A R C H E | A d a m H l o b u s | № 5 (10) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Баляслаў Грабінскі
|
Баляслаў Грабінскі (1899, Урачыншчына, Сакольшчына — 1991, Лонгвуд, ЗША) — адна з цэнтральных постацяў беларускага асяродзьдзя Вільні ў 1930-я — першай палове 1940-х гадоў, старшыня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Заходняй Беларусі. Ведамы ў Вільні доктар-дантыст, матэрыяльна дапамагаў беларускім арганізацыям, найперш Беларускаму Навуковаму Таварыству, дзе быў намесьнікам старшыні, Беларускаму Музэю імя І.Луцкевіча, фундаваў беларускія выданьні. Працаваў асыстэнтам катэдры анатоміі мэдычнага факультэту Віленскага Ўнівэрсытэту. У 1943 г. пасьля эвакуацыі Магілёўскага Мэдычнага Iнстытуту ў Новую Вялейку быў запрошаны на кiраўнiка катэдры анатомii. У часе другое сусьветнае вайны быў старшынём Беларускага Нацыянальнага Камiтэту ў Вiльнi. У 1944 г. выехаў на эмiграцыю, дзе працягваў мэдычную практыку, быў актыўны ў жыцьцi дыяспары: сябра Рады БНР, сябра Беларускага Iнстытуту Навукi й Мастацтва, сябра Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня. Друкаваўся ў спэцыялiзаваным часапiсе беларускiх мэдыкаў на чужыне „Мэдычная Думка“. Свае ўспамiны Баляслаў Грабiнскi пiсаў для людзей, якiя прайшлi падобны да ягонага шлях. Прыкладам, др.Вiтаўт Тумаш, дырэктар Беларускага Iнстытуту Навукi і Мастацтва (БIНіМ), добра ведаў акалiчнасьцi вiленскага пэрыяду жыцьця Б.Грабiнскага, бо сам вучыўся ў Вiленскiм Унiвэрсытэце, быў сябрам тых жа арганiзацыяў, да якiх належаў аўтар. Таму трэцяя частка ўспамінаў „Пакутны пэрыяд“, прысьвечаная віленскім падзеям часоў другое сусьветнае вайны, адлюстроўвае ня ўсю карцiну тагачаснай сытуацыi, а толькi спэцыфiчныя фрагмэнты. Друкуецца ўпершыню, зь нязначнымi скаротамi. Дыялектныя фанэтычныя й граматычныя асаблiвасьцi iсьнiка захаваныя толькi пры цытаваньнi. Рукапiс знаходзiцца ў архiве БIНіМу ў Нью-Ёрку. Матэрыял быў атрыманы публiкатарамi ад супрацоўнiка БIНіМу мгр.Лявона Юрэвiча. |
Дзед Станкейч Радзіўся я ў вёсцы Ўрачыншчына Раманаўскае воласьці Сакольскага павету Гарадзенскае губэрні. Гаспадаром хаты, дзе я радзіўся, быў бацька маёй маткі Мацей Станкевіч (вымаўлялася Станкейч). Мой бацька прыйшоў у прымічы з суседняе парафіі — зь вёскі Грымячкі. Станкейч, паводле вусных паданьняў, прывандраваў з усходу да суседняе вёскі Пакосна пару пакаленьняў раней. Адтуль мой прадзед Тамаш прыйшоў у прымічы да Сенькаўны6 да Ўрачыншчыны. Відаць, быў ён даволі спрытны, бо разбагацеў у галодныя, мокрыя гады, калі людзі вясною зьбіралі й варылі крапіву, каб перажыць голад. Станкевіч сеяў авёс на трэці сноп (даваў трэці сноп уласьніку зямлі) ня толькі на полі суседзяў у сваёй вёсцы, але й суседняй, якая была ў тым часе прыгоннаю. 6 Тут i далей аўтар падае некалькi прыкладаў выкарыстаньня традыцыйнага намiнаваньня жанчын паводле iмёнаў бацькi й мужа: з фармантам -аўна (Сенькаўна — дачка Сенькi, Аўдулёўна — дачка Аўдуля), з фармантам -анка (-енка) (Буйноўшчанка — дачка Буйноўскага, Крыштопенка — дачка Крыштопа). Яго адзіны сын, г.зн. мой дзед, меў незвычайны характар. Дзякуючы яму, я пайшоў у школу, будучы толькі адным хлапцом у бацькі. Тут мушу крыху спыніцца на асобе майго дзеда Мацея Станкевіча, каб паказаць, якіх непаспалітых людзей можна было спаткаць на беларускай вёсцы. Сам у школе ніколі не вучыўшыся, ён меў незвычайную прагу да навукі й пашану да — у яго разуменьні — вучаных людзей. Ён добра мог чытаць па-польску (выпісваў польскую газэту для сялянаў) і крыху слабей па-расейску, пісаць нядрэнна па-польску й расьпісацца па-расейску (што называлася граматны). Дзед быў жанаты тры разы. Першая жонка была Буйноўшчанка з калёніі <выселкаў> каля Кударэўшчыны. Яна памерла пры першых пародах, i навародак таксама памёр. Ад другое жонкі, Аўдулёўны зь Ляшчанаў, дзед меў дзьве дачкі й аднаго сына, якi, быўшы малым хлапцом, памёр пад час эпідэміі воспы. Аўдулёўна таксама памерла скора па трэцім дзіцяці, i дзед ажаніўся трэці раз — узяў Крыштопенку зь Ясяноўкі. Гэта [яна], бабка Разалька, была з намі, як мы гадаваліся. Дзед — відавочна, хацеўшы скампэнсаваць сваё невуцтва, а ня маючы свайго сына, каб паслаць у школу, — меў мяне, унука, першага па лініі да шкаленьня, бо ж толькі хлапцоў пасылалі тады ў школу. <...> Калі ў вёсцы паказваўся хто-небудзь адзеты па-мястоваму, ён стараўся запрасіць на пачастунак. І ня мела розьніцы, ці то быў ксёндз, ці каморнiк, ці аб’езчык, ці нават „цыцылісты“7 зь Беластоку, ставіў самавар, даваў на стол што меў найлепшае: копчаную ялаўцом шынку ці кілбасу, сыр, мёд, канфітуры. Апрача таго, хата Мацея Станкевiча была месцам начлегу ўсім, хто меў патрэбу пераначаваць у вёсцы. Жабрушчы дзед, жыд — гандляр збожжам ці жывёлаю, жыдоўка з кашом, што купляе яйкі й прадае іголкі, ґузікі ды цукеркі, а зімою — сям’я цыганоў, — усе ведалі, што начлег пэўны. Некаторыя зь іх былі заўсёдашнімі начлежнікамі шмат гадоў. Жыдоўку з Дубровы, Фэйґу, мы, дзеці, называлі цёткаю. Яна, як прыйдзе нанач, памагае матцы варыць вячэру (рабіла смачную зацерку), а як матка занятая, а каторае з нас, дзяцей, перад сном мовіла пацер і ня ўмела добра, то яна памагала пераказаць пацер. 7 Скажонае ад сацыялiст, параўн. з сыцылiстам з апавяданьня Якуба Коласа „Соцкі падвёў“. Для нас, дзяцей, кожнае спатканьне з начлежнікамi заўсёды было цікавым i павучальным, хоць часам магло быць i шкодным. Жабрак-начлежнік на прозьвішча Мужыла — эпілептык — дастаў вечарам прыпадку. На мяне прыпадак не зрабіў вялікага ўражаньня (я меў 3—4 гады), але мая на два гады старэйшая сястра, вельмі ўражлівая, дастала пярэпалаху й доўгi час мела нэрвовыя напады: вечарам упоцемку й стоўп ад варот быў для яе Мужылам. Таксама мой дзед меў звычай пазычаць грошы суседзям з ваколіцы. Пазычаў на вэксалі й ня браў працэнтаў. Звычайна даўжнік, вяртаючы грошы, прыходзіў з бутэлькаю гарэлкi, i рабіўся пачастунак. Быў дзед вельмі даверлiвы й любіў дапамагаць бліжняму, ён казаў: „Лепш памагчы чалавеку ў бядзе, чымся трымаць грошы ў куфры“. Былі такія, што выкарыстоўвалі ягоную даверлiвасьць, падпісвалі вэксаль, а грошай не аддавалі: „Станкейч у суд не падасьць“. Па сьмерці дзеда некалькі вэксаляў ляжала ў куфры, бацька трымаў іх аж да часу, калі ў першую сусьветную вайну рубель сышоў на нішто й вэксалі згубілі вартасьць. Другі мой дзед, Грабінскі з Грымячкаў, быў больш практычны. Ён трымаў грошы ў банку на працэнты (казённыя банкі плацілі тады 3%8). 8 За савецкiх часоў такi ж працэнт налiчвалi на тэрмiновым унёску ў Сберегательн’ым банк’у. — Зацем аўтара. (Рэд.). Калі я быў у веку чатырох гадоў, дзед Станкевіч зарганізаваў у нашай хаце школу: знайшоў настаўнiка з чатырохкляснаю адукацыяй (называўся Жданук), якi мог падрыхтаваць вучняў да так званага аптакбрскага экзамэну. Вучыў ён расейскае й лацінскае моваў, а пару дзяўчат — польскае мовы. Група вучняў складалася з двох сястрэнцаў <пляменьнiкаў> дзеда, чые бацькі былі ў Амэрыцы, хлапцоў з суседніх калёніяў (Жыўны, Банюшкі, Тройгі ды інш.) i з далейшых вёсак, якiя кватараваліся ў нас. Школа, ясная рэч, была нелегальная й вучні праінфармаваныя, як паводзiцца, калі б паказаўся паліцэйскі. З гэнае групы моладзі двох сталi пасьля фармацыстымі <фармацэўтамi>, двох — ксяндзамі, а Нікодым Сулік з Каменны — польскім генэралам, камандзерам „крэсовай“9 дывізiі пад Монтэ-Касіна10. З усяго гэтага вiдаць, што за чалавек быў Мацей Станкевiч — да касьцей чэсны й наіўны ды, на жаль, перакананы паляк. Палянізацыя ўсёй час вялася праз каталіцкі касьцёл. Калі дзед захварэў і некалькі месяцаў перад сьмерцяй моцна цярпеў, а бацькі пыталіся, ці не завезьці яго да доктара, ён не згаджаўся й казаў: „Доктар ня дасьць мне другога жыцьця — Бог даў жыцьцё, Бог забірае“. Дзякуючы дзедавай даверлiвасьці, па ягонай сьмерці наша сям’я мела вялікія цяжкасьці <...>. 9 Крэсовы — тут: складзены з заходнiх беларусаў i ўкраiнцаў.
|
Бацькi Бацька мой, Франак, быў уроджаным прыроднікам. Хаця ніколі ён не наведваў школы, але меў асаблівы талент назiральнiка й чула ўспрымаў праявы натуры. Ведаў ён, як назваць кожнае зельле, кожную найдрабнейшую кветачку. Знаў ён таксама й птушыны сьвет: ведаў, як бакас, летучы з выраю, бэчаў; дзе было над Баброю гняздо чаплі; як паводзiліся жураўлі на балотах; як улажыць барану на таполі для буславага гнязда, i любіў часта гаварыць пра птушак. Быў ён уражлівай на прыгожасьць натураю. Часта ўспамінаў, якiя прыгожыя былі ў Грымячках, дзе ён радзіўся й правёў маладосьць, заходы сонца над белямi <паплавамi>, залітымі ў вясьняную пару вадою да гарызонту. Нам, дзецям, ён падбіраў ведамую сабе мэлёдыю да вершаў Канапніцкай i часта дарабляў пару пунктаў <куплетаў> у ламанай польскай мове, каб сьпяваць. Сам меў добры голас ды музычную памяць і любіў сьпяваць. Ад найменшых гадоў я любіў быць з бацькам і, як толькі была магчымасьць, ісьці зь ім у поле; ведама, i ён таксама любіў мець мяне пры сабе як першага хлапца. Аднойчы я меў прыемнасьць пачуць думку староннае асобы пра майго бацьку. Вучачыся ў польскай гімназіі, жыў я ў інтэрнаце. Гаспадыняю інтэрнату была ўдава па доктару, старэйшая інтэлігентная жанчына, былая прыяцелька Арэшкавай11. Спаткала яна майго бацьку, як ён прывёз прадукты на харчаваньне. Ня ведаю, як доўга яна гаварыла з бацькам, толькі пасьля пыталася ў мяне, ці бацька хадзiў у якую школу. Калі я адказаў, што не, яна ўразiлася: — Zadziwiająco jak dużo wrodzonej inteligencji ma twój ojciec12. 11 Арэшкава — маецца на ўвазе Э.Ажэшка (па-польску Orzeszkowa). Аўтар ужывае больш абгрунтаваную, чымся прынятая сёньня ў беларускай практыцы, форму. Фізычна мой бацька належаў больш да скандынаўскага тыпу, чым да славянскага. Быў ён вышэй сярэдняга росту зь сьветлымі валасамі й блакiтнымі вачыма, скуру меў белую, не шаравую, як тыповыя сяляне, але без рабаценьня. Маці мая была малога росту зь цямнейшымі валасамі, належала да тыпу, які антрапалёгі называюць другім сьветлым тыпам Эўропы: сярэдні рост, прысадзісты, белае валосьсе ў дзяцей, якое пасьля цямнее, вочы блакiтныя, але з дамешкаю бурага колеру, белая з шараватым адценьнем скура, грубое пераносьсе й відныя скулы. Мела маці жывейшы тэмпэрамэнт ад бацькі, але абое выказвалі шмат любові да дзяцей. <...> Зрадзіла маці ўсіх дзяцей дзесяцёра, але выгадавалася нас толькі пяць. Я быў трэцім па дзьвёх старэйшых сёстрах. Па мне двох хлапцоў і адна дзяўчына памерлі ў маленстве, а наступныя дзьве дзяўчыны выгадаваліся. Пасьля іх дзяўчына памерла малою й апошні хлапец памёр у пятым годзе жыцьця пад час пошасьці крываўкі ў першую cусьветную вайну. Такім чынам, я астаўся толькі адным хлапцом з чатырма сёстрамі ў жывых.
|
Вёска Ўрачыншчына Назоў Урачыншчына, як і назовы шмат якiх суседніх вёсак і калёніяў, зьвязаны з тапаніміяй пушчы. У пушчы былі ўрочышчы (урочыскi), багны, пакосныя прагаліны, дубіны, грабіны, альшыны, ляшчыны й г.д. Адсюль i назовы Багнэ, Ольша, Пакосна, Ляшчане; [прыкладам] калёнія паміж лесам і маёю вёскаю [звалася] Ўрочыска Пакосна. Пры спасобнасьці <нагодзе> падаю назовы месцаў і часткаў урачыншчынскага поля й назовы некаторых вёсак паўночнае часткі запушчанскае прасторы, каб паказаць, што, за малымі выняткамі, тапанімія ёсьць беларуская. Вось у нашым полі: Загуменьне, Дубіна, Капусьнік, Альшына, Ручай, Смугi, Ручаіна, Грышкавыя Лугi, Багно, Багонан, Восімкі, Дзявяткі. А вось вёскі: Ялоўка, Капцёўка, Аконы, Спадароўка, Грымячкі, Астровак, Падастровак, Лецкі, Ольша, Багны, Гараднянка й г.д. Маю вёску й мы, і нашыя суседзі называлі Ўрачыншчына, але калі гаварылі пра жыхароў вёскі, то найчасьцей у зьнікала й вымаўлялася рачыншчане. Дзеля таго што праз стагодзьдзі чужынцы запісвалі і ў дакумэнтах, і на картах назовы вёсак, [гэтыя назовы] часта былі перакручаныя, сталася гэта з назовам i мае вёскі. Расейцы пісалі Врачинщина, а палякі зрабілі Wroczynszczyzna, i такім чынам прападае прыгожае ўрочышча й назоў траціць сваё значаньне. Урачыншчына была малою вёсачкаю — 17 хатаў, каля 120 жывых душ. Вуліца бегла з паўдня на поўнач і дзеля таго, што гароды былі шырокія, амаль усе хаты былі па адным, усходнiм баку. Усе хаты стаялі канцом <тарцом> да вуліцы й былі крытыя саломаю, як і ўсе гаспадарскія будынкі. Першая ў нашай вёсцы хата, пастаўленая ўздоўж вуліцы й пакрытая дахоўкаю, была скончаная якраз перад першаю сусьветнаю вайною. Паўдзённы канец вуліцы выходзіў на выган, якi <...> зваўся ў запушчан выпустам. Паўночны канец вуліцы быў зачынены брукам і варотамі. Брукам называлi складзены з камянёў мур <...> сярэдняй вышыні 1,25 м з шырокаю, каля 2 м, падставаю й вузейшы ўгары. Брукі мелі падвойную мэту: адгарадзіць што-небудзь і сабраць з поля каменьні, каб лягчэй было ўпраўляць <абрабляць глебу>. Іх стаўлялі ўсюды, дзе патрэбнае было гароджаньне. Брукамі былі абгароджаныя гароды, выпуст і некаторыя межы; пры вуліцы былі брукі высокія, амаль у рост чалавека, прыгожа мурованыя. Будаваньне бруку вымагала шмат часу й працы, але матэрыял быў дармовы, а загарод — вечны й вельмі эфэктыўны. Прыкладам, конь, змушаны скакаць праз загарод, — ці таму, што брук быў шырокі, ці таму, што ня бачыў, што ёсьць за брукам, — каб пераскочыць, выбіраў плот ці пералаз нават вышэйшы ад бруку. (Пералаз — пярорва ў бруку для праезду возам, загароджаны дошкамі.)
|
Крушнi Гаворачы пра брукі, [заўважу, што] <...> адной зь вялікіх невыгодаў земляроба ў маёй вёсцы было мноства камянёў. Урачыншчына й суседняя вёска <...> Багны былі пакараныя натураю <прыродаю> ў гэтым сэнсе больш ад іншых вёсак нашага рэгiёну. Камянi скандынаўскага граніту памераў ад валоскага гарэха да колькітонных валуноў засявалі ўсё поле. Вялікія, якіх немагчыма было парушыць зь месца, тырчэлі зь зямлі, кругом іх трэба было гараць, баранаваць, а на дарозе — аб’яжджаць. Меншыя ад кулака не былі шкоднымі, ніхто не зьвяртаў на іх увагі, яны перасыпаліся сахою ці плугам разам з ральлёю, але камень велічынi з кулак, засохшы ў суглінку, выкідаў плуг з баразны, і каб не пакінуць цальніка <цалiны>, аратай мусiў адцягнуць коні ўзад. Саха не была такою ўражліваю <уразьліваю> на каменьне, і таму ўрачыншчане гаралі валамі аж да першае сусьветнае вайны, калі немцы забралі валоў на мяса. Найгоршыя, аднак, былі камяні большых памераў, так званыя патайнікi, пакрытыя зямлёю, якiх плуг або саха маглі зачапіць, але не маглі парушыць. Коні звычайна станавіліся, зрэдку ўрывалі пастронак, ламалі ворчык або адгiналі дышаль ад плуга; валы, аднак, не былі такiмi чулымі й звычайна ламалі саху. Кожны гаспадар меў запасныя сохі, выцесаныя з дубовага або бярозавага камялька. Як ужо было сказана, камень ужывалі на загароды, на падмуроўкі пад будынкі, масьцілі падворак, але на гэтыя патрэбы ішла толькі невялікая доля каменьня — каб падчысьціць поле, зьбіралi камяні ў крушні. Прыгожа абмурованая ў квадрат або ў круг куча камянёў — 40—50 вазоў матэрыялу — стаяла найчасьцей пры мяжы палоскі ці надаўка <надзела>. Крушняў была такая колькасьць, што, глянуўшы на поле з вышэйшага месца, можна было бачыць іх некалькі дзясяткаў — да сотні. Аднойчы, у пачатку першае сусьветнае вайны, данскія казакі затрымаліся на пастой у нашай вёсцы ды ўзялі мяне ў падводы прывезьці сена коням з суседняе вёскі. Двох казакоў ехалі перада мною, сьпяваючы „заунывную казачую песню“. Выехаўшы зь вёскі на ўзгорак, яны пабачылі мноства крушняў, затрымаліся й пытаюцца: — Хозяин, что это за постройки? Калі я выясьніў ім, што гэта кучы каменьня, яны адказалі, што першы раз бачаць штось такое й думалі, што гэта, можа, военные укрепления. Урачыншчане так зжыліся з каменьнем, што ўтварылі пераробку на велікодную песьню з камюшчыкам <каменьчыкам>: Дзе ляжыць камюшчык, <...> Два ўзвышшы — найвышэйшы пункт нашага рэгiёну — зваліся Крамяныя горы. Дзеля таго што ўсе хадзілі босымі, кожны адчуваў прысутнасьць камянёў на пальцах ног. Амаль штодзённая падзея — абабітыя пальцы на нагах. А як хто абабіты, балючы, часта з інфэкцыяй палец ізноў трэпне аб камень, то казалi, што апарадзіў палец. Вуліца яшчэ ўжывалася на табачныя гародчыкі. Да першае сусьветнае вайны не было забароны гадаваць сваю табаку. Вось тыя, хто меў курцоў у хаце, загароджвалі вясною пры адной старане вуліцы гародчык і садзілі табаку — звычайна махорку зь цёмна-зелёным касматым лісьцём, але апошнія гады перад вайною сталi папулярныя мультан або турэцкая зь сьвятлейшым, гладкім лісьцём. Гарадзенская тытунёвая фабрыка Шарашэўскага вырабляла ў тым часе папяросы й табаку. Табака ў пачках мела назовы махорка, карашкі й маніс. Вяскоўцы стараліся вырабляць сваю [табаку] падобна да купчае <куплёнае>. Карашкі й махорку было даволі лёгка спрэпараваць, але маніс вымагаў большага захаду. Пасьля фэрмэнтацыі зрэзвалi вострым нажом або брытваю жылкі з задняе паверхні найлепшых лісткоў мультану, каб быў аднолькавае таўшчыні, як папера, тады спырсквалi вадою зь мёдам і клалi на пахучае сена сушыць. Трэба было пілнаваць, каб лісьцё не перасохла й не пачало крышыцца. Яшчэ крыху вогкія лісткі скручваліся, i iх кроiлi на тонкія „макаронкi“. Табачка была жоўценькая, пахучая, як маніс. Пад час першае сусьветнае вайны я пачаў курыць і сам прэпараваў табаку. Рабіў гэта з адным равесьнікам у вёсцы, бацька якога курыў, бо ў маёй хаце ані дзед, ані бацька не курылі. Перад хатамі пры вуліцы былі гародчыкі з кветкамі, а пры гародчыках на вуліцы стаялi лаўкi або ізноў калоды, дзе ў пагодны нядзельны ці сьвяточны вечар вяскоўцы праводзілі пару таварыскіх гадзінаў. <...>
|
Мова Запушчане, каб параўнаць шкацёўскую гаворку з запушчанскаю, даюць такі прыклад: А ў сенцах на млінцы стаіць вада ў вядзерцы, вазьмі пiтунец і нажалопкайса. У запушчан гэты сказ будзе [гучаць так]: У сенях на жорнах стаіць вада ў вядру, вазьмі кубак і напійся. <...> Калi мужчына што-небудзь рабiў у сенях, яму можна было заставацца ў шапцы, бо там не было сьвятых абразоў. У памешканьнях, дзе вiселi сьвятыя абразы, як на хаце або ў каморы, быў звычай ня мець шапкі на галаве, i як хто-небудзь заставаўся пэўны час з шапкаю на галаве, яму казалi: „Цо ты, як жыд, у шапцы“. Слова год не існавала ў запушчан: год называўся рокам. <...> Сакольшчына й Беласточчына як часткі Гарадзенскае губэрні паводле адміністрацыйнага расейскага падзелу належалі да Северо-Западного края, дзе ўжываўся юліянскі каляндар і новы год быў дванаццаць дзён пазьней, чымся ў Сувальшчыне (Аўгустоўскі павет) і Ломжыншчыне, якiя <...> мелі грыгарыянскі каляндар. Гэты факт выяўляўся ў прымаўцы: На новы рок прыбыло дня на барані скок (юліянскі новы год). Слова хата ўжывалася ў значаньні ‘будынак, дзе жывуць людзі’ (прыкладам, „Усе хаты ў вёсцы крытыя саломаю“); у значаньні ‘дом, сям’я’ (Вярнуўся дахаты па доўжшым <даўжэйшым> часе ў войску) і ў значаньні ‘першы, парадны пакой у хаце’. Як гаварылася пра будынак, у месным склоне ставіўся прыйменьнік <прыназоўнiк> у (У хаці цяплей, чымся на дварэ), тады хата як ’пакой’ у месным склоне мела прыйменьнік на (Паставілі кросна на хаці, бо ў каморы было б зацесно). (На хаце паміж вокнамі ў шчытовай і фронтавай сьценах у куце вісела некалькі сьвятых абразоў і крыж, шмат у каго ў куце быў малы стол, і на iм стаяў крыж з падстаўкаю, там жа стаяла ў ліхтарыку грамнічная сьвечка, якую запальвалі пры ўмiраючых і пад час сільных грымотаў з маланкамі, бо верылі, што яна бароніць будынкі ад маланкаў. Кут гэты быў месцам, дзе зьвярталіся ў малітвах у паадзіночку ці цэлаю сям’ёю.) <...>
|
Валапасы Як ужо было сказана, валы былі папулярнымі ў запушчан. На гэта складаліся дзьве прычыны. Па-першае, вол у гаспадарцы быў эканамічнейшы работнік за каня. Ён не патрабаваў корму з аўсом, выпасаўся на траве. Па-другое, вол прыносіў гаспадару грашовы даход. Вясною куплялi ў Сухаволі пару худых — прыгнаных здалёк, бо аж з Валынi, — валоў, гаралi [iмi] цэлае лета, а ўвосені на Міхала13 ў Сухаволі прадавалi прускім купцом, зарабляючы каля дваццаці рублёў на штуцы. Але каб быць прададзеным на мяса за добрыя грошы, вол ня мог быць худы, а мусiў быць выпасены, i таму валам патрабавалася асабліва стараннае пасеньне. Гэта вытварыла спэцыяльную прафэсiю валапасаў. Дзеля таго што я асабіста празь некалькі гадоў пас валы, затрымаюся на гэтым крыху даўжэй, каб апісаць больш дэтальна. 13 Дзень сьв.Мiхала прыпадае на 29 верасьня. Валы ня пасьвiліся разам з быдлам усяе вёскі, якое пас наняты пастух. Яны павінныя былі быць напасенымі кожны дзень на работу й выпасеныя на продаж увосені. Дзеля таго кожная хата мела валапаса. Валапасамі былі амаль выняткава хлапцы ад васьма да шаснаццаці гадоў веку, але калі ў якойсь хаце не было хлапца ў гэтым веку, то за валамі йшоў старэйшы мужчына або дзяўчына. Дзяўчаты вельмі рэдка пасьвiлі валы; па-першае, дзяўчына баялася ўзяць валы на валавод і пайсьці зь імі паміж збожжа, каб пасьвіць на мяжы ці на граніцы або спутаць вала, калі зойдзе патрэба; па-другое, часам было вельмі прыкра або зусім немагчыма быць дзяўчыне з групаю хлапцоў, дзе некаторыя зь іх захоўваліся вельмі непрыстойна. Першаю й найважнейшаю задачаю валапаса было навучыцца, як найлепш напасьвiць валы, дзе трымаць іх на валаводзе, дзе спутаць, а дзе пасьвіць свабоднымі. Урачыншчына як падлесная [вёска] купляла білеты на пасеньне валоў у казённым лесе, так што з малымі выняткамі ўся група валапасаў заўсёды была разам. Прабываньне разам некалькі гадзін раніцаю й некалькі гадзін папаўдні кожны дзень спрыяла разьвіцьцю арганізаванага грамадзкага жыцьця групы хлапцоў. Быў там заўсёды адзін старэйшы, дужшы, з моцным характарам, якi старшаваў і якога трэба было слухаць. Валапасы мелі вырабленую традыцыю, i падлетак, уваходзячы ў групу як малодшы сябра, адбываў свайго роду „навіцыят“14: калі старэйшыя гулялі ў якую-небудзь гульню, ён пераймаў валы ад шкоды, фактычна заставаўся пастухом за старэйшых. Дзеля таго што я пачаў пасеньне валоў, ня скончыўшы шасьці гадоў, мой навіцыят быў доўгі, i калі некалькі гадоў пазьней, пры ўступленьнi ў гімназію, новичкам давалі „обновку“, мне яна не была неспадзеўкаю. Валапасы мелі кары за непаслухмянасьць або непадпарадкаваньне рэгулам <правiлам>. Адна з такіх караў была „рашотка“ (рашоткаю звалася вязьніца пры воласьці). У валапасаў рашоткаю быў невялікі далок <ямка>, у якi клалі засуджанага, накрывалі сьвітаю й накачвалі кругом на сьвіту вялікіх камянёў. Малы хлапец ня мог адтуль выбрацца й ляжаў пару гадзін, аж старэйшыя зьлітуюцца. 14 Навiцыят — выпрабавальны, падрыхтоўчы тэрмiн для будучага манаха. Па-за грамадзкаю школаю валапасы былі для падлетка прафэсiйнаю школаю. Ён вучыўся там, як вязаць вузлы, віць пугу й вяроўкі, плесьці пляцёнку з жытняе саломы й шыць капялюш, рабіць дудку зь вярбы й ялаўцовы пішчык да дудкі — як у клярнэта; таксама вучыўся пекчы на полі бульбу й гарох, распазнаваць добрыя й благія грыбы й бэткі <грыбы>; там разьвіваў фізычную спраўнасьць і спаборнасьць, гуляючы ўва ўсякія гульні; там жа вучыўся курыць табаку. Былі валапасы таксама літаратурнаю школаю: там хлапцы вучыліся песьняў і прыказак, нават такіх, якіх ані ўдома не вучылі, ані ў ніякіх кантычках ня знойдзеш. Вяртаючыся да валапасаў. Гадзіньнікам для ўсіх быў свой уласны цень, мераны крокамi. Пачынаючы ад дзесяці, да кожнае колькасьці быў рымаваны сказ. Памятаю толькі апошнія тры: Пяць — гаршке кіпяць, штэры <чатыры> — у самуй меры, тры — дадому пры — i валапас гнаў валы дамоў. Як хлапцы, любілі мы спаборнічаць: ішлі навыперадкі — хто скарэй можа бегчы, дужаліся, бароліся, як валы, прыставіўшы лоб да лоба, або як бараны, стукаючыся лабамі з разгону. Асабліва цікавае спаборніцтва было тады, калі валапасы з суседняе вёскі спаткаліся з нашымі. Памятаю адзін выпадак, калі мы спаткаліся зь ялаўчанскімі хлапцамі й пастанавілі выставіць па адным з кожнае групы, каб бароліся, як бараны. Мы ведалі, што наймацнейшыя лабы ў нашай групе маюць Точкi, i выставілі Точкавага Яську. Ялаўчане выставілі Гарасюка. Калі яны стукнуліся лабамі з разгону, Гарасюкоў перавярнуўся й ляжыць непрытомны. Мы перапалохаліся, скарэй па ваду да блізкае лужыны, дый няма чым прынесьці. На шчасьце, па некалькіх хвілінах хлапец ачуняў i ўстаў, толькі крыху крывавіла з расьцятае скуры на лобе. Сталася гэта таму, што Гарасюк улажыў пад шапку малы плоскі камень, якi ад удару лопнуў і вострым краёчкам скалечыў скуру; думаў перахітрыць, але не ўдалося. З гульняў найбольш папулярнаю была „пасеньне сьвінкі“. Гэта быў свайго роду ґольф. Кіi для „пасеньня“ сьвінкі былі падобныя да кіёў для ґольфу з булаўкамі на канцы для смагчэйшага <спрытнейшага> ўдару. Сама „сьвінка“ — шарыкавы <падобны да шару> камень 6—8 см у дыямэтры. Гульня палягала на тым, што пастух павінен загнаць „сьвінку“ ў „двор“ — далок памеру міскі. Кругом двара ў адлегласьці 1,5—2 м былі „ямкі“ для кожнага гульца за выняткам пастуха, якi быў вылесаваны <абраны празь лёсаваньне> на пачатку гульні. „Пастух“ жане <гонiць> „сьвінку“ ў „двор“, а ўсе іншыя не пускаюць, адбіваючы назад. Але калі хто-небудзь, адбіваючы „сьвінку“, выме свой кій зь ямкі, а „пастух“ пасьпее ўткнуць свой кій у ягоную ямку, ён [сам] стане „пастухом“. Другая магчымасьць „пастуху“ здабыць ямку — калі „сьвінка“ ўскочыць у „двор“ і ўсе мусяць зьмяніць ямкі, ён можа ўткнуць свой кій у каторую зь іх. Кожны гулец трымае ўсьцяж кій у сваёй ямцы, але калі заходзіць патрэба адысьці, гулец мусіць асьведчыць: „Мая ямка залепянка“, i тады гэтая ямка ўважаецца за няісную. Іншыя гульні, як „качаньне круга“, у якую можна было гуляць толькі ўздоўж дарогі, „дзерце садла“ <сала>, у якой дзерлi дзярно рукамі, не былі папулярнымі. Пры валапасах падлеткі вучыліся й курыць табаку. Табаку прыносілі з сабою хлапцы, якіх бацькі курылі й мелі табаку свае гадоўлі. Не было яе даволі для ўсіх, і паперы да скручваньня не было, таму выдумалі т.зв. „землянку курыць“. Рабіўся далок у зямлі, убіваўся калок каля 3—4 см у дыямэтры, укосна з бакоў уводзілася 6—8 саломінак так, каб канец саломінкі быў каля дна далка, у далок ладавалася табака; як было замала, дакладалi сухога моху, [зьнятага] з камянёў; хлопцы клаліся кожны пры сваёй саломiнцы й „закурвалі зямлянку“. Табака ў сырой зямлі, часта з мохам, давала вельмі труючы <атрутны> дым. Як такі пачынаючы курэц смактануў некалькі разоў, то за якіх 10—15 хвілін бляднеў і пачынаў рыгаць. Памятаю, нават па пару гадзінах, як вяртаўся дамоў, мая маці пазнавала й пыталася: — Чаму ты такі зялёны? Мусі, ты курыў. Цяжкасьці, якія засталіся ў памяці з часу пасеньня валоў, гэта было раньняе ўставаньне — перад усходам сонца, калі я быў у веку 6—7 гадоў. Або ўвосені, калі пачыналіся прымаразкі й на траве быў шэрань, надта ж непрыемны холад у ногі (валапасы заўсёды былі босыя). Прысядзеш, бывала, падлажыўшы палу ад кажушка пад ногі, каб пагрэцца, але як валы адыдуць, мусіш ісьці па мёрзлай траве за імі. Іншым сродкам пагрэць ногі была валовая мача. Як убачыш, дзе вол, стоячы, насцыць, бяжыш скоранька й грэеш ногі. Шмат засталося з тых часоў i прыемных успамінаў. Пачуцьцё, што ўжо ў малых гадох робішся патрэбным сям’і й нясеш пэўную адказнасьць, — дае самазадаволеньне, як i сяброўства ў групе, [што] мае традыцыю й рэгулы, якiя часам былі цяжкія, але давалі зразуменьне грамадзкага жыцьця. На Сёмуху валапасы ўбіралі валоў зялёнымі вянкамі й галузкамі <галiнкамi>, вешаючы iх на шыю й рогі, каб увагнаць у вёску ўдэкараваны на зялёна статак валоў. Мелі валапасы й свайго сьвятога патрона, ня памятаю, хто гэта быў — сьв.Рох ці які іншы. Ягоны дзень валапасы абыходзілі <адзначалi>, пекучы яечню на полі. Увосені, як гарох на полі сьпеў i можна ўжо было капаць бульбу, пяклі ў вогнішчах гарох або бульбу, i кожны прызнаваў, што печанае на полі смачнейшае, чымся ў хаце. Быў звычай, што на сьв.Міхала, вярнуўшыся дахаты па праданых у Сухаволі валох, бацька даваў валапасу сярэбранага рубля. У першую сусьветную вайну, калі заходняя частка Беларусі была пад нямецкаю акупацыяй, немцы забралі ўсе валы на мяса, і па вайне ўжо да сохаў запушчане не вярнуліся, сталі араць толькі плугамі й коньмі.
|
Кундзейчы Наш найбліжэйшы сусед Кундзейч (Кундзевiч) меў пяцёра дзяцей. <...> Двое найстарэйшых, Марыся й Вінцук, мелі на тварах люпус вульгарыс15, і, колькі памятаю, Марыся зусім ня мела носа, толькі падвойная дзіра на плоскім твары з грузолкамі <скуламi> і струпкамі. Яе мова была з насавою вымоваю — [яна] гунгліла, як мы казалі. Марыся была вельмі добраю папрадухаю, і яе кужаль быў хіба найпрыгажэйшы ў вёсцы. Належала яна да так званага Трэцяга закону (тэрцыярак)16, часта хадзіла да касьцёла й арганізоўвала ўсякія малітвы ў вёсцы. 15 Lupus vulgaris — лацiнская назва хваробы ваўчанкі. Вінцук меў толькі часткова ад’едзены нос і таксама характэрныя зьмены на твары. Быў ён адменны характарам ад сястры, ня дбаў пра малітву, а любіў парнаграфічныя песенькі й выказы. Дзеля таго што ў яго хаце не было малодшых хлапцоў, Вінцук пас з намі валы, i мы вучыліся ад яго ўрачыншчанскае пахабшчыны. Цяжка сказаць, ці ён навучыўся ўсяго гэтага дзе-небудзь, ці тварыў сам, трэба думаць, што прынамся чáсткава ён сам складаў гэтую паэзію, маючы асаблівыя здольнасьці, бо ж гэтага нідзе больш ня чулася. Падам тут некалькі прыкладаў Вінцуковае паэзіі, якiя я запамятаў17. А ў відлах <лазьняку> пас быдло — * * * Чырым, чырым па балоці, * * * Сідар, Сідар-макацёр * * * Ішлі дзяўке па зарэчу, Або дажыначная: Дажалі жыто, выгналі зайца, 17 Большасьць гэтых куплетаў у розных варыяцыях былi занатаваныя М.Фэдэроўскiм у ягонай фундамэнтальнай этнаграфiчнай працы „Беларускi народ“ (Michał Federowski. Lud Białoruski. Pieśnie frywolne i taneczne. Uzupełnienie do tomu VI. Warszawa, 1960). Вінцук заўсёды меў што сказаць. Прыкладам: хлапец сшывае капялюш, а Вінцук падыходзіць і кажа: „Капалюш, капалюш, я насраў, ты нi руш“. Гаворачы пра сям’ю Кундзейчаў, мушу сказаць, што стары Кундзейч, бацька Вінцука, меў таксама цікавы характар. Аднойчы ён муштраваў каня й накруцiў павадок на вялікі палец левае рукі. Конь гвалтоўна шарпнуў <тузануўся> і сарваў скуру з пальца. Убачыўшы, што засталіся толькі косьці, нядоўга думаючы, ён палажыў [руку] на калодку й адсёк сякераю два чалонкі <фалянгi>. Пасьля заўсёды прыціскаў табаку ў люльцы абрубкам вялікага пальца. Гаворачы, ён часта паўтараў быб, таму ў вёсцы яго празывалі Быб. <...>
|
Сьвяты Дзень новага году быў у запушчан звычайным сьвяточным днём, не было ніякіх адмысловых звычаёвых абходзінаў <сьвяткаваньняў> ані на Сыльвэстра19, ані на новы год. 19 Дзень сьв.Сыльвэстра прыпадае на 31 сьнежня. Па новым годзе наступаў доўгі пэрыяд мужчынам — малаценьня збожжа, а бабам — прадзеньня пакуля, лёну й воўны. <...> Гэтак пры зімовай рабоце — мужчын у гумне, а жанчын пры кудзелях — прыходзяць запусты. Два дні ў запусны пэрыяд былі асаблівымі, гэта запусны аўторак і чацьвер, перад запустамі званы ў нас клусты чвартак <тлусты чацьвер>. У гэтыя дні нават бедныя дамы, якiя часта ня мелі мяса месяцамі, стараліся, каб уся сям’я мела па куску мяса, бо ж у Папяльцовую сераду20 прыйдзецца загавець на сем тыдняў і пасьціць бязь мяса й без малака. Запушчане пасьцілі вельмі строга, нават малым дзецям не давалі ў посьце [нiчога] з малаком, хіба даставалі дзецям за нейкую аплату дыспэнсiю21 ад сьвятара. 20 Папяльцовая серада (Папелец) — пачатак велiкоднага посту. Пад канец посту прыходзіць прадвесьне. На вербніцу ўбіралi „вербы“. Запушчане ня мелі такіх прыгожых вербаў, якiя былі ў Вільні. Да некалькіх галузак вярбы прывязвалі мятліцу зь сітнікам i ўбіралі сухавейкамі. Дзеці сьцёбаліся вярбовымі галузкамі, прыгаворваючы: За тыдзень Вялікдзень, ні я б’ю, вярба б’е. Яны цешыліся, што прыходзіць Вялікдзень, найбольш радаснае сьвята ў цэлым годзе. Перш-наперш ужо ў Вялікую сераду22 ўсю мэблю з хаты выносілі на двор, каб бяліць сьцены. На падлозе на хаце ды ў каморы сьцялілі салому, i ўся сям’я спала на падлозе аж да Краснае суботы23, што давала дзецям вялікую пацеху. Столь і сьцены бялілі глінкаю. У Капцёўскім полі (якіх тры-чатыры вёрстаў ад Урачыншчыны) было месца, дзе капалі белую гліну. Замяшаная з вадою, глінка давала прыгожую белую фарбу. На столь глінка была вельмі добрая, але са сьцяны бралася да адзеньня, i дзеля таго некаторыя бялілі распушчанаю вапнаю й часам дадавалі сінькі, і тады сьцены былі лёгка-галубовыя. 22 Вялікая серада — серада перадвелiкоднага тыдня. У Красную суботу выносілі салому з хаты, мылі падлогу й, як крыху падсохне, уносілі мэблю, якая была ўжо старанна вымытая дзень раней. Уся хата пахла сьвежасьцю на Вялікдзень. У Красную суботу гаспадыня пякла пірог з разынкамі ды іншае печыва на бляхах — т.зв. мазуркі, варыла яйкі ў цыбульнай лушпе, пасхі запушчане ня зналі. Апрача таго, у суботу прыносілі з касьцёла агонь, каб утрымлiваць пасьля ў жары праз цэлы год. За маіх часоў агню з касьцёла ўжо не прыносілі. У нашай хаце кожны год на Вялікдзень дзед варыў піва й ужо перад вербніцай заліваў рошчаны ячмень і хмель у ставеньцы <гліняным гаршэчку> варанаю вадою, каб фэрмэнтавала некалькі дзён і было гатовае перад Вялікаднем выцадзіць у бочачку й анталак <барылку>. Піва выходзiла дванаццаць вёдзер — дзесяцівядзёрная бочка й двухвядзёрны анталак. Маладое піва шпундавалася <закаркоўвалася> ў дубовых бочачках і чатыры-пяць дзён дасьпявала. Піва было духмянае, бо дзед не шкадаваў хмелю. Хмель быў свой, рос у садку каля плоту й віўся па тычкох. Увосені, як дасьпеў, нашым, дзiцячым, абавязкам было сабраць кунюты <парасткі>, злажыць у драўляны кадлубак і накрыць вечкам, каб ня выветраў. Півам частаваў дзед некаторых суседзяў, гасьцей, якіх мы мелі заўсёды на Вялікдзень, і сваёю сям’ёю пілі са два тыдні па сьвятах. Заўсёднымі гасьцьмі былі мазуры Граеўскія з Барглова каля прускае граніцы. Адна мая цётка, сястра бацькі, выйшла замуж за мазура. Яна трымала мяне да хросту <у часе хросту> і як хрышчоная, паводле звычаю ў запушчан, прывозіла мне валачонна24. Я асабліва чакаў на гэтых гасьцей, бо яны ў Барглове мелі ваду й гадавалі шмат гусей, таму валачонна было са дзьве пары вялікіх гусячых яёк, чаго мы ня мелі ва Ўрачыншчыне. 24 Валачонна — гасьцiнец (фарбаваныя яйкi), якi дораць на Вялікдзень. Другім гасьцём, якому мы, дзеці, былі радыя, быў наш прадзед Аўдуль. Хаця нашая бабка, а ягоная дачка, даўно памерла й дзед ажаніўся ізноў, прадзед не забываў пра сваіх праўнукаў і прывозіў кожнаму з нас прыгожа вырабленыя лыжкі з выразанымі літарамі або падстаўку пад кніжку ці сталочак з ініцыяламі каторага з нас, — такім чынам мы мелі цацкі, якіх па вёсках дзецям не куплялі. Прыяжджалі, таксама на Вялікдзень, трое малодшых братоў бацькі з Грымячак, адзiн зь якiх быў жанаты зь сястрою мае маткі. Двое другiх часта памагалi пры работах у полі, i я вельмі любіў быць зь імі. Па многіх гадох спаткаў я абодвух у Чыкага й утрымліваў лучнасьць аж да іх сьмерці. Вялікдзень на запушчанскай прасторы быў найбольш чаканым і найвясельшым сьвятам. На гэта складалася некалькі прычын. Адна, можа найбольш важная, што гэтае сьвята супадала з прыходам вясны. Селянін чакаў на вясну, асабліва той, якому не хапала пажыву жывёліне, i часта карова была так замораная, што ён мусiў раніцаю памагаць ёй устаць. Былі выпадкі, што ўжывалася салома са страхі, каб датрымаць жывёліну да вясны. Прычынаю чаканьня на Вялікдзень быў той факт, што са сьвятам канчаўся пост. Кожнаму хацелася разгавецца й зьесьці кусок каўбасы ці шынкі ды пачаць есьцi з малаком і скаромныя стравы. Разгаўлялiся т.зв. сьвянцонкаю, пасьвенчанаю [ежаю] ў адмысловай каробцы, куды ўкладалi хлеб, соль, яйкi, каўбасу, шынку, кусок пірага ды іншыя прадукты, якія гаспадыня ці гаспадар уважалі, што трэба пасьвянціць. Перш-наперш сям’я дзялілася сьвянцоным яйком, а тады кожны еў патрохі ўсяго сьвенчанага. Разгавеньне было на сьнеданьне, калi вярталiся з касьцёла. Уваскросная <велiкодная> служба ў касьцеле адбывалася рана — перад усходам сонца, шмат хто ішоў у касьцёл у суботу вечарам на т.зв. усюночную. Па сьнеданьні гаспадар ідзе зь сьвянцонаю вадою, каб пакрапіць ёю ўсе будынкі. Вялікдзень сьвяткавалi тры дні, а ў суседняй, Сухавольскай парафіі сьвяткавалі й чацьверты дзень — ішлі на могілкі маліцца за памерлых. Уночы зь першага на другі дзень Вялікадня хлопцы хадзілі пяяць велікодныя песьні пад вокнамі ў сваёй вёсцы ды ў дзьвюх-трох суседніх. Т.зв. валачобнікі пяялі велікодную песьню, віншавалі й жадалі, кажучы: Дай, Божа, зорак прыждаці. Гаспадыня звычайна давала валачобнікам пару або дзьве пары фарбаваных яёк. Я пад час першай сусьветнай вайны, будучы ўжо па трэцяй гімназiяльнай клясе сьведамым беларусам, даведаўся ад свае бабкі, што даўней валачобнікі пяялі для дзяўчат „Ценку <тонкую> канапельку“ — песеньку, якая апісвае прыгажосьць дзяўчыны, прыкладам: Ценка канапелька А наша Марыся А тады аб яе вочках, косках, стройнасьці й г.д. Калі я навучыў урачыншчанскіх валачобнікаў гэтае песенькі й мы пачалі пяяць [яе] пад вакном, дзе была Каміля, Разалька, Моніка й г.д., атрымалі надзвычайны вынік — гаспадыні давалі чатыры пары валачонна. Відавочна, гэтыя людзі „польскае веры“ любілі пачуць сваё роднае. Дзеці цешыліся на Вялікдзень, што ўжо могуць гуляць на вуліцы, спатыкацца зь дзецьмі суседзяў і зубіць яйкі (ісьці на выбіткі) ды качаць яйкі з гары. На Вялікдзень звычайна стараста склікаў ґмінскі сход, каб палагодзіць справу найманьня пастухоў для быдла й авечак, бо найчасьцей па сьвяце пачыналася пасеньне. (Ня скончана) |
МАЯ АДУКАЦЫЯ Дарэктар Навучаньне дзяцей чытаць у паўночна-заходняй Сакольшчыне, як, наколькі ведаю, i па ўсёй Беларусі, адбывалася зімою нанятым вёскаю т.зв. дарэктарам. Дарэктар не абавязкава мусіў быць адукаваным, часта гэта быў пастух, якi летам пасьвіў каровы або авечкі ў вёсцы, а зімою ня меў нічога да работы, гадзіўся вучыць дзяцей. Бацькі ўважалі за маральны абавязак навучыць так хлапцоў, як і дзяўчат чытаць малітоўнікі ў касьцёле. І дзеля таго, што ў каталіцкіх касьцёлах ужывалася польская мова, дарэктар мусiў ведаць лацінку й вучыў чытаць „на ксёнжках да набажэнства“. Польскае мовы дарэктар звычайна ня знаў, чытаў зь беларускаю вымоваю, прыкладам: grzechów odpuszczenie чытаў [як] грэхаў адпушчэне й да т.п. Ня знаў дарэктар знакаў прыпынку, ня ведаў, пашто між словамі ёсьць кропкі або коскі ці іншыя знакі, і калі стýдант (так называліся вучні дарэктара) меў пераказаную бачыну і ў канцы бачыны пачыналася слова зь пераносьнікам на другую бачыну, ён звычайна канчаў чытаць на палове слова. Кожны студант меў сказку <указку> з курынага або гусячага пяра й вадзіў сказкаю па радку, якi чытаў. Уперш дарэктар пераказваў бачыну студанту, водзячы сказкаю па чытаных словах; тады студант прачытваў шмат разоў і, калі чуў, што ўжо ўмее, казаў: „Пан дарэктар, чы магу здаць“. Дарэктар пераслухаў і, як быў задаволены, пераказваў наступную бачыну. Усе дзеці чыталі голасна, і ў хаце ўвесь час быў гул. „Школа“ пераносілася з аднае хаты ў другую кожны тыдзень або два тыдні, залежна [ад таго], колькі дзяцей з хаты хадзіла да дарэктара. У маёй вёсачцы прыпадала — адзін тыдзень ад дзіцяці. Дарэктар у той хаце, дзе праходзiла навучаньне, меў харчы й месца на спаньне. Навучаньне гэтае было нелегальнае з пункту гледжаньня ўладаў, хаця ўлады ведалі пра яго існаваньне й характар і не перашкаджалі. Аднак нам, студантам, было сказана, што калі б у вёсцы паказаўся паліцыянт, мы павінны быць на вуліцы й гуляць у сьнежкі ці ў якую іншую гульню. Я хадзіў да дарэктара дзьве зімы — 1905—1906 і 1906—1907 [гадоў]. Першую зіму вучыў пастух, якi пасьвіў авечкі ў нашай вёсцы; другую — малодшы чалавек, якi быў больш абазнаны з адукацыяю: ён меў расейскі задачнік і вучыў нас, перш хлапцоў, асноўнай арытмэтыкі й расьпісацца па-расейску, каб маглi пасьля звацца граматнымi. Ужо першую зіму я не вучыўся чытаць „на ксёнжцы да набажэнства“, а меў польскую чытанку, бо папярэдняе зімы навучыўся чытаць і пісаць літары, бавячыся зь дзьвюма старэйшымі сёстрамі ды пішучы пяском на падлозе абэцэду. I як дзед, прывёзшы лемантар, сказаў, што дасьць цукерку за кожны добра прачытаны радок абэцэды (дарэчы, ён часам казаў: „Радок купаў гною на полі, а ў ксёнжцы — верш“), я яму адчытаў адразу ўсе тры радкi й дастаў тры цукеркі.
|
Вучылiшча ў Дуброве. Настаўнiк Краўцэвiч Увосені 1907 году дзед завёз мяне да Дубровы, дзе ўжо ад 1905 году існавала трохкляснае прыхадзкое вучылішча. Настаўнікам школы быў Чаквін. Дзеля таго што паехаў я ў школу па скончаным пасеньні валоў, аказалася, што было запозна й настаўнік не хацеў мяне прыняць, але калі дзед сказаў яму, што я вучыўся арытмэтыкі й магу ўжо расьпісацца, згадзіўся прыняць в первое отдeление <у першую клясу>. Гэтак пачаўся мой першы трохгадовы школьны пэрыяд у Дуброве. Дуброва ляжала сем вёрстаў ад нашае вёскі, i я ня мог хадзіць у школу з хаты, таму знайшлі мне кватэру ў Ясяноўцы пры сям’і Адама Крыштопіка. Сям’я маіх гаспадароў была малая: Адам, жонка Цанцуха й сынок Лявон, [на] якія тры гады малодшы ад мяне. Усе яны былі вельмі прыемныя да мяне. Брат Адама, Ян, быў ксяндзом і прабаршчаваў <служыў пробашчам> дзесь на малой парафіі на ўсходзе. Я хадзіў зь ясяноўскімі хлапцамі ў школу, як не было сьнегу — праз поле, а калі быў сьнег — вуліцаю празь Юрысдыку й Дуброву. У школе ўсё ішло мне лёгка, так што [я] быў адным з найлепшых вучняў. На прадвесткі, два тыдні перад вербніцаю, захацелася мне пайсьці ў суботу дахаты, каб у нядзелю прывезьлі мяне назад у школу. Вечар быў цёплы, сьнегу на полі ўжо было мала, толькі вада ўва ўсіх барознах, раўкох і ручайкох. Ішоў я з вазаўлянскімі хлапцамі, пераскакваючы праз раўкі з вадою, і як разагрэўся, захацелася мне піць, ды напіўся з рову пры дарозе. Наступны дзень прывезьлі мяне да Дубровы назад на кватэру, i я хадзіў цэлы тыдзень у школу, але ў наступную нядзелю вечарам пачуўся дрэнна й у панядзелак ляжаў у ложку з гарачкаю ды меў страшэнны боль галавы. Памятаю, прасіў цётку Цанцуху, каб рабіла халодныя кампрэсы на галаву. Маім хатнім наказалі <паведамiлi> [пра гэта], i ў сераду дзед прыехаў забраць [мяне] дадому. Лекара ў Дуброве тады не было, але было двух фэльчараў, да аднаго зь іх дзед завёз мяне па дарозе. Фэльчар сказаў, што ў мяне тыфус, і даў бутэльку лякарства, якое мела выгляд разводненага малака. Перахварэў я вельмі цяжка, пралежаў тры тыдні ў ложку з высокаю [тэмпэратураю], з гарачкаю і ўжо па Вялікадні да школы на вясеньні пэрыяд вярнуцца ня мог. Школа месьцілася пры Стоцкай вуліцы. Быў гэта спэцыяльны будынак зь вялікім пакоем, дзе ўсе тры аддзелы вучыў адзін настаўнік, і памешканьнем для настаўніка. У 1908—1909 [навучальным] годзе школа павялічылася, першы й трэці аддзелы засталіся ў будынку школы, а другому нанялі новы дом на Юрысдыцы. Настаўнік і кiраўнік школы з прошлага году выехаў (казалі, што высьвяціўся на папа), прыехаў новы, Евец, і дастаў другога маладога настаўніка, якi вучыў нас у нанятым доме. Прозьвішча яго было Краўцэвіч; што цікава, ён быў сьведамым беларусам. У другім аддзеле мелі мы двух праваслаўных і звалі іх рускімі, калі ўсе іншыя каталікі былі польскімі. Аднойчы Краўцэвіч кажа нам: — Вы ані рускія, ані польскія, а ўсе вы беларусы. Гэта быў першы раз, калі я пачуў назоў беларусы. Быў я тады ў веку 9 гадоў і з кніжак ведаў пра Расею й пра Польшчу, але ніколі ня чуў пра Беларусь. Аднак жа застаўся мне ў памяці сказ настаўніка, i два гады пазьней я ўжо ўсьведаміўся, калі мой сваяк завёў мяне ў Горадні ў Гарадзенскі Гурток Беларускай Моладзі. Краўцэвіч быў у Дуброве толькі адзін год. Летам перад пачаткам заняткаў у наступным годзе прыехала паліцыя з Саколкі й забрала яго: як суседзі ў Юрысдыцы казалі, быў ён арыштаваны за належаньне да сацыялістаў. У тым часе я нічога ня ведаў пра сацыялізм, і мянушка цыцылісты, як вяскоўцы звалі іх, была ад’емнаю <адмоўнаю>, бо каталіцкі касьцёл пашыраў нэгатыўнае адношаньне да сацыялiстычнага руху. Пасьля, калі я даведаўся аб існаваньні ў тым часе Беларускае Сацыялiстычнае Грамады (БСГ) і Згуртаваньня Беларускiх Настаўнікаў, зразумеў, што Краўцэвіч быў сябрам гэтых арганізацыяў. Што сталася зь ім па арышце, ня ведаю, ніколі больш аб ім ня чуў. На жаль, ня памятаю імя Краўцэвіча, бо ў школе быў звычай зьвяртацца да настаўніка гаспадзін учыцель, а не як пасьля ў гімназіі мы зьвярталіся „па імені й отчастве“.
|
Кушнер Штафінскі Кватэру на другім і трэцім гадох майго дуброўскага школеньня я меў у Дуброве на Стоцкай вуліцы, напроці школы, у Штафінскага. Было нас там двух кватарантаў: я й Вбцё Буйноўскі, абодва ў той самай клясе, у тым самым веку й абодва малога росту. Штафінскі вырабляў авечыя скуркі на кажухi, як звалi ў нас [такiх людзей] — кушнер. Малое прадпрыёмства, дзе пры ім працавалi двух работнікаў, давала яму добры даход. Быў ён высокага росту, пастаўны мужчына зь вялікаю раздвоенаю, патрыяршаю, барадою. Знала яго ўся Дуброўская парафія, бо кожную нядзелю й кожнае сьвята вёў ён працэсію ў касьцёле як маршалак зь вялікаю булаваю й праз адно рамя <плячо> на комжы25 шырокаю, золатам шытаю стужкаю. Нам, малым, быў ён цікавым, бо расказваў, як, будучы ў расейскай арміі, удзельнічаў у вайне з Хівою й Бухарою, як здабывалі крэпасьць Геок-Тэпэ26, дзе ён быў знаменшчыкам. Расказваў аб закасьпійскім клімаце, аб фаўне й флёры тамашняй <тамтэйшай>, меў вязку калюшак дзікабраза, якіх назьбіраў на пустынным пяску. Магчыма, гэта было першае зерне, кінутае ў маю псыхіку, каб палюбіць падарожнічаньне, бо ўжо тады хацелася мне самому пабачыць, што чуў у расказах. 25 Комжа — касьцёльныя шаты, доўгія, з шырокімі рукавамі. Меў Штафінскі адну благую звычку — любіў ён выпіць. Піў ён чарку водкі перад кожным абедам, але што два або тры тыдні ішоў з прыяцелямі ў карчму, прыходзіў п’яны дамоў і біў жонку. У гэтых выпадках мы, Болесь з Вацем, сядзелі ціханька недзе ў куточку, каб перачакаць буру. Штафінская была жанчына нізкага росту й шчуплая, мы звалі яе цёцяю, яна апекавалася намі вельмі добра. Мелі Штафінскія аднаго сына, на імя Зыгмунт, якi быў у тым часе ў высшэ-начальным вучылішчы ў Саколцы, пасьля скончыў Віленскую Духоўную Сэмінарыю, але, будучы яшчэ маладым ксяндзом, расьпіўся й памёр у Вільні ў доме для зьняможаных ксяндзоў. Відавочна, ня быў ён добрым кандыдатам на сьвятара й пайшоў у сэмінарыю, каб дагадзіць бацьком. Памятую, адной вясны ён прыехаў з Саколкі на велікодныя канікулы, як мы яшчэ былі ў школе. Менш за вярсту ад хаты Штафінскага пры дарозе ў Стоцак быў дуброўскі магільнік. На магільніку рос лясок маладых соснаў. За магільнікам пры стачанскім полі было малое возерца. І вось Зыгмусю прыйшло ў галаву напілаваць бярвёнаў і зьвязаць плыт на возерцы. Забраў нас зь пілою й тапаром, і, пілнуючы, як нікога не было на дарозе, спусьцілі мы тры ці чатыры сасонкi, парэзалі на кускі па паўтара сажня й 12 бярвёнаў злажылі пад каменную сьцяну, якою быў абгароджаны магільнік. На жаль, як пайшлі мы на другі дзень па поўдні, каб вязаць плыт, бярвёнаў не знайшлі: нехта пабачыў і забраў. Трэба думаць, што кс.З.Штафінскі цiкавiўся беларускімі справамі, бо ў доме яго бацькоў быў беларускі каляндар з каторагась з дваццатых гадоў, у якiм была мая фатаграфія; Штафінская сказала аб гэтым маім бацьком. Трэцюю зіму нашае трэцяе „аддзяленьне“ было ў школьным будынку й настаўнікам быў Евец. У навуцы ніякіх цяжкасьцяў я ня меў, будучы адным з найлепшых вучняў. Вёў я сябе таксама добра, ніколі не стаяў у вуглу й ня быў караны, за выняткам адной „лапы“ на другім годзе, калі вясною на вялікай пераменцы мы, амаль уся кляса, гуляючы, пабеглi далёка на гару й ня чулі званка, каб вярнуцца ў час. Калі мы прыйшлі ў клясу з дваццаць хвілін па званку, Краўцэвіч27 выдзеліў кожнаму цяжкою лінейкаю па далані — [даў] „лапы“. 27 Тут памылка — павінен быць Евец. На выпускныя экзамэны Евец запрасіў урадавага прадстаўніка — станавога прыстава. Той прыйшоў з торбаю цукеркаў, а настаўнік прыгатаваў кніжкі, каб награждаць добрых вучняў. Па маім экзамэне прыстаў сказаў: — Маленький, но удаленький, — і даў мне прыгаршчы цукеркаў, а настаўнік, пахваліўшы, даў мне кніжку Гогаля „Заколдованное мeсто“. Дзіўным трафам <чынам> арыгінал Свидетельства [аб сканчэньнi вучылiшча] ў мяне захаваўся, тады калі арыгінал мэдычнага дыплёму згарэў, і маю толькі копію. Вясною 1910 году закончыўся мой першы этап адукацыі — з добрым вынікам.
|
Горадня. Францiшканскi касьцёл Другі этап мае адукацыі пачаўся летам 1910 году прыгатаваньнем да ўступных экзамэнаў у Гарадзенскую Гімназію. Пасьвіць валы я мог толькі часткова, бо кожны тыдзень хадзіў на пару дзён да Бітага Каменя да [нашага] сваяка Ляўковіча, якi прыгатаўляў мяне да экзамэнаў. Біты Камень — малая падлесная вёска па ўсходняй старане лесу, каля шасьці вёрстаў на поўдзень ад Урачыншчыны. Там i жыў Ляўковіч, жанаты зь сестраніцаю <пляменьнiцаю> майго дзеда Грабінскага. Найстарэйшы сын Гадэўко быў у Амэрыцы й прысылаў грошы, каб вучыць малодшых братоў. Янка Ляўковіч быў у тым часе скончыўшы шостую клясу гімназіі й прыгатаўляў свайго малодшага брата Вінцука й мяне да экзамэнаў. Зайсьці ў Бiты Камень забірала ў мяне каля паўтары гадзіны. Ішлося ўвесь час вялікім дубовым лесам, я добра спазнаў дарогу, вышукаў, дзе можна было сабраць баравікоў, і прыносіў у Бiты Камень — або, ідучы назад, дадому — торбу прыгожых, з шэрымі галоўкамі баравікоў. У дубовым лесе баравікі мелі шэрыя, а ў сасновым бары рудыя шапачкі. Эх, любіў я хадзіць па лесе! Заняткі ў гімназіі пачыналіся 15 жніўня, а ўступныя экзамэны былі некалькі дзён раней. Я паехаў у Горадню з сваяком першы раз цягніком. Прыехалі мы ў горад вечарам, і ўсё: цягнік, камяніцы, сьвятло ў лятарнях <лiхтарох> на вуліцы, рэклямы з каляровых электрычных лямпачак перад кінамі — рабіла на мяне незвычайнае ўражаньне, усё гэта бачыў я першы раз. Уступны экзамэн я здаў, але дзеля таго што кандыдатаў было шмат — больш, чымся месцаў на прыняцьце, — i я як сялянскі сын ня меў ніякае пратэкцыі, запісалі мяне шостым кандыдатам. Такім чынам зіма 1910-га на 1911-ы для мяне прапала, бо першы кандыдат мог спадзявацца, што паміж васьмідзесяці вучняў першае клясы (былi два паралельныя аддзелы па сорак вучняў) можа што-небудзь стацца й ён будзе мець месца, але ня шосты. Вярнуўшыся дамоў, я ізноў пасьвіў валы да позьняе восені, а зімой да дарэктара не пайшоў. Па калядах завезьлі мяне зь Вінцуком Ляўковiчам да Гораднi жыць зь Янкам і прыгатаўляцца да экзамэнаў. На левым беразе Нёмана — на прадмесьці Горадні, Фартштаце, — стаяў Францішканскі касьцёл з кляштарам. Ордэн францішканскіх манахаў даўно ўжо пакінуў гэты кляштар, і ў пачатку ХХ стагодзьдзя пры касьцёле была парафія, але двухпавярховая будыніна кляштару — з цэлямі <кельлямi>, вялікаю сталоваю й кухняй — была ў добрым стане. Біскупская капітула Віленскае дыяцэзіі прысылала туды ксяндзоў за благое паводжаньне на пакуту. Пробашчам парафіі быў кс.Баярунец, летувіс, меў ён пры сабе чатырох братанкаў <пляменьнiкаў> і ўзяў Янку Ляўковіча на рэпэтытара для іх. Трох хлопцаў Баярунцаў былі менш-больш у маім веку: двох у пачатковых клясах гімназіі й адзін у першай клясе рэальнага вучылішча, чацьверты сястрэнец ксяндза, гадоў шаснаццацёх, ня быў у школе, Янка вучыў яго ўдома: прыгатаўляў да якіхсь экзамэнаў. Янка меў за гэта сталаваньне й цэлю, у якой спаў. Прыехаўшы зь Вінцуком у Горадню, мы жылі зь Янкам у той самай цэлі. Францішканскi, як бальшыня кляштараў, быў збудаваны ў квадрат з кружганкам <нутраною галерэяй> у сярэдзіне. Адна сьцяна кружганка быў касьцёл, а тры — кляшторны будынак. У кляштары нанізе й наверсе ўздоўж нутраное сьцяны ішоў шырокі калідор з вокнамі на кружганак і дзьвярыма да цэляў. Усіх цэляў было каля дваццацёх. Са тры зь іх былі пераробленыя на памешканьне для пробашча, у іншых жылі гаспадыня са служанкаю, арганісты, братанкі ксяндза, мы зь Янкам Ляўковічам, у адной малой, пад сходамі, жыў жабрак, а большасьць пуставала: пакутных ксяндзоў было мала, на працягу чатырох гадоў, прыпамінаю, толькі двох, якiя жылі там па некалькі месяцаў. Апрача цэляў, ксяндзоўскага памешканьня, сталовае й кухні, была вялікая кладоўка й лазьня. Касьцёл з кляштарам, як і цэлы Фартштат, месьціліся на высокім беразе, за выняткам малой вулічкі, якая нанізе на поўнач ад [касьцёла] Францішканаў вяла ўздоўж Нёмана да фальварка Хлявінскага. Кляштар быў абведзены высокім мурам разам з садам, гаспадарчым будынкам і вялікім падворышчам. Францішканы былі ўласьнікамi фальварку некалькі вёрстаў на захад ад Гораднi пры Асавецкай шашы. Фартштат у тым часе меў, за выняткам успомненай вулічкі нанізе, толькі адну вуліцу — нагарэ, раўналежную, ад Нёмана на поўдзень ад [касьцёла] Францішканаў з мастом над дарогаю з Асавецкае шашы на мост празь Нёман. Пры гэтай вуліцы стаяла сынагога <...>, дзераўляная, з асаблівай архітэктурай. Фартштат розьніўся ад гораду, быў падобны да малых мястэчкаў на Беларусі. Тады як у Горадні каталіцкая інтэлігенцыя гаварыла па-польску, праваслаўная — па-расейску, жыды — ламанаю расейскаю моваю, Фартштат гаварыў па-беларуску. Было там пару жыдоўскіх хатаў, дзе гаварылі па-жыдоўску й па-беларуску тож. Мы зь Вінцуком Ляўковiчам, а пасьля я сам, сталаваліся ў адной хаце праз вуліцу ад кляштару, наша гаспадыня ня знала ані польскае, ані расейскае мовы, гаварыла толькі па-беларуску. Чым для мяне быў цікавы пэрыяд, калі я й Вiнцук жылі зь Янкам у Францішканскiм касьцёле, — гэта маім нацыянальным усьведамленьнем. Янка, вучачыся тады ў сёмай гімназіяльнай клясе, быў ужо сьведамым беларусам, сябрам Гарадзенскага Гуртку Беларускай Моладзі, зарганізаваным у 1909 годзе кс.Францішкам Грынкевічам. Іграў Янка на скрыпцы й быў кіраўніком малога хору. Ён браў нас пяяць з хорам беларускія песьні, на вечарынкі Гуртку, хаця мы не былі сябрамі. Я горача ўспрымаў усё роднае й цяпер зразумеў, што два гады таму сказаў нам у пачатковай школе настаўнік Краўцэвіч. Мне хацелася быць сябрам Гуртку, але я змог улучыцца толькі ў наступным годзе, калі ўжо стаўся гімназістам. У гэтым часе я ня толькі атрымаў нацыянальную сьведамасьць, але й замацаваў яе на цэлае жыцьцё. Адзін эпізод з гэтага часу астаўся мне ў памяці. Янка часта хадзіў вечарам вучыцца да калегі <...> — Антонка Дохi, вяртаўся звычайна позна ўночы, але ўвайсьці ў кляштар ня мог, аж хто-небудзь адчыніць дзьверы знутры. Ад дзьвярэй з вуліцы ў муры [ён] меў ключ, тады ішоў у сад, куды выходзіла вакно нашай цэлі, i доўгаю жэрдзяю стукаў у вакно. Мы будзіліся й ішлі адчыніць дзьверы. Перад Вербніцай 1911 году, у суботу, ён таксама пайшоў да калегі й, вярнуўшыся, стаў ламацца. Але на нас напаў якісь незвычайны сон. Нягледзячы на тое, як доўга й як голасна [ён] ламаўся, нас не пабудзіў. І калі на сьвiтанку амаль усе жыхары кляштару былі разбуджаныя й нехта памог яму прынесьці драбіну й блізка выламаць, адчыняючы, вакно, ён улез праз вакно й пабудзіў нас. Што найгоршае: нашыя з коньмі й вазамі як зь Бітага Каменя, так і з Урачыншчыны мелі знайсьці нас на Вербніцу ў Дуброве. Цягнік ішоў рана з Гораднi ў Красны Сток, а адтуль тры вярсты пехатою да Дубровы. Пакуль нас разбудзiлi, было ўжо позна, але мы, адзеўшыся ў пару хвілін, падаліся бягом на прыстанак Ласосна, якi быў бліжэй ад Фартштату, чымся станцыя ў Горадні. На жаль, было запозна, цягнік ужо пайшоў. Янка, доўга ня думаючы, пастанавіў ісьці пехатою па шпалах уздоўж жалезьніцы <чыгункi> да Ражанастоцкага прыстанку, а тады ў Дуброву. Янка быў высокім хлапцом і сягаў празь дзьве шпалы, Вінцук таксама вышэйшы ад мяне, я быў найменшы, мне гэтае пехатаваньне прыходзілася найцяжэй. Бязь сьнеданьня, несучы цяжкую сьвітку, я скора ўтаміўся й часта прасіў Янкі, каб адпачыць, але ён не згаджаўся, бо баяўся, што мы ня зможам захапіць сваіх у Дуброве, могуць выехаць дамоў па службе ў касьцёле, i тады дарога будзе яшчэ даўжэйшая. І так мы, [прайшоўшы] каля трыццаці вёрстаў па шпалах і тры ад прыстанку ў Дуброву, — я [быў] чуць жывы, — прыбылі пад час нешпараў <вячэрняе службы> і знайшлі сваіх з коньмі. Я шмат у сваім жыцьці хадзіў пехатой і любіў хадзіць, але заўсёды прыпамінаў падарожжа на Вербніцу, у дванаццатым годзе жыцьця.
|
Гiмназiя Наступную восень я быў добра прыгатаваны да экзамэнаў і мяне прынялi ў Второе параллельное отдeление перваго класса, альфабэтычны мой нумар быў 12. Гімназія мела приготовительный класс, зь якога вучні аўтаматычна пераходзілі ў Первое параллельное отдeление й былі ўжо старымі гімназістамі з традыцыяй, а мы былі новичками, і нам давалі „обновку“. Паміж сарака вучнямі мае клясы было шмат беларусаў, але праваслаўныя, як Абаровіч, Ботвіч, Кузьміцкі, уважалі сябе за расейцаў, а каталікі, як Андрушкевіч, Зьмейка, Шаціла, Гукала, — за палякаў. Я толькі адзін у клясе быў сьведамым беларусам, сябрам ГГБМ <Гарадзенскага Гуртка Беларускае Моладзi>. Але Гурток быў падпольнаю арганізацыяй, і ніхто ня ведаў аб маёй беларускасьці. Мы мелі ў клясе чатырох жыдоў (у сярэдніх школах таго часу быў numerus clausus — у Северо-Западн’ым Кра’i жыдоў прымалі толькі 11%), адзін немец — Гольцман — і адзін татарын — Мухля. Вучоба давалася мне лёгка, з усіх прадметаў меў добрыя адзнакі, за выняткам расейскае мовы, над якою я шчыра працаваў, але настаўнік Iван Iванавiч Остроумов (паводле плётак у школе, ён зьмяніў прозьвішча з Халуя на Остроумова) не любіў палякаў, асабліва зь беларускім акцэнтам, і не даваў мне ў першай клясе больш, чымся „тройку“. Дырэктарам гімназіі быў Глебов, дeйствительный статский советник, тугі характар, не гаварыў з вучнямі, хадзіў як палку глынуўшы, на парады надзяваў гражданскі ўніформ і шапку з доўгім хвастом уперад і ўзад, галюнамi абшытыя берагі й з бляшкай на левай скронi, як напалеонаўскі маршал. Інспэктарам быў Димитрий Иванович Очкин — нізенькі, з вусікамі, вучыў геаграфіі. Кожная кляса мела спасярод настаўніцкага пэрсаналу кляснага настаўніка, якi апекаваўся клясаю. Фізыкі вучыў татарын Якуб Сулiманавiч (ня памятаю прозьвішча), ён часта паўтараў сказ: „Ефу ты несчастие, в самом дeлe, черт знает что такое“. Цікавай пэрсонаю быў адзін помощник классного наставника Сiлiвонiк — бяззубы стары, якi ўжываў табаку. Уніформ вучняў быў: рубашка-касаваротка й нагавіцы з чорнага сукна, ґузікі ў рубашцы — два на каўняры й тры ўздоўж разрэза, мэталёвыя, белыя; пояс з пряжкою, на ёй літары Г.Г. <Гродненская гимназия>. (У 1912 годзе гімназія атрымала новы назоў: Гродненская гимназiя имени графа Тормасова28 — у зьвязку са стагодзьдзем Отечественной войны, і тады ўвялі ў пэўнай камбінацыі ўсе пяць літараў і на пряжку, і ў герб на шапку.) Палiто з шэрага сіняватага сукна з хлясьцікам і двума вялікімі ґузікамі ззаду ды два рады ґузікаў наперадзе, а на каўняры цёмныя сінія ярлычкі з ґузікамі. Шапка (фуражка) з шэрага сукна, як і паліто, зь цёмнымі сінімі рубчыкамі і гербам наперадзе. Зімою яшчэ даходзіў башлык <род капюшона> цаглястага колеру. Вучні маглi мець [урачысты] ўніформ — ён вымагаўся, як хто хацеў ісьці на вечарыну, якіх звычайна было дзьве кожны год. Гэта быў сурдут зь цёмнага сіняга сукна, абціслы да пояса, зь дзевяцьцю вялікімі ґузікамі наперадзе, стаячым каўняром, абшытым сярэбранаю стужкаю, з паламі да кален. Часта абсальвэнты <выпускнiкi> прадавалі малодшым сурдут за некалькі рублёў. 28 Аляксандар Тармасаў (1752—1819) — расейскі генэрал, браў удзел у задушэньні паўстаньня Касьцюшкі, вызначыўся ў француска-расейскай вайне 1812 году ў баёх пад Кобрынем. Як ужо было ўспомнена, я жыў на Фартштаце й хадзіў у школу праз мост на Нёмане. Меў я кампанію да хаджэньня: заўсёды ішлі мы ўтрох — двох Баярунцаў і я, са школы часта прыходзілася ісьці ўпаядынку <самому>. Зімою, як Нёман замярзаў, ішлі мы праз раку па лёдзе, бо было бліжэй. Часам раніцаю бачылі мы дзiвака, які прыходзіў у купальным касьцюме й футры да прорубкі на лёдзе, зьнімаў футра, ускакваў у ваду на пару хвілін, вылазіў, надзяваў футра й ішоў у горад: відавочна, жыў дзесь на Падзамчышчы. Аднойчы ішлі мы са школы зь Юзікам Баярунцам праз мост, а быў сільны мароз зь ветрам. Абодва мы мелі башлыкі, але башлык зложаны пад аколышка шапкі, не надта закрывае вушы. Даходзячы да дзьвярэй кляштара, я ўбачыў, што вуха майго кампана ў верхняй частцы белае. — Юзік, — кажу, — памарозіў вуха. Ён глянуў на мяне й кажа: — Тваё тож змарожана. Мы ўбеглі ў кухню, і Марцэлька (так звалi гаспадыню, [яна была] летувіска й не вымаўляла літары х: у яе хлеб быў клеб, а любіла часта паўтараць слова квароба), пабачыўшы нашыя памерзлыя вушы, усклікнула: — О квароба, такі мруз <мароз>, памрозіла вам вушы. Яна скора прынесла сьнегу, каб паволі адмарозіць, а пасьля аблажылі [вушы] гусячым тоўшчам <тлушчам>. Юзік змарозіў абодва, а я толькi левае. Мы хадзілі некалькі дзён са спухшымі вушыма, але ўсё выгаілася без камплікацыі. Гарадзенская Гімназія была адной з найбагатшых школаў у Расейскай Iмпэрыі. Месьцілася яна ў паддамініканскіх мурох <былым дамiнiканскiм кляштары>, дзе перад тым была дамініканская школа. Расейскія ўлады, ліквідуючы старую вялікалітоўскую школу, перадалі ўсю маёмасьць, награмаджаную вякамі з дароў князёў і паноў, расейскай гімназіі. Апрача таго, людзі не перасталі запісваць дары на гімназію. Я меў нагоду бачыць копію дакумэнта з 1905 году, якiм Воўк, уласьнік камяніцы ў Горадні, дараваў гімназіі 5000 руб., зазначаючы, што з працэнтаў гімназія будзе давала стыпэндыі вучням каталіцкага веравызнаньня з добрымі адзнакамі. З падобных запісаў <ахвяраваньняў> сабралася сума, што працэнтаў было больш, чымся патрабавала пакрыцьцё стыпэндыяў усіх вучняў-каталікоў з добрымі адзнакамі. Калі вучань ня меў „троек“ на першым годзе й прасіў звольніць яго з аплаты за правоучение, яму давалі стыпэндыю ўжо на другім годзе ў велічыні школьнае аплаты — наколькі памятаю, 72 руб. Як надалей вучыўся добра, даставаў палавіну поўнае стыпэндыі — 90 руб., а ў старэйшых клясах поўную — 180 руб. Дзеля таго што сялянскія сыны вучыліся добра, лепш за сыноў расейскіх чыноўнікаў і паноў (памешчыкаў), усе нашыя беларусы, сябры ГГБМ, мелі стыпэндыі. Я асабіста скончыў першую клясу з адной „тройкай“, але ўжо ў другой клясе ішоў на „чацьвёрках“ ды „пяцёрках“ і ў трэцяй клясе быў ужо звольнены з аплаты. Ведаю, што ўсе мае знаёмыя: Язэп Лявіцкі, Янка Ляўковіч, Адам Бычкоўскі, Антон Доха, Адольф Зянюк — усе мелі ў сёмай і восьмай клясах стыпэндыі 180 руб. Як ужо было ўспомнена, грошай было больш, чымся школа патрабавала пакрыць стыпэндыі паводле запісаў. На паседжаньнях пэдагагічнае рады прасілі згоды ксяндза Халецкага абмiнуць права <правiла> і даць стыпэндыі добрым бедным праваслаўным вучням. Відавочна, не iшлося тут аб яго згодзе, а больш аб тым, каб маўчаў, тым ня менш гэты факт умацоўваў пазыцыю кс.капэляна ў пэдагагічнай радзе. Апрача стыпэндыяў, гімназія мела грошы на ўтрыманьне спартовага парку, т.зв. трэку, для школы, купляла білеты вучням у тэатар і ў цырк і арганізоўвала паходы ў табэльныя дні29. Даступная вучням бібліятэка была таксама вялікая й багата абсталяваная. Але скарб, які гімназія атрымала па дамініканах, — старая бібліятэка зь вельмі вартаснымі тамамі рукапісаў і старых друкаў — яна была недаступная вучням. 29 Табэльны дзень — у Расейскай Імпэрыі дзень, улучаны ў табэль аб сьвяточных і вольных днёх, выходны. Прыяжджаючы дамоў на сьвяточныя й летнія вакацыі, я стараўся памагаць бацьком у рабоце пры гаспадарцы; дзед ужо ня жыў, і хаця бацька меў парабка, было яму даволі цяжка. Таму я ішоў зімою малаціць, а летам за сахою, касою й сярпом. Звычайна пару дзён усё балела ад непрывычнага высілку, але па некалькіх днях я ўжо быў добрым работнікам. Бацька, выслаўшы ў школу адзінага сына, мусіў чуць маю ўдзячнасьць. Вясною 1912 году Янка Ляўковіч, зь якім я жыў у кляштары Францішканаў, скончыў гімназію й параіў [кс.]Баярунцу ўзяць на рэпэтытара братанкам Адольфа Зенюка. Вярнуўшыся ў жніўні з вакацыяў, я ізноў зажыў у Францішканах, цяпер зь Зенюком, якi быў у сёмай клясе.
|
Справа каталiкоў-беларусаў У тым часе, як я ўступіў у гімназію, школьныя ўлады ўсіх каталікоў уважалі за палякаў, і паводле царскага ўказу з 17 красавіка 1905 году мелі права вучыцца „Закона Божего“ ў польскай мове. Ужо ў наступным годзе сытуацыя зьмянілася, улады пачалі шукаць каталікоў-беларусаў. Зараз жа на пачатку году, на першай лекцыі рэлігіі, кс.Халецкі сказаў нам, што школа дастала загад зь Виленскаго учебнаго округа, што беларусы ня могуць быць навучаныя „Закона Божего“ ў польскай мове й што школьныя ўлады маюць ужо прозьвішчы, каго ўважаюць за беларусаў, між імі было й маё прозьвішча. Дзеля таго што падручнікаў для каталіцкага веравызнаньня [анi] ў беларускай мове, ані ў расейскай не было, пэдагагічная рада дазволіла беларусам прысутнічаць на лекцыях у польскай мове, але не маглі быць пытанымі й не маглі адказваць па-польску. Капэлян сказаў таксама, што мы павінныя пісаць просьбы ў Міністэрства Асьветы, цьвердзячы, што нашыя бацькі гавораць удома па-польску. Мне атрымалася парадаксальная сытуацыя: сьведамы беларус мусіць пераконваць улады, што ён паляк. Пытаўся я кс.Грынкевіча, што рабіць. Ён параіў паступаць згодна з плянам капэляна, каб ня даць нагоды на падозраньне, што належу да арганізацыі. Дзе пачалася справа шуканьня каталікоў-беларусаў і чыя гэта была ініцыятыва, цяжка сказаць. Вiдаць, якісь русіфікатар — не ў Міністэрстве Асьветы, а ў Вільні, а можа нават у Горадні — пачаў справу, якая выглядала больш на спробу, чымся на добра абдуманае й сплянаванае дзеяньне. Перш-наперш на лісьце <у сьпiсе> былі прозьвішчы вучняў толькі малодшых клясаў, як бы старэйшых не хацелі чапаць. Расейскія ўлады добра ведалі, якою моваю карыстаецца ўся Гарадзеншчына, а на лісту было ўведзена толькі, здаецца, 26 прозьвішчаў з 360 вучняў дзевяцёх малодшых клясаў (приготовительный і падвойныя з 1-ае да 4-ае). Было, прыкладам, прозьвішча Карпея, якi радзіўся ў Дэтройце (ЗША) i ня знаў беларускае мовы. У адказ на нашыя прашэньні Міністэрства загадала дасьледаваць мову на месцы, паліцыя прыяжджала да Ўрачыншчыны ды пыталася старасты, але й па ўсім гэтым ня ведала, што рабіць, і даручыла справу гімназіяльным уладам. У гімназіі была створаная адмысловая камісія з дырэктара, інспэктара й трэцяга сябра, аднаго з настаўнікаў, і нас клікалі на пераслух. Мяне пыталіся, як мае бацькі гавораць з суседзямі, цi яны не разумеюць польскае мовы. Я адказаў, што ў маёй ваколіцы ўсе разумеюць польскую мову, бо мы жывем блізка мазураў і маем заўсёдныя зносіны зь імі. Дзеля таго што кс.Халецкі меў моцную пазыцыю ў школе, скончылася тым, што нам дазволілі вучыцца рэлігіі па-польску. У трэцяй клясе я ізноў жыў у Францішканах з Адолькам Зенюком, якi быў тады ў восьмай клясе. Я быў звольнены з аплаты ў школе, і выглядала, што на добрай дарозе дастаць <атрымаць> стыпэндыю, як усе старэйшыя беларусы. На жаль, некалькі дзён перад тым, як [я] меў вярнуцца ў чацьвертую клясу, выбухнула першая сусьветная вайна, i я застаўся на чатыры гады на вёсцы пры земляробстве, безь вялікае надзеі, што калісь вярнуся ў школу. Яшчэ хачу ўспомніць адну дэталь з пэрыяду мае расейскае гімназіі. У Бэрнардынскім касьцёле кожнае нядзелі раніцою была служба для каталіцкае моладзі сярэдніх школаў. Там пяяў хор, да якога належаў шмат хто зь беларусаў. Я таксама належаў да гэтага хору, пяяў тады сапранам, як і ў школьным хоры. Пазьней у школьным польскім і студэнцкім хорах я пяяў басам. Летам 1918 году я даведаўся, што Polska Macierz Szkolna30 арганізуе гімназію ў Горадні. Доўга ня думаючы, падаўся ў горад, дзе мяне паінфармавалi, што будзе толькі пяць малодшых клясаў і чаго школа вымагае да ўступных экзамэнаў. Пастанавіў я прыгатавацца да пятае клясы, да якой і быў прыняты па экзамэне ўвосені. Такім чынам, я пераскочыў чацьвертую клясу. Хаця надалей [я вучыўся] у сярэдняй школе, але па чатырох гадох пярорвы, у іншай школе і ў іншай мове, [таму] мушу ўважаць гэты пэрыяд за асобны, трэці этап мае адукацыі. 30 Polska Macierz Szkolna — арганiзацыя спрыяньня разьвiцьцю польскага школьнiцтва. Пэрыяд мае адукацыі, які я называю другім этапам, пакiнуў сьлед на маім характары. Пераконаньні, якія былі ўпоеныя мне ў тым часе, як нацыянальнае ўсьведамленьне, засталіся непахіснымі на ўсё жыцьцё. Я не пайшоў па лініі найменшага апору <супрацiву>, якая ў тым часе азначала — прызнацца палякам і ня мець ніякіх клопатаў, як i рабілі шмат хто зь беларусаў-каталікоў (двох суседзяў з мае вёскі). Пад час другое сусьветнае вайны, калі людзі дзеля бясьпечнасьці прызнаваліся фольксдойчамі, каб выехаць з усходу да Нямеччыны, мне ніколі не прыйшло ў галаву зьмяняць нацыю. Бабка мае першае жонкі была фон Радэн. Энгельгарт31, які быў зроднены з фон Радэн сям’ёю, уважаў маю жонку за далёкую радню. Едучы на ўсход або з усходу пад час вайны, [ён] заяжджаў да нас пераначаваць, некалькі разоў спрабаваў пераканаць мяне, што мы як фольксдойчы павінны выбрацца ў Нямеччыну. Я заўсёды адносіўся да гэтага нэгатыўна. 31 Эўген фон Энгельгарт (Engelhardt) — ведамы нямецкі беларусiст. Так што пэрыяд ад дзясятага да чатырнаццатага гадоў быў вельмі важны ў маім жыцьці з пункту гледжаньня маёй нацыянальнай сьведамасьці. Наступны этап мае адукацыі пачаўся ў дваццатым годзе жыцьця. (Ня скончана)
|
Пакутны пэрыяд Прыйшла вайна. Бальшавікі па пару месяцах арыштоўваюць Антона Луцкевіча32. Ён, відавочна, спадзяваўся гэтага й перад тым даручыў мне як заступніку старшыні Беларускага Навуковага Таварыства ключы ад Музэю Івана Луцкевіча. 32 Тут памылка: А.Луцкевіч быў арыштаваны ў верасьні 1939 году. Пад час апошніх гадоў маіх студыяў мэдыцыны на Віленскім Унівэрсытэце студыяваў гісторыю Лех Борткевіч. Сымпатычны, высокі бляндын, спартсмэн (старшыня Акадэмiчнага спартовага клюбу), адзін з трох ці чатырох братоў — уласьнікаў вялікага маёнтку на Браслаўшчыне. Зь Лешкам мы зналіся, бо я належаў да байдаркавай сэкцыi Акадэмiчнага спартовага клюбу. Па студыях Борткевіч паехаў у Варшаву, але па двох гадох вярнуўся да Вільні. Масква аддае Вільню летувісам. У некалькі тыдняў па прыходзе летувісаў званiў Юзаф Мацкевіч33, пытаўся, калі буду мець час пагаварыць. Умовіліся на спатканьне ў мяне. Прыйшлі Ю.Мацкевіч з Л.Борткевічам. Гаварылі пра сытуацыю ў Вільні пры летувісах. Мацкевіч намякаў, што беларусы павінны заняць пазыцыю такую ж, як і палякі, ды супольна проціставіцца экстраваганцыям летувісаў у адносінах да палякаў і беларусаў. Ня верылі мы, што гэтая сытуацыя можа ператрываць доўга, самыя летувісы пяялі: „Vilnius musu — Kaunas Rusu“34, але трэба было думаць, што рабіць. 33 Пазьней Юзаф Мацкевiч стаў ведамым польскiм лiтаратарам, аўтарам бэстсэлераў пра злачынствы камунізму. Борткевіч запытаўся, ці можа ён наведаць Беларускі музэй, я згадзіўся, і мы спатыкаліся зь ім у музэі раз або два разы ў тыдні. Што было мне цікава, Лешак, хоць у польскай мове, пачаў гаварыць як беларус. Казаў, што ў Варшаве ён пераканаўся, што палякі яму зусім чужыя, зразумеў, чаму літоўская шляхта так змагалася з польскаю ў гісторыі Рэчы Паспалітай. Пераглядаючы архіў музэю, казаў: — Я маю дыплём гісторыка зь Віленскага Ўнівэрсытэту, але гісторыі свайго краю, дзе сталіцаю была Вільня, зусім ня ведаю. Я бачыў, што Лешак сапраўды шчыра цікавіўся гісторыяю Вялікага Княства Літоўскага. Скора, аднак, перарваліся нашыя спатканьні й спакойныя гутаркі: бальшавікі вярнуліся ў Вільню і пачаўся жудасны час арыштаў. Я два тыдні не начаваў дома, аж „чорны воран“ перастаў курсаваць начамі па вуліцах Вільні. Як усё супакоілася, я вярнуўся да сваёй [лекарскай] практыкі. Аднаго вечара паміж пацыентамі ўвайшоў малады хлапец і зараз пры дзьвярох сказаў, што хоча гаварыць з доктарам. Калі я падышоў да дзьвярэй, ён, як бы тоячыся, каб ніхто ня чуў, сказаў мне, што ён прысланы групай беларусаў у Варшаве (кс.Гадлеўскі, др.Шчорс ды іншыя) даведацца, якое палажэньне ў Вільні. Скончыўшы [прыём] пацыентаў, я пачаставаў яго гарбатаю, расказаў яму, як справа стаіць у Вільні. Ён паінфармаваў, якія магчымасьці для беларусаў у Варшаве й Лодзі, ды сказаў, што ідзе назад праз граніцу. (Пасланец вярнуўся ў Варшаву, бо бальшавікі хацелі яго выкарыстаць як інфарматара ад групы беларусаў у Варшаве. Ня ведаю, ці ён адразу прызнаўся, ведаю толькі, што кс.Гадлеўскаму было ведама, як адбылася візыта пасланца да мяне, і чамусь у Варшаве сярод беларусаў было пераконаньне, што я не жыву. Як немцы пагналі бальшавікоў на ўсход, хлапец, пачуўшыся больш бясьпечным, упісаўся ў Краёвую Абарону Б.Рагулі, але, будучы ў лягеры ў Прусіі, калі бальшавіцкі фронт стаў набліжацца, яго нэрвы ня вытрымалі, і [ён] звар’яцеў, быў адпраўлены ў нямецкі шпіталь, дзе, падобна, памёр. Пры Гітлеру звар’яцелых не лячылі, а давалі ўколы, каб памерлі.) Пару тыдняў пазьней, вечарам у нядзелю, як я ня меў пацыентаў, прыйшоў Борткевіч і спытаўся, можа я ведаю што-небудзь з захаду. Я адказаў, што ў мяне быў пасланец з Варшавы. На працягу наступных колькiх тыдняў Борткевіч прыходзіў да мяне пару разоў пагаварыць. Няўбаўкі <неўзабаве> пазваніў да мяне Мацкевіч, каб я прыняў яго як пацыента, але, прыйшоўшы, сказаў, што хоча перасьцерагчы мяне, каб быў асьцярожны з Борткевічам, бо ён працуе для бальшавікоў як сексот (секретный сотрудник): — Leszek, — кажа, — załamal się35. 35 „Лешак зламаўся“ (польск.). Братоў ягоных бальшавікі арыштавалі й вывезьлі, і ён, ратуючыся, пайшоў на ўнівэрсытэт выкладаць ленінізм і як сексот рапартуе НКВД, што гавораць тыя, да каго яго пасылаюць. Я падзякаваў Мацкевічу за перасьцярогу й сказаў, што запозна, бо ўжо тры разы я спатыкаўся з Борткевічам і сказаў яму аб пасланцу з захаду. Як пасьля я даведаўся, хлапца пры першым пераходзе на ўсход бальшавікі злавілі, білі яго ў пяты, аж ён прызнаўся, што беларусы з Варшавы пасылаюць яго да В.Пануцэвіча ў Горадні й да мяне ў Вільні на разьвед. Па пару тыднях, як ён ачуняў па пытках, паслалі яго да Пануцэвіча. Пануцэвіч адразу западазрэў, што прысылаюць хлапца бальшавікі, i заявіў у НКВД. Я быў зашмат даверлiвы, таму стварылася сытуацыя, што бальшавікі маглі абвінаваціць мяне ў шпіянажы. І тут пачаўся пакутны пэрыяд майго жыцьця. Сьледчы з НКВД клікаў мяне па тэлефоне кожныя 3—4 тыдні зьявіцца вечарам — кожны раз на іншы адрас: на Кальварыйскай, на Зьвярынцы, пры Лукішках, на Віленскай і г.д., дзе ён исследовал мяне па 4—6 гадзін, амаль цэлую ноч. Зрабіў мяне сексотам, даў падпісаць паперку, што буду шчыра працаваць для савецкай улады й нікому не скажу, што я сексот; у праціўным разе буду караны паводле параграфу, якi гаворыць аб кары сьмерцю. На шчасьце, даручыў мне абрабляць толькі аднаго кс.А.Станкевіча, якому я адразу сказаў, хто мяне прысылае, i мы ўдвох апрацоўвалі мае рапарты. Дайшло да таго, што я баяўся адказваць на тэлефон. Я пасівеў, высах, згорбіўся, калi хто з дактароў, калегаў, спаткаўшы [мяне] на вуліцы, пытаўся, што са мною, я звычайна казаў, што страўнiк мучыць. Вечарам, ідучы на исследование, я разьвiтваўся з жонкаю й дзецьмі, бо ня ведаў, ці вярнуся. Калі сьледчы вырашаў „применить особое исследование“, бралі сексота ў падвал пры Ахвярнай вуліцы, мучылі, каб прызнаўся, звычайна [той] прызнаваўся да ўсяго, чаго яны хацелі, i тады як вінаватага ліквідавалі. Дадому [ён] ужо не вяртаўся. Гінуў. Мой сьледчы — отвратительный тип нізкага росту, рыжавы бляндын з выбітна кароткімі пальцамі на руках, каля трыццаці гадоў веку, малаінтэлігентны, але набіты камуністычнымі дактрынамі; ня памятаю ягонага прозьвішча, ведаю толькі, што канчалася на -енко. Трымаў ён мяне на допытах, якiх было дзевяць, пераважна ў напружаньні, рэдка толькі частаваў мяне гарбатаю й гаварыў пра штосьці нэўтральнае. Пераважна дапытваўся пра проходимца з Варшавы, але я не прызнаваўся, што такі ў мяне быў, тады ён гразіў: — Придётся применить особое исследование. Я не прызнаваўся, бо др.Ст.Грынкевіч параіў: — Не прызнавайся. Хлопцу, каторага паслалі да цябе, могуць ня верыць. Як удасца табе падкапаць давер да Борткевіча, яны ня будуць пэўныя твае віны. Сьледчы часта пытаўся, каго я знаю. Калі я ўспамінаў паміж іншымі Борткевіча, ён як бы не зьвяртаў увагі, тады я пастанавіў быць больш агрэсiўным i кажу: — Мы, беларуская інтэлігенцыя, пераважна дзеці сялян. Польскія абшарнікі (паны), бачачы пагрозу, што сяляне дастаюць адукацыю й пачынаюць дамагацца свайго права, стараюцца ўсімі спасабамі нішчыць нас. Гэта было пры буржуазнай Польшчы, а нават і цяпер. Сьледчы пытаецца, пра каго я гавару, а я яму адказваю: — Прыкладам, абшарнік Борткевіч. Тут сьледчы схапянуўся, ня даў мне больш гаварыць. — Да разве Борткевич помещик? — Крупный помещик. — Да, они стараются в мутной воде рыбку ловить, — кажа ўсхваляваны сьледчы, як бы хапаючы абедзьвюма рукамі перад сабою паветра. Думаю, што гэты момант уратаваў маё жыцьцё. (Маё прызнаньне перад сьледчым не пашкодзіла Борткевічу, бо бальшавікі ня мелі даволі часу. Пры немцах яму было небясьпечна заставацца ў Вільні, і ён пераехаў у Браслаўшчыну ў свой маёнтак. На жаль, там было таксама небясьпечна. Адной ночы бальшавіцкія партызаны абрабавалі [яго] й як буржуя забілі.) Пры наступных спатканьнях, якiх было яшчэ пару перад прыходам немцаў і ўцёкамі бальшавікоў зь Вільні, сьледчы не гразіў мне „особым исследованием“, чытаў мае рапарты аб кс.А.Станкевічу, шмат гаварыў аб ім, дапытваўся аб ягонай дзейнасьці ў прошлым. Я сказаў яму, што ў архіве Беларускага музэю, якi быў перавезены бальшавікамі на Ахвярную вуліцу, ёсьць брашурка кс.А.Станкевіча, у якой можа знайсьці ягоныя палітычныя ідэі. Сьледчы знайшоў брашуру й перакладчыка, бо сам беларускае мовы не разумеў, і пры наступным спатканьні кажа: — Удивительно, католический священник, и пишет, что помещичья земля должна быть разделена крестьянам без выкупа. Видимо, это очень интересный человек. Ён так зацікавіўся ксяндзом Станкевічам, што паклікаў яго на спатканьне ў цукерні Штраля. Пасьля абодва расказалі мне аб спатканьні. Апошнія дні перад атакаю немцаў я быў так нэрвова перачулены, чуў і быў пэўны, што пачнецца вайна. Тры дні перад вайною спаткаў на вуліцы знаёмую дантыстку Лютомскую й сказаў ёй, што будзе вайна, яна пасьля ня верыла, што я чуў нэрвамі, была перакананая аб маёй лучнасьці з палітычнымі коламі, дзе мяне паінфармавалі. Жонку зь дзецьмі я адправіў да яе сваякоў на правінцыю, бо спадзяваўся <прадбачыў>, што ў Вільні будуць баі. Як пачалася вайна, я пачуў адпружаньне нэрваў, ведаў, што агент НКВД ужо больш ня будзе клікаць на дапросы. Я быў старшынёю Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні ад 20 жніўня 1942 году да выхаду немцаў зь Вільні. Думалася, што пры нямецкай акупацыі будзе лепш. Але з 16 на 17 верасьня 1943 году я быў арыштаваны летувісамі й пасланы ў канцлягер Правянішкі, бо наш Камітэт быў ім соляю ў воку. Шчасьце, што не папаў у дзясятак [тых], каго раніцаю 17 верасьня расстралялi на Панарах36. 36 Панары (летув. Panarai) — паўднёва-заходняе прадмесьце Вiльнi, цяпер у межах гораду. Падрабязьней пра гэты эпізод мы знаходзім у кнізе Язэпа Малецкага „Пад знакам Пагоні“ (Таронта, 1976): „Камітэту давялося ратаваць жыцьцё ведамых беларускіх дзеячоў др.Грабінскага і др.Грынкевіча. Было гэтак: адзін заўзяты жмудзкі камэндант паліцыі хапаў віленчукоў з вуліцы, дапытваў, зьбіваў да паўсьмерці. Рабіў ён гэта на сваю руку, каб падмацаваць жмудзкія ўплывы ў Вільні, і за гэта яго ў белы дзень застрэлілі на вуліцы Міцкевіча. Азьвярэлыя Лятувісы, на сваю руку таксама, схапілі 12 выдатнейшых віленскіх грамадзян, а між імі старшыню міжнароднага Чырвонага Крыжа прафэсара К.Пэльчара, адваката Энгельса, інжынэра Станкевіча, прафэсара Вільчынскага, зь беларусаў жа дактароў Грабінскага ды Грынкевіча. З арыштаваных палавіну Лятувісы расстралялі ў ямах на Панарах, дзе яны забівалі й Жыдоў. Другую ж палову вывезьлі ў лес на цяжкую працу. Там др.Грабінскі з праф.Вільчынскім спушчалі з пня тоўстыя сосны <...>. Мы злажылі зразу ў гэбітскамісара гораду востры пратэст супроць самаволі Лятувісаў. У хуткім часе др.Грабінскі й др.Грынкевіч былі звольненыя“ (с.87). Гэты цяжкі пэрыяд майго жыцьця пакінуў на мне сьлед. Хаця фізычна я быў страшэнна змучаны, — да той ступені, што мой вонкавы выгляд зьмяніўся й, як ужо было ўспомнена, знаёмыя пыталіся, што са мною, аднак я скора направіўся. Псыхалягічны сьлед застаўся на мне стала. Можа таму, што трывала гэта некалькі месяцаў. Жыцьцё пад тэрорам з думкаю, што могуць мяне ўзяць на пыткі, насоўвала думку аб самагубстве, і толькі дзеля малых дзяцей я не рашыўся на такі крок. Часта, ідучы па вуліцы, убачыўшы стоража, які замятаў тратуар, я зайздросьціў яму, што [ён] мае спакойнае жыцьцё. Мая амбіцыя моцна панізілася. Я неахвотна згадзіўся ўзяць на сябе абавязкі старшыні Беларускага Камітэту пры немцах, і трэба [было стацца] выпадку, што летувісы арыштавалі мяне як старшыню Камітэту. Мушу, аднак, прызнаць: як летувісы везьлі [нас] на Панары ды ўсе мы былі пераконаныя, што вязуць на расстрэл, людзі пачалі спавядацца (у нашым траку <грузавіку> быў каталіцкі сьвятар). Я асабіста ня чуўся так стэрарызаваным, як на дапросах сьледчага НКВД. Быў верасеньскі дробны дожджык, шэрае поле, на кустох па дарозе шэрае лісьцё, і я думаў: няма чаго шкадаваць гэтага жыцьця, толькі сумна было, што малыя дзеці застануцца бяз сродкаў, бо жонка не прыгатаваная да самастойнага жыцьця. Можа й таму ня чуўся я так дрэнна, што падарожжа да [таго] моманту, як мы мінулі ўезд, да поля расстрэлаў, трывала не даўжэй як адну гадзіну. Факт арыштаваньня летувісамі не павысіў мае амбіцыі, каб пнуцца да ганаровых тытулаў, наадварот, я пераканаўся, што трэба ад іх ухіляцца. Пасьля доўжшага часу пагрозы сьмерці чалавек чуецца, як бы жыў дарованым жыцьцём, усё асяродзьдзе робіцца менш важным, яго ахвота й энтузіязм да змаганьня ў жыцьці паніжаецца. Гэтак сталася са мною. Я разумею, што гэта ад’емныя рысы характару, і стараюся не паддавацца. На жаль, не заўсёды мне ўдаецца.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (10) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |