A R C H E A d a m H l o b u s № 5 (10) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52000
» да Зьместу «

 


АДАМ ГЛОБУС
 


мастацтва

 
Вокладка ARCHE Adam Hlobus 5-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Харэўскі
Адам Глёбус.
Баляда 

...У сярэдзіне 80-х гадоў у беларускае мастацтва прыйшла генэрацыя мастакоў з новым бачаньнем сьвету. Да іх фармальныя пошукі ў беларускім мастацтве абмяжоўваліся ўтылітарнымі задачамі — стварэньнем, напрыклад, „суворага стылю“ або насьледаваньнем „стылю нацыянальнаму“. Але вось прыйшло трэцяе паваеннае пакаленьне, якое выгадавалася і атрымала адукацыю толькі ў Менску, без вырашальнага ўплыву маскоўскай ці пецярбурскай школаў. Неўзабаве яно пачало групавацца ў суполкі накшталт „Нямігі 17“, „Галіны“, „Формы“... Для тых часоў гэта была рэвалюцыя. Паўсталі арганізацыі, альтэрнатыўныя афіцыйнаму Саюзу Мастакоў!

Творчасьць Цішына, Пятрова, Мартынчыка ці Баброва нагэтулькі выломвалася з агульнага фону тадышняга БССРаўскага мастацтва, што ў афіцыйнай крытыкі не ставала нават словаў для іх бэшчаньня. Пры гэтым тое пакаленьне характарызавала шырэйшая эрудыцыя. І мастакоўская ў прыватнасьці. Разам зь цікавасьцю да несавецкага, большага сьвету... З уменьнем чытаць мастацтвазнаўчую крытыку наадварот. Сюррэалізм, абстракцыянізм ці поп-арт былі ў тагачаснай Беларусі лаянкай... А маладое пакаленьне вабілі плыні й кшталты, найбольш ганьбаваныя савецкімі мастацтвазнаўцамі. Іх вабіла ўсё забароненае рэжымам. Лішне казаць, што й рэлігія, тлумачаная кожным на свой густ, накладала значны адбітак на іхную творчасьць.

Адам Глёбус належыць менавіта да гэтай генэрацыі. Хіба з адным адрозьненьнем. Ён фармальна не далучаўся да тых „нефармальных“ суполак. Аднак, як і ягоных раўналеткаў, яго вылучыла менавіта памкненьне стварыць сваістую форму. Загаварыць на сваёй мове.

Апошнім вучнёўскім і першым самастойным творам для Глёбуса стала „Баляда“. Напісанае ў 1983 годзе, гэтае палатно ўваходзіла ў дыплёмную праграму Адама Глёбуса, і, як кожны апошні студэнцкі твор, яно міжволі праграмнае.

„Баляда“ — квінтэсэнцыя мастакоўскай „культывацыі інтэлекту“.

— віленскі мастацтва-знаўца, аўтар кнігі „100 твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя“ (якая мае ў хуткім часе выйсьці ў выдавецтве „Наша Ніва“), што падводзіць вынікі стагодзьдзя беларускага выяўленчага мастацтва ад Фэрдынанда Рушчыца й Марка Шагала да Лёніка Тарасэвіча. Адзін з творцаў новай „Наша Ніва“ (з 1991 году), яе нязьменны мастацкі рэдактар. Літаратурныя і крытычныя творы Сяргея Харэўскага таксама друкаваліся пад псэўданімамі Антон Сіюль і Гары Куманецкі.
Сёлета выйшла ягоная кніга „Зьвяры-суайчыньнікі“, якая злучыла пад адной вокладкай узоры беларускага літаратурна-заалягічнага постмадэрнізму — тэксты, што друкаваліся пад рубрыкаю „Вось сымбаль твой...“ у „Наша Ніва“ ў 1991-1995 гадох.
   

Як мастак-манумэнталіст паводле спэцыялізацыі, Глёбус мысьліць катэгорыямі архітэктуры. Гэтая рэч таксама магла б аказацца ў архітэктурнай аблямоўцы. Кампазыцыя палатна падпарадкавана архітэктанічнай лёгіцы. Перадусім ёсьць гарызантальны нясучы абрыс у доле, што пазначае плоскасьць, зь якой дагары вырастаюць астатнія аб’ёмы. Наступная гарызанталь палегчаная, распалавіненая чырваньню. А вэртыкаль, утвораная размахам рук, якая сыходзіць строма ўверх, за край палатна, прапарцыйна роўная аб’ёму гарызанталяў... Дзьве жаночыя постаці. Дзьве песьні. Два лёсы. Расьсечаныя й наноў сабраныя, расьсечаныя йзноў... Тое, што за гэтымі двума жаночымі вобразамі стаяць рэальныя асобы, сам мастак не хаваў. У палатне ён увасобіў канкрэтны этап сваёй біяграфіі, этап ростаняў і новых саюзаў у асабістым жыцьці. ...Дарэчы, і ў віленскага мастака Пятра Сергіевіча была падобная па сюжэце карціна, напісаная ў 30-я гады ў духу кубізму. Таксама „Баляда“. Таксама аўтабіяграфічная. Толькі цэнтральным вобразам там быў сам аўтар на ростанях... Хлопец на кані, які ў шарую гадзіну думае, у які бок кіравацца...

У „Балядзе“ Глёбуса два жаночыя пэрсанажы, прычына інтымных перажываньняў, зьнітаваныя не міжсобку, а з тым, хто іх вымысьліў і злучыў неверагодным чынам... У чатыры ўмоўныя рукі, шырокі размах якіх сягае ў бясконцасьць. Яны, нібы абярэг, утвараюць вялікі салярны знак.

Нягледзячы на манумэнтальнасьць кампазыцыі, яе рэальны памер сьціплы — 52х52 см. Зрэшты, і гэта — адна з праяваў архітэктурнага бачаньня, дзе любы маленькі шкіц — заява на эвэнтуальнае ўвасабленьне ў любым маштабе. Архітэктура займае ў мастакоўскім жыцьці Глёбуса вялікае месца. Гэта ня толькі шматлікія графічныя работы на архітэктурныя матывы, але й праца на рэстаўрацыі фрэсак касьцёла ў Мсьціславе, і нават эскіз вітража для гэтага касьцёла.

Манумэнтальна трактуе Глёбус у „Балядзе“ і колер. Яшчэ Тамаш Аквінскі вылучаў „яркасьць ды яснасьць“ як неад’емныя характарыстыкі хараства. „Таму мы называем прыгожымі тыя рэчы, што афарбаваны зыркім колерам“, — пісаў Сьвяты Тамаш. Я ня ўпэўнены, ці ўхваліў бы ён менавіта гэткую каляровую гаму. Бо скарыстаныя ў „Балядзе“ чатыры колеры, пры іх пачуцьцёвым багацьці, у хрысьціянскім разуменьні двухсэнсоўныя. Уласна, колер тут адзін — звонкі чырвоны. А зеляніна тут толькі, каб падкрэсьліць пякучую чырвань і глыбіню чорнага... Спалучэньне чорнага, чырвонага і зялёнага выказвае максымальную інтэнсіўнасьць пачуцьця, якое можа мець любы працяг. У рэальным жыцьці таксама.

 
   

Амаль матэматычная выверанасьць аб’ёмаў, дасканалая раўнавага каляровых прапорцыяў нагадвае карціны Малевіча або Мандрыяна, для якога форма была спосабам інтэлектуальнае гульні. Розьніца ў тым, што для Глёбуса гэта ня проста форма. Бо шыі абедзьвюх сьпявачак перасечаныя... чорнымі гаржэткамі. Выпадковасьць? Не падобна. Бо надта ж усё выверана. Гэта падказка, а мо самавыкрыцьцё. Гэткі знак часта сустракаецца ў работах Глёбуса. У „Партрэце брата“ вочы й рот перакрытыя чорнымі палоскамі, як на здымках з крымінальнае хронікі. Нібыта няцяжка зразумець мэтафару — чалавек імкнецца да ананімнасьці, самакансьпірацыі ў несвабодным грамадзтве, ня маючы магчымасьці самасьцьвярджацца гучна. Зь іншага боку, гэтыя дзьве плямы чорных палосаў становяцца неад’емным элемэнтам кампазыцыі, пабудаванай на простых, блізу геамэтрычных элемэнтах. Дый манера жывапісу ў гэтым партрэце гранічна аскетычная.

Гэтаму партрэту папярэднічаў аўтапартрэт, напісаны кантражурам, яшчэ з часоў вучобы. Той, ранейшы — амаль рэалістычны. Адно толькі манерная гульня з блікамі здраджвае рэалізму. Паміж гэтымі двума партрэтамі вялізарная дыстанцыя.

Пазьней Глёбус пра станаўленьне сваёй мастацкай манеры пісаў: „Усю маладосьць я займаўся жывапісам і маляваньнем, прашукаў ідэалаў і не знайшоў. Ці то занадта зялёнымі былі дрэвы, ці вельмі ярка сьвяціла сонца, ці вада ў возеры недастаткова сіняй здавалася. Я штодня намочваў аркуш паперы, налепліваў яго на кавалак тоўстага шкла й маляваў пяром з тушшу ды пэндзлем з акварэляй. Калі малюнак не задавальняў, я змываў яго губкаю й пачынаў наноў. Стосы малюнкаў расьлі, а ідэал аддаляўся ў асмужаную невядомасьць. Я маляваў рэчы, целы, дзіркі паміж рэчамі й целамі, я ўрэшце пачаў маляваць амаль дасканалыя геамэтрычныя фігуры...“

Гэтая амаль дасканалая геамэтрыя красамоўна прадстаўленая ў партрэце Францішка Скарыны, ці ня самай арыгінальнай трактоўцы гэтага вобразу ў нашым мастацтве. Постаць чалавека зьмешчаная ў самы кут палатна, больш за тое, яна амаль напалову выходзіць за яго. Толькі лякальныя плямы адзежы й барэту пазначаюць самую фігуру. Рысы твару геамэтрычныя: палоска вока, трыкутнік вусаў, прастакутнік валасоў. Каляровы лад таксама абмежаваны лілёвым і бэзавым. Але прапорцыі каляровых плямаў дастаткова адлюстроўваюць сюжэт — сыход самотнага чалавека ў вечнасьць. І пустка, вялікае нішто за плячыма Скарыны, уражвае...

 
   

У Глёбуса ёсьць партрэт яшчэ аднаго клясыка — Якуба Коласа. Гэта ўжо зусім іншая стылістыка, блізкая да гіпэррэалізму з аднаго боку, а з другога — нават да інсталяцыі, бо беспасярэднай часткаю твору служыць і натуральнае лісьце. Колер служыць хутчэй датасоўным элемэнтам да кампазыцыі. У пералівах шэрага, вохрыстага, жаўтаватага паўстае графічна дакладны твор. Гэта ці ня першы ў паваенным беларускім мастацтве прыклад канцэптуалізму. Сьведама ўтрыраваны, амаль гратэскны ў сваёй велічы вобраз клясыка-монстра.

Вялізарнае месца займае ў творчасьці Глёбуса й графіка. Сэрыя, напрыклад, прысьвечаная Маскве, што выстаўлялася ў 1999 годзе ў Вільні, альбо кніжная графіка — пачынаючы з ілюстрацыяў да Караткевіча, выкананых у жанры коміксу, канчаючы ілюстрацыямі да ўласнага „Дамавікамэрону“ — сьведчаць пра разнастайнасьць і невычэрпнасьць мастакоўскае манеры. Але ляканічныя, зьведзеныя амаль да геамэтрыі формы ўсё тыя ж... Немалы ўплыў на пазьнейшую графіку Глёбуса зрабіла творчасьць Кейта Гарынга, заўчасна памерлага нямецкага мастака, стваральніка сваістага кшталту „сграфітавага“ жывапісу. Зрэшты, крыніцы ўплываў заўсёды маюць свае межы, бо бясконца трансфармуюцца ў залежнасьці ад задачаў.

Але сьпярша была „Баляда“. Нягледзячы на тое, што мастак паўтараў гэты сюжэт у іншых карцінах, „Баляда“ засталася ўзорам дасканалае формы, якое ён шукаў гэтак упарта. „Баляда“ рэпрадукавалася ў часопісах „Маладосьць“ і „Крыніца“, патрапіла на вокладку кнігі Адама Глёбуса „Койданава“. Тое, што яна, як і большая частка ягоных мастацкіх твораў, прайшла незаўважанаю мастацтвазнаўцамі, сьведчыць, наколькі Глёбус выперадзіў мастацкі час Беларусі. Дарэчы, гэта ў поўнай меры тычыцца і ўсяго ягонага пакаленьня. Задорын і Цішын, Мартынчык і Баброў, Пятроў і Лапо знаходзяць сабе прызнаньне ў іншых краёх з-за адсутнасьці сеткі недзяржаўных галерэяў і нацыянальнага рынку мастацтва.

Які лёс чакаў Глёбуса ў Беларусі як мастака? Бадай, як і ягоныя калегі, ён быў бы змушаны шукаць сябе ня тут. Ці не таму ягоны сыход у літаратуру быў прадыктаваны ня толькі асабістымі пошукамі ідэальных формаў?

Сёньня мастак Глёбус прэзэнтуе свае творы ў Інтэрнэце, знаходзячы сабе прыхільнікаў абапал Атлянтыкі, выстаўляецца ў віленскіх галерэях і аздабляе кнігі. А „Баляда“ застаецца пакуль ягонай прыватнай уласнасьцю.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (10) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-08-2000