A R C H E | A d a m H l o b u s | № 5 (10) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Гульні з народам
|
Анатолю Сідарэвічу дасталася ў „Крыніцы“ літаратура, гісторыя. Ён, напрыклад, напісаў кніжку за Чаропку. Вось Чаропка ходзіць і кажа, што ён напісаў геніяльную кніжку. Дык яе напісаў не ён, а Сідарэвіч, які браў прынесенае Чаропкам і сумленна перапісваў. І так было заўсёды. Колькі ёсць кніжкі, столькі людзі пішуць адны за другіх. Важнае назіранне, яно спрацуе ў маіх выдавецтвах пазней. Сідарэвіч паставіў за мэту зламаць сацыялістычны рэалізм у белліце. І ён гэтую задачу выканаў бліскуча. Павал Якубовіч з дапамогаю „Крыніцы“ здыскрэдытаваў адыёзны часопіс, артадаксальны, антысеміцкі, называўся той часопіс Политический собеседник. Павал Ізотавіч з ім змагаўся пад штандарамі перабудовы, на старонках нашай „Крыніцы“. Кожны ў „Крыніцы“ меў свайго чытача. І ў выніку атрымалася тое, што мусіла атрымацца — паўмільённы наклад. 50 тысяч па-беларуску, 450 па-расейску. Калі ёсць такі наклад, адпаведна з’яўляецца жаданне і далей працаваць з масавай свядомасцю. Кожны з нас, сыходзячы з часопіса, сыходзіў са сваёй аўдыторыяй. Якубовіч сышоў у „Народную газету“. Я сышоў у сваё выдавецтва. Сідарэвіч пайшоў выкладаць у ліцэй. І калі Някляеў застаўся са сваімі хлопчыкамі і дзевачкамі, наклад стаў 2 тысячы, а пасьля — 600 асобнікаў. „Крыніцу“ я лічу сваім першым досведам гульні з масавай свядомасцю, а першы, ён — незабыўны. Другім тыражным праектам стаў комікс паводле Караткевічавага „Дзікага палявання...“. І мы з Валодзем Сцяпаненкам селі і намалявалі 96 малюнкаў. З нас смяяліся, што замест сур’ёзных справаў малюем коміксы. Але я быў упэўнены, што масавую свядомасць мы закранем. І наклад быў — 250 тысяч. Комікс у выдавецтве „Юнацтва“ надрукавалі вельмі кепска. Мы рабілі на чатыры колеры, а яны надрукавалі на два. Але гэтая кніжка выканала сваю функцыю. Шкада, праўда, што нашым шляхам больш ніхто не пайшоў. Я спадзяваўся, мы зробім узор, і мастакі-кніжнікі зразумеюць, як трэба рабіць. Я лічу, што можна рабіць коміксы, якія будуць адпавядаць нашай ментальнасці. Ёсць дурні, якія думаюць, што можна амерыканскія коміксы выдаваць і мець з гэтага грошы. Лухта! Амерыканскія коміксы механічна на нашую свядомасць немагчыма перанесці. |
Трэці значны паліграфічны праект з маім удзелам — газета Ласковый май. Павал Ізотавіч Якубовіч казаў: „Вова, запомні раз і назаўжды: 20 капеек горш, чым 30 капеек“. Газета каштавала 30 капеек, а наклад у яе быў 11 мільёнаў. Якубовіч адказваў за першую паласу, а ўсе астатнія палосы рабіў я. Праца ў Ласковом мае мне вельмі дапамагла. Я паверыў у свае здольнасці працаваць з вялізарнай аўдыторыяй. Дарэчы, у кожным нумары я друкаваў свае навелы з будучай кнігі „Дамавікамерон“. Мы зрабілі сем „Майскіх“ нумароў. Восьмы стаў фатальны. Ён быў прысвечаны смерці Віктара Цоя. Я зрабіў яго сам, без Разіна і Якубовіча, і папрасіў грошы за сваю працу. Бо я не атрымліваў ні 20, ні 30 капеек. А прасіў я грошы для Гены Рабцава, які перакладаў музычную інфармацыю з ангельскай мовы, і для Славы Ахроменкі, які тусаваўся ў расейскай рок-тусоўцы, браў інтэрвію ў Б.Г., ДДТ, Цоя… Я прыйшоў да Якубовіча і сказаў, што, калі мне не дадуць грошай, я забяру „Цоя“ і выдам у іншым месцы. Грошай не далі, і я выдаў усенароднага Віцю з камандаю намі створанай газеты Частный детектив. Аднойчы я сустрэў Алеся Асташонка, і ён мне сказаў, што, калі дзялілі заробак за Ласковый май, маю долю парэзалі, і ён узяў сабе частку. Я яму: „Дык навошта ты мне гэта кажаш, ты б не браў, сказаў бы — аддайце іх Вову“. „Усе бралі, і я ўзяў!“ Такая бізнес-логіка пачала прарастаць на савецкім полі. Грошы — спакуса. І не такія, як Асташонак, спакушаліся. У „Крыніцы“ з маёй долі ўзялі ўсе, акрамя Сідарэвіча. Анатоль наагул не ўдзельнічаў у праекце Ласковый май, па ідэйных меркаваннях, дзякуй і за гэта. |
2. Карты, грошы, незалежнасць З „Крыніцы“ я сышоў, але я ведаў, куды сыходзіць. Тады ў Маскве працаваў бацька Штырліца Юліян Сямёнаў, які стварыў Савецкую Асацыяцыю Дэтэктыўнага, Прыгодніцкага і Палітычнага раману — САДППР. І я вырашыў стварыць беларускую асацыяцыю такіх раманаў — БАДППР. Я набраў пакет дакументаў і яе зарэгістраваў. У „Крыніцы“ мне сказалі, што я павёў сябе няправільна, але я дагэтуль не разумею сваёй няправільнасці, чаму на мяне яны, Някляеў & Со, так пакрыўдавалі? Можа, мая падзеленая доля была замалая? Ствараючы беларускую асацыяцыю, я вучыўся ў Сямёнава. У яго была Совершенно секретно, а ў нас Частный детектив з дадаткам Все обо всем. Але газеты я не любіў з дзяцінства, таму вырашыў з сябрамі выдаваць часопіс АВС-детектив. Чаму мы сталі выдаваць часопіс пад назвай АВС? Бо ўва ўсіх каталогах на літару „А“ перад намі стаяла толькі нейкая там Авиация. Любы чалавек, які браў падпісны каталог — а тады ўсе верылі ў падпіску — пачынаў яго чытаць з нашага выдання. Мне вельмі часта задаюць пытанні: адкуль у вас грошы, што такое грошы, адкуль яны бяруцца, як яны робяцца. Дык вось, грошы даюцца людзям, якія займаюцца рэчамі, што прыносяць прыбытак. Ёсць людзі, якія бяруць грошы толькі для таго, каб іх траціць. А ёсць іншыя, якія бяруць крышку грошай і зарабляюць на іх самі ды яшчэ дапамагаюць іншым зарабіць вялікія грошы. Першыя грошы мне дапамог зарабіць путч. У нас з братам Міраславам і з Валодзем Сіўчыкавым было прыватнае выдавецтва. І калі пачаўся путч, да нас у кабінет прыйшоў шэры чалавек і сказаў: „Вам каюк. Нашы прыйшлі. Танкі ў горадзе. І мы ўсё прыватнае ў адзін дзень выкінем на сметнік і забудзем“. Але путч праваліўся, і я прыйшоў да шэрага чалавека і сказаў: „Дзе вашы танкі? Я не буду пісаць пра тваё скоцтва ў газету. А ты падпішаш мне гарантыйны ліст на крэдыт у банку“. Падпісаў. Мы атрымалі крэдыт, 200 тысяч рублёў. Тады крэдыты бралі ўсе. І ўся гэтая новая замкавая архітэктура вакол Менску — закапаныя ў зямлю крэдыты. Узяўшы крэдыт, мы ўтрох, я, Міраслаў і Вова Сіўчыкаў, думалі, што мы з ім будзем рабіць. Мірык кажа: давайце ўкладзем грошы ў рэкламу. Грошы мы вырашылі ўкладаць не ў тэлевізійную рэкламу, а ў радыйную. Усе слухалі радыё, бо пачалася вайна на Каўказе, здаецца, грузіна-абхазская. Адпаведна, усе навіны — весткі з баёў. І ў гэтыя жахлівыя весткі мы ўставілі: „Падпісвайцеся на часопіс АВС-детектив, першы ў СССР часопіс, прысвечаны дэтэктыўнаму жанру“. Мы сабралі 365 тысяч падпісчыкаў. За адзін дзень нашыя 200 тысяч ператварыліся ў 8 мільёнаў. Мы, адпаведна, вярнулі крэдыт, у адрозненне ад іншых, хто браў і не вяртаў. Мы разлічыліся з нашай дзяржавай. Больш ніколі ў фінансавыя гульні з дзяржаваю я не гуляў. Калі ёсць у фінансах рэчы небяспечныя, дык гэта браць дзяржаўныя крэдыты. Пачалася страшная інфляцыя, але мы паспелі купіць вагон паперы, і часопіс выдалі. Ёсць яшчэ адзін праект, вельмі дарагі для мяне і паказальны. Калі разваліўся Саюз, развалілася і прававая сістэма. Зніклі дзяржманаполіі. Напрыклад, на выданне картаў. Міраслаў скеміў, што зараз мы можам карты друкаваць. Нам мастак Чарновіч намаляваў узоры, і мы выдрукавалі 100 тысяч калодаў. Але папаліся вось на чым: калі з друкарняй заключалі дамову, не ўключылі туды пункт, што яны збяруць нам гэтыя калоды. Таму ў нас былі пачкі — шасцёркі асобна, сямёркі асобна... І мы наймалі людзей, якія складалі карты ў каробачкі. Гульні, адным словам. |
3. Амерыка, Амерыка, як мы цябе любілі Усё жыццё я хацеў займацца менавіта кнігамі. І час надышоў. Аднойчы мы сядзелі ў гасцях у аднаго эстонскага выдаўца, Сашы Токарава, і ён кажа: „Слухай, усе перакладаюць і перакладаюць амерыканскія раманы, але гэта няправільна. Іх трэба пісаць!“ Быў час закаханасці ў Амерыку. Прыйшлі іх каштоўнасці, іх кінематограф, прыйшлі іх грошы, даляр прыйшоў. Гэта грошы, якіх мы раней не ведалі, застрахаваныя ад інфляцыі. І з верай у даляр прыйшла вера ў амерыканскія каштоўнасці. Мы выбралі ў якасці спробы фільм „Кашмар на вуліцы Вязаў“. Эстонец пытаецца: „А што з правамі будзем рабіць?“ — „Калі Ван Гог малюе крэсла, ён жа не абавязаны плаціць чалавеку, які зрабіў гэтае крэсла“ — я так сказаў. І зараз у гэтым перакананы. Мы прыдумалі схему, як кінематаграфічны матэрыял ператвараць у матэрыял літаратурны. Каб справа ляцела, была створана літаратурная студыя. І за месяц мы панапісвалі дзесяткі кінараманаў, у серыі Бестселлеры Голливуда і Голливуд. Быў яшчэ адзін праект, цікавы не з боку літаратуры, а ў якасці гульні з часам і масавай тэлесвядомасцю. Гэта трохтомнік Твин-Пикс. Быў такі серыял Дэвіда Лінча, які паказвалі па адной серыі ў тыдзень. Увесь рускі народ раз на тыдзень сядаў і глядзеў дэтэктыў, каб нарэшце даведацца, хто забіў Лору Палмэр. І мы падумалі, што калі напісаць кнігу за тыдзень, аддрукаваць за тыдзень і на вокладцы напісаць, што мы ведаем, хто забіў Лору Палмэр — мы абгонім тэлевізійны час. За тыдзень напісаўся раман, дзе даваўся адказ чытачу са славянскім менталітэтам: Лору забіў мент, па-амерыканску шэрыф. Кніга мела такі поспех, што мы былі вымушаныя напісаць працяг, тым больш, што мы паспявалі, пакуль па тэлевізіі яшчэ ішоў серыял. У другім томіку ў нас таксама мелася рэалістычная канцоўка: Лору забіў бацька. У нас была кароткая японская відэаверсія гэтага серыялу, і мы ведалі, што яе забраў да сябе касмічны карлік. Але калі б мы сказалі расейскамоўным чытачам, што касмічны карузлік забраў Лору Палмэр, нас бы не зразумелі. Такім чынам, мы не проста выкарыстоўвалі тэлебачанне і відэа, а былі канкурэнтаздольнымі з імі. Санта-Барбара — яшчэ больш удалы праект: мы напісалі і выдалі 12 тамоў па матывах мыльнай оперы. У нас была свая сістэма, якую я называў „дрэва“. Вылучаўся адзін герой і звязаная з ім сюжэтная лінія. Узнаўляліся эпізоды з фільму, а потым пісаўся свой новы сюжэт. Але апагеем усёй эпапеі з бестселерамі Галівуда было 8 працягаў знакамітага раману „Знесеныя ветрам“. Я да тае пары ніколі не думаў, што ў ЗША існуе культ вобразаў Рэта Батлера і Скарлет і гэтага фільму ўвогуле... Калі мы пісалі, мы ведалі, што існуе працяг — раман „Скарлет“, і напісала яго не Мітчэл. Раман рабіўся на замову Тэда Торнэра і кампаніі CNN. Торнэр у свой час выкупіў у Галівуда правы і зрабіў каляровую версію фільму. І я падумаў, чаму б нам не напісаць працяг? Напісалі. І разгарэўся жудасны скандал. На ўзроўні пасольстваў, на ўзроўні газет International Herald Tribune і New York Times. Калі наклад „Батлера“ склаў 4,5 мільёны асобнікаў, мы зразумелі, што не мы адны такія разумныя, што і яшчэ хто-небудзь можа сесці нам на хвост. Вырашылі Скарлет і Батлера пахаваць. Прычым той, хто рыхтаваў тэкст, вельмі не хацеў іх хаваць, але я сваёй рукой напісаў: „Батлер умер“. А потым мы павярнулі час назад, і пасля смерці Скарлет і Батлера спакойна напісалі „Детство Скарлет“, „Мы назовём её Скарлет“, „Тайна Скарлет“... Але я ніколі не чакаў, што з боку амерыканцаў можа быць такая агрэсіўная рэакцыя. Яны надрукавалі вялізнае інтэрвію з малапрыемнымі каментарамі ў International Herald Tribune і New York Times з вялікай карыкатурай: Красная плошча, Крэмль, на прыступках сядзіць тоўстая-тоўстая цётка, чытае кнігу, а на вокладцы напісана „Браты Адамчыкі. Знесеныя ветрам“. Потым мне распавялі, што на кніжным кірмашы ў Франкфурце амерыканцы павесілі вялізны плакат „Не купляйце кнігі братоў Адамчыкаў“. Пра нас тэлекампанія СNN зняла фільм і паказала па 32 каналах. Фільм пра літаратурных піратаў. Яны даводзілі, што мы не мелі і не маем права браць мітчэлаўскія вобразы і выкарыстоўваць іх як літаратурны матэрыял. Але тут я рашуча адказаў, што калі вы чарапашак ніндзя называеце Леанарда, Мікеланджэла, Рафаэль і Данатэла, вы ў італьянцаў пытаецеся? Па-другое, заканадаўства Еўропы і Амерыкі па аўтарскіх правах вельмі розніцца. У Еўропе няма права на вобраз. У мяне ў фільме быў такі маналог, калі я задаваў пытанні амерыканскаму народу. Пытаўся: скажыце мне, каму ў ЗША належыць права на вобраз Ісуса Хрыста? Калі ў вас няма такога чалавека, значыць права на вобраз не існуе. І калі мы пісалі кнігі пра Скарлет, мы ніякіх правоў і ніякага заканадаўства, тым больш беларускага, не парушалі. Амерыканцаў, апроч таго, вельмі цікавіў яшчэ палітычны момант. Яны думалі, што я гэта зрабіў на загад КДБ. Бо ў іх ёсць 13 паўднёвых штатаў, якія хварэюць на такую арыгінальную хваробу, як сепаратызм. Рэт Батлер якраз і быў такім патрыётам Поўдня і сепаратыстам. І таму ў нашых раманах шукалі таго, чаго там не было. Яны думалі, што мы на загад КДБ стварылі кніжны праект, які судзейнічаў бы развалу ЗША. І наш Рэт Батлер імі ўспрымаўся некім накшталт імама Шаміля.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (10) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |