A R C H E | A d a m H l o b u s | № 5 (10) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
|
Адам Глобус
|
Праз гадоў дванаццаць я сустрэну мастака-краявідніка, які спытаецца, ці захаваў я малюнкі вар’ятаў. Скажу: захаваў. Ён здзівіцца і перапытае. Праўда, захаваў? І скажа, што трыццаць гадоў ездзіць пісаць дзіўныя краявіды і ні разу не бачыў, каб хто іншы зацікавіўся вар’ятамі. Не стаў я тлумачыць пра неба, а табе скажу… Не вар’яты са сваімі гісторыямі хваробы мяне цікавілі і цікавяць, а святло, што сыходзіла з велізарнага неба, святло і святасць. Таму й апынуліся мы з Алесем у закінутым касцёле, у мястэчку Опсе. Хутароў і касцёлаў з цэрквамі мы абышлі безліч і пад Браславам, і пад Друяй, і пад Краславай, і пад Мёрамі, і пад Дзвінскам. Сыбота і нядзеля былі ў нас вандроўнымі днямі. У Опсе стаяла жнівеньскае пекла. Пот каціўся ў вочы. У касцёл мы ўлезлі праз акно. Калі кінуты хутар — трагедыя адной сям’і, дык кінуты і разрабаваны сабор — трагедыя нацыі. Арганныя трубы валяліся на падлозе сярод папяровых мяхоў з-пад угнаенняў. Ні абразоў, ні алтара не было. Толькі на адной арцы пад самай столлю вісела вялікае ўкрыжаванне. Трэба забраць! Не істотна, хто з нас выказаў тую думку. Трэ было зняць і знесці ўкрыжаванне. Але як? Хрыстос вісеў метраў за пятнаццаць ад зямлі. Паразглядаўшы скляпенні, мы заўважылі ў іх круглыя дзіркі, праз якія некалі апускаліся і ўздымаліся жырандолі. У такую дзірку з цяжкасцю, але мог пралезці чалавек. І праз дваццаць пяць гадоў я не магу самому сабе патлумачыць, чаму рызыкнулі палезці ў тую дзірку. Як і кожны нармальны чалавек, я пабойваюся вышыні. І забаўкі кшталту пастаяць на даху на самым краі, каб мыскі чаравікаў віселі над безданню, не для мяне. А тут мы ўзняліся на гарышча, поўнае галубоў, прайшлі да адтуліны і па чарзе зазірнулі ўніз. Ад дзіркі да ўкрыжавання было метры з два, рукою не дацягнешся. А таму давялося спускацца, ісці ў гаспадарчую краму, набываць вяроўку, выразаць альховае вудзільна і рабіць аркан. Падобным ласо паўночнаамерыканскі каўбой лавіў каня. З арканам мы забраліся на касцёльнае гарышча другі раз. Я пралез у дзірку. Алесь трымаў мяне за ногі. Я вісеў галавою ўніз і спрабаваў заарканіць скульптуру. Крыж досыць шчыльна прылягаў да сцяны. І ў мяне не выходзіла накінуць пятлю. Я зрабіў, можа, спробаў дваццаць, покуль не пацямнела ў вачах. Алесь зацягнуў мяне назад, да галубоў. Мы перакурылі. Непрыстойны занятак — паленне тытуню ў саборы. Каюся. Але каб супакоіцца, я мусіў выпаліць папяросу. Мы супакоіліся, і ў дзірку палез мой супольнік. Я ўпінаўся нагамі ў драўляную бэльку і ўчэпіста трымаў Алесевы ногі. А ён целяпаўся над цэментовай падлогаю галавою ўніз. Ёсць! Злавіў! Словы гучалі далёка, як з іншага свету. І тут мяне наведала адна з самых мярзотных думак… А што калі адпусціць Алеся? Узяць і адпусціць. Ён заб’ецца! Мяне не асудзяць… Хто давядзе, што я знарок адпусціў яго? Выцягвай! Выцягвай! Крычаў мой мілы таварыш. Я скамянеў, баючыся ўласных разваг. Дык што рабіць? Ён жа мяне толькі што выцягнуў! Я напружыўся і вывалачыў сябрука. Але гэта была толькі палова з запланаванага. Цяпер мы мусілі адарваць крыж ад сцяны і спусціць на вяроўцы ўніз. Пятля ўдала ахапіла ўпоперак укрыжаванне. Вяроўка ляжала на Хрыстовых грудзях, ішла пад левую руку, за крыж, і выходзіла на правае плячо. Лепей і быць не магло. Тарганулі. Крыж трэснуў за Хрыстовай галавою. Вяроўка засталася ў нашых руках, а скульптура паляцела ўніз. Я ўжо бачыў, як яна разбіваецца на тысячы дробных кавалачкаў. Але... Я пабачыў дзіва. За метры два ад зямлі крыж змяніў траекторыю з вертыкальнай на гарызантальную. Ён спланаваў, як лёгкі папяровы самалёцік, спланаваў і лёг на пыльную гурбу ўгнаення. Каб хто іншы… А што мне да іншых? Я табе сведчу: укрыжаванне ўпала з пятнаццаціметровай вышыні на каменную падлогу і не разбілася. Мы спусціліся. Зацярушаны пылам Хрыстос чакаў унізе. Пашкодзілася толькі правая рука, што зачапілася за стары папяровы мех. Раскрышілася тры пальцы. Пазней мой брат школьнік выража тыя пальцы з дрэва і адрэстаўруе скульптуру. А тады ў нас дух заняло. Моўчкі мы разабралі крыж на дошкі. Аднялі рукі Ісуса, зняліся яны надзіва лёгка. Схавалі ўсё тое ў мяхі і панеслі на аўтобусную станцыю. Адчуванне, што за намі сочаць, не пакінула нас і ў Слабодцы, куды мы вярнуліся позна ўвечары. Мы схавалі Хрыста за скрыні з археалагічнымі знаходкамі і селі вячэраць. Там, у Слабодцы, працуючы землякопам, я палюбіў сала і навучыўся піць спірт. Свіное сала я проста ненавідзеў, а тут раптам пачаў яго есці з апетытам, усмак, з асалодаю. Дый што на той Браслаўшчыне магло прагнаць пасляпрацоўны голад, акрамя беларускага сала? Нішто. Мы напіліся вогненнай вадкасці, наеліся шкварак з хлебам ды цыбуляю і паваліліся спаць. Была субота. А ў нядзелю мы хадзілі ў лазню. Слабодка — зусім маленькае мястэчка, і грамадская лазня там адна, у вар’ятні. Па нядзелях там мыюцца тыя, у каго няма прыватнага памывачнага комплексу. Мы з Алесем прыйшлі самыя першыя, папарыліся, паплавалі ў возеры і пачалі мыцца. Мыемся мы па-рознаму. Ён пачынае з ног, а я — з твару. Ён высокі, вышэйшы за мяне на галаву. Пэўна таму я памыўся першы і сядзеў чакаў, а ён яшчэ толькі намыльваў свае доўгія каштанавыя валасы. Ён абмываў галаву, а я збіраўся сыходзіць, калі выпадкова зірнуў у ягоную шайку. У тазіку было поўна крыві. Паўнюткі таз крыві з мылам. Кроў! Стой! Зараз, я набяру чыстай вады! Алесь стаяў з заплюшчанымі вачыма над тазам. Я лінуў на яго вядро сцюдзёнай вады. Ён і не зразумеў, што халоднай. „Адкуль кроў? Гэта я ў цябе пытаюся? Паглядзі галаву“. Ён схіліўся. На галаве крыві не было. Яна цякла з правай прабітай наскрозь Алесевай далоні. Чорт! Недзе тут цвік, мусіць, быў. Мы чамусьці вырашылі знайсці той цвік. У паўзмроку лазні поўзалі пад лаўкамі і шукалі цвік, пакуль я не сказаў: досыць. Уся лазня была перапэцкана чалавечай крывёй. Так-сяк Алесь апрануўся, і мы пабеглі ў псіхіятрычную лякарню, да лекара. Той апрацаваў рану ёдам і перавязаў. Верыць у гісторыю з містычным выратаваннем крыжа ён адмовіўся, а мы й не настойвалі. У размовах з псіхіятрам нельга настойваць. Асабліва на тэрыторыі яму падуладнай больніцы. Зрэшты, я б яму і не распавёў пра крыж, каб не спірт. Доктару было сумна, а тут такое здарэнне: дзірка ў руцэ, а пацыент не чуе болю. Ён наліў нам і сабе па паўшклянкі медыцынскага. Языкі развязаліся. А ў кожным псіхіятру хаваецца духоўнік. Вось і пачуў ён нашы споведзі. Добра, што псіхіятры ў адрозненне ад псіхапатаў — матэрыялісты. І мы п’яныя спакойненька пакінулі лякарню. За брамаю нашы погляды на здарэнне разышліся. Алесь настойваў на вяртанні крыжа ў касцёл, а я пярэчыў. Які касцёл? Дзе ты бачыў касцёл? Склад угнаенняў там, а не касцёл! І калі я даведаюся, што ў Опсе аднавілі касцёл, вярну крыж ксяндзу. Чуеш, мы вернем укрыжаванне ксяндзу! Я не думаў, што касцёл у Опсе некалі адновіцца. Дакладней, я быў упэўнены: ён не адновіцца ніколі. Жалезная заслона, ваяўнічы атэізм… Алесь прыйшоў да мяне і сказаў, што трэба вяртаць крыж. Паміж зняццём і вяртаннем мінула пятнаццаць гадоў. Мы пагрузілі ўкрыжаванне на задняе сядзенне Алесевага легкавіка і паехалі ў Опсу. Мы і з Менску не паспелі выехаць, як легкавік заглух. „Ты можаш вяртацца, а я папраўлю машыну, сам завязу і аддам укрыжаванне“. Я вярнуўся. Алесь завёз драўлянага Ісуса на Браслаўшчыну, але я не быў таму сведкам, я проста веру яму. Вільня, красавік 2000 году
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (10) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |