Будзённы пакіну пакой,
Да гонкага неба збяруся —
Да медных балот і да хвой,
Што толькі ў маёй Беларусі.
Дзень добры, апчолены сад,
Як вольна табе пры дарозе!
Твой сумна-святочны пагляд
Сугучны стральцоўскай прозе.
Цябе праміну, адплыву
І страчу прысутнасць явы,
І раптам убачу царкву,
І голас пачую ласкавы:
— Ідзі, брат заходні, сюды…
Расчыніцца светлая брама…
Свой дух адмяжуй ад бяды
Іконамі рускага храма…
І голас пачнецца другі,
Пад сонцам касцёл запануе,
Зірну на яго з-пад рукі
І словы другія пачую:
— Ідзі, брат усходні, да нас…
І думкі кантычкай здаволі,
І самы свой лепшы час
Ты стрэнеш на нашым полі…
Ды вось яно зноў: стагі,
Балоты, зязюля кукуе…
Ні першы і ні другі —
Ніякі ўжо голас не чую.
Іду сабе, як ішоў,
Да гонкага неба, і плачу…
І ў цемры палескіх лясоў
Свой храм беларускі бачу.