылкі, Наталлі Арсенневай, Антона Навіны, Вінцука Адважнага, Максіма Гарэцкага... Не менш цікавыя гісторыі можна было б расказаць пра маіх стрыечных братоў, што, прайшоўшы высылку, фронт, апынуліся далёка ад роднага парогу. А дзеці іхныя, тым болей унукі, што гавораць па-ангельску, па-польску, па-эстонску ці па-расейску, наўрад ці будуць распытваць і ўяўляць тую шарую вёску ў шэсцьдзесят хат з саламянымі стрэхамі, з-пад якіх іхныя дзяды выпырхнулі ў свет. Генеалагічнае дрэва Адамчыкаў так шырока разрослася, што галіны яго аплялі ўсю земскую кулю. І няхай прыветна і ўтульна шумяць. Я толькі мушу ўспомніць тут свайго малодшага брата Яна, што марыў стаць музыкантам, але, скончыўшы мараходнае вучылішча, трапіў матарыстам на кацер, які абслугоўваў ледакол „Ленін“. У беспрасветны кіпучы шторм, што гнуў і ламаў на палубе парэнчы, іхны кацер даплываў ледзьве не да берагоў Англіі, каб падвезці паліва ледаколу, які вёў разведку. З гэтых падарожжаў малодшы брат вярнуўся дадому хворы. Першая аперацыя ў Бараўлянах прадоўжыла яму жыццё, але не нашмат. Другое ўжо не было, бо не выявілі захворвання — лячылі туберкулёз. А ён хацеў жыць. Яму ішоў усяго сорак дзевяты. „Чэсік, знайдзі лякарства“, — папрасіў ён, працягваючы кволую руку пры нашым астатнім спатканні. Праз тыдзень ён памёр. Стаяў грымотны жнівень 1993 году. Якая фатальная для мяне лічба „3“. Я нарадзіўся ў 1933-ім, маці памерла ў 1983-ім, малодшы брат — у 1993-ім. 22 снежня 1999 году На гэтым скончу, прыгадаўшы толькі Арыстотэля: „Той, хто шукае мяне, знойдзе мяне ў дзецях…“.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (10) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |