|
|
Адам Глобус Камэнтар
Вершы
1. СТОЛ
Зіма.
Стол, засланы цыратай.
На цыраце намаляваны яблык.
На яблыку ляжыць жывы яблык.
Разрэзаў яблык напалам,
Так што нават цыратавы яблык
Атрымаў сапраўдны шнар.
Надта ўжо хацеў зьесьці яблык.
Зіма.
2. РЭЧАВІК ЗЬ МЯСАРЭЗКАЙ
На батарэі сушыцца мясарэзка.
Сонца промнем разрэзала яе
На кавалкі.
3. РАНІЦА
Пад блакітным акном
На рудой падлозе
Стаіць чырвоная лава.
На лаўцы маленечкі рудзенькі зэдлік.
На ім, за вялікім сталом,
Сяджу я.
Гляджу ў печ, на агонь,
А потым павярнуся сьпінаю да печы
І пазіраю ў сінюю шыбу.
Шыба плача.
Адбітак агню ліжа сінія сьлёзы.
На чырвоным стале,
Засланым белай падрапанай цыратаю,
Ляжыць белы ручнік.
На ручніку — залатыя бліны.
4. ЛУЖЫНА
Лужына з аднаго вераб’я зрабіла два —
Адзін п’е ваду,
Другі — неба.
5. ДОМ І КОТ
Нерухомасьць архітэктуры
Парушыў мантаж
Дому з катом.
Па даху мякка ішоў кот.
Па даху ампірнага дому.
Было відаць:
Як бязгучна кот ставіў лапы.
Было відаць:
Поўную адсутнасьць гуку.
Карынцская капітэль
Зь лістамі акантаў,
Зь нерухомымі вірамі валют
Не зьвярнула на сябе ўвагу ката,
Як і бляшаны ўдаў вадасьцёчнае трубы.
Кот дайшоў да вільчыка,
Зьнік у шчыліну паміж дахам і небам,
На хвіліну пакінуўшы на небе
Чорны хвост.
6. ДАТЫ
9.2.1981 году. Тэлеграма:
ПАМЁР КАЗІМЕР КРОПКА ПРЫЯЖДЖАЙЦЕ КРОПКА
10.2.1981 году. Тэлеграма:
У РЭГІНЫ НАРАДЗІЎСЯ СЫН КРОПКА
Да сваіх візуальных статычных вершаў пачатку 80-х я стаўлюся скептычна і лічу патрэбным гэта адзначыць. Але калі вершык пачаткоўца неабходны ў якасьці камэнтару да творчасьці клясыка, ён варты згадкі.
|
|