1. Траецкае прадмесце
Прыступкі. Кавярня маленькая.
Утульны і мяккі вітраж.
Прасценкі, засланыя ценямі.
Над каваю дыму віраж.
Да кубачка чорнае кавы
Я цукру кавалак нясу,
…Салодзіць смак часу гаркавы
Адноўленай вечнасці сум.
2. Касцёл
Двор без шуму, без твараў, без дрэў
Двор, што вокнамі ў вокны глядзеў,
Межы-гмахі да хмараў прасцёр
І схаваў у шэрым змроку касцёл.
Паўразбураны і паўжывы,
Ён глядзеў у завулак крывы
З-за каменнасці цьмянай дамоў.
Я хадзіла тут столькі разоў.
І не ведала, што за сцяной
Век семнаццаты гранню жывой
Заблішчыць.
Хараства адкрыццё.
Узыходзіць у неба касцёл.
3. Верхні Горад
Паўзе па бруку цішыня
І разбіваецца аб крокі.
Кладзецца снег на плед шырокі,
Каб крылы зноў вясной узняць.
А з вуліц шум ледзь чутны йдзе,
Такі нязвычны і далёкі,
Па верхнім горадзе,
Дзе вокны,
Нібыта вочы тых людзей,
Што тут жылі.
Цябе сустрэне
Цвік рэха, убіты ў цішыню,
І водблеск даўняга агню,
І век чужы паўзмрочным ценем.