A R C H E | A d a m H l o b u s | № 5 (10) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Міраслаў Адамчык,
|
Міраслаў Адамчык (літаратурны псэўданім Міраслаў Шайбак) — выдавец і пісьменьнік, брат Уладзімера Адамчыка (Адама Глёбуса). Максім Клімковіч — сын Алеся Махнача, унук аўтара словаў да гімну БССР і заслужанага савецкага літаратурнага работніка Міхася Клімковіча. П’есы „Нагавіцы сьвятога Георгія“ і „Чорны квадрат“, напісаныя ў суаўтарстве М.Адамчыкам і М.Клімковічам, былі з посьпехам пастаўленыя менскім тэатрам „Вольная сцэна“. Тандэмам яны напісалі таксама трылер „Каханка д’ябла“. У ARCHE-Постмадэрнізм друкаваўся раман „Заўсёды сьветла каля турэмных муроў“ Уладзімера Сакалова, у якім ёсьць і доля крыві аўтараў гэтай п’есы. П’еса-экспромт адлюстроўвае літаратурныя густы, тыповыя для кола сяброў Адама Глёбуса пачатку 90-х. |
Сцэна 2 Тыя ж і палкоўнік Юзаф Рак. ЮЗАФ РАК: Палкоўнік Рак, па рэкамендацыі генерал-маёра Салагуба. БРУНА ЧЫК: Мой сябар пісьменнік Вадзімір Даўгалевіч. ЮЗАФ РАК: Вы атрымалі маю тэлеграму? БРУНА ЧЫК: Так, але мушу расчараваць пана, я не спецыяліст па прывідах. Справа ў тым, што я ў іх не веру. ЮЗАФ РАК: Гэта і добра. Я і сам не надта веру. Хацелася б, каб за справу ўзяўся чалавек дысцыплінаваны і цвярозы. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Пан палкоўнік на свае вочы бачыў прывіда? ЮЗАФ РАК: Не ў крыўду пану, размова мусіць быць канфідэнцыйнаю. БРУНА ЧЫК: Не шкодзіць, Вадзімір якраз буйны спецыяліст па сувязях з замагільным светам. Так бы мовіць, знаўся ўжо з гэтым насланнём. ЮЗАФ РАК: Калі так, то я не супраць. Я сам прывіда покуль не бачыў, толькі чуў яго крокі, ходзіць уночы па доме. А жонка — пані Агата — бачыла і страшэнна перапалохалася. БРУНА ЧЫК: Я ўсё ж параіў бы пану палкоўніку звярнуцца да святароў. ЮЗАФ РАК: Ды жыве ў мяне ксёндз, пасля таго выпадку жонка запрасіла. Але лепей не стала, відаць, раз’юшыўся прывід. Дык я на яго сабаку завёў, нанач у калідор выпускаю. Перастаў хадзіць. БРУНА ЧЫК: Так і выдатна. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Сабака ад прывіда не ўратуе. ЮЗАФ РАК: Па калідоры хадзіць перастаў, але ж цыдулкі з пагрозамі піша: „Рыхтуйся, стары дурань, да смерці“, а па вечарах у коміне скавыча. Прашу прабачэння. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: А ці няма ў маёнтку патаемных хадоў? ЮЗАФ РАК: Як набыў летась палац, то перабудаваў. Каб што было, знайшлі б. БРУНА ЧЫК: Я б узяўся шукаць забойцу, украдзеную рэч, але лавіць прывіда не бяруся. ЮЗАФ РАК: Тое ж мне казалі ў контрразведцы. І параілі звярнуцца да прыватнага дэтэктыва. Я ж у сейфе сакрэтныя дакументы трымаю. А калі прывід цыгары мае ды каньякі крадзе, то можа і да дакументаў дабрацца. БРУНА ЧЫК: Першы раз чую пра прывідаў, якія паляць цыгары і п’юць каньяк. А больш нічога ў вас не знікла? ЮЗАФ РАК: Таму я і прыехаў. Заўчора прывід украў мой кішэнны гадзіннік, гадзіннік з музыкай, які граў паланезік, асабісты падарунак начальніка дзяржавы. Я разумею, пан Чык бярэцца за маю справу? Прывіда лавіць неабавязкова, трэба знайсці гадзіннік. БРУНА ЧЫК: Няўжо гадзіннік настолькі каштоўны? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Падарунак Пілсудскага? ЮЗАФ РАК: Не толькі. Пад накрыўкай я выдрапаў код сейфу ў маім кабінеце, а там сакрэтныя дакументы. Маю слабую памяць на лічбы. БРУНА ЧЫК: Ніякіх пільных справаў на гэты тыдзень не маю. Відаць, давядзецца прыняць вашую прапанову. Вадзімір, зірні ў расклад, калі пойдзе цягнік на Пінск. ЮЗАФ РАК: Не турбуйцеся. Я ўжо замовіў купэ. Цягнік адыходзіць праз чатыры гадзіны. З раніцы будзем у маёнтку. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Я прапаную паехаць на маім аўтамабілі, тады мы паспеем яшчэ сёння. ЮЗАФ РАК (здзіўлена): Гэта ваш „мерседэс“ пад вокнамі? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ (хаваючы вочы): Надоечы ў Берліне паставілі маю п’есу. ЮЗАФ РАК: З тэхнічнага гледзішча я вас разумею, але з патрыятычнага… |
Сцэна 3 Гасцёўня ў маёнтку. Бруна Чык, Юзаф Рак, Вадзімір Даўгалевіч, Ёсель Цэслер. На падлозе стаяць сакваяжы. Вялікі круглы стол, буфет. ЮЗАФ РАК: Мой аканом — Ёсель Цэслер. ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Я нават не пачуў, як вы пад’ехалі. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: У майго „мерседэса“ рухавік працуе так далікатна, што можна на капот манету рубам паставіць — не зваліцца. ЮЗАФ РАК: У маёнтку ўсё спакойна? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Зноў прывід хадзіў — праз акно бачыў — белы такі. Можа, пакаёўку падняць? ЮЗАФ РАК: Ды не, мы тут самі. І ты ідзі кладзіся. ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: То ўсім дабранач (у дзвярах паварочваецца). Каньяк, што вы замаўлялі, у буфеце стаіць. Ёсель Цэслер выходзіць. ЮЗАФ РАК (дастае з буфету графін і бляшанку з печывам): Ну што, панове, возьмем з дарогі па кілішку? (Разлівае каньяк у тры чаркі.) Трэцяя гадзіна ночы, не хочацца падымаць прыслугу. БРУНА ЧЫК: Дзякуй, але адмаўляюся. Блага засынаю на новым месцы. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: А я з ахвотай. Юзаф Рак і Вадзімір Даўгалевіч выпіваюць, глядзяць адзін на аднога, потым на Бруна Чыка, разліваюць яго кілішак па сваіх, зноў выпіваюць і закусваюць печывам. ЮЗАФ РАК: Але, пся крэў, дзе мой сабака? Самсоне! ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Можа, выбег у парк? ЮЗАФ РАК: Магчыма, але… Цалкам неверагодна, каб ён кінуў пост. Ангельскай пароды. Самсоне! Выходзяць. |
Сцэна 4 Спачывальня. Юзаф Рак, Агата Рак. Вялікі ложак, бюро, шафа. Юзаф запальвае святло. Агата прачынаецца. ЮЗАФ РАК: Самсоне! Самсоне, пся крэў! АГАТА РАК: Як ты хутка вярнуўся. ЮЗАФ РАК: Агата, дзе Самсон, каб яго ваўкі парвалі? АГАТА РАК: Юзаф, ты прыехаў не адзін? ЮЗАФ РАК: Ну, усё, цяпер прывіду аман, прывёз паляўнічых: следчага Бруна Чыка і пісьменніка Вадзіміра Даўгалевіча. (Бярэцца за клямку шафы.) Ты што такая спалоханая? АГАТА РАК: Зноў прывід… ЮЗАФ РАК: Лухта (адчыняе шафу). У шафе сядзіць нябожчык у мундзіры палкоўніка з усімі ўзнагародамі, акрываўлены твар прыкрыты канфедэраткай. ЮЗАФ РАК: Лухта. (Зачыняе шафу, глядзіць на свой адбітак у люстэрку, зноў адчыняе.) Нябожчык у нашай шатні? Дзе мая шабля? АГАТА РАК: Нябожчык?! (Вішчыць, кідаецца да Юзафа.) Юзафе, Юзафе! (Цягне яго ад шафы, млее.) ЮЗАФ РАК (бярэ жонку на рукі): Супакойся, не хвалюйся, гэта толькі прывід. АГАТА РАК: Забяры мяне адсюль, вынесі на паветра, мне блага. Юзаф Рак выносіць жонку са спачывальні. У расчыненай шафе — акрываўлены труп. Здалёк чуваць крык палкоўніка: „Самсоне!“ і Агацін: „Прывід! Ратунку!“ |
Сцэна 5 Тэраса. Юзаф Рак, Агата Рак, Бруна Чык, Вадзімір Даўгалевіч. Агата ляжыць на лаўцы, Юзаф трымае яе за руку. ЮЗАФ РАК: Супакойся, Агатка, нікога там не было. БРУНА ЧЫК: Зноў прывід? ЮЗАФ РАК: Мая жонка Агата. Пан Бруна Чык і пан Вадзімір Даўгалевіч. Не бойся, яны дапамогуць нам. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Пані бачыла прывіда? А мне ніяк не пашчасціць. АГАТА РАК: Ён, ён бачыў (паказвае дрыжачай рукой на мужа). Заходзяць Адам Шышдудар і Разалля Рак. РАЗАЛЛЯ РАК: Ты крычала? АДАМ ШЫШДУДАР: Прапусціце мяне (слухае пульс). Нервовы шок. Яе што напалохала? ЮЗАФ РАК: Адам, пабудзь з ёю, і ты, Разалля. (Адводзіць на бок Бруна Чыка.) У мяне ў шафе сядзіць нябожчык. Бруна Чык, Юзаф Рак, за імі і Вадзімір Даўгалевіч сыходзяць. АДАМ ШЫШДУДАР: Агата, што ты бачыла? АГАТА РАК: У шафе за люстэркам — прывід. РАЗАЛЛЯ РАК: Я б памерла ад страху. |
Сцэна 6 Спачывальня. Юзаф Рак, Бруна Чык, Вадзімір Даўгалевіч. Шафа зачынена. ЮЗАФ РАК (працягвае): Падыходжу, адчыняю шафу і бачу — сябе. БРУНА ЧЫК: У люстэрку? ЮЗАФ РАК: Не, я ж адчыніў шафу. Нябожчыка — самога сябе ў парадным мундзіры. Глядзеце самі (адчыняе шафу). У шафе нябожчыка няма. БРУНА ЧЫК: Вы ўпэўнены? ЮЗАФ РАК: Хіба я вар’ят? Я вайсковы чалавек. Ён быў тут, і гэта быў я (залазіць у шафу, выкідае адтуль жончыны сукенкі). ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Мусіць, гэта быў прывід у вашым абліччы. ЮЗАФ РАК: Гэта быў я. Што я, сябе не пазнаю? (Выходзіць з пустой шафы з шабляю). БРУНА ЧЫК: І што, падабенства было дакладнае? ЮЗАФ РАК (раззлавана): Рыхтык я. Вось як на партрэце. Парадны мундзір, ордэны, канфедэратка. БРУНА ЧЫК: Пан палкоўнік дакладна быў нежывы, там у шафе? ЮЗАФ РАК: У мяне была скрываўленая галава, шмат крыві. Вы не верыце мне? БРУНА ЧЫК: Веру. Вось і на шаблі кроў. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Але адкуль у прывіда кроў? Можа ён вупыр, можа пярэварацень ці вурдалак. ЮЗАФ РАК: Так, жахлівае відовішча, але ж сам ён не сышоў. Заходзяць Адам Шышдудар, Агата і Разалля Рак АДАМ ШЫШДУДАР: Дзе труп? ЮЗАФ РАК: Уцёк. Тут, у шафе сядзеў. РАЗАЛЛЯ РАК: Гэта быў сапраўдны прывід. АДАМ ШЫШДУДАР: Труп не мог сысці, гэта я вам сведчу як доктар. Так што або мушу пагадзіцца з Разалляй, або, хутчэй за ўсё, гэта галюцынацыя. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Усе дактары настойваюць на адным: калі што надзвычайнае, то адразу ж: трызненне на глебе алкагалізму. ЮЗАФ РАК: Якія, Адаме, галюцынацыі! Яго ж бачыла і Агата. АГАТА РАК: Я не бачыла. ЮЗАФ РАК: Ты ж мусіла бачыць? АГАТА РАК: Мусіла, але не бачыла. ЮЗАФ РАК: А чаго самлела? АГАТА РАК: Ад таго, што мусіла ўбачыць. Ты ж сказаў — нябожчык. БРУНА ЧЫК: Давайце спынім спрэчкі. Бо да згоды не прыйдзем. Ясна адно: знік мундзір і на шаблі свежая кроў. |
Сцэна 7 Кабінет палкоўніка. Юзаф Рак сядзіць, абапершыся на шаблю. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч. ЮЗАФ РАК: Самае дурное, сяджу вартую, як той сабака, і не ведаю, ці на месцы паперы. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Не перажывайце, пане палкоўніку. Бруна знойдзе ваш гадзіннік. БРУНА ЧЫК: Чаму вы ўпэўнены, што ён прыйдзе рабаваць менавіта сейф? Мо ён абмяжуецца цыгарамі й каньяком? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Відаць, у замагільным свеце свая логіка. БРУНА ЧЫК: У такім разе нам не дадзена яе зразумець. ЮЗАФ РАК: Якая замагільная логіка, пане пісьменніку, усё проста, як у войску: навокал адны шпіёны. Вось, напрыклад, мой аканом, Ёсель Цэслер — жыдоўска-бальшавіцкі шпіён. БРУНА ЧЫК: Вы што, бачылі, як ён падае ліхтарыкам сігналы расейскім самалётам? ЮЗАФ РАК: Вось, здаецца, і служыць у мяне дваццаць гадоў, і чалавек прыстойны, але жыватом чую, раптам што, і прадасць. Або вось, напрыклад, Агацін кузэн — доктар Адам Шышдудар — натуральны нямецкі шпег. Вучыўся ў Берліне, перапісваецца з немчурой. БРУНА ЧЫК: А яшчэ хто жыве ў доме? ЮЗАФ РАК: Пробашч Казімір Вярыга — ліха яго матары, таксама ад святасці не свеціцца. Яшчэ сястра мая Разалля, дурніца маладая. Вось і ўсе. БРУНА ЧЫК: А з прыслугі хто ў маёнтку? ЮЗАФ РАК: З тых, хто жывуць тут, толькі аканом і пакаёўка Зося, я б яе даўно выгнаў, ды жонка не дае. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: А пакаёўка, часам, не вядзьмарка? ЮЗАФ РАК: Наконт вядзьмаркі не ведаю, гэта ў ксяндза спытайце. Але скажу па шчырасці: пакаёўка — таксама брыда добрая. Раз за дупу ўшчыпнуў, дык адразу жонцы расказала. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: А ранейшыя гаспадары не скардзіліся на прывіда? ЮЗАФ РАК: Ніхто тут ні пра якога прывіда не чуў. А з’явіўся ён адразу пасля рамонту. Жонка пачала скардзіцца, што ўночы нехта ходзіць, і чым далей, тым горай. Я дык моцна сплю, мяне захочаш — не пабудзіш. Вось і я, нарэшце, нябожчыка ў шафе пабачыў. І куды ён мог падзецца? (Глядзіць на вялікі сейф.) БРУНА ЧЫК: І доўга пан палкоўнік збіраецца пільнаваць сейф? Можа, злодзею гэта і трэба? ЮЗАФ РАК: Заўтра замоўлю майстра, каб сейф адчыніў і код змяніў. А зараз як кінуць дакументы без нагляду? Навокал адны шпіёны. Стук у дзверы. ЮЗАФ РАК: Каго там прынесла? Незамкнёна! У кабінет уваходзіць Агата Рак. АГАТА РАК: І вы не спіцё? Я папрашу, каб Зося прынесла кавы. БРУНА ЧЫК: Не турбуйцеся, пані Агата, мы ўжо пра ўсё пагаварылі. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Не будзем замінаць. Дабранач. БРУНА ЧЫК: Дабранач. ЮЗАФ РАК: Дабранач, панове. У мяне сняданак, як у войску, а восьмай, у гасцёўні. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч выходзяць. |
Сцэна 8 Кабінет. Агата і Юзаф Рак. АГАТА РАК: Ты не хочаш адпачыць? Ты такі стомлены, Юзафе (лашчыць мужа па галаве). ЮЗАФ РАК: Покуль злодзей у доме, які можа быць адпачынак! Я мушу вартаваць сейф. АГАТА РАК: І ты не прыйдзеш да мяне? ЮЗАФ РАК: Калі баішся адна, кладзіся тут, у кабінеце. АГАТА РАК: На гэтай жорсткай і рыпучай канапе я не засну. |
Сцэна 9 Калідор. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Палкоўнік мае рацыю, што прывід мусіць з’явіцца яшчэ гэтай ноччу. Якраз чырвоная поўня, ты заўважыў? БРУНА ЧЫК: Ты яшчэ скажы — крывавая. Пайшлі лепш спаць. Пакінь ноч прывіду. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Не, яшчэ прайдуся па доме. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч разыходзяцца. |
Сцэна 10 Тэраса. Ксёндз, хаваючыся, паліць. Бруна Чык зазірае на тэрасу і заўважае ксяндза. БРУНА ЧЫК: Ойча Казіміру? КСЁНДЗ (перажываючы, што яго заспелі за непачцівым заняткам): Так. А вы Бруна Чык? Мне пра вас ужо расказаў доктар Адам. БРУНА ЧЫК: І вы падняліся на лямант пані Агаты? КСЁНДЗ: Так, вось заперажываў, чалавек слабы, запаліў з хвалявання. У плябаніі такога не дазволіш сабе. Каб мая ахмістрыня даведалася... БРУНА ЧЫК: Пан ксёндз так блізка бярэ да сэрца падзеі ў маёнтку. КСЁНДЗ: На мяне ўскладзена вельмі адказная місія — выгнанне Д’ябла, і перш чым турбаваць біскупа, я мушу ўпэўніцца, што ў доме сапраўды Д’ябал. БРУНА ЧЫК: А вы яшчэ не маеце пэўных доказаў існавання гэтага так званага прывіда? Ды паліце, не зважайце на мяне. КСЁНДЗ: Не магу на вачах у людзей паліць. А што тычыцца прывіда, то Святы касцёл вельмі скептычна ставіцца да гэтых з’яваў. БРУНА ЧЫК: Дык пан ксёндз мае сумненні? КСЁНДЗ: Гаспадар ужо прасіў мяне пасвянціць срэбную кулю. Але давялося адмовіць: гэта справа варажбітоў і паганскіх шаманаў. |
Сцэна 11 Гасцёўня. Адам Шышдудар і Разалля Рак. На стале кошык з бутэлькамі. Вадзімір Даўгалевіч хоча ўвайсці, але вяртаецца і становіцца за парцьеру. АДАМ ШЫШДУДАР (працягвае): …а гэты пісьменнік, я па вачах бачу, што п’яніца, п’е за грошы твайго брата. РАЗАЛЛЯ РАК: Мяне непакоіць Бруна Чык, гэты можа дазнацца. Я чытала ў газетах, што ён лічыцца адным з лепшых прыватных следчых, ён за адзін вечар знайшоў злодзеяў, якія абрабавалі лецішча Пілсудскага. АДАМ ШЫШДУДАР: Вядома, лепш бы Юзаф звярнуўся ў паліцыю. РАЗАЛЛЯ РАК: Ён ужо звяртаўся ў контрразведку, але пасля таго што ён нагаварыў пра прывіда, яго палічылі за вар’ята. АДАМ ШЫШДУДАР: Дык ён жа і ёсць натуральным вар’ятам, дапіўся, што свой адбітак у люстэрку палічыў за нябожчыка. РАЗАЛЛЯ РАК: Ты ж сам ведеш, што ў гэтым доме не ўсё так проста. І мы мусім зрабіць на гэтым свой інтарэс… Вадзімір Даўгалевіч за парцьераю п’янавата прытуляецца спачатку да сцяны, а потым да парцьеры і разам з парцьераю вывальваецца ў пакой. Адам Шышдудар хапаецца за кошык. РАЗАЛЛЯ РАК (пазнае Вадзіміра): Вы не моцна пабіліся? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: А не, нічога страшнага. Калі вы думаеце, што я падслухоўваў… (Вадзімір падымаецца.) |
Сцэна 12 Кабінэт. Юзаф Рак. З кошыкам, поўным бутэлек піва, заходзіць Адам Шышдудар. АДАМ ШЫШДУДАР: Не патурбаваў? ЮЗАФ РАК: Зноў нямецкім півам разжыўся? АДАМ ШЫШДУДАР: Тое, што вы любіце. ЮЗАФ РАК: Немцы, вядома, брыда, але піва варыць умеюць. Сядай. Адам Шышдудар адкаркоўвае бутэлькі, п’юць. АДАМ ШЫШДУДАР: А яшчэ кажуць: па начах не спяць адно злодзеі і прывіды. ЮЗАФ РАК: А ты што не спіш? АДАМ ШЫШДУДАР: Прыйшоў сумненнем падзяліцца. Наконт прывіда. ЮЗАФ РАК: Які прывід? Самы натуральны нябожчык… АДАМ ШЫШДУДАР: Нябожчык мо і натуральны, але я заўважыў такое, чаго і ваш Бруна Чык не згледзеў. ЮЗАФ РАК: Відаць, падазраеш каго? АДАМ ШЫШДУДАР: Справа вашая, але я б з Ёселя вока не спускаў. ЮЗАФ РАК: Лічыш, ён прывідам ходзіць? АДАМ ШЫШДУДАР: А хто ж яшчэ? Усе ж у доме, на месцы, калі ён з’яўляецца, а ці ў сваім флігелі Ёсель, ніхто не бачыць. Да таго ж усе ключы ў яго ёсць. Яму выгодна Вас прывідам запалохаць, каб Вы з маёнтку з’ехалі, і ён тут за гаспадара застанецца. ЮЗАФ РАК: Так і я пану Бруна казаў, што Ёсель у мяне на падазрэнні. Нешта ж ты іншае заўважыў. АДАМ ШЫШДУДАР: Кроў на шаблі. ЮЗАФ РАК: Гэта і мая Агата заўважыць (падымае пачышчаную шаблю). АДАМ ШЫШДУДАР: Як медык кажу: дзіўнаватая кроў. Кансістэнцыя не тая. ЮЗАФ РАК: Дагаворвай — не людская кроў? АДАМ ШЫШДУДАР: Без лабараторнага аналізу сцвярджаць не бяруся. ЮЗАФ РАК: І ты мяне прывідам прыйшоў палохаць? АДАМ ШЫШДУДАР: Ды не, пра Ёселя падказаць. ЮЗАФ РАК: А жыдоўская кроў ад чалавечай розніцца? АДАМ ШЫШДУДАР: Не больш, чым варшаўскае піва ад кракаўскага. Вы падумайце наконт аканома, лепш свайго чалавека ўзяць. А я пайду ўжо. Дабранач. |
Сцэна 13 Калідор. Вадзімір Даўгалевіч, стаіўшыся за рогам, бачыць, як праходзіць палкоўнік з шабляй. Палкоўнік заходзіць у прыбіральню, зачыняецца і насвіствае. Вадзімір Даўгалевіч чуе асцярожныя крокі па калідоры, вызірае за рог і бачыць, як зачыняюцца дзверы кабінету, крадзецца да іх і рэзка расхінае. Бачыць пусты кабінет. Робіць крок наперад. На галаву яму апускаецца рука з поўнай бутэлькай. Бутэлька разлятаецца, дзверы зачыняюцца. |
Сцэна 14 Калідор. Торгаецца клямка на дзвярах прыбіральні, дзверы не адчыняюцца. Чуваць удар плячом у дзверы і лаянку палкоўніка. ЮЗАФ РАК (з-за дзвярэй): Пся крэў! Што за жарты? (Зноў удар.) Хто зачыніў? Ліха ягонай матары. Заб’ю, засяку! Дзверы калоцяцца пад моцнымі ўдарамі. На калідор выбягаюць ксёндз, за ім Бруна Чык. БРУНА ЧЫК: Пане палкоўніку! ЮЗАФ РАК (не чуючы): Засяку, заб’ю падлу! Ксёндз спрабуе адамкнуць прыбіральню. У гэты момант расколваецца філёнга — яе прапорвае шабля. Ксёндз пералякана адскоквае. Бруна спрабуе збоку адкінуць засаўку. Філёнга вылятае, з-за яе з’яўляецца рука з шабляй і сячэ паветра. БРУНА ЧЫК: Спыніцеся на хвілінку, пане Юзафе. Гэта я, Бруна Чык. Рука прыбіраецца, у дзірцы недаверлівы твар палкоўніка. ЮЗАФ РАК: То, халера, чаго не адчыняеце? Бруна выпускае Юзафа Рака, на лямант з’яўляюцца Агата Рак, Разалля Рак і Адам Шышдудар. АГАТА РАК: Зноў прывід? Напаў на Юзафа ў прыбіральні? РАЗАЛЛЯ РАК: Ты біўся з ім, Юзафе? Юзаф Рак, не зважаючы жанчын, зашпільвае фрэнч, спускае ваду і з гонарам ідзе да кабінету. Усе глядзяць яму ўслед. АДАМ ШЫШДУДАР (ціха): Наш палкоўнік пашаткаваў прывіда і спусціў у каналізацыю. Юзаф Рак, не азіраючыся, бярэцца за клямку дзвярэй кабінету — яго пачынае калаціць, ён спалохана адскоквае, глядзіць на руку. АДАМ ШЫШДУДАР: Здаецца, у Юзафа нервовы шок. БРУНА ЧЫК: Больш падобна да электрычнага. (Дастае насоўку і ёю адчыняе клямку.) З другога боку дзвярэй за клямкай цягнецца дрот, Бруна Чык абрывае яго, за ім у кабінет заходзіць Юзаф. |
Сцэна 15 Кабінет. Юзаф Рак і Бруна Чык. Агата, Разалля Рак, Адам Шышдудур, ксёндз у дзвярах. Сейф расчынены. На канапе ляжыць накрыты з галавою посцілкаю непрытомны Вадзімір Даўгалевіч. ЮЗАФ РАК (не заўважаючы Вадзіміра, зазірае ў пусты сейф): Перахітрыў, падла. Украдзеныя сакрэтныя дакументы. (Дастае з сейфу цыдулку, глядзіць і хавае яе ў кішэню.) Бруна Чык адхіляе посцілку. У Вадзіміра Даўгалевіча твар заліты півам і крывёю. РАЗАЛЛЯ РАК: Нябожчык, той самы! Агата Рак млее, валіцца на Ксяндза. Юзаф Рак: Цяпер не ўцячэ! (Кідаецца да канапы, мерыцца закалоць Вадзіміра шабляю.) АДАМ ШЫШДУДАР: Хвілінку. Ён яшчэ жывы. ЮЗАФ РАК: Я ж казаў, і ў шафе быў жывы нябожчык. Бруна Чык ліе з графіна ваду на твар Вадзіміру Даўгалевічу, той расплюшчвае вочы, садзіцца на канапе. БРУНА ЧЫК: Я ж казаў табе, што па начах трэба спаць, а не лавіць прывідаў. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Прывід напаў на мяне. БРУНА ЧЫК: Ты бачыў яго? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Так, жахлівае відовішча. БРУНА ЧЫК: І як ён выглядаў? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Усё адбылося захутка. Я не паспеў разглядзець. Не было калі прыглядацца. |
Сцэна 16 Гасцёўня. Юзаф, Агата, Разалля Рак, Адам Шышдудар, ксёндз, Бруна Чык, Вадзімір Даўгалевіч з забінтаванай галавой. Зося разносіць каву. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: …азіраюся, бачу — клямка на дзвярах сама паварочваецца, а нікога няма. Хачу паклікаць каго, і мову адняло. І чую, мяне, як магнэсам, да тых дзвярэй цягне. Расчыніў — нікога. І толькі голас у галаве гучыць: зрабі крок наперад і не азірайся. Я яго і паслухаўся. БРУНА ЧЫК: Вадзіміру, сейф быў адчынены? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Так. Не. Я ж прывіда ўбачыць хацеў. Зося (да Юзафа): Вам падліць кавы? ЮЗАФ РАК: Не замінай. Перад Юзафам Ракам стаіць графін з каньяком, ён падлівае сабе і Вадзіміру Даўгалевічу. Яны п’юць. Бруна Чык адмаўляецца і, як астатнія, п’е каву. АГАТА РАК: Дык вы бачылі яго? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Так, удвая большы за мяне. Праўда, як след не разглядзеў. Бутэлька ляцела мне на галаву, здавалася, з-пад самай столі. БРУНА ЧЫК: Мушу расчараваць. Зламыснік стаяў на фатэлі пад дзвярыма. Але забіваць цябе не збіраўся. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Бутэлькай з півам па галаве? БРУНА ЧЫК: Менавіта што поўнай. Поўнай не заб’еш, яна разлятаецца. Каб так ляснулі парожняй, ты б сам стаў прывідам. АДАМ ШЫШДУДАР: Так вы, пане Бруна, думаеце, і папярэднім разам прывіда не было? БРУНА ЧЫК: Нават на шаблі было столькі крыві, што, пагадзіцеся, доктар, такую траўму ніхто з прысутных не ўтоіў бы, быў бы забінтаваны горш за пана Даўгалевіча. ЮЗАФ РАК: Халера, дзе гэта Ёсель? Тады сабака знік, цяпер Ёселя не відаць. ЗОСЯ (засцілаючы на стол): Дык пятая ж гадзіна ночы. Спіць Ёсель у сваім флігелі. ЮЗАФ РАК: А што ты яго бароніш, Зоська, ліха цябе не бярэ? АГАТА РАК: Юзафе, табе не сорамна? ЮЗАФ РАК: Мне сорамна? На сябе паглядзі, у расхрыстаным пеньюары ходзіш. Мне мо й сорамна, мяне ў прыбіральні замкнулі, поўны дом следчых і ксяндзоў, а прывід сейф абрабаваў ды яшчэ і цыдулку пакінуў. Агата Рак паказвае Зосьцы, каб прыбрала каньяк ад мужа. Тая паціху хавае яго і замыкае ў буфеце. ЮЗАФ РАК (дастае цыдулку): Рагач, рогі мне намаляваў. АГАТА РАК: Юзафе, чым піць, лепш патэлефануй маёру Шмарлоўскаму з контрразведкі, укралі ж сакрэтныя дакументы — а ты пра нейкія рогі ўспомніў. ЮЗАФ РАК: Сціхні, дурніца! БРУНА ЧЫК: Не хвалюйцеся, пані Агата, мяркуючы па паводзінах вашага мужа, ніякіх дакументаў, а тым больш сакрэтных, у сейфе не было. ЮЗАФ РАК: Хоць адзін разумны чалавек у доме. Хіба я вар’ят трымаць сакрэтныя паперы ў сейфе, які адчыніць нават мая жонка? Але я думаў — раптам вайна. (Спахопліваецца.) А дзе мой каньяк? Думаеце, дапіўся, што нябожчыкі ў шафах трызняцца? Зоська, дзе ключ схавала ад буфету, курва? ЗОСЯ: Што мне пані загадала, я тое і раблю. (Хаваецца за Агату.) Юзаф Рак глядзіць праз шкло на каньяк. Выцягвае шаблю, мерыцца секануць па буфеце. Ксёндз хапае яго за руку. КСЁНДЗ: Пакіньце гэтую рэч на захаванне да заўтра мне. РАЗАЛЛЯ РАК: Юзафе, пан ксёндз мае рацыю, пакінь шаблю. Юзаф Рак аддае шаблю. КСЁНДЗ: Пайду прыбяру з вачэй (сыходзіць). АДАМ ШЫШДУДАР: Мяне гэты тэатр стаміў. Калі дакументаў не было, дык пра што й гаварыць? (Сыходзіць.) ЮЗАФ РАК: А вось рэвальвера не аддам. Трэба сыходзіць з гэтага дому. Які я гаспадар, калі пакаёўка ключы ад мяне хавае, ксяндзы шаблі забіраюць і нават сястра супраць мяне? Юзаф Рак надзяе канфедэратку, аддае чэсць і выходзіць. У двары чуецца спеў палкоўніка: Смачна п’ецца нам гарэлка. За сталом няёмкае маўчанне. АГАТА РАК: Выбачайце, панове, Юзафа, у яго сёння цяжкі дзень. Але ён неўзабаве вернецца. БРУНА ЧЫК (падыходзіць да буфета, разглядае талерку): Кобальт ад Мэйсана, але, дарэчы, не лепшы за Нёманскую парцаляну. Нездарма князі Радзівілы і дагэтуль замаўляюць там посуд. РАЗАЛЛЯ РАК: Пан Бруна спецыяліст па парцаляне? У двары чуюцца два стрэлы. Бруна Чык падскоквае да акна. АГАТА РАК: Ён заўсёды страляе, калі стоміцца. БРУНА ЧЫК: Я ўсё ж выйду (сыходзіць). |
Сцэна 17 Флігель аканома. Бруна Чык, Ёсель Цэслер. Вялікая выбеленая руская печ. Перапалоханы Ёсель накідае плашч. БРУНА ЧЫК: А пан палкоўнік не мог выйсці незаўважаны праз браму? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Ды не, я ж не спаў. Бачу, святло ў доме гарыць, але не ведаў, ці я патрэбны. БРУНА ЧЫК: А, часам, іншага выйсця з парку няма? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Ой, пан следчы ж ведае, пан палкоўнік так баіцца шпіёнаў, замураваў усе брамкі. А паркан такі, што і з драбінамі не пералезеш. БРУНА ЧЫК: Кажаце, і сюды не заходзіў? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Ды не заходзіў, кажу вам, што можа быць трэба яму тут а пятай раніцы. Ён і так да мяне ніколі не заходзіў. Ён мне тэлефанаваў, бачыце, апарат паставіў і тэлефанаваў, тэлефанаваў, спакою не было і не будзе. Вось і цяпер, відаць, дзе ў альтанцы адпачыць прылёг. Вось толькі ліхтар вазьму і пойдзем шукаць. Ёсель Цэслер бярэ ліхтар, Бруна Чык дастае свой кішэнны. Выходзяць. |
Сцэна 18 Гасцёўня. Ксёндз, Вадзімір Даўгалевіч, Агата, Разалля Рак, Адам Шышдудар, Зося. Заходзяць Бруна Чык і Ёсель Цэслер. Бруна Чык трымае прастрэленую канфедэратку палкоўніка. БРУНА ЧЫК: Мушу прызнацца, не ўпільнаваў. Не варта было адпускаць яго аднаго. Пан палкоўнік знік. ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Пан Бруна ўвесь парк абшукаў. Адно, што засталося, выбачайце, пані Агата, канфедэратка, і тая з дзіркаю. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Прастрэленая? БРУНА ЧЫК: Гучалі два стрэлы, але дзірка адна. РАЗАЛЛЯ РАК: Нехта страляў у Юзафа? БРУНА ЧЫК: Не думаю. АГАТА РАК: Вы проста супакойваеце мяне. БРУНА ЧЫК: Калі развіднее, яшчэ раз абыдзем парк. А вы, пане Адаме, здаецца, ужо клаліся спаць? АДАМ ШЫШДУДАР: Нават не паспеў распрануцца, як пачуў стрэлы. КСЁНДЗ: Хіба тут спакойна заснеш? АДАМ ШЫШДУДАР: На месцы Юзафа я б таксама знік. Прастрэліў канфедэратку і схаваўся. Паглядзець, што атрымаецца. АГАТА РАК: Ён бы папярэдзіў мяне. БРУНА ЧЫК: Выбачайце, але я ў гэтым не ўпэўнены. |
Сцэна 19 Кабінет. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Што ты маўчыш? БРУНА ЧЫК: Думаю. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Пра што? БРУНА ЧЫК: Што трэба прыкруціць дрот да таршэра. За сталом цемнавата. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Кола падазроных звузілася. Калі знік палкоўнік, у гасцёўні не было доктара, ксяндза і аканома. Я лічу, што забойца доктар. Я выпадкова пачуў яго размову з Разалляй. Разалля пераконвала Адама забіць яе брата. БРУНА ЧЫК: Так і казала? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ну, не зусім так, але зразумела. Казала: „Ты мусіш зрабіць гэта“, а потым згадала Юзафа. Вось Адам і забіў. БРУНА ЧЫК: Забойства няма, покуль няма трупа. А тут нават няма ні крыві, ані слядоў барацьбы, канфедэратка ляжала на непрымятай траве кроках у дзесяці ад алеі. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Яго маглі задушыць. І ён адстрэльваўся. БРУНА ЧЫК: Сабе ў галаву? Адам адпадае, у яго не было часу на забойства. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ён мог страляць са свайго акна. БРУНА ЧЫК: А дзе ж тады труп? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ёсель заадно з Адамам. Той застрэліў, а Ёсель схаваў. БРУНА ЧЫК: Хуценька закапаў і пасадзіў зверху кветкі? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Зацягнуў у свой флігель. БРУНА ЧЫК: Уяві сябе на месцы Ёселя, дзе ты ў флігелі схаваеш нябожчыка? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Натуральна, на печы. Ты там глядзеў? БРУНА ЧЫК: Вось на печы я і не глядзеў, на печы нябожчыкаў не хаваюць. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Я ўсё ж настойваю, каб абшукаць Адамаў пакой. Знойдзем гадзіннік. У каго гадзіннік, той і забойца. |
Сцэна 20 Калідор. Вадзімір Даўгалевіч і Бруна Чык пад дзвярыма Адама Шышдудара. БРУНА ЧЫК: Ты ўпэўнены, што доктара няма ў пакоі? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Я сам чуў, як ён казаў, што пойдзе супакойваць гаспадыню. БРУНА ЧЫК: Асцярожнасць не зашкодзіць. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ (прыкладае вуха да дзвярэй): Халера, ён у пакоі. БРУНА ЧЫК: Што робіць? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Размаўляе. БРУНА ЧЫК: То ён не адзін (Хоча ісці). ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Чакай, там нешта ўсчынаецца. Падобна да бойкі. БРУНА ЧЫК: Я б не быў такі катэгарычны. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ён некага душыць. Чуеш енк? БРУНА ЧЫК: Нешта падобнае. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Давай уломімся і схопім на гарачым учынку. БРУНА ЧЫК: На тваім месцы я б пастукаўся. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ (стукаецца, шум за дзвярыма імгненна заціхае): Спазніліся, задушыў (расхінае дзверы). |
Сцэна 21 Пакой Адама Шышдудара. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч у дзвярах. Адам, распрануты, сядзіць на ложку. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Дзе труп? БРУНА ЧЫК: Выбачайце, пане доктару, мы праходзілі побач, і майму сябру падалося, што вы не адзін. АДАМ ШЫШДУДАР: Менавіта падалося. БРУНА ЧЫК: Тады мы пойдзем. Выбачайце, што патурбавалі. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Як гэта падалося, як гэта выбачайце? Ты ж сам чуў (падыходзіць да ложку). БРУНА ЧЫК: Хадзем, Вадзіміру, я табе растлумачу. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Вы некага задушылі. Што вы хаваеце пад коўдрай? АДАМ ШЫШДУДАР: Прынамсі, не нябожчыка. Вадзімір Даўгалевіч, злаўчыўшыся, сцягвае коўдру, пад ёй — закрыўшы твар, аголеная Разалля Рак. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: А вы казалі — падалося, то, сапраўды, выбачайце. Пан разумее, мусім быць пільнымі. АДАМ ШЫШДУДАР: Шкадую, пане Даўгалевіч, што прывід не прыбіў вас бутэлькаю. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч выходзяць. БРУНА ЧЫК: Спадзяюся, нарэшце ты ляжаш спаць. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Так, вып’ю чарку і лягу. |
Сцэна 22 Гасцёўня. Бруна Чык, Вадзімір Даўгалевіч, Адам Шышдудар, ксёндз, Агата і Разалля Рак, Ёсель Цэслер. Зося разлівае гарбату. Сняданак. АДАМ ШЫШДУДАР: Ты Агата, мужная жанчына. Умееш хаваць перажыванні. АГАТА РАК: Калі ты, Адаме, пра тое, што знік Юзаф, то я сэрцам адчуваю — усё высветліцца. Дый Разалля, бачу, не вельмі бярэ гэта да галавы. Трэба ведаць майго мужа і яе брата. БРУНА ЧЫК: Мы з Ёселем абшукалі парк, сутарэнні і гарышча. Ніякіх слядоў. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Усе падзеі трэба звязаць у адзін ланцуг. На што разлічваў прывід? Палкоўнік і Бруна мусілі прыехаць цягніком толькі зараз. Але я зблытаў яму карты — прывёз іх на машыне яшчэ ўвечары. Ведаючы, што пані Агата спіць, прывід перакінуўся трупам палкоўніка і сеў у шафу. Вось вам і вынік — украдзены сакрэтныя дакументы, і гаспадар скончыў жыццё самагубствам. БРУНА ЧЫК: У сейфе не было чаго красці. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Па гэтым і адчуваецца рука прывіда. Каму яшчэ спатрэбіцца рабаваць сейф, у якім нічога няма? Толькі прывіду! КСЁНДЗ: А ў вашай практыцы, пане Чыку, былі падобныя выпадкі? БРУНА ЧЫК: Каб чалавек знік, не пакінуўшы ніякіх слядоў, то не. АГАТА РАК: Раскажыце нам, як вы злавілі злодзеяў, якія абрабавалі лецішча маршала Пілсудзкага ў Друскеніках. БРУНА ЧЫК: Гэта нецікава. Звычайны крадзеж. Не так даўно я таксама займаўся справай з прывідам. Да мяне звярнуўся кліент, якога шантажавалі. І прызнаўся мне, што месяц таму гуляў у карты з панам Торбачкам, выпадкова забіў яго, тнуўшы графінам па галаве, і, натуральна, спалохаўся, схаваў труп у куфар і пайшоў у сад капаць яму. Калі вярнуўся, убачыў, што кватэра абрабаваная, укралі не толькі грошы, срэбра і каштоўнасці, але і куфар з трупам. А праз месяц той злодзей, які абрабаваў кватэру, даслаў яму ліст, у якім патрабаваў грошай, а інакш гразіўся прывезці куфар з нябожчыкам назад. АГАТА РАК: Які жах! І шмат злодзей патрабаваў грошай? БРУНА ЧЫК: Мой кліент быў у стане выплаціць такую суму. АДАМ ШЫШДУДАР: За месяц труп мусіў моцна засмярдзець. Вы знайшлі яго? БРУНА ЧЫК: Знайшоў, але не труп. Шантажыстам аказаўся сам нябожчык, пан Торбачка, які прачухаўся ў куфры, глянуў у акно, за якім гаспадар капаў магілу. Паскідаў у куфар, што трапілася пад руку, і ўцёк. КСЁНДЗ: Хцівасць не мае межаў. АГАТА РАК: Вы, пане Чыку, залішне далікатны, баіцёся лішні раз патурбаваць. Калі трэба абшукаць пакоі, то не саромцеся, пачніце з маёй спачывальні. БРУНА ЧЫК: Спадзяюся, панства зразумее, што гэта не мая пустая цікаўнасць. Але, калі хто мае што супраць… РАЗАЛЛЯ РАК: А што вы думаеце знайсці? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Пан мяркуе, што нехта хавае гаспадара ў сябе? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Мы мусім знайсці гадзіннік. АДАМ ШЫШДУДАР: У мяне таксама ёсць гадзіннік. І як вы адрозніце, чый ён? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Палкоўнік расказваў, што ён грае вось так (напявае паланез). У вас таксама з музыкай? АДАМ ШЫШДУДАР: Не, у мяне больш просты. АГАТА РАК: Дык пачнем з майго пакою? Маўчанне. Бруна Чык глядзіць на ўсіх па чарзе. Раптам чуецца механічнае гранне паланезу. Усе глядзяць на ксяндза. Музыка замаўкае. КСЁНДЗ (да Адама): Гэта ваш гадзіннік граў? АДАМ ШЫШДУДАР: Мой жа без музыкі. Гэта ваш, ойча. КСЁНДЗ: Я наагул не маю гадзінніка (лезе ў кішэню, дастае залаты гадзіннік, кладзе на стол). РАЗАЛЛЯ РАК: Я пазнаю, Юзафаў гадзіннік. БРУНА ЧЫК (адкрывае накрыўку): Так, тут выдрапаны код сейфу. КСЁНДЗ: Спадзяюся, усе разумеюць, мне яго падкінулі. БРУНА ЧЫК: Не хвалюйцеся, пане ксёнджа, стрэлкі пераведзены, каб ён зайграў менавіта пад час сняданку. КСЁНДЗ: Пане Чыку, хадземце, я выкажу вам свае падазрэнні. Тут гэта рабіць небяспечна. Злодзей сярод нас. Бруна Чык і ксёндз выходзяць. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ (папраўляючы павязку на галаве): Гэта ксёндз, як я й падазраваў. АГАТА РАК: Як вам не сорамна вінаваціць ксяндза, якога пан Юзаф сам запрасіў пажыць у маёнтку! |
Сцэна 23 Кабінет. Бруна Чык і ксёндз. КСЁНДЗ: Гэта ўсё доктар. Украў, абрабаваў і гадзіннік мне падкінуў. БРУНА ЧЫК: Чаму вы так лічыце? КСЁНДЗ: Да сняданку кішэні ў мяне пустыя былі, я б заўважыў, як апранаўся. А за сталом ён побач са мной сядзеў, тады і падкінуў. БРУНА ЧЫК: А навошта Адаму рабаваць сейф? КСЁНДЗ: Не ведаю. Але палкоўніка ён не любіў. Адпомсціць мог. БРУНА ЧЫК: Гаспадар чым пакрыўдзіў яго? КСЁНДЗ: Не яго, а Разаллю. Адам сватаўся да сястры палкоўніка, а той адмовіўся пасаг даць. БРУНА ЧЫК: Магчыма, тут і ёсць сувязь, але знікнення Юзафа гэта не тлумачыць. КСЁНДЗ: Сапраўды, калі толькі гаспадар сам дзе не схаваўся, то мушу паверыць у падкопы Д’ябла. (Сыходзіць.) |
Сцэна 24 Кабінэт. Бруна Чык. Заходзіць Вадзімір Даўгалевіч. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ты адпусціў ксяндза? БРУНА ЧЫК: Так. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Разумею, ты хочаш, каб я пайшоў сачыць за ім. БРУНА ЧЫК: А хто сказаў, што ён збіраецца ўцякаць? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ён жа злодзей. Ты сам казаў: у каго гадзіннік, той і злодзей. БРУНА ЧЫК: А ў каго гадзіннік цяпер? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: У цябе. БРУНА ЧЫК: Значыцца, цяпер злодей я. Маглі падкінуць табе. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Я перакананы — ксёндз абрабаваў сейф. БРУНА ЧЫК: Нашто яму сакрэтныя дакументы, якіх там, дарэчы, не было? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ну, я ж не следчы. Можа, ён клептаман, можа, шпіён. За ім трэба сачыць. БРУНА ЧЫК: Хочаш, сачы. Толькі для шпега ты занадта вядомы і прыкметны. І не забудзься прыхапіць каску палкоўніка. Вадзімір Даўгалевіч сыходзіць. |
Сцэна 25 Кабінет. Бруна Чык. Заходзіць Адам Шышдудар. БРУНА ЧЫК: Прыйшлі зрабіць прызнанне? АДАМ ШЫШДУДАР: Вы здагадаліся (кладзе на стол папку). БРУНА ЧЫК: Дзіўна, я лічыў, вы прыйдзеце трошкі пазней. Толькі нашто пан доктар падклаў гадзіннік у кішэню менавіта ксяндзу? АДАМ ШЫШДУДАР: Мог бы й вам, але той сядзеў бліжэй. Вы ж не паверылі, што ён рабаўнік — на тое і быў разлік. БРУНА ЧЫК: Сакрэтныя дакументы? (Разглядае папку.) АДАМ ШЫШДУДАР: Калі і ёсць тут сакрэты, то хіба ад пані Агаты — лісты каханак. У пана палкоўніка была неспакойная маладосць. БРУНА ЧЫК: Я не скажу, што ў яго спакойная старасць. І вы да гэтага спрычыніліся. Вы ўкралі гадзіннік, падпільнавалі, як гаспадар сышоў з кабінету, замкнулі яго ў прыбіральні, толькі пачалі адмыкаць сейф, як вам сабраўся перашкодзіць Вадзімір. АДАМ ШЫШДУДАР: Выбачайце, але на скорую руку не мог прыдумаць лепшага спосабу нейтралізаваць яго на час. БРУНА ЧЫК: Але вы не змаглі ўтрымацца ад спакусы і тут жа ў кабінеце развязалі папку. АДАМ ШЫШДУДАР: Зразумела. І ўбачыў, што гэта далёка не планы мабілізацыі. Але для маіх мэтаў любоўная перапіска падыходзіла больш. Рэч у тым, што Юзаф не хоча аддаваць за мяне Разаллю. А пан жа бачыў: мы з Разалляй кахаем адно аднога! БРУНА ЧЫК: Я ўдакладню. Разаллю вы можаце браць у жонкі хоць сёння, але ж палкоўнік не дае пасагу. АДАМ ШЫШДУДАР: Так, мы хацелі дабіцца ад Юзафа, каб аддаў ёй частку бацькоўскай спадчыны. Але цяпер, калі палкоўнік знік, я вырашыў ува ўсім прызнацца. БРУНА ЧЫК: Мяне запрасіў сюды гаспадар, і па яго вяртанні я мушу ўсё расказаць яму. АДАМ ШЫШДУДАР: Пан следчы яшчэ спадзяецца, што ён вернецца? БРУНА ЧЫК: А вы маеце сумненні? АДАМ ШЫШДУДАР: Адзіны чалавек у маёнтку, хто ўсур’ёз жадае смерці гаспадару, — ягоная жонка, пані Агата. Я ж папярэдзіў палкоўніка ў цыдулцы: ён раганосец. БРУНА ЧЫК: Яна здраджвае мужу? АДАМ ШЫШДУДАР: Так, прашу прабачэння, курва, маркітуецца, як швейная машынка. Таму яе Юзаф і звёз з Вільні ў маёнтак. БРУНА ЧЫК: А тут у яе ёсць пэўны каханак? АДАМ ШЫШДУДАР: У Агаты няма нічога трывалага. Яна нават, ведаючы пра нас з Разалляй, заляцалася да мяне. А я ж яе стрыечны брат. БРУНА ЧЫК: Я яшчэ па дарозе сюды зразумеў, што калі па доме ходзіць прывід, які крадзе цыгары і каньяк, то ён мусіць заходзіць і да жанчынаў. АДАМ ШЫШДУДАР: Мушу расчараваць. Прывідам я не хадзіў. Усе свае злачынствы я пералічыў. БРУНА ЧЫК: Сапраўды, для прывіда пан занадта рацыянальны. Хаця дзеля справядлівасці адзначу: вы прызналіся нават у тым, чаго не рабілі. Палкоўніка ў прыбіральні зачыніла Разалля. АДАМ ШЫШДУДАР: Ад вас цяжка нешта ўтоіць. І ўсё ж раю больш пільна прыгледзецца да гаспадыні. Вы яе недаацэньваеце. Чуваць грукат і лямант на калідоры. Стук у дзверы. З’яўляецца пакаёўка Зося. ЗОСЯ: Пане Чыку, ваш сябра, пан Даўгалевіч, праваліўся ў сутарэнні. БРУНА ЧЫК: То што, у доме няма каму яго выцягнуць? ЗОСЯ: Яго ўжо выратаваў пан ксёндз. Сядзіць цяпер у гасцёўні, п’е каньяк пана палкоўніка. |
Сцэна 26 Кабінет. Тыя ж. З’яўляецца Агата Рак. БРУНА ЧЫК: Вас, пані Агата, таксама патурбаваў мой сябра? АГАТА РАК: Я ведаю, дзе схавалі Юзафа. У маёй спачывальні, пад ложкам. АДАМ ШЫШДУДАР (нахіляецца да Бруна Чыка): Я ж вам казаў. БРУНА ЧЫК: Вы зазіралі туды? АГАТА РАК: Я адчула смурод, зазірнула, а ён ляжыць пад ложкам у парадным мундзіры. |
Сцэна 27 Спачывальня. Бруна Чык, Агата Рак, Зося, ксёндз, Адам Шышдудар, Разалля Рак. Бруна Чык выцягвае з-пад ложка кілім. На ім здохлы сабака ангельскага заводу ў парадным мундзіры палкоўніка. ЗОСЯ: Пярэварацень! АДАМ ШЫШДУДАР: Гэта ж Самсон! Аднога ўжо знайшлі. БРУНА ЧЫК: А што на гэты конт думае Святы касцёл? КСЁНДЗ: Я веру толькі ў Боскія цуды. АДАМ ШЫШДУДАР: Калі палкоўнік быў ваўкалакам, то як мы гэта пахаваем: як сабаку ці як палкоўніка? РАЗАЛЛЯ: Не будзь цынікам! Пахаваем як сабаку палкоўніка. БРУНА ЧЫК: Відавочна, Самсона зарэзалі шабляй. |
Сцэна 28 Спачывальня. Тыя ж. Чуецца крык Вадзіміра Даўгалевіча. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Бруна, я злавіў злодзея! У спачывальню заходзіць Ёсель Цэслер з дзвюма пляшкамі каньяку. За ім Вадзімір Даўгалевіч. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ (убачыўшы сабаку): Ужо знайшлі палкоўніка? А я злавіў злодзея. Краў гаспадарскі каньяк. Ну, і смярдзіць у вас тут. Як у Стамбуле. АГАТА РАК: Ёсель, няўжо гэта праўда? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Так, пані, вельмі вінаваты. БРУНА ЧЫК: Пан Цэслер, сёння ж субота, хіба вы не прававерны юдэй? Сёння нават працаваць нельга, не тое што красці. Я не веру. ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Яшчэ больш вінаваты. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ды краў ён, і ў маю пастку трапіўся. Выпіў я для выгляду чатыры чаркі. Каньяк на стале пакінуў, а сам схаваўся. Ведаю — прывід каньяк крадзе. Заходзіць аканом, азіраецца і забірае каньяк. АГАТА РАК: Ёсель, відаць, хацеў яго ў буфет паставіць? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ды не, я яго ўжо ў парку спыніў, да сябе ў флігель цягнуў. А вам, пані Агата, сказаў бы, што я ўсё выпіў. БРУНА ЧЫК: Пане Цэслеру, відаць, вас нехта прымусіў, запалохаў? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Не, сам, усё сам, думаў на шабас выпіць. З парку чуецца стрэл. Усе пдбягаюць да вокнаў, а спалоханы Ёсель Цэслер не ведае, дзе схавацца. |
Сцэна 29 Тыя ж. У дзвярах з’яўляецца чорны з перапою Юзаф Рак. З рэвальверам. КСЁНДЗ (гледзячы ў акно): Зноў нікога. ЮЗАФ РАК: Што, пахаваць мяне вырашылі, як сабаку? ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Вось ваш каньяк, пане палкоўніку. ЮЗАФ РАК: А, і ты з імі, бальшавіцкая морда. Заб’ю шпега. Юзаф Рак бярэ пляшку, п’е з рыльца, валіцца на ложак. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Я магу напіцца, каб нікога не бачыць, але напіцца, каб мяне ніхто не бачыў… ЮЗАФ РАК: Прачнуся, усіх пазабіваю. ЁСЕЛЬ ЦЭСЛЕР: Прашу прабачэння. Але вось так заўсёды, калі што, то вінаваты бедны Ёсель. Гаспадар хоча выпіць, а Зося замыкае буфет, думаеце, ён прыстаўляе рэвальвер ёй да сэрца? Не, ён ідзе да Ёселя, прыстаўляе рэвальвер яму да скроні і кажа, што я бальшавіцкі шпіён. І я мушу наліваць гарэлку. І я ведаю, што ён не заб’е Ёселя, покуль у мяне ёсць, што выпіць. Ён залазіць на печ і кажа, што заб’е мяне, калі Ёсель скажа каму хоць слова. Ён прачынаецца, я наліваю, а ён кажа, што заб’е мяне, як прачнецца зноў. А ўсе ходзяць і шукаюць пана палкоўніка, а ён спіць у мяне на печы. А бедны Ёсель хоча жыць. І вось у мяне скончылася гарэлка. Што я мушу рабіць? Я мушу красці ў суботу, каб уратавацца. Але Ёселю і тут не шанцуе — яго ловяць, і зноў Ёсель ува ўсім вінаваты… |
Сцэна 30 Кабінет. Бруна Чык, Юзаф Рак. БРУНА ЧЫК: Як пан палкоўнік пачуваецца? ЮЗАФ РАК: А ведаеце — і няблага. У маладыя гады я мог выпіць вядро пазнанскага лікёру і гарцаваць на кані. БРУНА ЧЫК: Дарэчы, вось ваш гадзіннік і так званыя сакрэтныя дакументы. ЮЗАФ РАК: Як вы знайшлі іх? БРУНА ЧЫК: Аддаў прывід. Сам. А я абяцаў не называць яго імя. Магу дадаць адно, ён прасіў паскорыць вяселле Адама і Разаллі. ЮЗАФ РАК: Дык гэты нямецкі шпег і сабаку майго зарэзаў? БРУНА ЧЫК: Не, гэта зрабіў іншы прывід, тут іх у вас поўна. (Падыходзіць да каміннай паліцы, падае бульбіну на вяроўцы з уторкнутымі ў яе пёркамі.) Вось гэты, напрыклад, скавытаў па вечарах у гасцёўні, вісеў у коміне. ЮЗАФ РАК: Дык хто зарэзаў Самсона? Хто сядзеў у маёй шафе? БРУНА ЧЫК: Гэтага прывіда вы мусіце злавіць самі. Я браўся знайсці ўкрадзеную рэч. ЮЗАФ РАК: Я толькі і раблю, што лаўлю яго, але хітры, гад, заўсёды мяне апярэджвае. БРУНА ЧЫК: А вы самі апярэдзьце яго. ЮЗАФ РАК: Якім чынам? БРУНА ЧЫК: Ператварыцеся ў прывіда. ЮЗАФ РАК: Што мне — накінуць на галаву прасціну і начамі тупаць на калідоры? БРУНА ЧЫК: Не, я параю іншае. Зрабіце, як у той казцы, калі салдат кладзецца ў труну вурдалака і чакае яго вяртання. ЮЗАФ РАК: Трэба ісці на могілкі і выкопваць труну? БРУНА ЧЫК: Не, ваш прывід прыходзіць не з могілак. Стук у дзверы. Заходзіць Зося. ЗОСЯ: Пане Чыку, пан пісьменнік залез на гарышча і не можа спусціцца. БРУНА ЧЫК: То перадайце яму наверх пляшку гарэлкі. Відаць, у яго скончыўся запас энергіі. |
Сцэна 31 Гасцёўня. За сталом гуляюць у „66“ Адам Шышдудар, ксёндз, Агата, Разалля Рак. Бруна Чык разглядае талеркі на буфеце. Вадзімір Даўгалевіч сядзіць збоч на фатэлі. АДАМ ШЫШДУДАР: Габлюйце, пане ксёнджа. АГАТА РАК: Айцец не дастаткова прагматычны, каб добра гуляць у карты. Але з ягонай лёгкай рукі заўсёды прыходзяць аб’яўкі. РАЗАЛЛЯ РАК: Адкрываць не трэба. Козыр віна. І вось вам віновы туз. КСЁНДЗ: Не гнявіце Бога, адразу ў казыры. Вадзімір бярэ са століка пустую чарку, змрочна зазірае ў яе і ставіць назад. БРУНА ЧЫК (бярэ ў рукі талерку): Усё ж пагадзіся, Вадзіміру, Кузняцоўская парцаляна не мае еўрапейскай вытанчанасці. Шмат азіяцкай дурасці — птушак у золаце. А вось талерка ад Гарднера выглядае больш сціпла і прыстойна. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: І як ты можаш гэтым цікавіцца, табе чарапкі даражэйшыя за прывіда. Яго лавіць трэба. Ты талеркі разглядаеш, пан палкоўнік пакуе партфель, сабраўся ехаць да натарыюса ў Вільню. І Зоська зноў буфет зачыніла. |
Сцэна 32 Тыя ж. Заходзіць Юзаф Рак з сакваяжам. Ён нападпітку. ЮЗАФ РАК: Ненадоўга развітваюся з усімі. Справы вымушаюць ехаць. Спадзяюся быць тут ужо заўтра на вячэру. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Мо вас падвезці да вакзалу? У буфеце б узялі па чарцы на развітанне. ЮЗАФ РАК: Дзякую, але мяне адвязе Ёсель, ён ужо заклаў брычку. АГАТА РАК: Патэлефануй мне з Вільні. Я нагадаю табе, каб купіў у цукерні за Вастрабрамскай бляшанку дацкага печыва. Юзаф Рак цалуе жонку. Выходзіць. АГАТА РАК (раскладае карты): Пасля цяжкай ночы хіліць у сон. Заходзіць Зося, адмыкае буфет. ЗОСЯ: Паехалі ўжо. АГАТА РАК: Зося, заўтра перасадзіш з аранжарэі кветкі. Разбітае сэрца на магілу Самсона. (Выходзіць.) |
Сцэна 33 Гасцёўня. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч. БРУНА ЧЫК: А ты, Вадзіміру, спаць не збіраешся? Сённяшняя ноч мусіць быць спакойнаю. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Сёння поўня на небе, самы час для з’яўлення прывіда. БРУНА ЧЫК: Прывіда будзе лавіць палкоўнік. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ён жа з’ехаў ды не ведае, як лавіць. А я вось падрыхтаваў бутэльку свянцонай вады і вяроўку. Сёння ў бібліятэцы кніжку знайшоў, там адзін святар — Мацапура — піша, што, калі на прывіда пырснуць свянцонай вадою, то ён зматэрыялізуецца, і яго можна будзе браць голымі рукамі (папраўляе павязку на галаве). БРУНА ЧЫК: Паслухайся мяне, хадзем спаць. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ані ў якім разе. БРУНА ЧЫК: Я настойваю. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ну, добра, калі ты так настойваеш, то хадзем. Усё адно без мяне ніхто не зловіць. |
Сцэна 34 Гасцёўня. Азіраючыся, заходзіць Юзаф Рак, крывіцца на гук уласных крокаў, сядае ў фатэль, сцягвае боты, дастае з буфета пляшку, ставіць у бот. Крадком ідзе на калідор. |
Сцэна 35 Спачывальня. Агата Рак у ложку. Без стуку адчыняюцца дзверы, заходзіць Прывід. АГАТА РАК: Ты казаў, што прыйдзеш пазней. Але я ўсё адно зачакалася. Па падлозе слізгае цень ад Прывіда. АГАТА РАК: Хадзі да мяне. У цябе прыемныя прахалодныя рукі. Як я кахаю цябе. Прывід і Агата Рак мілуюцца. |
Сцэна 36 Спачывальня. Тыя ж. Зноў без стуку крадком прачыняюцца дзверы. З-за іх ставіцца на падлогу спачатку адзін бот, потым другі. Прывід хаваецца пад ложкам. Агата Рак удае, нібы спіць. Следам за ботамі з’яўляецца Юзаф Рак, дастае пляшку, выцягвае шаблю, прыглядаецца да жонкі. Хаваецца ў шафу. Адтуль чуецца бульканне. |
Сцэна 37 Калідор. Вадзімір Даўгалевіч з грамнічнаю свечкаю, вяроўкай на плячы і бутэлькай свянцонае вады. Падыходзіць да дзвярэй гаспадарскай спачывальні, прачыняе дзверы, зазірае за іх. |
Сцэна 38 Спачывальня. Агата ў ложку ўдае, што спіць. Юзаф Рак храпе ў шафе. Прывід пад ложкам. Вадзімір Даўгалевіч прыслухоўваецца. Ідзе да шафы, адчыняе — скурчыўшыся ў кутку з шабляй у руках, раскрыўшы рот, храпе Юзаф. Пустая пляшка паміж босых ног. Вадзімір адстаўляе свечку, рыхтуе вяроўку і прымерваецца, як паліць свянцонай вадой. Палкоўнік раптоўна расплюшчвае вочы. Вадзімір Даўгалевіч хапае бутэльку за рыльца і б’е Юзафа Рака па галаве. Гасне свечка, чуецца роў палкоўніка, перакульваецца мэбля. АГАТА РАК (лямантуе): Ратунку! Зося! Пане Бруна! Гвалт! Забіваюць! Ратуйце! Ойча Казіміру! ЮЗАФ РАК: Я табе дам па шафах лазіць! (Скручвае Вадзіміра Даўгалевіча вяроўкаю.) Ды сціхні ты, дурніца! |
Сцэна 39 Спачывальня. Тыя ж. На лямант Агаты Рак з’яўляецца Бруна Чык, за ім Зося, Адам Шышдудар, Разалля Рак, ксёндз, Ёсель Цэслер. ЮЗАФ РАК: Вось, скруціў прывіда. Хацеў мяне забіць. Сяджу я, пільную ў шафе, а ён мяне бутэлькай па галаве. Ну, я яго, натуральна, і скруціў. ЗОСЯ: А Божачка! РАЗАЛЛЯ РАК: Юзаф зноў сеў на каня. АДАМ ШЫШДУДАР: Вы ўжо вярнуліся? Юзаф Рак бярэцца за шаблю. БРУНА ЧЫК: Пане палкоўніку, гэта не прывід, гэта Вадзімір. ЮЗАФ РАК: А на халеру бутэлькай па галаве? БРУНА ЧЫК: Ён думаў, што вы — прывід. ЮЗАФ РАК: Хіба я падобны? БРУНА ЧЫК: Вы ж бачылі самога сябе ў шафе. (Развязвае Вадзіміра Даўгалевіча.) Казаў я табе — кладзіся спаць. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Усё як мінулым разам. Чую — нехта ў шафе сядзіць. Адчыняю — прывід. Вы ж, пане палкоўніку, з’ехалі, чаго вам у шафе сядзець. Бяру бутэльку са свянцонай вадой і думаю: вось дам зараз чорту па рагах. ЮЗАФ РАК: А дзе ж прывід? КСЁНДЗ: Я ўпэўніўся, у доме сапраўды пасяліўся Д’ябал. Мушу тэрмінова выехаць да біскупа. БРУНА ЧЫК: Так, хто б ён ні быў, але я ведаю сродак, як пазбавіцца ад яго. Пакіньце нас з ксяндзом на пару хвілін адных у спачывальні, і мы здзейснім абрад выгнання Д’ябла. АДАМ ШЫШДУДАР: Няўжо, пане Чыку, вы за гэтыя дні ўверылі ў Бога? ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ты ж ніколі не верыў. АГАТА РАК: Вы лічыце, прывід і цяпер у пакоі? БРУНА ЧЫК: Я ведаю, ён сярод нас. Спадзяюся, пан ксёндз пацвердзіць мае словы. КСЁНДЗ: Калі ласка, панове, трэба хутчэй пакінуць пакой, мы мусім пачынаць. ЮЗАФ РАК: Ды рабеце, што хочаце, толькі каб ніхто болей бутэлькамі па галаве не біў (выходзіць). |
Сцэна 40 Спачывальня. Бруна Чык і ксёндз. КСЁНДЗ: Вы сапраўды паверылі ў прывіда? БРУНА ЧЫК: Я бачыў цуд: вы з’явіліся ў спачывальні, хоць і не заходзілі ў яе. КСЁНДЗ: Вы хочаце сказаць, я прайшоў скрозь сцяну? БРУНА ЧЫК: Не, вы вылезлі з-пад ложку. На крык я прыбег першы і стаў у дзвярах. Паўз мяне вы не праходзілі. Шафа занятая, вольна толькі пад ложкам. Заўважце, я спецыяльна не кажу — у ложку. КСЁНДЗ: Дык вы ўсё ведаеце? БРУНА ЧЫК: Мне ўсё было ясна з першага дня. Аднак не ў маіх правілах выкрываць каханкаў. Я спадзяваўся: муж зловіць вас сам. Але калі ён няздатны нават на гэта, то няхай верыць — у яго доме быў прывід. КСЁНДЗ: Чалавек слабы, і спакусы часам мацнейшыя за яго. БРУНА ЧЫК: Для мяне такія паводзіны больш зразумелыя, чым цэлібат. Вось вам аркуш, а чырвоны атрамант прывіда я прыхапіў у вашым пакоі. КСЁНДЗ: Што пісаць? БРУНА ЧЫК: Прывід ператварыўся ў святога духа і больш ніколі не з’явіцца ў спачывальні. Дадайце: з’яўленне прывіда — пакаранне палкоўніку за сквапнасць, хай дасць Разаллі добры пасаг. КСЁНДЗ: Прывід раней не пісаў такіх доўгіх цыдулак. БРУНА ЧЫК: Нічога, гэта развітальная. |
Сцэна 41 Віленская кватэра Бруна Чыка. Бруна Чык і Вадзімір Даўгалевіч разбіраюць пошту. Бруна праз павелічальнае шкло разглядае кляймо на талерцы. БРУНА ЧЫК: Баварцы пачалі дамешваць свінец у парцаляну. У тым, што нямецкі посуд не б’ецца, адчуваецца нешта дурное. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Мілітарызацыя дайшла да талерак. БРУНА ЧЫК: А я лічу, пачалася з іх. Усе войны пачыналіся з-за пустых талерак. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Пані Твардоўская піша, што муж вярнуўся сам, але просіць заняцца іншай справай, у яе ў доме завялася нячыстая сіла, якая крадзе наліўкі ды чыніць іншую дробную шкоду. БРУНА ЧЫК: Скора пан Твардоўскі зноў уцячэ ад жонкі. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Ліст з Гайцюнішкаў ад Адама і Разаллі. Запрашаюць нас на вяселле. Вянчае іх пробашч Казімір. Дзякуюць за ўсё табе і прывіду. Пішуць, што пасля перажытага пані Агата зрабілася вельмі набожнай і два разы на тыдзень ездзіць да касцёла. Чым пан палкоўнік вельмі ўсцешаны. БРУНА ЧЫК: Цяпер ахмістрыні айца Казіміра будзе здавацца, што ў плябаніі завёўся жаночы прывід. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Дарэчы, ты мне дагэтуль не растлумачыў, адкуль у шафе ўзяўся скрываўлены труп і куды ён падзеўся? БРУНА ЧЫК: Я думаў, ты ведаеш. Сітуацыя класічная. Муж раней на дзень вяртаецца дадому. А ў жонкі палюбоўнік — ксёндз Казімір. Святы айцец хаваецца ў шафу, а на выпадак, калі яго ўсё ж знойдзе муж, прыкідваецца трупам. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: А сабаку навошта зарэзалі? БРУНА ЧЫК: Каб не замінаў кахацца. Палкоўнік жа яго выдрэсіраваў не толькі кабінет ахоўваць, а і цнатлівасць жонкі. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Я б не здагадаўся надзець чужы парадны мундзір і выпэцкаць твар сабачай крывёю. БРУНА ЧЫК: Ты б сядзеў голым у шафе. І адкуль у яго растуць рогі, здагадаўся б нават палкоўнік. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Што ж ты іх адразу не раскрыў? БРУНА ЧЫК: Я чакаў, калі хто з каханкаў паспрабуе вынесці сабаку з дому. Але ты паводзіў сябе звышактыўна, і няведама было, з-за якой парцьеры вывалішся наступным разам. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Мог бы і мне сказаць. БРУНА ЧЫК: Я шкадаваў тваёй веры ў прывідаў. ВАДЗІМІР ДАЎГАЛЕВІЧ: Што адкажам Адаму і Разаллі? Мы едзем на вяселле ў Гайцюнішкі? БРУНА ЧЫК: Я — не. Маёнткі з прывідамі мяне больш не цікавяць. Піцунда. 12 жніўня 1992 году
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (10) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |